Папярэдняя старонка: Археалогія

Гарадзішчы і курганы Лідчыны 


Аўтар: Галубовіч Уладзімір,
Дадана: 13-11-2024,
Крыніца: Галубовіч Уладзімір. Гарадзішчы і курганы Лідчыны // Наша слова.pdf № 45 (149), 6 лістападa 2024.

Спампаваць




Гарадзішчы і курганы Лідчыны [1]

Уладзімір Галубовіч

Ад перакладчыка. Гэты артыкул у наш час мае больш мемарыяльны, чым навуковы характар, бо пасля 1930-х гг. па гэтай тэматыцы было шмат што зроблена беларускімі археолагамі, да таго ж, на жаль, у артыкул увайшло не ўсё, што даследаваў Галубовіч да моманту напісання.


Гэты артыкул у першую чаргу закліканы звярнуць увагу чытачоў на надзвычай каштоўныя артэфакты са старажытнай гісторыі Лідчыны і заахвоціць людзей, якія цікавяцца мінулым гэтага краю, апекавацца імі. Да сённяшняга дня гэтыя артэфакты часта недаацэньваюцца шырокай грамадскасцю і з-за недасведчанасці народа ці нават адукаваных людзей, падвяргаюцца варварскаму знішчэнню.

Увогуле, у дачыненні да ўсіх дагістарычных помнікаў варта адзначыць, што аб любых выпадкова знойдзеных у зямлі аб'ектах, якія нясуць сляды жыццядзейнасці чалавека ў старажытнасці, а таксама аб гарадзішчах, курганах і магілах, трэба паведамляць навукоўцам (у нашым выпадку Універсітэт Стэфана Баторыя ў Вільні, Музей дагістарычнай археалогіі, Замкавая, 11). Калі помнік знаходзіцца пад пагрозай разбурэння (капанні глыбокіх равоў, глыбокае аранне на гарадзішчах, курганах, паселішчах, магілах і г. д.) аб гэтым павінна паведаміць ў адміністратыўныя органы, якія ў адпаведнасці з пастановай Прэзідэнта РП аб ахове помнікаў, возьмуць іх пад сваю апеку да часу, покуль знойдзеныя помнікі не будуць даследаваны.

Гарадзішча і курганы з'яўляюцца вялікім аб'ектамі і адыгрываюць значную ролю ў ландшафце. У тым ліку і з-за гэтай, часам, унікальнай дэкаратыўнасці, яны павінны быць зарэгістраваны ў Краязнаўчым таварыстве ў Лідзе, як аб'екты вялікай турыстычнай каштоўнасці, вартыя нагляду і ўважлівай апекі.

Гаворка ў нас пойдзе пра гарадзішчы і курганы.


Ніводнае гарадзішча ці курган на Лідчыне да гэтага часу не даследаваліся, таму ў тэксце могуць мецца памылкі. Артыкул, у асноўным, абапіраецца на кнігу Пакроўскага "Археалагічная карта віленскай губеорні 1893 г." і В. Шукевіча "Археалагічныя пошукі ў Лідскім і Троцкім паветах".

Гарадзішчы

[…]

Ілюстрацыя да артыкула Уладзіміра Галубовіча ;Гарадзішчы і курганы Лідчыны;.

На Лідчыне гарадзішчы знаходзяцца ў наступных месцах (нумары ў тэксце стасуюцца з нумарамі на карце).

1. Суботнікі, мястэчка. Каля мястэчка на левым беразе ракі Гаўя знаходзіцца насып у форме літары Т. Магчыма, гэта ёсць гарадзішча.

2. Геранёны, мястэчка. Руіны замка, які мог быць пабудаваны на гарадзішчы.

4. Альхоўка, вёска. Ва ўрочышчы Навіна - круглы вал даўжынёй 100 м і вышынёй 2 м.

7. Бурносы, вёска Ад вясковых могілак цягнецца вал ажно да Нёмана, даўжыня каля 400 м (?), вышыня да 1,5 м. Магчыма гэта сярэднявечны вал.

11. Гарадзішча, вёска. Чатырохбаковы пляц аточаны валам і ровам. Людзі называюць яго "шведскім". Пра гэта гарадзішча пісаў Балінскі ў "Старажытнай Польшчы" (Т. 3. С. 259.) тут знаходзілі цэглу (!), манеты, наканечнікі стрэлаў, сякеры. З ім звязана паданне пра каралеву Бону.

12. Мыто, мястэчка. У адлегласці да 3 км ад царквы ў мястэчку, ва ўрочышы Жэшка маецца "курган" з упадзінай на версе. Вышыня каля 10 м, шырыня - 31 м. Другі пагорак ва ўрочышчы Зубаўшчына - вышыня каля 14 м, шырыня 42 м. Абодава пагоркі могуць быць гарадзішчамі.

13. Ліда, горад. Руіны замка. Не выключаецца, што ён мог быць пабудаваны на ранейшым гарадзішчы [2].

15. Касцянёва, вёска. На левым беразе ракі Касцянёўкі ва ўрочышчы Бамбізаўшчына на адлегласці 300 м ад вёскі - круглае гарадзішча плошчай да 1 га.

18. Баяры, вёска. Каля вёскі маюцца два валы даўжынёй да 420 м. Можа быць гарадзішча.

19. Галынка, вёска. На правым беразе Нёмана "акоп" у форме падковы. На супрацьлеглым беразе, на адлегласці 2 км, маецца падобны вал.

20. Турыйск, вёска. Узвышша, на якім пабудавана царква, можа быць гарадзішчам.

25. Шэшкі, вёска. Гарадзішча (?).

27. Гарнастаішкі, маёнтак. Пляц, аточаны валам, мае назву "гарадзішча". Пра яго пісаў Балінскі (Старажытная Польшча, Т. 3. С. 258.).

34. Сабакінцы (зараз Першамайск Шчучынскага раёна - Л.Л.), мястэчка. На адлегласці 5 км ад мястэчка ва ўрочышчы Пагарэльцы - горка, парослая лесам, мае назву "Каралеўская дуброва". Можа быць гарадзішчам.

41. Астрына, мястэчка. Насып на адлегласці да 8 км ва ўрочышчы Ашуркі. Можа быць гарадзішчам.

42. Кульбачын, вёска. Над ракой Астрынкай акруглы пляц, аточаны валам [3].

47. Дубічы, вёска. Над ракой Котра каля заходняга берага возера Пеляса.

Як бачым з карты да гэтага артыкула, усе гарадзішчы на тэрыторыі Лідчыны ляжаць над рэкамі ці азёрамі (Дубічы). Гэта ёсць важнай характарыстыкай размяшчэння гарадзішчаў (таксама і курганоў) на нашай тэрыторыі […]. Гэта можна патлумачыць адсутнасцю дарог у дагістарычныя часы і выкарыстаннем водных шляхоў.

Курганы

Курганы - гэта копцы насыпаныя з зямлі ці камення, пераважна з'яўляюцца магіламі людзей. Курганы могуць быць адзінкавымі ці групавымі, і тады могуць ствараць вельмі вялікія могілкі, якія з'яўляюцца прыкметай пасяленняў.

Курганы (часцей за ўсё насыпаныя з зямлі), знаходзяцца на Лідчыне каля наступных мясцовасцяў:

1. Суботнікі, мястэчка. Над ракой Гаўя - 1 курган які мае па абводу да 85 м. Не выключана, што можа быць гарадзішчам.

3. Ліпнішкі, маёнтак. 4 курганаы вышынёй да 2 м і па абводу да 23 м. Вада вымыла з іх чалавечыя косткі.

4. Альхоўка.

5. Дакудава.

6. Ганчары.

Каля гэтых трох месцаў (4, 5, 6) знаходзяцца курганы, частка якіх была разараная перад Першай сусветнай вайной, а частка засталася пад лесам. Адзін з курганоў перад вайной быў раскапаны князем Вітгенштэйнам, аматарам старажытнасці (?). У кургане меўся попел. На ўсход ад Дакудава ва ўрочышчы Казечына - 2 курганы.

8. Жырмуны, мястэчка. На паўднёвы ўсход ад мястэчка, у лесе каля дарогі да Радуні - курганы, якія называюцца "Шведскія магілы".

9. Жырмуны, маёнтак. У лесе маёнтка - курганы.

10. Курміны, вёска. У ваколіцах - курганы.

12. Мыто, маёнтак. У лесе маёнтка - 4 курганы.

14. Васілішкі, мястэчка. На адлегласці да 3 км ад мястэчка ў лесе - курганы.

16. Доўгая вёска, 1 курган.

17. Сухвальня, вёска. Ва ўрочышчы Левашоўшчына два валы (?), 3 большыя і некалькі меншых курганоў.

21. Ражанка, вёска. 1 круглы курган вышынёй да 2 м.

22. Дзякавічы, вёска. 3 курганы.

23. Хільчыцы, вёска. 3 курганы.

24. Казляны, маёнтак. 1 курган з назвай "Татарская магіла".

26. Таўзгеняны, вёска. 7 курганоў вышынёй да 1,5 м, маюць назву "шведскія магілы".

28. Вільканцы, вёска. Курганы (3 групы ?).

29. Жэгалішкі, вёска. Курганныя могілкі з назвай "Шведскія".

30. Корсакі, вёска. Курганы (3 групы ?).

45. Вярсока, вёска. Курганы. Вывучаў В. Шукевіч.

46. Падборы, вёска. Курганы. Вывучаў В. Шукевіч.

48. Мантаты, вёска. Курганы. Вывучаў В. Шукевіч.

49. Нача, мястэчка. Курганы. Вывучаў В. Шукевіч.

51. Друскенікі, вёска. Курганы. Вывучаў В. Шукевіч.

52. Воўчынкі, фальварак. Курганы.

53. Вярсока, фальварак. Курганы.

54. Білюнцы, вёска. Паблізу вёскі - курганы.

55. Паўстокі, вёска. Курганы. Вывучаў В. Шукевіч.

56. Тэадарова, фальварак. У лесе фальварка да 30 курганоў.

Як бачым, курганы як і гарадзішчы, часцей за ўсё знаходзяцца каля рэк. Дагістарычныя і прагістарычныя паселішчы, якія мы вывучаем пры дапамозе курганных могілак, трымаліся рэк як зручных шляхоў для камунікацыі.

Змесціва курганоў нам вядома толькі на той тэрыторыі, дзе свае шматгадовыя даследаванні праводзіў піянер дагістарычнай археалогіі Вандалін Шукевіч. Даследаваныя курганы ў асноўным знаходзяцца ў басейне ракі Мерачанкі ў межах Лідчыны, а таксама ў ваколіцах Дубічаў і Начы. На астатняй частцы Лідчыны мы нічога не ведаем пра змесціва курганоў.

Даследаванні курганных могілак Шукевічам (Вярсока, Вярсочка, Падборы, Нача, Паўстокі і інш.) якія праходзілі ў паўночна-заходняй частцы Лідчыны (у 1930-я гг. Віленска-Троцкі павет), дазваляюць фіксаваць тут знаходжанне балтаў. Пачаткі гэтага знаходжання аднесены (Вярсока) да ранняга рымскага часу (ад 1-га да 2-га ст. да нашай эры). У святле новых даследаванняў (у тым ліку і Музея дагістарыснай археалогіі віленскага ўніверсітэта), сёння датаванне павінна быць перагледжана. Але мы не будзем тут кранацца гэтага пытання.

Каменныя магілы

Паганскія курганы на некаторых славянскіх тэрыторыях, верагодна, пад уплывам хрысціянства, перарадзіліся ў так званыя каменныя магілы: напачатку ў каменныя насыпы, потым камянямі захоўвалі магілы, і, нарэшце, у звычай пазначаць магілы некалькімі ці адзінкавым камянем, часта з выбітым знакам крыжа.

На каменныя магілы на Лідчыне першым звярнуў увагу Вандалін Шукевіч, які апублікаваў свае вынікі даследаванняў могілак каля вёскі Пузэлі (№ 113 Тыгодніка Ілюстраванага, 1885.). У наступныя гады, з 1884 да 1894 г. ён раскапаў на 9 могілках каля 120 магіл […] і ў некалькіх сваіх працах ён цвердзіў, што гэта славянскія магілы. […]

Каменныя магілы на Лідчыне знаходзяцца ў наступных мясцовасцях:

31. Апонаўцы. Старыя могілкі, маюць назву "Татарскія магілы".

32. Капцёўшчына, вёска. Старыя могілкі, маюць назву "Татарскія магілы".

33. Глушня, вёска. Ва ўрочышчы Ганчары і ва ўрочышчы Манастыршчына - вельмі старыя магілы.

34. Сабакінцы, вёска. Старыя, "Татарскія магілы".

35. Вераб'і, вёска.

36. Ганелькі, вёска.

37. Таболічы, вёска.

38. Сырні, вёска.

39. Угольнікі, вёса.

40. Мацінкі, вёска.

42. Кульбачына, вёска.

43. Дэмбраў, вёска. Старыя могілкі (?).

44. Вензаўшчына, вёска.

50. Пузэлі, вёска.

Заканчэнне

У гэтым артыкуле, відавочна, не пералічаны ўсе захаваныя гарадзішчы, курганы і каменныя магілы. Праўдападобна, на тэрыторыі Лідчыне ёсць яшчэ шмат падобных помнікаў, якія покуль застаюцца невядомымі. Таму аўтар будзе ўдзячны кожнаму за інфармацыю пра існаванне аб'ектаў, якія апісаны ў артыкуле.



[1] Hołubowicz Włodzimierz. Grodziska i kurhany ziemi Lidzkiej // Ziemia Lidzka. 1939. № 1. S. 27-35. Пераклад Леаніда Лаўрэша.

[2] Археолагі не знайшлі гарадзішча пад Лідскім замкам, замак стаіць на штучным пагорку. - Л. Л.

[3] Верагодна, гэта той самы аб'ект, які пад нумарам 41 фігуруе каля Астрыны.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX