Да 140-годдзя з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Якуба Коласа
Тры адметныя асобы ў гісторыі беларускай літаратуры XX стагоддзя - Максім Багдановіч, Якуб Колас, Янка Купала. Так, гэта гонар нашай Беларусі. Бясспрэчна, паэт нараджаецца не аднойчы. Калі казаць, пра трох гэтых асоб, то Якуб Колас, Янка Купала стаяць ужо пасля Максіма Багдановіча. Пасля маладзейшага сына беларускай зямлі. І менавіта ў 2021 годзе мы адзначылі 130 год з дня яго нараджэння. А ў 2022 годзе эстафету ён перадаў сваім, старэйшым, якім споўніліся 140-я гадавіны з дня народзінаў.
У біяграфіі Янкі Купалы і Якуба Коласа, як вядома сустракаюцца многія гарады Беларусі, знайшлося месца і гораду Ліда і яго бліжэйшым населеным пунктам.
Зазначу, што Янка Купала бываў у Лідзе толькі раз. Песняра народных дум высока адзначылі лідчане ў 1940 годзе. Яго абралі дэпутатам Вярхоўнага савета БССР па Лідскай-Слабадской акрузе № 306. Класік быў у Лідзе тры дні - 13, 14, 15 сакавіка 1940 года. Ён дапамог папоўніць кніжны фонд гарадской бібліятэкі, і што цікава, яго кніга "Над ракой Арэсай" стала першай беларускамоўнай кнігай у гэтай жа бібліятэцы на той час! Больш Купала не выбіраўся ў дэпутаты, у гэтым званні ён і пакінуў зямны свет. (Пра прыезд Янкі Купалы можна пачытаць матэрыял навуковага супрацоўніка Лідскага гісторыка-мастацкага музея Алеся Хітруна "Янка Купала і Лідчына" на сайце музея ў раздзеле "Навукова-даследчая дзейнасць").
А вось Якуб Колас у перыяд з 1946 па 1956 год не раз выбіраўся дэпутатам у Вярхоўны Савет СССР ад Наваградскай выбарчай акругі і сюды ён наведваўся для правядзення перадвыбарных сустрэч, а таксама ўжо як дэпутат Вярхоўнага Савета СССР. Наваградак - гэта ж горад, які размяшчаецца на недалёкай адлегласці ад горада Ліды! У 1939 годзе ў Наваградскі раён былі ўключаны Бярозаўка і некалькі занёманскіх лідскіх вёсак. А горад Бярозаўка і да гэтага часу традыцыйна ўключаецца ў Наваградскую выбарчую акругу.
Аўтар "Сымона-музыкі" быў у 1946, 1950, 1954 гадах у Бярозаўцы, сустракаўся з выбаршчыкамі, наведаў шклозавод "Нёман", выступаў перад рабочымі. Падрабязна пра наваградскія землі, якія трывала ўвайшлі ў біяграфію народнага паэта Беларусі Якуба Коласа падрыхтаваны матэрыял "Якуб Колас і Навагрудчына" (інтэрнэт-спасылка navagrudak.blogspot.ru) яшчэ ў недалёкім мінулым навуковым супрацоўнікам Наваградскага гістарычна-краязнаўчага музея Галінай Кавальчук.
"Жыццё народнага паэта Беларусі Якуба Коласа доўгі час было звязана з навагрудскай зямлёй. У перыяд з 1946 па 1956 год ён не раз выбіраўся дэпутатам у Савет Саюза Вярхоўнага Савета СССР ад Навагрудскай выбарчай акругі. Сюды ён наведваўся для правядзення перадвыбарных сустрэч, а таксама ўжо як дэпутат Вярхоўнага Савета СССР. Гэтую зямлю ён любіў і шанаваў як радзіму вялікага польскага паэта Адама Міцкевіча.
Упершыню Якуб Колас пабываў у Навагрудку яшчэ ў канцы 1940 года, у складзе рэспубліканскай камісіі па правядзенні мерапрыемстваў, звязаных з 85-годдзем са дня смерці Адама Міцкевіча. Разам з Я. Купалам, П. Броўкам, Я. Бранеўскай і іншымі дзеячамі беларускай культуры Якуб Колас наведаў Навагрудак, пабываў у Доме-музеі Адама Міцкевіча.
Ужо пасля вайны, у студзені 1946 года Якуб Колас упершыню быў вылучаны кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага Савета СССР па Навагрудскай выбарчай акрузе і ў суправаджэнні Пятра Глебкі накіраваўся ў перадвыбарную паездку па Навагрудчыне. Тут Якуб Колас сустрэўся з калектывам шклозавода "Нёман". "Выбаршчыкі шчыра і цёпла віталі гасцей, задавалі шмат пытанняў, была жывая гутарка з прысутнымі. Потым вярнуліся ў Навагрудак, дзе правялі другую сустрэчу. На яе прыйшлі многія жыхары горада. Якуб Колас выступіў з прамовай, гаварыў пра адбудову краіны, пра надзённыя клопаты". Пасля афіцыйнай часткі сустрэчы Якуб Колас размаўляў з жыхарамі Навагрудка, раздаваў аўтографы. У Навагрудскім гістарычна-краязнаўчым музеі ёсць кніга Якуба Коласа "Сымон Музыка", якую ён падарыў пачынаючаму тады Навагрудскаму паэту Самсону Пярловічу падчас адной з такіх сустрэч у 1946 годзе. У гэты прыезд на Навагрудчыну Якуб Колас наведаў таксама мястэчка Любчу, пабываў у Карэлічах, Гарадзішчы, Баранавічах, на возеры Свіцязь. Пасля гэтай паездкі, у "Літаратурнай" газеце быў надрукаваны артыкул "В родных местах", у якім Якуб Колас апісвае сустрэчу ў мястэчку Гарадзішча з партызанамі, атрад якіх насіў яго імя. Пасля гэтай перадвыбарнай паездкі Якуб Колас зрабіў запіс у дзённіку 29 студзеня: "Усюды, дзе ні былі, сустракалі нас шчыра, гасцінна, прыязна".
Аб уражаннях Якуба Коласа ад возера Свіцязь успамінаў пісьменнік Яфім Садоўскі: "Дарогу Колас, па яго асабістым прызнанні, любіў. Яна быццам акрыляла, надавала моцы. А ў апошнія гады паэт пры найменшай магчымасці ездзіў па любімых мясцінах, дзе ведаў кожную сцяжынку. Возера Свіцязь Колас называў самым прыгожым у Беларусі, і калі яно не ляжала на шляху, а знаходзілася ўбаку, то вадзіцель збочваў, каб наведаць гэты цуд беларускай прыроды. ... Пешшу па свежай сцяжынцы падышлі да зімовага возера. Канстанцін Міхайлавіч доўга моўчкі на беразе стаяў, потым прыгадаў 1940 год, калі яму патрабавалася першы раз прыехаць у Навагрудак на першае паседжанне рэспубліканскай камісіі па правядзенні 85-годдзя з дня смерці вялікага польскага паэта Адама Міцкевіча".
У гэтых мясцінах паэт гутарыў з людзьмі розных прафесій і ўзростаў, чытаў вершы, быў для мясцовых насельнікаў жаданым і дарагім госцем. "Да глыбіні душы, - успамінаў Колас, - усхвалявала мяне сустрэча ў мястэчку Гарадзішча з партызанамі, чый атрад у гады Вялікай Айчыннай вайны насіў маё сціплае імя".
У лютым 1950 года Якуб Колас зноў зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага Савета СССР па Навагрудскай выбарчай акрузе. Газета "Звязда" ад 21 лютага 1950 года ў рубрыцы "Рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты" паведамляла аб рэгістрацыі кандыдытам у дэпутаты Савета Саюза ад Навагрудскай выбарчай акругі Міцкевіча Канстанціна Міхайлавіча (Якуба Коласа), 1882 года нараджэння, пражываючага ў горадзе Мінску, члена ВКП(б), народнага паэта Беларусі, віцэ-прэзідэнта Акадэміі навук БССР. У камісію па выбарах у Савет Саюза Вярхоўнага Савета СССР паступілі пратаколы перадвыбарчых агульных сходаў рабочых, інжынерна-тэхнічных работнікаў і служачых шклозавода "Нёман", выкладчыкаў і студэнтаў Навагрудскага педвучылішча аб вылучэнні кандыдатам у дэпутаты Савета Саюза Канстанціна Міхайлавіча Міцкевіча (Якуба Коласа), а таксама заява, у якой ён дае згоду балатыравацца па Навагрудскай выбарчай акрузе. У канцы лютага-пачатку сакавіка, Якуб Колас пачаў праводзіць сустрэчы з выбаршчыкамі Навагрудскай акругі. У гэтай паездцы Якуба Коласа суправаджаў, як давераная асоба, Максім Лужанін, які расказваў аб жыццёвым і творчым шляху кандыдата ў дэпутаты, аб яго грамадскай дзейнасці. Сустрэчы з выбаршчыкамі праходзілі на шклозаводзе "Нёман", у Навагрудку. "З'яўленне на трыбуне класіка беларускай літаратуры было сустрэта бурнай авацыяй прысутных. Усе стоячы горача віталі любімага песняра. "Дарагія таварышы выбаршчыкі, - звярнуўся Якуб Колас, - дазвольце сказаць вам вялікі дзякуй за аказаны давер. Я рады бачыць вас, браты і сёстры, людзей, якія мужна змагаліся з гітлераўскімі акупантамі і сёння сваімі рукамі залечваюць раны, нанесеныя лютай вайной. Будзем жа ўсімі сіламі ўмацоўваць нашае жыццё, будзем змагацца за трывалы мір ва ўсім свеце". Пасля выступлення адбыўся канцэрт мастацкай самадзейнасці, дзе гучалі песні на словы паэта.
2 сакавіка 1950 года Якуб Колас зноў абіраецца дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР па Навагрудскай выбарчай акрузе.
У лютым 1954 года Я. Колас у трэці раз вылучаны кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага Савета СССР па Навагрудскай выбарчай акрузе № 549. 3 сакавіка 1954 года пачалася чарговая перадвыбарная паездка Якуба Коласа па Навагрудчыне. Якуб Колас зноў сустракаўся са сваімі выбаршчыкамі, пабываў на Нёмане, возеры Свіцязь. Былы настаўнік Валеўскай сярэдняй школы Уладзімір Урбановіч успамінаў: "Многія помняць гэтыя сустрэчы. Помню іх і я. Звычайна народны паэт, падняўшыся на трыбуну, адкладваў убок акуляры, адсоўваў лісткі напісанай прамовы і пачынаў проста і шчыра гутарыць з народам. У яго прамове не было адточаных, траскатлівых выразаў, прамоўніцкіх жэстаў. Ён проста гутарыў, раіўся са сваімі выбаршчыкамі так, як гэта робяць у дружнай і шчырай сям'і. Пасля афіцыйнага сходу кандыдат у дэпутаты звычайна яшчэ доўга заставаўся ў зале, гутарыў з тым, хто да яго звяртаўся. Я бачыў усё - гэта быў не проста давер, а выражэнне народнай любві да свайго духоўнага настаўніка".
14 сакавіка 1954 года адбыліся выбары і Якуб Колас быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР.
Навагрудская зямля заўсёды прыцягвала пісьменніка сваёй старажытнай гісторыяй і непаўторнай прыгажосцю. Якуб Колас высока цаніў творчасць вялікага польскага паэта Адама Міцкевіча. Ён быў знаёмы з паэмамі і вершамі паэта яшчэ з дзяцінства. Леў Мірачыцкі ў артыкуле "Якуб Колас і польская культура" піша: "Патрыятычная творчасць Адама Міцкевіча рабіла ўплыў на ўсе краёвыя літаратурныя таленты. Невялікі графічны партрэт польскага паэта работы навагрудскага мастака Казіміра Мардасевіча распаўсюджваўся ў шматлікіх копіях мясцовых рысавальшчыкаў. Па сямейным паданні такі партрэт у рамцы з пазалочанай абводкай вісеў на сцяне і ў бацькоўскай хаце будучага беларускага паэта. Знамянальна таксама і тое, што яго падаравала Кастусю Міцкевічу хросная маці "пані Аксеня", жонка работніка лясніцтва. Як дарагую рэліквію ў сям'і захоўвалі томік "Балад і рамансаў" польскага паэта". Ужо будучы вядомым паэтам Якуб Колас не раз звяртаўся да творчасці Адама Міцкевіча. У артыкуле "Светлыя старонкі дружбы", надрукаваным у "ЛіМ"е ў лістападзе 1955 года да 100 годдзя з дня смерці Адама Міцкевіча Якуб Колас разглядае творчы шлях паэта, яго месца ў польскай літаратуры, вызначае характэрныя рысы яго творчасці, вялікую ролю мастацкай спадчыны выдатнага польскага паэта для сучаснасці, сусветнае значэнне яго паэзіі.
29 лістапада 1955 года Якуб Колас уступнай прамоваю адкрывае вечар, прысвечаны 100-годдзю з дня смерці А.Міцкевіча ў якой гаворыць аб тым, што імя Адама Міцкевіча з'яўляецца нацыянальным гонарам, што ў яго натхнёных творах знайшлі адлюстраванне перадавыя ідэі свайго часу.
У часопісе "Беларусь" № 11 за 1955 год быў надрукаваны артыкул "Вялікі друг народа", у якім Я. Колас гаворыць аб вялікай любові польскага паэта да сваёй радзімы, пра беларускую прыроду, якая натхняла музу польскага паэта, разглядае народнасць як вызначальную рысу творчасці Міцкевіча. "Народнасць паэзіі Міцкевіча, глыбіня пранікнення паэта ў душу народа, веданне яго дум і спадзяванняў, вуснай творчасці, побыту, прыроды - сапраўды здзіўляе" - піша Я. Колас ў сваім артыкуле.
Сёння, успамінаючы мінулыя гады, навагрудчане могуць ганарыцца, што з нашым горадам быў звязаны лёс вялікага паэта нашай Бацькаўшчыны. Яшчэ сёння у Навагрудку памятаюць аб сустрэчах з народным паэтам Беларусі Якубам Коласам, які па-сапраўднаму клапаціўся пра надзённыя праблемы сваіх выбаршчыкаў. У Навагрудку на перакрыжаванні вуліц Адама Міцкевіча і Віктара Валчэцкага, побач з аўтавакзалам стаіць бюст Якубу Коласу - народнаму паэту Беларусі. Гэты помнік быў пастаўлены ў знак асобай павагі навагрудчан да народнага песняра.
Літаратура:
1. Жыгоцкі М.Р. Сэрца пакідаю вам: Па Коласаўскіх мясцінах. - Мн.: Полымя, 1993.
2. Мірачыцкі Л.П. Якуб Колас і польская культура./ Каласавіны. Тэзісы дакладаў і паведамленняў навуковай канферэнцыі, прысвечанай 105-й гадавіне з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Якуба Коласа.
3. Мушынскі М.І. Якуб Колас: Летапіс жыцця і творчасці. - Мн.: Маст. літ., 1982.
4. Урбановіч У. Якуб Колас і Навагрудчына. Новае жыццё №№138-140 / 1989.
5. Часопіс "Полымя" №12 / 1955
6. Часопіс "Беларусь" №11/ 1955"
У тыя ж гады ён наведваўся і ў бліжэйшы ад Ліды горад Дзятлава. Аб гэтым піша краязнавец Міхаіл Лук'янчык у матэрыяле "Якуб Колас у Дзятлаве":
"Згодна з Канстытуцыяй БССР ад 1937 года ў склад Вярхоўнага Савета БССР патрэбна было выбраць аднаго дэпутата ад 20 тысяч выбаршчыкаў. Выбаршчыкі Дзятлава і навакольных вёсак у 1954 годзе ўваходзілі ў склад Навагрудскай выбарчай акругі. У Вярхоўны Савет СССР выбары адбыліся 14 сакавіка 1954 года. Выбары ў Вярхоўны Савет БССР былі прызначаны на канец года".
"Восенню 1954 года ў пасёлак Дзятлава прыехаў кандыдат у дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч, больш вядомы як Якуб Колас. Разам з ім быў яго сябар, беларускі паэт Максім Лужанін. Сустрэча была прызначана ў памяшканні Дзятлаўскага дома культуры, які размяшчаўся па вуліцы Чырвонаармейскай. Перад сустрэчай з выбаршчыкамі Якуб Колас у суправаджэнні прадстаўнікоў раёна пехатою абышоў ваколіцы Дзятлава. Ён адзначаў, что на палях вельмі шмат камення,"- успамінае сведка той сустрэчы, ветэран педагагічнай працы Валуевіч Аляксандр Аляксандравіч. Затым кіраўнікі раёна і прадстаўнікі грамадскасці накіраваліся на сустрэчу з Якубам Коласам. Ад выбаршчыкаў даручана было выступіць Валуевічу А.А. з прамовай на 5-7 хвілін. Выступленне яго было праверана супрацоўнікамі аддзела агітацыі і прапаганды райкама партыі. Ён успамінае, што першым выступіў сакратар райкама Нікіценка. У сваёй прамове выступоўца спыніўся на вытворчых дасягненнях раёна. Затым выступіў Валуевіч А.А. Сваё выступленне ён скончыў словамі з верша "Мой родны кут, як ты мне мілы…". Выступіў з прамоваю і Якуб Колас, які расказваў пра развіццё БССР і адзначыў дасягненні нашых працаўнікоў.
Запомнілася Валуевічу А.А., што сказаў Я. Колас пра Дзятлаўскі раён: "Бедны ваш раён, бедны, але вы сваімі рукамі і розумам станеце багатымі".
Пасля ўдзельнікі сустрэчы сфатаграфаваліся на памяць разам з Якубам Коласам, а ў зале аддзела міліцыі адбыўся святочны прыём.
Пасля смерці Якуба Коласа, у жніўні 1956 года, Адзін з экзэмпляраў фотаздымка сустрэчы знаходзіцца ў сямейным альбоме Несцярэўскага Мікалая Лаўрэнцьевіча, вядомага мастака-кераміста. Ён тады працаваў інструктарам Дзятлаўскага раённага дома культуры. Дзякуючы гэтаму фотаздымку і была ў 2013 годзе напісана карціна "Якуб Колас у Дзятлаве".
Сёння яна знаходзіцца ў фондах Дзятлаўскага гістарычна-краязнаўчага музея і часта экспануецца на выставах. Наведвальнікі музея могуць убачыць на карціне постаці народнага паэта БССР Якуба Коласа, Уладзіміра Мацюка, разьбяра па дрэве, які працаваў тады ў Доме культуры, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Марыі Ілюшанка, сакратароў райкама Нікіценкі і Болазева, інструктара райкама Кавальчука, інструктараў Дома культуры Несцярэўскага Мікалая і Хацяневіча Леаніда, сястру мастака Несцярэўскага Вольгу Сідар і іншых.
Адна асоба, якая злучае дзве постаці беларускай літаратуры - Янку Купалу і Якуба Коласа і якая мела дачыненне да іх творчай дзейнасці, з'яўляецца заходне-беларускі паэт Валянцін Таўлай. Так, менавіта ён. Той, які пакінуў значны след у гісторыі рэгіянальнай (лідскай) беларускай літаратуры. З Ліды ён выйшаў паэтам у свае 7 гадоў… З Янкам Купалам Валянцін Таўлай быў знаёмы, калі вучыўся ў Менску на літаратурных курсах БДУ ў 1933 годзе, а таксама ён жа быў адказным за яго прыезд у Ліду на сустрэчу з лідзянамі. І нарэшце, Таўлай напрыканцы свайго жыцця працаваў у літаратурным музеі Янкі Купалы, у якім даследаваў жыццё і творчасць народнага паэта, збіраў архіўныя матэрыялы, быў намеснікам дырэктара музея, у жонкі песняра Уладзіславы Луцэвіч.
Пасля Вялікай Айчыннай вайны, жывучы ў Менску, В. Таўлай меў месца жыхарства каля Нацыянальнай акадэміі навук у зялёных салдацкіх бараках, непадалёку ад якіх, за вялікім плотам, жыў Якуб Колас, з якім, бясспрэчна, сустракаўся, меў гутаркі.
Не лішнім будзе, калі прыгадаецца і ўспамін Янкі Брыля.
"Для зборніка беларускай сучаснай паэзіі, які мы складалі ў канцы сорак пятага года ўдвух з Валянцінам Таўлаем, патрэбны былі новыя вершы нашага патрыярха (Якуба Коласа). Ён жыў ужо ў сваім новым доміку побач з Акадэміяй Навук… У параўнанні са мной Валянцін быў старажылам ў літаратуры, аднак і ён пайшоў па вершы да суседа не адзін, а папрасіў пасярэдніцтва ў П. Глебкі.
Студзёны лістападаўскі вечар. Мы ішлі паміж рэдкімі, працярэбленымі вайною соснамі на святло ў Коласавым акне, і Таўлай, чалавек не вельмі моцны ў гаспадарчых справах, па-свойму ціха і наіўна скардзіўся, што вось зіма пачалася, а дроў, браток Пятро Фёдаравіч, яшчэ няма.
- А піла ў цябе ёсць?
- Ёсць нейкая, браток.
- Што ж, дык давай вось утрох сасну павалім. Завалачом, парэжам.
- Ха!..
- А назаўтра стары (так паміж сабой паэты звалі Якуба Коласа - А.Х.) мне ж першаму і пазвоніць: "Пятрок, нехта, брат, сасонку спусціў. І яшчэ, свіння, пад самымі вокнамі!.. Трэба ўзяць панятых: след павёў да Таўлая…".
І мы, спыніўшыся, рагаталі тым смачным, здаровым смехам, які прыходзіць нячаста.
Аднак, нягледзячы на ўсю яго такую прастату, я на той раз падышоў са старэйшымі таварышамі толькі да брамкі ў высокім плоце, а потым вырашыў, што мне, можа, лепш пачакаць у Валянцінавай хаце".
Аб гэтым нават узгадвала сястра В.Таўлая Ніна: "Калі Валянцін атрымаў пакойчык у бараку, мы ўсе пераехалі з Навагрудка ў Мінск… Барак, куды мы пераехалі, знаходзіўся на акраіне парку Чалюскінцаў у Мінску недалёка ад Акадэміі Навук БССР. Праз дарожку ад нас быў дом, у якім жыў Якуб Колас. Ён любіў на ранку бегаць па сцежцы, абсаджанай акацыямі, побач з баракам. З другога боку праз невялікі пустыр знаходзілася клініка…" (з успамінаў Ніны Паўлаўны Таўлай-Радзюкевіч "Раны сэрца майго", якія змешчаны ў літаратурна-мастацкім зборніку "Ад лідскіх муроў" у № 9 за 2016-2019 гг.).
Дык вось, у фондах Дома Валянціна Таўлая Лідскага гістарычна-мастацкага музея захоўваецца "Асабістая справа" старшага навуковага супрацоўніка Таўлая Валянціна Паўлавіча. У ёй змешчаны ўласнаручны запіс паэта ў рубрыцы "Хатні адрас", дзе пазначаны адрас яго пражывання. Гэта "г. Мінск, вул. Пушкіна, 56". Такі ж адрас быў і ў Якуба Коласа. Яны былі суседзі.
У Доме Валянціна Таўлая Лідскага гістарычна-мастацкага музея захоўваецца прыжыццёвае выданне народнага паэта Беларусі Якуба Коласа, якое ў наступным, 2023 годзе адзначыць 105-гадовы юбілей з дня яе напісання (1918 г.). Гэта кніга - паэма "Сымон-музыка". Выдадзена Віленскім выдавецтвам таварыства "Пагоня" ў 1928 годзе ў друкарні імя Скарыны, якая размяшчалася па адрасе: Людвісарская, 1.
Адзін з паасобнікаў кнігі "Сымон-музыка" захоўваўся ў найстарэйшага краязнаўцы Лідчыны (вёска Сялец) Мікалая Мікалаевіча Дзікевіча.
Яго ён перадаў у фонды Лідскага гістарычна-мастацкага музея. Трэба зазначыць, што паасобнік кнігі "У глыбі Палесься" Тараса Гушчы (Якуба Коласа) таксама з сямейнага архіва М.М. Дзікевіча, які ў тым ліку быў перададзены ў фонды музея. Аб тым, як кніга "Сымон-музыка" трапіла яму і не толькі, ён падзяліўся ўспамінамі, змешчанымі ў "Лідскай газеце" за 05.10.2017 год у матэрыяле "Мікалай Дзікевіч: "Як я навучыўся чытаць і палюбіў беларускую мову"":
"…Маёй першай чытанкай на рускай мове была кніжачка казак у фармаце алфавіта. Я не ведаў літар рускага алфавіта і прачытаць не мог - толькі разглядаў прыгожыя малюнкі на глянцавай паперы.
У дзяцінстве ў нашай хаце гучала беларуская мова. Мама наведвала школу няпоўны год, а распісацца пры атрыманні пенсіі магла толькі крыжыкамі. Мы з братамі Ціханам і Санем навучылі яе распісвацца, але ўжо польскімі літарамі. Размаўляла яна вельмі добра. З маленства ад бацькоў мной быў набыты навык размовы на роднай мове.
Старэйшы брат Ціхан часта гасцяваў у бабулі Агаты і дзядулі Міхаіла, у цёткі Ядвісі і дзядзькі Валодзі. Паўсюдна чулася матчына мова.
Як трапляла беларуская літаратура ў Сялец? Невядома. Магчыма, яе прывозілі з Ліды. Аднак, добра памятаю аповеды мамы і брата Ціхана, як дзядзька Мікалай апранаў якаснае паліто з унутранымі кішэнямі, капялюш, браў модную палку і ездзіў у Вільню. Рызыкаваў, але прывозіў агітацыйныя ўлёткі. Напэўна, так да нас трапіла і паэма "Сымон-музыка" Якуба Коласа. Яна была прывезена з Ліды, а надрукавана ў 1928 годзе ў Вільні (перашапачаткова - у 1925 годзе ў Мінску).
Цяга да ведаў у маіх братоў была вялікай. Брат Ціхан пазней нават рашаў сыну квадратныя ўраўненні, папярэдне прачытаўшы тэорыю ў падручніку. Я пераняў у іх гэты навык чытання. Восенню 1937 года з бабуляй, на цёплай печы, пры пяцілінейнай лямпе, пачынаў "бэкаць" паэму "Сымон-музыка". Бабуля слухала ды казала: "Унуча, якая прыгожая і зразумелая мова! Чытай болей!" Напэўна, гэтыя словы былі для мяне не горш за цяперашнія настаўніцкія адзнакі.
Гучанне ў дзяцінстве роднай мовы ў хатнім асяроддзі, наведванне вясковай самадзейнасці, з'яўленне згаданай абшарпанай кніжкі, яе чытанне вызначылі накірунак майго жыцця…"
Трапіла гэтае ўнікальнае выданне ў фонды музея яшчэ і раней, у жніўні 1956 года, але яшчэ ад аднаго жыхара нашага горада - спадара Анацкі.
Крышку падрабязней пра гэтую кнігу.
Гэтае кранальнае выданне захоўваецца ў музеі пад нумарам 11. Знешні выгляд кнігі ўжо за сябе можа распавесці свой шлях выкарыстання. Названае выданне ўнутры не аздоблена малюнкамі, ні выявамі, калі не казаць пра знешнасць - вокладку з партрэтам аўтара Якуба Коласа і герба віленскага выдавецтва "Пагоня". На пажоўклых старонках можна заўважыць "сляды" чытачоў, што яшчэ раз даказвае аб тагачаснай яе папулярнасці. Але ўжо сам чытач-карыстальнік, як і сама кніга, увекавечыліся на старонках гэтага асобніка сваімі "аўтографамі" аздобіўшы рознымі завіткамі, кружочкамі, малюнкамі.
Крыху пра кампазіцыйную будову кнігі. Ёсць устаўны ліст "Галаўнейшыя друкарскія памылкі", на якім пазначаны карэктарскія абдрукоўкі на той ці іншай старонцы, радку, выпраўленне названай памылкі. Выданне складаецца з 212 старонак, кожная глава ці частка пачынаецца з новай старонкі. Канешне, у наш час правапіс зменены, унармаваны. А ў той час, калі пісалася паэма, дзейнічаў іншы правапіс - граматыка Тарашкевіча, словы мелі змякчаны варыянт, з мяккім знакам, існавалі і іншыя асаблівасці. Гэта заўважаецца ў нашым творы. Нават сама вокладка адлюстроўвае тагачасныя правілы беларускай мовы: назва твора "Сымон-музыка" напісана не праз злучок, а слова "Паэма" напісана праз "о". Пазней, канешне, твор быў перагледжаны і перапісаны ўжо па новых правілах беларускай літаратурнай мовы.
Крыху гісторыі пра напісанне паэмы. Твор пісаўся на працягу 14 гадоў. Калі Якуб Колас апынуўся за кратамі Менскага астрога за ўдзел у нелегальным настаўніцкім з'ездзе (9 ліпеня 1906 года свядомыя беларускія настаўнікі сабраліся на яго радзіме, каб паразважаць пра лёс беларускай мовы і і школы, нацыі, а іх вывіжавалі і зняволілі ахоўнікі тагачаснага рэжыму), а гэта былі 1908-1911 гады, пісьменнік не адмовіўся ад сваіх перакананняў і задумаў напісаць вялікія эпічныя творы, пачаў працаваць над паэмамі "Новая зямля" і "Сымон-музыка". У 1911 годзе і нарадзілася 1-ая частка паэмы, у 1912 годзе - 2-ая частка, 3-ая і 4-ая - у канцы 1917 года, а апошняя, 5-ая, у 1918 годзе. У часопісах "Вольная Беларусь" і "Вольны сцяг" паэма была змешчана па частках. Аднак, восенню, 1923 года Якуб Колас паспрабаваў пераасэнсаваць, пераапрацаваць паэму. У чэрвені 1924 года Коласу, па рашэнні тагачаснай навуковай камісіі паспрыяла з'ездзіць у Кіславодск на папраўку здароўя, дзе адбывае каля месяца. Тут, у спрыяльных умовах шчыра захапляецца над працай - другой рэдакцыяй паэмы. 8 ліпеня ў лісце да жонкі Марыі Дзмітрыеўны, Колас шчыра радуецца: "Учора я… закончыў "Сымона-музыку", і, здаецца, закончыў някепска". І праз тыдзень, не маючы ўжо цікавасці да курортных даброт, ён імкнецца дадому, да любімай навуковай працы. Але на станцыі Ціхарэцкая праз адчыненае акно з перона крукам сцягваюць ягоную валізу, дзе знаходзіўся і рукапіс другой рэдакцыі паэмы "Сымон-музыка"… На ягоную скаргу з Растова-на-Доне яго суцешылі, што "частка рэчаў і ў тым ліку і рукапіс знойдзены" (факт, дакументальна засведчаны), ды… нічога яму не было вернута. У лісце даўняму сябру, у якога ў Растове-на-Доне гасцяваў перад гэтым, ён папрасіў таксама аб вышуку згубленага твора: "Паэма перароблена, а ў мяне ніякіх слядоў ад яе не засталося… Рукапіс гэты выбіў мяне з сядла, дык парупся, браток". Ні чарнавіка, ні паперчыны так і не знайшлося з гэтай чарговай працы. І па сёння невядома: ён стаўся здабычай вакзальнага зладзюгана альбо прадумана быў выкрадзены і знішчаны? У жніўні пераадолеўшы засмучэнні, Колас пачынае трэці раз увасабляць задуму "Сымона-музыкі". Пераглядае па-новаму першую рэдакцыю паэмы (1911-1918), дзве трэці тэксту піша наноў. І ў чэрвені 1925-га з-пад пяра паэта ўсё ж такі выходзіць 3-ці варыянт гэтай паэмы. А ў ліпені-жніўні твор выходзіць у свет у часопісе "Полымя рэвалюцыі". Трэба зазначыць, што першы варыянт быў перагледжаны цэнзурай, шмат было выкраслена, зменена. Гэта давялося перажыць і трэцяму варыянту паэмы, які апошнім часам захоўваўся ў арыгінале ў малодшага сына пісьменніка Міхася Канстанцінавіча Міцкевіча: каля 1500 розных выняткаў (!), антыаўтарскіх паправак і змен!
Аб чым паэма? Найперш раскрываецца тэма ролі мастацтва ў жыцці народа, вобраз таленавітага музыкі як носьбіта мастацтва, якое знаходзілася ў той час у цяжкім становішчы, адлюстроўваецца роздум пісьменніка над гістарычным лёсам беларускага народа і лёсам нацыянальнага мастацтва. Сам твор быў напісаны пад уражаннем апавядання жабрака, якое чуў пісьменнік у час вучобы ў семінарыі пра таленавітага хлопчыка, шмат выкарыстана сюжэтаў і ідэй з вуснай народнай творчасці, з карэла-фінскага эпасу "Калевала". Аднойчы, Якуб Колас прызнаўся, што гэта паэма аўтабіяграфічная: "Сымона-музыку" я пачаў пісаць у 1911 годзе. Не памятаю пры якіх абставінах мяне зацікавіла адна думка - неразуменне натоўпам сапраўднага мастака… "Калевала" дала мне добры штуршок для работы. Вейнямейнен, разважаў я, памірае ад радасці і тады пакідае свае гуслі народу. Чаму ж мой Сымон павінен канаць толькі ступіўшы на дарогу? Хай прынясе людзям радасць і пасля гэтага перадасць у другія рукі скрыпку. Так пакрысе прыйшоў я да яснасці. Стала зразумела, што сіла музыкі стане куда большая, калі яна верне Ганю да жыцця, парушыць яе часовае здранцвенне. І няхай хлопец і дзяўчына ідуць далей разам, музыка і яго будучыня. На што канчаць нечым пэўным іх шляхі? Народ жа вечны, вечнае яго мастацтва, вечныя і творцы песні і казкі". Аўтар, нібы сам у вобразе Сымона, летуценнага хлопчыка, які ў кожнай рэчы, у кожным гуку бачыў незвычайную з'яву, аднойчы ўзгадаў: "Любіў я вясною на ўсходзе сонца зашыцца куды-небудзь у куток і слухаць жаваранкаў. Мне тады здавалася, што я ведаю, аб чым яны спяваюць, я адрозніваў вясёлыя і слушныя іх песні, і мне нават здавалася, што жаваранкі ў другіх мясцінах не так спяваюць, як нашы". Гэтыя моманты прыроды, якія ляглі ў аснову неўміручага твора заўважаны былі будучым паэтам у мястэчку Ласток, дзе пражывала ў свой час сям'я Міцкевічаў. Паэма "Сымон-музыка" з'яўляецца праграмным творам у беларускай літаратуры. Не адно пакаленне вырасла на ім. І да гэтага часу твор з'яўляецца папулярным. Хаця паэма аўтарская, але яна ўжо можа назвацца і народнай, бо яна перадаецца з пакалення ў пакаленне, з'яўляецца спадчынай беларуса. І хочацца верыць, што гэты твор сапраўды будзе неўміручым як і сам наш беларускі народ. У пачатку кнігі зазначана:
"Беларускай моладзі сваю паэму прысвячае
АЎТАР".
Ад роднае зямлі, ад гоману бароў,
Ад казак вечароў,
Ад песень дудароў,
Ад светлых воблікаў закінутых дзяцей,
Ад шолаху начэй,
Ад тысячы ніцей,
З якіх аснована і выткана жыццё
І злучана быццё і небыццё, -
Збіраўся скарб, струменіўся няспынна,
Вясёлкавым ірдзеннем мне спяваў,
І выхаду шукаў
Адбітак родных з'яў
У словах-вобразах, у песнях вольнаплынных.
У гэты скарб, пазычаны, адбіты,
У сэрцы перажыты
І росамі абмыты
Дзянніц маіх, дзянніц маіх мінулых,
Для вас, душою чулых,
Як доўг, як дар,
Дае пясняр".
У сталовай Дома Коласа знаходзіцца такі незвычайны набор посуду для крушону. Крушон - гэта халодны алкагольны напой з вінаграднага віна, змешанага з каньяком, лікёрам, шампанскім і свежай садавіной ці ягадамі. Набор посуду быў выраблены ў 1950-я гады на шклозаводзе "Нёман" і выкарыстоўваўся пасля смерці Якуба Коласа ў доме яго малодшага сына Міхася Міцкевіча.
Сустрэчы з вядомымі асобамі на сваім шляху заўсёды прыносяць асалоду. Менавіта з малодшым сынам Якуба Коласа Міхасём Канстанцінавіч Міцкевічам мне пашчасціла пабачыцца двойчы. І менавіта на юбілейныя ўгодкі яго славутага бацькі. Першы раз - у 2007-ым на 125-годдзі з дня нараджэння Янкі Купалы ў Вязынцы - радзіме беларускага песняра. Той дзень, як памятаю, быў дажджлівы. Але ж святу паэзіі гэтая непагадзь не замінала. Як і па ўстаноўленай традыцыі былі ўскладзены кветкі ля велічнага помніка. На мерапрыемства з'ехаліся вядомыя сучасныя класікі беларускай літаратуры. Сэрца замірала ад убачанага: гэта ж тыя асобы, творы якіх вывучаюць у школьнай і ВНУ-шнай праграмах! Прызнаюся, што мала-памалу я цікавіўся маляваннем, лепш сказаць перамалёўваннем выяваў, партрэтаў вядомых дзеячоў культуры нашай краіны. І, вядома, з сабою ў дарогу да Паэта прыхапіў некалькі сваіх малюнкаў - партрэтаў: Янкі Купалы і Якуба Коласа. Дык вось, седзячы на лаве разам з лідскімі аматарамі жывога Купалава слова з парасонамі ў руках я сачыў за выхадам да мікрафона беларускіх паэтаў. І што важна, перада мною сядзеў хто-ніхто як сам Міхась Канстанцінавіч Міцкевіч. Пасля выхаду да мікрафона, ён ціха сядзеў і слухаў выступленні іншых яго сяброў. Я, выкарыстаўшы момант, падышоў да яго і працягнуў свой "шэдэўр" яму на памяць. Праз пэўную хвіліну, Міхась Міцкевіч, глянуўшы на малюнак, прамовіў мне з жартам:
- Хлопчык, як я разумею, ты спрабаваў намаляваць майго бацьку? Але ж, мой харошы, гэтая выява больш падобная на мяне, бо Колас быў крыху худзейшы, чым на тваім малюнку, а я, наадварот, мажнейшы, як і сам бачыш. Але ж захаваю яго ў сябе.
Пасля пашчасціла мне сфатаграфавацца з вядомай асобай.
Другая сустрэча адбылася праз дзесяць год, у 2017 годзе. Адбылася яна падчас камандзіроўкі ў Менск па рабочых пытаннях. Вырашыўшы іх, засталася вольная гадзіна. Я знаходзіўся непадалёку ад Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа.
Завітаў туды, як калега, пагутарыў з навуковымі супрацоўнікамі. Ад іх я дазнаўся, што Міхась Міцкевіч жыве зусім побач з музеем, праз агароджу.
Але ж патрапіць да яго трэба толькі па запісе. Я адразу затурбаваўся: няўжо я не змагу нават убачыць яго дом? На шчасце, брамка была не замкнёнай. І я ўвайшоў у двор. Дом двухпавярховы, у якім жывуць і іншыя сем'і. Заглянуў у дзверы (па сярэдзіне іх шкляная частка). Бачу: на калідоры Міхась Канстанцінавіч. Пагрукаў у іх. І праз хвіліну-другую яны адчыняюцца.
- Што хочаш? - прамовіў сын Я. Коласа.
- Вас наведаць. З Ліды я. З літаратурнага музея - доміка Таўлая.
- Вы хіба не па запісе?
- Не.
- Што ж, заходзьце.
І вось я ў кватэры сына вядомага класіка. Правёў мяне ў свой рабочы пакой. Сцены аздоблены карцінамі, сямейнымі здымкамі, сярод якіх невялікая фотагалерэя з жыцця Якуба Коласа. На стале - вялікія стосы папер.
І тут, мы пачынаем гаворку. Слова па слову і я дазнаюся, што Міхась Канстанцінавіч у свой час для Лідскай мэблевай фабрыкі вырабляў пэўныя дэталі для механізмаў. У тым, што яго славуты бацька неаднаразова вылучаўся ў дэпутаты па Наваградскай акрузе мне падцвердзіў адназначна. Пашчасціла паслухаць вершы, калісьці напісаныя народным паэтам, а цяпер у ягоным выкананні. І тут, сын Коласа вырашаецца пазнаёміць мяне з вялікім стосамі папер. Што тут? Гэта фотаздымкі. Некалькі дзесяткаў. І ўсе цікавыя. Пра кожны з іх у Міхася Канстанцінавіча свая гісторыя, свой трапны і гумарыстычны аповед. Ён ведае іх лёс. Чаму так? Адказ ляжыць на паверхні. Ён у свой час захапляўся фотамастацтвам. Паступова сабралася свайго роду ўнікальная калекцыя фотаздымкаў, на якіх адлюстраваны найлепшыя імгненні з жыцця Якуба Коласа, цесця Янкі Маўра (жонка Міхася Канстанцінавіча - Наталля Іванаўна Фёдарава (1924-2012), дачка беларускага пісьменніка Янкі Маўра), крэўных і сяброў. Як прызнаўся мне, што яго захапленне майстэрствам фатаграфіі пачалося ў далёкім 1940 годзе. Першым фотаапаратам быў шырокафарматны Zeiss Ikon, які бацька, Якуб Колас, прывёз з Парыжа. Гэты фотаапарат Міхась Міцкевіч змог вывезці з Менска падчас Вялікай Айчыннай вайны і цяпер ён экспануецца ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа.
Трэба зазначыць, што Міхась Канстанцінавіч Міцкевіч, унук лесніка і маладзейшы сын паэта, да пачатку Вялікай Айчыннай вайны закончыў восем класаў СШ № 49 г. Менска (I-VII класы вучыўся ў СШ № 14 Менска), з атэстатам выдатніка скончыў дзесяцігодку ў 1943 г. ў Ташкенце, дзе сям'я жыла ў эвакуацыі да вяртання ў 1947 г. ў Менск. Там жа, у Ташкенце, паступіў у Варонежскі авіяцыйны інстытут на машынабудаўнічы факультэт; у тым самым годзе перавёўся ў Маскоўскі авіяцыйны інстытут на аналагічны факультэт. У 1949 г. скончыў Беларускі політэхнічны інстытут (цяпер БНТУ) па спецыяльнасці "тэхналогія машынабудавання" і працаваў у Фізіка-тэхнічным інстытуце Нацыянальнай акадэміі навук на пасадзе малодшага навуковага супрацоўніка (1949-1961), галоўнага інжынера лабараторыі (1961-1968), загадчыка лабараторыі (1969-1993). З 1993 г. - галоўны навуковы супрацоўнік. Аўтар 150 навуковых прац і звыш 20 вынаходніцтваў. За распрацоўкі ў галіне тэхналогіі і абсталявання для электраэразійнай апрацоўкі металаў узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй БССР (1980). Доктар тэхнічных навук (1985). Міхась Міцкевіч - майстар спорту СССР па стэндавай стральбе (браў удзел і быў прызёрам першай спартакіяды народаў СССР (1956)), якая мае вытокі ў сярэднявечных спаборніцтвах паляўнічых. Аматар пялявання, фатаграфій, складання эпіграм. Калі казаць пра літаратурную творчасць яго бацькі, то ён стаў прататыпам галоўнага героя дзіцячай паэмы Якуба Коласа "Міхасёвы прыгоды" (1934). Малодшаму сыну паэт прысвяціў таксама вершы: "Рагатка" (1934), "Дронік" (1935-1936), "Не тужы" (1939), "Сыну" (1942), "Міхасю" (1943), "…Адстану я, і час разлукі" (1946).
Што ж, час абмежаваны, дарога не блізкая. І я развітаўся з цікавым суразмоўцам у спадзяванні, што яшчэ не раз атрымаецца нам сустрэцца. Нажаль, Міхась Канстанцінавіч таксама пакінуў гэты свет. Яго не стала 27 траўня 2020 года. Пахаваны на вайсковых могілках побач з бацькам. Там, дзе спачывае яшчэ адзін юбіляр гэтага года - Янка Купала і іх таварыш па пяры Валянцін Таўлай.
Аднойчы пра сустрэчу з Якубам Коласам распавяла мне былая настаўніца беларускай мовы і літаратуры, лідская паэтэса Алеся Бурак, пра той час калі яна была яшчэ студэнткай. Аб гэтым было напісана ў матэрыяле "Заўсёды сэрца поўніцца тым, што вечна помніцца…" і змешчаны ў краязнаўчым, гістарычна-літаратурным часопісе "Лідскі летапісец" за № 4 (52).
"…У той час не хадзілі ні аўтобусы, ні маршруткі: дабірацца дадому студэнтам было цяжка. А да бліжайшай чыгуначнай станцыі з Дукоры, дзе яна жыла, была адлегласць 12 кіламетраў. Каб патрапіць у Менск, студэнтка Аляксандра ішла да станцыі пешшу, па чыгунцы. А з Менска ўжо дабіралася на спадарожных машынах, у большасці на грузавіках. Аднойчы яна выйшла на шашу з мэтай спыніць які-небудзь транспарт, каб дабрацца з Мінска да Дукоры. І тут легкавая машына прыпыняецца… Спераду сядзеў мужчына - пасажыр, які не адварочваючыся, з цікавасцю распытваў у дзяўчыны: дзе вучыцца, якая сям'я. Аляксандра, шчырая па натуры, расказвала, што яна студэнтка, едзе дадому, дзе яе чакае маці і тры малодшыя сястры, што бацька яе загінуў на вайне. З пачуццём болю ўспрыняў мужчына яе адказы. А калі даехалі да Дукоры, Аляксандра памкнулася заплаціць. І чалавек, які сядзеў на пярэднім сядзенні павярнуўся да яе. Гэта быў славуты Якуб Колас. Канешне, грошай ад яе за праезд ніхто не ўзяў…".
Яшчэ адзін з успамінаў пра Якуба Коласа захаваўся ў удзельніцы партызанскага руху ў час Вялікай Айчыннай вайны, былой настаўніцы беларускай мовы і літаратуры, лідскай паэтэсы Веры Рыгораўны Ляцецкай, якая ў свой час аб гэтым напісала ў літаратурна-мастацкім часопісе "Ад лідскіх муроў" № 5 за 2001 год у матэрыяле "Мой славуты зямляк".
"Якуб Колас!.. Колькі ў двух гэтых словах велічы, мілагучнасці, радасці і смутку. Радасці ад таго, што ён жыў на нашай роднай зямлі для свайго народа, пісаў аб ім і для яго, быў вялікім педагогам, творы якога натхняюць наша сучаснае пакаленне на працоўныя подзвігі, вучаць любіць сваю Радзіму, родны край, той куток, дзе нарадзіўся і вырас. Сумна, што ён сёння не з намі. Колькі б цудоўных твораў ён яшчэ напісаў для свайго народа!
Якуб Колас - мой настаўнік, дарадца, зямляк. Дзякуючы яму, яго творам я стала выкладчыцай беларускай мовы і літаратуры ў сярэдняй школе, з вялікім захапленнем, энтузіязмам працавала сорак гадоў на ніве народнай адукацыі.
Помню далёкія трыццатыя гады… Я тады вучылася ў Менскім польскім педтэхнікуме, які знаходзіўся па вуліцы Савецкай, 144. Мы часта запрашалі Канстанціна Міхайлавіча да нас на заняткі літаратурнага гуртка, дзе ён нам дэкламаваў вершы. Ды як дэкламаваў! Усёй сваёй істотай, сэрцам. Але больш ён любіў слухаць нас, чым выступаць сам. Мы чыталі яму свае першыя літаратурныя творы. Ён уважліва слухаў нашы вершы, даваў мудрыя парады. Помню яго словы адносна літгурткоўцаў: "Вядома, што не ўсе вы станеце паэтамі, празаікамі, але я веру, што на ўсё жыццё палюбіце свой край, народ, яго мову і літаратуру".
Якуб Колас - мой зямляк. Я нарадзілася на Уздзеншчыне ў вёсцы Язвіны, што за тры кіламетры ад Мікалаеўшчыны. Я часта бываю ў родных мясцінах, часам сяджу на беразе Нёмана, слухаю гамонку дубоў, шэпт нёманскіх хваль, хаджу па тых лугавых, баравых сцежках, дзе калісьці хадзіў мой вялікі зямляк. Натхненне зноў прыходзіць да мяне:
Вітаю Коласа мясціны,
туман над Нёманам, лясы,
і вас, грыбныя баравіны,
дзе зацвітаюць верасы.
Вітаю гнёзды буславыя,
над Нёманам, у сясняку,
дубы сівыя, векавыя
і гэту родную раку.
Вітаю белыя бярозы:
што шэпчуць з яварам, вярбой,
і вас, наднёманскія лозы,
якімі захапляўся ён.
Вітаю сцежкі баравыя,
што Юзік з Кастусём таптаў,
і вас, дарогі лугавыя,
якімі статак з поля гнаў.
Вітаю, ганаруся вамі,
зайздрошчу нават моцна вам:
былі вы сведкамі, сябрамі,
вам Колас душу адкрываў.
Пакінуць вас не маю сілы
і чую ціхі шэпат хваль:
"Мой родны кут!
Як ты мне мілы,
як ты мне любы, родны край!"
Скампанаваў і даследаваў Алесь Хітрун, навуковы супрацоўнік Лідскага гістарычна-мастацкага музея.