15 лістапада 2005 года ў Лідзе адбылася ўнікальная для горада Ліды падзея. Тут упершыню ў гісторыі горада адбылося спецгашэнне паштовай маркі, дакладней, блока з дзвюх паштовых марак. У новай серыі "Архітэктура старажытнай Беларусі" выйшла марка № 628 "Замак Вітаўта. Гродна. З гравюры ХVІ ст." наміналам 500 руб. і № 629 "Замак у Лідзе, ХІV-ХV стст. Рэканструкцыя." наміналам 1000 руб. Пры гэтым выданне "лідскай" маркі ажыццёўлена ў многім, дзякуючы ініцыятыве Таварыства беларускай мовы, старшыня якога Алег Трусаў звярнуўся да кіраўніцтва "Белпошты" з прапановай выдаць марку з выяваю Лідскага замка. Блок выйшаў накладам 15 тысяч асобнікаў. Выява Лідскага замка на паштовай марцы - гэта пейзаж-рэканструкцыя, намалёваны менскім мастаком Віктарам Маркаўцом. Выява на марцы замка Вітаўта ў Гародні - рэпрадукцыя з гравюры 16-га стагоддзя, выкананая гэтым жа мастаком. Друк афсетны, паўнаколерны, папера дыхтоўная. Памер марак у блоку 40х30,24 мм. Памер блока 113х73 мм. На марках прыменены элементы аховы. На дзень гашэння ў Ліду было дастаўлена 500 блокаў.
Першапачаткова спецгашэнне было спланавана ў Гародні, потым перапланавалі яго на Менск, але кіраўніцтва Лідскага райвыканкаму, прыклаўшы адпаведныя намаганні здолела пераканаць "Белпошту" ў мэтазгоднасці правесці гашэнне ў Лідзе.
На 11 гадзін 15 лістапада ў будынку Лідскага паштамта "Ліда-11" па вул. Міцкевіча сабраліся калекцыянеры, філатэлісты, прадстаўнікі ўладных і грамадскіх арганізацый, сродкаў масавай інфармацыі, у тым ліку і Лідскага тэлебачання. Гашэнне праводзілася на канверце першага дня, створаным на тэму марак, а таксама па жаданні на паштоўках спецыяльным штампам, які дзейнічаў усяго 6 гадзін: з 11.00 да 17.00 15 лістапада 2005 года, а 16 лістапада быў знішчаны. Масціка гашэння чорная.
Працэс гашэння быў аздоблены песнямі пра Ліду і мастацкім экскурсам у гісторыю Ліды і Лідскага замка, здзейсненым вучнямі лідскай Гімназіі № 1. Са словамі да прысутных з нагоды гашэння марак выступілі начальнік аддзела ідэалагічнай работы выканкаму І. Белуш і намеснік начальніка раённага вузла паштовай сувязі П. Сурконт.
Спецгашэнне 15 лістапада 2005 года далучыла Ліду да спісу "філатэлійных" гарадоў і ўпісала яшчэ адну слаўную старонку ў гісторыю, як Лідскай пошты, так і горада ў цэлым.
15 тысяч марак з выявай Лідскага замка пайшлі па Беларусі і свеце, несучы імя слаўнага горада Ліды, нагадваючы тысячы і тысячы разоў кожнаму, хто бачыць выяву Лідскага замка на гэтых марках, пра наш абавязак перад гэтым замкам, перад горадам Лідай, перад усёй Беларуссю ў справе захавання нашай гістарычнай спрадчыны, у справе яе папулярызацыі ўсімі магчымымі спосабамі, у тым ліку і такім, як выпуск паштовых марак, канвертаў, паштовак, каляндарыкаў і інш.