22 верасня 2010 года ў Лідзе адкрыты Літаратурны музей. Музей адкрыты як філіял Лідскага гістарыч-мастацкага музея. Шматгадовая эпапея закончылася.
Музей адкрыўся ў доміку каля замка, у якім у 1939 - 1941 гадах жыў беларускі паэт Валянцін Таўлай. Домік ацалеў у вайну, быў прыведзены ў парадак, абкладзены цэглай у канцы 70-х - пачатку 80-х гадоў 20-га стагоддзя. Тут доўгі час размяшчаўся лідскі спорткамітэт. І ўвесь гэты час грамадскасць горада, Лідская гарадская арганізацыя ГА “ТБМ імя Ф. Скарыны”, літаратурныя аб’яднанні дабіваліся адкрыцця тут менавіта літаратурнага музея, бо былі ідэі адкрыць нешта кшталту дома славы для шанавання знакамітых людзей Лідчыны.
Аднак пры садзеянні раённых уладаў у 2004 годзе сітуацыя зрушылася ў бок музея, паступова быў выселены спорткамітэт, прапрацавана канцэпцыя, праведзены капітальны рамонт, і музей адкрыўся.
На адкрыццё музея прыйшлі яго супрацоўнікі, лідскія літаратары розных пакаленняў, журналісты.
У малым холе вывешаны партрэты класікаў, хто так ці інакш звязаны з Лідай. Асаблівую цікавасць выклікае партрэт Адэлі з Устроні, які паказаны ўпершыню. Партрэт узноўлены лідскім мастаком і скульптарам Вадзімам Вераб’ёвым. Тут жа партрэты Францішка Багушэвіча, Цёткі, Янкі Купалы, Ніны Тарас, Уладзіміра Корбана, Кастуся Тарасава, Земавіта Фядэцкага, Ежы Путрамента. Некаторыя з іх практычна не вядомыя ў шырокай Беларусі.
Адэля з Устроні (Устроні - лідскія землі за Нёманам), першая беларуская паэтэса якая напісала на лацініцы па-беларуску паэму “Мачаха” (1850) і на польскай мове - верш “Кракаў” (1850). Рукапіс паэмы быў знойдзены Адамам Мальдзісам у Кракаўскай Ягелонскай універсітэцкай бібліятэцы і надрукаваны адрыўкамі ў 1974 годзе, і цалкам у 1986 годзе (Краю мой - Нёман, Мн., 1986, с. 239-242).
Я ж сіротка ў роднай хатцы!
Не схінуся к чужой матцы!
Бо яна ж мне чужа чужым!
Не злажуся і слоўцам адным.
Ці душа твая не гляне,
Як яна мяне ганяе.
Ты мне з мілым абручыла
I звянчыла бы, каб жыла.
Земавіт Фядэцкі нарадзіўся 22 жніўня 1923 года ў Лябёдцы на Лідчыне. Тут правёў дзяцінства і перажыў вайну. У вёсцы Феліксава ў 1942 годзе сабраў і апрацаваў вялікую колькасць беларускіх народных песень, якія выдаў у 1992 годзе пад назвай “Цёплыя вечары ... ды халодныя ранкі... czyli co spiewano w Feliksowie”. З лёгкай рукі аўтара кніга трапіла ў многія краіны свету, аж да Новай Зеландыі. У Італіі зборнік назвалі “песнямі Атлантыды”.
У 1948 - 1950 гадах Земавіт Фядэцкі працаваў шэфам рэдакцыі рускай літаратуры ў выдавецтве “Czytelnik” (“Чытач”). У 1950 годзе супрацоўнічаў са штомесячнікам “Tworczosc” (“Творчасць”). У тым жа 1950 годзе стаў аташэ па культуры польскай амбасады ў Расіі. Дзякуючы знаёмству з Барысам Пастарнакам прывёз у Польшчу асобнік “Доктара Жывага” і надрукаваў у 1957 годзе фрагмент у штоквартальніку “Opinie” (“Водгукі”). Гэта была першая ў свеце публікацыя тэксту Пастэрнака (часопіс быў закрыты пасля выхаду другога нумару). Працаваў таксама карэспандэнтам “Рэчы-паспалітай” у Маскве.
Земавіт Фядэцкі садзейнічаў культурнаму збліжэнню Польшчы і Савецкага Саюза, перакладаючы на польскую мову творы паэзіі і прозы , у т. л. Аляксандра Купрына, Юрыя Тунянава, Міхаіла Булгакава, Юрыя Трыфанава, Мікалая Забалоцкага, Сяргея Ясеніна і Ўладзіміра Высоцкага, а таксама зусім невядомую ў Польшчы творчасць Ісака Бабеля і Марыны Цвятаевай. Свайму адкрыццю ў Польшчы яму абавязаны таксама Булат Акуджава. Паэт высока цаніў пераклады Фядэцкага, нават сцвярджаў, што ў яго перакладзе “Балада пра караля” гучыць лепш, чым у арыгінальнай версіі. Шмат перакладаў і з беларускай мовы.
У 1954 годзе ў Варшаве ўзнік STS - Студэнцкі тэатр сатырыкаў, для якога Фядэцкі пісаў тэксты кабарэ, песні, у т.л. “Chyba tak”, “Piosenka dla konduktora”, “Piosenka o koledze”. Дзякуючы Фядэцкаму ў STS прайшла сусветная прэм’ера п’есы “Эльжбета Бам” Данііла Хармса. У 2001 годзе Земавіт Фядэцкі - паводле “Літаратурнай газеты” эксгуматар псеўдалітаратуры - атрымаў узнагароду ПЭН-клуба за пераклады на польскую мову рускай, беларускай і французскай літаратуры.
Земавіт Фядэцкі вельмі моцна любіў Беларусь. Пабываўшы ў розных краінах свету казаў: “УБеларусі мне найлепей.” У 1996 годзе наведаў Ліду і Лідчыну, удзельнічаў у працы 2-га з’езду лідзян, сустрэўся з колішнімі сябрамі ў Феліксаве, Парачанах, Скрыбаўцах, Малым Мажэйкаве і ў Гасцілаўцах.
Памёр у 8 студзеня 2009 года ў Варшаве.
Пісьменнік з сусветныым імем Ежы Путрамент (І4.11.1910, г. Менск -23.06.1986) у 1925-30 гг. вучыўся ў лідскай гімназіі імя Хадкевіча. Скончыў Віленскі ўніверсітэт (1930-34). Падчас 2-й Сусветнай вайны працаваў у Маскве. Пасля вайны на дыпламатычнай працы: пасол Польшчы ў Швейцарыі (1945-47) і Францыі (1947-50); сакратар польскага Саюза пісьменнікаў у 60-я гады.
Пачаў друкавацца з 1932 года. Да вайны выдаў два зборнікі вершаў. Напісаў дзесяць раманаў: “Сапраўднасць” (1947), “Верасень” (1951), “Перапуцце” (1954), “Ноеў каўчэг” (1961), “Пасынкі” (1963), “Вяпрук” (1964), “Пушча” (1966), “Малаверныя” (1967), “Болдын” (1969), “Выбранныя” (1978-79) і шасцітомную кнігу ўспамінаў “Паўстагоддзя” (1964-80). У першым томе вельмі дасканала паказана даваенная Ліда і Лідчына, парадкі і ўмовы навучання ў гімназіі імя Караля Хадкевіча. Узнагароджаны ордэнам Дружбы Народаў (1980).
Лідскі музей - мабыць, адзіны музей, дзе размешчаны партрэт слыннага беларускага празаіка Кастуся Тарасава. Кастусь Тарасаў нарадзіўся 10 кастрычніка 1940 года ў Менску. Пасля заканчэння сярэдняй школы (1957) на працягу трох гадоў працаваў слесарам-зборшчыкам на Менскім механічным заводзе, калектарам у Паўночна‑Заходняй геолагаразведачнай экспедыцыі, слесарам‑мантажнікам у арганізацыі «Спецэлеватармельбуд». Вучыўся на хімічным факультэце Беларускага політэхнічнага інстытута (1960—1965). Па заканчэнні інстытута працаваў майстрам шкловарэння на шклозаводзе «Нёман» у Бярозаўцы, тэхнолагам на віцебскім заводзе «Маналіт».
Быў рэдактарам, загадчыкам рэдакцыі ў выдавецтве «Вышэйшая школа» (1967—1975), журналістам па дамове і загадчыкам аддзелу прапаганды і агітацыі газеты «Знамя юности» (1975—1977), рэдактарам аддзела мастацтва і крытыкі часопіса «Неман» (1977—1983), спецыяльным карэспандэнтам газеты «Літаратура і мастацтва» (1986—1988). З 1990 года — адказны сакратар часопіса «Спадчына». Працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм», у газеце «Свабода». Друкаваўся з 1965 года.
Адным з першых сярод беларускіх пісьменнікаў узняў тэму гістарычна‑культурнай спадчыны. З мастацкім творам выступіў упершыню ў 1976 годзе (аповесць «Следственный эксперимент», часопіс «Неман»). Пісаў на рускай і беларускай мовах. Аўтар кніг аповесцяў «День рассеяния», «Странствие в тесном кругу», «Погоня на Грунвальд», «Апошняе каханне князя Міндоўга», «Адзіны сведка — бог», рамана «Тры жыцці княгіні Рагнеды», літаратурна‑гістарычных эсэ «Памяць пра легенды: Постаці беларускай мінуўшчыны», а таксама зборнікаў гістарычных дэтэктываў «У час Стральца» і «Залатая Горка». Лаўрэат прэміі «Залаты апостраф» за лепшую публікацыю ў прозе (2008 г.) часопіса «Дзеяслоў».
Напісаў аповесць “На вайне”.
Памёр 22 сакавіка 2010 года.
А Валянціну Таўлаю ў музеі прысвечаны мемарыяльны пакой. Пакой падзелены на дзве часткі. У адной размешчаны рэчы перадваеннай і ваеннай эпохі, аналагічныя тым, якія маглі стаяць у доме В. Таўлая. Вісіць жырандоля, прывезеная з дома, у якім жыў В. Таўлай у Наваградскім раёне у час вайны. У другой частцы пакоя - экспанаты, якія распавядаюць пра жыццё і творчасць паэта.
Экспанаты для мемарыяльнага пакоя збіраліся Лідскім гістарычна-мастацкім музеем і рэдакцыяй часопіса “Лідскі летапісец”. У Беларусі існавала некалькі музеяў, дзе ўшаноўвалася памяць Валянціна Таўлая (два на Слонімшчыне, адзін у Баранавічах). На сёння фактычна існуе толькі школьны музей у Баранавічах. Экспанаты іншых двух расцярушаны па агульна-краязнаўчых музеях. Патрэбна яшчэ вялікая работа, каб нешматлікія арыгінальныя рэчы, звязаныя з жыццём і творчасцю В. Таўлая трпілі ў Ліду. Ёсць спадзяванні, што нешта з рэчаў, якія належалі Валянціну Таўлаю, змогуць перадаць сястра Ніна і дачка Галіна.
Падчас адкрыцця музея планавалася таксама адкрыццё мемарыяльнай дошкі Валянціна Таўлая (аўтар Рычард Груша), але дошка з першага заходу не была зацверджана Мастацкай радай пры Гарадзенскім аблвыканкаме.
Самы вялікі пакой прысвечаны сучасным лідскім літаратарам, іх творчасці. За ўсю гісторыю Лідчына можа пахваліцца больш, чым 400 імёнамі літаратараў самага рознага ўзроўню. У музеі прадстаўлена толькі невялікая частка з іх - тых, чые творы былі ў фондах музея, хто парупіўся і прынёс нейкія цікавыя рэчы і экспанаты. Найбольш знакамітыя сярод сучасных лідскіх паэтаў і пісьменнікаў гэта вядома ж Данута Бічэль і Крысціна Лялько. Годнае месца займаюць Алесь Стадуб і Віктар Праўдзін, Ірына Багдановіч, Міхась Мельнік, Пятро Макарэвіч, Уладзімір Васько, Віктар Бачароў, Смарагд Сліўко, Леанід Віннік.
На другім паверсе яшчэ тры пакоі.
Адзін - выставачна-экспазіцыйны салон, дзе будуць ладзіцца невялікія выставы карцін, рэдкіх выданняў, а таксама невялікія літаратурныя мерапрыемствы.
У другім пакоі разгорнута выстава твораў беларускіх паэтаў і пісьменнікаў - юбіляраў 2010, а далей наступных гадоў. У перспектыве тут будзе экспазіцыя “Гісторыя выдавецкай справы на Лідчыне
У трэцім пакоі - бібліятэка і рабочы кабінет.
Безумоўна, зроблены толькі першы крок, будуць збірацца экспанаты, будзе весціся даследчая праца. Вырашаюцца кадравыя пытанні.