Мы дакладна ведаем, што Тэадор Нарбут вывучаў і бараніў Лідскі замак ад варварскага руйнавання, верагодна, ён і быў першым у гэтай справе. Пасля Нарбута наш замак усебакова вывучалі Вандалін Шукевіч, кс. Казіцкі, Вацлаў Студніцкі, Пётр Пакрышкін, др. Лорэнц і інш. Граф Яўстах Тышкевіч першым вызначыў, што замкі ў Лідзе, Крэве, Гальшанах, Міры па сваім тыпажы блізкія да заходнееўрапейскіх.
У непасрэднай блізкасці ад замка жыў і кожны дзень яго бачыў лепшы лідскі гісторык XX ст. Міхал Шымялевіч. У маёй калекцыі ёсць скан здымка Лідскага замка з асабістага архіва Міхалам Шымялевічам, здымак зроблены каля дома гісторыка і, магчыма, менавіта ён і з'яўляецца аўтарам здымка. Вядома, што Шымялевіч цікавіўся замкам, і таму першы з яго грунтоўных артыкулаў меў назву «Горад Ліда і Лідскі замак» [1]. Вядома, што ўвесь яго неверагоднай каштоўнасці архіў і рукапісы загінулі і мы не можам нават прыблізна ацаніць каштоўнасць, якую страцілі і якія веды пра замак і Лідчыну прапалі назаўсёды.
Шурфоўка Міхасём Ткачовым у 1970 г. тэрыторыі Лідскага замка паказала, што ён збудаваны на штучнай падсыпцы з пяску, жвіру і камянёў і напачатку меў толькі адну вежу. У 1974 г. Яраслаў Звяруга па перыметры двара Лідскага замка зрабіў 12 шурфоў [2].
У 1977-1978, а таксама ў 1980 i 1985 гг. раскопкі ў замку праводзіў Алег Трусаў. У 1977 г. былi цалкам ускрыты рэшткі абедзвюх вежаў, знойдзены астаткі некаторых драўляных пабудоў на замкавым двары, вызначана месца, адкуль пачынаўся роў перад паўночнай замкавай сцяной. Усе археалагічныя i рэстаўрацыйныя работы выконвалі студэнты будаўнічага атрада імя У. І. Пічэты (першага рэктара БДУ), сфармаванага на гістарычным факультэце ўніверсітэта [3].
У 1982 г. на базе архітэктурна-археалагічнай экспедыцыі аб'яднання «Белрэстаўрацыя» пад кіраўніцтвам Алеся Краўцэвіча быў створаны атрад, які акрамя іншых месцаў, правёў раскопкі і ў Лідзе (1983, 1986-1987 гг.)
Фундаментальнай і таму настольнай кнігай для ўсіх аматараў археалогіі і гісторыі нашага края, з'яўляецца манаграфія Алеся Краўцэвіча «Гарады і замкі Беларускага Панямоння XIV-XVIII стст.: Планіроўка, культурны слой», выдадзеная ў 1991 г. З гэтай манаграфіі даведваемся, што ў Лідзе археолагамі ў розны час было зроблена 97 свідравін і вялікая колькасць шурфоў, дзякуючы чаму зараз мы маем інфармацыю пра таўшчыню культурнага слоя ў розных частках гістарычнага цэнтра нашага горада [4]. Было даследавана 3260 м2 у замку і 34 м2 у горадзе - у тым ліку ў раёне цэнтральнай плошчы горада - тут археолагі знайшлі два культурныя пласты: светла-шэры, таўшчынёй 0,4-0,5 м з керамікай XVIII-XX ст. і цёмна шэры, таўшчынёй 1 - 1,2 м з бітай цэглы і вапны. У гэтым пласце выяўлена каменная брукоўка і адразу пад ёй знойдзены фрагменты керамікі і кафлі XVII ст. Ніжняя частка гэтага цёмна-шэрага слою датуецца керамікай XVI ст. [5] Цікава, што сярод вялікай колькасці пляцовак у нашым горадзе, дзе праводзіліся раскопкі і бурэнні, беларускія археолагі праводзілі раскопкі на дзвюх пляцоўках, якія знаходзяцца прыкладна за 100 м ад «Ліды Нарбута» [6].
Такім чынам гісторыя археалагічнага вывучэння Лідскага замка і горада Ліды мае ўжо працяглую, паважную і ў нечым павучальную гісторыю, можна з упэўненасцю сказаць, што археалагічнае вывучэнне нашага горада абавязкова прадоўжыцца.
Мэта гэтага артыкула - зрабіць для будучых даследчыкаў спіс найбольш цікавых гістарычных аб'ектаў з указаннем іх дакладных геаграфічных каардынатаў, каб у будучыні ўжо немагчыма было страціць іх месцазнаходжанне. Гэтыя геаграфічныя каардынаты могуць выкарыстоўвацца любым чынам, нават на звычайнай папяровай карце, але, каб карыстальнікам было зручна, яны падаюцца ў фармаце гугль-карт - калі каардынаты ўвесці ў пошукавае вакенца гэтай сістэмы, месцазнаходжанне неабходнага аб'екта адразу будзе паказана на карце гэтай сістэмы.
Метадам вызначэння месцазнаходжання гістарычных аб'ектаў у нашым горадзе, якім я карыстаюся ўжо шмат гадоў, з'яўляецца метад накладання старых аэрафотаздымкаў на сучасную спадарожнікавую гугль-карту. Магчымую памылку вызначэння каардынат пры такім метадзе можна ацаніць як плюс-мінус 10 м, што дастаткова, каб знайсці гістарычны аб'ект памерам ў вялікі будынак.
На пачатку некалькі слоў пра археалагічныя раскопкі ў нашым горадзе, якія прайшлі ў ліпені 2023 г.
Зняўшы на месцы каардынаты месца раскопак лета 2023 г., мне засталося толькі вызначыць гэтую кропку на гугль-карце і падрэгуляваць празрыстасць слаёў у фоташопе на двухслойнай карце. Так было высветлена, што раскоп патрапіў на невялікую пабудову ад якой ў ліпені 1941 г. засталіся толькі падмуркі - якраз яны і былі знойдзены. Драўляныя сцены гэтага будынка згарэлі, у той час, як усе суседнія з гэтай пабудовай мураваныя сцены без выгараўшых перакрыццяў у той час яшчэ стаяць. Нагадаю, што згарэўшы цэнтр Ліды потым быў разабраны на цэглу яўрэямі Лідскага гета недзе да мая 1942 г.
Можа выказаць гіпотэзу, што гэтым летам былі адкапаныя падмуркі кухні, якая стаяла за 4-м домам (калі лічыць ад поўначы) на заходнім баку Рынкавай плошчы. Цікавым на гэтых раскопках была знаходка вялікай колькасці костак, сярод якіх былі і свіныя. Гэта можа казаць пра хрысціянскае веравызнанне гаспадара дома. Найверагодней, што драўляны будынак, падмуркі якога былі ўскрыты, з'яўляўся летняй кухняй. Дадам, што ў той час з-за павышанай пажарнай небяспекі, усе больш-менш заможныя гаспадары заўсёды мелі вось такія кухні, вынесеныя на небяспечную адлегласць ад жылога дома.
Капаючы тут, каля былой Рыначнай плошчы ці ў любым месцы старога горада, можна знайсці безліч падмуркаў, будаўнічага друзу і парэшткаў бытавых рэчаў.
Па расказах старых лідзян, якія я ўважліва слухаў і занатоўваў больш за 30 гадоў таму, ведаю, што падчас будаўніцтва гмаху, раней вядомага ў Лідзе пад назвай «Дом афіцэраў», былі ўскрыты падвалы некаторых дамоў першай лініі заходняй часткі старога гарадскога рынка. Па сутнасці, кожны такі дом, які стаяў на самым удалым для бізнесу, месцы горада, з'яўляўся магутным гандлёвым прадпрыемствам. З моманту, калі яны паўсталі пасля пажару ў канцы XIX ст., гэтыя дамы ўвесь час будаваліся, перабудоўваліся і ўдасканальваліся. Таму, калі недзе да мая 1942 г. сцены гэтых дамоў былі разабраны і месца, дзе яны стаялі, з большага было засыпаны друзам, дык магутныя падвалы засталіся некранутымі. Прыкладна праз 20 гадоў, пасля ўскрыцця падвалаў, усім на дзіва і на радасць гараджан, змучаных адсутнасцю ў крамах усяго неабходнага, у падвалах у адносна добрым стане ляжалі тавары, і не толькі нешта накшталт посуду, але нават і рулоны з тканінай! Вызначыць, дзе раней стаялі гэтыя дамы, не складана, і, магчыма, падмуркі хоць аднаго з іх засталіся некранутыя да нашага часу. Але знайсці ў іх можна прыкладна тое самае, што было знойдзена летам 2023 г., тое ж, што ёсць, практычна, на кожным метры старога горада - будаўнічы друз, аскепкі посуду, відэльцы, нажы і г.д. Як карэнны жыхар нашага горада, я ведаю гэта з асабістага вопыту.
Далей я апішу магчымыя ў будучыні месцы раскопак, музеефікацыя якіх магла б прынесці карысць гораду з-за павялічэння патоку турыстаў.
«Ліда Нарбута» 1180 г. Неверагодна цікавай і карыснай справай магла б стаць знаходка старой Ліды, якую ўмоўна можна назваць «Лідай Нарбута» 1180 г. Мне ўдалося дакладна вылічыць месцазнаходжанне гэтага старажытнага паселішча, якое, на жаль знаходзіцца ў цалкам урбанізаванай зоне нашага горада [7]. Таму на першы час тут можна было б абысціся толькі памятным знакам, які дазволіў бы ў перспектыве вярнуцца да больш рэальнай даты заснавання горада Ліды - 1180 г. А покуль ролю такога памятнага знака выконвае вядомы ўсім лідзянам знак «Люблю Ліду», які стаіць прыкладна каля паўночнай мяжы старога гарадзішча.
Каардынаты меркаванага цэнтра гэтага старажытнага паселішча: 53.89506085696649, 25.293034591800847
У Беларусі комплекс сінагога-іешыва, заўсёды меў назву Школьны двор. Лідскі Школьны двор з поўдня выходзіў на Рыначную плошчу, з дакументаў вядома, што прыбіраў рынак і Школьны двор адзін і той жа дворнік. З дакументаў таксама бачна, што Школьны двор існаваў у Лідзе як мінімум з XVII ст., ёсць ён і на карце горада канца XVIII ст. У 1843 г. пажар, які распачаўся з яўрэйскай лазні, знішчыў увесь Школьны двор, частку дамоў Рынкавай плошчы і ўсю вуліцу Віленскую. Пажар 1891 г. зноў знішчыў Школьны двор і амаль што ўвесь горад. Згарэла тады і старая сінагога, якая існавала і выкарыстоўвалася па прызначэнні каля 300 гадоў. Таму, магчыма, у больш глыбокіх культурных слаях, чакаюць археолагаў і яе падмуркі.
Новая мураваная лідская сінагога была пабудавана тут у 1896 г. у неамаўрытанскім стылі. Адным радком трэба заўважыць, што неамаўрытанскі стыль знаходзіўся ў рэчышчы эклектыкі ХІХ - пачатку ХХ ст., ён з'явіўся на хвалі пошукаў ідэнтычнасці і, канешне ж, не быў аўтэнтычнай маўрытанікай, якая будавалася ў Сярэднявеччы.
Новая лідская сінагога ўяўляла сабой двухпавярховы прамавугольнік памерамі 23 х 28 м і вышынёй у 30 метраў са сценамі мятровай таўшчыні. Будавалі Вялікую лідскую сінагогу 4 гады, будаўніцтва было завершана ў жніўні 1896 г., а набажэнства дазволена распачаць у снежні 1896 г. Зімой 1941-42 гг. па распараджэнні гебітскамісара Ханвега згарэўшая ў 1941 г. сінагога была цалкам разабрана. Будаўнічае смецце пайшло на адсыпку дарогі па забалочаным участку будучай вуліцы Міцкевіча ад сучаснага праспекта Перамогі да вуліцы Савецкай (гэтага ўчастка вуліцы Міцкевіч тады яшчэ не было) [8].
Вялікую павагу і вядомасць меў лідскі равін Рэйнес і яго іешыва. Не забыты Рэйнес і сёння.
Калі б удалося раскапаць падмуркі іешывы Рэйнеса і галоўнай Лідскай сінагогі, а потым належным чынам правесці музеефікацыю гэтых аб'ектаў, дык без сумневу гэта выклікала бы вялікую цікаўнасць турыстаў і дала б дадатковыя грошы ў бюджэт горада.
Каардынаты сінагогі: 53.8928919606208, 25.301384562036507
Каардынаты іешывы: 53.892712249057396, 25.301293124323667
Кляштар піяраў. На тэрыторыю, дзе сёння стаіць Лідскі каледж пры Гарадзенскім універсітэце, раней з поўначы заходзіла крыло кляштара піяраў, у якім месцілася вучэльня. Пасля 1863 г. касцёл і кляштар быў перададзены пад праваслаўную царкву, і ў выніку перабудовы было знесена гэтае ўсходняе крыло будынка. Але, магчыма, на тэрыторыі каледжа падмуркі захаваліся і да нашага часу [9].
Піяры ў свой час зрабілі велічэзны ўнёсак у справу адукацыі на Лідчыне.
Каардынаты кляштара: 53.89353051340163, 25.303833938287244
Царква Арханёла Міхала. Тут жа, каля сучаснай царквы Арханёла Міхала (былога касцёла піяраў), як найменей з першай паловы XVII ст. стаяла ўніяцкая (грэка-каталіцкая) царква Св. Мікалая. У дакументах канца XVIII ст. на месцы былой царквы Св. Мікалая мы бачым ужо новую царкву пад тытулам Міхала Арханёла. Абедзве гэтыя цэрквы былі драўляныя. Вядома, што царква Міхала Арханёла была пабудаваная ў форме крыжа, каля яе меўся шпіталь і пабудовы плябаніі: хата святара з каморай, пякарня, клець (амбар), гумно, хлеў. Пры капітальным рамонце вуліцы Сувальскай (зараз - Савецкай) і пракладцы тэлефонных кабеляў новай у той час пошты па вуліцы Міцкевіча (якая тады яшчэ толькі будавалася), у 1937 г. тут знайшлі парэшткі XVIII ст. «лідскіх месцічаў, якія былі пахаваны на могілках пры ўніяцкай царкве, якая згарэла ў першай палове XVIII ст», - тут маецца на ўвазе царква св. Мікалая. А калі знікла царква Міхала Арханёла, невядома, але на карце горада 1842 г. яе ўжо няма. Зараз там, дзе стаялі ўніяцкія цэрквы са шпіталем, плябаніяй, знаходзіцца паўночнае крыло будынка лідскага каледжа [10]. Могілкі ж, верагодна, займалі пляц бліжэйшы да галоўнай вуліцы горада.
Каардынаты царквы: 53.89332136298254, 25.303711884679984
Іншая грэка-каталіцкая Прачысценская царква ў Лідзе знаходзілася ў раёне горада, які меў гістарычную назву Зарэчча (зараз - раён вул. Калініна). Тут яна месцілася, прыкладна з першай паловы XVII ст. і, зразумела, што на гэтым месцы па-чарзе стаялі некалькі драўляных цэркваў. Як і належыць, каля царквы меліся могілкі, і чалавечыя косткі тут знаходзіліся яшчэ ў XX ст.
Міхал Шымялевіч паведамляў пра гэтую царкву, што ў купчай, якой быў аформлены продаж 7 красавіка 1630 г. лідскім мешчанінам Лаўрынам Паўлавічам Казюковічам сваёй зямлі і хаты Мацею Вайцяховічу і яго жонцы Парасе Фёдараўне, згадваецца Фёдар Грынявецкі, святар храмаў Божых у горадзе Лідзе - у імя Прачыстай і Святога Мікалая: «Chwiedor Hryniewiecki swieszczennik domu Bozego Przyczystey y swietego Mikolaya w Lidzkiem miescie stojacych», - заўважу, што гэта тэкст напісаны беларускай мовай на лацінцы. Пры апісанні межаў пляца ў купчай ясна ўказана месцазнаходжанне Прачысценскай царквы: «Іншым жа канцом да самой вуліцы, якая ідзе з горада Ліда на Дуброўну і Ліпнішкі, ідучы гэтаю вуліцай па дарозе з г. Ліды ад рынка і ад замка да Прачысценскай царквы па правай руцэ». З гэтага бачна, што Прачысценская царква размяшчалася на тым месцы, дзе, як пісаў Шымялевіч, на пачатку ХХ ст. знаходзілася «хатка Каліноўскага на Зарэччы» [11].
Лідзянін XIX ст. Нікадзім Сегень пабудаваў дом недалёка ад былой Прачысценскай царквы, ён гэтак апісаў сваё наваколле: «Сырасць Дзяканкі, відаць, непакоіла Нікадзіма (тут стаяў ранейшы дом Сегеняў - Л. Л.), бо ён купіў кавалак сухой пясчанай зямлі на так званай «Горцы». Гэтыя землі нядаўна былі далучаны да гарадскога раёна «Зарэчча». Да гэтага, тут, на «Горцы», доўгі час мелася пляцоўка для вывучкі казакоў, якія стаялі ў горадзе.
У яшчэ ранейшыя часы на «Горцы» мусiлi быць могiлкi, бо там (у значнай глыбiнi) часта выкопваліся чалавечыя косткi.
Набыты Нікадзімам участак зямлі прылягаў да дзвюх яшчэ нядаўна пазначаных вуліц: Мастоўскай (былая дарога на хутар Мастоўшчына [12]) і Гарыстай, якая вяла ад млына да дарогі «на Ліпнішкі» (зараз перакрыжаванне вуліц Чарнышэўскага і Стралкоўскага - Л. Л.). Ля падножжа замка размяшчаўся вадзяны млын з вялікай сажалкай. Вуглавое размяшчэнне пляца пад дом Нікадзіма было вельмі зручным для будучага падзелу дома паміж дзецьмі, бо дазваляла кожнаму мець добрую будаўнічую пляцоўку з выхадам на вуліцу.
У вуглавой частцы пляца быў пабудаваны першы дом, пазней названы «старым домам». Ён быў аддалены ад абедзвюх вуліц, фронтам выходзіў на вуліцу Мастоўскую, а ад вуліцы Гарыстай быў аддзелены фруктовым садам. Атрымалася была вялікая, драўляная хата пад саламяным дахам. Мела яна два самастойныя ўваходы ў дзве асобныя кватэры. Да тарца дома прыбудавалі «вазоўню», якая больш нагадвала ўніверсальны склад. Гаспадарчыя пабудовы складаліся з аднаго большага і некалькіх меншых хлявоў і «падвала». У адну з кватэр дома, якая складалася з двух пакояў, вялікай кухні і вялікай залы, меўся ўваход праз вялікі ганак. Другая кватэра з асобным уваходам складалася з жылога пакоя, кухні і вітальні...» [13].
Вызначаныя сучасным метадам каардынаты Прачысценскай царквы: 53.886184832612535, 25.30730971739487
Месцазнаходжанне цэркваў Св. Яна і Св. Спаса, якія таксама меліся ў Лідзе, не высветлена. Вядома толькі, што царква Св. Спаса знаходзілася недзе бліжэй да цэнтра горада. Улічваючы, што тая Ліда займала зусім маленькую тэрыторыю, меўся б шанец, можа, нават і выпадкова, знайсці падмуркі цэркваў ці, што больш верагодна, чалавечыя парэшткі на каляцаркоўных могілках. Аднак, нягледзячы на бясконцыя раскопкі тэхнічных камунікацый у нашым горадзе, да нашага часу не знойдзена слядоў гэтых цэркваў і, асабліва, могілак каля іх. Таму можна выказаць гіпотэзу, што цэрквы Св. Яна і Св. Спаса - гэта ранейшыя асвячэнні цэркваў, якія стаялі на месцы Прачысценскай царквы і цэркваў Св. Мікалая - Св. Міхала. Драўляныя цэрквы часта гарэлі і нават пасля адбудовы на тым жа самым (ці прыкладна на тым жа самым) месцы, маглі асвячацца па-іншаму. Гэта мы бачым на прыкладзе цэркваў Св. Мікалая - Св. Міхала (гл. вышэй). Таму, магчыма, царква Св. Спаса стаяла на месцы цэркваў Св. Мікалая - Св. Міхала, а Св. Яна - на месцы Прачысценскай царквы. Для зусім невялікага ў той час горада, хапіла б і дзвюх цэркваў.
Апошняя лідская ратуша. Таксама зусім блізка ад месца раскопак 2023 г. стаяла апошняя лідская ратуша. Накладанне карты горада канца XVIII ст. на сучасную спадарожнікавую гугль-карту, паказвае, што контур ратушы, у асноўным, знаходзіцца пад сучасным домам № 13 і на прамежку паміж домам № 13 і № 11 вул. Савецкай (там дзе зараз працуе гульнявы цэнтр). Улічваючы, што месца вакол ратушы інтэнсіўна забудоўвалася пасля пажару 1891 г. (тады згарэла і сама ратуша), і другі раз тое самае рабілася з канца 1950-х гг., верагоднасць захавання падмуркаў ратушы, на жаль, вельмі малая.
Апошняя лідская ратуша, згарэўшая ў 1891 г., абазначана на карце, якая складзена ў канцы XVIII ст. пры ўдзеле вучняў піярскага калегіюма.
Накладанне гэтай карты на сучасны здымак гугль-карты я рабіў з пэўным скепсісам, бо ведаў, што ў гэтай справе даецца ў знакі нават аптычная хібнасць аб'ектываў, а тут карта, намаляваная ад рукі! Аднак атрыманыя вынікі перасягнулі ўсе мае чаканні. Карта была зроблена бездакорна - вымярэнне адлегласцяў і кутоў зроблена абсалютна дакладна - выбраныя мной апорныя кропкі - тры касцёлы (фарны, кармелітаў і піяраў) і перакрыжаванне вуліц Віленскай з Каменскай (Савецкай з Ленінскай) дакладна ляглі на свае месцы. Таму, хачу яшчэ раз сказаць некалькі слоў пра гэту цудоўную карту, з дапамогай якой я вызначыў каардынаты ратушы і дзвюх нашых цэркваў.
У малодшых класах піярскага калегіюма па некаторых прадметах меліся практычныя заняткі. Пад час візітацыі 6 чэрвеня 1785 г. прафесару геаметрыі ўказана, «каб вучыў геаметрыі на практыцы, на полі, разам з рысаваннем карт». Школьная рада 2 траўня 1791 г. вызначыла час землямернай практыкі. У рукапісе «Дзеі лідскіх піяраў» 25 лістапада 1797 г. запісана: «Каморнік, прызначаны Літоўскім урадам вымяраць горад Ліду і зрабіць план, прасіў аб дапамозе студэнтаў. Сход настаўнікаў, зыходзячы з вялікай практычнай карысці для вучняў, якія вывучаюць геаметрыю, каб удасканаліцца ў гэтай навуцы, дазволіў. А таксама каб і настаўнікі хадзілі на тую практыку, аднак без занядбання школьных і кляштарных абавязкаў». Гэтак з дапамогай піяраў і з'явілася першая ў гісторыі, цудоўная карта нашага горада [14]. Дадам, што «геаметрыя» - у прамым перакладзе як раз і азначае «землямер'е».
Па шматлікіх прычынах, пералік якіх склаў бы вялікі артыкул, гарадскую ратушу абавязкова трэба аднавіць. Але з-за таго, што пляц, дзе стаяла лідская ратуша, забудаваны, нам трэба браць на ўзбраенне вопыт нашай сталіцы Менска, дзе з-за той жа прычыны, адноўленая ратуша зрабіла крок цераз вуліцу на вольнае ад забудовы месца. Адноўленай Лідскай ратушы таксама давядзецца пераступіць вуліцу Савецкую і стаяць на зараз свабодным пляцы за домам Савецкая, 16. Тут маецца вялікая пляцоўка, вольная ад забудовы, але трэба памятаць, што на гэтым месцы гарадская забудова існавала, недзе з XVI ст. (калі не раней), і перад аднаўленнем ратушы, гэтае месца патрабуе дэталёвага археалагічнага вывучэння! А знойдзеныя, па-сапраўднаму старажытныя рэчы (а не рэчы сярэдзіны XX ст.) маглі б упрыгожыць калекцыю нашай будучай ратушы.
Каардынаты апошняй ратушы нашага горада: 53.89222962259373, 25.3027088101095
Кляштар і касцёл кармелітаў. Яшчэ адным цікавым месцам, дзе трэба весці раскопкі, з'яўляецца касцёл і кляштар кармелітаў.
Зараз прыкладна там, дзе стаяў кармеліцкі кляштар, знаходзіцца будынак музычнага каледжа, а на тым месцы, дзе быў касцёл кармелітаў, праходзіць паўдзённая праезджая частка вуліцы Ленінскай, таму для пошукаў тут трэба перакрываць дарожны рух. У гэтым месцы, пры пракладцы камунікацый, неаднаразова знаходзіліся парэшткі пахаванняў людзей, што не дзіва - мы добра ведаем, што вакол касцёла кармелітаў, як і належала ў той час, меліся могілкі.
Пры дабудове да сучаснага музычнага каледжа памяшкання спартыўнай залы былі ўскрыты магутныя лёхі былога кляштара са скляпеністай столлю - старая Ліда чарговы раз нагадала пра сябе [15] і можна спадзявацца, што падмуркі найцікавейшага лідскага гмаха XVIII ст. захаваліся, і тады пасля раскопак і ўскрыцця падмуркаў кляштара, патрэбна была б па-сапраўднаму крэатыўная ідэя, як уладкаваць гэты найважнейшы археалагічнага аб'ект, які бясспрэчна выклікаў бы вялікую цікаўнасць у турыстаў.
Каардынаты касцёла кармелітаў - 53.8902029730584, 25.302287950056257
Каардынаты кляштара кармелітаў - 53.88971617458282, 25.301914047661725
[1] Гл: Шимелевич М. Город Лида и Лидский замок // Виленский календарь. Вильно, 1906. С. 37-57.
[2] Краўцэвіч Алесь, Трусаў Алег. Знаходкі ў Лідскім замку // Спадчына. 1991. № 5 С. 57-61.
[3] Трусаў Алег Мінулае і сучаснасць Лідскага замка // Лідскі летапісец. 2007. №2(38). С. 26.
[4] Краўцэвіч А.К. Гарады і замкі Беларускага Панямоння XIV-XVIII стст.: Планіроўка, культурны слой. Мінск, 1991. С. 35.
[5] Там жа. С. 47-48.
[6] Гл. карту: Краўцэвіч А.К. Гарады і замкі Беларускага Панямоння XIV-XVIII стст.: Планіроўка, культурны слой. Мінск, 1991. С. 36.
[7] Гл: Лаўрэш Леанід. Яшчэ раз пра "Ліду Тэадора Нарбута" // Наша слова.pdf. 25 ліпеня 2023.
[8] Падрабязней гл: Лаўрэш Л. Л. Шпацыры па старой Лідзе. Гродна, 2020. С. 123-124.
[9] Падрабязней гл: Лаўрэш Л. Л. Шпацыры па старой Лідзе. Гродна, 2020. С. 139-145.
[10] Там жа. С. 126-128.
[11] Гл: Лаўрэш Леанід. Лідскія цэрквы да 1939 г. // Лідскі Летапісец. 2014. № 4 (68). С. 63-79.
[12] На ўсходняй ускраіне Зарэчча яшчэ ў першай палове ХХ-га ст. існаваў невялікі засценак "Мастоўшчына", потым ён стаў лічыцца фальваркам.
[13] Архіў аўтара.
[14] Гл: Лаўрэш Л.Л. Інстынкт пазнання. Нарысы з гісторыі адукацыі ў горадзе Ліда. Гродна, 2023. С. 21.
[15] Падрабязней гл: Лаўрэш Л. Л. Шпацыры па старой Лідзе. Гродна, 2020. С. 92-97.