Усім вядомы пасыл Тодара Нарбута, прывязаны да 1180 года, што на месцы горада Ліды была "асада літоўская". Успрымалася і ўспрымаецца гэта як ці то легенда, ці то гіпотэза.
Разам з тым у газеце "Кур'ер Віленскі" № 273 (2814) за 11 кастрычніка 1933 года была змешчана нататка наступнага зместу:
"Адкрыццё старажытных слядоў чалавека на тэрыторыі Ліды.
На тэрыторыі Ліды на ўчастку "Выган" падчас земляных работ на пляцы настаўніка М. Міхальчука натрапілі на вялікую колькасць чарапкоў гаршкоў, раскіданых на значнай плошчы. Таўшчыня чарапкоў была характэрная для керамічных вырабаў з далёкай мінуўшчыны, таму інжынер, які наглядаў за работамі пераслаў тыя чарапкі ў Кансервацыйную камісію ў Вільні, а земляныя работы прыпыніў.
Чарапкі паказваюць, што посуд быў роблены на ганчарным крузе, а таму з пазнейшага перыяду - можа паходзіць з перыяду раннегістарычнага.
Чарапкі знайшлі таксама і ў іншай частцы ўчастка "Выган". Абодва месцы знаходак размешчаны на схіле ўзвышша тэрыторыі "Выган", якое да нядаўняга часу было аточана дрыгвой, а да хвілі парцэляцыі, што пачалалася ў апошнія часы, служыла пашаю.
Узнікае дапушчэнне, што на ўзвышшы тэрыторыі "Выган" могуць знайходзіцца або старажытныя могілкі, або знішчанае гарадзішча, або рэшткі паселішча. Патлумачаць гэта даследаванні на тэрыторыі, якія будуць праведзены з погляду на тое, што тэрыторыя "Выган" можа хаваць каштоўны гістарычны матэрыял.
У бліжэйшыя дні з Вільні па запрашэнні пана лідскага старасты, які асабіста зацікавіўся адкрыццём, мае прыехаць на месца для правядзення даследванняў асістэнтка кафедры археалогіі УСБ (Універсітэта Стэфана Баторыя ў Вільні, пер.) д-р Гелена Цэгак.
Улад."
"Кур'ер Віленскі" № 292 (2833) ад 30 кастрычніка 1933 года друкуе ўжо артыкул слыннага ў будучым археолага Ўладзіміра Галубовіча "Выправа па невядомае", у якім гаворыцца пра лідскую знаходку:
"На ўчастку "Выган" горада Ліды падчас земляных работ натрапілі на старыя чарапкі гаршкоў, на косці і вуглі. Запахла археалогіяй. Пан стараста Багаткоўскі, як добры гаспадар той зямлі, які дбае пра ўсякія яе каштоўнасці, прыпыніў работы і, пакрыўшы кошт пераезду, запрасіў з Вільні спецыяліста па археалогіі п. д-ра Гелену Цэгак, якую суправаджаў дэлегат гуртка археолагаў УСБ.
"Выган" - тэрыторыя, на якую Ліда вядзе экспансію ўжо некалькі гадоў, запаўняючы яе зграбнымі мураванымі дамкамі. Ліда наогул імпэтна разрастаецца. Што год прыбывае ў ёй каля 30 новых будынкаў, а межы горада займаюць у пэўных кірунках прастору звыш пяці кіламетраў у даўжыню. Паўстаюць прыгожыя грамадскія гмахі, як усеагульная школа імя Нарутовіча і зусім сучаснага выгляду гімназія імя Хадкевіча. Ліда можа ганарыцца гэтымі гмахамі.
"Выган" - узвышша да нядаўняга часу аточанае гразкім балотам, а цяпер перарэзанае сухімі вуліцамі. Ужо амаль увесь перакапаны.
Пробны роў пачынаем капаць на тэрыторыі пляца настаўніка Міхальчыка. Паказваецца гумус змешаны з глінай. Тэрыторыя перакопвалася не так даўно. Ёсць косці і вуглі, дзе-нідзе чарапкі гліняных пасудзін.
Капаюць беспрацоўныя. Адрабляюць атрыманыя перад гэтым дапамогі. Зімой лік беспрацоўных у Лідзе даходзіў да 2500 чалавек на 22 тыс. жыхароў. Цяпер у сезон будаўнічых і дарожных работ колькасць іх зменшылася да 250 чалавек. У нашай групе знаходзіцца 13-гадовы хлопец. Старанна дзяўбе землю велізарнай для яго рыдлёўкай, сапе ад стомы і трывожна зыркае на нас.
- Гэта таксама беспрацоўны?
- Не, адрабляе за бацьку. Гаворыць, што хворы і не можа прыйсці, а хоча адрабіць, - інфармуе інжынер, - казаў яму ісці дадому. Расплакаўся. Бацька - гаворыць - сказаў. Няхай дзяўбе...
- Ці часта практыкуецца падобная адпрацоўка дапамог іншымі людзьмі?
- Досыць часта. Напрыклад пры рэстаўрацыйных работах у замку Гедзіміна некалькі жанчын адпрацоўваюць за мужоў.
- Ці руіны замка ў небяспецы?
- Не, адрамантаваны малыя шчыліны, а цяпер узмацняецца фундамент на невялікім участку. Гэта земляныя работы.
- Падобна, пад руінамі замка, як гаворыць легенда, ёсць лёхі?
- Цвердзіць гэта легенда, а часткова пэўныя факты. Апавядаў мне 80-гадовы дзядок з бліжняй вёскі, што 65 гадоў таму назад, будучы хлопцам, хадзіў у падзямеллі. Быў тады адкрыты ўваход у іх. Падобна, цягнуцца яны далёка, як гавораць аж да Трок. Так далёка той дзядок не хадзіў, бо яму лучыны не хапіла. Дзядок той часткова можа мець рацыю. Могуць існаваць падзямеллі. Два гады таму назад на дзядзінцы замка зрабілі каток. Навазілі шмат снегу. Аблілі яго вялікай колькасцю вады. Вясной уся маса снегу і лёду хутка растала. І што дзіўна - вада не выцякала і не ўтварала вялікіх лужын, а знікала амаль раптоўна. Знайшла сабе выхад пад зямлёй.
Аповесць дзеда цікавая. Ці ж бы ў традыцыі люду так глыбока сядзела памяць пра старажытную святасць Трок?
Вяртаемся на "Выган". Пробны роў расшыраецца і праглыбляецца. Можна ўжо рабіць высновы. Некалі ў акрэсе часу ад ХІ да ХІІІ стагоддзя існавала на гэтым узвышшы славянскае паселішча ("асада славянская"). Сляды яе сёння цалкам знішчаныя. Чаму славянская? Чарапы посуду маюць славянскі палоскавы (пасьмавы) арнамент, характэрны для племянных груп, ішоўшых з усходу.
Пан стараста Багаткоўскі зрабіў вялікую паслугу навуцы. На археалагічнай карце Польшчы з'явіцца новы знак, які паказвае, што на тэрыторыі "Выгану" знойдзены сляды побыту славян у раннегістарычную эпоху ў нашым краі.
Лідскі павет мае шэраг іншых, не вывучаных яшчэ помнікаў..."
Так было знойдзена старажытнае паселішча на тэрыторыі Ліды. Як відаць з артыкулаў, ніхто пакуль не звязвае знаходку з "Лідай Нарбута". Тым больш, што звесткі пра раскопкі былі надзейна сцёртыя з памяці ў выніку войнаў, зменаў уладаў і г.д.
Другі раз адкрыў гэтае паселішча Леанід Лаўрэш у 2015 годзе рыхтуючы артыкул для "Лідскага летапісца" № 3 (71) пад назвай "Лідчына ў люстэрку прэсы, 1930-1935 гг.". Адкрыў, што называецца, "на кончыку пяра", знайшоўшы ў "Кур'еры Віленскім" прыведзеныя артыкулы.
Такім чынам, што мы маем?
Узвышша на Выгане, аточанае балотамі - гэта на чужы погляд. Для лідзян - гэта ўзвышша над поймай рэчкі Каменкі, якая ў ХІ-ХІІІ стагоддзях забалочанай не была, ды і Каменкай ці называлася. У часы раскопак русла Каменкі яшчэ можна было прасачыць.
Паводле раскопак паселішча было спалена і даўно перастала існаваць. Адбылося гэта хутчэй за ўсё ў ХIV стагоддзі, пасля пабудовы замка. Спаленае пад час чарговага набегу крыжакоў ці яшчэ каго паселішча не аднавілася на старым месцы, а ацалелыя жыхары перабраліся пад сцены замка, дзе было значна надзейней. Адлегласць ад паселішча на Выгане да замка - недзе з кіламетр, мо чуць больш.
Калі дапусціць, што паселішча на Выгане і ёсць старажытная Ліда - "Ліда Нарбута", то ўзнікаюць наступныя акалічнасці:
1. Заснавалі Ліду не балты, а славяне.
2. Заснавана Ліда не на Лідзейцы, а на Каменцы. Таму назва паселішча Ліда ёсць першасная, а назва рэчкі Лідзейкі паходзіць ад назвы горада, пра што не адзін раз пісалася. Таму ўжываць для рэчкі назву Лідзея - неправамерна. Назва можа быць толькі Лідзейка.
3. Усе этымалагічныя пошукі ў балцкіх мовах адходзяць на другі план. На першы план выходзіць славянская этымалогія. Хаця славяне таксама маглі нешта запазычыць.
4. Славянскае паселішча не магло ніяк быць старэй за ХІ стагоддзе. На гэты перыяд прыпадае хваля славянскай экспансіі ў балцкія землі Панямоння.
Не трэба быць правідцам, каб здагадацца, што старажытная Ліда, якая сёння - у самым цэнтры Ліды сучаснай, ніяк на карце горада не абазначана. Хаця вышнія сілы, відаць, усё-такі ёсць, бо менавіта тут, прыблізна на месцы старажытнай Ліды пастаўлены знак "Нулявога кіламетра". Адсюль лічацца кіламетры, то, можа, адсюль варта лічыць і гісторыю?