Папярэдняя старонка: Культура

Тапіярнае мастацтва Ліды 


Аўтар: Суднік Станіслаў,
Дадана: 04-05-2012,
Крыніца: Лідскі летапісец № 54.



Тапіярным завуць мастацтва фігурнай стрыжкі дрэў і кустоў з мэтай надання ім розных форм. Гісторыя тапіярнага мастацтва пачынаецца яшчэ ў старажытным Рыме (topia, лац. - упрыгожанне садоў), дзе высока шанавалася ўмелая стрыжка раслін. Майстар тапіярнага мастацтва, які ствараў сапраўдныя шэдэўры, карыстаўся славай і павагай.

Другое нараджэнне тапіярнае мастацтва перажывае ў эпоху Рэнесансу - у той час, калі адраджаюцца антычныя традыцыі, і адмысловая цікавасць праяўляецца да чалавека і ўсяго, зробленага яго рукамі. З'яўленне бардзюраў, арак, абвітых магутнымі ліянамі, зялёных пакояў, мудрагелістых лабірынтаў характарызуе тапіярны парк таго часу.

У 17-м стагоддзі тапіярная стрыжка шырока распаўсюдзілася ў Францыі. Тапіярныя фігуры скарыстоўваліся пры стварэнні рэгулярных ландшафтаў.

У 18-м стагоддзі тапіярная стрыжка дабралася да Рэчы Паспалітай, у тым ліку і да паркаў магнатаў Вялікага Княства Літоўскага.

У нашы дні тапіярнае мастацтва ўсё хутчэй набірае абароты. І гэта не дзіўна. Бо тапіярныя скульптуры - сапраўды пышнае відовішча. Тапіярныя сады заўсёды выглядаюць арыгінальна і з'яўляюцца гонарам кожнага садоўніка, які адважыўся на іх стварэнне.

У Беларусі распаўсюджванне тапіярнага мастацтва ўскладнена кліматычнымі ўмовамі, бо асартымент раслін, прыдатных для стрыжкі, даволі-такі абмежаваны. Ціс, граб, самшыт, бук, тапіярная стрыжка якіх шырока скарыстоўваецца ў садах і парках Заходняй Еўропы, могуць не выжыць ва ўмовах нашых адносна суровых зім.

Для большасці гарадоў Беларусі характэрна стрыжка кустоў у форме паралепіпеда ці куба і не больш. Дзе-нідзе можна ўбачыць шар або конус.

Для паскарэння працэсаў фармавання складаных тапіярных фігур прымяняюцца фігуры з кветак і раслін на гатовым тапіярным каркасе - бываюць канструкцыі металічныя і з торфа-сфагнумавым напаўненнем, у якія высаджваюць кветкавыя расліны. Жывуць фігуры з кветак ад аднаго сезону да пяці гадоў, у залежнасці ад таго, аднагадовыя гэта расліны або шматгадовыя, ад якасці догляду і ад клімату.

З 2009 года ў Лідзе побач з прымяненнем традыцыйнай абрэзкі дрэваў і кустоў, а таксама мастацкай высадкі кветак пайшлі на стварэнне перасоўных тапіярных фігур на аснове металічнага каркаса, што дазваляе выкарыстоўваць цёплалюбівыя расліны, у першую чаргу самшыт. На зіму гэтыя фігуры прыбіраюцца ў закрытае памяшканне.

Ідэя стварэння каркасных тапіярных фігур у Лідзе належыць начальніку Лідскай ЖКГ Сяргею Саўко, мастацкую распрацоўку першых фігур ажыццявіў выпускнік Менскай дзяржаўнай мастацкай вучэльні імя Глебава Іван Красачка. Выканалі фігуры ў матэрыяле работнікі "Зеленгаса" пад кіраўніцтвам Андрэя Ніціеўскага. Каркас тапіярнай фігуры - гэта не проста набор стоек і перакладзін. Каркас тапіярнай фігуры павінен вырашаць задачы формы, размяшчэння грунту, рэгулярнага паліву, ну і, канешне, утрымліваць усю канструкцыю. 18 лістапада 2009 года Сяргей Саўко, Андрэй Ніціеўскі і Іван Красачка падалі заяўку, а 15 чэрвеня 2010 года атрымалі "Патэнт на каркасную мадэль № 6562. Канструкцыя тапіярнай металічна-скульптурнай формы". Трэба разумець, што Ліда аказалася ў гэтым пытанні на перадавых пазіцыях.

Практычную рэалізацыю тапіярных праектаў у Лідзе ажыццяўляюць на сёння многія людзі, у першую чаргу дызайнеры і рабочыя "Зеленгаса". Для стварэння фігур прымяняецца традыцыйны самшыт, а таксама хрызантэмы, аксаміткі, віёлы.

Па матэрыялах, прадстаўленых адміністрацыяй Лідскага гарадскога парку артыкул падрыхтаваў Станіслаў Суднік

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX