Быць можа дзесьці вы чулі пра гэта,
А, можа, чыталі ў вершах паэта:
Ганка застрэшак, і птушкі гняздзечка,
І сельская школа над ціхаю рэчкай.
Школа - гэта дзіўны дом! Тут усё перамяшалася: дзяцінства і сталасць, юнацтва і рамантыка, мары і рэальнае жыццё. Школа…. Мая родная школа…. Гэтыя словы адклікаюцца светлым пачуццём у душы кожнага…. Школьны двор, светлыя класы, спісаная крэйдай дошка, страчаны дзесьці дзённік, першая закаханасць.
І зараз мы з вамі трохі перанясёмся назад і ўспомнім, як гэта адбывалася. Да 1975 года школа знаходзілася ў в. Гасцілаўцы. Будынак быў стары. Школа не ўмяшчала ўсіх вучняў. А іх у той час вучылася 450 чалавек. Даводзілася займацца ў дзве змены. Для малодшых класаў быў адкрыты філіял. Звычайная вясковая хата ў Гасцілаўцах. У класах вучылася ад 28 да 35 чалавек. Часам спіс вучняў не ўмяшчаўся на старонцы журнала. Дырэктарам школы была прызначана Якушава Марыя Пракопаўна.
І вось у 1975 годзе пачалося будаўніцтва новага будынка школы ў в. Малое Мажэйкава. Школа была пабудавана хутка, у 1976 годзе. І пачала называцца яна Маламажэйкаўская сярэдняя школа, дзе першым дырэктарам стаў Мамчыц Іосіф Іосіфавіч. А ў 1977 годзе быў першы выпуск 10 класа. Дзеці (а іх было 50 чалавек), як птушаняты, вырваліся з гнязда на волю. Вядома, нялёгка быць першаадкрывальнікам. Даводзілася шмат працаваць, каб школа ажыла. Той памятнай восенню 1976 года парог новабудоўлі пераступіла шмат таленавітых і яркіх педагогаў: Якушава М.П., Станкевіч З.Ф., Рышкевіч А.А., Швакель А.А., Шаўкова Г.І., Сакаева Л.А., Ашмяна А.М., Салыга А.Ф. і многія іншыя.
З 25 снежня 1978 года дырэктарам школы прызначаны Мароз Мікалай Іванавіч. За пяць гадоў, з 1977 па 1981 год сярэднюю адукацыю атрымалі 235 чалавек. Школу тады так проста і звалі - дзесяцігодка. Дзеці рупліва працавалі, атрымлівалі веды і паступалі без рэпетытарства ў вышэйшыя навучальныя ўстановы, тэхнікумы. Школа змянялася на вачах. Былі абсталяваны навучальныя кабінеты фізікі, геаграфіі, хіміі, нямецкай мовы. Гонарам школы стаў свой вакальна-інструментальны ансамбль, які працаваў пад кіраўніцтвам настаўніка спеваў Ашмяны Аркадзя Міхайлавіча.
У 1977 годзе на тэрыторыі школы быў пабудаваны інтэрнат на 50 месцаў. І дзеці з далёкіх вёсак маглі жыць з восені да вясны. Які гэта быў дзіўны час! У 1977 годзе былі адкрыты школьныя майстэрні, дзе дзеці асвойвалі сталярную і слясарную справу пад кіраўніцтвам настаўніка працы Макарэвіча Антона Васільевіча.
Піянерскія атрады, зборы. Колькі было хвалявання ў дзень прыёму ў акцябраты, піянеры, камсамол! Шматлікія паходы па родным краі, турыстычныя злёты, паездкі па ўсім Савецкім Саюзе: г. Ленінград, Масква, Вільня, Берасце, Кіеў, Трокі, Коўня, праводзіцца ваенна-спартовая гульня "Зарніца", старшакласнікі ўдзельнічаюць у зборы шышак на насенне, хваёвых пупышак, садзяць лес, збіраюць макулатуру, металалом.
Мікалаю Іванавічу прыйшлося кіраваць і ў няпростыя гады перабудовы і галоснасці, распаду СССР і стварэння СНД. У нашай школе былі скасаваны акцябрацкая, піянерская і камсамольская арганізацыі, не стала чырвоных гальштукаў, барабаннага бою, горна. Але нягледзячы ні на што, кожны год быў поўны радасцямі, надзеямі, узлётамі і перамогамі. А 17 лютага 2004 года рашэннем Лідскага раённага выканаўчага камітэта Маламажэйкаўская сярэдняя школа пераназвана ва ўстанову адукацыі "Мажэйкаўская агульнаадукацыйная сярэдняя школа".
Мароз Мікалай Іванавіч прапрацаваў у школе на пасадзе дырэктара 28 гадоў, з 1978 года па 2006. Мы ўпэўнены, што кожны жыхар нашай мясцовасці - малады і стары - ведае Мікалая Іванавіча, як дырэктара нашай школы. Ён - цэлая гісторыя гэтага дзіўнага храма навукі. Усе памятаюць яго ўрокі фізікі, а недзе, можа, урокі жыцця. Ёсць такое слова "падзвіжнік". У ім спалучаюцца два вельмі важныя паняцці: рух і подзвіг. Яны вось і выяўляюць сутнасць працы дырэктара школы. Бо менавіта ён вёў вучняў скрозь гады дзяцінства, юнацтва.
А з 6 студзеня 2006 года дырэктарам школы прызначаны Вашкевіч Іван Феліксавіч. Школа зведала змены. Стала 12-гадовай. А ў 2008 г. па рэформе зноў у краіне вярнуліся да 11-гадовай адукацыі.
Праз два гады, з 1 верасня 2008 года на чале школы - малады, энергічны, поўны запалу К адлубай Аляксандр Уладзіміравіч, які прапрацаваў на пасадзе дырэктара тры гады.
Дырэктарамі ўсе вы былі ў гэтай школе,
Не па чутках ведалі гэтую працу,
Глядзець у любых справах імкнуліся ў корань,
Іначай поспеху не дачакацца.
Не так лёгка дамагчыся павагі
Дзяцей, бацькоў, калегаў і начальства.
Надзейней за ўсё, з упартай адвагай,
З душой працаваць, і прыйдзе ўдача.
Справядліва сказана, што пісьменнік жыве ў сваіх творах, мастак - у карцінах, скульптар - у створаных ім скульптурах. А настаўнік - у думках і ўчынках вучняў.
Кажучы пра нашую школу, мы не можам не ўспомніць пра ветэранаў педагагічнай працы. Пра людзей, якія аддалі ўсё самае лепшае і светлае гэтай школе. Пра людзей, якія доўгія гады дзеляць з намі святы і будні. Пра людзей, якія стаяць ля самых вытокаў слаўнай гісторыі нашай школы. Станкевіч З.Ф. - намеснік дырэктара па навучальнай працы, Канюта І.В. - настаўнік пачатковых класаў, Капцэвіч Д.А. - настаўнік матэматыкі, Швакель А.А. - настаўнік хіміі і біялогіі, Дзмітрэвіч Л.В. - настаўнік матэматыкі, Рахатка Т.В. - настаўнік геаграфіі, Фіясь П.Н. - настаўнік фізкультуры, Рышкевіч А.А. - настаўнік геаграфіі, Ясюкевіч С.А. - настаўнік нямецкай мовы, Каплун А.І. - настаўнік беларускай мовы і літаратуры.
Сёння наша школа - гэта невялікі, дружны калектыў. Усяго 74 вучні атрымліваюць веды ў гэтым храме навукі. Па-хатняму цёпла і ўтульна ў класных пакоях. Створаны выдатныя ўмовы для развіцця дзяцей. І няхай школьніка зараз завуць навучэнцам, сутнасць засталася ранейшай - атрымаць веды і стаць чалавекам. А ўзначальвае школу вось ужо шосты год прафесіянал сваёй справы, ініцыятыўны кіраўнік - Новікава Наталля Мечыславаўна, якая заўсёды ідзе толькі наперад. З 2014 года намеснікам дырэктара па навучальнавыхаваўчай працы з'яўляецца Ткачук Таццяна Раманаўна.
На свеце шмат прафесій. Адны добра вядомыя, іншыя - менш. А вось з прафесіяй "настаўніка" кожны сустракаецца на сваім шляху. У большасці моў свету гэта слова ўтойвае глыбокі сэнс - настаўляць, вучыць. Услухайцеся: у рускай мове - учитель, у польскай - наўчыцель, у нямецкай - лейрер, у беларускай - настаўнік. Значыць, гэты чалавек не толькі вучыць, але і настаўляе на шлях праўды, выхоўвае лепшыя якасці: дабрыню, справядлівасць, спагадлівасць, працавітасць.
У нашай школе працуюць дасведчаныя педагогі: Каласоўская А.А., Мась А.М., Мароз Л.Р., Радкевіч Л.А., Сімончык Т.Н., Шмаро А.С., Адзінец А.Л., Мозгель Ж.С., Саўко М.Б., Ярмантовіч В.С., Філіповіч Н.В., Брылеўская М.Я., Булан Л.В., Мардакова В.Т., Лісоўскі І.А. Яны захоплены сваёй прафесіяй. За іх плячамі не адзін год руплівай працы. А гэта значыць, велізарны досвед і майстэрства, сотні вучняў, павага, адданасць сваёй справе.
Я лічу, што настаўнік - гэта пакліканне, а не проста прафесія. Каб стаць настаўнікам, трэба, як кажуць, валодаць дарам Божым. І ў нашай школе ёсць настаўніцкія дынастыі. Справу ўсяго жыцця завуча Станкевіч Зоі Фёдараўны працягнула яе дачка Новікава Наталля Мечыславаўна, настаўніцы Шаўковай Галіны Іосіфаўны - дачка, настаўніца пачатковых класаў Мозгель Жана Станіславаўна і сын Шаўкоў Аляксандр Станіслававіч - настаўнік працоўнага навучання СШ № 17 г. Ліды; у нашай школе працуюць былыя выпускнікі Шмаро Анжаліка Станіславаўна і Каласоўская Алена Аляксандраўна.
Сёння, кажучы пра калектыў школы, хочацца сказаць вялікі дзякуй людзям, якія сваёй сціплай, але неабходнай працай дапамагаюць берагчы храм навукі - нашу родную школу.
Заггасу - за рамонты і парадак,
За смачныя абеды - кухарам,
За чысціню тэхнічным работнікам,
За чысціню двара мы дворніку
Жадаем сказаць асобны дзякуй,
Бо школьны двор заўсёды так вымецены вамі.
Дзякуй за цярпенне, за вашу гіганцкую працу.
Як добра, што побач з намі
Яны да гэтай пары прадаўжаюць завіхацца.
Школа… Калі яе пакідаеш, яна яшчэ доўга будзе сніцца. Звычайна, сніцца тое, чаго бракуе ў жыцці. Калі пакідаеш родныя месцы, яны становяцца яшчэ мілейшымі, прыгажэйшымі. Радзіма, Беларусь, Мажэйкаўская зямля. Яркае сонца, блакітнае неба, дзіўная прырода, добрыя людзі. Усё тут сваё, роднае.
Гонар школы - яе вучні. А іх за 40 гадоў было нямала. Вядома, мы не можам назваць усіх пайменна, але некаторых успомнім. Скончылі школу з медалём: Зінькевіч Таццяна і Сяргеева Наталля, Капцэвіч Аксана, Волас Яўгенія, Сергеева Паліна, Каральчук Дзіяна, Трафімава Анастасія, Роўба Ліяна.
Ёсць і тыя, хто працягвае традыцыі Мажэйкаўскай СШ і выкладае ў вышэйшых навучальных установах: Пацук Марына, (БДУ), Самалётава Валянціна (БДЭУ), Трафімаў Аляксей (ГРДУ), Мароз Ілля (БДУ). Стала майстрам спорту - Пруд Ангеліна.
А старт у гэту светлую дарогу ім быў дадзены нашымі настаўнікамі. Мы ганарымся сваімі выпускнікамі.
2016 год абвешчаны Годам Культуры. Наша школа працуе ў цесным супрацоўніцтве з работнікамі творчых прафесій. Удзельнікі вакальна-інструментальнага ансамбля Шмаро Юры, Бачыла Ўладзімір - сёння музыкі. Музыка плыве ў іх выкананні і проста зачароўвае слухача. Працягнулі справы бацькоў Шмаро Аляксандр, Бачыла Дзіяна.
Сёння школа ганарыцца выпускніцай Палейчык Алёнай, якая брала ўдзел у 13 нацыянальным фэсце беларускай песні і паэзіі ў Маладзечна, у Фэсце - конкурсе "Новыя імёны ў Гародні", была ўдзельніцай адборачнага тура на 25-ым Міжнародным фэсце мастацтваў "Славянскі базар".
Мы ўпэўнены, што кожны з нашых выпускнікоў знайшоў сваё месца ў жыцці. І не важна, якую прафесію вы абралі, важней, кім вы сталі. Выпускнікі - гэта будучыня школы. І школа па праву можа вамі ганарыцца.
У лістападзе 2016 года школа адзначыла свой 40-гадовы юбілей. На імпрэзу сабралася шмат гасцей, якія прыехалі з розных куткоў Беларусі. Акрамя былых выпускнікоў і жыхароў аграгарадка, на юбілеі прысутнічаў начальнік Аддзела адукацыі, спорту і турызму Лідскага райвыканкама Кадлубай А.В., які сказаў шмат цёплых слоў на адрас настаўнікаў нашай школы. Многія з прысутных у зале не толькі маглі пачуць у гэты дзень свае прозвішчы, гістарычныя факты за 40 гадоў існавання школы, але і ўбачыць сябе на шматлікіх слайдах, якія паказваліся. За гэтыя гады 888 вучняў атрымалі пасведчанне пра агульную базавую аду кацыю, 740 - атэстаты пра агульную сярэднюю адукацыю.
На працягу ўрачыстай часткі сваімі выступамі гледачоў цешыў ансамбль "Каханачка", лашчылі слых песні ў выкананні настаўнікаў школы: Адзінец А.Л. і Філіповіча Н.В., з вітальнымі словамі звярталіся да сабраных былыя выпускнікі школы: Іода Ігар (першакласнік 1976 года), Юшкевіч Таццяна, Сергеева Аксана. Хацелася б выказаць словы падзякі тым, хто аказваў і аказвае нам фінансавую дапамогу. ЛРСУП "Мажэйкава" з'яўляецца нашым прадпрыемствам-шэфам, дзякуючы якому мы маем бясплатную гародніну, каб знізіць цану харчавання вучняў, набылі кампутар, тэлевізар, мэблю, забяспечваем запатрабаванні ўстановы ў канцылярскіх і гаспадарчых таварах.
Дзяцінства праімчалася, а школа засталася такой жа юнай і задорнай. І пакуль ёсць наша школа, мы з вамі заўсёды будзем маладымі, дзяўчынкамі і хлапчукамі з чыстымі, адкрытымі сэрцамі. Жыві, школа! З Днём нараджэння, школа!
Цяплей чалавеку ў жыцця перамолах,
У краі суровым цяплей ад таго,
Што дзесьці на свеце ёсць мілая школа,
Ёсць добрая школа яго.
І дзе б ты ні быў, што б ні рабіў,
Застаецца табе школа роднай.
Яе, як надзею, ты ў сабе не згубіў,
І хочаш павек быць яе годным.
Таццяна Раманаўна Ткачук намеснік дырэктара па навучальна-выхаваўчай працы.