Тры чвэрці стагоддзя разам з чытачом
У канцы верасня 2014 года свой 75-гадовы юбілей адзначыла "Лідская газета". Тры чвэрці стагоддзя перыядычнае выданне адлюстроўвае шматграннае жыццё горада і раёна, прыходзіць у дамы і кватэры не аднаго пакалення падпісчыкаў, дзеліцца з чытачамі свежымі навінамі, адказвае на надзённыя пытанні, дапамагае заўсёды быць у курсе падзей. Якімі яны былі - першыя крокі газеты больш за 70 гадоў назад, у пераломны для Лідчыны час? Якая яна, "Лідская газета", сёння? Ёсць нагода расказаць аб гэтым у сувязі з юбілеем выдання...
"Лідская газета" - дзяржаўнае выданне. Адлік яе гісторыі вядзецца з памятнага верасня 1939 года, калі Заходняя і Ўсходняя Беларусь уз'ядналіся, сталі адзінай дзяржавай у складзе Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Першы нумар газеты "Ўперад", папярэдніцы "Лідскай газеты", выйшаў 30 верасня 1939 года, праз пару тыдняў пасля прыходу на заходне-беларускія землі воінаў Чырвонай Арміі. Першыя нумары раёнкі ў мажорных танах адлюстроўвалі новае жыццё, якое забурліла на Лідчыне пасля ўз'яднання з БССР. Галоўным героем "Уперад" стаў чалавек працы, сціплы будаўнік гэтага новага жыцця.
Варта адзначыць, што ў 1939-1941 гг. у газеце працавалі два вядомыя беларускія паэты - Валянцін Таўлай і Ніна Тарас. Яны паклалі пачатак згуртаванню пры рэдакцыі паэтаў і празаікаў Лідчыны. І па сённяшні дзень у газеце перыядычна выходзіць літаратурная старонка, дзе публікуюцца творы мясцовых літаратараў - сяброў створанага пры рэдакцыі літаб'яднання "Суквецце", а ў лютым гэтага года, з нагоды 100-гадовага юбілею з дня нараджэння Валянціна Таўлая, на будынку рэдакцыі з'явілася мемарыяльная дошка ў гонар паэта работы мясцовага скульптара, мастака і паэта Рычарда Грушы.
Першыя гады існавання газеты "Ўперад" супалі і з цяжкім выпрабаваннем для ўсёй Беларусі - Вялікай Айчыннай вайной, нямецкай акупацыяй. З пачаткам вайны выданне газеты было спынена амаль на два гады, аднак 1 чэрвеня 1943 года, ва ўмовах набіраўшага моц партызанскага і падпольнага руху на акупаванай тэрыторыі, адноўлена. Рэдактарам падпольнай газеты "Уперад" на працягу двух месяцаў быў партызан (да вайны - журналіст) Г. Г. Коган. Калі ён загінуў, рэдактарам быў назначаны таксама партызан (да вайны - настаўнік) Ю.Б. Драгун. Трэба ўлічваць, што ва ўмовах акупацыі смяртэльна небяспечнай справай было не толькі выданне падпольнай газеты, але нават яе чытанне і захоўванне. Тым не менш газета выходзіла, перадавалася з рук у рукі, яе друкаванае слова натхняла на барацьбу з ворагам, давала веру ў вызваленне і перамогу.
За сваю 75-гадовую гісторыю газета некалькі разоў мяняла назву: у 1962 годзе "Ўперад" была перайменавана ў "Сцяг працы", аднак праз чатыры гады зноў стала называцца "Ўперад"; у снежні 1991 года выданне атрымала назву "Лідская газета", якую носіць і па сённяшні дзень. Пасля Ю. Б. Драгуна галоўнымі рэдактарамі газеты ў розныя часы з'яўляліся Н. І. Спаткай, А. Л. Гарэлік, А. В. Богуш, А. В. Жалкоўскі, А. П. Бяспалы, І. В. Швакель. Са студзеня 2012 года галоўны рэдактар "Лідскай газеты" - К.А. Серафіновіч. У памяшканні рэдакцыі, якая таксама не раз мяняла адрас і зараз размяшчаецца па вуліцы Ленінскай, 48, захоўваюцца падшыўкі выдання за многія гады. У гэтых падшыўках - летапіс Лідскага краю, праца не аднаго пакалення супрацоўнікаў рэдакцыі, як штатных, так і пазаштатных, тысячы і тысячы лёсаў, партрэтаў, учынкаў і дасягненняў нашых землякоў.
Поспехі "Лідскай газеты", яе супрацоўнікаў неаднаразова адзначаліся граматамі і дыпломамі. Напрыклад, яркім пацвярджэннем высокага прафесійнага майстэрства журналістаў раёнкі стала ўзнагарода ад Беларускага саюза журналістаў, кіраўніцтва якога назвала "Лідскую газету" лаўрэатам рэспубліканскага конкурсу "Залатое пяро" (2006 г.).
Выданне працягвае развівацца разам з Лідчынай, ісці ў нагу з часам і рэагаваць на яго патрабаванні, на пажаданні шматлікіх чытачоў. У газеце павялічылася колькасць палос, а з лістапада 2012 года, па чацвяргах, "Лідская" выходзіць у колеры. З лютага 2013 года падпісчыкі атрымалі магчымасць чытаць любімую газету ў РDF-фармаце. Сучасная "Лідская газета" выходзіць два разы на тыдзень, агульны яе аб'ём за тыдзень - каля 30 друкаваных аркушаў.
На старонках выдання сустракаецца вялікая колькасць рубрык, у якіх асвятляюцца самыя розныя аспекты жыцця раёна: работа органаў улады, развіццё прамысловасці і сельскай гаспадаркі, навіны адукацыі, культуры, спорту, духоўнае жыццё і жыццё нацыянальных суполак, сацыяльныя і маральныя пытанні і інш. Супрацоўнікамі рэдакцыі практыкуюцца апытанні, "Прамыя лініі", "Гарачы тэлефон", рэалізуюцца розныя цікавыя і пазнавальныя праекты (напрыклад, "Кніга рэкордаў Лідчыны", "Гісторыю раёна напішам разам", "Летапіс ваеннага дзяцінства" і г. д.).
Сённяшні калектыў рэдакцыі годна працягвае справу сваіх папярэднікаў - стварае летапіс Лідчыны, трымае руку на пульсе жыцця рэгіёна, краіны і свету, шукае і ўвасабляе ў жыццё новыя формы падачы інфармацыі і дыялогу з падпісчыкамі. Як і 25, і 50, і 75 гадоў назад, газета запатрабаваная чытачом і з'яўляецца кампетэнтнай і аўтарытэтнай крыніцай інфармацыі аб жыцці горада і раёна.