Летам 2019 года ў Лідскім раёне на рэчцы Дзітва адбылася экалагічная катастрофа.
Усё пачалося 11 чэрвеня, калі мясцовыя жыхары ўбачылі процьму дохлай рыбы ў рацэ Дзітве ў раёне вёскі Даржы, за 16 кіламетраў ад Ліды. Кажуць, што толькі ў адным месцы рыбакі дасталі з вады, каб не забруджвала рэчку, 200 кілаграмаў гнілой рыбы. Вяскоўцы сказалі актывістам, што знайшлі цэлую сям'ю дохлых баброў.
Актывісты з Лідскага раёна паехалі шукаць прычыны. Каля вёскі Шырокае, якая пачынаецца адразу за Лідай, вяскоўцы паказалі трубу, з якой льюцца брудныя сцёкі. На шэрай вадзе - пена і чорныя плямы невядомага паходжання. Моцна смярдзіць каналізацыяй. Труба ідзе ад ачышчальных збудаванняў Лідскага ЖКГ. Бруд цячэ ўжо 10 дзён. Так доўга - упершыню.
Грамадскія актывісты з Бярозаўкі абследавалі ўвесь шлях, па якім ідуць шкодныя скіды, якія атруцілі Дзітву і па ёй далей трапляюць у Нёман. Каля вёскі Шырокая на ўскрайку Ліды ідзе актыўны скід нечыстотаў у ручай. Ідзе гэты калектар з ачышчальных збудаванняў Лідскага ЖКГ.
Адразу, 11 чэрвеня, службы прыродааховы ўзялі пробы вады. Аналіз робіцца тыдзень. Цягам гэтага часу людзям не казалі пра магчымае забруджванне.
Начальнік аддзела кантролю за аховай і выкарыстаннем атмасфернага паветра і водных рэсурсаў Гарадзенскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Наталля Гульніцкая паведаміла, што пробы вады на выхадзе з ачышчальных збудаванняў Лідскай ЖКГ паказалі перавышэнні дапушчальных канцэнтрацый шэрагу рэчываў, у тым ліку фосфару і азоту. Гэта забрудзіла раку.
Да таго ж, па словах Гульніцкай, перамерлі бактэрыі (або актыўны глей), якія перапрацоўваюць нечыстоты ў ачышчальных збудаваннях. Менавіта яны паўтваралі на рацэ чорныя плямы.
Аднак супрацоўніца камітэта прыродных рэсурсаў патлумачыла, што пакуль нельга звязваць мор рыбы з забруджваннем. Рыба паздыхала ад недахопу кіслароду, узровень якога быў у 20 разоў ніжэйшы за дапушчальны мінімум. Чаму так адбылося, высвятляе Лідская міжраённая інспекцыя жывёльнага і расліннага свету. Яны ж падлічваюць нанесеную прыродзе шкоду.
Намеснік дырэктара лідскага "Водаканала", які ўваходзіць у структуру ЖКГ, Ігар Аляшкоўскі яшчэ 19 чэрвеня (на дзявяты дзень ад першага паведамлення пра бруд) запэўніваў, што ў ваду нічога шкоднага не злівалі.
"Ачышчальныя збудаванні працуюць стабільна, ніякіх зліваў, ніякай аварыйнай сітуацыі на гарадскіх ачышчальных збудаваннях не было... Ніякіх мёртвых рыбаў у месцы адбору пробаў каля калектара не назіралася, не было ніякіх выкідаў, нічога не было... Мы нават бачылі жывога бабра", - сказаў Ігар Аляшкоўскі.
Па ягоных словах, мор рыбы здарыўся ў сувязі з аранжавым узроўнем небяспекі па ўсёй Беларусі, з прычыны высокіх тэмператур. На ягоную думку, сваю ролю адыгралі тутэйшыя тарфянікі, якія спрыялі змяншэнню ўзроўню кіслароду ў вадзе, і цвіценне водарасцяў.
Каб прыцягнуць увагу грамадскасці, актывісты з Гарадзеншчыны пісалі пра праблему ў сацыяльных сетках. Грамадскія актывісты Вітольд Ашурак і Сяргей Пантус прыйшлі на прыступкі Лідскага райвыканкама з плакатам "Мёртвая Дзітва". Гарадзенскі краязнавец Мечыслаў Супрон вывесіў на Старым мосце ў Гародні расцяжку "Нёман атручаны Лідскай ЖКГ".
Вітольда Ашурка і Сяргея Пантуса лідскі суд аштрафаваў кожнага на 255 рублёў (10 базавых) 20 чэрвеня. Мечыслава Супрона выклікалі на размову ў міліцыю.
Вітольд Ашурак звярнуўся ў пракуратуру з патрабаваннем знайсці вінаватых у забруджванні ракі Дзітвы і Нёмана. Па факту забруджання летам 2019 рэчак Дзітва і Нёман Следчым камітэтам Лідскага раёна была распачата крымінальная справа. Паралельна з гэтым журналісцкае раследаванне выявіла наўпроставую сувязь паміж экалагічнай катастрофай Дзітвы і Нёмана і злівам нечыстот Лідскім ЖКГ. Але, неўзабаве крымінальная справа была спынена.
Вітольд Ашурак зноў звярнуўся ў пракуратуру.
"У адпаведнасці з патрабаваннямі арт. 138 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса дзеянні і рашэнні органа, які вядзе крымінальны працэс, могуць быць абскарджаныя ва ўстаноўленым парадку ўдзельнікамі крымінальнага працэсу, а таксама іншымі фізічнымі асобамі, калі праведзеныя працэсуальныя дзеянні і рашэнні закранаюць іх інтарэсы", - адказаў пракурор Дмухоўскі.
І тут жа заявіў, што Ашурак па гэтай справе не з'яўляецца асобай, якая "мае права абскардзіць дзеянні і рашэнні Следчага камітэта".
"Дадаткова паведамляю, што 19 сакавіка намеснікам начальніка КПК УСК па Гродзенскай вобласці пастанова аб прыпыненні папярэдняга раследвання па крымінальнай справе па факту забруджвання ракі Дзітва адмененая, вытворчасць па крымінальнай справе адноўлена", - дадаў чыноўнік.
І хоць вінаватых так і не знайшлі, змаганне актывістаў мела плён. Было выдзелена фінансаванне на частковае вырашэнне праблемы.
Сёння, каб зрабіць замеры хімічнага складу сцёкавых вод, якія паступаюць на ачышчальныя збудаванні горада Ліды, спецыялістам даводзіцца браць пробы асабіста. Але зусім хутка такія працэдуры будуць тут праходзіць у аўтаматычным рэжыме. Цяпер рэканструкцыя знаходзіцца ў актыўнай фазе: пабудова з паўвекавой гісторыяй мае патрэбу ў ёй ужо даўно. У пытаннях водаачышчэння разбіралася карэспандэнт "Рэспублiкi".
Курс на пераўзбраенне
Аб'ёмы сцёкавых вод, з якімі сёння штосутачна здольныя справіцца ачышчальныя збудаванні вытворчасці вадаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі Лідскага ГУП ЖКГ, - гэта максімум 28 000 кубічных метраў. Начальнік гэтай арганізацыі Юры Бярцэвіч распавядае:
- Гэтага катастрафічна мала, бо ў сярэднім аб'ём сцёкавых і іншых вод, якія паступаюць сюды, перавышае 30 000 кубаметраў, а з улікам паводкавых і дажджавых вод лічба павялічваецца да 45 000.
Якасны склад паступаючага сцёку ў параўнанні з запраектаваным павялічыўся амаль удвая - усё гэта е магло не адбіцца на якасці ачысткі. Акрамя таго, як удакладняе інжынер-тэхнолаг Алена Міхнавец, з 2012 года ў краіне ў адпаведнасці з міжнароднымі патрабаваннямі змяніліся нормы па ачыстцы сцёкаў:
- Старыя тэхналогіі з гэтымі патрабаваннямі ўжо не спраўляюцца. Але, трэба прызнаць, гэта праблема не толькі Ліды, а ў цэлым састарэлага абсталявання і тэхналогій вадаканалаў краіны.
Каб адпавядаць патрабаванням, неабходна было падумаць пра мадэрнізацыю і рэканструкцыю. Але дзе ўзяць сродкі на дарагія праекты? Рашэнне, успамінае Юры Бярцэвіч, прыйшло каля пяці гадоў назад.
- Менавіта тады Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі прыняло праграму па водным сектары, якая прадугледжвае фінансаванне, у тым ліку за кошт крэдытных крыніц міжнародных фінансавых устаноў. Сістэма водаадвядзення горада Ліды ўключана ў інвестпраграму па водным сектары, фундаваную Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця.
Праграма працуе з 2015 года. Што ў планах? Устаноўка новых рашотак, будаўніцтва зліўной станцыі, рэканструкцыя пескаловак, першасных адстойнікаў, аэратэнкаў з вылучэннем зон нітрыфікацыі і дэнітрыфікацыі, другасных адстойнікаў, будаўніцтва дадатковых аэратэнкаў і другаснага адстойніка, закупка паветранадзімалак і аўтаматызацыя працэсаў ачысткі сцёкавых вод.
- Але ўсяму гэтаму папярэднічала вялікая падрыхтоўчая праца, - кажа Юры Бярцэвіч. - Ад тэхніка-эканамічнага абгрунтавання рэканструкцыі, поўнага аналізу сітуацыі да падпісання крэдытных дамоў. На сёння тэхнічны кансультант падрыхтаваў базавы праект, і мы змаглі абвясціць тэндар па выбары генпадрадчыка на рэканструкцыю. Спадзяёмся вызначыць яго ўжо ў красавіку. Па дарожнай карце рэканструкцыю ачышчальных збудаванняў завершым за тры гады.
Што плануецца змяніць? Першае і самае галоўнае, адзначае Алена Міхнавец, - гэта павелічэнне максімальнай магутнасці збудаванняў да 46 000 кубаметраў, а сярэдняя прадукцыйнасць складзе 33 500 кубаметраў.
- Гэтага будзе дастаткова, каб справіцца з любой сітуацыяй. Усе заяўленыя лічбы не выпадковыя: кожная выверана і пралічана, у тым ліку з улікам развіцця горада на перспектыву. Вядома, мы хочам таксама вырашыць праблему з ачысткай вады, улічаваючы патрабаванні па біягенных элементах. Працэсы будуць аўтаматызаванымі, і сітуацыю можна будзе адсочваць з манітора кампутара ў рэжыме анлайн, - кажа Алена Міхнавец.
У доўгатэрміновай перспектыве будзе вырашана праблема і з глеевымі адкладаннямі: плануецца пабудаваць біягазавую ўстаноўку, якая, акрамя таго, дапаможа прадпрыемству ў будучыні зэканоміць на электрычнасці.
Ад лакальнага да глабальнага
Але рэканструкцыяй толькі аднаго прадпрыемства, нават самай лепшай, праблему ачысткі вод не вырашыць, калі да яе не падключыцца аднаго з галоўных забруджвальнікаў - прамысловасць. Бо, на сёння толькі ў Лідзе каля 30 адсоткаў сцёкаў належыць прадпрыемствам горада. Больш таго, па словах Алены Міхнавец, вялікая частка гэтых прадпрыемстваў не мае лакальных ачышчальных збудаванняў, а тыя, што ёсць, сучасным патрабаванням бяспекі адпавядаюць мала. Аднак і гэта праблема выходзіць за рамкі аднаго горада.
Да шчасця, ужо сёння ў рэгіёне ўсе прадпрыемствы, якія будуюцца з нуля (гэта палітыка і водаканала, і ў цэлым мясцовых уладаў) павінны мець лакальныя ачышчальныя магутнасці. Калі гэтага не рабіць, кажуць спецыялісты, выдаткі на ачыстку агульнагарадскіх сцёкаў павялічацца, а пастаўленая задача вырашана не будзе.
Аднак відавочна, што будаўніцтва лакальных ачышчальных збудаванняў - пытанне не аднаго дня. Таму, адзначае Юры Бярцэвіч, устаноўлены адпаведныя тэрміны для рашэння гэтай праблемы, і яны адсоч-ваюцца райвыканкамам і ЛГУП ЖКГ.
Такім чынам экалагічная катастрофа на Дзітве і рэканструкцыя ачыстных збудаванняў звязаліся наўпрост. Засталося адно толькі пытанне, за што плацілі штрафы Пантус і Ашурак?