35 гадоў Народнаму сямейнаму ансамблю Парфенчыкаў
Трыццаць пяць гадоў крочыць з песняй па жыцці Народны сямейны ансамбль Парфенчыкаў "Мы з вёсачкі-калыскі" з аграгарадка Бердаўка Лідскага раёна, прапагандуючы нацыянальную песенную культуру і беларускае слова, дорачы землякам радасць, выхоўваючы гонар за нашу Бацькаўшчыну.
Ансамбль, у якім спяваюць тры пакаленні сям'і, - першы ўладальнік наймення "Народны" сярод сямейных творчых калектываў у Рэспубліцы Беларусь, уладальнік Ганаровай граматы прадстаўніцтва ААН у Беларусі за распаўсюджванне ідэі сямейнай творчасці, ганаровай граматы Міністэрства культуры і друку Рэспублікі Беларусь, неаднаразовы дыпламант і лаўрэат міжнародных і рэспубліканскіх фестываляў сямейнай творчасці, удзельнік І Фестывалю нацыянальных культур у Гародні. За час існавання калектыў даў на розных пляцоўках больш за 800 канцэртаў.
Пра стварэнне калектыву, любоў да песні і Радзімы гутарым з кіраўніком ансамбля Аляксандрам Парфенчыкам - загадчыкам Бердаўскага культурна-дасугавага цэнтра.
Спачатку была… песня
- Як узнік ваш калектыў? З чаго ўсё пачалося?
- Усё пачалося з Бердаўкі і роду, дзе ўсе спявалі, - успамінае мой суразмоўца. - Праўда, на некаторы час мы пераязджалі ў Дзітву. Там, у мясцовым Доме культуры, я сустрэў сваё каханне - пазнаёміўся з будучай жонкай Інэсай, якая прыехала на практыку. Сустрэча была лёсавызначальнай: абодва культработнікі, абодва ўлюбёныя ў песню і прафесію… Хутка пажаніліся і перабраліся ў Бердаўку, якая на той час стала сучасным мястэчкам, там атрымалі жыллё.
Напачатку васьмідзесятых, дарэчы, калгас "Бердаўка" быў моцнай гаспадаркай: тут правялі газіфікацыю вёсак, заасфальтавалі дарогі. Кіраўнік аграпрадпрыемства Аляксандр Каранюк - зараз ганаровы жыхар Лідчыны - надаваў увагу не толькі развіццю сельскай гаспадаркі, але і сацыяльна-культурнай сферы.
На базе Бердаўскага Дома культуры дзейнічаў вялікі хор, кіраўніком і хормайстрам якога была мая стрыечная сястра Зінаіда Унучко (Парфенчык). У мастацкай самадзейнасці ўдзельнічалі яшчэ дзве стрыечныя сястры - Таццяна Бяляўская (медык па адукацыі), Сафія Маркевіч (цырульнік) і мой родны дзядзька Іван Парфенчык - шафёр мясцовага калгаса, найстарэйшы ўдзельнік ансамбля (на жаль, сёлета ва ўзросце 87 гадоў яго не стала). Праз некаторы час мы паспрабавалі выступаць радзінай. Да ансамбля далучыліся муж Зінаіды, іх дачка, муж Сафіі. Пад уласны акампанемент - баян, кантрабас, ударныя, ражкі, шумавыя інструменты, спявалі перад землякамі ў калгасе і раёне.
Напэўна, у нас гэта неблага атрымлівалася, бо ў 1985 годзе тагачасны загадчык аддзела культуры Лідскага райвыканкама Мікалай Грэбень прапанаваў нам ад раёна паехаць у Менск на свята горада. На канцэртнай пляцоўцы ля Палаца спорту нас так цёпла прымалі мянчане! Гэта быў першы вялікі, значны і ельмі запамінальны канцэрт. Ён матываваў на далейшую творчую працу. З тае пары, нягледзячы на тое, што кожны з нас працаваў у розных сферах і арганізацыях, па вечарах і выходных мы збіраліся разам і рэпетыравалі, рэпетыравалі… А потым паспяхова выступалі ў роднай вёсцы, на раённай сцэне, у Гародні, сталіцы, перад рознымі аўдыторыямі.
З лёгкай рукі раённай улады нас пачалі папулярызаваць. Нам пашылі прыгожыя сцэнічныя касцюмы. У студзені 1994 года наш сямейны ансамбль удзельнічаў у Рэспубліканскім фестывалі сямейных ансамбляў у Слоніме, дзе стаў дыпламантам, а 20 красавіка 1994 года мы адны з першых у краіне за плённую працу па папулярызацыі беларускага музычнага мастацтва атрымалі званне "Народны аматарскі калектыў". Гэта была ашаламляльная падзея для ўсіх нас! У гэтым жа годзе мы атрымалі Ганаровую грамату Прадстаўніцтва ААН у Рэспубліцы Беларусь за распаўсюджванне ідэі сямейнай творчасці.
У наступныя два гады прынялі ўдзел у Міжнародным фестывалі сямейнай творчасці ў польскім горадзе Добра Мяста. На тэлевізійным фестывалі "Залатыя ключы" ў горадзе Клецку сталі дыпламантамі, а ў заключным туры, што праходзіў у Салігорску, - лаўрэатамі. Бралі ўдзел у канцэртных праграмах на рэспубліканскім свяце "Дажынкі" ў Мастах, Лідзе, Маладзечне, IV абласным фестывалі нацыянальных культур у Гародні, удзельнічалі ў шэрагу перадач на беларускім тэлебачанні. У 2017 годзе сталі лаўрэатамі І ступені ў V Рэспубліканскім фестывалі сямейнай творчасці "Жывіце ў радасці" ў г. Слонім у намінацыі "Вакальнахаравы жанр".
Мы пастаянна адчувалі і адчуваем падтрымку дзяржавы, за што вельмі ўдзячны. Да 20-годдзя калектыву нам падарылі яшчэ адзін камплект сцэнічных касцюмаў, абнавілі гукавую апаратуру, частку інструментаў.
Сваякі і аднадумцы
- Хто сёння спявае ў народным калектыве ды падтрымлівае брэнд "Парфенчыкі"?
- Жыццё імчыцца на дзіва хутка. Неўзабаве падраслі і далучыліся да нашай творчай суполкі наш сын Дзяніс і дачка Ганначка, сын Зінаіды - Ігар з жонкай Алай і іх дачка Ілона, дачка Зінаіды - Юлія, сын Сафіі - Арцём. На пачатку 2000-х гадоў наш ансамбль налічваў ажно 12 чалавек.
Сёння ў калектыве спяваюць ды граюць дзевяць чалавек: я і мая любімая паплечніца жонка Інэса, наша дачка Ганна, мае сёстры Зінаіда, Сафія і Таццяна са сваімі ўнукамі Дзіянай, Вікторыяй і Ягорам. Старэйшаму ўдзельніку сямейнага ансамбля - 63, малодшаму - восем. Усім Парфенчыкам падабаецца дарыць людзям радасць, ствараць настрой, праслаўляць малую радзіму праз песню.
Дарэчы, спецыяльную музыкальную адукацыю маю толькі я, Інэса і Зінаіда. Астатнія члены нашай творчай суполкі сумяшчаюць заняткі музыкай са сваімі прафесіянальнымі заняткамі.
Наша дачушка Ганна хаця і не стала прафесійным музыкантам (эканаміст), але … працуе акампаніятарам у сямейным калектыве. Сын - аўтамеханік, жыве ў Менску, але на святы заўжды прыязджае, каб пабачыцца ды паспяваць разам.
Мы, старэйшае пакаленне Парфенчыкаў, з задавальненнем назіраем, як нашы дзеці і ўнукі паступова захапляюцца беларускім песенным мастацтвам, далучаюцца да творчасці і становяцца актыўнымі ўдзельнікамі ансамбля. Ансамбль - жывы арганізм, які развіваецца, жартуе, сумуе, расце і не старэе душой. Дарэчы, дэвіз нашага ансамбля "Без песні хоць трэсні!".
Што адрознівае нас ад іншых калектываў? Магчыма, каларытнасць гучання. Наша спеўная манера абапіраецца на спалучэнне арыгінальнай мелодыі і паэтычнага зместу, нацыянальныя традыцыі, уменне перадаць фальклорныя песенныя інтанацыі сучаснымі сродкамі. І працуем мы на базе дзяржаўнай установы - Бердаўскага культурна-дасугавага цэнтра - у цудоўным былым маёнтку Дамбавецкіх, які ў 2013-2015 гадах быў капітальна адрамантаваны за кошт абласнога і раённага бюджэтаў, уключаны ў турыстычны маршрут. Адразу значна палепшыліся ўмовы працы культработнікаў і ўмовы для адпачынку працаўнікоў сяла.
Пра Бацькаўшчыну, вёску, сям'ю і каханне
- Пра што спявае народны сямейны ансамбль? І як нараджаюцца песні? Якія каштоўнасці вы нясеце праз жыццё і перадаеце новым пакаленням?
- Рэпертуар ансамбля складаецца пераважна з аўтарскіх песень, якія сачыняю я ды Зінаіда Унучко - Парфенчык. Сямейны ансамбль выконвае таксама беларускія народныя і сучасныя песні, рускія, украінскія, польскія песні ў арыгінальным гучанні. Усе яны - пра Бацькаўшчыну, вёску, сям'ю і каханне. Вечныя тэмы, на якіх трымаецца жыццё.
Візітоўка ансамбля - "Прывітальная", "Беларусь мая", "Успаміны мае аб былым", "Мы ўсе радня", "Стары ўхажор", "Песня родная", "Поле маё, полюшка", "А зязюленька куе" і іншыя.
Кожны твор нараджаюцца па-рознаму. Бывае, натхнішся нейкай ідэяй ды сядзіш думку думаеш, а, бывае, прысніцца песня, нібы нехта прадыктаваў табе яе. Так было з песняй "Мы з вёсачкі - калыскі", якая і дала назву ансамблю. Прачнуўся раніцой і кажу каханай: "Хутчэй запісвай!"
Сваёй творчасцю мы паказваем, як трэба любіць краіну, шанаваць мір і спакой, бо гэта нашы галоўныя здабыткі, трансліруем думку, што песня можа аб'ядноўваць людзей розных прафесій, ўзростаў і падарыць шмат радасці людзям. Праз музыку і паэтычнае слова выказваем любоў да сваёй сям'і і малой Радзімы, Беларусі.
Дарэчы, з маёй любай жонкай Інэсай мы разам амаль сорак гадоў. Навучыліся разумець адзін другога з паўслова, з адной ноты. Гэта той выпадак, калі супалі чалавечыя, творчыя і сардэчныя інтарэсы.
У спадчыну - землякам і нашчадкам
- У Музеі сям'і, які некалькі год назад з'явіўся ў Бердаўскім культурна-дасугавым цэнтры, ёсць цэлы пакой, прысвечаны Вашаму сямейнаму калектыву. Якія экспанаты для Вас самыя дарагія?
- У снежні 2017 года на базе філіяла "Бердаўскі культурна-дасугавы цэнтр" па ініцыятыве аддзела культуры Лідскага райвыканкама, Лідскай раённай арганізацыі "Беларускі саюз жанчын" быў створаны Музей сям'і. Адна зала ў ім прысвечана творчасці народнага сямейнага ансамбля Парфенчыкаў "Мы з вёсачкі-калыскі". Гэта вялікі гонар. Тут сабрана і прадстаўлена вялікая калекцыя экспанатаў з творчай дзейнасці ансамбля, гісторыя калектыва.
Самыя дарагія для нас экспанаты - гэта "Радаслоўнае дрэва" Парфенчыкаў з фотаздымкамі ад прапрадзедаў да нашых унукаў, першыя канцэртныя касцюмы і інструменты калектыва. Усё гэта сёння ўспрымаецца, як гісторыя, мае каштоўнасць для нашага радаводу і, думаю, для ўсіх наведвальнікаў, якія шукаюць сэнс жыцця і сябе.
Дзяржава, абласная і раённая ўлады падтрымліваюць наш ансамбль, а мы ў сваю чаргу падтрымліваем дзяржаву. Я - дэпутат Бердаўскага сельскага Савета на працягу 15 год, актыўна ўдзельнічаю ў жыцці сельсавета, працую з моладдзю, праводжу экскурсіі па старажытным маёнтку Дамбавецкіх і пейзажным парку. Быў памочнікам дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 6-га склікання па Наваградскай акрузе Вольгі Папко, дапамагаў вырашаць праблемныя пытанні землякоў, арганізоўваў сустрэчы.
У 2017 мы адзначылі 495-годдзе Бердаўкі, зладзілі вялікую імпрэзу. Пад час урачыстасцяў успомнілі этапы развіцця нашага аграгарадка, ушанавалі самых сталых і маладых жыхароў, ветэранаў. Нельга не заўважыць, як расцвітае наша малая радзіма, як дзяржава клапоціцца пра людзей, якія ўмовы створаны для працы, адпачынку і творчага развіцця кожнага з нас. Важна захаваць усё гэта.
Мы, вяскоўцы, прагнем, каб на зямлі нашых прашчураў заўжды былі мір і спакой, а людзі сябравалі і паважалі адзін другога. Каб над нашай Радзімай луналі толькі добрыя спевы пра нашу вялікую спадчыну і добразычлівы працавіты народ.
Юбілей - магчымасць азірнуцца назад і ўспомніць старэйшае пакаленне роду, якое перадала нам у спадчыну талент, расказаць пра сваю любоў да Бацькаўшчыны і мовы, свае карані і месца сілы, што трывала трымаюць нас на зямлі, і падзякаваць дзяржаве, уладзе і ўсім, хто нас шануе і падтрымлівае.
Верым, што наперадзе - шмат новых сустрэч з гледачамі і доўгае творчае жыццё сямейнага ансамбля. Імпэту хопіць надоўга. За намі - новыя пакаленні Парфенчыкаў: праз некалькі год, спадзяёмся, у сямейны ансамбль прыйдуць нашы ўнукі…
БІБІКАВА Ала.