Папярэдняя старонка: Культура

Новая кніга: Закуй, закуй, зязюленька рана... Анталогія беларускіх народных песняў 


Аўтар: Суднік Станіслаў,
Дадана: 13-09-2022,
Крыніца: Суднік Станіслаў. Новая кніга // Лідскі Летапісец. 2021. № 2(94). С. 72-73.



У красавіку 2021 года Грамадскае аб'яднанне "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" і Дзяржаўная ўстанова "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці" выдалі кнігу "Закуй, закуй, зязюленька рана... Анталогія беларускіх народных песняў. Сабрана Аленай Іваноўскай на Лідчыне ў 1905-1912 гадах" . Фармат А-5. 108 старонак. 150 асобнікаў.

Землі, па якіх цячэ рэчка Лебяда, як і ўся Лідчына, знаходзяцца на тэрыторыі колішняга яцвяжскага племені дайнава. Дайна па-яцвяжску - песня. Таму дайнаўцаў можна назваць песенным народам. Дык і не дзіва, што на Лідчыне спяваюць: усюды, многа і прыгожа. Па закону прыроды адходзяць пакаленні, узрастаюць новыя, адходзяць і песні. Клопат захаваць, запісаць гэтыя песні з'явіся яшчэ ў пачатку 19-га стагоддзя. Не будзем тут, аднак, імкнуцца пераказаць гісторыю беларускага фальклоразнаўства. Засяродзімся на Лідчыне.

У 1992 годзе ў Польшчы выйшла кніга Земавіта Фядэцкага з маёнтка Лебяда Лідскага павета "Цёплыя вечары ….. ды халодныя ранкі, czyli co spiewano w Fieliksowie", у якую ўвайшлі беларускія народныя песні, запісаныя пераважна ў вёсцы Феліксава Лідскага раёна ў 1942-43 гадах. Кірылічная частка зборніка перавыдадзена ў Лідзе ў 2017 годзе.

Доўгі час гэты зборнік лічыўся адзіным зборам лідскага песеннага фальклору, хаця вядома, што беларускія песні на Лідчыне запісваў і Уладзімір Урбановіч з в. Пудзіна тады Лідскага павета, але гэтыя запісы пакуль недаступныя.

У 2018 годзе падчас працы над дакументальнай аповесцю пра славутую сям'ю Іваноўскіх з Лябёдкі ўсё таго ж Лідскага павета лідскі пісьменнік Леанід Лаўрэш знайшоў інфармацыю пра тое, што Алена Іваноўская, сястра беларускага нацыянальнага дзеяча Вацлава Іваноўскага, выпускніца каледжа Нью-Нам Кембрыджскага ўніверсітэта ў перыяд недзе ад 1905 да 1912 года запісала ў ваколіцах Лябёдкі вялікую колькасць беларускіх народныя песняў. Дзве падборкі песняў Алена Іваноўская разам з сябрам па Кэмбрыджы Гуі Онславам апублікавала ў лонданскім часопісе "Folklore". Яшчэ дзве публікацыі былі зроблены ў 1924 годзе з дапамогай жонкі Онслава Мюрыэл Уэлдэйл (Muriel Wheldale).

Леанід Лаўрэш знайшоў усе гэтыя публікацыі, расчытаў тэксты надрукаваныя лацінкай, перапісаў іх кірыліцай і падрыхтаваў да друку. Ён жа ўпершыню напісаў біяграфію Алены Іваноўскай, якая друкуецца ў гэтай кнізе.

Вялікія англамоўныя прадмовы да публікацый пераклаў на беларускую мову актывіст ТБМ і паліглот Мікола Бусел з Гомельшчыны.

Важна было таксама паглядзець, наколькі карэлююцца зборы Іваноўскай і Фядэцкага, зробленыя ў адным павеце на берагах адной і той жа рэчкі Лебяды, але на адлегласці каля 30 км у прасторы і каля 30 гадоў у часе. Параўнальны аналіз двух збораў зрабіла метадыст Дзяржаўнай ўстановы "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці" Ірына Струмскіс.

Так атрымаўся другі зборнік лідскага песеннага фальклору, а калі глядзець па часе запісу песняў і па часе публікацый у Англіі, то гэта, безумоўна, першы зборнік. І сёння мы дадаём яго да багатай фальклорнай спадчыны Лідчыны і ўсёй Беларусі.

Выданне ажыццёўлена сіламі рэдакцыі газеты "Наша слова".

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX