Папярэдняя старонка: Культура

Лідскаму эстраднаму аркестру сёлета споўнілася 20 гадоў 


Аўтар: Мацулевіч Аляксандр,
Дадана: 13-09-2022,
Крыніца: Мацулевіч Аляксандр. 'Выкарыстоўваем любую магчымасць паказаць сябе і не толькі ў родным горадзе' // Лідскі Летапісец. 2021. № 2(94). С. 11-12.



Джаз і эстрадная музыка, народныя песні і сусветныя хіты - усё гэта пад сілу выканаць Лідскаму эстраднаму аркестру. Сёлета музычнаму калектыву споўнілася 20 гадоў. У чэрвені з гэтай нагоды ў вялікай зале Лідскай дзіцячай школы мастацтваў адбылася юбілейная канцэртная праграма аркестра "Нам 20!".

А пачыналася ўсё з "Дзіксіленда"

Перадгісторыя Лідскага эстраднага аркестра пачалася з невялікага музычнага калектыва "Дзіксіленд", кіраваў якім Зміцер Іосіфавіч Ціхан. Склад "Дзіксіленда" паступова павялічваўся, і ў Зміцера Ціхана паўстала ідэя стварыць на яго базе нешта большае - аркестр. І пасля неабходных узгадненняў з аддзелам культуры ў студзені 2001 года аркестр быў створаны. Спачатку месцамі рэпетыцый для ўдзельнікаў калектыва былі музычная школа і Дом культуры, затым сталым месцам "прапіскі" аркестра стаў былы Дом афіцэраў.

У верасні 2011 года аркестр здабыў статус юрыдычнай асобы, стаў дзяржаўнай установай культуры. За наступныя два гады ў аркестра змяніліся некалькі кіраўнікоў. На працягу гэтага кароткага адрэзка часу на чале калектыва стаялі Станіславаў Кнутовіч, Юры Іваноў, Сяргей Гаель, Іван Ткачук. Кожны з іх, хоць і кіраваў аркестрам нядоўга, прысвяціў яму свой талент, прыўнёс у яго працу сваё бачанне, уклаў часцінку душы.

А ў студзені 2014 года музычны калектыў узначаліла Ульяна Міхайлаўна Жамойціна. Ульяна Міхайлаўна ў свой час скончыла Кіеўскі дзяржаўны ўніверсітэт тэатра, кіно і тэлебачання імя І. К. Карпенкі-Карага, атрымала акцёрскую аспецыяльнасць, нават здымалася ў фільмах (у эпізадычных ролях), працавала акторкай у кіеўскім тэатры "Срэбная выспа". Выйшаўшы замуж, у 2010 годзе пераехала ў Беларусь, у наш горад Ліду. Маючы за плячамі досвед ігры ў тэатры і кіно, цяперашні кіраўнік аркестра імкнецца разнастаіць кожную яго праграму, прыўнесці ў яе элементы шоў, спектакля. Пры Ульяне Жамойцінай Лідскі эстрадны аркестр атрымаў другое дыханне, пашырыў сваю гастрольную дзейнасць, акцэнт у яго канцэртных праграмах пачаў рабіцца на відовішчнасць, ён стаў больш арыентавацца на той ці іншы кантынгент слухачоў. Цяпер Ульяна Міхайлаўна знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку, калектыў чакае яе вяртання.

"У нас дружны калектыў прафесіяналаў"

- Цяперашні склад аркестра немалы, - распавядае в. а. дырэктара Лідскага эстраднага аркестра Ганна Горбач. - Яго рытм-секцыя - гэта Яўген Зайрац'янц (ударныя), Андрэй Піліпаў (бас-гітара), Юры Іваноў (рытм-гітара), я і Улада Раджабава (клавішныя). У нас чатыры трубачы: Андрэй Аляксееў, Мікалай Салавей, Зміцер Жарын, Віктар Бяльчыцкі. Чатыры трамбаністы: Павел Сцяцэвіч, Уладзіслаў Панасюк, Андрэй Васора, Андрэй Тарэнць. Тры саксафаністы: Сяргей Гаель, Аляксей Курэйша, Вадзім Зелянкевіч. Дырыжор аркестра - Антон Жураўлёў, вядоўца канцэртных праграм - Лора Парц. А яшчэ ў нас чатыры салісты: Андрэй Панісаў, Алёна Палейчык, Наталля Маркоўская, Вольга Паўлюкевіч.

- Склад нашага аркестра часта змяняецца, - працягвае знаёміць з музычным калектывам Ганна Аляксандраўна. - Хтосьці сыходзіць, але на іх месца прыходзяць не меней таленавітыя музыкі. Многія былыя ўдзельнікі аркестра атрымалі ў гэтым калектыве велізарны прафесійны досвед, дзякуючы якому змаглі ў далейшым развіваць сябе як артысты, упэўнена прасоўвацца па кар'ерных усходах. "Карэнныя" ўдзельнікі нашага калектыва, якія працавалі яшчэ ў "Дзіксілендзе", - Андрэй Тарэнць, Андрэй Васора, Андрэй Аляксееў, Сяргей Гаель і некаторыя іншыя. З новых нашых людзей хочацца адзначыць маладога саліста Андрэя Панісава, які за паўгода паспеў сябе паказаць, у сакавіку прайшоў у фінал нацыянальнага адбору на конкурс эстраднай песні "Віцебск-2021" у рамках "Славянскага базара". Мы ганарымся, што ён працуе з намі побач. Але і салісткі не меней таленавітыя, за іх плячамі нямала канцэртаў і конкурсаў, у кожнай унікальны голас і непаўторная харызма. Узрост удзельнікаў нашага калектыва розны. Самаму старэйшаму - аранжыроўшчыку Аляксандру Сымановічу - 61 год, самаму малодшаму - трамбаністу Уладзіславу Панасюку - 22. У сваёй большасць удзельнікаў аркестра скончылі Лідскі дзяржаўны музычны каледж і вышэйшыя музычныя навучальныя ўстановы, працуюць выкладчыкамі. Калектыў у нас дружны, музыкі ў ім падтрымліваюць і паважаюць адзін аднаго, кожны з іх уносіць свой уклад у творчую дзейнасць аркестра.

"Імкнёмся не знікаць з поля зроку прыхільнікаў"

- Распавядзіце падрабязней пра рэпертуар.

- Спачатку рэпертуар аркестра складаўся галоўным чынам з джазавых твораў, калектыў шмат удзельнічаў у джазавых фэстах. Зараз жа больш арыентуемся на сучасную эстрадную музыку, хоць джазавыя кампазіцыі ў нас таксама ёсць. Эстрадныя творы сёння складаюць палову нашага рэпертуару. Выконваюцца і беларускія народныя песні ў сучаснай апрацоўцы, і правераныя часам сусветныя кампазіцыі. Словам, рэпертуар разнастайны, можам падрыхтавацца да мерапрыемства любога фармату, заўсёды ідзём насустрач замоўцам, прыслухоўваемся да іх пажаданняў. А яшчэ нашы салісты пачалі гучаць у чатырохгалоссі (квартэце). Чатыры галасы складаюцца ў акорд - гэта вельмі хораша, вельмі падкупляе слухача, і гэтым мы можам пахваліцца.

- Дзе выступаеце? Куды выязджаеце з канцэртнымі праграмамі?

- Лідскі эстрадны аркестр - часты ўдзельнік гарадскіх культурных мерапрыемстваў, многіх гарадскіх святаў. Ездзім мы выступаць у санаторыі "Альфа-Радон", "Азёрны", шмат гастралюем па Гарадзенскай і Менскай абласцях, выязджалі і ў горад Баранавічы Берасцейскай вобласці. Да пандэміі каронавіруса некалькі гадоў запар удзельнічалі ва ўпадабаных лідзянамі фэстах "LIDBEER", байк-фэстах. Пандэмія, асабліва летась, моцна паўплывала на нашу канцэртную дзейнасць. Аднак сёлета мы аднавілі актыўныя выступленні, вярнуліся да працы ў ранейшым рытме і імкнёмся не знікаць з поля зроку прыхільнікаў, не выпадаць з культурнага жыцця Ліды. Выкарыстоўваем любую магчымасць выступіць на сцэне, паказаць сябе, і не толькі ў нашым горадзе.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX