18 снежня 2024 года ў Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы адбылося літаратурнае свята - урачыстае падвядзенне вынікаў і ўзнагароджванне пераможцаў VІ адкрытага рэгіянальнага літаратурнага конкурсу імя Веры Навіцкай "Дарослыя - дзецям". Конкурс носіць імя найбуйнейшай лідскай дзіцячай пісьменніцы Веры Навіцкай, якая ўзначальвала "Лідскую прыватную жаночую гімназію Ф.Л. і В.С. Навіцкіх" напачатку ХХ стагоддзя і напісала шэраг кніг для дзяцей, у тым ліку тэтралогію пра Мусю Старабельскую. Дадзены конкурс ладзіцца ў шосты раз, упершыню ён прайшоў у 2014 годзе, і па-ранейшаму прыцягвае ўвагу аматараў літаратурнай творчасці, садзейнічае раскрыццю новых талентаў, пад-трымлівае і заахвочвае паэтаў і празаікаў да напісання твораў для дзяцей.
Сёлета ў конкурсе ўзялі ўдзел 10 літаратараў у жанрах: "Паэзія", "Проза", "Драматургія". Усе творы, якія паступілі на конкурс, выдадзены асобным зборнікам, яго можна было набыць тут жа.
Ацэньвала паступіўшыя творы журы ў складзе: Арцём Мартынаў, дырэктар Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы, Алена Быстрыцкая - намеснік дырэктара Лідскай рваённай бібліятэкі імя Янкі Купалы і Станіслаў Суднік - рэдактар лідскага літаратурнага альманаха "Ад лідскіх муроў". Вяла імпрэзу галоўны бібліёграф бібліятэкі Галіна Курбыка, а ўручаў дыпломы і канверты дырэктар бібліятэкі Арцём Мартынаў.
Першую прэмію атрымаў літаратуразнавец,, паэт, пісьменнік і драматург, жыхар горада Слонім Сяргей Чыгрын (конкурс жа рэгіянальны) за дзве п'есы для дзяцей, другую прэмію падзялілі паміж Уладзімірам Васько (апавяданні) і Наталляй Тананушка (замалёўкі з дзяцінства), трэцяя прэмія дасталася Ірыне Маркевіч (вершы) і Станіславе Белагаловай (вершы).
Усе астатнія, хто прымаў удзел у конкурсе, атрымалі падзячныя падарункі.
Разыначкай гэтай цырымоніі традыцыйна з'яўляецца прадстаўленне рэдкага лідскага выдання, якое рыхтуецца спецыяльна да цырымоніі. Раней гэта былі 1-я і 2-я кніжкі тэтралогіі Веры Навіцкай, чыё імя носіць конкурс, кніжачка дзіцячых вершаў Марыі Канапніцкай "Ад вясны да зімы", фрагмент успамінаў Альжбеты Табенскай "Мы так хацелі вучыцца". Сёлета адбылася прэзентацыя кніжачкі вершаў Камілы Юрэвіч з Нарбутаў "Калядкі Камілы Нарбут для кузінак і сябровак на 1852 год", у якой змешчаны 25 вершаў Камілы Нарбут у перакладзе Станіслава Судніка. Па пэўных прычынах гэтыя кніжкі выдаюцца невялікім накладам, але ў Лідзе іх можна знайсці ў бібліятэцы і Доме Таўлая, ёсць яны ў Нацыянальнай бібліятэцы. Сёлетняя кніжачка разаслана ва ўсе асноўныя бібліятэкі згодна з лістом рассылкі.
Прэмія імя Веры Навіцкай на сёння - як падаецца, адзіная літаратурная прэмія, якая афіцыйна ўручаецца ў Гарадзенскай вобласці. Хаця, вельмі б хацелася памыліцца.
Літаратурнае жыццё на Лідчыне не затухае і трэба спадзявацца, што ў 2025 годзе, калі Ліда будзе прымаць Дзень пісьменства, яшчэ больш актывізуецца. Сярод іншага ўжо рыхтуецца да выдання кніжачка паэзіі Юрыя Карэйвы, найталенавітайшага лідскага паэта, які заўчасна пайшоў ад нас.