Папярэдняя старонка: Археалогія

Камяні-следавікі Лідчыны 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 06-11-2010,
Крыніца: Наша Слова № 35 (978), 1 верасня 2010 г., Наша Слова № 36 (979), 8 верасня 2010 г.

Спампаваць




У артыкуле "Лідская Дайнава" (Наша слова № 22 (965)), я ўжо згадваў пра вераемны камень-сваяк сакральнага каменя "кабыла", на якім, па паданні, у часы Дайнаўскага княства, каралі злачынцаў (вялікі камень "кабыла" не захаваўся да нашага часу). Гэты верагодны "сваяк" - валун даўжынёй 2,45 м, шырынёй 1,8 м і вышынёй над паверхняй зямлі 1,15 м. Зверху на паверхні валуна маецца 13 выразных лунак і некалькі меркаваных. Дыяметр лунак 5-7 см і глыбіня 1-3 см (Винокуров В. Ф., Дучиц Л. В., Зайковский Э. М., Карабанов А. К. Культовые валуны с рукотворными углублениями.). Але знайсці "сваяка" адразу не ўдаалося бо прыйшлося шукаць яго на вялікай забалочанай тэрыторыі (каля 2 км 2 Дайнаўскі культавы камень з 13 лункамі. Здымак Э. Зайкоўскага. ). Камень знайшоўся трошкі пазней, ён знаходзіцца за 0,5 км ад вёскі Дайнава-1 па дарозе да вёскі Бельскія, за 150 м на поўнач ад дарогі. Ад яго да месца дзе раней знаходзіўся славуты камень "кабыла" каля 1 км напрасткі.

Лункі на камені добра бачныя вокам, але пад пякучым сонцам лета на маіх здымках іх не бачна, таму зрабіць здымак, лепшы за здымак Эдварда Зайкоўскага не ўдалося (з артыкула "Культавыя камяні Беларусі". Э. Ляўкоў, А. Карабанаў, Л. Дучыц, Э. Зайкоўскі, В. Вінакураў// Studia Mythologica slavica № 3. 2000. C. 43-56). Вераемна, Зайкоўскі рабіў штучную падсветку, каб выявіць рэльеф каменя. Дайнаўскі валун адносіцца да класу ямкавых камянёў, г. зн. тых, на паверхні якіх маюцца адносна невялікія ямкі паўсферычнай формы. Дайнаўскі камень-следавік робіць моцнае ўражанне.


Наступная катэгорыя валуноў са слядамі штучнай апрацоўкі - тыя, якія маюць на паверхні адшліфаваныя круглыя талеркападобныя паглыбленні.

Знаўца лідскай гісторыі Міхал Шымялевіч (Город Лида и Лидский замок. Виленский календарь. Вильно. 1906. С. 37-57.) пісаў: "…блізка ад ваколіцы Бянкевічы, на ўскрайку лесу, ляжыць камень з трыма плоскімі, круглымі паглыбленнямі, кожнае па 4 вяршкі ў дыяметры, які ўяўляў собою відавочна ў часы паганства алтар, прысвечаны богу дарог Кела - Девас" . Знайсці гэты камень летам 2010 г. аўтар артыкула не змог і верагодна ён так сама не існуе. Такія ж камні ёсць у Воранаўскім раёне каля вёсак Падзітва і Друскінікі і паміж вёскамі Палашкі і Каргаўды. Падобны ж валун ёсць каля Эйшышкаў у сучаснай Літве.


Досыць рэдкай разнавіднасцю сакралізаваных валуноў з'яўляюцца "камяні кахання" ці "камяні нявест" - у Болценіках Воранаўскага і ў Новым Двары Шчучынскага р-наў. Валун каля в. Болценікі легенда звязвае з Адамам Міцкевічам і Марыляй Верашчакай. Згодна звесткам мясцовых жыхароў, раней існавала традыцыя прыводзіць нявест да такога каменя і да нашага часу жартуюць: "Ты ўжо звадзіў сваю жонку да каменя." Магчыма, "камяні кахання" ўшаноўваюцца з глыбокай старажытнасці і маюць адносіны да культу пладавітасці (Гл: Зайкоўскі Э. Культавыя камяні Гродзеншчыны: агульнабеларускія рысы і рэгіянальныя асаблівасці // Культура Гродзенскага рэгіёну: праблемы развіцця ва ўмовах поліэтнічнага сумежжа. 2003. С.206-210.).


Ящчэ адзін Абчэсаны гранітны валун, пастаўлены вертыкальна паблізу вёскі Казлы і Таболічы. Малюнак з кнігі Szukiewicz W. Szkice z archeologii przedhistorycznej Litwy. клас камянёў - валуны-пярэваратні, па легендах яны раней былі жывымі істотамі. Вандалін Шукевіч пісаў пра крыху абчэсаны гранітны валун, пастаўлены вертыкальна паблізу вёскі Казлы і Таболічы (Воранаўскі р-н, каля Забалаці) вышынёй 1,35 м. Валун быў абрукаваны вакол дробным каменем. Камень такога ж кшталту і такога ж памеру ляжаў на баку каля першага. Людзі расказвалі легенду, што ў гэтыя камяні ператварылася закаханая пара, бо ўгневала бацькоў тым, што супраць іх волі ўзяла шлюб. (Гл: Szukiewicz W. Szkice z archeologii przedhistorycznej Litwy. Cz. 1. Epoka kamienna w gub. Wilenskiej. 1901. S. 33.)

На паўночны захад ад Зблян, на адлегласці адной вярсты, каля дарогі на Парэчча, у канцы ХІХ cт. стаялі тры камяні рознай велічыні на адлегласці ў аршын адзін ад другога. Першы падымаўся над паверхняй зямлі на 1,5 аршына, другі - на 0,75. Трэці камень, верхняя частка якога, верагодна, была адбітая, ледзь выходзіў з зямлі. Усходні бок кожнага каменя - плоскі, і на ім высечаны васьміканцовы крыж. Пра паходжанне камянёў існуе народная легенда: тут сустрэліся два вяселлі, адно ехала ў царкву а другое ўжо вярталася. За тое што вяселле якое ўжо атрымала дабраславенне, саступіла дарогу вяселлю якое яшчэ не паспела яго атрымаць, маладыя і фурман былі ператвораныя ў камень, а конь - у грушу (да 1884 г. каля камянёў расла груша). Па іншым паданні, у камяні былі ператвораныя маладыя, за тое, што ў нечым правініліся перад маці і былі ёю праклятыя . (Гл: Труды Виленского отделения Московского предварительного комитета по устройству в Вильне IX Археологического съезда. Отдел II. Вильна, 1893. С. 98.)


Да самай вялікай катэгорыі сакралізаваных камянёў належаць камяніследавікі. Вераемна, першапачаткова паглыбленні на іх былі прысвечаны старажытнай Вялікай багіні ці яе мужчынскаму адпаведніку, а пасля прыняцця хрысціянства ўяўленні пра камяні змяніліся. Следавікі вядомыя амаль ва ўсім свеце, шмат іх трапляецца сярод наскальных выяў. Паводле Герадота (V ст. да н.э.), выява ступні Геракла была на скале каля берага Днястра, і ёй пакланялася мясцовае насельніцтва (Гл: Зайкоўскі Э. Культавыя камяні Гродзеншчыны: агульнабеларускія рысы і рэгіянальныя асаблівасці // Культура Гродзенскага рэгіёну: праблемы развіцця ва ўмовах поліэтнічнага сумежжа. Гродна. 2003. С.206-210.).


Камень-следавік у в. Мэйры Лідскага р-на, знаходзіўся пад абаронай дзяржавы, ляжаў за 0,2 км на паўднёвы ўсход ад вёскі.

У чэрвені 2010 г. у мяне адбылася такая размова з чатырмя мясцовымі вельмі пажылым людзьмі ў в. Мэйры. Я запытаўся ў першага дзеда на "паўднёвым ўсходзе вёскі":

- А дзе ў вас тут камень знаходзіцца, са следам нагі, такі...

- Дык няма яго, даўно ўжо няма

- Не можа быць, а дзе ж ён знаходзіцца?

Зніклы камень-следавік каля вёскі Мэйры. Здымак Э. Зайкоўскага..

- Там, вось тамака ляжаў, на горцы... і праехаць на аўтамабілі можна прама да яго...


Еду на ўзгорак, нічога не знаходжу, вяртаюся, сустракаю гэтага ж дзеда і трох бабулек з ім, пытаюся:

- Дык дзе ж камень?

- Ужо гадоў з 10 як звезлі яго, і ты не першы, хто за гэтыя гады яго шукае.

- А хто ж яго прыбраў? Калгас?

- Не, не калгас, у калгасе ўсе ж тутэйшыя, разумеюць...

- Дык хто ж?

- Дык гадоў ужо з 10, нейкія маладзёны з горада, прыехалі, пагрузілі ў машыну і павезлі...

- А што за машына? Як яны выглядалі?

- Не памятаем ужо ніякіх падрабязнасцей, даўно гэта ўжо было.

- Як выглядаў камень, што пра яго памятаеце?

- Камень такі вось быў (малюе на зямлі авал з вялікай воссю каля 50 см ), яго не цяжка было пагрузіць... Памятаю мы яшчэ малыя былі, калі дарослыя у касцёл хадзілі, мы, дзеці, каля гэтага каменя маліліся. Там быў след ногі Божай Маці і выява Ружанца... я яшчэ, малой была, мая ножка як раз у той след на камені патрапляла... Ружанец на камені - гэта такія паглыбленні па крузе..., і нават там ,дзе крыж павінен быць, там таксама адмысловая ямка была... .

Ад каменя застаўся толькі фотаздымак Э. Зайкоўскага (з артыкула: Э. Ляўкоў, А. Карабанаў, Л. Дучыц, Э. Зайкоўскі, В. Вінакураў. Культавыя камяні Беларусі // Studia Mythologica slavica № 3. 2000. C. 43-56.)

Некалькі цытатаў пра Мэйрскі камень:

"У двары Юзэфова, у полі, пры в. Мэйры Лідскага павету на ... камені відаць адбітак чалавечае нагі". Киркор Этнографический взгляд на Виленскую губернию // Вестник Императорского Русского Географического общества. Ч. 20, 21. СПб. 1857-1858. С. 180.

"Пры вёсцы Мэйры, Мытлянскай воласці, ёсць вялікі камень з выявай на ім чалавечай ступні, як бы адбітай на мяккім воску. Мясцовыя жыхары лічаць адбітак следам Маці Божай." Biblioteka Warszawska. 1855. CLXXIV. S. 452.

"Каля в. Мэйры Лідскага раёна знаходзіцца валун, апісаны яшчэ ў XIX ст. На валуне ёсць паглыбленне. вельмі падобнае на след чалавечай нагі (прытым не з пляскатай, а з "пад'ёмістай" ступнёй). Паглыбленне называюць "След Маткі Боскай". Побач з ім - падабенства меншага следу. Яшчэ адзін камень са "Следам Маткі Боскай" раней ляжаў і каля в. Дылева". Дучыц Л., Зайкоўскі Э. Пра некаторыя вясковыя святыні Віленшчыны // Куфэрак Віленшчыны, №1(3). 2001. С. 23.


Той жа лёс Камень-следавік у вёсцы Бабры.мае і камень-следавік ў в. Красулі (Шчучынскі р-н, камень таксама знаходзіцца пад абаронай дзяржавы). Следавік ляжаў за заходняй ваколіцай вёскі. У ліпені 2010 г. жыхары вёскі расказалі, што добра яго памятаюць, але ўжо гадоў з 20 каменя няма. Людзі расказалі, што камень быў вялікі, меў памеры, прыкладна 120х80 см, быў цалкам урослы ў зямлю, і меў на сабе два адбіткі, адзін, вялікі лічыўся следам дарослага і быў прыкладна мужчынскага 41-42 памеру (расказаў мужчына, які сам ставіў сваю нагу на след) і другі - меншага памеру, лічыўся следам дзіцяці.


На царкоўным двары ў в. Бабры (Лідскага р-на) на поўнач ад храма знаходзіцца камень-следавік вышынёю 0,5 м. з адбіткам жаночай ступні прыкладна 34 памеру. Па мясцовавых паданнях гэта "След Маці Божай". Гэты камень раней знаходзіўся на лузе за царкоўнымі могілкамі. У 20-х гадах нашага стагоддзя следавік быў прывезены да храму і асвечаны праваслаўным святаром. Камень быў знойдзены ў 1999 г. У. Круцікавым і Л. Лаўрэшам і ўпершыню апісаны ў "Лiдскiм летапiсцы" № 9 за 1999 г. У 2009 г. ён, агароджаны невялікім плотам, ляжаў на цвінтары пры Баброўскай царкве.


Усяго на тэрыторыі Гарадзенскай вобласці вядома 15 камянёў-следавікоў.


Пакуль зніклі не ўсе камяні, каб захаваць іх для нашчадкаў, самы час зрабіць недзе ў адным месцы Гарадзеншчыны музей камянёў.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX