Папярэдняя старонка: Культура

Ансамбль 'Лідчанка' 


Аўтар: Суднік Станіслаў,
Дадана: 11-09-2010,
Крыніца: Лідскі летапісец № 45-46.



'Лідчанка' прызёр конкурсу 'Песні маёй краіны'

У 2009 годзе тэлеканал АНТ правёў нацыянальны тэлевізійны конкурс аматарскіх музычных калектываў мастацкай самадзейнасці абласцей "Песнi маёй краiны". Прыняць удзел у праекце мог любы аматарскі музычны калектыў мастацкай самадзейнасці, выканаўца арыгінальнай песні на беларускай мове. Выступ павінен быў мець рэжысуру і быць касцюмаваным. У конкурсе маглі прыняць удзел асобы не маладзей за 18 гадоў. Да ўдзелу ў конкурсе не дапускаліся прафесійныя калектывы.

Ансамбль'Лідчанка'.

Амаль 500 калектываў прынялі ўдзел у адборачных турах конкурсу. Творчая група АНТ правяла кастынгі ў 15 гарадах Беларусі ў перыяд з 3 па 21 лютага, па выніках якіх былі вылучаны па 7 аматарскіх музычных калектываў ад кожнага рэгіёна (Гарадзенская вобл., Берасцейская вобл., Гомельская вобл., Магілёўская вобл., Віцебская вобл., Менская вобл., Менск).

У выніку конкурснага адбору, праведзенага ў г. Лідзе 3 лютага 2009 г., да ўдзелу ў паўфінальным шоў былі запрошаны наступныя калектывы раёна:

1. Група «Кронан» (Бярозаўскі ГДК);

2. Народны ансамбль музыкі і песні «Гудскі гармонік», Гудскі ЦТіА;

3. Народны ансамбль песні і танцу "Лідчанка" (Лідскі РДК).

Гэтыя калектывы прынялі ўдзел у паўфінале праекту, якія адбыўся ў горадзе Менску.

Па выніках паўфіналаў толькі два калектывы ад кожнага рэгіёна патрапілі ў фінал (адзін рашэннем журы, другі рашэннем інтэрактыўнага галасавання). 14 калектываў прынялі ўдзел у фінале. За галоўныя прызы АНТ змагаліся заслужаны аматарскі калектыў ДК ААТ "Мазырскі НПЗ" "Сваякi", народны ансамбль "Ялiнка" з Ельска, вакальны дуэт "Краснополле", заслужаны аматарскі калектыў "Юнацтва" з Бабруйска, народны ансамбль "Лiдчанка", ансамбль "Уладары" з Ваўкавыска, фальклорны ансамбль "Сузор'е" Пратасевіцкага СДК Асіповіцкага раёна, народная студыя эстрадных шоў-праграм Online з Наваполацка, баранавіцкі ансамбль "Палозанька", узорная эстрадна-вакальная група "Фантастыка" з Пінска, жаночы народны фальклорны тэатр гумару і гульні "Хмелевськы волоцюгы" з вёскі Хмелева Жабінкаўскага раёна, народны фальклорны калектыў "Гасцiнец" з Ракава, ансамбль народнай песні "Басякі", народны калектыў эстраднай песні "Гасцiна" і моладзевая фольк-група "Славянскі стыль" з Менска.

Конкурс у многім быў знакавым. Таленты дэманстравалі БЕЛАРУСКІЯ БЕЛАРУСЫ! У сябе на Радзіме. Дзякуючы агульнанацыянальнаму каналу Беларускага тэлебачання. І гэта было СВЯТА! Гэтыя вясковыя хлопцы і дзяўчаты, дзядзькі і цёткі паказалі не горш за іншых раскручаных "зорак", якія ж мы багатыя на непаўторныя скарбы, што не сорамна паказаць перад усім светам, толькі часта не ўмеем іх цаніць, падносіць іншым ва ўсёй красе. А вось удзельнікі фестывалю - паказалі! Яны нічога не выконвалі - жылі пачуццямі і вобразамі, закладзенымі ў народных мелодыях, якія леглі ім на душу. Творы то пяшчотна-лірычныя, то жартоўныя, то патрыятычныя, па-сучаснаму прачытаныя і артыстычна пададзеныя як інсцэніроўкі - усё ўдавалася талентам з народу. Няпроста было журы выбраць лепшых з лепшых, каб уганараваць дыпломамі лаўрэатаў і прэміямі пераможцаў. У выніку першае месца і 15 мільёнаў рублёў заваяваў народны фальклорны калектыў "Гасцiнец" з м. Ракаў Валожынскага раёна. На другім месцы з 10 мільёнамі рублёў - ансамбль народнай песні "Басякi" (г. Менск), на трэцім з пяццю мільёнамі рублёў - народны ансамбль песні і танцу "Лiдчанка" (г. Ліда). Зусім нечакана Цэнтральная Беларусь і Панямонне пераспявалі традыцыйна спеўных палешукоў. І трэцяе месца "Лідчанкі" - найвялікшая перамога ўсёй лідскай культуры, якая грунтуецца менавіта на нацыянальных традыцыях.

А ішла "Лідчанка" да гэтай перамогі доўга і ўпарта, і былі на яе шляху перамогі, магчыма, і больш значныя, але гэтая найдаражэйшая.

Народны ансамбль песні і танцу "Лідчанка" быў заснаваны ў 1961 годзе пры Лідскім гарадскім доме культуры. Заснавальнік Заслужаны работнік культуры БССР Васіль Іванавіч Адамаха.

У 1970 годзе калектыў атрымаў званне народнага.

15-18 студзеня 1979 года ансамбль песні і танца здзейсніў гастрольную паездку па Беластоцкаму ваяводству, выступіў з канцэртамі ў Беластоку, Дуброве, Бельску і Белавежы. Кіраўнік Кастусь Казячы (з 1975 г.), да гэтага хормайстар. У ансамблі салісты: Зянон Бянько, Лявон Івашка, Тамара Лысенка. Хор - 41 чалавек, балет - 25 чалавек, аркестр - 14 чалавек.

Пад кіраўніцтвам У. Гарачава ансамбль станавіўся дыпламантам міжнародных фестываляў у Маскве і Баку, быў лаўрэатам прэміі прафсаюзаў Беларусі.

На сёння гэта зноў малады творчы калектыў. У рэпертуары беларускія народныя песні і танцы, вакальна-харэаграфічныя кампазіцыі, а таксама песні сучасных беларускіх кампазітараў.

Калектыў актыўна прымае ўдзел у рэспубліканскіх, абласных і раённых фестывалях, конкурсах і іншых мерапрыемствах.

У 2005 годзе ансамбль прыняў удзел у міжнародным фестывалі фальклору "Ля возера" ў Троках (Літва).

У 2006 годзе ансамбль стаў лаўрэатам другой ступені ІІ абласнога конкурсу народных хароў "Над сінім Нёманам".

З 2002 года ансамблем кіруе Цішко Вольга Віктараўна.

Балетмайстар - Благадацкіх Тацяна Васільеўна.

Кіраўнік аркестравай групы - Акімаў Аляксандр Міхайлавіч.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX