Папярэдняя старонка: Культура

Дзе музыка бярэ пачатак 


Аўтар: Яхантава Вольга,
Дадана: 08-11-2021,
Крыніца: Яхантава Вольга. Дзе музыка бярэ пачатак // Лідскі Летапісец. 2020. № 4(92). С. 12-14.



Юбілей Лідскай дзіцячай музычнай школы

65 год - узрост сталы і прыгожы. За гэты час музычная школа дала пуцёўку ў жыццё больш як тром з паловай тысячам юных лідзян, прывіла пачуццё прыгожага, адкрыла таленты, дала штуршок да паспяховай самарэалізацыі. І сёння, у век камп'ютарных тэхналогій, музычнае выхаванне не губляе актуальнасці. А на музычным небасхіле Лідчыны ззяе ўсё больш зорачак. Іх столькі, што сапраўды, нібыта зор у небе.

Рэтраспектыва

Дырэктар музычнай школы Алена Жылінская паказвае першую кнігу загадаў музычнай школы, у якой ёсць і самы першы загад, ад 7 жніўня 1955 года, - залічыць дырэктарам школы Васіля Іосіфавіча Цупрыняка. Тады ж былі прыняты на работу і чацвёра педагогаў: Аркестр духавых інструментаў. Георгій Міхайлавіч Жукаў (цёзка легендарнага маршала!), Самуіл Мендзялеевіч Ліберман, Клара Паўлаўна Мар'ясіна і Сяргей Паўлавіч Штундар. Былі адкрыты класы фартэпіяна, баяна, домры і скрыпкі. Вядома, што першы набор складаўся з 69 вучняў. А сама школа ў той час размяшчалася на вуліцы Камсамольскай, побач з будынкам, дзе зараз знаходзіцца ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. Потым яна пераехала на скрыжаванне вуліц Кірава і Перамогі. І толькі ў пачатку 90-х - у будынак па вуліцы Савецкай (дзе знаходзіцца і зараз), калі ўзначаліў школу Уладзімір Піліпавіч Калодка.

У 60-я гады ў музычнай школе былі створаны і першыя творчыя калектывы, узначальвалі якія такія выкладчыкі, як Віктар Янкоў, Леанід Хальпукоў, Зоя Кражава, Галіна Картаўцава, Марына Ваўрух і інш. Дарэчы, некаторыя калектывы дзейнічаюць і па сённяшні дзень. Гэты год юбілейны для двух з іх: народнага камернага аркестра (кіраўнік - Ірына Васілік), якому 35 гадоў, і народнага аркестра рускіх народных інструментаў (кіраўнік - Галіна Агарак), якому 50. Увогуле ж у школе дзейнічаюць 5 узорных і 2 народныя калектывы.

- Сёння мы з пачуццём падзякі звяртаемся да настаўнікаў, якія знаходзяцца на заслужаным адпачынку, - гаворыць Алена Іванаўна. - Помнім тых, каго няма з намі. Вітаем усіх выпускнікоў розных гадоў, чый шлях пачынаўся ў нашай школе.

Школа выпусціла 3800 выпускнікоў. З іх 880 звязалі сваё далейшае жыццё з музыкай. Хтосьці стаў настаўнікам гэтай жа школы, іншыя працуюць у Лідскім дзяржаўным музычным каледжы, выкладаюць у сярэдніх і вышэйшых навучальных установах, выступаюць у складах вядомых калектываў і сольна. Сярод выбітных выпускнікоў - піяністка і кампазітар Дзінара Мазітава, спявачка Вольга Уронская, джаз-музыкант Ігар Гіро, дацэнт БДПУ імя М. Танка Уладзімір Бубен, выкладчык Акадэміі музыкі Аляксандр Антановіч, выкладчыкі Лідскага дзяржаўнага музычнага каледжа Міхаіл і Бэла Дзвілянскія, Станіслаў Мішкель, Людміла Будай, Ала Догілева, Ала Салуянава і інш. А многія знайшлі сябе ў іншых сферах і, дзякуючы сваім творчым здольнасцям, змаглі дабіцца высокіх вынікаў.

Колькі ў небе зор!

Высокі прафесіяналізм педагогаў (а часта вучні ідуць менавіта на імя знакамітага выкладчыка), іх самааддача і пастаянны творчы пошук прыцягваюць у школу юных лідзян і мэтанакіравана вядуць іх да творчых вяршынь.

Джаз-фестываль.

- Зараз у нашай школе займаюцца 635 навучэнцаў, - расказвае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Вольга Пчыцкая. - Адкрыта 23 музычныя спецыяльнасці. Толькі за апошнія два гады ў Лідскай дзіцячай музычнай школе мастацтваў адкрыты адзіныя ў вобласці аддзяленні эстраднага і лічбавага фартэпіяна. Сваіх прыхільнікаў знайшоў факультатыўны курс па ўкулеле (гавайскай гітары). Адным словам, цікавасць да музычнай адукацыі ёсць. Найбольшы попыт існуе на спецыяльнасці "Гітара", "Электра-гітара", "Фартэпіяна", "Скрыпка", "Харавыя спевы".

Дзіцячую музычную школу не выпадкова называюць кузняй талентаў.

- Мяркуйце самі, толькі па выніках мінулага навучальнага года нашы навучэнцы прынялі ўдзел у 157 міжнародных, 9 рэспубліканскіх і 46 абласных конкурсах, - адзначае Вольга Мікалаеўна. - Гэта больш за дзвесце лаўрэатаў і дыпламантаў першай, другой і трэцяй ступеняў. Сярод нашых навучэнцаў - трыццаць адзін стыпендыят Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Імёны многіх на слыху ў лідзян. Гэта Дзінара Мазітава, Уладзіслаў Трубееў, Аляксандр Маркевіч, Дар'я Пажарыцкая, Ніна Бакуновіч, Аляксандра Бялова, Мікіта Янковіч, Валерыя Аляновіч, Мацвей Чуча, Паліна Хіляжава і іншыя.

Укулеле, "Гітарны Алімп" і #МузыкалкаЛіда#

- У знамянальны для нашага горада год правядзення рэспубліканскай акцыі "Ліда - культурная сталіца Беларусі" ў музычнай школе праходзіў шэраг брэндавых мерапрыемстваў, - расказвае дырэктар Алена Жылінская. - Сёлета быў дадзены старт новаму праекту - першаму адкрытаму рэгіянальнаму конкурсу выканаўцаў на класічнай гітары "Гітарны Алімп". У дыстанцыйнай форме прайшоў абласны адкрыты джазава-эстрадны фестываль-конкурс "Птушка". І вось літаральна на днях стартаваў новы адкрыты конкурс #МузыкалкаЛіда#.

Летась педагогі школы актыўна ўключыліся ў работу праекта Трансгранічнага супрацоўніцтва з Шальчынінскай школай мастацтваў імя С. Манюшкі "Музычны мост дружбы". Галоўнымі задачамі яго з'яўляюцца абмен і трансляцыя педагагічнага вопыту, вывучэнне музычнай спадчыны дзвюх краін і абмен творчымі дасягненнямі.

І ў перспектыве школа накіравана на развіццё.

- Хочам і далей развіваць эстрадны накірунак. Ёсць задумкі па развіцці фальклорнага напрамку, - гаворыць Алена Іванаўна.

- Джаз-фестываль "Птушка", які ўжо набыў статус абласнога, хацелася б вывесці на ўзровень рэспубліканскага. Асвойваем паслугі для дарослых, займаемся і з самымі маленькімі: адкрываем групы ранняга эстэтычнага развіцця, зазіраем у будучыню.

Жыццё ў гармоніі з музыкай

"Мы імкнёмся калі і не зрабіць з дзіцяці прафесійнага музыканта, то прывіць яму любоў да музыкі", - аб гэтым скажа вам любы выкладчык музычнай школы.

Дарэчы, калектыў тут падабраўся сапраўды моцны і нават унікальны. Больш за восемдзесят працэнтаў яго - педагогі з першай і вышэйшай катэгорыямі. Ёсць і такія, як ужо гаварылася вышэй, на чыё імя ідуць у музыку вучні. Акрамя таго, склаліся тут і дынастыі.

Прадстаўнікі адной з іх - выкладчыкі фартэпіяна, родныя сёстры Нона Вішнеўская і Дыяна Коўзель. У іх з музычнай школай звязана літаральна ўсё жыццё. Тут калісьці працавала (у ліку першых педагогаў) іх ама Ларыса Піліпаўна Вішнеўская. І нават крыху - тата Андрэй Віктаравіч. Мама з татам і пазнаёміліся тут, у музычнай школе.

- Я была маленькая, і мама часта брала мяне з сабой на работу, - расказвае Нона Андрэеўна. - Я назірала за ўрокамі, і любоў да музыкі міжволі з'явілася ўва мне з ранняга дзяцінства. Дзесьці ў 7 класе я задумалася: быць урачом ці музыкантам? І прыйшла да высновы, што без музыкі не змагу жыць. Вось і адданая ёй усё жыццё.

- У Лідзе нямала таленавітых дзяцей, - адзначае Нона Вішнеўская. - Праўда, апошнім часам іх увагу больш адцягваюць камп'ютары, гаджаты. Бывае, што і бацькі ў сем'ях спрачаюцца, ці патрэбна дзіцяці музыка, лічаць, што яна будзе перашкаджаць вучобе ў школе. На самай справе гэта не так. Многімі вучонымі даказана, што музыка развівае мозг чалавека, абодва яго паўшар'і. Многія выбітныя вучоныя займаліся музыкай. Раю ўсім бацькам: не вагайцеся, прыводзьце дзяцей займацца музыкай. Магчыма, адразу ў дзіцяці і не ўсё атрымаецца, але з часам яно зможа дасягнуць поспехаў.

Традыцыі імянітых педагогаў працягваюць маладыя выкладчыкі. Ксенія Васілевіч працуе ў музычнай школе трэці год. Яна выпускніца Лідскага дзяржаўнага музычнага каледжа. Калісьці добра вучылася ў школе і доўга выбірала прафесійны шлях. Але гэтак жа, як і Нона Андрэеўна Вішнеўская, зразумела, што без музыкі не ўяўляе свайго жыцця. У музычным каледжы яе настаўнікамі былі Святлана Антончык і Міхаіл Дзвілянскі (дарэчы, выпускнік дзіцячай музычнай школы). "Я да гэтай пары памятаю, што яны казалі мне на занятках, і тое ж самае зараз кажу сваім вучням, - гаворыць Ксенія Васілевіч. - Болей за ўсё мне падабаецца працаваць з дзецьмі. Кожнае з іх індывідуальнае, мне цікава шукаць падыходы да іх. Ну, а скрыпка - каралева музыкі. І хаця сёння модна займацца гітарай, але скрыпка ўсё ж не губляе сваёй прыцягальнасці. У мяне ёсць вучні, якія мэтанакіравана прыйшлі ў школу з жаданнем займацца скрыпкай.

Магчыма, у будучым мы ўбачым юную лідзянку Арыну Хрышчановіч на вялікай сцэне і будзем ганарыцца, што яна родам з нашага горада. Прынамсі, думаць так ёсць усе падставы, бо сёння яна, 10-гадовая дзяўчынка, вельмі смела пакарае музычны Алімп і заяўляе аб сваім таленце на прэстыжных конкурсах.

- Вакальныя здольнасці ў мяне заўважылі яшчэ ў дзіцячым садку, а ў 6 год я заняла другое месца на міжнародным конкурсе "ЛьВенок", - расказвае Арына. - Гэта і падштурхнула займацца вакалам. У 6 гадоў я сама прыйшла ў музычную школу.

Арына займаецца ў выкладчыка Анжалікі Бірук і прызнаецца, што заняткі прыносяць ёй вялікае задавальненне. Ужо сёння дзяўчынка ведае, што хоча звязаць з музыкай сваё жыццё.

Колькі яшчэ вучняў пагадзілася б са словамі Арыны Хрышчановіч? Упэўнена: вельмі шмат.

Юбілей дзіцячай музычнай школы сёлета праходзіў без шырокага размаху, але са святочным настроем у сэрцах як вучняў, так і педагогаў. Бо музыка і ёсць свята, шчасце і радасць творчасці.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX