Папярэдняя старонка: Палітычныя рухі

КПЗБ у Лідзе 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 03-06-2024,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. 100 гадоў КПЗБ. КПЗБ у Лідзе // Лідскі Летапісец. 2023. № 4(104). С. 18-59.

Спампаваць




1924-1929.

1929-1934.

Лідскія камуністы ў 1932 - 1934 гг.

«Лідская рэвалюцыя».

Лідскія камуністы ў 1936-1937 гг.

1938 г.

1939 г. 27

Накірункі дзейнасці камуністаў Ліды.

Партыйная літаратура.

Праца з легальнымі грамадскімі арганізацыямі.

МОПР.

Уцёкі ў БССР.

Праца камуністаў ў войску.

Асабістае жыццё камуністаў.

Дзейнасць камуністаў на прадпрыемствах.

Падсумаванне.

Дадатак: "Лідская рэвалюцыя" у нарысах Юзафа Мацкевіча.

Як гэта было ў Лідзе.

Праўдзівае аблічча і неверагодныя подзвігі Звязу звязаў у гуце шкла "Нёман".

Супраць працы ў часы безпрацоўя. Чарговы страйк у Лідзе.

Суд вялікіх недагаворак. Першы дзень камуністычнага працэсу ў Лідзе.

Другі дзень камуністычнага працэсу ў Лідзе. Загаворшчыкі ці правакатары?! Сенсацыйны бруд за кулісамі агульнага фронту ЗЗ і камуністаў.


У канцы кастрычніка 1923 г. на канферэнцыі прадстаўнікоў Беластоцкага, Берасцейскага і Віленскага акруговых партыйных камітэтаў у Вільні, згодна з рашэннем II-га з'езда Камуністычнай рабочай партыі Польшчы, які прызнаў мэтазгодным стварэнне беларускай тэрытарыяльнай партыйнай арганізацыі, была арганізацыйна аформлена Камуністычная партыя Заходняй Беларусі. У партыйных арганізацыях на момант абвяшчэння КПЗБ налічвалася 528 чал. Такім чынам, Камуністычная партыя Заходняй Беларусі, якая ўваходзіла ў склад Камуністычнай партыі Польшчы на правах тэрыятарыяльна-аўтаномнай арганізацыі, была створаная 100 гадоў таму [1].

Выпадкова ці не, але якраз у канцы 1923 г. лідскі стараста звярнуўся да наваградскага ваяводы з просьбай пачаць разбудову агентуры ў сваім павеце: «Інфармацыйная агентура […] патрабуе агульнай рэарганізацыі, - пісаў ён. - На гэта ёсць некалькі прычын, а менавіта: Лідскі пав. з'яўляецца адным з найвялікшых паветаў ва ўсёй Рэчы Паспалітай, а яго насельніцтва - змешанае. Тут жывуць беларусы, літоўцы, палякі, а cам павет знаходзіцца на мяжы з Літвой. У такіх умовах запатрабаванай з'яўляецца як мага шырэйшая дзейнасць агентуры. На жаль, зрабіць гэта немагчыма пры сённяшнім нешматлікім складзе агентуры з сямі чалавек разам з кіраўніком, якія да таго ж маюць нізкі інтэлектуальны ўзровень. Адсутнасць спецыяльных крыніц фінансавання на ўтрыманне канфідэнтаў дадаткова ўскладняе працу […]. Некаторыя з агентаў, працуючы доўгі час у адных і тых жа асяродках, ужо паспелі дэканспіравацца». У канцы дакумента стараста прасіў павялічыць выдаткі на арганізацыю выведкі да 3 мільёнаў марак і павялічыць колькасць агентаў амаль у два разы. У адказ з Наваградка прыйшла катэгарычная адмова. Таму, на пачатку 1920-х гг. неабходная інфармацыя, патрэбная для супрацьдзеяння камуністычнаму падполлю, здабывалася ўладамі з вялікай цяжкасцю [2].

Вядома, што першапачаткова, падчас польска-савецкай вайны 1919-1920 гг. ролю галоўнага арганізатара ўнутранай службы бяспекі выконвалі польскія вайсковыя службы. Аднак, бліжэй да восені 1921 г. пачалася ліквідацыя органаў дэфензівы пры польскай арміі, а іх абавязкі разам з архівамі і сеткай канфідэнтаў перадаваліся мясцовай паліцыі. Таму, без разгалінаванай сеткі інфарматараў органы бяспекі часта не панавалі над сітуацыяй. Яшчэ ў 1921 г. лідскі стараста Здановіч прасіў ваяводу прыслаць яму «некалькіх здольных тайных агентаў, якія б, з аднаго боку, сачылі за антыдзяржаўнай агітацыяй, а з другога назіралі за дзейнасцю мясцовай адміністрацыі, што дазволіла б зменшыць злоўжыванні з боку мясцовых функцыянераў і паспрыяць росту даверу да ўлады з боку мясцовага насельніцтва» [3].

Цікава, што на пачатку кіраўніцтва Камуністычнай партыі Польшчы, а разам з ім і кіраўнікі КПЗБ, выступалі супраць індывідуальнага тэрору. Але ўжо ў сярэдзіне 1920-х гг. у сувязі з выкарыстаннем польскімі службамі бяспекі агентаў для ліквідацыі канспірацыйных устаноў пашыраецца гэтак званы «ахоўны тэрор», які пазней быў зацверджаны на партыйных канферэнцыях КПЗБ. Ужо напрыканцы 1925 г. ЦК КПЗБ заклікаў працоўных «самім пазбаўляцца правакатараў» [4].

1924-1929

Камуністычныя арганізацыі ў Польшчы былі па-за законам. Тым не менш у канцы 1924 г. у шэрагах КПЗБ налічвалася 2 296 чал., аб'яднанных у 433 гурткі, 45 райкамаў і 6 акруговых камітэтаў, а ў канцы 1927 г. - 3 254 чал. У 1924-1929 гг. дзейнічалі 6 акруговых (Баранавіцка-Слонімскі, Беластоцкі, Берасцейскі, Віленскі, Гарадзенскі, Пінскі) і больш за 50 раённых камітэтаў КПЗБ. У сакавіку 1932 г. у КПЗБ налічвалася 3 600 чалавек, з іх каля 20% пражывала ў гарадах і каля 80% - у вёсцы. У перыяд з 1933 па 1934 г. КПЗБ налічвала ў сваіх шэрагах ад 3 800 да 4 000 чал. У гэты перыяд дзейнічалі 11 акруговых (Лідскі, Маладзечанскі, Наваградскі, Пастаўска-Глыбоцкі, Свянцянска-Браслаўскі) і больш за 90 раённых камітэтаў партыі. Пад кіраўніцтвам КПЗБ дзейнічалі Камуністычны саюз моладзі Заходняй Беларусі і Міжнародная арганізацыя дапамогі рэвалюцыянерам Заходняй Беларусі, філія Міжнароднай арганізацыі дапамогі барацьбітам рэвалюцыі МАДР, па-руску «МОПР» [5]. Ва ўсіх тэкстах лідскай паліцыі выкарыстоўвалася рускамоўная абрэвіятура «МОПР», гэтак жа і без двукосся, буду выкарыстоўваць яе і я.


У красавіку 1926 г. выязная сесія Акруговага віленскага суда разглядала справу сяброў камуністычнай арганізацыі, якая дзейнічала ў Лідзе і ваколіцах. Перад судом паўсталі кіраўнік арганізацыі Клінцэвіч з шараговымі чальцамі Карнавухам, Шыдлоўскім і Анжыным. Пры тым, што суд меў усе неабходныя доказы, усе абвінавачаныя не прызналі сваё сяброўства ў камуністычнай партыі. Паліцыя знайшла шмат дакументаў, якія даказвалі віну падсудных: партыйныя пасведчанні, падпісаныя Клінцэвічам, розныя партыйныя цыркуляры, дастаўленыя ў Ліду з Менска, дакументы, якія паказвалі неаднаразовую прысутнасць падсудных у Менску і г. д. Абвінавачаныя актыўна вялі партыйную працу на Лідчыне: стваралі камсамольскія ячэйкі, вялі агітацыю і выконвалі атрыманыя з Менска партыйныя даручэнні. Сведкамі на працэсе выступалі супрацоўнікі паліцыі. Дарэчы, пракурор заўважыў, што згодна з апошнімі партыйнымі інструкцыямі камуністы не павінны захоўваць партыйныя пасведчанні ці іншыя дакументы, якія паказваюць іх сувязь з камуністычнай партыяй. Адвакат, ратуючы падсудных, даказваў, што Карнавух і Шыдлоўскі (абодва 1903 г. н.) пераходзілі польска-савецкую мяжу, ратуючыся ад прызыву ў польскае войска, што было значна меншай правінай, чым прыналежнасць да КПЗБ. У выніку Клінцэвіч быў асуджаны на 3, а іншыя камуністы на 2 гады турмы [6].

У газеце «Беларускае Слова», якая належала паланафільскай Беларускай Нацыянальнай Радзе, жыхар Ліды пісаў: «У нас моцна пачала працаваць Грамада і ахапіла вялікія абшары. Нашая ж газета перастала выходзіць нармальна, бо Бел. Нац. Рада ня мае сродкаў. У гэты момант, мне здаецца, трэба вось што рабіць. Нам усім - як працаўнікам, сябрам і прыхільнікам трэба на гэтую мэту злажыць патрэбную суму грошай, хто сколькі можа ... я пэўны, што беларусы адклікнуцца і падтрымаюць сваю нацыянальную газету (бо) Грамада на бальшавіцкія грошы шле і раздае дарма сваю атручаную газету і літаратуру ў вялікім ліку» [7]. Аўтар «Праваслаўны беларус» з Лідчыны ў той жа газеце заклікаў хрысціян усіх канфесій змагацца з камуністамі, бо «камунізм гэта жыццё без Бога ... ягоная мэта - зьняважыць вобраз Хрыста і Яго вучэньне ... . У сумежнай нам Маскоўшчыне замучылі шмат паважаных духоўнікаў ... а так сама веруючых хрысціян, якія баранілі сваю веру і сьвятыні. Лічба гэтых мучанікаў дасягае страшэннай цыфры. ... Усё гэта церпяць і нашыя браты-беларусы з Усходняй Беларусі» [8].

1929-1934

Да пачатку 1930-х гадоў КПЗБ налічала 4 000 чалавек. Акрамя таго, каля 3 000 чальцоў партыі стала знаходзіліся ў турмах.

У Лідзе 7 лютага 1930 г. пачаўся суд над жыхаром г. Ліды Лейбам Беліцкім, якога абвінавачвалі ў членстве ў КПЗБ, «якая мае за мэту зруйнаваць дзяржаўны лад РП і пасягае на тэрытарыяльную цэласнасць дзяржавы праз адрыванне ўсходніх ваяводстваў і далучэнне іх да Савецкай Расіі». Лейба Беліцкі атрымаў 4 гады турмы ўзмоцненага рэжыму [9]. У сакавіку таго ж года газета «Наваградскае жыццё» паведаміла аб ліквідацыі ЦК КПЗБ - «у ЦК не было ніводнага беларуса» [10].

29 мая 1931 г. у Лідзе пачаўся суд над 9-цю камуністамі - членамі мясцовага камітэта КПЗБ. На лаве падсудных знаходзіліся Кратко Зэлман Гірш, Васілеўскі Людвік, Місялевіч Зішаль, Кель Уладзіслаў, Гельман Абрам, Аржахоўскі Мардух, Дабчэўскі Гірш і Рыбак Ян. Адзін з гэтай васьмёркі, нейкі Дабчэўскі, не быў арыштаваны і меў вольны доступ у суд. Пад канец працэсу ён зразумеў, што наперадзе - турма, выйшаў з залы і знік. Дабчэўскі (завочна) і яшчэ адзін камуніст атрымалі па 6 гадоў турмы, два лідары Лідскага камітэта - па 8 год турмы (адзін з іх - Кратко Зэлман). Ян Рыбак быў апраўданы [11].

У сярэдзіне кастрычніка таго ж года пачаўся «працэс маладых камуністаў. Учора Акруговы суд у Лідзе распачаў разгляд справы маладых камуністаў Міхала Ката, Сямёна Варанка, Яна Гардзейчыка і Паўла Хільмановіча ... . Разгляд працягваўся некалькі гадзін. У якасці доказаў віны паліцэйскія ўлады прапанавалі суду вялікую колькасць улётак і асабістую карэспандэнцыю. Некаторыя лісты дасылаліся з Францыі. Суд прыгаварыў Ката і Варанка да 6 месяцаў турмы, а астатніх падсудных апраўдаў, пакінуўшы іх пад наглядам паліцыі» [12].

Пры канцы лютага 1933 г. Лідскі Акруговы суд прыгаварыў камуністаў - жыхароў Іўя - Мойшу Шмуйловіча (узрост 19 галоў) да 4 гадоў турмы і пазбаўлення грамадзянскіх правоў на 4 гады, Ёселя Рогава (узрост 18 гадоў) і Янкеля Беранштайна (узрост 18 гадоў) да 2 гадоў турмы і пазбаўлення грамадзянскіх правоў на 4 гады, Жынеля Бакшта (узрост 18 гадоў) да 2 гадоў турмы і пазбаўлення грамадзянскіх правоў на 2 гады, Вольфа Янкялевіча (узрост 21 год), Лейзара Шмуклера (узрост 17 гадоў) і Хаіма Лібермана (узрост 17 гадоў) да 2 гадоў папраўчага дома [13].


Паводле польскай паліцыі, канфідэнтаў можна было падзяліць на тры катэгорыі: «ганаровыя», платныя ды выпадковыя. Найбольш дакладнымі і сумленнымі з'яўляліся «ганаровыя» канфідэнты, бо яны дапамагалі органам паліцыі выключна з ідэалагічных прычын і патрыятычных пачуццяў. Платныя канфідэнты за невялікім выключэннем не карысталіся добрай рэпутацыяй і даверам, аднак менавіта гэтая катэгорыя канфідэнтаў найчасцей выкарыстоўвалася органамі паліцыі. Паліцыя лічыла найбольш эфектыўным мець інфарматараў непасрэдна сярод сяброў антыдзяржаўных арганізацый [14]. Якраз такім платным і эфектыўным канфідэнтам быў агент у Лідзе Чорны, пра якога пойдзе вялікая гаворка ніжэй.

Трэба адзначыць, што маральная і чалавечая якасць канфідэнтаў не заўсёды задавальняла кіраўніцтва паліцыі. Напрыклад, у сярэдзіне 1920-х гг. фельчар Андрэй Булер (ён жа Земайціс) і музыкант Юзаф Квіро пасля таго, як былі звольнены з працы канфідэнтаў палітычнай паліцыі ў Лідзе, самі аказаліся пад наглядам службаў бяспекі. Высветлілася, што Булер займаецца нелегальнай медыцынскай практыкай. Фактычна кіраўнік выведкі ў Лідзе Станіслаў Яскаржынскі прыняў іх на працу толькі на падставе допісу на візітцы свайго беластоцкага калегі з той нагоды, што будучыя агенты ведалі літоўскую мову і надаваліся для працы на мяжы з Літвой [15].

Гісторык Андрэй Чарнякевіч падрабязна расказаў пра Алену Лужыс - канфідэнта польскай паліцыі ў літоўскім нацыянальным руху, кіраўнічку літоўскай «святліцы» ў вёсцы Дубічы (раней у Лідскім павеце, сёння ў Варэнскім раёне Літвы). Яна была дэканспіраваная і потым доўга шукала працу і звярталася па падтрымку да польскіх уладаў. У рэшце-рэшт Алене Лужыс удалося ўладкавацца на працу: спачатку ў бібліятэку ў Лідзе, а пасля ў мясцовы кааператыў «Еднасць». Цікава, што адразу пасля ўсталявання новай улады Алена Лужыс пачала шукаць месца службы ўжо ў савецкіх установах. Захаваліся яе заявы, пададзеныя ў лідскую ашчадную касу, паштовае аддзяленне і на чыгунку, а ў далучаных аўтабіяграфіях на расійскай мове былая агентка згадвала сялянскае паходжанне. У выніку на кароткі час яна ўладкавалася санітаркай у мясцовы шпіталь (па іншых звестках - санітаркай у службу хуткай дапамогі). 7 верасня 1940 г. Лідскі аддзел НКУС на падставе прадстаўленых дакументаў польскай паліцыі абвясціў яе ў вышук. Цікава, што ў савецкіх органаў бяспекі не атрымалася хутка знайсці былую канфідэнтку. Алена Лужыс была арыштавана толькі ў лютым 1941 г. Увесь гэты час яна заставалася ў горадзе. Праз два месяцы, 28 мая 1941 г. жанчына была асуджана на 5 гадоў. Цікава, што ў судовай справе яна фігуравала як «беларуска» [16].


Данясенні агента польскай паліцыі па мянушцы Чорны за 1932-1937 гг. датычаць дзейнасці Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі (КПЗБ) у г. Лідзе і дазваляюць як вызначыць рэальныя ўплывы камуністаў у жыцці горада, так і даць ацэнку эфектыўнасці працы канфідэнта.

У гэтай частцы я буду шмат спасылацца на даклады канфідэнта паліцыі, вядомага пад псеўданімам Чорны. Яго асабістая справа захоўваецца ў Дзяржаўным архіве Гарадзенскай вобласці. На вокладцы пазначана, што агентам быў Мікалай Ляўковіч. У справе насамрэч прысутнічаюць асабістыя паперы Ляўковіча Мікалая Пятровіча, 1907 г. нар., завербаванага 27 кастрычніка 1930 г. Але ўдалося высветліць, што яшчэ ў чэрвені 1931 г. ён уцёк у СССР [17], дзе працаваў шафёрам на Ірбіцкім металургічным камбінаце ў Свярдлоўскай вобл. 12 кастрычніка 1937 г. Мікалай Ляўковіч быў арыштаваны органамі НКУС, асуджаны і расстраляны 21 лістапада 1937 г. [18]

Такім чынам, ён не мог быць канфідэнтам Чорным. Згаданая архіўная справа Чорнага пачынаецца якраз з інфармацыі пра камуніста Мікалая Ляўковіча і яго атачэнне ў Баранавіцкім пав. Відавочна, мела месца памылка кагосьці з паліцэйскіх чыноў, які далучыў уліковую картачку канфідэнта Ляўковіча пасля яго ўцёкаў у СССР да асабістай справы Чорнага.

Снежнем 1932 г. датуецца першае з захаваўшыхся паведамленняў ад канфідэнта «Чорнага» ў Лідзе. У тэчцы ляжаць не інфармацыя інфарматара, а адмыслова аформленыя і ўжо апрацаваныя паліцэйскія паведамленні, якія звычайна пачынаюцца са спасылкай на нумары ранейшых паведамленняў па тэме і словамі: «Чорны інфармуе…» ці «Ч. інфармуе….». Тут жа могуць быць напісаныя і даручэнні канфідэнту пра неабходнасць далейшай распрацоўкі тэмы, і ёсць ацэнка якасці прадстаўленай інфармацыі, звычайна: «Інфармацыю можна лічыць верагоднай, яна пацвярджаецца паказаннямі …».

Заўважу таксама, што ў паведамленнях Чорнага маюцца вялікія пропускі, якія звычайна супадаюць з арыштамі камуністаў. Магчыма, нехта ў свой час выняў гэтыя даносы Чорнага са справы.

Лідскія камуністы ў 1932 - 1934 гг.

Калі не блытаюся ў падліках, у 1931 г. камуністычная арганізацыя ў Лідзе была разгромленая ўжо ў трэці раз. Пасля гэтага камуністы чацвёрты раз аднавілі сваю працу ў горадзе і павеце, але зараў за імі ўжо цікаваў канфідэнт "Чорны".

У 1932 г. «Чорны» (далей пачну пісаць без двухкосся) ужо меў сталыя кантакты сярод лідскіх камуністаў і карыстаўся іх поўным даверам. Я вывучыў яго паведамленні і магу з адказнасцю цвердзіць, што працаваў ён з вялікай жарсцю і выдатнымі вынікам. У маленькім горадзе не грэбаваў нават вонкавым назіраннем - калі трэба, працаваў звычайным філёрам, стала ўдзельнічаў у камуністычных сходах, а пра вынікі нарадаў больш высокага ўзроўню, на якія сам патрапіць не мог, даведваўся ад асоб, якія на тых нарадах прысутнічалі. Ужо з яго першых даносаў бачны высокі ўзровень канфідэнта - ён падрабязна расказвае нават пра тое, сведкам чаго не быў. Вывучаючы яго паведамленні, можна зрабіць высновы, што яго крыніцамі з'яўляліся самі ўдзельнікі і відавочцы, якія потым пераказвалі Чорнаму падзеі, на якіх прысутнічалі. Канфідэнт меў талент камунікацыі з людзьмі, талент выклікаць да сябе абсалютны давер. Яго праца працягвалася гадамі, і ніхто не задаваў сабе пытанне, «а чаму я ўсё расказваю гэтаму чалавеку?» Чорны карыстаўся поўным даверам з боку сваіх таварышаў, і камуністы, штодзень ходзячы пад пагрозай арышту, здагадваліся пра правакатараў у сваіх шэрагах, але чамусьці менавіта Чорнаму давяралі абсалютна.

Усе 5 гадоў, за якія маюцца дакументы дзейнасці Чорнага ў Лідзе, ён знаходзіўся дзесьці на 3 - 4 прыступках партыйнай іерархіі, калі лічыць ад сакратара гаркама КПЗБ у Лідзе (далей - ГК КПЗБ Ліда ці проста ГК). Паліцыя ведала амаль што ўсё пра дзейнасць лідскіх камуністаў, але іх арышты праводзіла серыямі - арыштаваўшы членаў гаркама, заўсёды пакідалі камуністаў сабе «на развод», магчыма, каб не застацца без працы. І камуністы хутка абіралі новы гаркам, склад якога таксама быў вырачаны на арышт. Таму з сумнай усмешкай чытаў я пра канспіратыўныя захады і прыдумкі лідскіх камуністаў, якія павінны былі «заблытаць» паліцыю - пра гэта Чорны таксама дакладваў неадкладна.


З паведамленняў Чорнага бачна, што ў 1932 г. сярод сяброў КПЗБ асаблівай актыўнасцю вылучаўся Абрам Любецкі. Сустрэчы з партыйцамі ён праводзіў падчас шпацыраў па горадзе. Таксама сустракаўся з імі ў будынку пажарнай аховы або ў сінагозе. Так, раніцай 29 лістапада 1932 г. менавіта ў сінагозе камуністычны актыў сустрэўся з Раймондам Урбановічам [19] (акрамя Любецкага там быў яшчэ Хаім Дубчанскі і Мардух Айзікавіч). Дубчанскі назваў Урбановіча «сваім хлопцам», бо той некалі ўжо працаваў у кампартыі і паведаміў, што Урбановіч будзе патрэбны дзеля стварэння ў Лідзе «гарадскога камітэта [камуністаў - Л. Л.] хрысціян». Такі камітэт не быў створаны, але ідэя яго арганізацыі выказвалася і пазней.

Пасля таго, як сустрэча закончылася і Урбановіч сышоў, Любецкі прызнаўся Айзіковічу, што апасаецца арышту, бо яго ведае паліцыя. Каб не страціць новага для партыі чалавека, ён абяцаў скантактаваць Айзіковіча з селянінам з вёскі Бенявічы. Таксама Любецкі паведаміў, што ў рамеснай школе ў Лідзе ёсць хлопец з тых жа Бенявічаў, якога можна выкарыстаць для працы ў вёсцы [20]. Праз 5 месяцаў Чорны даведаўся, што хлопца з вёскі Бенявічы Дакудаўскай гміны завуць Аркадзь Казлоў [21] і ён вучыцца ў 3-м класе Гандлёвай школы [22].

4 снежня 1932 г. каля 21-й гадзіны ў памяшканні пажарнай аховы па вул. Сувальскай сабраўся партыйны актыў. Камуніст Пайкоўскі выказаўся крытычна адносна Урбановіча: «Што да пытання прыняцця Урбановіча ў кампартыю, дык трэба захоўваць асцярожнасць, бо ён прафесійны жлукта, а выпіўшы, можа ўсё разбалбатаць» [23].

Трэба сказаць, што ў памяшканні лідскай пажарнай аховы камуністы збіраліся рэгулярна. Сярод актывістаў КПЗБ у Лідзе былі два Абрамы Гельманы. Адзін з іх знаходзіўся ў шэрагах пажарнай аховы Ліды і пасля Другой Сусветнай вайны напісаў цікавыя ўспаміны пра пажарную справу ў горадзе [24]. Таксама частым месцам сустрэч камуністаў з'яўляўся гарадскі рынак. Так, 28 лістапада 1932 г. на рынку сустракаліся Мардух Айзікавіч, Хаім Дубчанскі [25] і Хаім Каплан [26]. Падчас сустрэчы Каплан заўважыў, што ўся праца МОПР [27] па зборы грошай спынілася, бо ў Стоўбцах арыштаваны кур'ер з СССР [28].

У канцы лістапада 1933 г. Чорны паведаміў паліцыі спіс сяброў гарадскога камітэта КПЗБ у Лідзе. У склад камітэта ўваходзілі Лейба Разенштайн [29], Мойша Рафэл [30], яго брат Бэрка (былы сакратар ячэйкі КЗМЗБ, які ў 1930 г. быў арыштаваны і асуджаны на 3 гады вязніцы) [31]. Таксама Чорны даносіў, што ў канцы 1932 г. Хаім Каплан па партыйных справах ездзіў у Вільню [32]. Праз некалькі тыдняў канфідэнт даведаўся, што ён быў пасланы ў Вільню Любецкім па грошы для лідскіх вязняў [33].

На пачатку красавіка 1933 г. канфідэнт інфармаваў, што пасля судовага прысуду па справе Абрама Гельмана (1931) сярод камуністаў горада пануе ўзаемны недавер, а з партыйнай працы застаўся толькі збор грошай на МОПР [34].

Назіранне Чорнага пацвердзілася на партыйным сходзе, які адбыўся вечарам 16 красавіка 1933 г. на кватэры ў Разенштайна [35]. На ім Любецкі паведаміў камуністам, што да гэтага часу не мае кантактаў з кіраўніцтвам Віленскай акругі КПЗБ (далей: Акруга) і прапанаваў не рабіць ніякіх палітычных мерапрыемстваў падчас святкавання 1 Мая, бо за вывешаны транспарант ці за ўлётку трэба плаціць гадамі вязніцы. Ён таксама паведаміў, што Акруга мае непасрэдныя кантакты з камуністамі ды іх прыхільнікамі ў вёсцы, і там могуць адбыцца пэўныя палітычныя падзеі без ведама гарадскога камітэта (далей: ГК) [36].

Вуліца Сувальская, 1920-я гг.

Дзеля аднаўлення кантактаў з Вільняй 3 - 4 мая 1933 г. туды ездзіў Разенштайн [37]. 14 мая партыйны актыў сабраўся вечарам на рынку і канстатаваў, што пасля аднаўлення кантактаў з Акругай камуністы ў Лідзе павінны актывізаваць працу. Дзеля гэтага ў Ліду «прыязджала нейкая вельмі прыстойная студэнтка-яўрэйка. Яна жыла ва ўладальніка піўной, што на перасячэнні вул. Сувальскай і Крупаўскай, Рэцькі. Яўрэйка мела псеўданім Шкляр». Камуністы планавалі правесці шэраг акцый у Лідзе і ў павеце» [38].

Кантакты з віленскім кіраўніцтвам працягваліся, 21 мая партыйнае мерапрыемства адбылося падчас шпацыру па вуліцы Сувальскай. Першымі сустрэліся Мардух Айзікавіч і Абрам Любецкі і потым, «ідучы ў бок кінатэатра Маленькае яны сустрэлі невядомага яўрэя гадоў 24 - 25 (брунет, доўгі твар трошкі ў воспінах, апрануты ў сіні гарнітур), якога Любецкі прадставіў як партыйца з Вільні. Пасля гэтага Любецкі ўзяў госця пад руку, і яны разам пайшлі ў бок пошты. Аб нечым паціху размаўлялі, а Айзікавіч ішоў за імі. Каля пошты Любецкі і партыец з Вільні развіталіся, а лідскія пайшлі ў бок Пастаўскай вуліцы» [39].

На звыклым вечаровым сходзе 24 мая на рынку Любецкі меў добры настрой і паведаміў калегам, што праца сапраўды значна актывізавалася. Любецкі прапанаваў Айзікавічу заняцца партыйнай тэхнікай і спытаў, ці мае Айзікавіч месца, дзе можна было б схаваць партыйную літаратуру. Чорны ў сваёй інфармацыі заўважыў, што Айзікавіч жыве ў «яўрэйскай бажніцы» [40].

Вуліца Пастаўская, каля 1917-я г.

У чэрвені 1933 г. лідскія камуністы даведаліся, што ў Воранаве створаны камітэт КПЗБ, у склад якога ўваходзіць сястра Груні Троцкай [41], Груня ў свой час атрымала 6 гадоў вязніцы за камуністычную дзейнасць. Яна мела кантакт з Любецкім і павінна была прыехаць у Ліду [42] (трэба заўважыць, што Троцкі ці Троцкая - папулярнае на поўначы Лідскага павета прозвішча, паходзіць яно ад назвы горада Трокі, сёння - Тракай).

Падобна, што размовы пра актывізацыю працы так і засталіся толькі размовамі. Адзінае, што, камуністы чакалі на гастролі ў Лідзе групу артыстаў з СССР - «яна прывязе нешта цікавае». Верагодна, гэтыя гастролі не адбыліся, бо тагачасная прэса не паведамляла пра прыезд савецкіх артыстаў у Ліду.

Каб нечым напоўніць свае даклады, Чорны паведамляў, што Любецкі «імкнецца знаходзіцца сярод тых жыхароў Ліды, якія лаяльна ставяцца да дзяржавы» [43]. Ён, дарэчы, быў актывістам яўрэйскага спартыўнага клуба і выкарыстоўваў выезды на спаборніцтвы для партыйнай працы. Чорны таксама інфармаваў, што на пачатку жніўня Любецкі кантактаваў са «студэнтам, які жыве ў Лідзе (прозвішча невядома, бландзін), і ўжо тыдзень працуе ў аптэцы Стукатара. Гэты студэнт у 1929 г. чытаў даклады ў яўрэйскіх прафсаюзах і належаў да камсамольцаў Ліды. Любецкі на ровары ездзіў у Бастуны, верагодна для сустрэчы з кімсьці з Воранава» [44]. Праз некалькі дзён Чорны яшчэ раз паведаміў пра студэнта з аптэкі Стукатара. Гэта быў Рафал Сахін [45].

Наступны сход адбыўся 2 верасня 1933 г. у памяшканні пажарнай аховы [46] Хтосьці з прысутных прапанаваў да Міжнароднага дня моладзі падрыхтаваць рукапісныя адозвы і расклеіць іх па горадзе. Асцярожны Любецкі не пагадзіўся: «Гэта нам нічога акрамя вязніцы не дасць». Адкінуў Любецкі і прапанову знайсці сталае памяшканне для партыйнай працы. Магчыма, ён нешта ведаў пра планы паліцыі, бо нават прапанаваў камуністам на нейкі час наогул прыпыніць партыйную працу. У верасні адбылося яшчэ некалькі сходаў у цырульні Лейбы Разенштайна і ў кватэры Ёселя Бляховіча (вул. 3 Мая, 35), але пра іх вынікі канфідэнт не паведамляў, бо, пэўна, не меў інфармацыі.

З паведамленняў Чорнага даведваемся, што камуністы адчувалі небяспеку і нават адсунулі ранейшых актывістаў ад партыйнай працы. 27 студзеня 1934 г. падчас шпацыру па вул. Мілоснай прайшоў сход, на якім быў абраны новы ГК КПЗБ Ліды ў наступным складзе: Абрам Ваўкавыскі [47], Іцка Валоцкі, Двейра Сасноўская, Мардух Каброўскі [48] і Цадзік Іцэксан. Функцыі гэтых новых асоб яшчэ не былі вызначаны, але кантакт з Акругай у Вільні павінен быў падтрымліваць Абрам Ваўкавыскі [49].

Далей у даносах Чорнага маецца пустка. Паведамленне № 5/1/34 паліцыя атрымала 3 лютага, а № 5/2/34 - толькі 1 сакавіка 1934 г. З даносу даведваемся, што новыя сябры ГК пачалі падазраваць у супрацы з паліцыяй Мардуха Айзікавіча, які па даручэнні Любецкага быў тэхнікам Камітэта. Падчас сустрэчы Любецкага з Айзікавічам 18 лютага 1934 г. на вул. Сувальскай Любецкі прапанаваў апошняму працаваць толькі ў МОПР, але той адмовіўся, бо лічыў неабходным «ачысціцца перад партыяй» ад падазрэнняў. Любецкі заўважыў, што на падазрэнні не трэба звяртаць увагі, а асабіста ён давярае Айзікавічу [50]. Пасля сустрэчы з Айзікавічам, Любецкі сустрэўся з сынам вядомага лідскага друкара [51] Шлёмам Зяльдовічам і Эльяшам Шапірам, якія былі студэнтамі Універсітэта Стэфана Баторыя [52]. Утрох яны каля гадзіны шпацыравалі па вул. Сувальскай.

Вечарам таго ж дня Любецкі сустрэўся з Іцкам Валоцкім і працяглы час размаўляў з ім. Сустрэча адбылася на вул. Чырвонай. Гэта была вельмі кароткая (не болей за 50 м) і вузкая вуліца, дзе камуністы лічылі сябе ў поўнай бяспецы, бо візуальна кантралявалі ўсё наваколле. Тым не менш Чорны здолеў і тут прасачыць за імі.

У тым жа паведамленні ў паліцыю канфідэнт інфармаваў, што Хана-Бейля Платоўская з Васілішак паведаміла Мардуху Айзікавічу, што «калі яе яшчэ раз затрымае паліцыя, яна выдасць усіх васілішскіх камуністаў. У партыі ёй абвясцілі байкот» [53], што можа сведчыць пра рост напружанасці сярод камуністаў.

Наступнае паведамленне № 5/3/34 канфідэнта датавана 2 чэрвеня 1934 г. Чорны паведаміў, што актыў КПЗБ збіраўся ў лесе за вёскай Раслякі каля Ліды. Гаворка ішла пра канспірацыю. Член ГК Цадзік Іцэксан заявіў прысутным: «Мы яшчэ не пачалі партыйную працу, а паліцыя ўжо ўсё ведае». Пра крыніцу сваёй інфармацыі ён не сказаў, але паведаміў, што хутка пачнуцца арышты. Таксама запэўніў, што падчас допытаў ён нічога не скажа, не будзе канфідэнтам і папярэдзіў прысутных супраць сустрэч на вуліцы [54]. Як бачым камуністы даведаліся, што партыйныя нарады падчас шпацыраў па вуліцы не ратуюць іх ад паліцэйскага вока. Верагодна, нейкая ўцечка інфармацыі ішла да іх з боку ўладаў. Вядома, што даклады Чорнага аддрукоўваліся ў некалькіх экземплярах і рассылаліся пракурору і ў Ваяводскі следчы аддзел паліцыі. Гэтыя дакументы маглі бачыць тэхнічныя работнікі паліцыі ці адміністрацыі.

У тым жа паведамленні № 5/3/34 Чорны інфармаваў, што ў сувязях з паліцыяй пачалі падазраваць Мардуха Каброўскага, які насамрэч не быў канфідэнтам. Пра гэта на паведамленні Чорнага напісаў начальнік Лідскага следчага аддзела. Пасля гэтай сустрэчы, як паведаміў Чорны, многія выехалі з Ліды. Іцэксан выехаў у Вільню, але таксама былі чуткі, што ён перайшоў мяжу з СССР. Абрам Любецкі - у Воранава або ў Вільню. Разенштайн - у Вільню [55].

Далей зноў ідзе вялікая паўза ў даносах, і наступную інфармацыю канфідэнта № 5/4/34 афармляюць 25 ліпеня 1934 г. З гэтай паперы мы даведваемся, што Абрам Любецкі насамрэч уцёк у СССР. Абрам Любецкі (сын Гірша, 1885 г .н.), у 1935 г. быў арыштаваны ў Растове-на-Дану і 14 красавіка 1938 г. расстраляны [56]. Стандартны шлях усіх, хто ў той час збег на «Радзіму сусветнага пралетарыяту».

Трэба заўважыць, што папярэджаная Чорным паліцыя ў той момант не праводзіла арыштаў, і сярод актывістаў пашырылася меркаванне, што менавіта Іцэксан быў правакатарам, які разваліў усю партыйную працу. Між тым Абрам Ваўкавыскі аднавіў кантакты з Віленскай акругай КПЗБ. Аднак, як паведамляў Чорны, баяўся распачынаць партыйную працу, сцвярджаючы, што «калі Іцэксан быў правакатарам, дык зараз нікому нельга верыць» [57].

Пасля гэтага ў тэчцы канфідэнта Чорнага на працягу 1,5 гадоў адсутнічаюць даносы. Магчыма, яны былі выняты са справы.

«Лідская рэвалюцыя»

Агульнагарадскі страйк 1936 г., які гараджане называлі «рэвалюцыяй», я падрабязна апісаў у кнізе "Шэпт пажоўклых старонак. Лідчына ў люстэрку прэсы. 1900-1939 гг." (Гродна, 2017). Данясенні канфідэнта дадаюць новую інфармацыю пра тыя падзеі.


Пры канцы 1935 г., вечарам 21.12.1935 г., на сходзе ГК ў кватэры Ісака Нісялевіча [58], сакратар ГК Гельман яшчэ нічога не казаў пра страйк і ўвагу прысутных засяродзіў на неабходнасці ствараць адзінкі КЗМ у Лідзе. Пры канцы сходу збіралі грошы на МОПР - Нісялевіч і Гельман далі па 25 гр. [59]

Страйк стаў нечаканасцю для камуністычнага актыву.

Акцыянернае таварыства гумовай вытворчасці «Ардаль» па вул. Фабрычнай, 8 было найвялікшым прамысловым прадпрыемствам горада. Слова «ардаль» на ідыш азначае «боты, галёшы». Фабрыка «Ардаль» сапраўды вырабляла зімовы і летні гумовы абутак. Першая прадукцыя была выпушчана ў 1929 г. Акцыянерны капітал, які ў тым годзе складаў 750 тыс. злотых, у 1939 г. павялічыўся да 1 830 тыс. злотых.

На заводах і фабрыках людзі працавалі ў цяжкіх ўмовах. У беларускай газеце «Наша воля» сітуацыя на найбуйнейшым прадпрыемстве Ліды, фабрыцы «Ардаль», апісвалася наступным чынам: «800 работнікаў, пераважна работніц, маладых дзяўчат. Многа малагадовых, ад 15 гадоў. Працуюць усе «на акорд» (здзельная аплата працы. - Л. Л.) А гадзіне 12 абед. Ніхто не мае часу памыць рукі, грызуць чэрствы хлеб, стоячы пры варштатах працы. Работніцы зарабляюць ад 1 зл[отага] 30 гр[ошаў] на дзень, пры гэтым варта адзначыць, што пакуль дойдзе да такой платы, то кожная мусіць папрацаваць 2 тыдні толькі за 30 гр. на дзень, другія два - па 50 гр., трэція - па 80 гр. Работнікі зарабляюць па 2 зл., а некаторыя па 2 зл. 50 гр. Палавіна работнікаў і работніц ужо хворая, другая палавіна мае пачаткі хваробы. Усе маюць выгляд твараў як у сухотнікаў. Да гэтага часу былі не арганізаваны. Фабрыкант кожны дзень адных выкідаў на вуліцу, а з вуліцы браў іншых, за цяжкую працу плаціў колькі падабалася» [60].

Не дзіўна таму, што ў самым канцы 1935 г. на фабрыцы «Ардаль», дзе за некалькі месяцаў да таго паралельна са Звязам прафсаюзаў пачаў дзейнічаць і Прафесійны Звяз працоўных хімічнай вытворчасці, выбухнуў страйк [61]. Непасрэдныя прычыны страйку віленская кансерватыўная газета Slowo, якая пільна сачыла за сітуацыяй на фабрыцы, вызначала так: «У галіне вырабу гумовага абутку ёсць два сезоны: летні і зімовы. Летні пачынаецца ў студзені і заканчваецца ў чэрвені, і за гэты час вырабляецца тавар, які мае меншы збыт. У зімовы час, ад ліпеня да снежня, вырабляюцца галёшы, боты і іншыя больш складаныя рэчы, якія карыстаюцца лепшым попытам. А таму ў зімовы сезон працуе больш рабочых, чым у летні. Традыцыйна пры канцы снежня пэўная колькасць непатрэбных рабочых звальняецца. Так было заўсёды. Так было і ў 1935 годзе. 28 снежня рабочыя атрымалі абвешчанні, і ў адпаведнасці са звычаем завод на працягу двух тыдняў спыніўся для рамонту. Аднак паколькі заставалася шмат лішняй сыравіны для працы, рабочыя ў дадатак працавалі яшчэ два дні, 30 і 31 снежня, але ўжо ў колькасці на 70 чалавек менш, чым у звычайны зімовы перыяд» [62].

Каб зразумець умовы, у якіх праходзіў агульнагарадскі лідскі страйк 1936 г., працытую інфармацыю з той самай беларускай газеты «Наша Воля», з таго самага яе нумара, які паведамляў пра ўмовы працы на «Ардалі». Герой гэтага артыкула - самы вядомы заходне-беларускі камуніст, чыім імем названы вуліцы нашых гарадоў. Артыкул мае назву «Стрэлы ў залі Віленскага акружнога Суда»: «Небывалы ў гісторыі польскага суда выпадак здарыўся 27 студзеня 1936 года падчас працэсу над Р. Кабленцам і іншымі з ліку 17 асоб, абвінавачаных у прыналежнасці да Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. Падчас паказанняў сведкі Якуба Стрэльчука з пасярод публікі, якая была на залі, выбег малады чалавек, схапіў сведку левай рукой за каўнер і з рэвальвера, які меў у правай руцэ, чатыры разы выстраліў у яго са словамі: «Вось табе, прадажнік!» Пасля гэтага кінуўся ўцякаць да выхадных дзвярэй, выстраліўшы два разы ў кірунку следчай паліцыі, якая знаходзілася ў залі і пачала яго даганяць. Падстрэлены паліцыянтам, ён упаў на сходы. Гэта быў Сяргей Прытыцкі. Абодвух - Стрэльчука і Прытыцкага - карэтка скорай помачы ўвязла ў шпіталь. Паводля акту абвінавачання, Стрэльчук родам з вёскі Крывая Бельск-Падляскага павету. У 1931 годзе пасля вайсковай службы, атрымаў прапазыку запісацца ў камуністычную партыю. Аб гэтай прапазыцыі паведаміў начальніку бяспекі … староства і ўвайшоў у кампартыю, дзе здабыў сабе давер у кіраўніцтва і быў прызначаны інструктарам» [63].

Стрэльчук і наш Чорны - калегі два разы - абодва камуністы і канфідэнты паліцыі.


Але вернемся да падзей у горадзе.

З-за звальнення згаданых 70-ці рабочых кіраўніцтва прафсаюза хімічных рабочых вывела 30 снежня 1935 г. рабочых і работніц з фабрыкі і спыніла машыны. Усяго забастоўку абвясцілі 720 рабочых, якія запатрабавалі павелічэння акордных выплат на 25%, дзённых заробкаў для мужчын у памеры ад 2 зл. 50 гр. да 3 зл., а для жанчын - 1 зл. 50 гр. [64]

Дырэкцыя фабрыкі спачатку намагалася аднавіць яе працу пры дапамозе штрайкбрэхераў. 1 студзеня 1936 г. уладальнік прадпрыемства Саламон Мелуп правёў іх вярбоўку, адначасова звярнуўшыся па дапамогу да паліцыі. 5 студзеня пад аховай паліцыянтаў на фабрыку былі дастаўленыя 30 рабочых, пасля чаго запусцілі станкі, якія, аднак, працавалі ўхаластую. Страйкавы камітэт даручыў устанавіць прозвішчы штрайкбрэхераў і абысці іх кватэры, да некаторых з іх былі ўжытыя пагрозы. У выніку 10 студзеня, пасля пяці дзён халастой працы, С. Мелуп быў вымушаны адмовіцца ад сваёй задумы з пускам фабрыкі.

Пачаліся перамовы дэлегатаў рабочых і прадстаўнікоў прафсаюза з дырэкцыяй, прытым яны адбываліся як на месцы ў Лідзе, так і ў Варшаве пры пасярэдніцтве Міністэрства сацыяльнай апекі [65]. Аднак, да згоды бакам прыйсці так і не ўдалося, паколькі прафсаюз, паводле паведамленняў тагачаснай прэсы, яшчэ больш павялічыў свае патрабаванні да адміністрацыі. Сярод іншага фігуравалі, напрыклад, такія патрабаванні, як агульнае павелічэнне заробкаў на 25%, забарона сезоннага летняга звальнення часткі рабочых і да т. п. [66]

Пасля правалу перамоваў адміністрацыя выставіла рабочым ультыматум, абвясціўшы, што хто ў тэрмін да 22 студзеня не выйдзе на працу, той будзе звольнены. Да 20 студзеня кіраўніцтву фабрыкі ўдалося набраць каля 200 новых рабочых, што дазволіла аднавіць працу прадпрыемства. Ранейшыя ж рабочыя ў поўным складзе прынялі рашэнне да працы на ўмовах дырэкцыі не прыступаць, у выніку чаго ўсе 720 рабочых былі звольненыя [67]. У такіх умовах усё большы ўплыў на настроі рабочых пачаў аказваць больш радыкальны Звяз прафесійных звязаў (Звяз звязаў) [68], актывісты якога праз тры дні пасля аднаўлення працы фабрыкі заблакавалі ўваход на яе, не дазваляючы прыступаць да працы штрайкбрэхерам. У выніку адміністрацыя зноў была вымушана прыпыніць працу прадпрыемства на неакрэслены тэрмін [69].

Менавіта падчас страйку наступіў «зорны час» лідскіх камуністаў. Ужо 3 студзеня 1936 г. на кватэры Саны Гаперштэйна [70] адбылася «канферэнцыя» з удзелам гаспадара, Абрама Арцішэўскага [71] і «невядомай асобы яўрэйскай нацыянальнасці, высокага росту, каля 22 гадоў, худога, у рогавых акулярах і жоўтай скураной куртцы, а таксама невядомай яўрэйкі з псеўданімам Берта. На канферэнцыі абмяркоўваўся страйк на «Ардалі» … Берта прапанавала праводзіць сярод работнікаў працу па падрыхтоўцы страйку, а да штрайкбрэхераў ужываць тэрор. Працу весці так, як быццам страйк насамрэч быў рэвалюцыяй» [72].

У канцы студзеня Чорны высветліў, што Берта таксама прыязджала ў Ліду ў апошнія дні кастрычніка 1935 г. і «гэта тая самая яўрэйка, якая 03.01.1936 г. прымала удзел у канферэнцыі ў памяшканні Саны Гаперштэйна па вул. Пастаўскай, 32. Берта ідэнтычна Лібе Дыновіч, дачцы Бенцяна-Янкеля, 1911 г.н.» [73].

На пачатку 1936 г. сакратар ГК Абрам Гельман [74] атрымаў ад ЦК КПЗБ прапанову ўзначаліць страйк рабочых фабрыкі «Ардаль», а таксама інструкцыі пра тактыку страйку. Гельман афіцыйна ўвайшоў у прафесійны Звяз працоўных хімічнай вытворчасці і пачаў удзельнічаць у сходах як гэтага аб'яднання, так і Звязу звязаў, аб'яднання праўладных прафсаюзаў. Ён казаў «несупрацьзаконныя» прамовы і імкнуўся прыцягнуць да страйку самых радыкальна настроеных рабочых. Гельман меў сціслыя стасункі з сакратаром аддзела прафесійнага Звязу працоўных хімічнай прамысловасці ў Лідзе Святоям Бенцьянам [75] і на партыйных сходах прапаноўваў «у адносінах да штрайкбрэхераў … праводзіць тэрор. Для гэтага прызначаны рабочыя-камуністы: Гершман Рафал [76] , Абрам Каплан [77] і Лейба Левін [78]. Усе яны жывуць у Лідзе, пра іх паведамлялася раней, і яны ўжо караліся за камуністычную дзейнасць. Ёсць і іншыя, прозвішчы якіх … не вядомы» [79].

Зборам грошай для страйкуючых рабочых займаліся Абрам Гельман, Шлёма Рыбацкі 81 і Янкель Гярбоўскі [80] і Янкель Гярбоўскі [81]. Канфідэнт даносіў, што сакратар ГК Гельман і член ГК Абрам Ваўкавыскі маюць цесны кантакт са Станіславам Кісялём [82]. Гельман сказаў Ваўкавыскаму, што Кісель «наш хлопец і вельмі добры работнік» [83].

5 - 6 лютага ў Лідзе пры ўдзеле акруговага інспектара працы пачаліся новыя перамовы, на якіх мусілі абмяркоўвацца ўмовы заканчэння страйку. У якасці перамоўных бакоў выступалі дырэкцыя фірмы «Ардаль», а таксама прадстаўнікі абодвух прафесійных звязаў. Прафесійныя звязы высунулі наступныя патрабаванні:

1) даць працу ўсім рабочым згодна з колькасцю гадоў, адпрацаваных імі паводле стану на 28 снежня 1935 г.;

2) нікога не звальняць за ўдзел у страйку;

3) прызнаць прафсаюзныя арганізацыі на прадпрыемстве;

4) падвысіць плату за здзельную працу на 25%;

5) гарантаваць штодзённую здзельную заработную плату на 20-25% вышэйшую, чым дзейсная дзённая стаўка.

Для дырэкцыі прадпрыемства гэтыя патрабаванні выглядалі, аднак, завышанымі і нерэалістычнымі. Са свайго боку яна заявіла, што не мае намеру звальняць каго-небудзь за ўдзел у страйку і будзе наймаць рабочых, гледзячы на іх кваліфікацыю і свае патрэбы. Заробкі рабочых на «Ардалі» значна вышэйшыя, чым на іншых прадпрыемствах у горадзе, а падчас агульнага зніжэння цэнаў падвышэнне заробкаў не з'яўляецца актуальным, тым больш што фабрыка мае неспрыяльнае становішча. Яна размешчана на значнай адлегласці ад асноўных цэнтраў пастаўкі сыравіны, што значна павялічвае вытворчыя выдаткі [84].

Каб абмеркаваць сітуацыю, увечары 5 лютага 1936 г. у памяшканні прафесійнага Звяза працоўных хімічнай вытворчасці па вул. Школьнай сабраліся сакратар ГК Абрам Гельман, Бэр Рафэл [85] і Рубін Сталінскі [86]. Сталінскі прапанаваў на шапірографе надрукаваць улёткі і пералічыць у іх усіх канфідэнтаў паліцыі, што будзе эфектыўнай барацьбой з правакатарамі. Гельман лічыў, што гэтага рабіць нельга, бо будзе дрэнна для іх арганізацыі [87].

11 лютага сакратар ГК Абрам Гельман падчас размовы на вул. Сувальскай з Лейбам Левіным і Мардухам Каброўскім прапанаваў арганізаваць групы па 5 - 7 асоб са страйкуючай моладзі - сяброў прафсаюза з «Ардаля» і правесці з імі палітычныя заняткі [88].

16 лютага сакратар ГК вярнуўся з паездкі ў Вільню, Эйшышкі і Воранава, дзе ён вёў перамовы пра дапамогу страйкуючым рабочым. Колькі грошай прывёз Гельман з Вільні і Воранава - невядома, але ў Лідзе і Эйшышках ён сабраў 33 зл. [89]

Думаю, што памеры гэтай дапамогі і суадносіліся з рэальным уплывам камуністаў на страйк [90]. Камуністы хутка спатрэбяцца ў якасці баевікоў рабочай міліцыі, у гэтай справе яны дамінавалі, бо ва ўсе часы людзей гатовых да непасрэднага канфлікту з уладай было не шмат. Прыехаўшы з Вільні, Гельман сабраў партыйны актыў [91] у доме Хаіма Каплана (на той момант жыў па вуліцы Шавецкай, 9) для абмеркавання новай партыйнай тактыкі [92].


Між тым перамовы з адміністрацыяй «Ардаля» закончыліся нічым. Да канца лютага рабочыя гуртавалі свае сілы, а 25 лютага на агульнагарадскім мітынгу, на які сабралася каля 2 тыс. чалавек, было прынята аднагалоснае рашэнне арганізаваць у горадзе 24-гадзінны ўсеагульны страйк, дзеля чаго быў абраны страйкавы камітэт з 5-ці сяброў Звязу звязаў і 5-ці чалавек ад прафсаюза працаўнікоў хімічнай прамысловасці. На заклік страйкавага камітэта 27 лютага на працу на ўсіх прадпрыемствах горада не выйшлі каля 4 тыс. чалавек. А 15-й гадзіне ў кінатэатры «Эра» [93] адбыўся мітынг, на які сабраліся ад 2 да 6 тысяч чалавек, пасля чаго адбылася дэманстрацыя пад лозунгам: «Хай жыве чырвоная рэвалюцыйная барацьба ардалеўцаў!». У падтрымку рабочых фабрыкі «Ардаль» выступілі рамізнікі, працаўнікі рэстаранаў, банкаў, кінатэатраў. Лісты і грашовыя сродкі адправілі рабочыя варшаўскай фабрыкі «Рыгавар», прафсаюзы шафёраў і іншыя. У выніку ў гэты дзень у горадзе працавалі толькі рабочыя электрастанцыі і часткова млына. Спынілі працу нават прыватныя рамеснікі.

У нумары віленскай газеты «Słowo» сітуацыя апісвалася такімі словамі: «Не працавалі рамізнікі, кінатэатры, аркестры, афіцыянты, ніхто наогул не працаваў. Гэта быў вялікі ўсеагульны страйк - выбітная палітычная дэманстрацыя. Горад быў, як пад акупацыяй або як у часы нейкага бескаралеўя. Нічога дзіўнага, што ў такой сітуацыі натоўп сабраўся на мітынг у кінатэатры «Эра»» [94].

Яшчэ адна маленькая крэска для ўяўлення карціны усеагульнага страйку ў Лідзе, прывожу словы з допыту 28 кастрычніка 1936 г. сведкі, адваката Францішка Вісманта, ў Лідскім гродскім судзе:

«Суддзя Вітольд Рудзіньскі: Як сябе паводзіла паліцыя ў дзень усеагульнага страйку?

Сведка: Я яе ўвогуле не бачыў. У гэты дзень я некалькі разоў выходзіў на вуліцу. Гэта мы абмяркоўвалі ў сваім коле. Затое на вуліцы былі падазроныя тыпы з чырвонымі павязкамі. Афіцыянтаў у кавярнях не было. Па каву трэба было ісці самому. Цікавы момант: мелася толькі касірка. Ёй сказалі, што яна «псіхічна хворая» і таму можа працаваць. Перад кавярняй «Амерыка» не было пастарунка паліцыі, які там стаіць заўсёды. […] Адзін мой знаёмы адвакат ехаў з вакзала на дрожках і быў высаджаны з дрожак, бо возніка прымушалі страйкаваць» [95].


Супрацоўнікі газеты «Słowo» імкнуліся патлумачыць падзеі выключна як вынік дэструктыўных дзеянняў актывістаў «Звяза прафсаюзаў», якія называліся «баевікамі», «крымінальнымі элементамі» і «камуністамі», якія «тэрорам змусілі абсалютна ўсіх не працаваць, нават прыватных рамеснікаў» [96], і « думаюць не пра эканамічныя патрабаванні, а пра палітычную дэманстрацыю». У выніку, паводле карэспандэнта гэтай газеты, «горад быў цалкам захоплены баевікамі» [97], у той час як большасць удзельнікаў мітынгу і дэманстрацыі нібыта «прыйшла сюды проста з-за цікаўнасці», а на самай справе «па ўсёй Лідзе пануе абурэнне з нагоды гвалту і тэрору «Звяза прафсаюзаў»» [98]. Супраць лідараў пратэстнага руху вышукваліся розныя факты, што іх асабіста кампраметавалі. Так, лідару «Звяза прафсаюзаў» Раману Бярнацкаму закідалася нібыта меўшае месца наведванне ім у Вільні злачнага месца [99].

Больш узважаную пазіцыю пры асвятленні падзей займалі публіцысты дэмакратычнага «Віленскага кур'ера». У вялікім артыкуле «Прычына і ход страйку ў Лідзе» прызнавалася, што

"Прычыны абодвух страйкаў - на «Ардалі» і генеральнага - несумненна эканамічныя. Гэты быў агульны пратэст рабочых супраць метадаў наступу прыватнага капіталу на нашых землях.

Мы неаднаразова пісалі, што ў паўночна-ўсходніх ваяводствах самая танная працоўная сіла ў Польшчы. […]

На фабрыцы «Ардаль» жанчыны атрымлівалі ў дзень ад 1 да 1,5 злотых, трыццаць работніц атрымлівалі 2 злотыя ў дзень. Мужчыны зараблялі ад 2 да 3 злотых, толькі некалькі рабочых зараблялі больш.

На фабрыцы не было 8-гадзіннага працоўнага дня, працавалі па 10 - 12 гадзін у дзень. […]

Адначасова рабочых раздражнялі высокія заробкі кіраўнікоў, адміністрацыі і супрацоўнікаў заводакіравання. Заробкі там пачыналіся ад 1 тысячы злотых у месяц" [100].

Пры гэтым адмыслова адзначалася, што «страйк праходзіў спакойна», а «паліцыя паводзіла сабе вельмі тактоўна. Нешматлікія паліцэйскія патрулі хадзілі па горадзе без карабінаў» [101]. Вышэйзгаданы адвакат Вісмант таксама цвердзіў, што паліцыя «не затрымлівала тыпаў з чырвонымі павязкамі» [102].


На самым ўздыме страйкавага руху, уплыў камуністаў можна вызначыць як мінімальны, і яны самі здолелі актывізавацца толькі, калі рабочы рух ужо пачаў заціхаць. Напрыканцы сакавіка 1936 г. Абрам Гельман прапанаваў Лейбу Левіну агітаваць рабочых «Ардаля» працягваць страйк і распачаць тэрор супраць штрайкбрэхераў. Вырашылі, што галоўная аўдыторыя для прапаганды камуністаў - асобы, раней пакараныя за камуністычную дзейнасць, і звольненыя рабочыя бо губляць ім было ўжо не было чаго. Сам Гельман у кожны вольны час прыходзіў у памяшканне Звязу працоўных хімічнай вытворчасці і Звязу звязаў па вуліцы Сувальскай і агітаваў за працяг страйку і тэрор супраць штрайкбрэхераў [103].

Юзаф Мацкевіч у віленскай газеты «Слова» многа пісаў пра Лідскі страйк (гл. дадаткі). У нумары ад 17 сакавіка ён выказаў меркаванне, што Звяз звязаў спачатку рэвалюцыянізаваў Ліду, а потым гуту "Нёман" у Бярозаўцы. Аўтар тлумачыў чытачам газеты, якія не разумелі, як тое магло быць, што арганізацыя з такімі метадамі і мэтамі мае падтрымку пэўных сіл? Мацкевіч параўноўвае вышэйзгаданы прафсаюз з так званым «зубатаўскім» звязам працоўных 1905 г. у Расіі, абвінавачвае Звяз звязаў у правакацыйнай дзейнасці і далей піша: «Чулі ад фабрыкантаў-яўрэяў «ці гэта не замаскаваныя эндэкі?". Бо штучнасць існавання Звязу звязаў кідаецца ў вочы. Аб чым тут шмат гадаць: без падтрымкі ўплывовых сіл, арганізацыя за 24 гадзіны была бы выкінутая з працоўнага руху» [104].

Далей будучы вядомы пісьменнік пісаў: «Як гэта выглядала ў Лідзе, мы ўжо пісалі і за першую публікацыю былі канфіскаваныя. У папярэднім артыкуле ўспаміналася, што паны з прафсаюза казалі пра акцыю ў Лідзе, страйк на «Ардалі», усеагульны страйк і захоп усяго горада баевікамі, як пра спантанную акцыю людзей працы, якія добраахвотна пакінулі свае варштаты. Не было ніякага ціску і г.д.

Мы даводзілі нешта адваротнае. Менавіта, што быў ціск і тэрор, які мог быць толькі пры адмысловай бяздзейнасці лідскага старасты.

Зараз, так сама, як і мы, кажа сам пан Раман Бярнацкі, арганізатар страйку і забурэнняў.

Справа ў тым, што пан Бярнацкі, сябар Цэнтральнай управы Звязу звязаў, пасварыўся з сакратаром Цэнтральнага Звязу працоўных хімічнай вытворчасці. Абодва паны з Варшавы. Абодва прыехалі да нас займацца дэмагогіяй і падрыўнымі акцыямі, абодва гандлююць сацыяльнымі лозунгамі і абодва думаюць не пра дабро для працоўных, а пра ўласныя кар'еры і ўплывы. На старонках «Працоўнага фронту» (органа Звязу звязаў) пан Бярнацкі, каб даказаць асабістыя заслугі, піша аб «добраахвотным свяце працы» і ў палемічным запале паўтарае тое, што і мы пісалі ў «Слове»: «Я меў надзвычай важную справу ў Варшаве, але для Цэнтральнай управы прафсаюза, правядзенне акцыі ў Лідзе было важней. У сераду адбывалася падрыхтоўка. У чацвер мы спынілі ўвесь горад. ... (былі) патрулі, пікеты, міліцыя». Толькі дзе была паліцыя?

Аб чым размова! Мы пісалі проста аб тым жа, толькі называліся рэчы сваімі імёнамі: тэрор, пагрозы, баевікі і бяздзейнасць старасты» [105].

Газета пісала, што мае петыцыю ад 268 рабочых «Ардаля», якія жадаюць працягваць працаваць і арганізаваць свой прафсаюз «без ціску кіраўнікоў з Варшавы». Аднак стараста адмовіўся зарэгістраваць новы прафсаюз. «Хай жа чытач сам знойдзе мужнасць шукаць адказу на пытанне «што такое Звяз звязаў? і хто яго падтрымлівае», - заканчвае Юзаф Мацкевіч свой чарговы артыкул [106].

Адначасова з уздымам у Лідзе актыўна страйкавала гута "Нёман" у Бярозаўцы [107]. Таму сакратар ГК Ліды Гельман накіраваў туды пакаранага на 6 гадоў за камуністычную дзейнасць і толькі што звольненага па амністыі Уладзіслава Келя [108] , каб той праводзіў у гуце камуністычную агітацыю [109].

Інфармацыя канфідэнта Чорнага № 5/9/36 была настолькі важнай, што ён перадаў яе паліцыі 24 сакавіка 1936 г. у 1.30 ночы. Канфідэнт паведаміў, што апоўначы ў лесе за вул. Мілоснай адбыўся камуністычны сход з удзелам Абрама Ваўкавыскага, Мардуха Каброўскага, Рафала Гершмана, Уладзіміра Мазя, Пятра Мазя і Ханана Лазоўскага. Ваўкавыскі пераконваў, што мэта страйкуючых рабочых - не дапусціць аднаўлення працы на фабрыцы «Ардаль». Нават калі дойдзе да крывавай сутычкі з паліцыяй, страйкоўцы не маюць права прайграць, - выказаў сваё меркаванне камуніст. Тое самае казалі і іншыя. Мазь паведаміў, што са шклозавода «Нёман», які таксама страйкаваў, павінна прыехаць вялікая колькасць рабочых, з якіх будзе створана баявая група супраць штрайкбрэхераў. З просьбай прыслаць дапамогу таксама звярнуліся ў Вільню.

Ваўкавыскі і Уладзімір Мазь падзялілі прысутных на пікеты. Так, Пётр Мазь павінен узначаліць пікет на чыгуначным пераездзе па вул. 3 Мая, Уладзімір Мазь і Ваўкавыскі - за мостам па вул. Гражыны. Гершман, Каброўскі і Лазоўскі - на Расляках і Зарэччы. Кожны з іх возьме з сабой адпаведную колькасць «таварышаў». Пікеты і рабочыя патрулі павінны выйсці на свае месцы ў 4.00, самае позняе ў 4.30. А 7-й гадзіне ўсе пікеты і патрулі павінны былі сабрацца каля «Ардаля» і прымусіць штрайкбрэхераў пакінуць фабрыку. Аналагічны сход у гэты ж час адбываўся ў іншым месцы горада пры ўдзеле сакратара ГК Абрама Гельмана і Лейбы Левіна. Чорны прысутнічаў на сходзе ў лесе за вул. Мілоснай.

Паліцыя пацвердзіла, што з 4-й гадзіны раніцы па горадзе, пераважна ў рабочых раёнах, пачалі хадзіць патрулі страйкуючых рабочых. Гершмана, братоў Мазяў ды іншых а 5-й гадзіне бачылі на пікетах у вызначаных месцах. А 7-й гадзіне патрулі пачалі сцягвацца да «Ардаля», але паліцыя не дапусціла іх да фабрыкі [110].

Прэса паведаміла, што «ўчора Ліда зноў перажыла аднадзённы агульны страйк. З раніцы працу пакінулі рабочыя ўсіх прамысловых і часткова рамесных прадпрыемстваў. Агулам страйкавала каля 3 000 асоб. Горад патрулявалі шматлікія патрулі паліцыі - было затрымана некалькі чалавек, але спакой нідзе не быў парушаны.

Зранку праз горад прайшлі каля 900 рабочых.

Прычына страйку - жаданне уладальнікаў фабрыкі «Ардаль» аднавіць працу пры дапамозе штрайкбрэхераў (да 300 асоб) і некваліфікаваных людзей, прывезеных з адлеглых вёсак. Гэта выклікала вялікае азлабленне страйкоўцаў. … Пасля поўдня дэлегацыя рабочых сустрэлася з старастам і перадала яму свае патрабаванні. Пасля перамоў старасты з міністрам працы і сацыяльнай апекі, а таксама з міністрам унутраных спраў, ён схіліў абодва бакі канфлікту да прыняцця арбітражу.

26 сакавіка фабрыка «Ардаль» працавала, прыняўшы на працу 100 рабочых - выключна тых, хто раней ужо працаваў на ёй да выбуху страйку. У наступныя дні на працу будуць прынятыя наступныя партыі рабочых.

Рабочыя пагадзіліся на гэтыя ўмовы …» [111].

Страйк у горадзе паступова заціхаў. Дырэкцыя «Ардаля» не стала помсціць страйкоўцам, а падняла заробкі і вярнула на працу раней звольненых. Але гута шкла "Нёман" працягвала страйкаваць і пасля заканчэння страйку на фабрыцы «Ардаль», больш таго - пратэсты на ёй пашырыліся [112].

З даносу Чорнага № 5/10/36 даведваемся, што на пачатку красавіка 1936 г. паліцыя арыштавала ўвесь ГК, а 8 красавіка Абрам Ваўкавыскі праз акно лідскай вязніцы па вул. 3 Мая выкінуў запіску. Яе падабраў Іцка Каброўскі, брат арыштаванага сябра ГК Мардуха Каброўскага. У запісцы Ваўкавыскі прасіў Хаіма Каплана і Бэра Рафэла, каб яны паразумеліся ў нейкай справе з «вядомай ім кабетай» у Вільні. Чорны лічыў, што размова ішла пра Нахану Альпяровіч, але ў якой справе, канфідэнт не ведаў [113].

У сярэдзіне красавіка Чорны паведаміў, што камуністы вырашылі ўзмацніць канспірацыю, і пераказаў паліцыі ўсе планы «канспіратараў». Таксама ён перадаў, што Шмуль-Калман Нісялевіч [114], пра якога раней не паведамлялася, «пачаў кантактаваць з жаўнерам 2-й ці 3-й роты Мейрам (імя невядома, кравец з Вільні, яго брат быў у вязніцы за камуністычную дзейнасць). Жаўнер выязджаў на святы ў Вільню і павінен быў кантактаваць з Наханай Альпяровіч. Пасля вяртання з Вільні ён хацеў сустрэцца з Нісялевічам, але не знайшоў таго і пайшоў у кашары. Ці меў ён у Вільні кантакт з Альпяровіч, невядома» Вуліца 3-га Мая. [115]. Менавіта з Нісялевічам кантактавалі новыя партыйныя актывісты Шмуль Цыгельніцкі [116] і Ёсель Левін [117] а Бэр Рафэл пазнаёміўся з Янкелем Левіным [118], які толькі 10 лютага перабраўся з Браслава ў Ліду і ўладкаваўся на працу ў цырульню Манцыка Балонава па вуліцы 3-га Мая, 43. Сам Рафэл таксама знаходзіўся ў сталым кантакце з Нісялевічам [119].

16 красавіка 1936 г. канфідэнт Чорны інфармаваў паліцыю пра тое, што раней арыштаваныя члены ГК наладзілі сувязь з камуністамі на волі праз Хаіма Дубчанскага [120], які адбываў у лідскай вязніцы пяцігадовы тэрмін пакарання. Ён пісаў, што «падчас шпацыру Дубчанскі атрымлівае паведамленні ад сакратара ГК Гельмана і іншых, а потым падчас сустрэч пераказвае іх сваёй нявесце Цыпе Школьнікавай [121]. Нявеста перадае інфармацыю камуністам на волі. Такім чынам Гельман ды іншыя цікавіліся ў Шмуля Цыгельніцкага працай па арганізацыі Класавага Звязу працоўных хімічнай вытворчасці. У Лідзе гэты Звяз быў арганізаваны па ініцыятыве Гельмана напярэдадні яго арышту. Потым працу па стварэнні Звязу перанялі іншыя камуністы» [122].


У маі 1936 г. у Лідзе адбыўся суд над галоўнымі арганізатарамі страйкаў на фабрыцы «Ардаль» і на гуце Нёман. На лаве падсудных апынуліся прафсаюзныя лідары Раман Бярнацкі і Малеўскі. Супраць іх сведчылі ўладальнікі абодвух прадпрыемстваў, а таксама іншыя сведкі [123]. У выніку 12 мая Лідскі акруговы суд прысудзіў Бярнацкага за «антыўрадавую дзейнасць і тэрор» на 3 гады турмы, а Малеўскага - на 2 [124]. Асуджаныя падалі справу на апеляцыю, але, як аказалася, толькі сабе на шкоду, бо ў кастрычніку 1936 г., разгледзеўшы справу паўторна, апеляцыйны суд у Вільні замест палёгкі дадаў Раману Бярнацкаму яшчэ 5 гадоў зняволення ў турме для рэцыдывістаў, прысуд жа Малеўскаму пакінуў без зменаў [125].


Нягледзячы на рэпрэсіі, у тым жа маі 1936 г. быў абраны новы склад ГК Ліды і гарадское кіраўніцтва МОПР. Працай па аднаўленні ГК заняўся Ашар Каплан [126]. Усіх «старых» камуністаў паліцыя ведала, і таму ў ГК абралі «маладых»: Вульфа Крупскага [127]; Генаха Барана [128] (Крупскі і Баран - члены Класавага прафсаюзнага прамыслова-будаўнічага звязу) і Ашара Каплана. Крупскаму і Барану была даручана тэхнічная праца, а Каплан заняў пасаду сакратара ГК. 27 мая ў лесе за вёскай Раслякі адбылася «канферэнцыя» камуністаў [129]. Праз месяц Чорны дадаў, што ў новы ГК таксама ўвайшоў Хаім-Неах Гульнік [130].

Падчас следства па справе раней арыштаванага ГК камуністы актыўна працавалі са сведкамі. Напрыклад, калі акруговы следчы з Вільні Абрамовіч выклікаў на допыт сведкаў-яўрэяў, якія належалі да Класавага прафсаюзнага звязу работнікаў хімічнай прамысловасці для допыту, то «новы сакратар ГК Ашар Каплан навучаў іх, як трэба адказваць, каб не абцяжарыць абвінавачаных» [131]. Таксама дзеля юрыдычнай дапамогі арыштаваным Ашар Каплан кантактаваў з Мардухаем Камянецкім [132] які працаваў у юрыдычнай канторы адваката Вагнера [133], Чорны паведамляў, што юрыдычныя парады супрацоўніка канторы Вагнера [134] маюць вялікую карысць для камуністаў.

13 чэрвеня 1936 г. паліцыя жорстка разагнала рабочых гуты шкла "Нёман". Шмат рабочых, у тым ліку і жанчыны, былі моцна збітыя, выпадкова пацярпелі нават два цалкам невінаватыя чыноўнікі фабрыкі, якіх ніяк нельга было абвінаваціць у сімпатыі да рабочых, а 6 чалавек былі арыштаваныя [135]. Інфармацыя пра гвалтоўныя падзеі, што адбыліся на гуце "Нёман", выклікала выбух новага агульнага страйку ў Лідзе.

Кульмінацыяй агульнага страйку стаў панядзелак 15 чэрвеня. У 25-тысячным горадзе спынілася ўся прамысловасць. Страйкавалі машынабудаўнічыя фабрыкі Бэнланд і Поланд, фабрыка цвікоў "Дротіндустрыя", хімічная фабрыка "Карона", фабрыка гумовых вырабаў "Унігум", бровары Памірмайстра і Пупко, млыны Аўтамат, Віленскага, Шалаховіча і Пупко, тартакі Гурвіча, Мельніка, Палячака і Рафаловіча, алярні "Шэмен" і "Аліт", кафлярні "Тануф", "Рааф" і Пупко, фабрыка сукна і лямцу братоў Жыжэмскіх, лямцавая фабрыка Рабіновіча. Не працавалі нават кінатэатры, цырульні і рамізнікі. Крамы былі адчынены толькі часткова. Перасталі працаваць нават беспрацоўныя, якія выконвалі грамадскія работы па будаўніцтве дарог у прыгарадзе Ліды. Не баставалі ў выніку фактычна толькі супрацоўнікі дзяржаўных устаноў. Грамадскі парадак у горадзе, аднак, не парушаўся.

16 чэрвеня сітуацыя часткова ўлагодзілася. Аднавіліся грамадскія работы, выехалі на працу рамізнікі, адчыніліся кінатэатры. Агульная колькасць страйкоўцаў у горадзе зменшылася з 1050 да 950 чалавек. 17 чэрвеня была адноўлена праца ўсіх прадпрыемстваў [136].


У чэрвені 1936 г. у Ліду прыехала інструктар акружнога камітэта КПЗБ Хана Пудзінская [137]. Сваю працу яна пачала са збору матэрыялаў пра гвалтоўны разгон страйкоўцаў паліцыяй на шклозаводзе «Нёман» 13 чэрвеня [138]. Каб не прыцягваць да сабе ўвагі, Пудзінская шукала працу на «Ардалі». Яна ж вяла размовы з камуністамі, якія не належалі да арганізацый, г. зн. не вялі партыйнай працы. Гэтым людзям прапанавала ствараць свае ячэйкі па 5 чалавек. Падобна, што падобных камуністаў было даволі шмат.

12 ліпеня 1936 г. у лесе за вёскай Раслякі Хана Пудзінская правяла нараду з лідскім актывам КПЗБ і прапанавала стварыць піянерскую арганізацыю з вучняў лідскіх школ, бо лічыла, што менавіта з гэтых дзяцей вырастуць выбітныя і добра вышкаленыя ў ідэалогіі камуністы. Для гэтага яна паставіла камуністам задачу даставіць у Ліду адпаведную літаратуру.

У тым жа месяцы Хана Пудзінская аплаціла паездку Нісялевіча ў Беліцу, Наваградак і Дзятлава дзеля наладжвання кантактаў з тамтэйшымі камуністычнымі арганізацыямі [139]. Напрыканцы ліпеня Пудзінская прапанавала Нісялевічу і Каплану ў ноч з 1 на 2 жніўня зрабіць надпісы на сценах дамоў: «Прэч вайну, прэч фашызм». Нісялевіч адмовіўся, сказаўшы, што ніякага эфекту гэта не дасць, толькі справакуе новыя рэпрэсіі [140].

Таксама Чорны паведаміў, што на пачатку жніўня ў Лідзе быў створаны ГК камсамолу Заходняй Беларусі, у які ўвайшлі сябры камуністычнага ГК Генах Баран і Хаім-Неах Гульнік [141], а таксама Шыман Ілютовіч [142] і Мардух Камянецкі.

З дакладу бачна, што канфідэнт меў добрыя стасункі з Генахам Бараном, бо ў дакладзе паліцыі занатавана: «Па словах Генаха Барана ў першай палове жніўня з Вільні праехала дэлегатка КЗМ ЗБ (асоба не ўстаноўлена), у студэнцкай шапцы, але не студэнтка і прывезла камуністычную літаратуру. … 20.08 у 8-46 Генах Баран аўтобусам выехаў у Вільню. Да аўтобуса яго праводзіў Хаім Гульнік. З Вільні вярнуўся ў той жа дзень а 22-й гадзіне таксама аўтобусам. Яго спаткалі Шыман Ілютовіч, Фішаль Рыбацкі і Хаім Гульнік. Баран вуліцай Сувальскай прайшоў з імі да вуліцы 3-га Мая, тут развітаўся і пайшоў дахаты. Камуністычнай літаратуры не прывёз. Да каго ездзіў у Вільню невядома» [143]. Баран паведаміў Чорнаму, што 20 жніўня ён ездзіў у Вільню на канферэнцыю, у якой удзельнічалі 8 дэлегатаў з моладзевых камуністычных арганізацый розных гарадоў. Канферэнцыяй кіраваў малады яўрэй, які прыняў даклады ад дэлегатаў пра дзейнасць на месцах, а потым вучыў прысутных асновам камуністычнай дзейнасці і канспірацыі [144]. Многія даносы Чорнага пачыналіся са спасылкі на Барана.

За падзеямі ў Лідзе ўважліва назірала кіраўніцтва кампартыі. Адпаведна, у горадзе працавала не толькі інструктар Віленскай акругі КПЗБ Пудзінская. 28 жніўня 1936 г. Ліду наведаў інструктар ЦК КПЗБ Якуб Казлоўскі [145]. У змроку на вул. Мацкевіча ён сустракаўся з Іцкахам-Якубам Гросманам [146]. Паліцыя не ведала, пра што яны размаўлялі, але адзначыла, што Гросман меў кантакт з членам ГК КЗМ Мардухам Камянецкім.

Напрыканцы жніўня паліцыя правяла ў актывістаў ператрусы з фатаграфаваннем знойдзенага [147].

10 верасня 1936 г. падчас ператрусу ў сакратара ГК Ліды Ашара Каплана паліцыя шукала камуністычную літаратуру, а потым яго дапытвалі ў Следчым аддзеле. Паліцыя нічога не знайшла, але Каплан адсунуўся ад палітычнай дзейнасці. Чорны паведаміў, што ў склад ГК увайшоў яшчэ адзін Абрам Гельман [148] які быў вядомы паліцыі, бо раней караўся за камуністычную дзейнасць. Між тым ЦК КПЗБ, не зважаючы на спад рабочага руху, даручыў лідскім камуністам арганізаваць страйк на «Ардалі». Дзеля гэтага Гельман сустракаўся з сакратаром аддзела Звяза працаўнікоў хімічнай прамысловасці ў Лідзе Беньямінам Святоем [149].


Канспіратыўныя сходы ГК КПЗБ з абмеркаваннямі падзей адбываліся ў кватэры Ісака Нісялевіча (Рынак, 55) ці ў Абрама Пупко [150] (Жалезная, 9). Каб пры налёце паліцыі растлумачыць мэты сходу, удзельнікі заўсёды трымалі на стале ігральныя карты. У сходах бралі ўдзел Абрам Гельман, Абрам Арцішэшскі, Ісак Нісялевіч і Абрам Ваўкавыскі.

Вечарам 20 кастрычніка на рагу вуліц Сувальскай і Лідскай, член ГК Абрам Гельман і сакратар управы МОПРа Ёсель Левін [151] сустрэліся з невядомым маладым яўрэям з Эйшышак («апрануты ў скураную куртку, касы на адно вока»). Пасля кароткай размовы яны пайшлі па вуліцы Сувальскай і 3-га Мая. За імі шпацыравалі Хаім-Нахам Гульнік і член ГК КЗМ Генах Баран. Усе разам дайшлі да Пескаў і пагрукаліся да старога яўрэя Ліпы Платоўскага, сын якога Янкель, сталяр, працаваў разам з Гульнікам. Тут знаходзіліся больш за паўгадзіны [152].

Камуністы ўжо ведалі, што за іх шпацырам па вуліцам могуць назіраць, і таму, каб гарантаваць адсутнасць сачэння, Гульнік з Баранам ішлі пасля галоўнай групы, але ўсяроўна Чорны, якога яны добра ведалі ў твар, увіжаваў іх на вузкіх вуліцах старой Ліды.


Відавочна, што ніякія камуністычныя агітатары не маглі ўзняць народ на такі рэвалюцыйны ўздым, як падчас лідскіх страйкаў, калі «дастаткова было запаліць запалку, каб усё выбухнула» [153]. Такі стан рэчаў мог скласціся толькі з-за грунтоўнай незадаволенасці людзей сваім эканамічным і сацыяльным становішчам і, дарэчы, гэта было выяўлена падчас судоў над прафсаюзнымі дзеячамі.

Наступныя гады пасля масавых рабочых выступленняў адзначыліся выразным паляпшэннем эканамічнай сітуацыі як у польскай дзяржаве ў цэлым, так і ў Лідзе ў прыватнасці. Сярод іншых дынамічна развівалася і фабрыка «Ардаль», на якой вясной 1938 г. працавалі ўжо 800 чалавек. Пасля 1936 г. яе ўладальнік дадаткова падпарадкаваў сабе збанкрутаваныя фабрыкі «Рe Рe Ge» (Polski Przemysl Gumowy, Польская гумовая прамысловасць) у Грудзёндзы. Пасля набыцця гэтых фабрык уладальнік «Ардаля» мог прэтэндаваць на лідарства сярод польскіх вытворцаў гумовага абутку, бо яму ў 1937/1938 гг. стала належаць каля 25 % усёй польскай вытворчасці гумовага абутку. Частка абутку, вырабленага «Ардалем», экспартавалася [154].

Але страйк 1936 г. не быў дарэмным, бо прымусіў уладальнікаў прадпрыемства сярод іншага сур'ёзна задумацца пра паляпшэнне ўмоў працы і павелічэнне заробкаў рабочых. Так, у адным з артыкулаў, надрукаваных у лістападзе 1938 г. у газеце «Codzienna Gazeta Handlowa», можна прачытаць, што на фабрыцы «Ардаль» пастаянна паляпшаецца ахова здароўя і ўмовы бяспекі. Маецца спецыяльныя станцыя для дапамогі маці і дзецям, дзіцячы сад, дзе працуюць спецыялісты, хуткі медыцынскі кантроль за жанчынамі - гэта сведчыць пра сацыяльны, адукацыйны і гігіенічны догляд фабрыкі за сваімі працаўнікам [155].

У 1920-1930-я гг. эканамічны патэнцыял Ліды рос вельмі хуткімі тэмпамі, у горадзе ўзнікла шмат новых прадпрыемстваў, якія давалі працу сотням рабочых. У той жа час нізкія заробкі і дрэнныя ўмовы працы выклікалі жаданне лідскіх рабочых змагацца за свае правы, што знайшло ўвасабленне ў маштабных страйках на розных прадпрыемствах, пік якіх прыпаў на 1936 год. Канфлікты ў рэшце-рэшт удалося залагодзіць, але ўзгодненыя і салідарныя рабочыя выступленні далі свой плён. Уладальнікі прадпрыемстваў мусілі звярнуць увагу на паляпшэнне ўмоваў жыцця сваіх рабочых, што, у рэшце рэшт, кампенсавалася ім павелічэннем прадукцыйнасці іх працы.

Варта адзначыць, што паводзіны польскіх улад падчас лідскіх страйкаў былі дастаткова ўзважанымі. Так, лідскі стараста Чушкевіч не стаў адназначна на бок уласнікаў прадпрыемстваў і падтрымаў патрабаванні рабочых. Адначасова з ціскам на прадпрымальнікаў улады імкнуліся адсякаць ад пратэстаў камуністаў.

Трэба сказаць, што паводзіны тагачасных польскіх ўладаў не заўсёды былі такімі ўзважанымі. Можна ўзгадаць падзеі так званага «Вялікага сялянскага страйку», які адбыўся 16 - 25 жніўня 1937 г. Гэта было масавае палітычнае выступленне сялян пад лозунгам аднаўлення грамадзянскіх правоў, законнасці, парадку і бяспекі ў Польшчы, у тым ліку за аднаўленне сакавіцкай канстытуцыі 1921 г., дэмакратычных выбараў у парламент і г. д. У страйку ўдзельнічала некалькі мільёнаў чалавек, галоўным чынам польскіх сялян, а таксама беларусаў і ўкраінцаў. Дзяржаўная паліцыя тады забіла 44 селяніны, было арыштавана 5000 чалавек і 617 пасаджана ў турму па прысуду суда [156].

Таму не дзіва, што ўжо 25 кастрычніка 1936 г. газета «Слова» паведаміла, што лідскі стараста Чушкевіч зняты з пасады і пераведзены на пасаду радцы Наваградскага ваяводства. Лідскім старастам быў прызначаны былы гродскі стараста варшаўскага сяродмесця Тадэвуш Міклашэўскіё [157].


Падзеі 1936 г. заставаліся ў памяці жыхароў Ліды праз гады і дзесяцігоддзі. Калі на схіле савецкай улады, змучаная пастаянным пагаршэннем узроўню жыцця, застрайкавала ўся Беларусь, не выключаючы і лідскіх прадпрыемстваў, то старыя лідзяне былі схільныя праводзіць з тымі часамі непасрэдныя паралелі, чаму сведкам быў сам аўтар гэтых радкоў.

Лідскія камуністы ў 1936-1937 гг.

З другой паловы 1930-х гг. камуністы пераходзяць да тактыкі народных франтоў. Другі з'езд КПЗБ у маі 1935 г. вызначыў умовы стварэння народнага фронту: адмена рэакцыйнай канстытуцыі, усталяванне дэмакратычных свабодаў, бясплатнае забеспячэнне сялян зямлёй, увядзенне 8-гадзіннага працоўнага дня і ліквідацыя канцлагера ў Бярозе-Картузскай. У 1936 г. кампартыя нават заключыла дамову аб сумесных дзеяннях з Беларускай хрысціянскай дэмакратыяй.


Яшчэ пасля страйку распачалося следства па справе камуністаў Ліды. Паліцыя шмат ведала пра іх дзейнасць, але суд патрабаваў матэрыяльныя доказы (напр., камуністычную літаратуру), а не даносы канфідэнта. У свой час на працэсе Грамады ў Вільні ў якасці сведкаў выступалі і канфідэнты паліцыі, але, зразумела, што пасля гэтага, яны ўжо не маглі працаваць па «прафесіі». Не атрымаўшы такіх доказаў, суд выпускаў лідскіх камуністаў на волю. Следства па іх справе працягвалася, але камуністы жылі ў сваіх хатах. Напрыклад, на пачатку лістапада з вязніцы выпусцілі Беньяміна Арцішэўскага, і ён перадаў актыву просьбу вязняў сабраць грошы для юрыдычнай дапамогі [158]. Чорны дакладваў, што нават пад следствам сябры ліквідаванага ГК Цыгельніцкі і Арцішэўскі кантактуюць з супрацоўнікам аддзела продажу фабрыкі «Ардаль» Неахам Эпштэйнам і распытваюць пра настроі на фабрыцы. Актыў не страчваў надзеі на чарговы страйк [159].

З інфармацыі сярэдзіны лістапада (№ 5/28/36) даведваемся, што інструктар ЦК КПЗБ Якуб Казлоўскі быў арыштаваны, але з-за недахопу ўлікаў вызвалены. Пасля вызвалення ён таксама далучыўся да збору грошай. Па справе прававой дапамогі для арыштаваных 14 лістапада ў Вільню ездзіў член ГК Шыман Ілютовіч, але канфідэнт не ведаў ні мэт, ні вынікаў яго паездкі [160].

Да канца 1936 г. афіцыйныя абвінавачанні атрымалі 12 чалавек разам з былым сакратаром ГК Гельманам. Камуністы спадзяваліся, што суд пачнецца на пачатку студзеня 1937 г., і пачалі прыспешваць збор грошай для юрыдычнай дапамогі.

У той жа час адбыўся апеляцыйны суд па справе прафсаюзных лідараў, якія стаялі на чале «Лідскай рэвалюцыі». Суровы вырак галоўнаму абвінавачанаму на гэтым працэсе Раману Бярнацкаму - 8 гадоў [161] выклікаў разгубленасць сярод актыву [162].

Паліцыя ведала ад Чорнага, што з Вільні па справе дапамогі абвінавачаным прыехалі двое: «Першы - высокага росту, худы, твар доўгі, паголены, мае каля 25 гадоў, шатэн, апрануты ў шэрае восеньскае паліто, у шапцы-матацыклетцы, доўгіх нагавіцах і камашах, другі - малога росту, узрост 22 - 25 гадоў, брунет, доўгі паголены твар, апрануты ў брунатнае восеньскае паліто і шапку-матацыклетку». Перамовы з гасцямі вёў Абрам Гельман, сустрэчы адбываліся ў піўной Абрама Пупко па вул. Сувальскай ці на бакавых вуліцах, а вечарам 11 лістапада - у кватэры Пувіна Альшанскага па вул. Мацкевіча, 13. Пра што вяліся перамовы, канфідэнт не ведаў [163].

Напрыканцы лістапада Груня Голь-Троцкая прывезла з Вільні 180 зл. дапамогі арыштаваным [164]. У снежні Генах Баран прывёз з Эйшышак 18 зл. Усе сабраныя грошы захоўваў абвінавачаны, але вызвалены да суда Абрам Арцішэўскі. Потым іх забраў Камянецкі, які працаваў у адвакацкай канторы Вагнера [165].

У снежні прайшла рэарганізацыя партыйнага кіраўніцтва. 18 снежня 1936 г. лідскі актыў правёў канферэнцыю «за праваслаўнымі могілкамі». Прысутнічалі Мардух Арахоўскі [166], Абрам Гельман, Неах-Хаім Гульнік, Ёсель Левін, Груня Голь-Троцкая, Лейба Казарэскі і невядомыя Чорнаму яўрэй і яўрэйка. «Канферэнцыя за могілкамі працягвалася каля гадзіны. Гельман паведаміў, што яго разам са Шмулем Цыгельніцкім выклікалі ў следчы аддзел з-за антыдзяржаўнай дзейнасці і зараз ён знаходзіцца пад сталым наглядам паліцыі. Было вырашана на пэўны час адсунуць Цыгельніцкага ад партыйнай працы. Прысутныя выказалі згоду на рэарганізацыю ГК наступным чынам: сакратаром ГК стаў Мардух Арахоўскі, функцыі тэхніка будзе выконваць Шумаль-Калман Ніясялевіч, скарбніка - Хаім Каплан.

Пасля вяртання з вязніцы ў снежні 1936 г. Арахоўскі не выяўляў актыўнасці, Каплан таксама некалькі месяцаў паводзіў сябе нейтральна» [167].

Наступны сход, які меў характар справаздачнага, адбыўся 16 студзеня 1937 г. у кватэры Міны Левін [168] [169]. Чорны на ім не прысутнічаў, а пра яго ход даведаўся ад Генаха Барана. У сходзе прынялі ўдзел Сакратар ГК Мардух Арахоўскі, член ГК Шмуль Цыгельніцкі, члены ГК КЗМ Гульнік Хаім-Неах і Генах Баран, кіраўнік лідскага МОПР Іцхак Лацкі, а таксама Фішаль Разенштэйн, Давід-Мардух Берман [170], Ёсель Мірскі [171]. На сходзе прысутнічаў таксама невядомы камуніст з Вільні, якога Генах Баран так апісаў Чорнаму: «Хрысціянін, каля 30 гадоў, апрануты ў паліто, у капелюшы, прыстойны, размаўляў па-беларуску […] сакратар Акругі КПЗБ з Вільні» [172]. Зразумела, што ў лідскіх камуністаў-яўрэяў роднай мовай быў ідыш, але яны добра разумелі і беларускую мову.

Падчас гэтага сходу сакратар лідскага ГК зрабіў вусную справаздачу сакратару Віленская акругі. З яе можна было даведацца, што ў Лідзе налічвалася 80 камуністаў, іcнавалі ГК КПЗБ і ГК КЗМ, ячэйка МОПР, ячэйкі КПЗБ на «Ардалі», у ліцейні Шапіры, на шклозаводзе «Нёман». Камуністычныя фракцыі былі ў прафсаюзах: Класавым звязе работнікаў хімічнай вытворчасці, Класавым звязе вытворцаў вопраткі і прадаўцоў гатовага адзення, Класавым звязе будаўнікоў і Звязе звязаў. Таксама Арахоўскі казаў пра рэгулярны збор складак на карысць МОПР, прыём у партыю новых сяброў, узгадненне пазіцый з іншымі арганізацыямі, напрыклад, са Звязам звязаў. Інфармацыю Арахоўскага пацвердзілі прысутныя на сходзе. Напрыканцы ён адзначыў, што лідскай арганізацыі не хапае партыйнай літаратуры [173].

Праз некалькі дзён Чорны даведаўся ў Барана пра тое, што памяшканне для сходу арандавалася ў Абрама Левіна (вуліцы Пастаўская, 25) за 4 злотыя, і паліцыя зрабіла там праверку. Чорны дакладаў, што звычайна камуністы карыстаюцца кватэрай Хілеля Сапатніцкага [174] (вуліца Сувальская 66-а). 22 студзеня 1937 г. на гэтай кватэры адбыўся чарговы сход актыву, на якім абмяркоўваўся суд над камуністамі [175].


21 студзеня 1937 г. у Лідскім акруговым судзе пачаўся вялікі працэс супраць 12 чалавек, «абвінавачаных у камуністычнай дзейнасці». На лаве абвінавачаных знаходзіліся асобы, «выкрытыя ў камуністычнай дзейнасці і прыналежнасці да КПЗБ». Гэта: Гельман Абрахам, Ваўкавыцкі Абрам, Рыбацкі Шалом, Левін Лейба, Гаперштэйн Сана, Арцішэўскі Абрам, Каброўскі Мардух, Гершман Рафал, Грэбень Канстанты, Пашкоўскі Арсені, Лернэр Діна, Вайтулевіч Вацлаў. Большасць абвінавачаных мела ўзрост ад 20 да 25 гадоў, аднак раней ужо каралася за камуністычную дзейнасць. Усе абвінавачваліся па артыкулах 97 і 93 к.к. Акт абвінавачвання даказваў іх прыналежнасць да КПЗБ і арганізацыі гарадскога камітэта гэтай партыі ў Лідзе. Значная частка абвінавачвання грунтавалася на факце стварэння імі прафсаюзу Звязу звязаў на фабрыцы «Ардаль» і арганізацыі страйку на гэтай жа фабрыцы.

Абвінавачаных баранілі адвакаты з Вільні Сукяніцкая, Петрусевіч, Хыл, Перайштэйн і мясцовыя адвакаты Цыдаровіч і Скіндар. Абвінавачваў пракурор з Вільні Паўлуць.

Па справе пракурорам і адвакатамі выклікаліся больш за 30 сведкаў. У якасці сведкі ў судовую залу ў кайданках быў нават прывезены асуджаны раней на 8 гадоў турмы Раман Бярнацкі.

У 10 гадзін раніцы суд у складзе суддзі Чайкоўскага і членаў суда Барысаўскага і Гуткоўскага пачаў пасяджэнне. Акт абвінавачвання чытаўся каля гадзіны. Потым перайшлі да допытаў абвінавачаных. Ніводзін з абвінавачаных сваёй віны не прызнаў.

Абвінавачаны Гельман казаў, што ім рухала пачуццё як маральнай, так і матэрыяльнай крыўды, якую цярпелі і церпяць працоўныя на «Ардалі». Страйк выбухнуў з-за звальнення 70 працоўных, якія выступілі ў сваю абарону і хацелі стварыць «класавы Звяз».

Абвінавачаны Левін Лейба, адзін з тых 70 звольненых за арганізацыю прафсаюза працоўных «Ардаля», казаў, што не належыць ні да якой партыі і не належаў нават да ініцыятыўнай групы, якая згодна з Актам абвінавачвання, арганізавала прафсаюз на фабрыцы. Страйк на фабрыцы выбухнуў сам па сабе з-за эканамічных умоў.

Абвінавачаны Арцішэўскі, службовец Яўрэйскага Народнага банка, па версіі следства быў кіраўніком гарадскога камітэта КПЗБ. Аднак пад час суда ён казаў, што з'яўляецца сіяністам і ідэйным праціўнікам камуністаў.

Абвінавачаны Канстанцін Грэбень, рабочы з «Ардаля», страціў здароўе з-за дрэнных санітарных умоў і цяжкай працы. Казаў, што заробкі на фабрыцы былі вельмі малыя, законны час штогадовых адпачынкаў свавольна скарачаўся адміністрацыяй на палову ці адпачынкі наогул не даваліся. Ён бачыў, што ўсюды дзе няма Звязу звязаў, пануюць такія парадкі. Таму ўсімі сіламі дапамагаў страйку на «Ардалі».

Абвінавачаны Грэбень з рабочым Перавозным былі арыштаваныя каля польска-савецкай мяжы. На пытанне пракурора, чаму спрабаваў уцячы ў Саветы, адказваў няўцямна, але суду стала зразумела, што меў за мэту паехаць ваяваць у Іспанію.

Пракурор паказаў суду ліст на беларускай мове пра падзеі на «Ардалі», напісаны для ЦК КП у Варшаве, прычым графолаг даказаў, што пісьмо напісана рукой абвінавачанага Гершмана. Адвакат Петрусевіч патрабаваў не дадаваць гэты ліст да справы з-за сумніўнасці аўтарства [176].

На другі дзень лідскага працэсу дапытана некалькі дзясяткаў сведкаў.

Першыя паказанні даў галоўны сведка, кіраўнік следчага аддзела паліцыі ў Лідзе Міхноўскі. Ён падрабязна распавёў пра дзейнасць кожнага з абвінавачаных. Неаднаразова ўспамінаў пра «канферэнцыю ў хмызняку па вуліцы Мілоснай», у якой бралі ўдзел Ваўкавыцкі і Каброўскі. Са сведчанняў Міхноўскага вынікае, што на лаве падсудных знаходзіцца гарадскі камітэт КПЗБ, сфармаваны ўвосень 1935 г. Да камітэта належалі Гельман, Рыбацкі, Ваўкавыцкі, Каброўскі, Арцішэўскі, Гаперштэйн. Іх наведвала інструктарка партыі «Берта», а галоўнай мэтай камітэта было пачаць страйк на «Ардалі». Страйку спрыяла незадавальненне працоўных фабрыкі з-за дрэнных умоў працы і малых заробкаў. Сведка падрабязна расказаў пра стварэнне прафсаюза на «Ардалі»: прафсаюз паўстаў з ініцыятыўнай групы, якую ўтварылі камуністы.

Абарона ўказала на пэўныя памылкі Міхноўскага.

Пасля кароткага перапынку выступіў былы лідар лідскага страйку Бярнацкі. Атрымаўшы 8 год турмы, ён пачаў даваць сведчанні супраць сваіх паплечнікаў. Бярнацкі даводзіў, што не хоча, каб людзі, якія сядзяць на лаве падсудных, лічыліся сярод працоўных пакутнікамі за іх справу, бо ўсё добрае, што Звяз звязаў рабіў для працоўных, камуністы імкнуліся спаралізаваць ці надаць характар палітычнага пратэсту.

Сведка Даніэль Аляксандровіч, дырэктар фабрыкі «Ардаль», адказваючы на пытанні абароны казаў, што стараннямі кіраўніцтва фабрыкі стан жыцця працоўных перад страйкам быў добрым: «Страйк матэрыяльных умоў не палепшыў, ... адзіна больш пачалі зарабляць працоўныя-пачаткоўцы, замест 30 - 50 гр. у дзень».

Сведкі Баярскі і Пупко расказалі, што абвінавачаны Гельман працаваў у іх як кравец і зарабляў па некалькі дзясяткаў злотых штотыднёва.

Сведка Каток Сымхэ, саўладальнік фабрыкі "Карона", ведаў абвінавачанага Гаперштэйна як надта працавітага сталяра і даў яму выдатную характарыстыку.

Сведка Зубрыцкі, уладальнік саду, таксама ведаў Гаперштэйна, бо той, адпрацаваўшы дзень, прыходзіў ноччу пільнаваць суседні сад, які належаў яго бацьку.

Былы старшыня гарадской рады Звязу звязаў, сведка Люцыян Брыльскі казаў, што прычыны страйку трэба шукаць толькі ў надзвычай цяжкім становішчы рабочых «Ардаля» (дзённы заробак жанчыны ў сярэднім ад 0,9 да 1 зл., пачаткоўцы па 30 гр., мужчыны да 2 зл.), надта дрэннымі былі на фабрыцы і гігіенічныя ўмовы. На пачатку 1936 г. пасля выбуху страйку патрабаванні працоўных былі: прыняць на працу 70 раней звольненых за арганізацыю прафсаюза і падвысіць заробкі да 1,5 зл. для жанчын і 3 для мужчын. Брыльскі сцвярджаў, што ён саступіў пасаду старшыні рады Звязу звязаў Бярнацкаму, калі той прыехаў у Ліду з Варшавы, а потым не згаджаўся з Бярнацкім па пытаннях тактыкі страйку.

Іншыя сведкі казалі, што дырэкцыя «Ардаля» не давала штогадовых адпачынкаў ці як магла іх памяншала. Праца заўжды цягнулася болей за 8 гадзін. Напрыклад, сведка Акасімскі, які працаваў на «Ардалі», за апошні год працы атрымаў толькі 5 дзён адпачынку [177].

На трэці дзень працэсу эксперт з Вільні пацвердзіў, што ліст у ЦК напісаны рукой Гершмана. Адвакат Петрусевіч пратэставаў.

Сведка Пэся Мытлярская расказвала, што абвінавачаны Каброўскі працаваў у яе на вырабе мацы і ніколі не быў заўважаны ў палітычнай дзейнасці.

Сведка Штэнберг, віца-прэзідэнт Лігі Дапамогі Працоўнай Палястыне, прызнаў, што ў яго арганізацыі, а таксама ў аналагічнай яўрэйскай арганізацыі "Паалей Сіон" ніхто з падсудных удзелу не прымаў.

У сваёй канчатковай прамове пракурор прааналізаваў камуністычную дзейнасць пасля ўхвалы 7-м кангрэсам Камінтэрну ідэі стварэння народных франтоў і антыфашысцкіх народных блокаў, расказаў пра стварэнне Звязу звязаў у Лідзе. Аналізуючы віну кожнага з абвінавачаных, пракурор больш увагі засяродзіў на дзейнасці Гельмана, Гершмана і Дзіны Лернар. Сказаў, што акрамя канфідэнцыяльнай інфармацыі доказаў віны Арцішэўскага няма [178].

На чацвёрты дзень лідскі судовы працэс скончыўся. Суд вынес вырак:

Гельман Абрам і Лернар Дзіна - па 8 гадоў турмы і пазбаўленне грамадзянскіх правоў на 10 гадоў.

Гершман Рафал - 6 гадоў турмы і пазбаўленне грамадзянскіх правоў на 10 гадоў.

Ваўкавыцкі Абрам, Рыбацкі Шалом, Левін Лейба - 5 гадоў турмы і пазбаўленне грамадзянскіх правоў на 5 гадоў.

Пашкоўскі Арсені і Вайтулевіч Вацлаў - 2 гады турмы, Вайтулевічу выкананне пакарання адкладзена на 5 гадоў.

Гаперштэйн Сана, Арцішэўскі Абрам, Каброўскі Мардух, Грэбень Канстанты апраўданы [179].

Усе асуджаныя прынялі вырак спакойна.


Было ўстаноўлена, што Дзіна Лернар - інструктар ЦК Кампартыі. Суд паверыў Бярнацкаму, бо вырак Лернар грунтаваўся на яго сведчаннях. Гершман прасіў адпусціць яго пад заклад зямельнага надзела яго бацькі (60 га). Гершман і Лернар падалі апяляцыю.

Усіх апраўданых адпусцілі ў зале суда. Толькі Грэбень застаўся ў турме, бо адбываў адміністрацыйную кару ў 6 месяцаў за спробу пераходу мяжы [180].


Пасля аб'яўлення судовага выраку, вечарам 25 студзеня 1937 г. члены ГК сабраліся на кватэры Сапатніцкага. У сходзе бралі ўдзел Мардух Арахоўскі, Шмуль-Калман Цыгельніцкі, Абрам Гельман і член ГК КЗМ Шыман Ілютовіч. Мардух Арахоўскі заявіў, што судовы працэс і шматгадовыя прысуды яўрэям сталі вынікам даносу асуджаных разам з імі хрысціян Вацлава Вайтулевіча, Канстанціна Грэбеня і Арсеня Пашкоўскага. Грэбеня суд наогул апраўдаў, Вайтулевіч атрымаў умоўны прысуд, а Пашкоўскі - толькі два гады. Бярнацкага (старшыню Звязу звязаў) назваў правакатарам.

Арахоўскі падкрэсліў, што гэты суд з'яўляецца папярэджаннем для камуністаў-яўрэяў, каб у будучым яны не мелі ніякіх партыйных кантактаў з «хрысціянамі», бо апошнія маюць схільнасць да правакацый і здрады. Ён заклікаў да поўнага аддзялення ад «хрысціян» і лічыў, што тыя павінны ўтвараць асобныя арганізацыі. Дарэчы, канфідэнт Чорны быў «камуністам-іудзеем» і карыстаўся поўным даверам сваіх таварышаў.

Патлумачу, што называючы камуністаў-неяўрэяў «хрысціянамі», Арахоўскі не меў на мэце кагосьці пакрыўдзіць, бо ў той час нават і ў афіцыйных дакументах менавіта так вызначалася этнічная прыналежнасць. А ў тагачаснай прэсе звычайным быў выраз накшталт «хрысціянская крама», азначала гэта, што гаспадар крамы не быў яўрэем.

Але вельмі цікава тое, ці адбыўся гэты падзел на «камуністаў-хрысціян» і «камуністаў-іудзеяў». Як бачым, перакананым «інтэрнацыяналістам» быў камуніст Заходняй Беларусі, сакратар Лідскага ГК таварыш Мардух Арахоўскі.

Далей на сходзе актывісты прыйшлі да высновы, што суровыя прысуды Гельману, Ваўкавыскаму і іншым не адштурхнуць ад партыйнай працы камуністаў, але ім трэба захоўваць максімальную канспірацыю.

Таксама было вырашана «ў бліжэйшыя дні правесці пашыраны сход на якім будуць прачытаны даклады пра апошнія падзеі ў Савецкай Расіі ў сувязі з працэсамі трацкістаў. Камуністы ў Лідзе ганяць бандыцкую дзейнасць Радэка з яго таварышамі і вераць у іх віну, падкрэсліваючы пры гэтым, што група Радэка жадала выдаць на здзек айчыну сусветнага пралетарыяту» [181]. Сталінскі дух захапіў і іх.


У нечым паказальны для таго часу сход камуністаў адбыўся раніцай 12 чэрвеня 1937 г. у лесе каля вёскі Малейкаўшчына. Прысутнічалі Рафэл Сахін, Абрам Каплан [182], Генах Баран, Шыман Ілютовіч, Лейба Казарэскі, Абрам Крупскі [183] і Чорны. Рэгулярныя арышты партыйнага кіраўніцтва паступова ўвялі канфідэнта ў вузкае кола партыйных актывістаў.

Сход «у лесе каля Малейкаўшчыны» адбыўся з-за таго, што камуністаў хвалявалі падзеі ў СССР - знішчэнне Сталіным былых партыйных куміраў. А партыйным кіраўнікам у Лідзе трэба было кантраляваць настроі камуністаў і даводзіць ім «лінію партыі», якая ішла з Масквы. Першым прамаўляў Сахін. Ён «заклікаў да захавання спакою з-за падзеяў у Савецкай Расіі, бо яшчэ бракуе дакладнай інфармацыі аб смяротным выраку маршалу Тухачэўскаму. Сказаў, што нягледзячы на тое, што савецкая прэса напісала пра расстрэл асуджаных, магчыма яны - Тухачэўскі і яго сябры, насамрэч сасланыя ў Сібір ці Іспанію. Сахін жадаў ведаць меркаванне прысутных пра гэтую падзею і запытаў, як належыць ставіцца да такіх здраднікаў радзімы пралетарыяту, як Тухачэўскі і іншыя абвінавачаныя, на што адзін з удзельнікаў сходу - Лейба Казарэскі адказаў, што, калі гэта праўда, дык гэтых людзей толькі і можна «ставіць да сценкі». Сахін заклікаў прысутных для далейшай эфектыўнай працы ў партыі але не даў ніякіх указанняў» [184]. Напрыканцы сходу прыехаў на ровары рэдактар газеты «Lider Wolksblat» Разенталь [185]. Ён прывітаўся з прысутнымі, але не выступаў і з'ехаў разам з Сахіным. Перад ад'ездам Сахін прапанаваў чытаць газету «Unser Tage», якая выходзіла ў Вільні, замест «Wilner Tage». Казарэскі паабяцаў прывесці некалькі рабочых з «Ардаля», бо праца на фабрыцы па тэхнічных прычынах спынілася на некалькі дзён. Калі ўжо разыходзіліся, Казарэскі сказаў Чорнаму, што ў Наваградскі павет прыехала некалькі камуністаў з савецкай Расіі. У інфармацыйным паведамленні паліцыі было пазначана, што Разенталь ужо год жыве ў Лідзе на кватэры Іосіфа (Ёселя) Альбірта [186], вядомага праз сваю камуністычную дзейнасць [187].

Варта адзначыць, што Альбірт Іосіф Мацвеевіч - вядомы лідскі паэт і пісьменнік, у 1938 г. - аўтар чатырох томікаў паэзіі. Пасля 1950-х гг. ён стаў членам Саюза пісьменнікаў СССР, жыў у Маскве. Аўтар кніг «Зорка майго пакалення», «Іскры», «Сэрца маёй зямлі». У 1970 г. эмігрыраваў у Ізраіль.

У ліпені па справах МОПР у Ліду прыязджала «яўрэйка … з партыйным псеўданімам Хаша». Сустрэча «Хашы» з сябрам фабрычнай ячэйкі КПЗБ «Ардаля» Сарай Бацян [188] адбылася так, як паказваюць у фільмах пра шпіёнаў. Хаша прамовіла пароль «Крывы» - Сара адказала «Свянцяны», і толькі пасля гэтага паміж канспіратарамі пачалася размова. Але Чорны ўсе ведаў і далажыў паліцыі: «Хаша цікавілася справай камуніста Станіслава Кісяля, які знаходзіцца ў лідскай турме. … Частка грошай сабраных МОПРам у Лідзе прызначаны для Кісяля. Адваката яшчэ не знайшлі (раней, у сакавіку 1936 г., Кісель перад арыштам збег з Ліды і да снежня 1936 г. хаваўся ў Свянцянскім павеце). Бацян паведаміла Хашы, што Класавы звяз працаўнікоў хімічнай вытворчасці распаўся, бо большасць рабочых не плаціць складак, але яна мае 50 пэўных людзей якія ўсімі магчымымі спосабамі жадаюць утрымаць гэты звяз. Звяз высоўвае новыя патрабаванні па заробку і, калі дырэкцыя не згодзіцца, абяцае страйк» [189]. Потым Бацян выказалася пра работніка «Ардаля» Рудольфа Радзігу [190] як пра аднаго з лепшых партыйных работнікаў (ён быў сябрам фабрычнай камуністычнай ячэйкі «Ардаля»). У Класавым звязе Бацян сцісла працаваў з Юдалем Сапожнікавым [191] і Ням'яхам Шварбардам [192].

Кіраўнік лідскага следчага аддзела на палях данясення адзначыў, што інфармацыю Чорнага лічыць верагоднай, бо яна пацвярджаецца інфармацыяй канфідэнта Янкі [193]. Так у справе Чорнага першы раз прагучала мянушка іншага паліцэйскага «крата» ў шэрагах лідскай КПЗБ. Акрамя Чорнага і Янкі ў асяроддзі лідскіх камуністаў таксама дзейнічалі канфідэнты пад псеўданімамі Абрамовіч, Бужынская і Герман (гл. далей).

У жніўні 1937 г. інфарматар з мянушкай Бужынская дакладвала, што Ёха Сікурць у Ліде мела кантакт з былым членам камуністычнай ячэйкі «Ардаля» Ядвігай Барысевіч [194] і «невядомым яўрэйчыкам». Яшчэ раней, у першай палове ліпеня, Барысевіч два разы сустракалася з «невядомым яўрэйчыкам», а таксама з Сікурць і з Сарай Бацян. Невядомы актывіст дакараў Барысевіч за тое, што яна кінула працу на «Ардалі» і пасля апошніх рэпрэсій, і, праўдападобна, з-за ўгавораў свайго брата-чыгуначніка, адышла ад партыйнай работы. «Яўрэйчык» казаў Барысевіч, што яна павінны пачаць ствараць камуністычныя ячэйкі на вёсцы і такім чынам вярнуць давер партыі. «Пра тое ж яе прасілі Бацян і Сікурць. Па словах Сікурць, невядомы яўрэйчык кіруе працай КЗМ сярод яўрэйскіх моладзевых арганізацый у Лідзе. Ён сын рэзніка, па прафесіі кравец» [195].

Камуністы адчувалі ціск паліцыі, і на пачатку кастрычніка 1937 г. Херц Гярцоўскі [196], у размовах з камуністамі прапанаваў устрымацца ад партыйнай працы і абмежавацца зборам грошай на дапамогу арыштаваным [197].

22 кастрычніка Чорны паведаміў, што на кватэры сябра кіраўніцтва МОПР Груні Левін, (вул. Завальная, 8) сабраліся Херц Гярцоўскі, сябар ГК КЗМ Фішаль Разенштайн, сябар лідскага выканаўчага камітэта МОПР Фішаль Рыбацкі і Берка Аркаў, які прыехаў з Воранава [198]. Абмяркоўваліся справы матэрыяльнай дапамогі арыштаваным Абраму Гельману і іншым камуністам, а таксама іх сем'ям. Бачачы шматгадовыя арышты камуністаў у Лідзе, Аркаў запытаў у прысутных, ці вядомы ім імёны правакатараў, вінаватых у арыштах. Гярцоўскі і Левін адказалі, што правакатараў трэба шукаць сярод работнікаў «Ардаля», але канкрэтных прозвішчаў яны не ведаюць. Увесь гэты час Чорны лічыўся у актыўным партыйцам і не выклікаў ніякіх падазрэнняў сваіх таварышаў. Аркаў абвінаваціў прысутных у ігнараванні правіл канспірацыі, што прывяло да з'яўлення правакатараў. Ён адзначыў, што ў Воранаве і Эйшышках ужо некалькі гадоў не было арыштаў [199]. Воранаўскі актывіст не здагадваўся, што паліцыя ведала камуністаў ва ўсіх мястэчках Лідчыны. Арышты не адбываліся, бо паліцыя не лічыла іх своечасовымі з-за недахопу ўлікаў, а можа нават і з-за таго, што не жадала застацца без працы.

13 чэрвеня 1937 г. інфарматар Бужынская інфармавала паліцыю, што Ёха Сікурць [200] якая працавала ў аддзеле продажаў «Ардаля» і належала да КЗМ, некалькі разоў паказвала Бужынскай на вуліцах горада «яўрэйчыка 18 - 20 гадоў, сярэдняга росту, бландзіна … сказала, што гэты яўрэйчык кіруе іх арганізацыяй. Невядомы яўрэйчык, па словах Сікурць, з'яўляецца сябрам арганізацыі Hechaluc-Pioner [201]. ... Ёха Сікурць часта бывае разам з невядомым яўрэйчыкам» [202]. У дадатках да гэтага паведамлення, кіраўнік Следчага аддзела, аспірант паліцыі Ю. Піўкоўскі напісаў: «Інфармацыю лічу верагоднай. Яна пацвярджаецца канфідэнтам «Янкай»» [203].

Праз нейкі час паліцыя даведваецца, што «невядомым яўрэйчык», гэта Лейба Кашчанскі [204].


З даносу Чорнага даведваемся, што напярэдадні 7 лістапада 1937 г. у Лідзе былі арыштаваны камуністы Шапіра, Баран, Сікурць, Гаперштэйн ды іншыя. Канфідэнт давёў паліцыі, што Гярцоўскі заклікаў камуністаў пашыраць сярод насельніцтва творы Іосіфа Альбірта. У шэрагах камуністаў, якія засталіся на волі, зноў наступіла замяшанне бо арыштаваныя атрымалі абвінавачанні ў прыналежнасці да камуністычнай партыі. Раней, пры ператрусах у іх кватэрах не знайшлі камуністычнай літаратуры і таму мелася надзея, што арыштаваных выпусцяць з вязніцы. Камуністы зноў зразумелі, што паліцыя ведае значна болей пра КПЗБ у Лідзе, чым яны думалі.

Таму новы сакратар ГК КПЗБ Херц Гярцоўскі, як вялікі канспіратар, 30 лістапада 1937 г. паведаміў менавіта Чорнаму, што ён мусіць адысці ад партыйнай работы і прапанаваў канфідэнту заняцца справамі МОПР і сабраць грошы для абароны абвінавачаных. Потым Гярцоўскі паінфармаваў Чорнага, што да яго звернецца асоба з паролем «Радам» і гэту асобу ён мусіць прыняць [205].

Сакратар ГК Херц Гярцоўскі сапраўды адышоў ад спраў, але працягваў рэкламаваць яўрэйскую газету «Lider Folksfrajt», якую ў Лідзе выдаваў і рэдагаваў Альбірт. Канфідэнт паведамляў, што Альбірт ужо некалькі тыдняў кантактуе з настаўнікам 7-класнай яўрэйскай школы Цэнтральнай арганізацыі яўрэйскіх школ, якая знаходзілася пад уплывам левых яўрэйскіх партый, Сімхай Гёніхам. Гёніх разам з жонкай Цэцыліяй 21 верасня 1937 г. пераехаў у Ліду з Глыбокага. Яго жонка ўладкавалася на працу ў бюро фабрыкі «Ардаль». Паводле інфармацыі паліцыі Глыбокага, Гёніх меў стасункі з камуністамі і з-за гэтага быў звольнены з пасады настаўніка [206].

Інфарматар паліцыі па мянушкі Герман пры канцы 1938 г. паведамляў, што Альбірт кантактуе з «прыхільнікам камуны» студэнтам Эмануэлям Глазманам. Глазман вучыўся ў політэхніцы горада Пізы і летам 1938 г. адпачываў у бацькоў у Лідзе [207].


Канфідэнт Чорны карыстаўся даверам лідскіх камуністаў. Ён знаходзіўся на высокіх прыступках партыйнай іерархіі. Як агент паліцыі ён працаваў даволі эфектыўна. У невялікім горадзе, дзе ўсе ведалі адзін аднаго, Чорны не грэбаваў нават вонкавым назіраннем і часам дзейнічаў як звычайны філёр. Ён удзельнічаў у камуністычных сходах у Лідзе, а пра вынікі нарад больш высокага ўзроўню, на якія сам патрапіць не мог, даведваўся ад прысутных там асоб. Меў поўны давер з боку таварышаў, якія чамусьці Чорнаму абсалютна давяралі. Вывучаючы даносы Чорнага, можна зрабіць выснову, што галоўнымі крыніцамі інфармацыі для яго з'яўляліся самі ўдзельнікі падзей. Магчыма, ён быў карэнным жыхаром Ліды і меў шмат сяброў і знаёмых. Відавочна, што гэты агент таксама меў талент камунікацыі і ўмеў выклікаць давер.

Паведамленні канфідэнта Чорнага заканчваюцца ў снежні 1937 г. Асоба гэтага канфідэнта, як і яго далейшы лёс, пакуль застаюцца таямніцай. Што сталася з Чорным, невядома, але я ўпэўнены, што гэты агент, калі перажыў арышты НКУС у перыяд «першых Саветаў» і Галакост у часы нямецкай акупацыі, паспяхова «працаваў» і пры наступнай уладзе.

У лістападзе 1937 г. за захоўванне камуністычнай літаратуры і прыналежнасць да КПЗБ судзілі жыхара Дакудаўскай гміны Сцяпана Бандарука. Прыналежнасць да кампартыі ў судзе не была даказана, а кнігі ён легальна прывёз з Францыі, дзе жыў да 1936 г., і таму суд яго апраўдаў [208].

1938 г.

Газета «Кур'ер Віленскі» пісала на пачатку лютага 1938 г.: «Камуністычны працэс. Перад Акруговым судом у Лідзе 27 і 28 студзеня адбыўся судовы працэс над 9 асобамі, абвінавачанымі ў прыналежнасці да КПЗБ. На лаве абвінавачаных былі: Абрам Гельман, Бэнцьян Дубінскі, Лея Дражнін, Сара Бацян, Генах Баран, Антоні Перавозны [209], Ёха Сікурць, Ісак Шапіра, Сана Гаперштэйн. Усе абвінавачаныя займаліся камуністычнай дзейнасцю ... на фабрыцы гумовых вырабаў «Ардаль». Па справе заслухана 37 сведкаў. У выніку суд прыгаварыў: Лею Дражнін на 6 гадоў турмы і 10 гадоў пазбаўлення правоў, Сару Бацян на 3 гады турмы і 6 гадоў пазбаўлення правоў. … Астатніх суд апраўдаў.

Абвінавачваў пракурор Марціноўскі, адвакаты былі Заштаўт-Сукянніцкая, Чэрніхаў і Хыл» [210]. Для параўнання, у тым нумары газеты паведамляецца, што за забойства вандроўнага спевака ў рэстаране на Лідскім рынку суд прыгаварыў нейкага Чэслава Урбановіча на 4 гады турмы [211].

Пры канцы 1938 г. начальнік лідскага Следчага аддзела даручыў інфарматару Герману пераехаць з Жалудка, «працаўладкавацца ў Лідзе і даведацца пра стан кампартыі ў Лідзе. Ці працуе тут партыя бальшавікоў-ленінцаў (трацкісты), на якім этапе знаходзіцца яе арганізацыйны стан?» [212].

***

Да канцы 1930-х гадоў беларускі рух у Лідзе быў практычна ліквідаваны. У падполлі дзейнічала толькі КПЗБ, большасць сяброў якой у нашым горадзе былі яўрэямі. У 1937 г. віленскае «Слова» перадрукоўвае з газеты «Польскі Меркурый» фрагмент характэрнага ліставання двух маладых камуністаў з-пад Ліды. Нейкі Апанас піша да Восіпа, які ў гэты час служыць у войску (ліст напісаны па-беларуску): «... арыштавалі Мішку, Голдэнберга, Віцьку, але ты, Осіпка, не бядуй, у турме іх толькі трошкі патаўклі, а ў морду ніхто не даў, дык ніхто і не прызнаўся. Дзела не такое і кепскае ...» [213].

КПЗБ была распушчаная пастановай Выканкаму Камінтэрну ў жніўні 1938 г. Газета «Беларускі фронт» пісала ў тым жа месяцы: «Нелегальны орган КПП (Кам. Партыі Польшчы) «Czerwony Sztandar», які выходзіць цяпер па-польску (даўней выходзіў і па-беларуску як «Чырвоны Сьцяг») у нумары за чэрвень сёлета зьмяшчае камунікат Камінтэрну, у якім паведамляецца ўсім сябрам КПП, што Цэнтр. Камітэт КПП разьвязаны, разьвязаны такжа ўсе раённыя і мясцовыя камітэты і што вызначаны новыя ўлады КПП. Разам з гэтым рэарганізаваны і Цэнтр. Камітэт КПЗБ. «Чыстка» наступіла з тэй прычыны, што партыйны апарат складаўся з трацкістаў і правакатараў. Апроч гэтага з Масквы прыйшлі весткі аб растрэле павадароў польскага камунізму, якія былі ўцяклі ў Саветы: Ленскага (Лешчынскага), Варскага, Сохацкага, Жарскага, Пурмана і інш» [214].

1939 г.

Аднак новы, 1939 г., пачаўся з суда над камуністамі: «Прыгавор камуністам. Тры дні ў Акруговым судзе ў Лідзе слухалася справа камуністаў. 17 снежня вынесены прыгавор: Перэс Левін [215] і Лейба Кашчанскі атрымалі па 6 гадоў турмы, Даніэль Карасін [216] - 4 гады, Шыман Ілютовіч і Генах Баран - па 3 гады турмы, акрамя турэмных тэрмінаў усе былі пазбаўлены грамадзянскіх правоў на 10 гадоў» [217]. У сувязі з гэтым працэсам лідскі стараста забараніў павятовыя аддзелы трох яўрэйскіх таварыстваў: «Frejchejt», «Haszemer Hacair», «Hehaluc pienier» «за тое, што ў гэтых арганізацыях працавалі элементы шкодныя для польскай дзяржаўнасці, і яны пагражалі грамадскай бяспецы» [218]. Праз тыдзень нават забараняецца дзейнасць знакамітага лідскага яўрэйскага спартовага клубу «Макабі» і не выдадзены дазвол на рэгістрацыю маладзёжнага яўрэйскага таварыства «Histadrut Academenoim Zionim» [219].

А 14 лютага 1939 г. Наваградская ваяводская следчая ўправа дакладала ў Варшаву: «... па пастанове пана міністра Унутраных спраў былі звольнены з лагера ў Бярозе-Картузкай ніжэй пералічаныя камуністы:

14.01.1939 г. Мармыш Юльян, сын Паўла і Еўдакіі, 1914 г.н., жыхар вёскі Маскалі Арлянскай гміны Шчучынскага павета.

29.01.1939 г. Рудзян Мардух, сын Астнэла і Рыўкі, 1910 г.н., жыхар м. Эйшышкі Лідскага павета.

29.01.1939 г. Ігнат Баклага, сын Мікалая і Ірэны, 1910 г.н., жыхар вёскі Воля-Крупіца, Арлянскай гміны Шчучынскага павета.

... Усе вышэй пералічаныя вярнуліся ў свае месцы пражывання, дзе пастаўлены пад нагляд» [220].

Накірункі дзейнасці камуністаў Ліды

Партыйная літаратура

З усіх даносаў паліцэйскіх агентаў бачна, што партыйная літаратура мела выключанае значэнне для камуністаў. Толькі праз друкаванае слова было магчыма данесці да людзей сваю інфармацыі, свае ідэі, сваю інтэрпрэтацыю падзей.

У данясеннях канфідэнтаў чамусьці не ўзгадаваецца савецкае радыё ў якасці крыніцы інфармацыі, і таму можна выказаць здагадку пра невысокую якасць і нецікавасць радыёперадач з СССР як найменей для лідскіх яўрэяў. Але танныя, дэтэктарныя прыёмнікі ўжо мелі шырокі распаўсюд, і напрыклад віленская прэса ў 1937 г. пісала пра неабходнасць пабудовы новай радыёстанцыі ў Лідзе ці Баранавічах «бо дэтэктарныя прыёмнікі, якія ў ... павятовых гарадах ёсць у кожнай другой хаце, поўныя галасоў з Менска і бальшавіцкай агітацыі» [221]. Ад свайго бацькі ведаю, што заходнія беларусы з цікавасцю слухалі радыё з Менска на роднай мове.

Толькі адзін раз, у паліцэйскім каментарыі да інфармацыі канфідэнта Бужынскай пра Лявона Гірыка [222] (партыйная мянушка - «Юрак», у Лідзе кантактаваў з камуністычнымі дзеячамі Станіславам Кісялём, Абрамам Гельманам і Арсенем Пачкоўскім, лічыўся «добрым партыйным работнікам»), паведамляецца: «Лявон Гірык вядомы Следчаму аддзелу як прыхільнік камуністаў, апошнім часам бярэ ўдзел ў праслухоўванні агітацыйных радыёстанцый з Савецкай Расіі. Закончыў рамесную школу ў Лідзе, жыве на станцыі Нёман» [223]. Як бачым, праслухоўванні савецкіх радыёперадач былі калектыўнымі.

Пасля арышту ўсяго ГК КПЗБ Ліды, 1 мая 1936 г. планавалася дастаўка камуністычнай літаратуры з Вільні ў Ліду, але на гэты раз, камуністы не мелі намеру раскідваць літаратуру па гораддзе бо гэта магло выклікаць новыя рэпрэсіі. Актывіст Нісялевіч прапанаваў размеркаваць гэтую літаратуру малымі пакункамі па сялянскіх вазах на рынку. Па яго меркаванні: гэта не выклікала бы падазрэння паліцыі і яна шукала бы камуністаў па вёсках [224].

Аднак пра дастаўку літаратуры дамовіліся толькі ў жніўні 1936 г. Цікавым з'яўляецца тое, як гэта дастаўка была арганізавана, Чорны дакладвае: «…камуністычны дзеяч Шмуль-Калман Нісялевіч, … па камандзе інструктаркі Акругі КПЗБ Вільні Ханы Пудзінскай, чакаў прыезду камуністычнай літаратуры на збегу вуліц Гражыны і Вызвалення ў Лідзе. Адкуль павінны былі прывезці літаратуру … невядома. Вазніца фурманкі з літаратурай павінен быў мець твар, перавязаны чорнай хусткай, а Нісялевічу патрэбна было сказаць яму пароль: «Ці маеце на продаж карову». Адказ: «Маю, каштуе 16 злотых»«. Па невядомых прычынах літаратура не была прывезена [225].

У жніўні 1936 г. у Ліду камуністычную літаратуру з Вільні прывезла функцыянерка КЗМ. З дакладу канфідэнта Чорнага мы даведваемся, якую літаратуру чыталі лідскія камуністы: «Гэта літаратура была выдадзена раней, часткова да лютага 1936 г. - у асноўным інструкцыі і некалькі асобнікаў 7-га Кангрэсу Камінтэрну на яўрэйскай мове ў брашурах на 32 старонкі, адна з брашур на польскай мове. Таксама некалькі брашур «Пастанаўленне 2-га З'езда Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі», датаваных «Вільня, 1935 г.», некалькі асобнікаў «Чырвонага Штандара» на беларускай і польскай мовах і адзін асобнік на нямецкай мове, яны датаваныя: «Вільня, 1936 г.», некалькі асобнікаў адозвы на польскай, беларускай і яўрэйскай мовах, у тым ліку: «Да Віленскай моладзі». Адозва крытыкуе рэдактара газеты «Слова» Станіслава Мацкевіча з-за яго выступу на працэсе над камуністамі-навукоўцамі ў Вільні і заклікае да барацьбы за Польскую савецкую рэспубліку. Уся гэта літаратура важыць каля 1 кг і прызначана для лідскіх камуністаў. Невядомая яўрэйка, якая перадала Барану літаратуру, дала яму кантакт у Вільні» [226].

Аднак на пачатку верасня 1936 г. літаратура яшчэ не была размеркавана. І толькі пры канцы лістапада да Шымана Ілютовіча па літаратуру прыехалі «два яўрэйчыкі з Эйшашак, адзін мае прозвішча Красілаў» [227].

На самым пачатку новага, 1937 г., размаўляючы з Гельманам, Чорны даведаўся, што з Вільні ў Ліду павінны даставіць камуністычную літаратуру і размеркаваць яе сярод рабочых «Ардаля», бо на працягу 2 тыдняў падчас рамонту на фабрыцы, рабочыя засталіся без працы. Літаратуру павінны былі даставіць наступным чынам: «Балагол Ёхель Ёселевіч [228] часта ездзіць па тавары ў Вільню, там падчас пастою ён атрымае пачак для перадачы Фэйдзе Гельман [229] а тая перадасць яго Абраму Гельману. Партыйныя актывісты Шыман Ілютовіч, Генах Баран і Зэлік Рыбацкі абяцалі да 18 ліпеня 1937 г. прывесці камуністычную літаратуру адмыслова для рабочых «Ардаля»« [230].

Праца з легальнымі грамадскімі арганізацыямі.

Лідскія камуністы-яўрэі выкарыстоўвалі шматлікія культурніцкія і грамадска-палітычныя яўрэйскія арганізацыі горада для прапаганды сваіх ідэй.

12 жніўня 1933 г. камуніст Мойша Каплан у памяшканні Паалей Цыон [231] па вуліцы Фалькоўскага легальна прачытаў дыскусійны рэферат пра ідэалогію камунізму [232] а Вуліца Фалькоўскага. раней асуджаны на 11 гадоў да вязніцы і датэрмінова вызвалены Хаім Каплан вёў камуністычную агітацыю сярод сіяністаў-рэвізіяністаў [233] [234].

Камуністы шчыльна працавалі з ідэйна блізкімі ім прафсаюзамі.

Увосень 1936 г. Абрам Гельман сцісла супрацоўнічаў з камуністамі - членамі Класавага звязу вытворцаў вопраткі і прадаўцоў гатовага адзення ў Лідзе - Шмулем Цыгельніцкім, Якубам-Элхананам Конам [235], Гіршам Герцоўскім [236] і Шмулем-Калманам Нісялевічам, а таксама Бэрам Рафэлам. Месцам канспіратыўных сходаў актывістаў прафесійнага звязу служыла кватэра Рубіна Альшанскага [237], вядомага паліцыі па ранейшай камуністычнай дзейнасці [238]. Канфідэнту Чорнаму было загадана даведацца, ці мае гэты прафесійны Звяз сваю камуністычную ячэйку.

У кастрычніку 1936 г. камуністы мелі поспех у арганізацыяй страйку сярод краўцоў-шапнікаў, якія працавалі для аптовага гандлю - страйкавала 7 краўцоў. Яны патрабавалі павышэння расцэнак на 25%, і ўжо ў лістападзе члены Класавага звязу вытворцаў вопраткі і прадаўцоў гатовага адзення, вырашылі палову свайго дзённага заробку за тыдзень перадаць Народнаму фронту Іспаніі [239]. 7 лістапада Чорны паведаміў, што вышукваў у гэтым Звязе камуністычную арганізацыю, але не здолеў выявіць, у каго знаходзяцца грошы сабраныя для дапамогі Іспаніі [240].

Актывістка кампартыі Груня Троцкая-Голь з'яўлялася членам Класавага звязу прафсаюзу вытворцаў вопраткі і прадаўцоў гатовага адзення і вяла працу сярод членаў свайго звязу. У канцы 1936 г. кожную пятніцу ў памяшканні прафсаюзу яна арганізавала дыскусіі, пад час якіх чытала даклады на розныя палітычныя тэмы. Такім чынам Троцкая спадзявалася падвысіць самасвядомасць рабочых [241].

17 снежня 1936 г. адбыўся сход у доме Ліпы Камянецкага [242] па вуліцы Гедзімінаўская, 6, у памяшканні Класавага звязу прафсаюза вытворцаў вопраткі і прадаўцоў гатовага адзення. Сабраліся член ГК КПЗБ Абрам Гельман, сакратар МОПРа Ёсель Левін, Янкель Гярбоўскі і Груня Голь-Троцкая, потым прыйшоў Мардух Арахоўскі «разам з невядомым яўрэйчыкам … і невядомай яўрэйкай …». Абрам Гельман коратка выступіў перад членамі звязу пра неабходнасць барацьбы з фашызмам у абарону пралетарыяту. Голь-Троцкая прызвала членаў звязу да арганізацыі вечароў дыскусій, на якіх будуць абмяркоўвацца розныя палітычныя пытанні [243].

МОПР

З-за бясконцых арыштаў і адбывання тэрміну ў вязніцу выключную ролю для камуністаў меў збор грошай для дапамогі сваім таварышам падчас суда і адбывання тэрміну пакарання.

Пасля страты кантактаў з кіраўніцтвам Віленскай акругі КПЗБ ў 1931 г. грошы, сабраныя МОПР-ам у Лідзе, ішлі толькі на дапамогу лідскім вязням. Да гэтага грошы накіроўваліся ў Вільню і адтуль размяркоўваліся па месцах [244], гэтакая сітуацыя працягвалася як мінімум да восені 1933 г.

4 снежня 1932 г., каля 21-й гадзіны ў памяшканні Пажарнай аховы па вуліцы Сувальскай сабраліся Абрам Любецкі, Хаім Пайкоўскі, Айзіковіч Мардух і нехта Янкель - маляр з Вільні. На гэтым сходзе абмяркоўваліся справы МОПР - Міжнароднай арганізацыі пралетарскай дапамогі. Падчас размовы, партыйцы канстатавалі слабы збор грошай для вязняў [245].

У лістападзе 1933 г. Чорны дакладаў, што галоўным актывістам МОПР у Лідзе падчас ліквідацыі кампартыі ў 1930 г. быў Самуэль Айзіковіч - ён таксама арыштоўваўся, але з-за недахопу ўлікаў быў вызвалены судом. «Зараз Айзіковіч хворы на запаленне лёгкіх і кошт яго лячэння: лекарская дапамога, лекі і ўтрыманне, аплачвае Абрам Любецкі, які вельмі часта ходзіць у госці да Айзіковіча. 23 лістапада Любецкі сабраў у Айзіковіча кансіліум лекараў заплаціў ім за гэта 25 зл.» [246] Такія адносіны да сваіх таварышаў не могуць не выклікаць павагі.

У жніўні 1933 г. камуністы прыпынілі актыўнасць і займаліся толькі зборам грошай для МОПР, «прычым тыднёвы агульны збор не перавышаў 6 зл. Гэта кажа … што для апекавання над палітычнымі вязнямі ў Лідзе грошай не хапае» [247]. У верасні таго ж года складкі для МОПРа збіраў член КПЗБ Мойша Рафэл [248]. 12 лістапада 1936 г. Цыгельніцкі і Гульнік збіралі складкі на МОПР сярод будаўнікоў і краўцоў [249].

20 кастрычніка 1933 г. Абрам Любецкі даручыў самому канфідэнту Чорнаму выехаць у Іўе і Эйшышкі па справе МОПРа. Для дапамогі тым, каго Чорны сам пасадзіў у вязніцу, канфідэнт прывёз з Іўя 6 зл. [250]

Для збору грошай на МОПР нават выкарыстоўваліся розныя сямейныя святы. Гэтак, падчас «Лідскай рэвалюцыі», на пачатку сакавіка 1936 г. грошы збіраліся прама на вяселлі Мардуха Каброўска. Збор грошай пачаўся ўначы, сабралі 7 зл. 20 гр. [251]

Пасля арышту вясной 1936 г. усяго складу ГК КПЗБ, МОПР узмацніў збор грошай. Гэтак Груня Голь-Троцкая, якая раней каралася за камуністычную дзейнасць і ўвесь час жыла ў Воранаве, з'ездзіла ў Вільню і прывезла адтуль 84 зл. Гэтыя грошы яна перадала Ашару Каплану, якога хутка абралі новым сакратаром Лідскага ГК [252]. Тады ж пры новым ГК было выбрана і новае кіраўніцтва МОПРа. У яго увайшлі: Фішаль Разенштайн [253], Ёсель Левін (сакратар), Іцхак Лацкі [254].

У ліпені 1936 г. Чорны паведаміў [255], што ў склад новага выканаўчага камітэту МОПР дадаткова абраны асобы: Фішаль Рыбацкі [256] і Лейба Казарэскі [257].


Асаблівую цікаўнасць мае інфармацыя канфідэнтаў пра асоб, якія не займаліся палітыкай, але здавалі грошы на дапамогу вязням.

12 лістапада 1932 г. Чорны даведаўся, што некі Айзік Шляхтман (1907 г. н.), які жыў па вуліцы Лідскай, здаў 50 грошаў у МОПР. Паліцыя адзначыла, што Шляхтман у антыдзяржаўнай дзейнасці раней заўважаны не быў [258]. 20 кастрычніка 1936 г. Гульнік і Цыгельніцкі «увайшлі ў аптэку Стукатара і паведаміўшы яму, што збіраюць грошы для палітычных вязняў, яны атрымалі ад Стукатара 1 злоты» [259]. Стукатары - вядомая ў Лідзе сям'я, якая валодала аптэкай і двухпавярховай камяніцай ў самым цэнтры горада па вуліцы Сувальскай. Паліцыя занатавала гэта, але дапамога МОПРу аптэкару не пашкодзіла.

У маі 1937 г. у Лідзе на гастролях знаходзіўся яўрэйскі тэатр, свае прадстаўленні ён паказваў у кінатэатры «Эра». 10 мая Зэлік Рыбацкі [260] і Мардух Жукоўскі [261] збіралі тут грошы для МОПР. Канфідэнт Чорны бачыў, як ім здалі грошы Рафэл Сахін [262], Додзік Шмуйловіч (уладальнік прадпрыемства па продажы дзяржаўных латарэй), Арахоўскі і іншыя, прозвішчаў якіх канфідэнт не ведаў. Тое, што Чорны прысутнічаў на прадстаўленнях яўрэйскага тэатра, кажа пра нацыянальнасць канфідэнта, бо зразумела, што прадстаўленне ішло на ідыш. 12 мая Мардух Жукоўскі падчас наступнага прадстаўлення гэтага ж тэатра сабраў 18 зл. для МОПР.

У кастрычніку 1937 г. зборам грошаў займаліся Шыман Ілютовіч і новы актывіст Зэльман Капельман (да гэтага часу паліцыя яго не ведала), грошы збіраліся «сярод рабочых розных варштатаў» [263] . А 3 лістапада сакратар ГК КПЗБ Херц Гярцоўскі (калі яго абралі сакратаром, не вядома, але на пачатку кастрычніка ён быў яшчэ толькі членам ГК) звярнуўся да ўладальніка млына Ёселя-Бэра Баярскага [264] з просьбай ахвяраваць грошы для арыштаваных камуністаў і атрымаў ад яго 10 зл., якія Гярцоўскі ў той жа дзень перадаў скарбніку МОПР Левіну [265], "«Баярскі сімпатызуе кампартыі», - паведамляў канфідэнт. Праз некалькі дзён Герцоўскі перадаў 12 зл. члену ГК КЗМ Ліда Шыману Ілютовічу, загадаў дадаць да іх 3 зл. і перадаць грошы сем'ям арыштаваных камуністаў Шапіры, Барана, Сікурця і Гаперштэйна [266].

Чорны інфармаваў, што сем'ям Хаіма-Неаха Гульніка, пасаджанага у лагер Картуз-Бяроза, а таксама Абрама Ваўкавыскага і Абрама Гельмана, пасаджаных у гарадзенскую вязніцу, МОПР штомесяц выплачвае па 10 зл.. На гэтыя грошы іх родныя павінны былі дасылаць пасылкі ў вязніцы [267].

Пасля чарговага арышту камуністаў новы сакратар ГК адышоў ад спраў і даручыў Чорнаму займацца МОПР-ам. 1 снежня да канфідэнта звярнуўся знаёмы яму член ячэйкі КПЗБ Мойша-Хаім Святы з Эйшышак і перадаў 25 зл., сабраных у гэтым мястэчку для праўнай дапамогі арыштаваным камуністам. Гэтыя грошы Чорны ў той жа дзень здаў Абраму Крупскаму, які жыў па вуліцы Лідская, 29. Збіраць грошы для новых арыштаваных таксама пачалі Беньямін Баран [268], Хаім Файншрайбер [269], Рахмель Васілішскі [270], Абрам Крупскі [271], Фішаль Разенштэйн і Шыман Ілютовіч [272].

Чорны інфармаваў, што 6 снежня член Лідскага ГК КЗМ Фішаль Разенштайн і «яўрэйчык» Зэйдаль («прозвішча не вядома, працуе на ліцейнай Шапіры»), здалі 12 зл. 10 гр. Абраму Крупскаму. 9 снежня Шыман Ілютовіч сабраў у горадзе 8 зл. 75 гр., якія перадаў Чорнаму, гэтыя грошы канфідэнт здаў Крупскаму.

Сакратар ГК КПЗБ Херц Гярцоўскі паведаміў камуністам, што ён падзяліў грошы, якія прыходзяць з мястэчак на дапамогу абвінавачаным. Да таго часу сабралася ўжо дастаткова вялікая сума і па меркаванні канфідэнта, да гэтага часу, грошы, верагодна, захоўваліся ў Гярцоўскага і Крупскага. Таксама Гярцоўскі сказаў, што абаронцу для Леі Дражнін нойме і аплаціць камуністычная арганізацыя мястэчка Жалудок.

Збіраць грошы на абарону абвінавачанага Антона Перавознага Гярцоўскі прызначыў Неаха Гярцоўскага (камуністычны актывіст на «Ардалі»). Тады ж сем'і абвінавачаных камуністаў, акрамя Перавознага і Дражніна, ездзілі ў Вільню каб наняць адвакатаў. Грошы на дарогу і на задатак адвакатам яны атрымалі ад Крупскага. Чорны паведамляў: «Абвінавачаных Генаха Барана, Ісака Шапіру і Ёху Сікурць будзе абараніць адвакат Сукяніцкая за 250 зл., абвінавачанага Сану Гарэнштэйна і Бенцьяна Дубінскага - адвакат Черніхаў за 200 зл., абвінавачаную Сару Бацян - адвакат Андрэеў за 300 зл, абвінавачанага Абрама Гельмана - адвакат Гіль за 150 зл. Усе адвакаты з Вільні» [273].

У канцы снежня 1937 г. з Вільні ў Ліду перадалі 150 зл. для праўнай дапамогі абвінавачаным камуністам [274].

Канфідэнт Герман пры канцы 1938 г. інфармаваў, што «арганізацыя «Ha-Szomer Ha-Cair» [275] праводзіць шырокую акцыю па збору грошай для МОПР-а. Гэта адносіцца не толькі да Ліды, але да і іншых гарадоў, дзе маюцца аддзелы гэтай арганізацыі. Члены «Ha-Szomer Ha-Cair» знаходзяцца пад уплывам КПЗБ. У Лідзе актыўная дзейнасць камуністаў у арганізацыі «Ha-Szomer Ha-Cair» да моманту арышту праводзіў Іцках Карабельнік. Ён знаходзіўся ў сціслым кантакце з камуністычным дзеячам Ёселем Альбіртам» [276]. Паліцэйскі каментарый да даносу: «Інфармацыю лічу верагоднай, яна пацвярджаецца паказаннямі Чорнага і Янкі» [277].

Трэба дадаць, што Ісаак Герцавіч Карабельнік (1920 - 1984) нарадзіўся ў Лідзе, з 1937 па 1939 г. працаваў наборшчыкам у друкарні «Графіка». З 1936 г. - член КЗМ, у канцы 1930-х гг. быў членам ГК КЗМ, арыштоўваўся паліцыяй. Пасля прыходу Чырвонай Арміі, у верасні 1939 г. стаў членам лідскага рэўкама, працаваў начальнікам архіва НКВД. У 1941 г. быў паранены. Пасля вайны вярнуўся ў Ліду, працаваў начальнікам аддзела збыту мясакамбіната, а потым у аўтапарку.

Уцёкі ў БССР

На пачатку 1933 г. Чорны паведаміў паліцыі пра тое, што нейкі партыйны функцыянер кіраўніцтва Акругі КПЗБ Вільні, пры канцы лістапада мінулага года ездзіў ў Іўе і кантактаваў там з звольненым з вязніцы пад грашовы заклад у 1000 зл. членам камітэта КПЗБ у Іўі Абялёвічам Бэрэ-Мендалем, «… той Абялёвіч дапамог уцячы ў Расію Голдбергу Ісаку, Кантаровічу Залману і Блоху Шмулю, усе з Іўя, і зараз мае намер уцячы сам» [278]. Паліцыя звярнулася да віца-пракурора ў Лідзе з прапановай аб прэвентыўным арышце Абялёвіча да судовага разгляду, што і было зроблена [279]. Як бачым, данос Чорнага прывёў гэтага чалавека ў польскую вязніцу, але ўратаваў ад гарантаванага расстрэлу ў СССР. Каб Чорны мог гэта ведаць, дык на пытанне сваіх партыйных таварышаў: «Хто ты?», мог адказаць цытатай з «Фаўста» Гётэ, я:

- Частка сілы той ліхой,

Дабро ўтвараецца з якой [280].

Людзі, якія не належалі да КПЗБ, але вырашылі ўцячы ў БССР, шукалі кантактаў з камуністамі. З інфармацыі канфідэнта Чорнага бачна, што браць грошы за такія паслугі было звычайнай справай. Напрыклад, 4 - 5 ліпеня 1933 г. «да мясцовага камуніста Мардуха Айзікавіча звярнуўся невядомы хрысціянін, сярэдняга ўзросту - каля 25 гадоў, паходзіць з-пад Стоўбцаў. Ён сказаў, што хаваецца ад паліцыі і мае намер уцячы ў Расію і прасіць дапамагчы яму за пэўныя грошы … Айзікавіч адказаў, што трэба некалькі дзён, покуль ён удакладніць інфармацыю» [281].

Пры канцы верасня 1933 г. Чорны інфармаваў паліцыю, што Барух-Лейба Шасун [282] які раней збег у СССР, зараз піша сваёй сям'і, хоча хутка вярнуцца ў Польшчу. Яго брат сказаў канфідэнту, што збеглы закончыў у СССР камуністычныя курсы [283].

Праца камуністаў ў войску

У 1932 г. у Лідзе адбыўся шэраг судовых працэсаў па справах аб шпіянажы ў Лідскім 5-м лётным палку. 25 красавіка 1932 г. па выраку Лідскага Ваенна-палявога суда да кары смерці праз павешанне былі прыгавораны савецкія шпіёны Іосіф Турбач і Міхал Чаховіч. Позна ўначы 26 красавіка з Варшавы прыйшла адмова прэзідэнта Польшчы памілаваць шпіёнаў, і на раніцы 27 красавіка, кат, які прыехаў з Варшавы, павесіў абодвух на дзядзінцы Лідскай турмы [284].

На пачатку лістапада 1932 г. Ваенна-палявы суд ў Вільні разглядаў справу савецкіх шпіёнаў: сталага жыхара Ліды, 22-х гадовага Станіслава Маркоўскага (партыйная мянушка - «Блакітны», прафесія - сталяр, рыма-католік), 29-ці гадовага Зміцера Сая (мянушка - «Буш», селянін, праваслаўны, бацька траіх дзяцей), брата Маркоўскага, лідзяніна Рышарда Маркоўскага (28 гадоў, сталяр) і Пятра Русака (селянін, бацька 4-х дзяцей). Усе чацвёра з 1931 г. шпіёнілі на карысць СССР і былі выяўлены амаль што выпадкова. Суд прыгаварыў Станіслава Маркоўскага і Зміцера Сая да павешання, а Рышарда Маркоўскага і Пятра Русака да пажыццёвага турэмнага пакарання [285].

7 кастрычніка 1933 г. у Лідскім акруговым судзе быў зачытаны вырак па справе аб сям'і Клімашэўскіх: Францішкі, Людвікі, Вацлава, Браніслава, а таксама Браніслава Драбка - усіх іх абвінавачвалі ў шпіянажы. Гэтыя людзі былі асуджаны на вялікія турэмныя тэрміны [286].

Усе гэтыя шпегі здабывалі інфармацыю пра 5-ты лётны полк.


Камуністы заўсёды мелі цікаўнасць да польскага войска, але, як убачым далей, не мелі кантактаў вышэй за шарагоўцаў. Таму ў студзені 1933 г. вялікую цікаўнасць паліцыі выклікала інфармацыя Чорнага пра тое, што Любецкі мае кантакт з нейкім маёрам і праз нейкага капрала павінен пазнаёміць з ім члена кампартыі, жаўнера Мардуха Айзіковіча. «Маёр мае праводзіць антыдзяржаўную работу сярод войска і адначасна мае быць шпегам» [287]. Потым у справе Чорнага інфармацыі пра маёра больш няма, бо, верагодна, яна не пацвердзілася.

У лістападзе таго ж года Чорны паведаміў, што ў варштатах 5-га лётнага палка, працуе сталяром нейкі Троцкі. Ён хутка збіраецца скрасці ў палку нейкія сакрэтныя планы і збегчы з імі ў Расію. Паліцыяй было адразу выяўлена, што ў 5-м палку і насамрэч працуе Антон Троцкі [288] але з наяўных паліцэйскіх дакументаў даведацца пра яго далейшы лёс немагчыма [289].

24 лістапада 1933 г. канфідэнт Чорны паведаміў, што Мойша Рафэл кантактуе з жаўнерам тэрміновай службы Мардухам Каброўскім [290]: «Трэба думаць, што кампартыя праз Каброўскага збіраецца ствараць сваю ячэйкі ў войску». У прыналежнасці да КПЗБ Каброўскага падазравалі яшчэ ў 1930 г. але не мелі дастатковай інфармацыі. Пра тое, што ён мае сувязі з камуністамі, паліцыя паведаміла кіраўніцтву 19 палка [291].

3 сакавіка 1933 г. Чорны вышпегаваў, што «Мардух Каброўскі кантактаваў з Рафэлам Бэрам, потым да іх далучыўся Хаім Дубчанскі, і яны ўтрох пайшлі па вуліцы Сувальскай» [292]. 10 сакавіка каля 10-30 Каброўскі недалёка ад сінагогі па вуліцы Школьнай сустракаўся з актывістамі Мойшам Рафэлам і Хаімам Дубчанскім і распавёў ім пра настроі ў войску і пра харчаванне жаўнераў [293]. Аднак ужо 24 сакавіка 1933 г. Мардух Каброўскі паведаміў партыйцам, што ён «не можа нічога рабіць у войску, бо за ім сочаць» [294].

Летам 1936 г. Чорны паведамляў, што Блюма Левіна [295] працавала ў цукерні яе швагра Абрамовіча па вуліцы Сувальская, 79 і рэгулярна ўступала ў размовы з жаўнерамі, якія заходзілі ў цукерню. Падчас размоў яна выпытвала жаўнераў пра час і месца вайсковых манеўраў, пра новую зброю, муштру і настроі ў войску. Інфармацыю перадавала інструктару Віленскай акругі КПЗБ Хане Пудзінскай і сакратару ГК Каплану [296].

У жніўні 1936 г. у сувязі з вайсковымі манеўрамі ГК КЗМ планаваў прывесці і распаўсюдзіць сярод жаўнераў камуністычную літаратуру [297]. Аднак літаратура для жаўнераў не патрапіла ў Ліду [298].

Тады жа Абрам Гельман меў кантакт з жаўнерам 7 роты 77 пяхотнага палка ў Лідзе Ізраілем Вальтарам [299]. Камуністаў цікавіла ўсе тое ж кола пытанняў - настроі сярод жаўнераў, харчаванне, абмундзіраванне і іншыя побытавыя рэчы [300]. А што яны яшчэ маглі даведацца ад жаўнера?

Верагодна праца з войскам уваходзіла ў пераклік першачарговых спраў, займацца якімі павінны былі партыйцы. Але рэальна яны не маглі даведацца пра нешта больш цікавае, чым харчаванне і абмундзіраванне жаўнераў.

Асабістае жыццё камуністаў

У даносах канфідэнтаў няма інфармацыі пра асабістае жыццё камуністаў. Тым цікавей увага канфідэнта Чорнага да адносінаў Абрама Любецкага і Фані Шмуйловіч. У лістападзе 1933 г. канфідэнт паведаміў: «Член кампартыі Абрам Любецкі кантактуе з Фаняй Шмуйловіч [301] … Любецкі бывае у яе вельмі часта» [302].

Каб даведацца пра лёс Фані Шмуйловіч, вернемся ў 1927 г.

У ноч з 30 красавіка на 1 мая 1927 г. у Жалудку на тэлеграфным слупе быў вывешаны чырвоны сцяг з нашытымі на ім белай стужкай і камуністычнымі лозунгамі. Раніцай паліцыя зняла сцяг і знайшла пад слупам гузік ад паліто. Па гузіку знойдзены гаспадар паліто і такім чынам быў арыштаваны ўвесь камітэт камуністычнай моладзі Жалудка, а потым і ўвесь павятовы камітэт камуністычнай моладзі Лідчыны. Па гэтай справе ў Лідзе арыштаваны: Фаня Шмуйловіч (узрост 21 год), Лейба Разейнштайн (18 гадоў), Хаім Кур (19 гадоў). У Жалудку арыштаваны: Мойша Казарэскі (20 гадоў), Шэпсаль Рэмза (18 гадоў), Цадзік Іцансон (21 год) і Шлёма Левін (18 гадоў). У Шчучыне была арыштавана амаль што ўся камсамольская ячэйка [303]. У Ражанцы быў арыштаваны сакратар моладзевай ячэйкі Хаскель Жукоўскі [304].

У верасні 1929 г. у Лідзе ў пачаўся суд над камуністамі, і прэса адразу назвала гэты працэс «сенсацыйным». Пад час суда жыхар Жалудка Фішаль Байкальскі расказаў, што перад 1-м маем 1927 г. пазычыў сваё паліто Шэпсалю Рэмзу. Менавіта ў тое паліто быў апрануты Рэмза, калі страціў гузік, вывешваючы чырвоны сцяг на слупе. Па гэтым гузіку паліцыя знайшла і гаспадара паліто, а Шэпсаль Рэмза падчас допытаў расказаў пра камуністычную арганізацыю ў Жалудку і паказаў месца партыйных збораў у гаі каля мястэчка. Былі арыштаваны ўсе жалудоцкія камуністы, а праз іх паліцыя выйшла на камуністаў іншых населеных пунктаў Лідчыны. Такім чынам ліквідавана практычна ўся партыйная арганізацыя павета, 36 чалавек селі на лаву падсудных. Віленская калегія акружнога суда ў Лідзе сярод іншых прыгаварыла Фаню Шмуйловіч да 6 гадоў турмы ўзмоцненага рэжыму [305].

У 1932 г. у Фані за плячамі ўжо было 3 гады турмы, пасля датэрміновага вызвалення, яна мела ўжо 27 гадоў - як для нас дык была маладой дзяўчынай, але ў той час 27 - гэта ўжо шмат.

Чорны неадступна сачыў за Фаняй і колам яе сябровак. Ён інфармаваў, што «28.02.1933 г. у поўдзень мясцовы камуніст Абрам Любецкі кантактаваў з Фаняй Шмуйловіч і Фрыдай Сталіцкай [306] (жыла ў адной кватэры са Шмуйловіч - Л. Л.)». У паліцэйскай зводцы запісана: «Можна дапусціць, што Фрыда Сталіцкая далучылася да актыву і будзе працаваць у Лідзе. Сталіцкая - вельмі спрытная, у 1929 і 1930-м гг. падазравалася ў прыналежнасці да МОПР, але не хапіла ўлікаў» [307]. Імя Сталіцкай у паліцэйскіх зводках больш не з'яўлялася.

У маі 1933 г. Чорны зноў дакладвае, што «Абрам Любецкі сцісла кантактуе з Фаняй Шмуйловіч» [308]. І такіх дакладаў шмат.

Тэма «Шмуловіч - Любецкі» знікае з даносаў, бо верагодна паліцэйскім надакучыла ведаць пра тое, як гэтыя людзі праводзяць свой асабісты час, і Чорны атрымаў загад больш не падглядваць праз фіранкі, а скарыстаць сваю энергію на больш неабходныя для паліцыі рэчы. Верагодна, Чорны сам і меў свае планы адносна Фані Шмуйловіч.

З цікавага, можна дадаць, што ў адным з даносаў паведамляецца, што «ў памяшканні Лейбы Разэнштайна часта збіраюцца мясцовыя камуністы і вучаць мову эсперанта» [309], магчыма, гэтак яны рыхтаваліся да Сусветнай рэвалюцыі.

Дзейнасць камуністаў на прадпрыемствах

У верасні 1938 г. інфарматар Абрамовіч, які працаваў на фабрыцы-ліцейні Шапіры, паведаміў, што Зэлік Катлярскі, Іцка-Якуб Гросман, Генах Баран, Неах-Хаім Гульнік і Айзік Пэрлаў, праўдападобна, «складаюць камуністычную групу. Вышэйпералічаныя, пры кожным кантакце з іншымі рабочымі навязваюць ім размовы на палітычныя тэмы, крытыкуюць польскі ўрад, кажуць, што гэта фашысткі ўрад, які бароніць толькі інтарэсы капіталістаў і ганьбуе рабочых і сялян тым, што забраў у іх сацыяльныя правы. Кажуць, што пры маршале Пілсудскім, яшчэ можна было неяк вытрымаць, а зараз усё зусім дрэнна» [310]. 9 верасня Іцка-Якуб Гросман і слесар Мойша Галік збіралі сярод рабочых грошы на дапамогу галадаючым дзецям Барселоны. Збіраць грошы на фабрыцы было забаронена, таму яны толькі запісвалі ахвочых, а пасля працы, калі рабочыя выходзілі з фабрыкі, «каля брамы стаяў Зэлік Катлярскі і збіраў грошы ў тых рабочых, якія былі запісаны Гросманам. Катлярскі сабраныя грошы ў суме 9 зл. 20 гр. разам са спісам перадаў Гросману ў прысутнасці Барана» [311]. Паліцэйскі, які прааналізаваў гэту інфармацыю, напісаў на тэксце даносу: «Інфармацыю лічу верагоднай. Па іншай інфармацыі, Катлярскі і Гросман належаць да фабрычнай ячэйкі КЗМ. Баран уваходзіць у склад ГК КЗМ, Гульнік у МОПР» [312].

25 верасня інфарматар Абрамовіч даў інфармацыю, якая дазваляе ўявіць палітычнае жыццё на ліцейне Шапіры. Некаторыя рабочыя падчас абедзеннага перапынку - «пераважна яўрэі», збіраліся для размовы ў сталярні фабрыцы і там дыскутавалі. Галоўная тэма палітычных дыскусій верасня 1938 г. - падзеі ў Чэхаславакіі. Прамаўлялі пераважна Зэлік Катлярскі, Іцхак Гросман, Генах Баран, Айзік Пэрлаў, Мойша Гэрната, Галька Луньскі, Юзаф Невяроўскі [313], Міхал Ефімец [314]. Невяроўскі і Ефімец у размовах з іншымі рабочымі агітавалі іх не прымаць ўдзел у мітынгах і дэманстрацыях супраць Чэхаславакіі і тлумачылі, што пралетарыят Чэхаславакіі бароніць незалежнасць сваёй дзяржавы, а фашысцкія дзяржавы прагнуць вайны, каб цалкам падпарадкаваць пралетарыят і адабраць усе правы, але ім гэта не ўдасца, бо польскі рабочы пры дапамозе «таварышаў» пераможа ў барацьбе за свае правы. Пра якіх «таварышаў», якія павінны былі дапамагчы, прамоўцы не казалі. Усе астатнія партыйцы ліцейні таксама агітавалі за няўдзел рабочых у мітынгах супраць Чэхаславакіі [315].

Апошняй паперай ў справе інфарматара Абрамовіча, з'яўляецца даклад лідскай паліцыі ў Наваградскі Ваяводскі следча-палітычны аддзел паліцыі, пра тое, што Следчы аддзел у Лідзе не здолеў знайсці сведкаў, якія бы маглі даць паказанні супраць Зэліка Катлярскага і іншых у справе арганізацыі імі нелегальнага збору грошай для Чырвонай Іспаніі. «Таксама паведамляем, што у адносінах да Катлярскага і яго таварышаў былі прыкладзены старанні каб звольніць іх з працы ў ліцейні Шапіры. З іншых падазроных, Генах Баран і Шыман Ілютовіч 30.09.1938 г. былі арыштаваны і знаходзяцца ў вязніцы» [316].

Як бачым, ціск на палітычных актывістаў праз звальненне з працы - старая прыдумка.

Падсумаванне

Знаёмства з даносамі канфідэнтаў і аналіз інфармацыі тагачаснай прэсы, дазваляе сцвярджаць, што галоўнымі справамі лідскіх камуністаў у 1930-х гг. было захаванне арганізацыі і дапамога сваім арыштаваным і зняволеным таварышам. Практычна ўся іх дзейнасць зводзілася да размоў пра палітыку і чытання партыйнай літаратуры. Даволі шмат камуністаў наогул не займалася палітычнай дзейнасцю і знаходзіліся па-за арганізацыяй. Аўтарытэт камуністаў не быў высокім, бо нават сам факт сувязі з кампартыяй кампраметаваў прафсаюзных актывістаў перад рабочымі. Тым не менш, на асобных прадпрыемствах існавалі камуністычныя арганізацыі.

Вялікага ўплыву на жыццё горада камуністы не мелі і не маглі мець, бо заставаліся маргінальнай групай, сярод якой пераважалі яўрэі. У той час яўрэі складалі каля паловы насельніцтва Ліды і жылі ва ўмовах выразнага нацыянальнага ціску. Але і сярод яўрэяў камуністы былі хутчэй маргіналамі, бо, напрыклад, на выбарах яўрэйскага самакіравання ў 1932 г. найвялікшую колькасць галасоў набраў блок «Рамеснікі», другое месца занялі «Дробныя купцы», на трэцім месцы былі «Сіяністы» [317].

Знойдзеныя архіўныя крыніцы дазваляюць сцвярджаць, што КПЗБ у Лідзе не цікавілі праблемы беларускай культуры і адукацыі. Чорны ў даносах толькі аднойчы паведаміў пра факт размовы па-беларуску сакратара Акругі КПЗБ з Вільні. Падчас суда пасля «Лідскай рэвалюцыі» згадвалася ліставанне камуніста Рафала Гершмана на беларускай мове [318]. З даносаў вядома, што партыйная літаратура друкавалася па-беларуску, па-польску і на мове ідыш [319]. І гэта практычна ўсё, што можна сказаць пра беларускі след у дзейнасці лідскага ГК КПЗБ. І гэта практычна ўсё, што можна сказаць пра беларускі след у дзейнасці лідскага ГК КПЗБ. Пры гэтым Чорны старанна фіксаваў наяўнасць нацыянальнай варажнечы ў партыі «інтэрнацыяналістаў» і іх імкненне аддзяліцца ад «камуністаў-хрысціян».

Сярод яўрэйскага насельніцтва пераважалі прагматычныя погляды на палітыку. Аднак было і іншае. Цікавым будзе прывесці ўспамін жыхара мястэчка Жалудок, у якім камуністы мелі значны ўплыў: «Кампартыя была забаронена і працавала ў падполлі. У мястэчку здагадваліся аб асобах-прыхільніках камуністычных ідэй і аматарах Савецкага Саюза, яны знаходзіліся на ўліку ў паліцыі, за імі вялося таемнае сачэнне, але паколькі ніякіх сур'ёзных спраў не прымалася, то яны заставаліся на волі. У турму можна было патрапіць за захоўванне літаратуры, распаўсюджванне ўлётак, за чырвоны сцяг ці святкаванне 1 Мая. Многія местачкоўцы правялі ў турмах па некалькі гадоў за актыўную дзейнасць у падполлі. Пераважная колькасць рамеснікаў у душы спачувала ідэям камунізму, з цеплынёй адклікалася аб Савецкай краіне, дзе пануе праца, свабода і справядлівасць.

Мой бацька і яго сябры былі перакананымі прыхільнікамі Савецкай улады, з вялікай цікавасцю чыталі ўсё, што здабывалі пра жыццё Расіі, захапляліся яе поспехамі, яўрэйскай рэспублікай Бірабіджан і вялікімі кіраўнікамі краіны Сталіным, Молатавым, Варашылавым і, вядома, Кагановічам. Дзе гэта магло такое быць, каб яўрэй, сын працоўнага, стаў чацвёртым чалавекам у кіраўніцтве дзяржавай, правай рукой таварыша Сталіна, правадыра і настаўніка ўсіх народаў!

Па вечарах слухалі забароненыя перадачы з Менска, дзе на яўрэйскай мове перадавалі размовы і спявалі яўрэйскія песні. Зачыняліся, чыталі перакладзеныя на ідыш «Ціхі дон» і «Узнятую цаліну» Шолахава, а кнігу «Дзі мутэр» («Маці») Горкага перачытвалі шмат разоў, і яна стала для многіх пуцяводнай зоркай у рэвалюцыю.

У нашай сям'і казалі аб вялікім шчасці некаторых знаёмых, якім удалося перамахнуць цераз мяжу і перабрацца ў Расію. Праўда, пра іх далейшы лёс нічога не было вядома, з Расіяй не было сувязі, але якое гэта мела значэнне: галоўнае, што яны ТАМ і бязмерна гэтым шчаслівыя...

О, святая наіўнасць! Усе яны апынуліся ў 1937-м у Гулагу, і толькі адзінкі засталіся жывымі і памерлі сваёй смерцю.

Бацька расказваў мне пра цудоўную Савецкую краіну, дзе ўсе людзі роўныя, няма бедных і багатых, усеагульная справядлівасць і сяброўства паміж народамі і галоўнае - наогул няма антысемітызму. А мы яго вельмі адчувалі ў Польшчы. На местачковым бытавым узроўні гэта было не вельмі прыкметна, але прапаганда ў газетах, у антысеміцкіх лістках, у нацыяналістычных партыях, нарэшце, левыя лавы для яўрэйскіх студэнтаў [320], прыгнёт у сферы гандлю, культуры, усё гэта вылівалася бруднай плынню, і польскія школьнікі на сценах дамоў выводзілі мелам антысеміцкія заклікі, накшталт «Жыды да Палестыны», «Бейліс» і далей у такім родзе.

Антысемітызм ахапіў многія краіны. У Нямеччыне грамілі яўрэйскія крамы і масамі высылалі яўрэяў за межы краіны.

Таму цяга да Савецкага Саюза была вельмі моцная. Праўда, часам даходзілі чуткі, што там лютуе тэрор, людзей расстрэльваюць без суда і адпраўляюць у Сібір, нават друкаваліся фатаграфіі рэпрэсаваных, але ў нашай сям'і і сем'ях сяброў у гэта не верылі і казалі, што ўсё гэта выдумкі ворагаў Савецкай улады» [321].

Незадаволенасць уладай выявілася ў верасні 1939 г., калі значная частка яўрэйскага насельніцтва Ліды з энтузіязмам сустрэла прыход Чырвонай арміі. Да таго ж мясцовыя яўрэі добра ведалі пра становішча яўрэяў у Германіі і баяліся прыходу Гітлера. Калі замест немцаў у горад увайшла Чырвоная армія, яўрэі сустракалі яе кветкамі. Для іх гэта было вызваленне ад фашысцкага лагера. Лідзянка Яўгенія Ярмант успамінала: «Раніцай горад абляцела вестка, што ў Ліду ўступілі рускія войскі, і на ўскраіне горада яўрэі сустрэлі іх хлебам-соллю. Мама сцісла пракаментавала: «Яўрэі гатовы хоць чорта вітаць, абы не прыйшлі немцы»» [322].

Дадатак: "Лідская рэвалюцыя" у нарысах Юзафа Мацкевіча

Ад аўтара: Падаю пераклады артыкулаў Юзафа Мацкевіча пра «Лідскую рэвалюцыю». Юзаф Мацкевіч хутка стане вельмі вядомым літаратарам, і мне як пісьменніку было цікава перакладаць тэксты гэтага таленавітага чалавека. Дадам, што Юзаф Мацкевіч як і яго брат, рэдактар віленскай газеты «Слова», мелі самыя правыя перакананні. І таму, што надзвычай цікава для мяне, Юзаф Мацкевіч адлюстроўвае падзеі ў Лідзе як вораг «рэвалюцыянераў», што дадае аб'ёму агульнай карціне.

Трэба адзначыць, што браты Мацкевічы не заплюшчвалі вочы на рэаліі свайго часу, гэта ў сакавіку 1939 г. прывяло рэдактара газеты «Слова» нават у лагер Картуз-Бяроза.

Як гэта было ў Лідзе

Учора нумар нашай газеты з інфармацыяй пра страйк у Лідзе быў канфіскаваны, аднак да падзей, якія там робяцца, мы павінны падыходзіць без нерваў [323]. Паспрабуем спакойна, па-чарзе, каб праясніць сітуацыю, расказаць, як ўсё там адбывалася.

А было ўсё так

Як для нас, Ліда з'яўляецца індустрыяльным горадам, тут ёсць некалькі млыноў, чатыры тартакі, алярня, фолюш, фабрыка цвікоў, дзве ліцейні і дробныя прамысловыя прадпрыемствы. Аднак самае буйное прадпрыемства - фабрыка гумовага абутку «Ардаль», у Лідзе працуюць 3 000 рабочых, з іх на «Ардалі» - да 800 чалавек.

Фірма «Ардаль»

Фірма «Ардаль» канкурыруе з іншымі фабрыкамі сваёй галіны, размешчанымі ў Варшаве і Лодзі. У галіне вырабу гумовага абутку ёсць два сезоны: летні і зімовы. Летні пачынаецца ў студзені і заканчваецца ў чэрвені, і за гэты час вырабляецца тавар, які мае меншы збыт. У зімовы час, ад ліпеня да снежня, вырабляюцца галёшы, боты і іншыя больш складаныя рэчы, якія маюць лепшы попыт. А таму ў зімовы сезон працуе больш работнікаў, чым у летні. Традыцыйна пры канцы снежня пэўная колькасць непатрэбных працоўных, звальняецца. Так было заўсёды. Так было і ў 1935-м г.

28 снежня працоўныя атрымалі апавяшчэнні, і ў адпаведнасці са звычаем завод на працягу двух тыдняў спыніўся на рамонт. Аднак, паколькі заставалася шмат лішняй сыравіны для працы, работнікі ў дадатак працавалі яшчэ два дні 30 і 31 снежня, але ўжо ў колькасці на 70 чалавек меншай, чым у звычайны зімовы перыяд.

Хімічны звяз і Звяз звязаў

Да гэтага часу працоўныя фабрыкі «Ардаль» ужо некалькі месяцаў належалі да Прафесійнага звязу хімічных рабочых, управа якога знаходзіцца ў Кракаве. У той жа час як большасць працоўных у Лідзе належаць да Звязу звязаў, арганізацыі, пра мэты і паходжанне якой я не стаў бы пісаць у гэтым артыкуле. Звяз звязаў вядомы яшчэ і тым, што заўсёды спрабуе пераўзыйсці ў дэмагогіі аналагічныя арганізацыі і такім чынам прыцягнуць да сябе чальцоў і прадэманстраваць сваю дзейнасць. Ва ўсякім выпадку, не будзем пісаць пра рэчы, з-за якіх канфіскуюць наклад газеты, а давайце пагаворым хутчэй, пра тое, што адбылося ў Лідзе.

Першая авантура

Звальненне 70 рабочых выклікала скандал. 30 снежня кіраўнікі Звязу хімічных рабочых спынілі станкі і выгналі рабочых з фабрыкі, дайшло да бойкі і скандалу. Фабрыка звярнулася ў паліцыю і атрымала там дапамогу. Аднак затэрарызаваныя рабочыя спынілі працу насуперак сваёй волі. Пачаліся нудныя перамовы са Звязам хімічных рабочых, і нечакана былі вылучаны дэманстратыўныя патрабаванні, такія як падвышэнне агульных заробкаў на 25 %, праца летам у поўным «зімовым» складзе і г. д. Перамовы былі сарваныя.

Калі выгналі паліцыю

20 студзеня фабрыка «Ардаль» пачала працаваць, папярэдне вывесіўшы абвесткі, што прымае на працу работнікаў. Работнікаў патрэбна некалькі сотняў! Натуральна дэмагогі са Звязу пачалі шчыраваць сярод працоўных. Дырэкцыя фабрыкі звярнулася па дапамогу ў паліцыю і ў другі раз атрымала яе. Перад фабрыкай, каб не дапусціць эксцэсаў, паўсталі паліцэйскія пасты.

Што ж рабілася на трэці дзень? На трэці дзень да фабрыкі прыбылі баевікі Звязу звязаў. Што гэта такое? А тое самае. Звяз звязаў хоча пераўзыйсці Прафесійны звяз хімічных рабочых і паказаць рабочым, што яго дзеянні больш эфектыўныя. Вядома, яны маюць рацыю.

Прывядзём такі факт: у тую хвіліну, калі пад фабрыкай стаў пікет Звязу звязаў, пасты паліцыі зышлі. Па чыёй камандзе баевікі Звязу звязаў не дапусцілі працоўных на фабрыку? Фабрыка спынілася, была вывешана аб'ява, што яна не будзе працаваць неабмежаваны тэрмін.

Няма пра што казаць! Уся Ліда можа бачыць, што са Звязам звязаў змагацца немагчыма.

Такім чынам Прафесійны звяз хімічных рабочых пераможаны. Публічна і афіцыйна супраць дырэкцыі «Ардалю» выступае Звяз звязаў. Кіраўніком гэтай дэмагагічнай групы ў Лідзе ёсць «пан прафесар» Брыльскі, настаўнік тэхнічнай школы. Але ў Ліду з Варшавы адмыслова едзе пан Бярнацкі, прадстаўнік цэнтральнай управы і пан Клюкоўскі з Вільні. Наступны этап перамоў з фабрыкай не можа даць ніякіх вынікаў. Звяз звязаў жадае захапіць пад свае «клапатлівыя крылы» 800 рабочых, але яны гэтага не жадаюць. Рабочыя абураны, яны ў сябе дома маюць сем'і, яны хочуць працаваць і зарабляць.

Палка!

Але ў Звяза звязаў ёсць выдатны сродак: баевікі. У горад выходзяць людзі, якія заўжды маюць у руках палкі. І б'юць «штрайкбрэхераў». Спраў пра збіццё шмат, яны накіроўваюцца да пракурора.

Пагалоскі пра грошы

Варшаўскі «Час» надрукаваў 13 лютага артыкул пра «Ардаль», у якім згадваліся чуткі, што ў лідскі страйк заангажаваны грошы канкурэнтных фірм з Варшавы і Лодзі. Абмяркоўваючы падзеі ў Лідзе, адзначым для сябе і інфармацыю «Часу».

Але, як гэта назваць?

З-за нашай учарашняй інфармацыі быў канфіскаваны наклад газеты. З-за таго, што мы напісалі: лідскі стараста падтрымлівае страйкавую акцыю Звязу звязаў. Гэта не адпавядае праўдзе? Выбачайце, але паўтару тое, што казалі мне рабочыя.

Адзін з іх распавёў:

- Пойдзем на спатканне з «нашай» дэлегацыяй, яны вяртаюцца ад старасты, і яны ўсё нам раскажуць.

- Якой дэлегацыі?

Рабочыя хочуць працаваць, а Звяз звязаў ім не дае. Паліцыя не забяспечвае ім бяспекі падчас працы. Таму рабочыя «Ардалю» вырашылі заснаваць свой уласны прафсаюз і звярнуліся з гэтай справай да ваяводы. Ваявода паставіўся станоўча, але для залатвення фармальнасцяў, накіраваў рабочых да мясцовых улад, г. з. да лідскага старасты. «Фармальнасці» цягнуцца ўжо месяц! Гэта займае шмат часу! Потым рабочым сказалі, што яны не могуць легалізаваць прафсаюз, а могуць стварыць толькі «таварыства». Давялося ўсё перарабляць. Потым тое, потым другое…

Зараз я іду і сустракаю дэлегацыю, якая вяртаецца ад старасты. Ну і што скажыце?

- Стараста сказаў, што дасць адказ у належны час. Але рэферэнт паведаміў, што перадасць паданне ў ваяводства не пазней за 15 сакавіка! (артыкул надрукаваны 1 сакавіка 1936 г. - Л. Л.).

- Чаму?

- Бо, ведаеце, стараста трымаецца за гэты Звяз звязаў (так кажуць рабочыя). Не ведаем, што рабіць, проста няма як жыць. Разумееце, мы цяпер можам хадзіць па горадзе толькі групамі, а калі ідзеш адзін, дык альбо каменем альбо палкай па галаве атрымаеш - яны нас зусім затэрарызавалі. Няма да каго звяртацца, няма ў каго прасіць! Працу ў нас забралі і яшчэ і б'юць.

- Каб не гэты Звяз звязаў, - кажа другі, дык даўно б ужо дамовіліся. У нас дома галодныя сем'і.

З гэтага вынікае, што староства чыніць пэўныя перашкоды ў справе легалізацыі рабочага прафсаюза, які хоча працаваць, а не падпарадкоўвацца Звязу звязаў! І гэтак цягнецца ўжо даўно.

Дзень 27 лютага ў Лідзе

Гэта дзень адзін з прамоўцаў на мітынгу назваў «эпахальным». І мы насамрэч схільныя лічыць яго такім. Гэта быў нечуваны дзень! Не буду паўтараць дэталі з канфіскаванага ўчора нумара нашай газеты. Коратка толькі скажу, што ўвесь горад быў акупаваны баевікамі Звязу звязаў, якія тэрорам прымусілі ўсіх спыніць працу. Нават прыватных рамеснікаў. Горад выглядаў мёртвым. Па вуліцам хадзілі індывідуумы з чырвонымі паскамі на рукавах.

- Гэта быў дзень дыктатуры пралетарыяту ў Лідзе, - кажа адзін з лідзянаў.

- А паліцыя?

- Падобна, стараста даў распараджэнне не перашкаджаць «святу працы».

Не было дрожак, не было кіно, афіцыянтаў - наогул, ніхто не працаваў. Гэта быў вялікі агульны страйк з выразным палітычным кантэкстам. Горад як быццам апанавалі чужынцы ці ўсталявалася міжкаралеўе. Што ж дзіўнага - у такой сітуацыі тлумы павалілі на аб'яўлены мітынг у кіно «Эра».

Мітынг у кіно «Эра»

Першым выступіў Бярнацкі з крытыкай польскага палітычнага ладу і ў першую чаргу Фонду працы.

Потым выступіў член Звязу звязаў Станіслаў Кісель, які ў свой час быў выселены са Свянцянскага павета як з памежнага паса.

Потым Абрам Гельман.

Потым Баляслаў Карабач са Звязу звязаў.

Сакратар гімназіі і член Звязу звязаў Віктар Гульбіновіч.

Чыноўнік скарбовай управы, член Звязу звязаў Юзаф Міркоўскі.

Не буду пераказваць, што публічна казалі гэтыя спадары пра фронт пралетарыяту, пра Іспанію, пра Італію, як яны крычалі: «Далоў фашызм!». А ў канцы спявалі Інтэрнацыянал!

І ўсё гэта нібы таму, што Звяз звязаў хоча прадэманстраваць сваю моц супраць адной лідскай фабрыкі.


J. M. [Мацкевіч Юзаф] Jak to wyglądało w Lidzie // Słowo. 1936. № 60.


Пасля артыкула, рэдакцыя дадала наступны тэкст:

"Некалькі дзён таму Бярнацкі, які, як мы пісалі ўчора, кіруе страйкам у Лідзе, аказваецца, быў тыдзень таму ў Вільні, дзе адразу пасля прыбыцця з ім адбыліся непрыемныя прыгоды. А менавіта, у ноч з суботы на нядзелю Бярнацкі на вуліцы Завальнай быў так збіты, што яму прыйшлося звярнуцца па дапамогу да лекара".

Праўдзівае аблічча і неверагодныя подзвігі Звязу звязаў у гуце шкла "Нёман"

Пасля беспрэцэдэнтнай акцыі Звязу звязаў у Лідзе кіраўнікі гэтага аб'яднання кінуліся на іншы прамысловы аб'ект, а менавіта на гуту шкла «Нёман» пад Лідай.

Работа на «Нёмане» - далейшы этап крымінальных дзеяў Звязу. Аперацыя праводзілася з выкарыстаннем дэмагогіі, тэрору, камуністычных лозунгаў і, вядома ж, грошай. Злачынствам я дазволю сабе назваць гэта не з-за метадаў, а з-за выніку справы: павелічэнне беспрацоўя і галечы ў нашым краі. Прамыслоўцы, чые варштаты працы будуць разбураныя, звычайна яшчэ будуць мець дастаткова грошай, каб пакінуць краіну, але рабочыя застануцца без даху над галавой і наўзамен атрымаюць толькі членскія білеты Звязу.

Бо акцыя Звязу звязаў не мае дачыненне да абароны інтарэсаў працоўных.

Гэта не эканамічная, а палітычная акцыя, якая адмаўляе чарговыя дамоўленасці з працадаўцамі і высоўвае новыя патрабаванні, любой цаной падштурхоўваючы да непаразуменняў. Кіраўнікам Звязу не цікава палепшыць умовы жыцця працоўных, ім важна атрымаць уплыў сярод гэтых працоўных. З якой мэтай? Мой Божа! Партыйныя кар'еры, грошы, пасады ў партыйных штабах … Але, пакінем гэтыя справы для наступнага артыкула.

Так адбываецца паўсюдна, дзе працуе Звяз звязаў. Так было і ў Лідзе, так ёсць на «Нёмане». Бо, што такое гута шкла «Нёман»?

Гута ў Нёмане

Велізарная, на амерыканкі манер пабудаваная кампанія, якая прадае свае вырабы не толькі на тэрыторыі Польшчы, але і экспартуе ў Францыю і Англію. Прадпрыемства знаходзіцца ў нашым краі, у Наваградскім ваяводстве, якое, як і Віленскае, ёсць найменей прамысловае ў Рэчы Паспалітай. Страйк абясцэньвае высілкі ўлады і таму мае асаблівае значэнне для нас. На тэрыторыі былога Вялікага Княства мы не можам працягваць паляпшаць эканамічны стан маючы цяжкія геапалітычныя варункі. Але калі нам удаецца нешта паставіць на ногі, прыходзяць засланцы з Варшавы і Лодзі, прыходзяць асобы са Звязу звязаў і ўсё нішчаць.

Аднак, не буду пісаць пра гуту «Нёман», на якой працуе каля 700 рабочых з 2000 жыхароў фабрычнага мястэчка. Таксама я не збіраюся ўваходзіць у ацэнку эканамічных адносін паміж спадарствам Столе і іх рабочымі. Там, дзе ёсць працадаўца і працоўны, заўсёды павінны быць і эканамічныя канфлікты. Я хацеў бы толькі паспрыяць справе выкрыцця сапраўднага аблічча спадароў са Звязу звязаў, якіх, здаецца, таксама менш за ўсё цікавіць эканамічная падаплёка справы. Таксама дазвольце мне прывесці некаторыя сумныя факты, якія даказваюць, што за спіной гэтых спадароў ёсць іншыя спадары, якія, здаецца, на сваіх пасадах менш за ўсё могуць падтрымліваць рэвалюцыйную, антыдзяржаўную справу. Справа ідзе пра некаторых асобаў, адказных за мір і парадак у сваім павеце, але якія сваімі паводзінамі дэманструюць адваротнае.

Дзіўны збег акалічнасцей

Спакой і настрой узаемнага даверу панавалі на «Нёмане» ажно да кастрычніка 1935 г., да таго часу, калі, вядомы нам па Лідзе актывіст Звязу звязаў, настаўнік з Ліды Брыльскі, пачаў сваю дзейнасць на пасадзе старшыні мясцовага аддзялення прафсаюзаў работнікаў і работніц гуты шкла «Нёман». Потым адначасова ў асаду (паселішча) «Нёман» прыбылі актывісты прафсаюзу з Ліды Малеўскі і Міркоўскі (апошні - дзяржаўны чыноўнік Лідскай скарбовай управы). Невядома, ці яны ўзялі адпачынак у свайго кіраўніцтва, аднак вядома, што яны пачалі класавую агітацыю сярод работнікаў. Так трымалася да лістапада. У Нёмане знаходзіўся пастарунак паліцыі. З-за дзіўнага збегу акалічнасцяў у часы, калі растуць хваляванні, лідскі стараста палічыў мэтазгодным з 24 лістапада зачыніць пастарунак, нават не гледзячы на тое, што ўладальнікі гуты прасілі пакінуць тут паліцыю да мая.

Хто спакусіў рабочых?

У верасні, занепакоены раптоўнай агітацыяй у спакойнай яшчэ гуце, уладальнік гуты Столе едзе да лідскага старасты Чушкевіча і просіць дапамагчы праясніць сітуацыю і супакоіць людзей. Але стараста адсылае яго да ... пана Брыльскага.

Што ж рабіць? Брыльскі таксама стаў уладай. Што тут скажаш?

Потым нейкі чыноўнік фабрыкі спакусіў работніцу. Потым былі звольнены два работнікі. Добра. Работнікаў зноў узялі на працу, а па справе работніцы пачалося следства. Аказалася, што ў гэткіх справах засвяціўся не адзін чыноўнік. І гэта ўсё? Так, усё. Эканамічных праблем не было.

Партыйны дыгнітрый з Варшавы

Але ў снежні 1936 г. з Варшавы прыязджае адзін з лідараў Звязу звязаў Бярнацкі, які покуль нічога не робіць, а толькі піша «агрэсіўны» артыкул у прафсаюзную газету «Рабочы Фронт».

Але людзі працуюць.

Бярнацкі зноў прыязджае ў «Нёман» разам з прафсаюзным лідэрам з Баранавіч Васевічам, каб паразмаўляць з уладальнікамі фабрыкі. Уладальнікі адмаўляюцца весці перамовы з Бярнацкім, яны згодны нешта абмяркоўваць толькі з дэлегатамі ад саміх рабочых, згодны нават размаўляць з панам Брыльскім, якога так настойліва рэкамендуе ім стараста, але яны не могуць размаўляць пра сваіх рабочых з кожным, хто прыедзе з розных куткоў свету. Пан Бярнацкі пакрыўдзіўся.

І стараста «быў вымушаны» заступіцца за Бярнацкага.

Эканамічных праблем усё няма

З таго часу пачаліся пастаянныя сустрэчы, перамовы і нарады. Увесь час нешта новае, нейкія новыя перашкоды для паразумення. У асноўным гэта дробязі. Напрыклад, 19 студзеня адбылася нарада ў інспектара працы. Узнімаюцца пытанні пра адпачынкі, працоўныя арганізацыі і іншае. Але покуль рабочыя не высоўваюць эканамічных патрабаванняў, не патрабуюць павелічэння ставак або нечага падобнага.

Тым не менш, з-за працы Звязу звязаў пачынаецца бязладдзе. Распаўсюджваецца агітацыя пад камуністычнымі лозунгамі. Мір парушаецца. Яд дэмагогіі труціць. Усё часцей нехта прыходзіць і сыходзіць, з'яўляюцца новыя агітатары.

Праз каго стараста перасылае дзяржаўныя лісты

Пачынаецца непадпарадкаванне адміністрацыі, рабочыя нярвуюцца. На гэтым фоне ў канцы студзеня звальняюць рабочага. Гэта прыводзіць да новых спрэчак з адміністрацыяй. Дзевяць работнікаў адмаўляюцца ад працы. Ідуць скаргі ў Лідскі аддзел Звязу звязаў.

4 лютага ўладальнікі гуты атрымліваюць афіцыйны ліст ад лідскага старасты, якім яны запрашаюцца на перамовы, прызначаныя на 6 лютага. Гэты ліст ад старасты перадае спадарам Столе іх уласны рабочы, чалец Звязу звязаў, ён ведае і змест ліста.

3 сакавіка

Пра гэтыя справы я пішу падрабязна, бо лічу іх характэрнымі для метадаў дзейнасці Звязу звязаў. Па-ранейшаму няма патрабаванняў пра заробкі. 8 лютага ў інспектара працы адбыліся перамовы па справе звольненага рабочага, і зноў дасягнута згода.

Але ў канцы месяца з Варшавы з'яўляецца Бярнацкі і зноў пачынае агітацыю. На гэты раз за агульны страйк, але эканамічных пытанняў не высоўвае …

Што трэба гэтым спадарам? - спытаецца чытач. Рэвалюцыйныя лозунгі.

Толькі 3 сакавіка прыязджае інспектар працы з умовамі. Гэтым разам ён прапаноўвае вярнуцца да рабочых ставак 1933 г. і прыняць умову [324], каб уласнікі гуты не маглі без згоды Звязу звязаў звальняць і прымаць на працу рабочых.

Магчыма, фабрыканты плацяць занадта нізкія стаўкі. Магчыма, такія, якія падказвае ім камерцыйны разлік. Але мы не пра тое. Мы пра тое, што гэтыя патрабаванні з'явіліся толькі 3 сакавіка.

«Кур'ер Віленскі» ведаў

4 сакавіка выбухнуў страйк.

Верагодна, кіраўнікі Звязу звязаў напішуць пра яго, як пра страйк у Лідзе: «Гэта спантанны і дынамічны страйк стаў выразам калектыўнага пратэсту рабочых…».

А я скажу, што ён не мае дачынення да рабочых людзей і яго арганізавалі некалькі добра аплачаных партыйцаў. Якой арганізацыі? Гэта бачна па органе, які атрымлівае дзяржаўныя субсідыі і падобны старому кавалю ў байцы пра расійскую паліцыю, які «ведаў аб крадзяжы да яго здзяйснення». Гэты орган ёсць «Кур'ер Віленскі», які ў нумары ад 3 сакавіка заўчасна змяшчае падрыхтаваны камунікат Звязу звязаў. [...]

От, і ганьба! Бо страйк выбухнуў 4 сакавіка! [325] Вось праўда пра «стыхійны пратэст і свята працы» ва ўрадавым органе: камунікат напісаны за некалькі дзён!

Тэрор Звязу звязаў

Па маім меркаванні, гэты страйк не мае нічога супольнага з людзьмі працы, бо значная іх колькасць не жадала страйкаваць, але паддалася з-за тэрору.

Гута працуе. 175 рабочых працягваюць працу. А астатнія? Каб спадары са Звязу не маглі сказаць, як казалі ў Лідзе: «Усе добраахвотна пакінулі свае варштаты. Не было ніякага ціску, што пацвердзіць кожны паважаны і аб'ектыўны лідзянін».

Дазволю сабе дадаць некалькі фактаў, якія ілюструюць нам, як працуюць баевікі Звязу Звязаў і чаму большасць рабочых не працуе:

4 сакавіка выбіты вокны ў хатах Стэфана Лукашэвіча і Францішка Глейзара. У гэты дзень адбыўся напад на Антона Швана, Філіпа Урбана і Франішка Глейзара (можа гэтыя рабочыя не жадалі працаваць?)

5 сакавіка, ужо пасля з'яўлення паліцыі, пагражалі забойствам ці збіццём Станіславе Мішковіч, Чаславу Філіповічу, Уладзіміру Шушчэўскаму, Вітольду Міхальскаму, Антону Бялушку. Ноччу напалі на жытло Генрыка Дэда.

7 сакавіка пагражалі ці нападалі на Вераніку Аблачынскую, Мечыслава Міхальскага, Станіслава Мішчукова, Марыю Цыбульскую, Галіна Мурынаву.

10 сакавіка спрабавалі напасці на Станіслава Шэўчыка. У той жа дзень разбілі каменем галаву Францішку Стафановічу.

11 сакавіка ўначы павыбівалі вокны ў хатах Аблачынскага, Урбана, Буйніцкай, Шэўчыка, Бялушкі. У той дзень заступілі на дарозе, не пушчаючы на гуту, Люцыну Шутовіч і Марыю Кашэўскую.

Бярнацкі жадае нацыяналізацыі гуты «Нёман»

Мітынгі Звязу звязаў праходзілі пад камуністычнымі лозунгамі, галоўным быў: «Далоў буржуазію». Падчас мітынгаў, прадстаўнік цэнтральнага апарата прафсаюза Бярнацкі заклікаў да нацыяналізацыі фабрыкі, і адразу па «Нёману» пайшла пагалоска, што так і будзе.

4 сакавіка і сапраўды прыехала некалькі паліцэйскіх, але 8 сакавіка яны з'ехалі з «Нёмана». Між тым, Бярнацкі прызначыў на ноч з 9 на 10-га агульны збройны збор страйкоўцаў і пачаў агітацыю сярод сялян з суседніх вёсак. Раздаваў чырвоныя паскі і кукарды. Сітуацыя нагадвала настроі бальшавіцкай рэвалюцыі, заклікалася захапіць фабрыку і акупаваць яе.

Занепакоеныя ўладальнікі тэлефанавалі лідскаму старасту. Але старасту не маглі знайсці ні ў офісе, ні дома. Стараста быў у кіно. Таму ўладальнікі гуты звярнуліся да ваяводы ў Наваградак. Толькі пасля гэтага, па камандзе ваяводскай улады прыбыў моцны аддзел паліцыі і ўсталяваў спакой у асадзе. Таму гута і не была «акупавана» рабочымі".


J. M. [Мацкевіч Юзаф] Prawdziwe oblicze i nieprawdopodobne wyczyny Z.Z.Z. w Niemnie // Słowo. 1936. № 74.

Супраць працы ў часы безпрацоўя. Чарговы страйк у Лідзе

Ад перакладчыка: улетку 1936 г. у Лідзе зноў пачаўся агульны страйк. Кульмінацыяй падзеяў стаў панядзелак 15 чэрвеня.


Ужо ў суботу (13 чэрвеня 1936 г. - Л. Л.) страйкавалі некаторыя ліцейныя, цвіковы завод і млыны. У панядзелак страйк ахапіў увесь горад. Страйкавалі машынабудаўнічыя фабрыкі «Бэнланд» і «Поланд», фабрыка цвікоў «Дротіндустрыя», хімічная фабрыка «Карона», фабрыка гумовых вырабаў «Унігум», бровары Памірмайстра і Пупко, млыны «Аўтамат», Віленскага, Шалаховіча і Пупко, тартакі Гурвіча, Мельніка, Палячака і Рафаловіча, алярні «Шэмен» і «Аліт», кафлярні «Тануф», «Рааф» і Пупко, фабрыка сукна і лямцу братоў Жыжамскіх, лямцавая фабрыка Рабіновіча. Крамы былі адчынены толькі часткова. Часткова страйкавала нават прыслуга, краўцы і шаўцы. У панядзелак не працавалі і кінатэатры. Пякарні не страйкавалі. Страйк трымаўся да серады. Пры тым грамадскі парадак не парушаўся.

Ліда пасля страйку

У сераду праца паўсюдна аднавілася. Крамы працавалі ў звычайным рэжыме. Вуліцы выглядалі нармальна.

Што гэта было? Ці папярэдзілі страйкоўцы сваіх працадаўцаў. Ці мелі яны нейкія патрабаванні? Па-меншай меры, ніхто не ведаў, што адбываецца, і ніхто не чакаў страйку. Мяркую, што нават самі страйкоўцы не ведалі, навошта баставалі.

Рэха страйку

Адразу, як прыехаў у Ліду, каб зразумець, што адбываецца, я пайшоў у адну з найвялікшых тутэйшых фабрык гумовай прамысловасці «Ардаль», тут працуе 600 чалавек. У суботу па фабрыцы толькі хадзілі пагалоскі пра страйк. У панядзелак ніхто не працаваў, і не вядома было, на які час спынілася праца. Размаўляю з кіраўніком. У суботу ўжо хадзілі пагалоскі пра страйк на фабрыцы, але ўсё роўна мы былі здзіўлены. У панядзелак ніхто не пачаў працаваць. Не вядома, як доўга гэта будзе працягвацца. Каб даведацца, што робіцца, мы паклікалі пастаянных прадстаўнікоў рабочых. Яны таксама не могуць нічога сказаць. Падобна, гэта ініцыятыва Звязу звязаў.

Размаўляю з адным рабочых. На ранку як звычайна яны ішлі на працу і нічога не ведалі пра страйк. Нейкія індывідуумы затрымалі іх на вуліцы каля фабрыкі, і загадалі вяртацца дадому, бо страйк. «Што рабіць, страйк дык страйк. Кожнаму хочацца, каб галава засталася цэлай». Вярнуліся дамоў.

Іду да ліцейнай братоў Шапіраў. Браты стаяць каля брамы свайго завода. Размаўляюць неахвотна, падазрона. Паказваю пасведчанне. Аднак гэта не павялічвае жаданне гаварыць. Відочна, браты Шапіры не давяраюць усяму свету. Перад фабрыкай стаіць група рабочых. Набліжаюся да іх. Завязваецца размова пра ўчарашні дзень. Яны ветліва скіроўваюць мяне да штаб-кватэры Звязу па вуліцы Сувальская, 22.

Там дзе «Новае жыццё ствараем самі, і новы ўстановім лад»

Іду па ўказаным адрасе. У глыбіні падворка, на першым паверсе. Гэта тут. Заходжу. Панурая кватэра. У глыбіні, на сцяне чырвоная стужка з нейкім надпісам. Непрытульна, панура. Уздрыгануўся. Здаецца мне, што я ўжо тут быў. Я спрабую ўспомніць, што нагадвае мне гэтая кватэра Звязу звязаў. А! Я ведаю. Так, верагодна, выглядаюць «чырвоныя куткі» у савецкіх казармах. Няма тут толькі ў куце гіпсавага бюста Леніна ... .

Нейкія людзі паказваюць мне сакратара. Я прадстаўляюся. Пытаюся пра хаду страйку, пра прадпрыемствы, якія страйкавалі. Дае мне інфармацыю вельмі ахвотна. Не адмаўляе што страйк быў іхняй справай. Яны называюць гэта: «Страйк салідарнасці». Дзякуй за інфармацыю.

"Ахвяры" суботніх падзей [326]

Цяпер жадаю ўбачыць у лідскім шпіталі пацярпелых у суботніх інцыдэнтах, пры якіх учора пісала адна з віленскіх газет. Яна Сэрваткі ў шпіталі няма і не было. А Станіслаў Янцалевіч і Станіслаў Варановіч трапілі не ў шпіталь, а ў … вязніцу. Мой калега памыліўся з адрасам. Дыск і Каламыцкая цешацца добрым здароўем [327].

У Нёман

Ужо маю мала часу. Трэба пакінуць Ліду і наведаць Нёман, які ляжыць больш, чым за 20 км ад Ліды і дзе адбыліся самыя важныя падзеі. Аўто, калыхаючыся, нясе мяне па шашы абсаджанай па баках густымі дрэвамі. Дзе-нідзе вёскі. Маляўнічая мясцовасць, ціхі, лагодны пейзаж, які схіляе не да бойкі, а да згоды.

Cтрайк на Нёмане

У Нёмане страйк трывае з 4 сакавіка, але гута працуе. Учора працавалі 273 работнікі. Тыя, хто працуе, каб абараніцца ад штайкоўцаў, на працягу двух месяцаў не выходзілі з завода, тут начуюць і ядуць. Аднак прывозіць ежу вельмі цяжка. Сем'і тых, хто працуе, атакуюць страйкоўцы. Размаўляю з работніцамі.

Казіміра Гінц несла ежу свайму мужу. На яе напалі і знішчылі ежу.

Ганна Шот несла ежу сваёй сястры. На яе накінуліся, уцякла, але абед разліла.

Юргель нёс абед сваёй жонцы. Калі ўбачылі, што ён крадзецца да гуты, за ім пагналіся. Ён забег у дом Гуркі і зачыніўся ў ім, нападнікі высадзілі акно і моцна збілі Юргеля.

14-ці гадовы хлопец Генрык Дэда нёс ежу бацьку. На яго таксама напалі …

І гэтак бясконца. Пакрыўджаныя расказваюць мне свае гісторыі. Адчуваецца ўзаемная нянавісць.

Я наведаў гуту, каб паглядзець, як жывуць у асадзе. Спалі на стружках, якія выкарыстоўваюцца для ўпакоўкі шкла. Адчуваюць сябе як у вязніцы. Падабенства вязніцы дадае расклад прыбірання, які вісіць на сцяне. Толькі часам, крадучыся, удаецца праскочыць дадому і вернуцца назад, на фабрыку.

Дэманстрацыя

Першы раз дэманстрацыя адбылася тут 1 чэрвеня каля 10 гадзіны вечара. Натоўп з 250 чалавек рушыў да фабрычнай брамы і на плошчу каля заводакіравання з песнямі «Чырвоны штандар» [328], «На барыкады» [329] («Czerwony sztandar», «Na barykady») і выкрыкамі супраць тых, хто застаўся працаваць. ...

Удзень 9 чэрвеня паўтарылася тое самае. Паліцыя нічога не змагла зрабіць, і натоўп ад заводакіравання пайшоў да дамоў працуючых рабочых з выкрыкамі: «На шыбеніцу іх!», «Вылазьце з нор».Удзень 9 чэрвеня паўтарылася тое самае. Паліцыя нічога не змагла зрабіць, і натоўп ад заводакіравання пайшоў да дамоў працуючых рабочых з выкрыкамі: «На шыбеніцу іх!», «Вылазьце з нор».

11 чэрвеня каля 8 вечара натоўп зноў рушыў да фабрыкі спяваючы «Чырвоны штандар». На Спартыўнай плошчы паліцыя тры разы заклікала разысціся, але без вынікаў.

З фабрыкі на чыгуначную станцыю звыкла курсуе ваганетка, якую цягне адзін конь (па вузкакалейцы - Л. Л.), так званая «лорка». Фабрыка атачоная пікетамі. Натоўп не пусціў «лорку», якая везла пошту і чына паліцыі на станцыю Нёман (станцыя Нёман знаходзіцца ў вёсцы Сялец - Л. Л.). Крычалі: «Не пусцім лорку з фабрыкі да поезда на станцыю!», «Будзем так сядзець, аж да канцы страйку». Кабеты сядзелі на рэйках, і значны ўчастак дарогі быў заняты натоўпам.

Натоўп моцна ўзбуджаны.

Чатыры паліцыянты спрабавалі супакоіць натоўп, каб даць дарогу «лорцы», але нічога не змаглі зрабіць, натоўп хапаў за карабіны, пасы і рукі паліцыянтаў. Седзячы ў «лорцы» чын паліцыі крычаў людзям, што ён чыноўнік і едзе па дзяржаўнай справе. Але ўсё без выніку.

У гэты дзень, ніхто з працоўных не пакінуў фабрыку, баючыся быць адрэзаным ад сваіх варштатаў. Пікеты не змаглі перашкодзіць працаваць, але цалкам прадухілілі падвоз харчавання. Таму адбыліся сваркі і бойкі страйкоўцаў са сваякамі працоўных, якія неслі прадукты сваім родным.

На самой фабрыцы былі ўзнёслыя настроі. Працоўныя рабочыя з цяжкасцю ўтрымліваліся адміністрацыяй ад боек з тымі, хто крыўдзіў іх сваякоў. Яны хапаліся за жалезны інструмент, і ў любы час магла пачацца крывавая масакра.

Познім вечарам рабочыя, якія блакавалі фабрыку, падышлі пад браму і пачалі абзываць працоўных рознымі мянушкамі. Гэта амаль што давяло да штурму брамы, бо з яе абодвух бакоў сабраліся ўзбуджаныя ўзаемнай нянавісцю рабочыя.

Людзі, які працавалі на фабрыцы засталіся галоднымі, бо ў гэты дзень не атрымалі ежы.

Назаўтра

13 чэрвеня каля 2 - 3 ночы наступіла часовае заспакаенне. Але разышлася пагалоска, што каля 3 - 4 раніцы будзе спроба страйкоўцаў уварвацца на фабрыку.

Аднак гэтага не адбылося.

А палову чацвёртай гадзіны на гуту прыехаў лідскі стараста з камендантам паліцыі, і была зроблена спроба прапусціць на фабрыку воз з хлебам. Адразу натоўп з 80 ці 100 чалавек атачыў воз і не слухаючы ні старасту ні каменданта паліцыі не пусціў яго на гуту. Камендант адказваў натоўпу. Было загадана разагнаць людзей. 26 паліцыянтаў з гумовымі дручкамі выканалі каманду і хутка разагналі натоўп.

У дырэкцыі фабрыкі

Мы спыталі пана Столе, што робіцца, каб ліквідаваць страйк і ці ёсць шанцы дамовіцца?

Перамовы ідуць надта цяжка з-за пазіцыі Звязу звязаў і яго патрабаванняў звольніць тых рабочых, якія не кінулі працу. Таксама страйкоўцы патрабуюць падвысіць заробкі ад 40 да 120%. Не могуць быць прыняты шмат іншых умоў, якія яны выстаўляюць, бо гэта можа паралізаваць нармальнае функцыянаванне кампаніі. Сярод страйкоўцаў было шмат тых, хто хоча працаваць, але з-за пагроз баяцца прыходзіць на гуту.

Увесь час страйку фабрыка часткова працавала.


IKS. [Мацкевіч Юзаф] Przeciwko pracy w czasach bezrobocia. Ponowny strajk w Lidzie // Słowo. 1936. № 166.

Суд вялікіх недагаворак. Першы дзень камуністычнага працэсу ў Лідзе [330]

Дзіна не саромеецца

Абвінавачаная Дзіна Лернар падчас абедзеннага перапынку ходзіць у прыбіральню. Выглядае даволі рашучай, ад холаду ў калідоры пад шыю закрываецца сваім паліто. За ёй ступае тоўсты паліцыянт з зацягнутым пад барадой пасам фуражкі.

- Дзе гэта?

Тут, у Лідзе не шыкоўная прыбіральня. Ідуць у яе разам. Але Дзіна Лернар не саромеецца ісці туды з такім вялікім мужчынам. Яна прызвычаілася. Хвіліну таму на працэсе яна шчыра прызналася, што з пятнаццацігадовага ўзросту, а зараз ёй каля трыццаці, вось ужо пятнаццаць гадоў яна сядзіць пад арыштам, у вязніцах, судах - увесь час за адно і тое ж, увесь час за камуністычную дзейнасць.

Увесь час адна і тая ж карціна. Лавы абвінавачаных поўныя яўрэямі, калідор лідскага акруговага суда [331] напоўнены яўрэямі. Як у хедары [332]. За паўгадзіны пачынае прыходзіць «грамадскасць». Пра такія, як гэты працэс, звычайна пішуць: «Выклікаў вялікую зацікаўленасць пры перапоўненай зале ...». Гэты значыць у зале яўрэі і чыноўнікі.

Замест кіно

Спадары следчыя з партфелямі, спецыялісты па «грамадска-палітычных» справах краю. За сталом ля журналістаў штурхаецца нейкі судовы рэферэнт, ён удома. Спадарыні машыністкі. Бо чым яшчэ заняцца ў Лідзе? Хіба пайсці ў тое самае кіно «Эра», у якім Бярнацкі … у якім ўсё гэта і адбывалася і пра што зараз ідзе разбіральніцтва, толькі не на экране, а ў нашай палітычнай рэчаіснасці і ў судзе. Але асобы з кінатэатра даўно ўсім вядомыя, і таму адна з найпрыгажэйшых практыкантак, калі ідзе гаворка пра «змену існага ладу і адлучэнне часткі тэрыторыі ад польскай дзяржавы», хавае пазяханне ў муфце і чытае раман.

Душна. За вокнамі снег і мароз. Весела звоняць званочкі саняў. А тут душна.

Нейкі засумаваўшы слухач заснуў у крэсле. Дворнік праходзіць асцярожна, каб не штурхнуць яго. Мусіць, значная персона. «Спі мой сябар …, і хай табе прысніцца лепшая Польшча!».

Заўсёды тыя самыя

Дык вось, з аднаго боку камуністы - самая вялікая небяспека, небяспека для ўсяго свету, а не толькі для нас. А з іншага … Ах, гэтыя зноў нашы! Гэтыя сведкі абвінавачвання з іх бюракратычным светапоглядам і тыповымі думкамі, якія так добра кладуцца на лісты афіцыйных справаздач. Пераважна тыя, чый абавязак - бараніць дзяржаву ад змены ладу і адрыву часткі тэрыторыі. Калі вы іх раз за разам слухаеце на такіх працэсах, нараджаецца сумненне, ці змогуць яны, тыя, якія прысягалі справядлівасці, сумясціць яе з палітычным накірункам свайго кіраўніцтва. Бо як гэта аб'яднаць?

Не камуністы а прафсаюз Звяз Звязаў (ЗЗ) імкнуўся да "Адзінага фронту"

Сведка, рэферэнт бяспекі Наваградскага ваяводства Вайнкрайнц, той самы, ужо вядомы нам па лідскай смуце. Ён гаворыць, быццам чытае акт абвінавачвання, кажа, што адбылася змена тактыкі Камінтэрну і камуністы сёння імкнуцца да саюзу з усімі левымі, да адзінага фронту з радыкаламі ўсіх адценняў, ажно да «хрысціянскіх» і г. д., пра што мы добра ведаем. Таму і атрымаўся саюз камуністаў з прафсаюзам ЗЗ.

Але ўжо даказана і ўстаноўлена, што дзеячы прафесійнага Звязу працоўных хімічнай вытворчасці тройчы звярталіся да ЗЗ з прапановай адзінага фронту, і менавіта Бярнацкі з ЗЗ адмаўляўся і адкідваў прапановы, ажно покуль з трэцяга разу «адзіны фронт» не быў прыняты.

Абаронца, спадарыня Заштаўт-Сукянніцкая, пытаецца ў Вайнкрайнца, ці не называў ён Бярнацкага «галоўнай асобай»? Ці не ён, некалі, цвердзіў на папярэднім працэсе, што толькі пасля яго арышту ў Ліду прыйшоў спакой?

Памятаю і сам, што чыноўнік бяспекі казаў гэта, але чыноўнік лічыць сваім абавязкам ухіляцца ад адказаў і блытаць адказы на пытанні абароны - так, ён казаў нешта такое, але меў на ўвазе нешта іншае … гэта значыла не тое.

- Усё ж Бярнацкага арыштавалі раней за гэтых вось яўрэяў на лаве падсудных?

- Раней.

- Яго асудзілі, ён быў прызнаны злачынцам, небяспечным злачынцам, бо ён стаяў на чале акцыі ў Лідзе і трымаў ў сваіх руках усе ніці.

- Так, ён кіраваў і камуністам Гельманам, і Кісялём, і камуністкай Лернар, і Гершманам, і ўсімі.

Што казаў начальнік бяспекі Бярнацкаму ў кавярні «Амерыканка»

І тут сведка адкрыта, перад усімі, яшчэ раз пацвярджае тое, што і так усім вядома: Бярнацкі дзейнічаў ад імя цэнтралі ЗЗ у Варшаве. Гэта не навіна. Але даведваемся сапраўдную вялікую навіну. За што арыштоўвалі Бярнацкага і за што ён атрымаў 13 гадоў турмы як небяспечны дзяржаўны злачынца, пры тым, што мог гэтага ўнікнуць. Мог, бо рэферэнт бяспекі спадар Вайнкрайнц разам з начальнікам аддзела бяспекі Наваградскага ваяводства прыйшоў да яго ў лідскую кавярню «Амерыканка», калі Бярнацкі піў каву, і яны сказалі яму: «З'язджай з Ліды і спыніся, бо, калі не супакоішся, будзеш арыштаваны!».

Пачакайце, тут нешта не так. Бо следчыя і іншыя супрацоўнікі следчай службы расказваюць, з якой вялікай цяжкасцю высачылі і гэтую Лернар, і гэтага Гельмана, і астатніх падсудных. Як сачылі, як збіралі доказы, як закідвалі сеці, каб яны не ўцяклі. А тут начальнік аддзела бяспекі кажа: "Уцякай, а то цябе арыштуюць!"

А ён не ўцёк, бо быў занадта ўпэўнены ў сіле тых, хто яго паслаў і хто ім кіраваў. І ўсё ж атрымаў 13 гадоў турмы, бо быў сапраўдным злачынцам.

А дзе спадарства Шурыг і Марачэўскі?

Дык чаму ж тут, у Лідзе, на лаве падсудных не сядзяць спадары Марачэўскі і Шурыг ды іншыя, якія кіравалі Бярнацкім у адзіным фронце з камуністамі, а сядзіць толькі Гельман з таварышамі, сядзяць тыя, кім кіраваў Бярнацкі з дазволу Марачэўскага?

Адзін з трох суддзяў, засумаваўшы ад «палітычнага лавіравання» сведкі, кажа яму:

- Адкажыце, калі ласка, толькі коратка: што даў арышт Бярнацкага для супакаення антыдзяржаўнай акцыі, і другое: што даў арышт Гельмана з таварышамі? Якая розніца паміж арыштамі?

Але коратка адказаць сведка не можа. Пачынае блытана балбатаць стандартныя фразы.

- Коратка, - паўтарае суддзя.

- Я да гэтага і імкнуся.

І замест адказу, зноў мутныя разважанні.

Усе пазяхаюць. Сакратарка, якая сядзіць каля мяне, пачынае новы раздзел рамана. Паліцыянты з пасамі пад барадой, пераступаюць з нагі на нагу.

Галоўны сведка і галоўны абвінавачаны

Бо, Вайнкрайнц - левая рука тых, хто падтрымліваў у нас ЗЗ, і ён не можа іх кампраметаваць, але перад гэтым ён «зліў» Бярнацкага дык не можа не прызнаць, што Бярнацкі дзейнічаў ад імя ЗЗ. Таму ў канцы ён не ведае, што яму казаць. Яго паказанні трашчаць па швах, і белыя ніткі, якімі быў сшыты адзіны фронт ЗЗ і камуністаў, вылазяць на верх.

Галоўны сведка абвінавачвання жадаў бы раптам абяліць ЗЗ, бо як жа там было з тым начальнікам бяспекі і з тым старастам Чушкевічам і … з ім самім, дык бярэ аргумент, што Гельман з кампаніяй у свой час перамог ЗЗ. «У свой час».

Галоўны абвінавачаны Гельман, камуніст, спрытны яўрэй, малады, гаваркі:

- Чаму сведка кажа, што камуністы змагаліся з ЗЗ, а сам да гэтага казаў, што камуністы шукалі саюза з іншымі левымі арганізацыямі?!

Тармозіць. Зноў няўцямныя тлумачэнні, корпанне ў нататках, фразёрства, фразёрства.

Памятаю гэтыя 11 тысяч брашур…

Сведка, кіраўнік следчай службы з Вільні Блясмановіч. Кажа пра арышт Дзіны Лернар. Перад слухачамі паўстае цэлы патаемны, падпольны свет тых, хто робіць усё, каб нас усіх высадзіць у паветра.

Падсудны Вайтулевіч едзе ў Вільню да свайго швагра Плеўды. Убогая кватэра на прадмесці. Гуляюць у шахматы. Раптам уваходзіць маладая яўрэйка. Гаворыць пароль. Яны даюць ёй ліст. Выходзіць. Чакаюць. Праз дзве гадзіны вяртаецца Лернар з кошыкам. Просіць 6 злотых. Атрымлівае. Пазней Вайтулевіч едзе са шваграм на вакзал. На Завальнай іх затрымлівае паліцыянт. Ператрус. У кошыку 1000 камуністычных брашур (у тым ліку «Па-просту» [333]).

Адкуль я ведаю гэтыя паказанні? Бо гэта гаварылі тут у Лідзе, на працэсе Бярнацкага. Толькі тады яго характарызавалі як патрэбнага «таварыша» Бярнацкага, таго самага, які дзейнічаў ад імя Шурыга і Марачэўскага. А дзе гэтыя? У Варшаве. Сёння яны заможныя і ў бяспецы.

Лернар таксама жыла ў Варшаве, па вуліцы Валынскай, 6. Там пакінула сваё пазашлюбнае дзіцё ў рабочага гуты. Там яно выхаваецца ў чужых людзей на «партыйнай кватэры», а яна на лаве падсудных у Лідзе.

Не ўсім аднолькава шчасціць.

«Прашу цішыні»

Сведка, работніца «Ардаля», маладая дзяўчына з льнянымі валасамі. Яна шчаслівая, калі пытанні ёй пачынае задаваць адвакат Заштаўт-Сукянніцкая. Усё ж - жанчына. Не так страшна.

Так, яна была ў страйкаме, у хімічным звязе. Але яны не хацелі ні Гельмана, ні Кісяля. «Бо яны казалі пра ўсе чужое, а мы хацелі толькі пра ардаляўцаў».

- Ці ўздымалі палітычныя тэмы?

- Я не ведаю, што такое «палітычныя».

Смех.

- Прашу цішыні.

Дык пра што яны казалі?

- А, пра нейкую Абісінію [334].

- Прашу цішыні.

- А мы не хацелі слухаць такія размовы, не хацелі слухаць пра іншых рабочых ці пра нейкія шахты. Нам было ўсяроўна, мы хацелі працаваць. Бо, я гэтага нават не разумею. Напрыклад, Кісель (камуніст, член ЗЗ) аднойчы пачаў выступаць, але мусіў спыніцца, бо ніхто не зразумеў ані слова.

Зноў смех. Прашу цішыні. Я яе разумею, яна чула безнадзейныя штампы, бессэнсоўнае фразёрства.

Фразёры

Толькі баюся, што можа не толькі я адзін, а яшчэ шмат асоб на гэтым працэсе разумеюць, што яны рабілі і робяць тое ж самае, а не толькі Кісель, Гельман, Лернар, Левін, Гершман. Але і Бярнацкі, і многія яго таварышы вартыя месца за кратамі. Толькі за тое, што яны загорнуты ў фразы і жывуць гэтым фразёрствам.

На наступны дзень будзе выступаць Бярнацкі. Ну, паглядзім! Можа, гэты хаця б скажа нешта цікавае?


J. M. [Мацкевіч Юзаф] Proces wielkich niedomówień. Pierwszy dzień rozprawy komunistycznej w Lidzie // Słowo. 1937. № 22.

Другі дзень камуністычнага працэсу ў Лідзе. Загаворшчыкі ці правакатары?! Сенсацыйны бруд за кулісамі агульнага фронту ЗЗ і камуністаў

Не буду паўтараць пунктаў акту абвінавачвання. На лаве падсудных у Лідзе сядзяць пераважна маладыя асобы, пераважна яўрэйскай нацыянальнасці, рабочыя і агітатары, якія бралі чынны ўдзел у добра вядомых намі лідскіх падзеях. У сваёй большасці, яны належалі да прафсаюза, які афіцыйна кіраваўся ППС (Польскай партыя сацыялістычнай - Л. Л.). Абвінавачваюцца яны ў камунізме, ва ўдзеле ў Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі (КПЗБ). Іх дзейнасць выявілася падчас інцыдэнтаў у Лідзе.

Ахвяры «Адзінага фронту»

Назіраю гэтую справу на працягу двух доўгіх зімовых дзён, раніцай - з водбліскамі снегу за акном, вечарам - пры бяздушных лямпах судовай залы, і хоць і разумею, што мае цвёрдае перакананне не можа не быць суб'ектыўным, але ўпэўнены ў ім. Для мяне няма ніякага сумневу ў тым, 1) што яны - камуністы, прынамсі, большасць з іх, 2) што органы бяспекі сабралі супраць іх вельмі мала абвінаваўчых матэрыялаў [335], 3) што я чую звычайныя ў нашых судах дробныя плёткі, ахвярамі якіх часцей за ўсё становяцца камуністычныя правадыры - у дадзеным выпадку, падсудныя сталі ахвярай «адзінага фронту» левіцы, а дакладней: саюзу паміж камуністамі і ЗЗ.

Таму асобы гэтай «дробнай рыбы» нас цікавяць меней, чым тлустыя шчупакі, якія сядзяць не ў вязніцах, а ў бяспечных і ўтульных кватэрах. Асабліва мяне цікавяць лідэры аднаго з бакоў «адзінага фронту», а менавіта кіраўнікі ЗЗ. Лічу зразумелым, што камуністычныя лідары сядзяць у Маскве, але калі б яны перакрочылі мяжу РП, дык былі б арыштаваныя. Але кіраўнікі ЗЗ сядзяць у Варшаве, і іх ніхто не арыштоўвае. З лідскага працэсу становіцца зразумелым, што віна адных і другіх абсалютна аднолькавая.

Надакучлівае пытанне

Таму цалкам шчыра прызнаюся, што вельмі чакаў паказанні слыннага Бярнацкага, чакаў нечага сенсацыйнага.

Аказалася, што Бярнацкі не з'яўляецца ані сведкам абароны, ані сведкам абвінавачвання і звярнуўся ў суд добраахвотна, па ўласнай ініцыятыве. Аднак замест сенсацыі, атрымалася балота … Ніяк па-іншаму не магу характарызаваць яго паказанні. Яго выступ паказаў нам не толькі маральны распад асобы - мы ўсе ведаем яго крымінальнае мінулае [336], але яшчэ раз паказаў нам маральны стан нашага краю.

Паліцыянты ўводзяць Бярнацкага ў залу. Ён у шэрым гарнітуры з шалікам на шыі. Тая самая самаўпэўненасць, тая самая тэатральная паходка з высока ўзнятай галавой.

Бярнацкі «паліць» абвінавачаных

І вось той самы Бярнацкі, які на сваім першым працэсе ў Лідзе патэтычна ўсклікаў: «Уся мая віна палягае ў тым, што я прыдумаў лозунг: «Хай жыве чырвоная Ліда»« - раптам зараз спрабуе «абяліць» падзеі ў Лідзе і выступае не ад свайго імя, а ад ўсяго ЗЗ. І робіць гэта самым агідным, абразлівым і правакацыйным спосабам - ён «паліць» абвінавачаных. Ён кажа, што камуністы - гэта людзі, якія не жадалі ісці пад «легальным сцягам» ЗЗ, што яны перашкаджалі, не жадалі «адзінага фронту» і таму стварылі так званы «Ініцыятыўны камітэт».

- У нас адразу ўзнікала падазрэнне, - кажа Бярнацкі, - нават з-за не польскага гучання назвы («Komitet inicjatywny» - Л. Л.), што тут пахне ўсходам. А мы, як сур'ёзная арганізацыя, хацелі трымаць страйк у патрэбным рэчышчы.

Бярнацкі выступае ад імя ЗЗ:

- «Нам» паведаміла Рада ЗЗ у Лідзе.

- Каму такому «нам»?

- Цэнтраль ЗЗ у Варшаве. Ну, было абвешчана, што ініцыятыву падхапіў у свае рукі Звяз хімічнай прамысловасці. «Мы былі» вельмі заклапочаны. Страта ініцыятывы азначала б «для нас» паразу. Мы лічылі, што «нашым інтарэсам» у Лідзе пагражаюць, пагражаюць «нашай лініі».

Як гумовыя дручкі пераконвалі за ЗЗ

Але што рабілася потым?! Як сведчыць Бярнацкі: «Цэнтральны аддзел ЗЗ дэлегаваў мяне ў Ліду, каб я любой цаной пераняў страйк і ўсю ініцыятыву ў свае рукі»! Якой мела быць гэтая «любая цана»? Трэба разумець, што «адзіны фронт» з камуністамі атрымаўся. Бярнацкі паказвае нам канкрэтныя акалічнасці, якія прывялі да «фронту». З яго аповеду вынікае, што рабочыя «Ардаля» не жадалі ісці пад сцяг ЗЗ. Але іх дэманстрацыі былі разагнаныя паліцыяй. Паліцыянты перад «Ардалем» збівалі іх гумовымі дручкамі і «выказалі пры гэтым вялікі імпэт», як кажа цяпер Бярнацкі.

- Тады настроі рабочых змяніліся, і яны пагадзіліся на «адзіны фронт». Бо рабочыя прыйшлі да высновы, што іх правы і інтарэсы лепш будзе бараніць і эфектыўна адстойваць прафсаюз ЗЗ. Тады і быў створаны страйкавы камітэт.

Ах, дык вось як гэта было … Як брыдка!

Бярнацкі бярэ ўладу

Ад імя ЗЗ Бярнацкі ўзяў уладу.»Уладу», - літаральна так потым выказаўся іншы сведка Брыльскі, старшыня рады ЗЗ у Лідзе.

А тым часам Бярнацкі сведчыць:

- Усеагульны страйк у Лідзе не быў справай Ініцыятыўнага камітэта (камуністаў), а быў справай ЗЗ. Ініцыятыўны камітэт не спадзяваўся, што страйк выбухне так раптоўна і нават не рыхтаваўся да гэтага. Былі ім непрыемна ўражаны і некаторыя з тут прысутных падсудных, такіх як Ваўкавыскі, Гельман, Гершман, яны спрабавалі паклёпнічаць на ЗЗ і Бярнацкага. А камуністычны орган «Куём зброю» («Kujmy Bron» - Л. Л.) пісаў, што менавіта яны і стварылі «Адзіны фронт».

Адным словам, так паўстаў гэты слынны «Адзіны фронт» з ЗЗ і камуністаў, за першынства ў стварэнні якога, спрачаюцца абодва бакі. Але «фронт» спыніўся. Без сумнення. Але Бярнацкі хацеў бы сёння адлучыць ад яго асобы падсудных камуністаў і таму кажа, што размаўляў з Гельманам у Лідзе на вакзале і той быў незадаволены фронтам.

Гельман тут жа заяўляе, што гэта хлусня і спасылаецца на Кісяля як сведку размовы.

Падсудны Гельман на чале баевікоў

Але не ў гэтым справа. Бо, з далейшых паказанняў Бярнацкага даведваемся, што на мітынгах падсудныя камуністы наўпрост заклікалі да рэвалюцыі, на дазволеным старастам Чушкевічам мітынгу ў кінатэатры «Эра», які праходзіў пад старшынствам сябра ЗЗ Сідаровіча, гучалі такія ж антыдзяржаўныя выкрыкі, якія сёння суд ставіць у віну падсудным! На тым самым мітынгу, якім кіраваў дэлегат цэнтральнага аддзела ЗЗ, выступаў і Кісель, які збег у Саветы, і Ваўкавыскі, і, самае важнае, сённяшні галоўны падсудны Гельман.

Дык маю пытанне яшчэ раз: гэта была правакацыя ці падрыўная праца?

Раптам Гельман устае і наўпрост пытаецца ў Бярнацкага пра пэўную дэталь лідскай авантуры - і Бярнацкі ў святле вядомых фактаў не можа адмовіць, што камуніст Гельман ад імя ЗЗ быў упаўнаважаны камандаваць патрулямі баевікоў ЗЗ, якія былі павінны «прымусова зняць з працы краўцоў» (Гельман па прафесіі кравец).

Старшыня суда да Бярнацкага:

- І вы дзейнічалі ад імя ЗЗ?

- Так.

Цішыня ў зале. Шмат публікі ўвапхнулася праз бакавыя дзверы, каб паслухаць Бярнацкага. Ніхто яму не перашкаджае.

Азеф

Толькі Гельман зноў устае і пытаецца, ці памятае сведка, як праз Бярнацкага наймалі мастакоў, які пісалі на платах і дамах антыдзяржаўныя лозунгі?

Бярнацкі:

- Яны не былі антыдзяржаўнымі.

Гельман:

- Гэта былі нелегальныя лозунгі, ініцыятыва напісання і рэдакцыя тэкстаў ляжала на ЗЗ.

Слухаю, і зноў мне здаецца, што Бярнацкі хутчэй за ўсё … правакатар.

І тут Бярнацкі «злівае» падсудных па-поўнай. Тых, хто з ім супрацоўнічаў, якімі ён кіраваў … ад імя ЗЗ. Цяпер ён ужо расказвае, што яны рабілі ў турэмнай камеры, што чуў з іхніх размоў. Адказвае на пытанні пракурора.

Пракурор:

- Што сведка ведае аб бунце, які рыхтаваўся ў вязніцы?

Аказваецца, Бярнацкі ведае і пра гэта, а таксама пра тое, што ў падрыхтоўцы бунту прымалі ўдзел Гельман з таварышамі і расказвае, аб чым яны дамаўляліся. І зноў указвае пальцам па падсудных …

Агідная роля ў правакатара. Агідная асоба Бярнацкага.

Пракурор закончыў задаваць пытанні.

Старшыня суда звяртаецца да абаронцаў (6 адвакатаў):

- Якія пытанні мае абарона?

У першым шэрагу сядзіць адвакат, спадарыня Заштаўт-Сукянніцкая, тая самая, якая ў свой час у двух інстанцыях бараніла Бярнацкага. На гэты раз яна маўчыць. Старшыня паўтарае пытанне.

Заштаўт-Сукянніцкая:

- Да спадара Бярнацкага? … Не маю …

Шурыг і Бярнацкі на канферэнцыі з прадстаўніком прэм'ера

Бярнацкі: таварыш, крымінальнік, злодзей і ашуканец, правакатар і шпег, стоўп ЗЗ, член рэдакцыі «Рабочага Фронту», прадстаўнік цэнтральнага аддзела ЗЗ у Варшаве з неабмежаванымі паўнамоцтвамі. Так ён казаў пра сябе і прадстаўляў ЗЗ. Спасылаўся, што ўсё рабіў па загадзе спадарства Марачэўскага і Шурыга.

А ці меў ён права казаць такое? Я паспрабую знайсці адказ на гэтае пытанне, працытаваўшы толькі тыя словы, якія гучалі на судовым працэсе.

На апеляцыйным працэсе Бярнацкага ў Вільні я не быў, але мне казалі, што сакратар цэнтралі ЗЗ, сведка Шурыг, схільны быў падкрэсліць, што з Бярнацкім яго арганізацыя моцнай сувязі не мела. Як гэта суаднесці з тым, што кажа сам Бярнацкі?

- Работніцы Ардаля першапачаткова застрайкавалі толькі з-за патрабавання прыняць на працу 70 звольненых. Але мы пайшлі далей і запатрабавалі павышэння заробкаў на 12 - 15 %. Па гэтай справе я разам з Шурыгам два разы браў удзел у канферэнцыях, на якіх прысутнічаў начальнік канцылярыі прэм'ера, а таксама гаспадар фабрыкі сп. Мелуп.

Такім чынам на канферэнцыю з удзелам прадстаўніка прэм'ера ад цэнтралі ЗЗ дэлегаваліся толькі Шурыг і Бярнацкі.

Чаму сп. Брыльскі падаў у адстаўку?

Сведка Брыльскі, старшыня Лідскай Рады ЗЗ. З яго паказанняў вынікае, што Бярнацкі атрымаў неабмежаваныя паўнамоцтвы. Сведка быў супраць тактыкі Бярнацкага не з ідэалагічных меркаванняў, бо яны адпавядалі партыйнай праграме, а з тактычных. Бярнацкі, як у ліхаманцы, паскараў падзеі. А наколькі моцнай была пазіцыя Бярнацкага ў ЗЗ, якім даверам ён там карыстаўся, сведчыць той факт, што Брыльскі некалькі разоў дамагаўся адклікання Бярнацкага з Ліды, але цэнтральны аддзел адмовіў Брыльскаму.

Брыльскі:

- Я нават па гэтай справе пасылаў адмысловага чалавека ў Варшаву.

Старшыня суда:

- Хто гэта быў?

Брыльскі:

- Міркоўскі, член лідскай рады ЗЗ.

Але Бярнацкі застаўся, выгналі самога Брыльскага.

І зноў тое самае пытанне

Незалежна ад тэзісаў абароны і пракурора, ад поглядаў старшыні і рашэнняў суда, я не магу адмовіцца ад пераканання, якое з'явілася яшчэ на пачатку: усе яны - ахвяры «Адзінага фронту» камуністаў і ЗЗ.

А на пытанне, якую ролю ў фронце адыграў ЗЗ пад кіраўніцтвам Бярнацкага, адкажу: падрыўную і антыдзяржаўную. А калі гэта была правакацыя, дык абуральную і агідную.

J. M. [Мацкевіч Юзаф] Wywrotowcy czy prowokatorzy?! // Słowo. 1937. № 23.


Пераклад і каментаванне Леаніда Лаўрэша




[1] Ладысеў У. Выпрабаванні часам і жыццём // Беларускі гістарычны часопіс. 1998. № 4. С. 37.

[2] Чарнякевіч Андрэй. «Быць канфідэнтам»: штодзённае жыцце інфарматара польскай службы бяспекі ў паўночна-ўсходніх ваяводствах ІІ Рэчы Паспалітай (1921-1939) // Homo Historicus 2022. С. 185.

[3] Там жа. С. 183-184.

[4] Там жа. С. 195.

[5] Камуністычная дабрачынная арганізацыя, створаная па рашэнні Камінтэрна ў якасці камуністычнага аналага Чырвонага Крыжа.

[6] Słowo № 82(1092), 11 kwietnia 1926.

[7] Беларускае Слова № 28, 14 снежня 1926.

[8] Беларускае Слова № 11, 24 красавіка 1926.

[9] Kurjer Wilenski № 33(1675), 9 lutego 1930.

[10] Życie Nowogródzkie № 74(788), 28 marca 1930.

[11] Słowo №122(2630), 30 maja 1931.

[12] Słowo № 239(2741), 17 października 1931.

[13] Kurjer Wilenski № 52(2593), 27 lutego 1933.

[14] Чарнякевіч Андрэй. «Быць канфідэнтам»: штодзённае жыцце інфарматара польскай службы бяспекі. С. 190-191.

[15] Там жа. С. 187-188.

[16] Там жа. С. 179-183; 199.

[17] Дзяржаўны архіў Гродзенскай вобл. (ДАГВ). Ф. 662, воп. 2, спр. 53, арк. 2. Донесения конфидента полиции «Черный» (Левкович Николай Петрович) о деятельности членов организации КПЗБ в городе Лида, Лидском повете и других местах, переписка по данным вопросам.

[18] База дадзеных «Ахвяры палітычнага тэрору ў СССР» Міжнароднага гісторыка-асветнага таварыства «Мемарыял». [Электронны рэсурс]. Рэжым доступу: https://base.memo.ru/person/show/2080220. Дата доступу: 01.01.2023.

[19] Жыве вул. Школьная, 76.

[20] ДАГВ. Ф. 662. Воп. 2. Спр. 53. Арк. 12.

[21] Сын Пятра і Ганны, 1913 г. н.

[22] ДАГВ. Ф. 662. Воп. 2. Спр. 53. Арк. 20 адв.

[23] ДАГВ. Ф. 662. Воп. 2. Спр. 53. Арк. 12 адв.

[24] Лаўрэш Леанід. Шэпт пажоўклых старонак. Лідчына ў люстэрку прэсы. 1900-1939 гг. Гродна, 2017. С. 425-426.; Sefer Lida. Former residents of Lida in Israel and the Committee of Lida Jews in USA. Tel-Aviv. 1970. P. 192-193.

[25] Сын Ёселя і Шэйны, 1911 г.н. кравец, жыў па вул. 3-га Мая, 74. Арыштоўвася 30 красавіка 1931 г. па ст. 102 КК, выракам апеляцыйнага суда апраўданы. У 1936 г. будзе адбываць пакаранне ў Лідскай вязніцы.

[26] Сын Нохіма і Добы, слесар, нарадзіўся ў 1910 г. у Эйшышках, жыў ў Лідзе па вул. Сувальская, 20. Тэхнік ячэйкі КПЗБ, у 1929-30 гг. прыгавораны да 1 года вязніцы, тэрмін адбыў.

[27] Международная организация помощи революционерам (рус.).

[28] ДАГВ. Ф. 662. Воп. 2. Спр. 53. Арк.13.

[29] Сын Мейлаха і Двейры, 23.12.1909 г. н., жыў па вул. Рынак, 13, цырульнік, кавалер. Разэнштайн у 1927 г. належаў да КПЗБ і выракам суда прыгавораны на 6 гадоў вязніцы, палова тэрміна яму даравана, рэшту адбыў і 05.11.1931 г. быў звольнены.

[30] Сын Янкеля і Юдэсы з Ілютовічаў, 1913 г. н., кавалер, жыў з бацькамі па вул. 3-га Мая, 39.

[31] ДАГВ. Ф. 662. Воп. 2. Спр. 53. Арк.18.

[32] Там жа. Арк. 14.

[33] Там жа. Арк. 16.

[34] ДАГВ. Ф. 662. Воп. 2. Спр. 53. Арк. 21.

[35] Прысутнічалі: Абрам Любецкі, Хаім Каплан, Мардух Айзікавіч і Разэнштайн.

[36] ДАГВ. Ф. 662. Воп. 2. Спр. 53. Арк. 22.

[37] ДАГВ. Ф. 662. Воп. 2. Спр. 53. Арк. 22.

[38] ДАГВ. Ф. 662. Воп. 2. Спр. 53. Арк. 24.

[39] ДАГВ. Ф. 662. Воп. 2. Спр. 53. Арк. 25.

[40] Там жа.

[41] Дачка Хаіма-Альтэра і Дабрусі, 1909 г. н.

[42] ДАГВ. Ф. 662. Воп. 2. Спр. 53. Арк. 26.

[43] Там жа. Арк. 28.

[44] Там жа. Арк. 29.

[45] Сын Міхеля і Песі з Івянецкіх, 1905 г. н., член Камуністычнага Звязу моладзі (КЗМ).

[46] Сабраліся Абрам Любецкі, Хаіма-Мойша Закройскі, Лейба Ліпнішцкі і Мардух Айзікавіч.

[47] Сын Хаіма-Айзіка, 1911 г. н.

[48] Сын Арона, 1910 г. н.

[49] ДАГВ. Ф. 662. Воп. 2. Спр. 53. Арк. 36.

[50] Там жа. Арк. 37.

[51] Да таго часу яго бацька ўжо памёр: «Сёння, пасля 13 гадзіны выйшаўшы з хаты, на вуліцы раптоўна памёр уладальнік адной з друкарняў горада Зяльдовіч. Памёршы цешыўся вялікай павагай мясцовага грамадства.» - Гл: Wieczorny Kurjer Grodzieński №24, 24 czerwca 1932.

[52] Віленскі універсітэт імя Стэфана Баторыя (УСБ).

[53] ДАГВ. Ф. 662. Воп. 2. Спр. 53. Арк. 37.

[54] Там жа. Арк. 38.

[55] Там жа.

[56] База дадзеных «Ахвяры палітычнага тэрору ў СССР» Міжнароднага гісторыка-асветнага таварыства «Мемарыял». [Электронны рэсурс]. Рэжым доступу: http://old.memo.ru/memory/magadan/mag_11_2.htm. Дата доступу: 01.01.2024.

[57] ДАГВ. Ф. 662. Воп. 2. Спр. 53. Арк. 39.

[58] Сын Еселя і Хаі, 1909 г. н., цырульнік, жыў па вул. Рынак, 55.

[59] ДАГВ. Ф. 662. Воп. 2. Спр. 53. Арк. 44.

[60] Наша Воля. № 3(4), 4 лютага 1936.

[61] Там жа.

[62] Słowo. № 60(4267). 1 marca 1936.

[63] Наша Воля. № 3(4). 4 лютага 1936.

[64] Наша Воля. № 4 (5). 29 лютага 1936.

[65] Słowo. № 60(4267). 1 marca 1936; Наша Воля. № 4 (5). 29 лютага 1936.

[66] Słowo. № 60(4267). 1 marca 1936.

[67] Наша Воля. № 4 (5). 29 лютага 1936.

[68]"Związek Związków Zawodowych", ZZZ. Гл: https://pl.wikipedia.org/wiki/Zwi%C4%85zek_Zwi%C4%85zk%C3%B3w_Zawodowych

[69] Słowo. 1936. 1 marca. № 60; Наша воля. 1936. 29 лютага.

[70] Сын Кушаля і Фэйгі, 1910 г. н., жыў па вул. Пастаўская, 32, член ГК КПЗБ.

[71] 1916 г. н., скарбнік ГК КПЗБ.

[72] ДАГВ. Ф. 662. Воп. 2. Спр. 53. Арк. 46.

[73] Там жа. Арк. 48 адв.

[74] Сын Рубіна, 1912 г. н.

[75] Сына Абрама, 1911 г. н.

[76] Сын Мендаля і Сары, 1910 г. н.

[77] Сын Мойшы, 1910 г. н.

[78] Сын Гдалі і Басі, 1911 г. н. член ГК.

[79] ДАГВ. Ф. 662. Воп. 2. Спр. 53. Арк. 48.

[80] Сын Бенцяла, 1910 г. н.

[81] Сын Мойшы, 1909 г. н.

[82] Сына Караля і Агаты, 1911 г. н. нарадзіўся ў Свянцяніскім павеце, выселены з памежнага пасу, караўся за камуністычную дзейнасць, жыў у Лідзе вул. Пастаўская, 35.

[83] ДАГВ. Ф. 662. Воп. 2. Спр. 53. Арк. 48 адв.

[84] Codzienna gazeta Handlowa. № 34. 11 lutego 1936.

[85] 1911 г. н.

[86] Сын Мейра, 1899 г. н., працаваш ў лясніцтве.

[87] ДАГВ. Ф. 662. Воп. 2. Спр. 53. Арк. 49.

[88] Там жа. Арк. 50.

[89] Там жа. Арк. 51.

[90] Там жа.

[91] Прысутнічалі Абрам Ваўкавыскі, Абрам Гельман сын Юдаля, 1911 г. н., член ГК КПЗБ Ліда, а таксама Бэр Рафэл,

[92] ДАГВ. Ф. 662. Воп. 2. Спр. 53. Арк. 51.

[93] Адрас кінатэатра: Сувальская (Віленская), 58.

[94] Słowo. № 60 (4267). 1 marca 1936.

[95] Słowo. № 298(4504). 30 października 1936.

[96] Там жа.

[97] Там жа.

[98] Słowo. № 58 (4265). 28 lutego 1936.

[99] Słowo. № 60 (4267). 1 marca 1936.

[100] Kurіer Wileński. № 61 (3665). 3 marca 1936.

[101] Там жа.

[102] Słowo. № 298(4504). 30 października 1936.

[103] ДАГВ. Ф. 662. Воп. 2. Спр. 53. Арк. 53.

[104] Słowo № 76(4283), 17 marca 1936.

[105] Там жа.

[106] Там жа.

[107] Гл: Лаўрэш Леанід. «Лідская рэвалюцыя» 1936 года // Arche. 2014. № 7-8. С. 318-333.

[108] Сын Юзафа, 1900 г. н. з в. Забалаць Ліпнішскай гміны.

[109] ДАГВ. Ф. 662. Воп. 2. Спр. 53. Арк. 53.

[110] ДАГВ. Ф. 662. Воп. 2. Спр. 53. Арк. 54.

[111] Kurjer Wileński № 85(3686), 26 marca 1936.

[112] Słowo. № 85 (4292). 26 marca 1936; Słowo. № 91 (4298). 1 kwietnia 1936.

[113] ДАГВ. Ф. 662. Воп. 2. Спр. 53. Арк. 55.

[114] Сын Абрама-Мойшы і Райцы, 1909 г. н., жыў па вул. Вяселая, 5.

[115] ДАГВ. Ф. 662. Воп. 2. Спр. 53. Арк. 56.

[116] Сын Мойшы і Фрыды-Пэсі, 1912 г. н., жыў па вул. Райская, 30.

[117] Сын Цалкі, 1911 г.н

[118] Сына Лейбы, 1914 г. н., кавалер, цырульнік, былы член ГК КПЗБ Браслаў.

[119] ДАГВ. Ф. 662. Воп. 2. Спр. 53. Арк. 56.

[120] Сын Ёселя, 1911 г. н., актывіст камуністычнага руху але ў 1936 г. у лідскай вязніцы адбываў тэрмін у 5 гадоў за цялесныя пашкоджанні.

[121] Дачка Шмуля, 1912 г. н., жыла вул. Гедзімінаўская, 5, працавала на "Ардалі".

[122] ДАГВ. Ф. 662. Воп. 2. Спр. 53. Арк. 57.

[123] Słowo. 1936. 28 kwietnia. № 116; 8 maja. № 126.

[124] Słowo. 1936. 15 maja. № 133.

[125] Kurjer Wileński. 1936. 15 listopada. № 314.

[126] Сын Абрама і Фейгі, 1911 г. н.

[127] Сын Пінхуса, 1917 г. н.

[128] Сын Рубіна і Хані з Сольцаў, 1918 г. н., нарадзіўся 22.01.1918 г. у Лідзе і жыў па вул. Балотнай, 13, іудзейскага вызнання, слесар, кавалер, член камітэта КЗМ г. Ліда.

[129] ДАГВ. Ф. 662. Воп. 2. Спр. 53. Арк. 58.

[130] Сын Вульфа і Сары, 1917 г. н., пекар, кавалер, жыў па вул. Школьная, 7.

[131] ДАГВ. Ф. 662. Воп. 2. Спр. 53. Арк. 59.

[132] Сын Арона і Гені, 1913 г. н. з Пінску, скончыў 8 класаў гімназіі, кавалер, жыў у Лідзе па вуліцы Сувальскай, 47.

[133] ДАГВ. Ф. 662. Воп. 2. Спр. 53. Арк. 59.

[134] Адвакат Якуб Вагнер, Сувальская, 11, тэл. 116.

[135] Słowo. № 165 (4729). 17 czerwca 1937.

[136] Там жа.

[137] Дачка Лейбы, 1910 г. н.

[138] ДАГВ. Ф. 662. Воп. 2. Спр. 53. Арк. 61.

[139] Там жа. Арк. 62.

[140] Там жа. Арк. 64.

[141] Баран і Гульнік - члены ГК КПЗБ.

[142] Сын Ізраіля і Іты, нарадзіўся ў 1917 г. у Лідзе і жыў па вуліцы Садовай, 41,. іудзейскага вызнання, сталяр, халасцяк, член камітэта КСМ г. Ліды.

[143] ДАГВ. Ф. 662. Воп. 2. Спр. 53. Арк. 65.

[144] Там жа. Арк. 66.

[145] Сын Мойшы і Цыпы, 1913 г.н., жыў у Вільні.

[146] Сын Данеля і Гіты, 1918 г. н. жыў па вул. Мацкевіча, 30 кв. 1., кавалер, слесар, працаваў на фабрыцы Шапіры.

[147] ДАГВ. Ф. 662. Воп. 2. Спр. 53. Арк. 43.

[148] Сын Юдаля, 1911 г. н., бляхар, жыу у Лідзе па вул. Пяскі, 4.

[149] Сын Абрама і Мушы, 1911 г. н., кавалер, 8 класаў гімназіі, жыў з бацькамі па вул. Райская, 29, належаў да Лігі дапамогі працоўным у Палестыне (філіял Паалей-Цыон - правіцца).

[150] Сына Хаіма і Ханы, 1894 г. н., кравец, жыў па вул. Жалезнай, 9.

[151] Сын Цалкі і Тайбы, 1911 г. н., раней караўся на 4 года вязніцы за камуністычную дзейнасць.

[152] ДАГВ. Ф. 662. Воп. 2. Спр. 53. Арк. 40.

[153] Słowo. № 126 (4332). 8 maja 1936.

[154] Ciehanowicz L. Przemysl gumowy «Ardal» S. A. // Zemia Lidzka. 1999. № 1.

[155] Там жа.

[156] Wielki Strajk Chłopski 1937. Warszawa: LSW, 1957.

[157] Słowo. № 293(4499), 25 października 1936.

[158] Там жа. Арк. 41.

[159] ДАГВ. Ф. 662. Воп. 2. Спр. 53. Арк. 42.

[160] Там жа. Арк. 67.

[161] Яшчэ ў маі 1936 г. у Лідзе пачаўся суд над галоўнымі арганізатарамі страйкаў на фабрыцы «Ардаль» і на гуце «Нёман». На лаве падсудных апынуліся прафсаюзныя лідары Раман Бярнацкі і Малеўскі. Супраць іх сведчылі ўладальнікі абодвух прадпрыемстваў, а таксама іншыя сведкі. У выніку 12 мая Лідскі акруговы суд прысудзіў Бярнацкага за «антыўрадавую дзейнасць і тэрор» на 3 гады турмы, а Малеўскага - на 2. Асуджаныя падалі справу на апеляцыю, але, як аказалася, толькі сабе на шкоду, бо ў кастрычніку 1936 г., разгледзеўшы справу паўторна, апеляцыйны суд у Вільні замест палёгкі дадаў Раману Бярнацкаму яшчэ 5 гадоў зняволення ў турме для рэцыдывістаў, прысуд жа Малеўскаму пакінуў без зменаў. - Гл: Лаўрэш Леанід. «Лідская рэвалюцыя» 1936 года // Arche. 2014. № 7-8. С. 331.

[162] ДАГВ. Ф. 662. Воп. 2. Спр. 53. Арк. 67.

[163] ДАГВ. Ф. 662. Воп. 2. Спр. 53. Арк. 68.

[164] Там жа. Арк. 69.

[165] Там жа. Арк. 71.

[166] Сын Юдаля і Фрумы, 1908 г. н.

[167] ДАГВ. Ф. 662. Воп. 2. Спр. 53. Арк. 72.

[168] Дачка Гірша, 1910 г. н., жыла па вул. Рынак, 14.

[169] ДАГВ. Ф. 662. Воп. 2. Спр. 53. Арк. 73.

[170] Сын Шлёмы і Песі з Гершанзонаў, 1912 г. н.

[171] Сын Пінхуса, 1916 г. н. з Дзятлава, жыў ў Лідзе.

[172] ДАГВ. Ф. 662. Воп. 2. Спр. 53. Арк. 90.

[173] Там жа.

[174] Сын Мойшы і Двейры з Арахаўскіх, 1915 г. н., кавалер.

[175] ДАГВ. Ф. 662. Воп. 2. Спр. 53. Арк. 89.

[176] Kurjer Wilenski № 22(3984), 23 stycznia 1937.

[177] Kurjer Wilenski № 23(3985), 24 stycznia 1937.

[178] Kurjer Wilenski № 24(3986), 25 stycznia 1937.

[179] Kurjer Wilenski № 25(3987), 26 stycznia 1937.

[180] Kurjer Wilenski № 26(3988), 27 stycznia 1937.

[181] ДАГВ. Ф. 662. Воп. 2. Спр. 53. Арк. 89 адв.

[182] Сын Лазара і Рохі-Іты, 1915 г. н., сталяр, жыў па вул. Сувальская, 146.

[183] Сына Нісана і Леі, жыў па вул. Лідская, 29.

[184] ДАГВ. Ф. 662. Воп. 2. Спр. 53. Арк. 75 - 75 адв.

[185] Сын Нахіма і Фрумы, 30.10.1913 г.н. у Вільні. Па прафесіі журналіст, жыў ў Лідзе, вул. Садовая, 14 кв. 2.

[186] Сына Монэса, 1907 г. н., літаратар, жыў у Лідзе па вул. Садовая, 14. Альбірт з красавіка 1936 г. вядомы паліцыі сваёй камуністычнай дзейнасцю.

[187] ДАГВ. Ф. 662. Воп. 2. Спр. 53. Арк. 75 адв.

[188] Дачка Ашэра і Бейлі 1915 г. н.

[189] ДАГВ. Ф. 662. Воп. 2. Спр. 53. Арк. 86.

[190] Сын Оскара, 1912 г. н.

[191] Сын Эльяша, 1912 г. н.

[192] Сын Лейбы і Басі 1916 г. н.

[193] ДАГВ. Ф. 662. Воп. 2. Спр. 53. Арк. 86 адв.

[194] Дачка Казіміра, 1915 г. н., жыла ў в. Зінявічы Ваверская гміны.

[195] ДАГВ. Ф. 662. Воп. 2. Спр. 155. Арк. 3.

[196] Сын Шаваха і Віхны, 1909 г. н.

[197] ДАГВ. Ф. 662. Воп. 2. Спр. 53. Арк. 76.

[198] Сын Шлёмы і Ханы, 1911 г. н. (сакратар ячэйкі КПЗБ Веренаў).

[199] ДАГВ. Ф. 662. Воп. 2. Спр. 53. Арк. 77.

[200] Дачка Арона і Бейлі, 1917 г. н. жыла па вул. Шавецкая, 5, працавала па Ардалю.

[201] Сіянісцкая моладзевая арганізацыя.

[202] ДАГВ. Ф. 662. Воп. 2. Спр. 155. Арк. 1.

[203] Там жа.

[204] Сын Янкеля і Гінды, нарадзіўся 11.11.1917 г. у Лідзе і там жа жыў па вул. 3-га Мая, 33, вызн. іудзейскага, рэзнік, кавалер, тэхнік камітэта КПЗБ у Лідзе.

[205] ДАГВ. Ф. 662. Воп. 2. Спр. 53. Арк. 80.

[206] Там жа. Арк. 81.

[207] ДАГВ. Ф. 662. Воп. 2. Спр. 189. Арк. 1.

[208] Kurjer Wilenski № 312(4272), 13 listopada 1937.

[209]Антоні Перавозны (1903 г .н.) арыштаваны ў Лідзе 30 кастрычніка 1939 г. і загінуў у лагеры. Яго жонка, Адэля Перавозная (1909 г .н.) была выслана ў Казахстан, у 1941 г. выйшла замуж за савецкага грамадзяніна. - Гл: Michał Szymielewicz. Wysiedlenie do Kazachstanu w r. 1940 znacznej części mieszkańców powiatu lidzkiego // Fundacja-Zakład narodowy im. Ossolńskich. Katalog Rękopisów akcesyjnych Akc. 26/56. S. 45.

[210] Kurjer Wilenski № 32(4350), 2 lutego 1937.

[211] Там жа.

[212] ДАГВ. Ф. 662. Воп. 2. Спр. 189. Арк. 1.

[213] Słowo № 81(4645), 23 marca 1937.

[214] Беларускі фронт. № 8(30), 5 жніўня 1938.

[215] Сын Лейбы і Хаі-Шэйны, нарадзіўся 19.10.1910 г. у Браславе, жыў у Лідзе па вуліцы Райнеса, 11, вызн. іудзейскага, бухгалтар, кавалер, сакратара камітэта КПЗБ.

Сын Міхала і Сары-Рывы, нарадзіўся у 1916 г. у в. Зарэчча гміны і павета Браслаўскага, жыў у Лідзе па вуліцы Райнеса, 11, іудзейскага вызнання, сталяр, кавалер, сакратар камітэта КЗМ г. Ліды.

[217] Kurjer Wilenski № 19(4695), 19 stycznia 1939.

[218] Kurjer Wilenski № 20(4696), 20 stycznia 1939.

[219] Kurjer Wilenski № 28(4704), 28 stycznia 1939.

[220] Archiwum Akt Nowych. Inwigilacja, aresztowanie i osadzanie w Berezie Kartuskiej [działaczy komunistycznych ] z woj. nowogrodzkiego. Korespondencja Prokuratury Okręgowej i Urzędu Śledczego w Nowogródku. Zesp. 349/1 Sygn. 169. 2/349/1/4.6/169. K. 17.

[221] Kurjer Wilenski № 151(4113), 2 czerwca 1937.

[222] Гірык Лявон сын Канстанціна і Альжбеты з Шыманскіх, нарадзіўся 23.04.1916. у г. Клін, беларус, кавалер, праваслаўны, па прафесіі механік, жыў ў в. Сялец.

[223] ДАГВ. Ф. 662. Воп. 2. Спр. 53. Арк. 5.

[224] ДАГВ. Ф. 662. Воп. 2. Спр. 53. Арк. 56.

[225] ДАГВ. Ф. 662. Воп. 2. Спр. 53. Арк. 64.

[226] Там жа. Арк. 65.

[227] Там жа. Арк. 70.

[228] Сын Янкеля і Фрыды, 1893 г .н. жыў па вул. Сувальская, 126.

[229] Дачка Рувіна і Хаі-Сары, 1916 г .н. жыла па вул. Пастоўская, 8.

[230] ДАГВ. Ф. 662. Воп. 2. Спр. 53. Арк. 86 адв.

[231] «Паалей Цыён» («Працоўныя Сіёна») - яўрэйская сацыял-дэмакратычная рабочая партыя.

[232] ДАГВ. Ф. 662. Воп. 2. Спр. 53. Арк. 30.

[233] Там жа. Арк. 32.

[234] Сіяністы-рэвізіянізм - сацыял-дэмакратычная плынь у палітычным сіянізме, якая абапіраецца на ідэі Уладзіміра Жабацінскага. Дэклараваныя мэты сіяністаў-рэвізіяністаў уключалі ўсталяванне яўрэйскай большасці ў Палястыне, аднаўленне распушчаных пасля Першай сусветнай вайны яўрэйскіх узброеных фармаванняў і кантроль над тэрыторыяй, адведзенай Лігай Нацый для стварэння яўрэйскай дзяржавы.

[235] Сын Гірша і Кейлі, 1914 г. н., жыў па вул. Школьная, 47.

[236] Сын Шэваха і Вінчы, 1909 г. н., жыў вул. Школьная, 53.

[237] Сын Натала і Хані, 1906 г. н., шавец, жыў вул. Мацкевіча, 13.

[238] ДАГВ. Ф. 662. Воп. 2. Спр. 53. Арк. 44.

[239] Там жа. Арк. 41.

[240] Там жа. Арк. 42.

[241] Там жа. 69.

[242] 1906 г. н.

[243] ДАГВ. Ф. 662. Воп. 2. Спр. 53. Арк. 72.

[244] ДАГВ. Ф. 662. Воп. 2. Спр. 53. Арк. 22.

[245] ДАГВ. Ф. 662. Воп. 2. Спр. 53. Арк. 12 - 12 адв.

[246] ДАГВ. Ф. 662. Воп. 2. Спр. 53. Арк. 18 адв.

[247] Там жа. Арк. 29.

[248] Там жа. Арк. 32.

[249] Там жа. Арк. 67.

[250] Там жа. Арк. 33.

[251] Там жа. Арк. 52.

[252] ДАГВ. Ф. 662. Воп. 2. Спр. 53. Арк. 58.

[253] Сын Мейлаха і Двейры, 1918 г. н.

[254] Сын Янкеля, 1916 г. н.

[255] ДАГВ. Ф. 662. Воп. 2. Спр. 53. Арк. 63.

[256] Сын Мендаля і Цыпы, 1912 г. н., сталяр, жыў па вул. Віленская, 73.

[257] Сын Вульфа і Эстэры, 1916 г. н., кравец, жыў па вул. Завальная, 17, працаваў у краўца Радунскага па вул. Сувальскай, 7., у 1937 г. жыў па вул. Лідская, 29.

[258] ДАГВ. Ф. 662. Воп. 2. Спр. 53. Арк. 13.

[259] ДАГВ. Ф. 662. Воп. 2. Спр. 53. Арк. 40.

[260] Сын Мендаля і Цыпы, 1915 г. н.

[261] Сын Абрама і Файбы, 1912 г. н.

[262] Сын Міхеля і Пэсі, 1905 г. н., жыў па вул. Турэцкая, 11, фармацэўт.

[263] ДАГВ. Ф. 662. Воп. 2. Спр. 53. Арк. 77.

[264] Сына Гіраша і Двэйры, 1907 г. н. уладальніка млына, жыў па па вул. Мацкевіча, 21.

[265] 1909 г. н.

[266] ДАГВ. Ф. 662. Воп. 2. Спр. 53. Арк. 78.

[267] ДАГВ. Ф. 662. Воп. 2. Спр. 53. Арк. 74.

[268] Жыў па вул. Балотная, 13.

[269] Жыў па вул. Садовая, 31.

[270] Член ГК КПЗБ Ліда, жыў па вул. Сувальская, 137.

[271] Член ГК КЗМ Ліда.

[272] ДАГВ. Ф. 662. Воп. 2. Спр. 53. Арк. 80.

[273] Там жа. Арк. 81.

[274] Там жа. Арк. 83 адв.

[275] Адна з сіянісцкіх сусветных моладзевых арганізацый левай арыентацыі. Заснавана ў 1916 г. як яўрэйскі аналаг скаўцкіх арганізацый.

[276] ДАГВ. Ф. 662. Воп. 2. Спр. 189. Арк. 1.

[277] Там жа.

[278] Там жа. Арк. 15.

[279] Там жа.

[280] Гётэ Ё. Фаўст. Пер. з ням. і камент. В. Сёмухі. Мінск, 1991. С.53. (Падрадковы пераклад з нямецкай мовы: "Частка той сілы, // Якая заўсёды хоча зла і але робіць (стварае) дабро".)

[281] ДАГВ. Ф. 662. Воп. 2. Спр. 53. Арк. 27.

[282] Сын Мендаля і Рыўкі, 1906 г. н., у Лідзе жыў вул. Сувальская, 136.

[283] ДАГВ. Ф. 662. Воп. 2. Спр. 53. Арк. 32.

[284] Słowo № 97(2904), 28 kwietnia 1932.

[285] Słowo № 277(3084), 4 listopada 1932.

[286] Kurjer Wileński № 271(2812), 9 października 1933.

[287] ДАГВ. Ф. 662. Воп. 2. Спр. 53. Арк. 16.

[288] Сын Вінцэнта і Евы, 1904 г. н. нарадзіўся ў Рызе, жыў ў Лідзе па вуліцы Тартакі, 9.

[289] ДАГВ. Ф. 662. Воп. 2. Спр. 53. Арк. 13.

[290] Сын Арона і Ханы, 1910 г. н. нарадзіўся ў Лідзе, кавалер, служыў у 19-м палку лёгкай артылерыі ў Лідзе.

[291] ДАГВ. Ф. 662. Воп. 2. Спр. 53. Арк.18.

[292] Там жа. Арк.19.

[293] Там жа. Арк. 20.

[294] Там жа Арк. 25.

[295] Дачка Гірша і Рымы, 1914 г. н. жыла па вул. Рынак, 14.

[296] ДАГВ. Ф. 662. Воп. 2. Спр. 53. Арк. 62.

[297] Там жа. Арк. 65.

[298] Там жа. Арк. 66.

[299] Сынам Хаіма і Малкі, 1912 г. н., з Варшавы

[300] ДАГВ. Ф. 662. Воп. 2. Спр. 53. Арк. 44.

[301] Дачка Іцкі і Паі, 17.12.1905 г.н., панна, скончыла 6 кл. Лідскай каадукацыйнай гімназіі, жыла на вул. Вызвалення, 22. У 1927 г. была прыгавораная да 6 гадоў вязніцы за прыналежнасць да КПЗБ. Тэрмін у вязніцы часткова скарочаны, вызвалена 15.05.1931 г.

[302] ДАГВ. Ф. 662. Воп. 2. Спр. 53. Арк. 18.

[303] Kurjer Wileński № 107(856), 12 maja 1927.

[304] Kurjer Wileński № 106(855), 11 maja 1927.

[305] Kurjer Wileński № 214(1559), 19 września 1929.

[306] Дачка Майра і Нахамы, 1906 г.н. у Лідзе, панна, жыла вул. 17-га Красавіка, 9.

[307] ДАГВ. Ф. 662. Воп. 2. Спр. 53. Арк. 19.

[308] ДАГВ. Ф. 662. Воп. 2. Спр. 53. Арк. 14.

[309] ДАГВ. Ф. 662. Воп. 2. Спр. 53. Арк. 18 адв.

[310] ДАГВ. Ф. 662. Воп. 2. Спр. 120. Арк. 1.

[311] Там жа.

[312] Там жа.

[313] Юзаф Невяроўскі сын Барталамея і Разаліі, 1900 г. н.

[314] Міхал Ефімец, сын Мацея і Параскевы, 1886 г. н.

[315] ДАГВ. Ф. 662. Воп. 2. Спр. 120. Арк. 2.

[316] Там жа. Арк. 2.

[317] Kurier Nowogródzki. 1932, nr 157 (242), 5 lipca.

[318] Kurjer Wilenski. 1937, nr 22 (3984), 23 stycznia.

[319] ДАГВ. Ф. 662, воп. 2, спр. 53, арк. 65.

[320] У Віленскім універсітэце ў 1930-я гг. для студэнтаў-яўрэяў выдзялялі асобныя лавы. Каб прадэманстраваць свае адносіны да гэтага, разам з імі садзіліся студэнты-беларусы і дэмакратычна настроеныя палякі.

[321] Мордухович Мирон. Местечко Желудок // Желудок: память о еврейском местечке. Москва, 2013. С. 287-288.

[322] Ярмонт Е. В тени замка Гедимина. Лида. 1995, C. 95.

[323] Артыкул з канфіскаванага нумара газеты:

«У горадзе Лідзе.

Як мы ўжо паведамлялі ва ўчарашнім нумары, Звяз звязаў 27 гэтага месяца справакаваў у Лідзе усеагульны страйк.

[Абзац выкраслены цэнзурай]

Баявікі Звязу звязаў атакавалі гарадскую электроўню і спрабавалі спыніць яе працу. У гэтым адзіным выпадку паліцыянты актыўна супрацьстаялі злачынным замахам і не дапусцілі захопу электроўні.

Скліканы Звязам звязаў мітынг у кінатэатры «Эра» сабраў узбуджаныя натоўпы, на ім выступілі генеральны сакратар Звязу звязаў Бярнацкі і шэраг членаў аб'яднання, некаторыя з іх былі камуністамі. Прамовы мелі падбухторча-рэвалюцыйны змест. Яны паказалі, што арганізатары страйку маюць на мэце не эканамічныя патрабаванні, а палітычную дэманстрацыю. У натоўп кідаліся лозунгі: «Далоў фашысцкі ўрад», «Няхай жыве рэвалюцыя ў Іспаніі!». Гаварылася аб абароне рабочага, аб адзіным фронце пралетарыяту і іншыя вядомыя камуністычныя лозунгі.

Варта адзначыць, што большасць слухачоў прыйшла на мітынг толькі з цікаўнасці. Па ўсёй Лідзе пануе аднастайнае абурэнне супраць гвалтавання і тэрору Звязу звязаў.

[Абзац выкраслены цэнзурай]

Учора пачалі працаваць фабрыкі (акрамя «Ардаля») і прамысловыя прадпрыемствы. Аднак беспарадкі не ліквідаваны. Рабочыя фабрыкі «Ардаль», якія жадаюць працаваць, могуць хадзіць па горадзе толькі вялікімі групамі, інакш на іх нападаюць баявікі Звязу. Каля 800 чалавек застаюцца без хлеба, дзякуючы дэмагогіі некалькіх кіраўнікоў!

[Абзац выкраслены цэнзурай]

Таксама ходзяць чуткі пра сродкі на страйк. Сярод іншага грошы ідуць ад лодзінскіх фірмаў, якія канкуруюць з «Ардалем».

Падрабязна беспрэцэдэнтную сітуацыю ў Лідзе мы абмяркуем у заўтрашнім нумары». - Гл: W miescie Lidzie // // Slowo. 1936. № 59. - Л. Л.

[324] З гэтага бачна, што пасля 1934 г. стаўкі былі "парэзаныя" - Л. Л.

[325] Пра страйк у гуце шкла "Нёман" гл: Лаўрэш Л. Л. Шэпт пажоўклых старонак. Лідчына ў люстэрку прэсы. 1900-1939 гг. Гродна, 2017. С. 260-264. - Л. Л.

[326] «У суботу, у 3–4 гадзіны раніцы, на тэрыторыю фабрыкі «Нёман» прыехаў лідскі стараста Чушкевіч і камендант паліцыі з Навагрfдка. Каля адной з брам фабрыкі група працоўных (па адной версіі – каля 200 чалавек, па іншай – каля 100) затрымала воз з харчамі для штрайкбрэхераў. Стараста падышоў да натоўпу і загадаў людзям адысці ўбок. Камендант паліцыі загадаў разысціся па дамах. Калі яго не паслухалі, камендант аддаў каманду разагнаць натоўп. Паліцыя гумовымі палкамі пачала выконваць загад. Рабочыя казалі, што паліцыянтаў было каля 50, афіцыйна паведамлялася пра 28 «служкаў закону» з дручкамі. Натоўп разагналі, некалькі чалавек арыштавалі. Шмат рабочых было моцна збіта. У лідскую бальніцу трапілі збітыя Ян Сэрватка, Станіслаў Янцалевіч, Станіслаў Варановіч. Моцна былі збіты жанчыны: Дыск Эмілія і Каламыцкая Зоф'я. «Эластычнасць» гумовых палак на сваёй шкуры адчулі нават два цалкам нявінныя чыноўнікі фабрыкі, якіх нельга абвінаваціць у сімпатыі да рабочых – Валарчык і дызайнер Ціткоў (галоўны дызайнер і мастак гуты – Л. Л.). Арыштавана 6 чалавек, сярод іх Гульбіновіч – сябар рады лідскага Звязу звязаў, які кіраваў акцыяй». - цыт па: Kurіer Wileński. № 165 (3766). 17 czerwca 1936. - Л. Л.

[327] Аднак «Кур'ер Віленскі» надрукаваў афіцыйныя медыцынскія даведкі пра збіццё рабочых, прозвішчы якіх пералічаны вышэй. На гэты раз рэдакцыя «Слова» прамаўчала. - гл: Kurіer Wileński. № 193 (3792). 16 lipca 1936. - Л. Л.

[328] Чырвоны сцяг ( фр. «Le drapeau rouge», песня таксама вядомая як «Наша кроў даўно ліецца катамі») - песня швейцарскіх анархістаў, напісаная ў 1877 г., з 1882 г. стала рэвалюцыйным баявым гімнам польскага пралетарыяту. - Л. Л.

[329] Польская і руская рэвалюцыйная песня часоў рэвалюцыі 1905 г. - Л. Л.

[330] Кароткая газетная інфармацыя: «Першы дзень працэсу . Ліда. Падсудныя: Абрам Гельман, некалькі разоў сядзеў за камунізм; Абрам Ваўкавыскі, таксама раней караны; Шлома Рыбацік, Лейба Левін, Сана Гаперштэйн, Абрам Арцішэўскі, Мардух Каброўскі, Рафал Гершман, Канстанты Грэбень, караны; Арсені Пашкоўскі, Дзіна Лернар, Вацлаў Вайтулевіч. Усім ад 26 да 30 гадоў, усе раней караліся і вярнуліся з вязніцаў незадоўга да падзеяў, усе былі членамі гарадскога камітэта КПЗБ. Толькі некаторыя з іх насамрэч былі рабочымі «Ардаля», большасць - ці краўцы, ці цесляры па прафесіі і, відочна, не мелі ніякага дачынення ні да «Ардаля», ні да Звязу хімічнай прамысловасці.

Пасля таго, як было зачытана абвінаваўчае заключэнне, яны доўга апавядалі на дрэннай, забруджанай яўрэйскімі словамі мове, пра крытычныя ўмовы на фабрыцы і пакуты рабочых, але не растлумачылі, чаму больш за ўсё яны выступалі за класавую барацьбу ў Еўропе.

У страйку ўдзелу не прымалі. Адзін за адным адмаўляюцца ад удзелу ў КПЗБ, агітавалі толькі за прафсаюз - Класавы звяз, які павінен быў аб'яднаць у сябе працоўны элемент. Некаторыя з падсудных, напрыклад Грэбень, прызнаюцца, што на мітынгу ў кінатэатры «Эра» спявалі рэвалюцыйныя песні, асабліва «Чырвоны штандар». Той жа Грэбень прызнаецца, што баяўся арышту і таму спрабаваў уцячы ў СССР, каб потым патрапіць у Іспанію.

Увесь час падсудныя кажуць, што дзейнічалі ў інтарэсах рабочых і сустракаліся ў аднаго антыдзяржаўніка, вядомага паліцыі.

Суддзя:

- А што вы там рабілі?

- Мы раіліся пра паляпшэнне становішча рабочых і вывучалі эсперанта.

Абарона прадстаўленае адвакатамі: Сукянніцкай, Петрусевічам, Хылям і Перайштэйнам». - цыт. па: Z. A. Z.Z.Z. i Związek klasowywzniecili "rewolucję" lidzką // Słowo. 1937. № 22. - Л. Л.

[331] Гэта будынак былой гімназіі Навіцкай, зараз - частка корпуса Лідскага ліцэя. - Л. Л.

[332] Хедэр - пачатковая яўрэйская школа. - Л. Л.

[333] «Па-просту» («Poprostu») - газета левай інтэлігенцыі Віленскага ўніверсітэта. Дзейнічала пад уплывам КПЗБ. Выдавалася як літаратурна-грамадскі двухтыднёвік на польскай мове ў Вільні з 5.08.1935 г. да 20.03.1936 г. Выступала за стварэнне адзінага народнага фронту, супраць сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту, патрабавала амністыі палітвязням. Выйшла 16 нумароў, з іх 6 канфіскаваныя. Яе змяніла газета «Кагta» («Карта»), забароненая на 3-м нумары. - Л. Л.

[334] У той час якраз здарыўся Італа-Абісінскі канфлікт. - Л. Л.

[335] Як паказвае маё вывучэння спраў лідскіх канфідэнтаў паліцыі, пра дзейнасць лідскіх камуністаў улады ведалі абсалютна ўсё. Але на судовым працэсе карысталіся толькі той інфармацыяй, якую можна было публічна агалосіць. - Л. Л.

[336] Бярнацкі быў шматразова судзімым крымінальным злачынцам. Ён казаў, што скончыў 8 класаў гімназіі імя Рэйтана, але з зачытанай на працэсе даведкі з гімназіі бачна, што ён вучыўся толькі ў першым класе гэтай гімназіі ў 1920 г. Арыштоўваўся ў Торуні за падробку вэкселя, тады запісаўся журналістам. Падчас арышту за падробку пячаткі ў Лодзі стаўся ўжо тэхнікам-будаўніком. У 1927 г. у Плоцку скраў два ровары. Адбываў турэмны тэрмін у Варшаве за крадзеж паліто, падробку вэкселя і іншыя злачынствы. У турме рэгулярна праводзіў камуністычную агітацыю і нават за гэта неяк атрымаў па карку ад суседа па камеры. - Л. Л.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX