Папярэдняя старонка: Культура

Лідскі гістарычна-мастацкі музей 


Аўтар: Хацяновіч Наталля,
Дадана: 23-01-2011,
Крыніца: Лідскі летапісец №47.



75 гадоў пачатку музейнай справы ў Лідзе

Першы Лідскі музей быў заснаваны ў 1934 г. Уладзіславам Абрамовічам і называўся "Этнаграфічны музей імя Тодара Нарбута", размяшчаўся па вул. Фалькоўскага (цяпер Перамогі). У. Абрамовіч быў знакаміты тым, што ў 1936-1939 гг. выдаваў рэгіяналь-накраязнаўчы штомесячны часопіс "Ziemia Lidzka" ("Лідская Зямля ").

28 траўня 1939 г. у Лідзе адбылося ўрачыстае адкрыццё і асвячэнне музейнага цэнтра гарадскога аддзела Польскай краязнаўчай грамады. Акт асвячэння здзейсніў лідскі дэкан ксёндз Гіпаліт Баярунец у прысутнасці прадстаўнікоў улады, настаўнікаў гарадскіх школ, сяброў краязнаўчага таварыства. Прэзідэнт Лідскага аддзела Юзаф Дзічканец прачытаў лекцыю пра задачы краязнаўчай грамады, пасля чаго прысутныя падпісалі ў памятнай кнізе акт адкрыцця цэнтра (Ziemia Lidzka, № 6, 1939 г., с. 184.).

У наступны раз Гістарычна-краязнаўчы музей (абласны) адкрыўся 22 студзеня 1941 г., што пацвярджаецца нататкай у газеце "Уперад" ад 24.01.1941 г. У дзень адкрыцця музей наведалі 300 чалавек. Двухпавярховы будынак музея размяшчаўся "ніжэй староства" на вул. Ленінскай (дзе зараз находзіцца крама "Ластаўка"). Па ўспамінах старажылаў уваход у будынак "ахоўвалі" дзве бронзавыя гарматы. У музеі была сабрана вялікая колькасць розных прадметаў, сярод якіх упамінаецца ліст Ф. Э. Дзяржынскага з Х павільёна Варшаўскай турмы да сястры ў 1905 г., жалезныя наручнікі, гумовыя дручкі, цыркуляр галоўнага ўпраўлення польскай паліцыі, у якім ўказваеццца, што пры разгоне дэманстрацый паліцэйскім непажадана біць ўдзельнікаў прыкладамі вінтовак, бо пры гэтым псуюцца самі вінтоўкі, ім рэкамендавалася прымяняць гумовыя дручкі.

Дырэктарам даваеннага музея быў Пётр Мацвеевіч Свірыдаў - выхадзец з в. Грышына Слабада Жукоўскага раёна Бранскай вобласці, выпускнік Ленінградскага кніжнага тэхнікума, студэнт-завочнік гістарычна-архіўнага факультэта Маскоўскага бібліятэчнага інстытута, жыў па вул. Камсамольскай, 53. Вядомыя тэксты двух яго лістоў, напісаных у 1941 г. сябру дзяцінства І.Г. Ганічаву. У адным з іх у пераказе І.Г. Ганічава гаворыцца:

"Тут, у Лідзе ёсць вельмі добрыя паненкі. Адна ў мяне працуе сакратаром. Жыву па-халасцяцку, па-студэнцку. Больш раз'язджаю бегаю - не сяджу на месцы. Нядаўна прыехаў з камандзіроўкі (у Менску быў паўмесяца). Вяду барацьбу з раённымі арганізацыямі за памяшканне для музея. Думаю выйсці пераможцам. Гэта адымае шмат крыві. Зусім расхісталіся нервы. У жніўні буду ў Маскве, у Гр. Слабодцы, у Ленінградзе. Улетку думаю паездзіць, калі, вядома, усё будзе шчасна. Адзін таварыш з Масквы просіцца да мяне на працу. Я з ім вучыўся. Ён сямейны (3 душы). Даў згоду. Але не абяцаў кватэру...". У другім, апошнім лісце ад 11/V1-41 г. незадоўга да пачатку вайны ён пісаў: "... Настрой паршывы, а ўсё таму, што халасцяком хаджу. Закахаўся, як хлапчук, у адну польку. Клубок супярэчнасцяў. Чым скончыцца, не ведаю. … Адным словам, незайздроснае жыццё. Хоць і не засмучаюся - трэба ўсё паспрабаваць у жыцці. У мяне адпачынак будзе, відаць, у канцы ліпеня - пачатку жніўня, т.ш. да гэтага маю намер правесці археалагічныя раскопкі. А вельмі хацелася б разам з табой адпачыць у Гр. Слабодцы. Вось дзе мы нагаманіліся б. Адвёў бы я сваю душу. Ну, усё роўна, заеду ў Маскву да цябе і братоў (Антона і Мікалая ў Кунцава). Хачу працаваць у вёсцы, у школе. Як ты думаеш? Будзеш у вёсцы - пішы ўсё падрабязна".

…Заўтра ізноў у камандзіроўку еду. Учора ўстаў з пасцелі - хварэў грыпам. Вёў на днях вялікую барацьбу з абласнымі і раённымі арг. па пытанні зносу нашай Лідскай цвярдыні. Патрэбен быў камень для спец. будаўніцтва, вырашылі разабраць замак - помнік даўніны. Доўга прыйшлося скандаліць, растлумачваць - не дапамагло. Тады справа дайшло да ўраду. Я давёў да ведама СНК БССР. Праз 30 хвілін пасля маёй тэлеграмы старшыня СНК Былінскі тэлефануе ў Ліду і аддае загад аб спыненні разбору і зносу цвярдыні. Так скончылася барацьба ў маю карысць. Прыйшлося пастаяць за музей..."

У першыя дні вайны фонды музея былі эвакуяваны. Каля Смаленска ў машыну патрапіла авіяцыйная бомба. Верагодна разам з музейнымі прадметамі загінуў і Пётр Свірыдаў - дакладныя акалічнасці яго смерці невядомыя.

Будынак музея згарэў. Дзве бронзавыя гарматы спрабавалі давалачы да Слабады, ці то сіл не хапіла, ці то часу; гарматы, як распавядае Ў. Хрышчановіч, засталіся ляжаць у забалочанай Каменцы ў раёне сучаснага кінатэатра "Юбілейны".

У чарговы раз Лідскі краязнаўчы музей быў урачыста адчынены для наведвання 24 красавіка 1959 г. у адпаведнасці з Пастановай Савета Міністраў БССР № 80-Р ад 10.02.1959 г.

Рашэннем выканкаму Лідскага гарсавету музею быў перададзены будынак былога Язэпаўскага касцёла піяраў па вуліцы Савецкай, 23. Агульная плошча будынка складала прыкладна 600 м. кв., з якіх пад музей выкарыстоўвалася толькі 300 м.кв. Астатняя частка будынка была занята жыхарамі і канторай філіяла Гроднавоблпраекта.


Пабудова экспазіцый

Першая экспазіцыя месцілася пад купалам будынка і складалася з двух аддзелаў: "Вялікая Айчынная вайна 1941 - 1945 гг." і "Гісторыя горада".

Супрацоўнікі музея на ганку музея па вул. Савецкая, 20: у цэнтры дырэктар музея Жалезны Р.І. На здымку таксама: Астраўцова Ю.А., Драб Г.М., Канавалава М.С., Жын Г.А., Гаўрылава С.К., Барысевіч Т.А..

Аддзел "Вялікая Айчынная вайна 1941-1945 гг." размяшчаўся пад купалам будынка, у малельнай зале. Гэты аддзел распавядаў аб перыядзе ВАВ на Лідчыне, аб падпольным руху ў горадзе і адмысловая ўвага было нададзена партызанскаму руху. З экспанатаў былі прадстаўленыя пяць нумароў газеты "Уперад" 1944 г. выдання, тры ўлёткі 1944 г., ордэн Вялікай Айчыннай вайны, які належаў памочніку камісара партызанскага атрада "Іскра". А таксама нямецкі аўтамат і вінтоўка, французскі карабін, кулямёт Кольт-Браўнінга, ручны кулямёт Люіса, вінтоўкі сістэмы Бердан і сістэмы Крэпса, нямецкі цясак. Тут жа экспанаваліся манеты і грашовыя знакі, якія былі ў абыходзе падчас вайны.

Другі аддзел "Гісторыя горада" займаў невялікія тры пакоі. Тут гаворка ішла пра Лідскі замак, пра рэвалюцыйны і штрайкавы рух на тэрыторыі Лідчыны.

Дадзеныя тэмы раскрываліся пры дапамозе шматлікіх фотаздымкаў, карт. З рэчавых экспанатаў звярталі на сябе ўвагу наступныя: станкавы кулямёт "Максім", крэмневыя стрэльбы, крэмневыя і капсульныя пісталеты, мундзір рускага трубача 1829 г.

У справаздачным дакладзе сакратара партыйнага бюро першаснай партарганізацыі гарадскога аддзела культуры Аламахі Ў.І. гаворыцца: "Большасць камуністаў і камсамольцаў актыўна ўдзельнічалі ў жыцці і дзейнасці нашай партыі і краіны. Актыўна ўдзельнічалі ў растлумачэнні матэрыялаў Лістападаўскага Пленума ЦК КПСС (1962 г.), вялі актыўную працу падчас выбараў у Вярхоўны Савет і мясцовыя саветы дэпутатаў працоўных. Краязнаўчы музей таксама правёў некаторую працу. Былі абноўленыя і замененыя частка стэндаў, карцін і г.д. Адкрыты аддзел прыроды."

У музеі аддзел прыроды праіснаваў нядоўга, хоць менавіта для яго Гарадзенскім гістарычна-археалагічным музеем былі перададзеныя чучалы вялікай і малой паганкі, шэрай чаплі, чорнага бусла, вялікага баклана, чорнага каршуна, а таксама чэрап лася з рагамі. Усе вышэй названыя музейныя прадметы былі прадстаўленыя ў экспазіцыі аддзела прыроды.

У канцы кастрычніка 1963 г. у купальнай частцы будынка пачаліся работы па абсталяванні планетарыя. Па ўказанні гарвыканкаму ў пачатку лістапада экспазіцыя была разабраная. Экспанаты перамешчаныя ў прыбудову да сабора, там раней знаходзіліся жылыя пакоі.

Менавіта тут былі створаны пастаянныя экспазіцыі, якія распавядалі пра гісторыю, культуру, прыроду Лідскага краю.


У 1964 г. асноўная праца супрацоўнікаў краязнаўчага музея была накіраваная на збор музейных прадметаў і дакументальных матэрыялаў для пабудовы новай экспазіцыі.

У лютым пры музеі працавала два гістарычныя гурткі. Юныя следапыты ў дапамогу музею вялі пошукавую працу па выяўленні сваякоў воінаў Савецкага Арміі, загінулых пры вызваленні горада Ліды ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у ліпені 1944 г.

Паколькі будынак знаходзіўся ў стадыі рамонту і не мог прымаць наведвальнікаў, грамадская праца праводзілася па-за музеем і была накіраваная на патрыятычнае выхаванне моладзі прадпрыемстваў і навучэнцаў школ горада і раёна ў адпаведнасці з мерапрыемствамі ў сувязі з падрыхтоўкай і правядзеннем 20-годдзя з дня вызвалення Беларусі, Ліды і Лідскага раёна ад фашыстаў.

Рамонт будынка некалькі зацягнуўся, бо пры хадайніцтве перад Саветам Міністраў СССР аб адкрыцці ў г. Лідзе планетарыя мелася на ўвазе, што рамонтныя работы (рамонт падлогі, страхі і інш.) будуць праводзіцца ва ўсім будынку музея, частка якога потым будзе скарыстаная пад планетарый. Але на пачатак рамонтных работ выявілася, што тэхнічная дакументацыя была складзеная толькі на тую частку будынка, якая павінна адысці пад планетарый і ў адпаведнасці з ёю Савет Міністраў БССР адпусціў грашовыя сродкі.

На працягу трох гадоў 1964-1966 гг. вялася праца па падрыхтоўцы да пабудовы новай экспазіцыі краязнаўчага музея. Распрацоўваліся тэматыка-экспазіцыйныя планы, складаліся эскізы.

З сярэдзіны ліпеня 1966 г. пачаліся работы па абсталяванні экспазіцыі гісторыі Савецкага перыяду па эскізах, распрацаваным мастакамі Гарадзенскіх вытворча-мастацкіх майстэрняў. Яны ж і выконвалі мастацка-афармляльніцкія работы па гэтым аддзеле.

Пад аддзел гісторыі Савецкага перыяду з агульнай плошчы будынка 280 м.кв. адведзена 164 м.кв. Экспазіцыя займала шэсць залаў, у якіх былі адлюстраваны наступныя тэмы:

1. Вялікая кастрычніцкая сацыялістычная рэвалюцыя і грамадзянская вайна.

2. Лідчына ў перыяд панавання буржуазнай Польшчы.

3. Уз'яднанне Заходняй Беларусі з БССР і сацыялістычныя ператварэнні на Лідчыне ў 1939-1941 гг.

4. Вялікая Айчынная вайна 1941-1945 гг.

5. Аднаўленне і далейшае развіццё народнай гаспадаркі ў 1944 - 1958 гг.

6. Прамысловасць горада ў Ліды ў сямігодцы.

7. Лідскі раён у сямігодцы.

8. Культура Лідчыны ў гады Савецкай улады.

Для раскрыцця гэтых тэм у экспазіцыі скарыстана 927 экспанатаў асноўнага фонду (фатаграфіі, узоры прадукцыі прамысловых прадпрыемстваў, дакументы, зброя, ордэны, медалі і інш.) Апроч гэтых матэрыялаў выраблены табліцы, дыярамы са статыстычнымі матэрыяламі, якія характарызуюць рост, дасягненні ў прамысловасці, у сельскай гаспадарцы.

У тэме "Вялікая Айчынная вайна" скарыстаныя карты і схемы. Адна з такіх схем, якая распавядае аб абароне Ліды ў пачатковы перыяд вайны, абсталявана асвятленнем. Усе матэрыялы ў гэтай тэме датычацца Лідчыны, акрамя невялікай колькасці агульных матэрыялаў, якія з'яўляюцца ўступнымі да тэмы (вітражы, плакаты, фотакопіі газет і інш.)

Тэма "Аднаўленне і далейшае развіццё народнай гаспадаркі 1944-1958 гг." раскрывалася ў адпаведнасці з рэкамендацыямі, выкладзенымі ў "Методыцы пабудовы экспазіцыі краязнаўчага музея па гісторыі пасляваенных гадоў 1945-1958 гг.", выдадзенай навукова-даследчым інстытутам музеязнаўства Міністэрства культуры СССР у храналагічнай паслядоўнасці. Дадзеная тэма была адлюстраваная ў асноўным пры дапамозе матэрыялаў дакументальнага характару, сярод якіх мноства фотаздымкаў, фотакопій, газетных артыкулаў, некаторых дакументаў і інш.

Наступная тэма "Прамысловасць горада Ліды ў сямігодцы" адлюстроўвала развіццё прамысловых прадпрыемстваў горада. Яна раскрывалася з дапамогай узораў прадукцыі, фотаздымкаў перадавікоў, саміх прадпрыемстваў і т.д.

У тэме "Лідскі раён у сямігодцы" у аснову пакладзеная спецыялізацыя калгасаў і саўгасаў, механізацыя сельскай гаспадаркі, як галоўны сродак ўздыму ўсіх галін сельскай гаспадаркі раёна. Паказаны перадавікі сельскай гаспадаркі, уганараваныя вышэйшымі Ўрадавымі узнагародамі за сваю працу.

Наступная тэма "Культура Лідчыны ў гады Савецкай улады" распавядала аб мастацкіх калектывах горада, аб дасягненнях у спорце, вялікая частка гэтай тэмы прысвечана літаратуры.

Перад тым, як змясціць той або іншы матэрыял у экспазіцыю, ён дбайна адбіраўся і ўзгадняўся з камісіяй Лідскага ГК КПБ і РК КПБ, быў зацверджаны рашэннямі бюро ГК і РК КПБ у верасні 1966 г.

Увесь этыкетаж быў дадзены на беларускай мове. У некаторых залах насценныя шчыты мелі сваё асвятленне апроч агульнага святла ў зале.

Экспазіцыя аддзела гісторыі Савецкага перыяду была адкрытая 23 лютага 1967 г. пасля яе прагляду камісіяй, у склад якой уваходзілі: першы сакратар Лідскага ГК КПБ Фамічоў Г.Ф., сакратар Лідскага РК КПБ Ніканава В.Е., старшыня Лідскага гарвыканкаму Сямёнаў А.С., загадчыкі аддзелаў прапаганды і агітацыі ГК і РК КПБ, інспектар Гарадзенскага абласнога кіравання культуры Апарцава К.А., дырэктар Гарадзенскага гістарычна-археалагічнага музея Собаль Н.І.

У наступныя гады ішла праца па афармленні экспазіцыі аддзелаў прыроды і гісторыі дасавецкага перыяду. Аўтарам эскізаў гэтай экспазіцыі быў мастак Гарадзенскіх мастацкіх майстэрняў дзяржфонду БССР Огнеў Сцяпан Дзмітрыевіч.

У 1970 г. уся праца праводзілася пад знакам сустрэчы 100-годдзя з дня нараджэння Ў.І. Леніна і падрыхтоўкі да чарговага ХХІV з'езду партыі.

У гонар 100 - годдзя з дня нараджэння Ў.І. Леніна была аформлена перасоўная вітрына, якая адлюстроўвала жыццё і дзейнасць правадыра.

У лютым пасля прагляду камісіяй былі адкрытыя аддзелы прыроды і дасавецкага перыяду. Плошча аддзела прыроды складала 60 м.кв. Аддзел уключаў наступныя тэмы:

1. Геаграфічная характарыстыка Гарадзенскай вобласці з вылучэннем Лідскага раёна на карце.

2. Гісторыя развіцця жыцця на зямлі.

3. Клімат Лідскага раёна.

4. Вясна.

5. Лета.

6. Восень.

7. Зіма.

8. Вадаёмы, лугі, лясы, балоты.

9. Ахова прыроды.

Экспазіцыя распавядала пра ўзнікненне жыцця на Зямлі,пра геалагічныя эпохі, пра асаблівасці прыроды, карысных выкапняў, глебаў, кліматычных умоваў, водны рэжым, расліннасць і жывёльны свет лугі, лясы, балоты і палі Лідскага раёна, пра карысную дзейнасць чалавека. Паказвалася сезоннае развіццё прыроды і асаблівасці кожнай пары года. Былі выстаўленыя пудзілы ласяняці, дзіка, дзікай казулі, чорнага бусла, лісы, балотнай савы і дзесяткі іншых звяроў, птушак, матылькоў. На кардонках размяшчаліся высушаныя расліны. У зашклёных нішах "плавалі" рыбы. Прыцягваў увагу таксама і зуб маманта, знойдзены на адным з берагоў Дзітвы.


Аддзел гісторыі дасавецкага перыяду займаў плошчу 56 кв.м. і складаўся з наступных тэм:

1. Родавая супольнасць старажытных паляўнічых.

2. Рассяленне ўсходніх славян і гісторыя горада Ліды.

3. Барацьба са знешнімі ворагамі.

4. Падзел Рэчы Паспалітай і далучэнне Лідчыны да Расіі.

5. Айчынная вайна 1812 г.

6. Этнаграфічны комплекс.

7. Развіццё беларускай літаратуры і мастацтва.

8. Прамысловыя прадпрыемствы горада.

9. Пралетарскі этап вызваленчага руху ў Расіі.

Экспазіцыя гэтага аддзела адкрывалася матэрыяламі каменнага веку, знойдзенымі на тэрыторыі раёна. Распавядалася пра жыццё першабытнага чалавека, былі паказаныя неалітычныя стаянкі, помнікі жалезнага веку.

Далей распавядалася пра перыяд феадалізму на тэрыторыі раёна, была паказаная гісторыя ўзнікнення горада Ліды.

Шырока асвятляліся такія падзеі як барацьба славян з агрэсіяй нямецкіх феадалаў, развіццё кнігадрукавання, край пад уладай літоўскіх і польскіх феадалаў, Айчынная вайна 1812 года, адмена прыгоннага права, развіццё капіталістычных адносін у 19-м стагоддзі.

У экспазіцыі былі размешчаныя крэмневыя прылады працы, матыкі, сякеры з каменю, даспехі рыцараў, кальчуга, крэмневыя пісталеты, капсульныя стрэльбы, прадметы побыту.

Адмысловая ўвагу прыцягваў куток курнай хаты з жоранамі, драўлянай ступай і шматлікімі прадметамі побыту.

У 1973-1976 гг. экспазіцыя аддзела гісторыі савецкага грамадства была перабудаваная. У аснову тэматыка-экспазіцыйнага плану быў закладзены прынцып больш шырокага і глыбокага раскрыцця тэмы шляхам уводзін у экспазіцыю найболей цікавага дакументальнага матэрыялу і рэчавых экспанатаў.

Афармляў экспазіцыю краязнаўчага музея мастак Менскага вытворчага камбіната А. М. Пуцейка - чалец Саюза мастакоў СССР. У створанай ім у садружнасці з супрацоўнікамі музея экспазіцыі асвятляліся наступныя тэмы:

1. Лідзяне - удзельнікі Кастрычніцкай рэвалюцыі і грамадзянскай вайны;

2. Лідскі Ваенна-рэвалюцыйны камітэт; першы суботнік у горадзе;

3. Вычын чырвонаармейцаў 37-га стралковага палка ў верасні 1920 года;

4. Лідчына 1920-1939 гг.;

5. Барацьба працаўнікоў Заходняй Беларусі за вызваленне;

6. Штрайкавы рух на Лідчыне;

7. Будаўніцтва новага жыцця пасля вызвалення ў верасні 1939 г.;

8. Вераломны напад гітлераўскай Нямеччыны;

9. Мужнасць і гераізм абаронцаў Радзімы;

10. Зверствы фашыстаў на акупаванай тэрыторыі;

11. Усенародная партызанская і падпольная барацьба і героі гэтай барацьбы на Лідчыне;

12. Удзельнікі вызвалення Лідчыны ў ліпені 1944 г.;

13. Пасляваеннае будаўніцтва;

14. Аднаўленне разбуранай вайной гаспадаркі;

15. Перадавікі вытворчасці і сельскай гаспадаркі;

16. Паспяховае выкананне заданняў 8-га пяцігадовага плану;

17. Планы на 9-ую пяцігодку.


Увосень 1979 г. у экспазіцыі залы "Край пад прыгнётам буржуазна-памешчыцкай Польшчы" былі змешчаныя матэрыялы пра ўдзельніка штрайку 1935 г. на шклозаводзе "Нёман" М.А. Лебедзева - фатаграфія, паэма "З гадоў змагання і прыгнёту".

У канцы 1979 года была створаная экспазіцыя "Лідзе - 600". У экспазіцыі распавядалася пра развіццё прамысловасці, адукацыі, культуры і спорту ў горадзе.

У тым жа годзе былі арганізаваныя выставы твораў дэкаратыўна-прыкладнага мастацтва народных умельцаў Лідчыны. Многія экспанаты выставы 1987 г. былі адабраныя на абласную і рэспубліканскую выставы, а работы А.А. Пякарскага і Б.П. Круглага экспанаваліся на Ўсесаюзнай выставе народнай творчасці ў Маскве.

Дзейнасць музея вялася ў адпаведнасці з тагачаснымі ідэалагічнымі нормамі і ўстаноўкамі. Так, у 1980 годзе, калі ўвесь Савецкі Саюз адзначаў 110 гадоў з дня нараджэння У.І. Леніна ў музеі праводзіліся тэматычныя экскурсіі:

"Ідзём дарагою Леніна, дарогай Кастрычніка",

"Людзі ленінскай гвардыі",

"Справа Леніна жыве і перамагае".

Праводзіліся лекцыі і гутаркі:

"Рэвалюцыйныя традыцыі ў краі",

"Нашы землякі - удзельнікі рэвалюцыйных падзей у Петраградзе",

"Партызанскі і падпольны рух у краі ў гады Вялікай Айчыннай вайны",

"Іх вычын - несмяротны",

"Помнікі горада распавядаюць",

"Іх імёнамі названыя вуліцы горада",

"Яны абаранялі Радзіму",

"Аперацыя Баграціён" і інш.

У гэты ж час Ліда адзначала прыдуманае 600-годдзе, гэтай даце прысвячаліся экскурсіі:

"Лідскі замак - гістарычны цэнтр горада",

"Ад Ліды старажытней да Ліды сучаснай",

"Мой родны кут, як ты мне мілы",

"Наш край за гады савецкай улады".

Працаваў атэістычны лекторый:

"Прырода аспрэчвае рэлігію",

"Ім і без бога - светлая дарога".

Праводзіліся ўрокі - экскурсіі па аддзеле прыроды:

"Ленінскія прынцыпы аховы прыроды",

"Флора і фаўна Лідчыны" і інш.

У залах музея праводзіліся:

- аглядныя экскурсіі па аддзелах і ўсяму музею,

- сустрэчы з ветэранамі партыі, камсамолу, грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў, перадавікамі вытворчасці,

- урокі мужнасці і працоўнай славы,

- піянерскія зборы,

- кансультацыі па розных пытаннях краязнаўства,

- тэматычныя вечары,

- вусныя часопісы.

Для навучэнцаў школ па вучэбнай праграме праводзіліся аглядныя і тэматычныя экскурсіі.


Чарговая перабудова экспазіцыі савецкага перыяду пачалася ў 1985 г. і працягвалася чатыры гады - да 18 траўня 1989 г.

У 1986 - 1988 гг. праца калектыву Лідскага краязнаўчага музея была накіраваная на выкананне і прапаганду рашэнняў ХХVII з'езду КПСС, наступных пленумаў ЦК КПСС, на годную сустрэчу 70-годдзя Вялікага Кастрычніка. Асноўная ўвага надавалася афармленню новай экспазіцыі па аддзеле гісторыі савецкага перыяду, у прыватнасці па тэме пасляваеннага будаўніцтва і аднаўлення разбуранай гаспадаркі.

У гэтай тэме асноўная ўвага надавалася прамысловасці. Былі прадстаўлены новыя ўзоры прадукцыі, замененыя фотаздымкі, дабаўленыя новыя плакаты, рэкламныя буклеты з лепшай прадукцыяй.

Пасля экспазіцыі музея не перабудоўваліся, праводзіліся толькі невялікія "праўкі" - у 1993 г. былі знятыя матэрыялы аб вядучай ролі камуністычнай партыі. У 1995 г. размешчаны на стэндзе археалагічныя знаходкі школьнага настаўніка Ф.Ф. Барташэвіча - каменныя сякеры, гліняныя чарапкі, крэмневыя праколкі, скрабкі, наканечнікі, сабраныя ім у в. Збляны.

У 90-я гады музей запрашаў на экскурсіі па тэмах:

- Геаграфічнае становішча і прыродныя ўмовы роднага краю.

- Прыродныя рэсурсы і эканамічнае развіццё Лідчыны.

- Поры года. Прырода Лідчыны і яе ахова.

- Раслінны і жывёльны свет Лідчыны.

- Птушкі - нашы сябры.

- Наш край у далёкім мінулым.

- Лідскі замак - гістарычны цэнтр горада.

- Побыт і этнаграфія роднага краю.

- Вялікая Айчынная вайна (партызанскі рух на Лідчыне, героі Лідскага падполля, вызваленне Лідчыны).

- Помнікі горада распавядаюць.

- Прадпрыемствы горада і новыя кірункі ў развіцці эканомікі.

- Сельская гаспадарка раёна ў сучасны перыяд.

- Развіццё народнай адукацыі, медыцыны, культуры на Лідчыне.

Да 1998 г. у дзесяці залах на 317 кв. м. размяшчаліся тры аддзелы: прыроды і далёкага мінулага - на першым паверсе, сучаснага перыяду - на другім.

Экспазіцыя адлюстроўвала прыродныя асаблівасці краю, яго мінулае і сучаснасць. Спецыфіка гістарычнага развіцця Лідчыны раскрывалася тэмай "Край у далёкім мінулым" - на стэндах месціліся прылады працы каменнага веку, манеты з археалагічных раскопак Лідскага замка.

У этнаграфічным кутку экспанаваліся прадметы працы і побыту канца 19-га - пачатку 20-га стагоддзя, а таксама ткацтва: калаўротак, прасніца, матавіла, сукала, ручнікі, посцілкі, бурнос і інш.

Савецкі перыяд раскрываўся тэмай "Вялікая кастрычніцкая сацыялістычная рэвалюцыя", у якой знаходзіліся дакументы і матэрыялы пра лідскіх удзельнікаў рэвалюцыі, пра ўтварэнне БССР.

Тэма "Край у складзе буржуазнай Польшчы" была прадстаўленая матэрыялам аб штрайкавым руху, экспанавалася карціна М. М. Меранкова "Ліда дарэвалюцыйная", адзін з нумароў часопіса "Зямля Лідская" на польскай мове. Акрамя таго экспанаваліся ўзоры прадукцыі прамысловых прадпрыемстваў, матэрыялы па народнай адукацыі, культуры, спорту, сельскай гаспадарцы. Быў прадстаўлены матэрыял пра беларускую паэтэсу, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі імя Я. Купалы Д. Бічэль-Загнетаву.

Апошнім скончыла працу зала, прысвечаная падзеям Вялікай Айчыннай вайны. Там экспанаваліся асабістыя рэчы камандзіра Лідскай партызанскай зоны Гапеева Я.Д., узнагароды разведчыка Рыбіноўскага В.А., партызана Бялецкага М.І., палкоўніка Растоўцава А.Д., прадметы і дакументы ўдзельнікаў Лідскага падполля, асабістыя рэчы М. Выдайкі, загінулага пры вызваленні горада, фуражка камандзіра 3-га кавалерыйскага корпуса Н. Аслікоўскага, кравецкая прылада партызана атрада "Іскра" І. Туруткіна, парадная форма генерала Ў. Ігнаццева.

Усе залы музея працавалі да 1 чэрвеня 1998 г., але ў сувязі з перадачай будынка Наваградска- Лідскай епархіі экспазіцыя была дэмантаваная.


У 1996 г. было прынята рашэнне аб перадачы былога касцёла піяраў праваслаўнай грамадзе Ліды. Музею быў выдзелены будынак былога Салона сямейных урачыстасцяў, у якім размяшчалася Лідская мастацкая галярэя.

У 1999 г. музей змяніў сваё месцазнаходжанне і пераехаў на вуліцу Перамогі, 37а.

У лютым 2000 г. Лідскім гарвыканкамам было прынята рашэнне аб аб'яднанні краязнаўчага музея і мастацкай галярэі "Лідзея" у адну ўстанову - Лідскі гістарычна-мастацкі музей.

 Адкрыццё Лідскага гістарычна-мастацкага музея пасля рамонту 4 кастрычніка 2008 года.

4 кастрычніка 2008 года, пасля працяглага рамонту, Лідскі гістарычна-мастацкі музей зноў гасцінна расчыніў дзверы для сваіх наведвальнікаў. Адкрыццё музея прымеркавалі да юбілею горада - 685 годдзя. Святочную стужку перарэзалі старшыня райвыканкаму А.Худык і начальнік упраўлення культуры аблвыканкаму А. Лойка. Асвяціў будынак рхіепіскап Наваградскі і Лідскі Гурый.

4 кастрычніка 2008 года адкрыта першая пастаянная экспазіцыя ў новым будынку музея "Прырода Лідчыны". Экспазіцыя распавядае пра жывёльны і раслінны свет нашага краю, тут можна ўбачыць чучалы жывёл і птушак лясоў, палёў, балот, вадаёмаў Лідчыны, даведацца пра асаблівасці пор года ў рэгіёне. Наведвальніка пастаянна суправаджаюць гукі птушак і дадатковы відыёматэрыял.

Калектыў Лідскага гістарычна-мастацкага музея пастаянна знаходзіцца ў пошуку новых форм работы ў музейнай прасторы. Супрацоўнікі музея імкнуцца да эфектыўнай працы з рознымі катэгорыямі наведвальнікаў. У цяперашні час у музеі працуюць тры выставачныя залы, дзе праводзяцца выставы па рознай тэматыцы і кірунках.

Супрацоўнікі музея вялікую ўвагу ўдзяляюць распрацоўцы і ўкараненню новых форм і метадаў працы, як са школьнікамі і студэнтамі, так і з дарослым насельніцтвам.

Гэта камерцыйныя выставы, выставы з калекцый іншых музеяў, экспанаванне прыватных калекцый, выставы аднаго дня і аднаго прадмета, вулічныя вернісажы, музычныя сустрэчы, вечарыны, літаратурна-музычныя гасцёўні.

Гасцей і жыхароў горада зацікавіла выстава з фондаў музея "Час і лёс", якая пазнаёміла наведвальнікаў з калекцыяй гадзіннікаў, распавядала пра гісторыю і падзеі Лідчыны, лёсы людзей.

Вынікам працы з наведвальнікамі на гэтай выставе стала перадача ў фонды музейных прадметаў - гадзіннікаў, дакументаў, якія сталі добрым папаўненнем музейнага збору.

Выстава "Скарбы роднага краю" была прысвечана калядным і навагоднім святам. На ёй экспанаваліся прадметы ткацтва, вышыўкі, вязання, вырабы з саломы, лазы, скуры і г.д. На базе выставы праводзіліся выступленні фальклорнай групы з паказам фрагментаў калядавання, было арганізавана тэатралізаванае прадстаўленне "Батлейка" на калядную тэматыку.

Стала традыцыяй у музеі правядзенне ў лістападзе і сакавіку выставы "Свет кветак", удзельнікамі якой з'яўляюцца мясцовыя кветкаводы. На базе выставы праводзяцца сустрэчы з аматарамі-кветкаводамі, прэзентацыі рэдкіх раслін.

Кожны год у музеі праводзіцца выстава-продаж "Свет камянёў", прапанаваная ўдзельнікамі з Расіі і Беларусі.

Зацікавіла наведвальнікаў выстава з прыватнай калекцыі Р. Махмудава "Халодная і агнястрэльная зброя", на якой супрацоўнікамі музея былі арганізаваны экскурсіі, сустрэчы з калекцыянерам. Пад час працы выставы жыхары горада пазнаёміліся з рознымі відамі халоднай і агнястрэльнай зброі, а таксама пашырылі веды пра этапы развіцця зброі ў розныя перыяды гісторыі.

У Год здароў'я сумесна з Гандлёвай палатай Рэспублікі Беларусь правялі свята мёду і здароўя "Мядовы кірмаш". У праграму ўваходзіла дэгустацыя, продаж мёду і прадуктаў пчолагадоўлі, культурная праграма, экспанаваліся прадметы бортніцтва з фондаў музея.

Выстава карцін Рэрыхаў "Запаведная краіна" была прымеркавана да 80-ці годдзя Цэнтральна-Азіяцкай экспедыцыі і праходзіла пад дэвізам С. Рэрыха "Давайце будзем імкнуцца да прыгожага". Гэты сумесны праект Лідскага музея і Міжнароднага цэнтра-музея Рэрыхаў г. Масквы быў прадстаўлены жыхарам і гасцям нашага горада. Выстава знаёміла з дзейнасцю сям'і Рэрыхаў, творчасцю бацькі і сына, іх укладам у сусветную культуру на прыкладзе сапраўдных работ. Выставу наведала 1243 чалавекі, праведзена 65 тэматычных экскурсій.

Да 65-ці годдзя з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў падрыхтаваны цыкл мерапрыемстваў у рамках акцыі "Мы пераможцы - мая Лідчына". Працуе выстава "Дарогамі вайны", тут прадстаўлены музейныя прадметы: дакументы, асабістыя рэчы ўдзельнікаў ваенных падзей, фотаздымкі, узнагароды.

Да 50-ці годдзя заснавання музея ў г. Лідзе быў распрацаваны праект "Тыдзень у жыцці музея", дзе былі прапанаваны наступныя мерапрыемствы: выстава "Мастак і час", літаратурна-музычная гасцёўня "Мой родны горад", вечар-сустрэча з былымі супрацоўнікамі музея "Званы вечар при свечках".

У год Роднай зямлі падрыхтавана і працавала выстаўка "Вандроўкі па роднай зямлі ў год Роднай зямлі" - мастацкія работы вучняў школ горада, а таксама выстава адной карціны "Уздоўж па Віленскай", якая знаёміла наведвальнікаў з гісторыяй вуліцы Савецкай.

Для маладажонаў дзейнічае праект "Сямейны партрэт на фоне гісторыі". У фае музея месціцца скульптура "Благаслаўленне зямлі", якая з'яўляецца сімвалам нашых продкаў, яна была асвечана святарамі Лідчыны і нібыта дабраслаўляе ўсіх наведвальнікаў музея на здзяйсненне ўсіх іх мар і задумак. Менавіта таму, да скульптуры ў першую чаргу і звяртаюцца закаханыя маладыя пары, каб атрымаць дабраслаўленне ад нашых продкаў.

Навуковымі супрацоўнікамі Лідскага гістарычна-мастацкага музея распрацаваны вясельны праект і ў сценах Лідскага замка - "Вяселле ў замку сярэднявечча".

Маладым разам з гасцямі прапануецца наведаць вежу Лідскага замка, дзе на адным з паверхаў іх чакае накрыты стол у сярэднявечным стылі. Памяшканне асвятляецца пры дапамозе свечак, гучыць сярэднявечная музыка, створана рамантычная атмасфера.

На прыканцы для гасцей праводзіцца экскурсія, якая распавядае пра гісторыю замка. А маладажоны маюць магчымасць зрабіць фотаздымкі на памяць.

Калектыў навуковых супрацоўнікаў дзяржаўнай установы "Лідскі гістарычна-мастацкі музей" выконвае адну з галоўных задач навукова-асветніцкай работы - выхаванне грамадзяніна-патрыёта сваёй краіны.

Дырэктарамі Лідскага краязнаўчага музея (з лютага 2000 г. - Лідскі гістарычна-мастацкі музей) з моманту яго адкрыцця 24 лютага 1959 года былі:

1. Шуціла Яўген Канстанцінавіч, 1959 - 1963 гг.

2. Іваноў Мікалай Ісаевіч, 1963 - травень 1969 гг.

3. Бобрык Іван Антонавіч, травень 1969 - чэрвень 1970 гг.

4. Хотылеў Міхаіл Анісімавіч, чэрвень 1970 - 1976 гг.

5. Брэйва Яўген Сяргеевіч, 1976 - 1978 гг.

6. Стажэйка Эльвіна Васільеўна, снежань 1978 - 1981 гг.

7. Цімашэўскі Іван Францавіч, 1981 - 1991 гг.

8. Драб Ганна Мікалаеўна (в. а.), 1991 - 1992 гг.

9. Кузняцоў Уладзімір Васільевіч (в. а.), 1992 - 1994 гг.

10. Жалезны Рыгор Мікалаевіч, 1.11.1994 - 2005 гг.

11. Цыганец Валянціна Вацлаваўна, 2005 - 4.05.2006 гг.

12. Драб Ганна Мікалаеўна, з 15.10.2006 г.


Музейныя фонды

Камплектаванне матэрыялаў музейнага збору - найважны кірунак навуковай працы Лідскага краязнаўчага музея. Яно ў значнай ступені вызначае ўзровень навукова-даследчай, экспазіцыйнай і адукацыйна-выхаваўчай дзейнасці музея.

Склад музейнага фонду фармуецца ў першую чаргу згодна з профiлем музея і патрэбамі будучай экспазіцыі, а таксама згодна з праграмай камплектавання музейных фондаў. Пры камплектаванні ўлічваецца прынцып тэрытарыяльнасці, у першую чаргу ахоплівюцца межы сучаснага Лідскага раёна, а таксама храналагічныя рамкі калекцый (10 тыс. год да н.э. - 21 ст.)

На 1 студзеня 2009 года ў фондавым зборы налiчваецца 37 222 адз. асноўнага фонду i 5520 адз. навукова-дапаможнага.

Музейны збор да апошняга часу фармаваўся пераважна зыходзячы з краязнаўчага профiлю музея. З 2000 г. ўвага надаецца пашырэнню мастацкіх калекцый.

Музейны збор Лiдскага гiстарычна-мастацкага музея па сваёй структуры складаецца з асноўнага, абменнага, навукова-дапаможнага фондаў.

Музейны фонд складаецца з 25 калекцый: "Археалогія", "Нумізматыка", "Баністыка", "Фалерыстыка", "Жывапіс", "Графіка", "Скульптура", "Дэкаратыўна-прыкладное і народнае мастацтва", "Дакументы", "Друкаваныя выданні", "Шкло", "Кераміка", "Сфрагістыка", "Зброя", "Адзенне", "Музычныя інструменты", "Мэбля", "Прылады працы і прыстасаванні", "Прадметы побыту", "Прыборы і апараты, механізмы і дэталі механізмаў", "Фотадакументы", "Кінафонадакументы", "Біялогія", "Геалогія", "Вексілалогія".


Калекцыя "Археалогія"

Калекцыя налiчвае больш за 18 тысяч адзiнак захоўвання. Яна сфармавалася ў вынiку раскопак старажытных стаянак (10 - 2 тысячагоддзі да н. э.) на тэрыторыi Лiдскага раёна каля вёсак Белiца, Бурносы, Ганчары, Даржы, Збляны, Пескаўцы, Шчурок. Сярод знаходак вялікую цікавасць складаюць крамянёвыя прылады працы (скобелі, скрабкі, праколкі), каменныя сякеры, касцяная матыка, фрагменты шнуравой керамікі

Асноўная колькасць прадметаў у калекцыі "Археалогія" - знаходкі з Лідскага замка. Сярод іх прылады працы, зброя, архітэктурна-будаўнічая кераміка, фрагменты кухоннага і сталовага посуду.


