25 ліпеня ў Лідзе прайшло Скарынаўскае свята, прымеркаванае да 20-годдзя ўстаноўкі ў горадзе помніка Францішку Скарыну. Тады 25 ліпеня 1993 года падчас працы 1-га з'езду беларусаў свету тут у Лідзе быў адкрыты першы манументальны помнік незалежнай Беларусі, помнік не цару-каралю, не палкаводцу, а менавіта першадрукару. У гэтага помніка ёсць канкрэтныя аўтары, і іх пакуль яшчэ ўсе памятаюць. Ідэя пастаноўкі помніка Ф. Скарыну ў Лідзе належыць старшыні моладзевай суполкі "Рунь" Марыі Саўкевіч (цяпер Марыя Мацко, дырэктар карціннай галерэі "Крыга" ў Гародні). Праводзіла ідэю ў жыццё Лідская гарадская арганізацыя ТБМ імя Францішка Скарыны, якую ў той час узначальваў Міхась Мельнік. Аўтар помніка скульптар Валяр'ян Янушкевіч, архітэктар Рычард Груша. Ну і, канешне, горад Ліда. Менавіта на горад (старшыня выканкаму ў той час - Уладзімір Малец) легла асноўная нагрузка і фінансавая, і арганізацыйная.
Пра ўсё гэта і гаварылася падчас свята, ініцыятарам якога выступала Лідская цэнтральная раённая бібліятэка імя Янкі Купалы (дырэктар Ірына Саўсян), але былі задзейнічаны многія ўстановы культуры горада.
Вітаў удзельнікаў свята намеснік старшыні Лідскага райвыканкама Віктар Пранюк.
Пранікнёную прамову ў падтрымку роднай беларускай мовы сказаў ксёндз лідскага Крыжаўзвіжанскага касцёла Вячаслаў.
Уся дзея з прыбылымі на свята Ефрасінняй Полацкай і самім Францікам Скарынам разгортвалася паводле сцэнару, распрацаванага супрацоўнікамі бібліятэкі Алесем Хітруном і Аленай Быстрыцкай. Вялі імпрэзу Юры Карпук і Алена Наваслаўская.
Згадваючы часы 20-гадовай даўніны Міхась Мельнік расказаў, якая палеміка ішла ў прэсе ў тыя часы, колькі ворагаў было ў помніка, хаця ворагі там былі не персанальна Скарыны, там былі ворагі ўсяго беларускага, любой праявы беларушчыны. Каму б помнік не ставілі, яны былі б супраць. Грошы збіраліся па ўсім горадзе, але толку ад доўгатэрміновага збору было мала, бо грошы тыя вельмі хутка абясцэньваліся. Але ж помнік ёсць.
Архітэктар помніка Рычард Груша расказаў, як за тыдзень да ўстаноўкі пры апрацоўцы ў Менску лопнуў камень-пастамент, і як прыйшлося на хаду ўсё мяняць, ехаць на Ўкраіну, купляць гранітныя пліты, везці ў Беларусь, заліваць бетонны маналіт і аздабляць плітамі ў апошнюю ноч перад адкрыццём.
Падчас свята іграў гурт сярэднявечнай музыкі "Скудрынка", выступалі лідскія паэты Марыя Масла, Пётр Макарэвіч, Тадэвуш Чарнавус, Алесь Мацулевіч, Станіслаў Суднік. Міхась Мельнік прачытаў вершы Алесі Бурак.
Вядомы лідскі бард Сяргей Чарняк пачаў свой выступ з песні на словы Францішка Багушэвіча "Малітва" (... каб я панам ніколі не быў...).
Прыемна, што ўсё свята было зладжана на мове Скарыны - на беларускай мове.