Музеі Лідчыны
Пытанне, як выхаваць вучня ў сучасных умовах, калі ў грамадстве рашуча мяняецца спосаб жыцця, як пераадолець у асяроддзі падлеткаў страту патрыятызму, хвалюе педагогаў. Задача фармавання грамадзянскай сталасці школьнікаў, пачуцця нацыянальнай самасвядомасці, палітычнай і маральнай адказнасці ніколі не стаяла так востра, як цяпер. Для вырашэння яе неабходны кардынальна новы падыход, які адпавядаў бы сучасным сацыяльна-эканамічным і духоўным умовам нашага жыцця.
Відавочна, што выхаванне грамадзяніна разглядаецца сёння як адзін з кірункаў нацыянальнага адраджэння, рэстаўрацыі агульначалавечых каштоўнасцяў. Асэнсаванне пачуцця прыналежнасці да супольнасці грамадзян сваёй Радзімы, безумоўна, дапаможа зарыентавацца ў барацьбе поглядаў, ідэй, характэрных для сучаснага грамадства. Яно будзе садзейнічаць пераадоленню сярод падрастаючага пакалення забыцця патрыятычных пачуццяў, праяўлення бездухоўнасці.
Школьнаму музею належыць важнае месца ў выхаванні вучнёўскай моладзі, забеспячэнні захаванасці каштоўнасцяў гісторыі, культуры, прыроды, а таксама ў пашырэнні сярод вучняў ведаў пра значныя падзеі мінуўшчыны і сучаснасці.
Дзякуючы музею, педагагічныя работнікі праз канкрэтныя матэрыялы і факты ўплываюць на фармаванне светапогляду вучняў, выхоўваюць у іх такія якасці, як патрыятызм, грамадзянскі абавязак, адказнасць.
Ідэя стварыць школьны музей з'явілася ў сярэдзіне 80-х гадоў мінулага стагоддзя. І, магчыма, гэтая ідэя засталася б марай, каб не дапамог яе ўвасобіць у жыццё былы старшыня калгаса "Бердаўка", руплівы гаспадарнік, сапраўдны патрыёт нашай Бацькаўшчыны Каранюк Аляксандр Аляксандравіч. Гэта ён праявіў зацікаўленасць, ініцыяваў некалькі паездак у музеі гарадоў Ліды, Гародні, вёскі Камянюкі, што ў Белавежскай пушчы, і Гудзевічы Мастоўскага раёна. Мы атрымалі метадычную дапамогу ад навуковых супрацоўнікаў Лідскага музея і кансультацыю вядомага беларускага краязнаўца Алеся Белакоза.
Пад музей вырашылі прыстасаваць адно з памяшканняў старой школы, а да гэтага дом польскага асадніка. Калгас выдзеліў сродкі, рабочых, аплаціў працу мастака-афармляльніка. Паралельна з гэтым вучні школы і настаўнікі вялі збор экспанатаў па гісторыі і этнаграфіі нашага краю.
Галоўная задача, якая ставілася перад педагагічным і вучнёўскім калектывам, - па крупінцы сабраць расцярушаную часам гістарычную і духоўную спадчыну і захаваць яе для будучых пакаленняў.
Крыніцы збору матэрыялаў для музея былі вельмі розныя, асноўная з іх - сістэматычны збор матэрыялаў па абранай тэматыцы, які ажыццяўляўся праз сістэму заданняў падчас вучобы, правядзення экспедыцый, вандровак, эскурсій, сустрэч, шляхам перапіскі з арганізацыямі, асобнымі людзьмі.
Рашэнне аб адкрыцці музея прымалася педагагічным саветам школы 20 траўня 1989 года.
Музей складаецца з шасці экспазіцыйных залаў агульнай плошчай 145 м2. У ім захоўваецца 2,5 тысячы экспанатаў асноўнага і дапаможнага фонду, многія з якіх уяўляюць гістарычную, прыродазнаўчую і навуковую каштоўнасць. Гэта прадметы працы і абіходу, кераміка, адзенне нашых продкаў, старадаўняя мэбля, рэшткі зброі часоў вайны, кнігі з аўтографамі аўтараў, шматлікія дакументы і фотаздымкі, публікацыі ў газетах і часопісах, матэрыялы перапіскі.
Збор экспанатаў для музея вёўся з сярэдзіны 80х гг. ХХ стагоддзя па вёсках Бердаўскага, Дакудаўскага, Беліцкага, Пескаўскага і Ліпнішскага сельсаветаў Лідскага і Іўеўскага раёнаў. Ёсць экспанаты з Гомеля, Слуцка і нават з Эстоніі.
У музеі прадстаўлены наступныя экспазіцыі:
-
Першабытнаабшчынны лад на Лідчыне.
-
Месца Лідчыны ў ВКЛ і РП.
-
Маёнтак "Бердаўка".
-
Жыццё і побыт беларускага сялянства з канца ХIХ ст. да 50-х гг. ХХ ст.
-
Вялікая Айчынная вайна ў нашым краі.
-
Калгас "Бердаўка".
-
Флора і фаўна раёна.
-
Славутыя землякі.
-
Гісторыя школы.
Кожны экспанат - гэта гісторыя жыцця нашых продкаў. Музейная экспазіцыя пабудавана на аснове спалучэння тэматычнага, сістэматычнага і ансамблевага метадаў.
Так, напрыклад, тэматычная экспазіцыя "Першабытнаабшчынны лад на Лідчыне" падпарадкавана храналагічнаму прынцыпу і адлюстроўваецца ў дыялектычным развіцці. У ёй экспазіцыйныя комплексы аб'яднаныя ў тэмы і раздзелы.
Сістэматычная экспазіцыя дазваляе дэманстраваць калекцыю аднародных прадметаў. Так, калекцыя археалагічных знаходак дэманструецца ў адпаведнасці з навуковай сістэматыкай, прынятай у археалогіі.
У ансамблевай экспазіцыі захоўваюцца ці ўзнаўляюцца на дакументальнай аснове абставіны, звязаныя з гістарычнымі падзеямі, культурай, побытам народа, дзейнасцю выдатнай асобы. Менавіта гэты метад выкарыстаны пры афармленні экспазіцыі "Жыццё і побыт беларусаў у канцы ХІХ - сярэдзіне ХХ ст.ст", "Апошні ўладальнік маёнтка "Бердаўка" А.С. Дамбавецкі", "Лідчына ў гады Вялікай Айчыннай вайны".
У музеі вядзецца дакладная ўліковая дакументацыя (інвентарная кніга, акты прыёму музейных рэчаў, вопісы прадметаў, якія ўзяты на ўлік дзяржаўным музеем, навуковыя пашпарты, картатэка).
У арганізацыі работы музея актыўны ўдзел прымаюць вучні. Асноўную частку працы ажыццяўляе актыў. Але да працы абавязкова прыцягваюцца вучні, якія не ўходзяць у яго лік.
Педагагічнае кіраўніцтва работай актыву музея ажыццяўляе настаўнік, які прызначаны загадам дырэктара школы. Педагог-кіраўнік перадае свой досвед, вучыць арганізацыйнаму майстэрству, дапамагае лектарам і экскурсаводам у распрацоўцы і правядзенні лекцый, экскурсій, арганізацыі масавых мерапрыемстваў, афармленні экспазіцый музея.
Работу музея арганізуе Рада, якая складаецца з пяці сектараў: пошукавага, перапіскі, экскурсійнага, фондавага, афарміцельскага. У склад Рады музея ўваходзяць, як вучні, так і настаўнікі, і ўсе яны аб'яднаны ў клуб "Спадчына". Рада музея невялікая, што дазваляе лёгка ёю кіраваць, аператыўна разглядаць тыя ці іншыя пытанні. У Радзе музея ёсць адказныя за асобныя кірункі дзейнасці.
Сектар пошукавай працы займаецца камплектаваннем фондаў, распрацоўкай маршрутаў вандровак і экспедыцый, арганізацыяй заняткаў па вывучэнні методыкі выяўлення і збору помнікаў гісторыі, культуры, прыроды, іх апісанне, запіс успамінаў, апавяданняў і г.д. Сектар перапіскі наладжвае і вядзе перапіску з установамі, арганізацыямі, музеямі, выпускнікамі школы, з цікавымі людзьмі. Фондавы сектар вядзе ўлік дакументацыі, арганізуе захаванне помнікаў гісторыі, культуры, прыроды, кантроль за рэжымамі захавання. Сектар экскурсійнай работы распрацоўвае і праводзіць агляды, тэматычныя экскурсіі, вучэбныя экскурсіі па прадметах школьнай праграмы. Афарміцельскі сектар займаецца распрацоўкай новых экспазіцый, адборам экспанатаў, падрыхтоўкай этыкетажу, афармленнем і мантажом экспазіцый для музея і выстаў.
З актывам музея вядзецца пастаянная праца па іх падрыхтоўцы. Рыхтуюцца і абмяркоўваюцца матэрыялы для экскурсаводаў, праводзяцца сустрэчы з навуковымі супрацоўнікамі Лідскага музея, арганізуюцца экскурсіі ў музеі гарадоў Гародні, Менска, Наваградка, Міра, Нясвіжа, Полацка. Сябры Рады музея прымалі ўдзел у шматлікіх раённых, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных семінарах па краязнаўстве, музейнай справе. Праводзіліся сустрэчы з вядомымі навукоўцамі, паэтамі і пісьменнікамі Беларусі. Так, напрыклад, актыў музея ўдзельнічаў у навукова-практычнай канферэнцыі "Гістарычныя і філалагічныя навукі як сродак фармавання нацыянальнай самасвядомасці" з запрашэннем галоўных рэдактараў "Гістарычнага часопіса" Васіля Кушнера, часопіса "Роднае слова" Міхася Шавыркіна, рэдактара "Лідскага летапісца" Станіслава Судніка, гісторыка Паўла Лойкі. Цікавымі і запамінальнымі былі выступленні супрацоўнікаў Нацыянальнай Акадэміі Навук РБ Яраслава Звяругі, Міхася Чарняўскага і Вадзіма Лакізы. Актыў музея і вучні школы даведаліся пра археалагічныя помнікі Лідчыны, пазнаёміліся з некаторымі знаходкамі, праблемамі археалагічнай навукі. Актыў музея меў магчымасць праслухаць выступленне знакамітага беларускага этнографа Янкі Крука па тэме "Абрады і звычаі беларусаў", сустрэцца з беларускімі паэтамі Рыгорам Барадуліным, Міхасём Скоблам, Уладзімірам Клімовічам, Данутай Бічэль, пісьменнікам Уладзімірам Арловым, беларускімі бардамі Зміцерам Бартосікам, Алесем Камоцкім, Алесем Мельнікам і Андрэем Хадановічам, навукоўцам-педагогам Пшэмыславам Фенрыхам з Польшчы, прадстаўнікамі беларускай дыяспары з Вільні.
Рада музея сумесна з сябрамі клуба "Спадчына" ў рамках Усебеларускай турысцка-краязнаўчай экспедыцыі "Наш край" праводзіць вялікую пошукава-даследчую і асветніцкую працу. Так, у 1997, 1999, 2000 і 2004 гадах арганізоўваўся і праводзіўся летнік "Юны археолаг і этнограф ", удзельнікі якога пад кіраўніцтвам супрацоўнікаў Нацыянальнай Акадэміі Навук кандыдатаў гістарычных навук Вадзіма Лакізы і Яраслава Звяругі здзяйснялі паверхневыя зборы і раскопкі археалагічных помнікаў у раёне вёскі Дакудава, курганнага магільніка ля вёскі Касоўшчына, адкрылі і абследавалі невядомы курганны магільнік ля вёскі Сцеркава, даследавалі пясчаную дзюну ў пойме ракі Дзітва каля вёскі Даржы, дзе знаходзілася майстэрня першабытнага чалавека па вырабу крамянёвых прыладаў працы. Частка знаходак пасля апрацоўкі супрацоўнікамі НАН РБ перададзена Бердаўскаму музею. Рэгулярна здзяйсняюцца этнаграфічныя экспедыцыі па вёсках Бердаўскага, Дакудаўскага і Ліпнішскага сельсаветаў, у час якіх вядзецца збор этнаграфічных экспанатаў, праводзіцца запіс абрадаў, звычаяў, легендаў мясцовасці. Апошняя вандроўка дапамагла нам пазнаёміцца з планіроўкай беларускага мястэчка Ліпнішкі, пабываць на месцы бітвы паўстанцаў 1794 года пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі з расійскімі войскамі каля вёскі Сураж Іўеўскага раёна, дазволіла зафатаграфаваць капліцу, што ўстаноўлена на полі бітвы ў памяць аб палеглых паўстанцах.
У розныя гады вялася перапіска з ваеннымі, партыйнымі, дзяржаўнымі архівамі і музеямі. Дзякуючы гэтай працы знойдзены многія сваякі воінаў, што загінулі падчас мінулай вайны і пахаваны ў брацкай магіле ў парку вёскі Бердаўка. Вельмі цікавы матэрыял пра апошняга ўладальніка маёнтка "Бердаўка" губернатара Магілёўскай губерні А.С.Дамбавецкага, атрыманы з Магілёўскага гісторыка-краязнаўчага музея.
Змястоўны матэрыял аб канфесійным складзе насельніцтва вёсак сённяшняга Бердаўскага сельсавета канца ХIХ - пачатку ХХ стагоддзяў сабраў выпускнік нашай школы, былы прарэктар Гарадзенскага дзяржаўнага універсітэта кандыдат гістарычных навук М.В. Васілючак. Маюцца трывалыя сувязі з Нацыянальнай Акадэміяй Навук РБ. Вядзецца перапіска з супрацоўнікамі Акадэміі, для музея перададзены кнігі з аўтографамі аўтараў.
На базе музея праводзяцца школьныя, раённыя і абласныя семінары па краязнаўстве і музейнай справе. Матэрыялы музея дазваляюць больш змястоўна і цікава праводзіць урокі гісторыі, літаратуры, геаграфіі, біялогіі, пазакласныя выхаваўчыя мерапрыемствы. Вельмі шмат урокаў у музеі праводзяць выкладчыкі гісторыі 5-11 класаў і настаўнікі пачатковых класаў па прадмеце "Мая Радзіма- Беларусь". Дзякуючы багатым матэрыялам, што маюцца ў музеі, яны дабіваюцца высокай выніковасці засваення вучэбнага матэрыялу.
Сярод вучняў школы праводзяцца конкурсы па этнаграфіі краю, па гісторыі вёскі, гісторыі калгаса, школы. Арганізоўваюцца фальклорна-абрадавыя святы "Калядкі", "Вячоркі". У пачатку навучальнага года кожны клас атрымлівае заданне на збор матэрыялаў аб ветэранах вайны і працы, аб людзях, што пакінулі свой след на нашай зямлі. Сабраныя і аформленыя матэрыялы затым перадаюцца ў музей. Рада музея сумесна з дырэкцыяй школы распрацоўвае маршруты паходаў па цікавых мясцінах, звязаных з гісторыяй нашай Бацькаўшчыны. Гэта і наведванне прамысловых прадпрыемстваў, музеяў, і археалагічныя разведкі, раскопкі, і этнаграфічныя вандроўкі.
У траўні 2005 года сябры клуба "Спадчына" і актыў музея арганізавалі прэзентацыю творчасці мастака, скульптара і паэта, выпускніка Бердаўскай сярэдняй школы Рычарда Грушы. Вучні, бацькі і настаўнікі змаглі пазнаёміцца з творчасцю нашага таленавітага земляка, наведалі выставу карцін, праслухалі песні на яго вершы. Рычард Баляслававіч прадэманстраваў дзве свае апошнія працы - мемарыяльныя шыльды людзям, што пакінулі след на Бердаўскай зямлі: уладальніку маёнтка "Бердаўка", беларускаму краязнаўцу Дамбавецкаму А.С. і былому старшыні калгаса, у перыяд кіраўніцтва якога быў адбудаваны пасёлак Бердаўка, Каранюку А.А. Мемарыяльная дошка А.С. Дамбавецкаму адкрыта сёлета на палацы.
18 год музей працуе на грамадскіх пачатках на даволі высокім арганізацыйным і навуковым узроўні ў навукова-асветніцкай, збіральніцкай, фондава-захаваўчай, папулярызатарскай і культурна-выхаваўчай рабоце.
Штогод музей наведвае ў сярэднім больш за тысячу чалавек. Гэта вучні не толькі нашай школы, але суседніх сельскіх, а таксама гарадскіх школ, дарослыя людзі з розных мясцін нашай краіны.
У штогадовым плане работы музея імкнёмся адлюстраваць розныя бакі сваёй дзейнасці. Наш музей будзе развівацца. Плануецца адкрыццё новых экспазіцый, збор экспанатаў, сустрэчы з цікавымі людзьмі, вандроўкі па нашым краі, археалагічныя раскопкі, семінары. Сёння, калі вялікая ўвага надаецца турызму, мы збіраемся ўключыць наведванне музея ў экскурсійны маршрут. Будзем займацца добраўпарадкаваннем тэрыторыі парку, абазначэннем месцаў размяшчэння гаспадарчых пабудоў маёнтка.
Чакаем новых гасцей і наведвальнікаў.
Праца педкалектыву школы і актыву музея адзначана граматамі, дыпломамі і каштоўнымі падарункамі. Так, у 2000 годзе школа заняла 1 месца ў краіне на лепшую вясковую школу па нацыянальна-культурным адраджэнні, у 2001 годзе ўдзельнічалі ў абласным конкурсе відэафільмаў "Гарады і мястэчкі Гарадзеншчыны", дзе наш відэафільм "Ёсць куток на зямлі..." пра вёску Бердаўку заняў 1 месца, у 2002 годзе гістарычны гурток стаў дыпламантам IV фестываля нацыянальных культур, у 2004 годзе сябры клуба "Спадчына" за дапамогу ў правядзенні археалагічных раскопкаў былі ўзнагароджаны Пахвальнай граматай Інстытута гісторыі Нацыянальнай Акадэміі Навук РБ, 17 чэрвеня 2005 года рашэннем калегіі ўпраўлення культуры Гарадзенскага аблвыканкаму гістарычна-краязнаўчаму музею Бердаўскай СШ прысвоена званне "Народны музей", у 2006 годзе музей узнагароджаны Дыпломам за перамогу ў рэспубліканскім конкурсе краязнаўчых музеяў устаноў адукацыі па тэме: "Даследчая дзейнасць і навуковыя дасягненні сучаснага музея ўстановы адукацыі".
Наяўнасць у школе музея дазваляе глыбей вывучыць і асэнсаваць гісторыю, культуру ў мэтах развіцця інтэлектуальных, маральных, культурных і творчых магчымасцяў вучняў, выхоўваць у іх нацыянальную самасвядомасць, далучаць іх да нацыянальнай і агульначалавечай культуры, удзельнічаць ва ўдасканаленні вучэбна-выхаваўчай работы, праводзіць культурна-асветніцкую працу сярод вучняў, бацькоў, насельніцтва.