Калекцыя "Нумізматыка"

Калекцыя пачала фармавацца ў 1959 г. з манеты 77 пяхотнага палка г. Ліды ў адзін злоты. Яна змяшчае 2535 адзінак захоўвання. Гэта солiды, талеры, злотыя, грошы, капейкi, рублi, пфенiнгi, якія характарызуюць грашовую сістэму краін Еўропы на працягу 15-20 стагоддзяў. Асаблiвую цiкавасць ўяўляюць 2 скарбы, у прыватнасцi скарб з 622 манет канца 18 стагоддзя, выяўлены падчас будаўніцтва 8-й школы (цяпер музычная навучальня) на месцы былога Кармеліцкага кляштара.


Калекцыя "Баністыка"

Калекцыя пачала фармавацца ў 1961 г. Яна налічвае каля 1000 адзінак захоўвання і складаецца з асігнацый Расійскай імперыі, Германіі, Польшчы, СССР і Рэспублікі Беларусь 19-21 стст.


Калекцыя "Фалерыстыка"

Калекцыя пачала фармавацца з 1959 г. з музейнага прадмета - крыж польскі за мужнасць. Яна ўключае 1144 адзінкі захоўвання. Складаецца з баявых і працоўных узнагарод СССР, Польшчы і Германіі 20 ст. У калекцыю ўваходзяць юбілейныя і памятныя значкі і жэтоны 20 ст., якія звязаны з гісторыяй Лідчыны.


Калекцыя "Сфрагістыка"

Калекцыя пачала фармавацца ў 1983 г. з пячаткі авальнай формы "FABRYKA MUDKA "RAKTA" LIDA". Калекцыя ўключае пячаткі, штампы ўстаноў і прадпрыемстваў 20 ст. Змяшчае 22 адзінкі захоўвання.


Калекцыя "Вексілалогія"

Калекцыя пачала фармавацца ў 1982 г. з музейнага прадмета - вымпел "За высокую культуру производства", які быў уручаны Лідскай абутковай фабрыцы. Уключае штандары, сцягі, вымпелы, якімі ўзнагароджваліся прадпрыемствы Лідчыны па выніках працы (1950-1980 гг.). Змяшчае 39 адзінак захоўвання.


Калекцыя "Прыборы і апараты, механізмы і дэталі механізмаў"

Калекцыя пачала фармавацца ў 1964 г. з музейнага предмета - патэфон, г. Молатаў. Калекцыя складаецца з гадзіннікаў, друкарскіх машынак, бытавой тэхнікі 20 ст. Змяшчае 51 адзінку захоўвання.


Калекцыя "Прылады працы і прыстасаванні"

Калекцыя пачала фармавацца ў 1960 г. са сталярнага інструмента, які належаў Кісламу Л.І. з в. Альхоўка. Калекцыя складаецца з сельскагаспадарчага і рыбалоўнага інвентару, прылад для апрацоўкі ільну, кроснаў і іншых прыстасаванняў 20 ст. Змяшчае 79 адзінак захоўвання.


Калекцыя "Дакументы"

Калекцыя пачала фармавацца ў 1959 г. з прадмета "Пуцёўка камсамольская", выдадзеная Юршу В.А. Яна змяшчае 2605 адзінак захоўвання. Гэта перапiска праваслаўных святароў, iнвентары, дагаворы, квiтанцыi, акты, касавыя справаздачы, пасведчаннi, ганаровыя граматы, дыпломы 19-20 стагоддзяў. У склад калекцыі ўваходзяць асабістыя дакументы ганаровых грамадзян горада.


Калекцыя "Фотаматэрыялы"

Калекцыя пачала фармавацца ў 1959 г. Калекцыя складаецца з фотаздымкаў удзельнiкаў Вялікай Айчыннай вайны, ганаровых грамадзян г. Ліды, спартсменаў, мастакоў, настаўнiкаў, воiнаў-iнтэрнацыяналiстаў, дэпутатаў, удзельнiкаў асваення цалiнных зямель, а таксама выяў гарадскiх будынкаў, вiдаў вулiц, плошчаў, помнiкаў, прамысловых будынкаў i iнш. У яе складзе 5036 адзінак захоўвання (19 - пач. 21ст.).


Калекцыя "Жывапіс"

Калекцыя пачала фармавацца ў 1959 г,, уключае творы сучасных прафесійных і самадзейных мастакоў: Гоманава А., Савіцкага М., Меранкова М.,Судара А., Мельнікава У., Лук'ян В, Лазоўскага М.I., В'югiна А.А., Марозава М.М. і інш., а таксама абразы 19-20 ст. У яе складзе 204 адзінкі захоўвання.


Калекцыя "Графіка"

Калекцыя пачала фармавацца ў 1960 г. Яна змяшчае творы прафесійных і самадзейных мастакоў: Асташова А., Судара А., Лук'ян Т., Сільвановіча В. і інш. Складаецца з 83 музейных прадметаў.


Калекцыя "Скульптура"

Калекцыя пачала фармавацца ў 1960 г. з прадмета "Бюст "Алаіза Цётка", аўтар Заспіцкі А.М. Уключае творы скульптараў Вараб'ёва В.М, Грушы Р.Б., скульптуры малых форм невядомых аўтараў. Складаецца з 20 музейных прадметаў.


Калекцыя "Шкло"

Калекцыя пачала фармавацца ў 1980 г. з набору кілішкаў і фужэраў шклозавода "Нёман" аўтара Жыгалкіна. Складаецца з посуду 1920-50 гадоў, узораў прадукцыі шклозавода «Нёман», мастацкiх работ У.С. Мурахвера, Л.М. Мягковай, Г.А. Сідарэвіч, У.М. Жохава, сувенірнай прадукцыі ХХ ст. У яе складзе звыш за 500 адзінак захоўвання.


Калекцыя "Кераміка"

Калекцыя пачала фармаваццца ў 1960 г. з кубка маёра Выдайкі Н.Ф. Яна складаецца з прадметаў побыту лідзян (збаны, глякі, міскі). Сюды ўваходзяць прадметы вырабленыя з фарфору, якія датуюцца 20 ст.: сталовы посуд, у тым ліку завода Кузняцова i посуд прадпрыемстваў 1950 - х гадоў. Калекцыя налічвае больш за 200 адзінак захоўвання.


Калекцыя "Узбраенне"

Калекцыя пачала фармавацца ў 1959 г. з музейнага прадмета "Аўтамат нямецкі 1943 г.". У яе ўваходзяць прадметы канца 18 - 20 ст., складаецца з 41 адзінкі халоднай зброі і 56 адзінак агнястрэльнай зброі.

Падкалекцыя "Халодная зброя" прадстаўлена палашамі, шаблямі, цесакамі.

Падкалекцыя "Агнястрэльная зброя" мае ў сваім складзе ружжы, пісталеты вытворчасці Расіі і Германіі, а таксама ўзоры ваеннага ўзбраення часоў Першай і Другой Сусветных войн.


Калекцыя "Прадметы побыту"

Калекцыя пачала фармавацца ў 1959 г. музейнага прадмета - Сумка санітарная санчасткі парты-занскага атрада "Іскра". Калекцыя ўключае прадметы асабістага і хатняга ўжытку, рэчы iнтэр'еру, посуд, канцылярскія прадметы, спартыўны інвентар, цацкі і лялькі, абрадавыя прадметы - 19-21 ст. Калекцыя налічвае звыш 960 адзінак.


Калекцыя "Адзенне"

Калекцыя пачала фармавацца ў 1959 г. з музейнага прадмета "Кіцель Радзюка Т.С.". Калекцыя складаецца з цывільнага, форменнага вайсковага перыяду Другой Сусветнай вайны, спартыўнага (футбольнай каманды "Абутнік") i школьнага адзення, а таксама змяшчае народныя строi, адзенне служыцеляў культу, галаўныя ўборы i абутак мясцовай вытворчасцi 20 - пачатаку 21 ст. Калекцыя складаецца са 173 адзінак захоўвання.


Калекцыя "Кіна-фонадакументы"

Калекцыя пачала фармавацца ў 1964 г. з музейнага прадмета "Кінафільм "Славное 20-летие", ліпень 1964 г. Калекцыя складаецца з 323 адзінак захоўвання, якія датуюцца 1948 - 2003 гг. Уключае грампласцiнкi з запiсамi савецкiх i замежных выканаўцаў, кампакт -дыскi сучасных мясцовых выканаўцаў.


Калекцыя "Мэбля"

Калекцыя пачала фармавацца ў 2000 г. з музейнага прадмета "Крэсла драўлянае" з в. Сялец. Уключае крэслы, стол, буфеты, этажэркi, шафу. Налічвае 14 адзінак захоўвання, якія датуюцца 19-20 стст.


Калекцыя "Музычныя iнструменты"

Калекцыя пачала фармавацца ў 1962 г. з музейнага прадмета "Гітара Зоі Кудачовай", падпольшчыцы г. Ліды. Калекцыя змяшчае гiтару, балалайку, цымбалы, гармонік, скрыпку 1950-х гадоў, пiянiна (1895 год, Германія) - усяго 7 адзінак захоўвання.


Калекцыя "Дэкаратыўна-прыкладное і народнае мастацтва"

Калекцыя пачала фармавацца ў 1996 г. з вырабу разьбяра па дрэву М. Рыжкевіча "Карэц драўляны". Калекцыя ўключае вырабы з соломкi, дрэва, вышыўкi 20-50 гадоў 20 ст., выцiнанкi пачатку 21 ст., пляценне з лазы i саломы, вырабы з каранёў сасны i карэльскай бярозы (сярэдзіна 20 ст). З сучасных твораў трэба адзначыць габелены Н. Вараксы, мастацкія вырабы з саломы С. Паплаўскай, Н. Ларыёнавай. Калекцыя складаецца з 207 адзінак захоўвання.


Калекцыя "Друкаваныя выданні"

Калекцыя пачала фармавацца ў 1996 г. з кнігі А. Абрамава "У кремлёвской стены", перададзенай у дар А. Крышнёвым. Калекцыя змяшчае кнiгi 19 - 21 ст.: мемуарную лiтаратуру з аўтарскiмi надпiсамi, зборнiкi мясцовых пiсьменнiкаў i паэтаў, брашуры, а таксама буклеты, выданні мясцовай друкарні, перыёдыку ( "Лідская газета", "Прынеманские вести", "Наша слова", "Лідскі летапісец", "Оникс") - больш за 1200 адзінак захоўвання.


Калекцыі "Біялогія" і "Геалогія"

Калекцыі пачалі фармавацца ў 1959 г. Яны ўключаюць у сябе аб'екты прыроды - чучалы жывёл і птушак, карысныя выкапнi (мел, гравій, торф). Налічваюць 179 адзінак захоўвання.


У Лідскі музей часта звяртаюцца па дапамогу розныя катэгорыі насельніцтва горада і раёна. Часцей за ўсё дапамога патрабуецца студэнтам вышэйшых навучальных устаноў, каледжаў, вучням школ. Яны выкарыстоўваюць матэрыял для напісання рэфератаў, курсавых і кантрольных работ. З гэтай мэтай у музеі створаны адкрыты фонд. Адкрытым ён завецца таму, што ў ім утрымоўвацца такія матэрыялы, якія даступныя кожнаму чалавеку, як супрацоўніку музея, так і простаму наведвальніку. Адкрыты фонд складаецца з 237 фондавых спраў (кожная справа ўмоўна завецца "фонд") і мае тэматычны назоў. У кожны фонд уваходзіць некалькі дакументаў, якія ўтрымоўваюць матэрыялы, што раскрываюць дадзеную тэму.

Матэрыялы складаюцца ў асноўным з газетных выразак, выпісак з кніг і часопісаў, ксеракопій дакументаў, запісаных успамінаў землякоў, лістоў і паштовак удзельнікаў розных падзей, фотаздымкаў, карт рэгіёна. На адкрыты фонд зроблены падрабязны вопіс.

Пачынаецца фонд матэрыяламі аб старажытнай Лідчыне. Спачатку ідзе пералік літаратуры і іншых крыніц, з якіх можна дазнацца пра гісторыю горада і раёна. Асобная справа распавядае пра знакамітых людзей. Тут знаходзяцца фотаздымкі, ксеракопіі і іншыя матэрыялы. Утрымоўваецца таксама шмат інфармацыі пра раскопкі ў Лідскім замку, якія праводзіліся на працягу 20 ст., а таксама пра сам замак.

Далей ідуць матэрыялы, якія распавядаюць пра лютаўскую буржуазна-дэмакратычную і кастрычніцкую сацыялістычныя рэвалюцыі. Цікавая інфармацыя знаходзіцца ў раздзеле "Лідскі ваеннарэвалюцыйны камітэт і грамадзянская вайна". Маюцца дадзеныя пра ўдзельнікаў тых падзей і іх далейшыя лёсы.

Пры зборы матэрыялаў адмысловая ўвага надавалася падзеям Вялікай Айчыннай вайны на Лідчыне. Гэтая тэма самая вялікая і найболей распрацаваная. Яна адлюстраваная з дапамогай шматлікіх фотаздымкаў і ўспамінаў удзельнікаў вайны, а гэтак жа копіямі дакументаў і газетнымі выразкамі.

Наступнымі з'яўляюцца фонды пра прадпрыемствы горада і раёна, пра сельскую гаспадарку.

Далей распавядаецца пра народную адукацыю і культуру. Сабрана інфармацыя пра заслужаных настаўнікаў, пісьменнікаў, мастакоў.

У асобнай справе знаходзяцца матэрыялы, якія тычацца фізкультуры і спорту на Лідчыне. Гэта ў асноўным выразкі з газет, фотакопіі грамат, дыпломаў.

Шмат матэрыялаў знаходзіцца ў фондзе "Помнікі". Там распавядаецца пра археалагічныя, архітэктурныя помнікі гісторыі і культуры. Кожны помнік сфатаграфаваны і да яго прыкладаецца тэкст (калі такі маецца на помніку).

Завяршаецца адкрыты фонд справамі пра кіраўніцтва горада. Спачатку ідзе інфармацыя пра даваеннае кіраўніцтва, а затым пра пасляваеннае і цяперашняе. Дадзеная тэма раскрываеца пры дапамозе фотаздымкаў, аўтабіяграфій, успамінаў і іншай інфармацыі.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX