Гістарычная Лідчына мае шмат археалагічных помнікаў, з іх можа самыя цікавыя месцы дзе жылі нашы продкі - селішча і гарадзішча.
Размяшчэнне селішчаў на мясцовасці паказвае шляхі гаспадарчага асваення зямель. Галоўнымі шляхамі зносін у сярэднявеччы былі рэкі і ў асноўным па рэках рассяляліся славяне па Усходней Еўропе. Акрамя таго, рачныя даліны мелі ўрадлівую глебу і заліўныя лугі, у рэках заўжды было шмат рыбы, што спрыяла развіццю гаспадаркі. Канешне, галоўную ролю у гісторыі Лідчыны адыграў Нёман і самы распаўсюджаны тып селішчаў - прырэчны. Помнікі гэтага тыпу выцягнуты нешырокай паласой уздоўж берага ракі ці ручая. Іх працягласць звычайна не перавышае 500 м, але ёсць помнікі даўжынёй да 1,5 км (напрыклад селішча каля в. Дакудава). Сустракаюцца таксама мысавыя селішчы, селішчы гэтага тыпу размяшчаюцца ў месцах упадзення дробных рэчак ці ручаёў у рэкі - на мысах.
Вось найбольш цікавыя селішча з даследаваных археолагамі на Лідчыне (Гуревич Ф. Д. Древности Белорусского Понемонья. Москва-Ленинград. 1962. С.150-201.):
- Помнік найстаражытнейшых часоў ніжэй ад вёскі Пескаўцы, на правым беразе Нёмана. Селішча знойдзена ў 1951 г. Культурны пласт ад 20 да 60 см прасочваецца на працягу 450 м.
- Селішча сярэдзіны і другой паловы І тысячагоддзя н. э. каля Белагруды. Знаходзіцца на левым беразе ракі Дзітва на поўнач ад вёскі. Тут знойдзена розная кераміка, культурны пласт разараны. А на поўнач ад вёскі за могілкамі, на беразе ракі, на месцы былога замка ў змешаным плпсце знойдзена кераміка - рэшткі дрэнна вырабленых пасудзін.
- Помнік сярэдзіны і другой паловы І тысячагоддзя н.э. у в. Гарнеты. Селішча знаходзіцца ў цэнтры вёскі, 500 м на ўсход ад р. Дзітва. Тут знойдзена ляпная і кружальная кераміка са слядамі нагару.
- Помнікі сярэдзіны і другой паловы І тысячагоддзя н.э. у в. Збляны. Тут на правым беразе Нёмана месцяцца два селішчы. Адно з іх знаходзіцца у ваколіцы вёскі на узвышаным беразе ракі, на працягу 100 - 120 м прасочваецца культурны плпст да 60 см таўшчынёй які складаецца з цёмнай зямлі з украпваннямі вуглёў. Знойдзены фрагменты кружальнай керамікі. За 500 - 600 м ніжэй па Нёману месціцца другое селішча, дзе знойдзены фрагмент ляпной пасудзіны.
- Помнік сярэдзіны і другой паловы І тысячагоддзя н.э. ў в. Ясілевічы. За 200 м на поўдзень ад вёскі, на правым беразе р. Лебяда, прыкладна за 1 км ад месца яе зліцця з Нёманам, каля вясковых могілак знаходзіцца селішча плошчай 50х20 м. Цёмны культурны пласт з прымешкам вуглёў дасягае таўшчыні 40 см. Тут былі знойдзеныя абпаленыя камяні і аскепкі кружальнай керамікі.
- Помнік XI-XIV ст. у в. Гарадзішча. Селішча на беразе рэчкі, якая ўпадае ў раку Лебяда. Па абодвух берагах на працягу 200 м прасочваецца культурны пласт чорнага колеру таўшчынёй да 40 см. Знойдзеныя кружальная кераміка і выраб з бронзы.
- Помнік XI-XIV ст. у в. Перакоп (Шчучынскі р-н). Селішча знаходзіцца недалёка ад вёскі, мае культурны слой таўшчынёй 30-40 см.
- Два селішчы XI-XIV ст. ля в. Дакудава. Першае - каля вёскі, цягнецца уздоўж Нёмана на 1,5 км паласой да 200 м. Культурны пласт ад 10 да 50 см. На паверхні культурнага пласта аскепкі кружальнай керамікі, тут знойдзены каваны цвік. Другое селішча ад першага ніжэй па рацэ на 1 км. Тут акрамя фрагментаў керамікі знойдзены абломак глінянага рыбалоўнага грузіла і крамянёвы нож.
- Селішча XI-XIV ст. за 500 м ад вёскі. Панямонцы, знойдзена кружальная і фрагменты паліванай керамікі.
Старажытным паселішчам, вядомым па пісьмовых крыніцах, адпавядаюць адкрытыя неўмацаваныя селішчы плошчай ад некалькіх сот квадратных метраў да некалькіх гектараў і невялікія, добра ўмацаваныя гарадзішчы. Гэтыя помнікі могуць знаходзіцца побач, утвараючы адзіны археалагічны комплекс. На Беларусі гарадзішчы вядомыя з позняга бронзавага веку і часта гарадзішчы адной эпохі выкарыстоўваліся насельніцтвам больш позняга часу. Гарадзішча - рэшткі старажытнага ўмацаванага паселішча або горада. На тэрыторыі Беларусі захавалася больш за тысячу гарадзішчаў, ёсць яны і на Лідчыне. Археолагі на тэрыторыі Беларускага Панямоння знайшлі каля 20 гарадзішчаў - былых феадальных сядзібаў ХІІ-ХІІІ ст. Звычайна гарадзішчы маюць культурны пласт, у якім пры раскопках знаходзяць рэшткі жытла, майстэрань, розныя рэчы і інш. Выключэнне складаюць балотныя гарадзішчы-сховішчы, дзе насельніцтва хавалася ў час ваеннай небяспекі. (Піваварчык С. і Семянчук Г. Археалогія Беларусі. 1996. Ч.2. С.35-41)
У ХІ ст. ва Усходняй Еўропе інтэнсіўна праходзіў працэс фармавання сярэдневяковых адміністрацыйна-палітычных адзінак "земляў" ці "княстваў, паміж імі ішла барацьба за палітычныя прыярытэты і эканамічныя сферы ўплываў, за гандлёвыя шляхі і новыя тэрыторыі, што адлюстравана на старонках летапісаў. У памежных раёнах існавалі гарадзішчы - вартавыя памежныя цвердзі. Тут жылі "лепшыя мужы" з дружыннікамі, якія знаходзіліся ў леннай залежнасці ад князя. Прадстаўнікі вайсковага стану, якія пражывалі тут, займаліся гаспадаркай і гэта было крыніцай іх існавання. На тэрыторыі гістарычнай Лідчыны такім ўмацаванымі паселішчамі - цвердзямі Гарадзенскага княства былі гарадзішчы каля вёскі Кульбачына і Касцянева (Шчучынскі р-н). Археолагі Піваварчык С. і Семянчук Г. пішуць пра гэтыя гарадзішча: "Іх умацаваная плошча складае каля 1 га. Абарончыя збудаванні маюць вялікую магутнасць - вышыня валоў 4-5 м. Побач з гарадзішчамі знойдзены сляды селішчаў. Раскопкамі выяўлены культурны пласт магутнасцю да 1,2 м. Аналіз рэчавага матэрыялу паказаў, што помнікі ўзніклі ў канцы Х - пачатку ХІ ст. Пляцоўкі гарадзішчаў былі забудаваны наземнымі зрубнымі дамамі (Кульбачына) і паўзямлянкамі (Касцянева). Знаходкі на гарадзішчы Кульбачына наканечнікаў стрэл (34 экз.), дзідаў (2 экз.) бляхі ад тарчы дазваляюць сцвярджаць, што гэты помнік узнік як памежная вартавая цвердзь. Знаходкі жорнаў, прасліц, рыбалоўных кручкоў, касцяных праколак, касцей свойскай жывёлы сведчаць аб тым, што насельніцтва займалася сельскай гаспадаркай і промысламі. У верхніх пластах гарадзішча знойдзены пацеркі (шкляныя і з бурштыну), шкляныя бранзалеты, шпора з рапейкай. Гэта дае падставы гаварыць аб тым, што паселішча з другой паловы ХІІ ст. пачынае змяняць сацыяльную функцыю і набываць рысы феадальнай сядзібы, што з'яўлялася вынікам феадалізацыі грамадства. На гарадзішчы Касцянева таксама знойдзены наканечнікі стрэлаў, жалезныя вырабы (нажы, рэшткі замка, шыла), косці свойскай жывёлы. У ХІІІ ст. абодва гарадзішчы загінулі ў агні. Знішчэнне іх хутчэй за ўсё звязана з падзеямі 1252 г., калі валынскія князі "плениша всю землю Новогородьскую". (Піваварчык С. і Семянчук Г. Археалогія Беларусі. 1996. Ч.2. С.45.) Таму зафіксаваны пласты пажару з моцна абгарэлай керамікай, спаленымі ўмацаваннямі і пабудовамі ў гарадзішчах Кульбачына, Касцянева.
Гарадзішча каля вёскі Кульбачына (3 км ад мястэчка Астрына) размешчана на беразе ракі Астрынкі і належыць да тыпу гарадзішчаў, умацаванні якіх не залежаць ад рэльефу мясцовасці. Аналіз археалагічнага матэрыялу паказвае, што паселішча ўзнікла ў канцы Х ст. у ходзе каланізацыі Панямоння славянскім насельніцтвам. З самага пачатку гэта была цвердзь - апорны пункт асваення правабярэжжа Нёмана, у глыбіні балцкіх зямель, потым, з ХІІ ст. пасяленне стала памежнай цвердзю Гарадзенскага княства і феадальнай сядзібай - замкам. Той факт, што гарадзішча знаходзіцца на беразе Астрынкі, даў магчымасць знакамітаму археолагу В. Сядову лічыць гэты помнік летапісным горадам Астрэя (Седов В. В. К истории поселений Черной Руси, КСИА, вып. 139, 1974, С. 27-31.). Аднак экспедыцыя археолагаў Эрмітажа знайшла летапіснае пасяленне на беразе возера Астрэя ў Пскоўскай вобласці і ад лакалізацыі летапіснай Астрэі на Лідчыне трэба адмовіцца. Так сама В. Сядоў атаясамліваў летапісны Вевярэск з гарадзішчам каля вёскі Касцянева і лічыў, што назва старажытнага горада паходзіць ад гідроніма - ракі Вавёркі (левы прыток ракі Лебяды). Сядоў лічыў, што горад загінуў у выніку нашэсця ў ХІІІ ст. а частка уратаваўшыхся жыхароў заснавала сучаснаю Ваверку за 18 км ад гарадзішча ля Касцянева. Аднак наступныя археалагічныя пошукі на месцы гэтага гарадзішча выявілі знаходкі ХV-XVII ст.ст., г.з. больш позняга часу. Таму археолагі перасталі звязваць летапісны Вевярэск з гарадзішчам каля вёскі Касцянева. Вывучэнне гарадзішчаў Кульбачына і Касцянева можа даць адказ на такія пытанні пра месца Панямоння ў сістэме міжнародных кантактаў у эпоху сярэднявечча (Піваварчык С. Беларускае Панямонне у раннiм сярэднявеччы (X-XIII ст. ст.) // BZH. № 2 (6). 1996. С. 7-18.)
Усім крытэрыям сярэднявечнага горада ў Панямонні адпавядае Турыйск (Турэйск). Сваю назву горад атрымаў ад невялічкай рачулкі Тур'я, якая працякае побач і ўпадае ў Нёман. Зараз дакладна вядома месцазнаходжанне гэтага летапіснага горада, яго гарадзішча знаходзіцца на трох узвышшах на ўсходняй ускраіне сучаснай вёскі Турыйск (Шчучынскі раён), на правым беразе ракі Нёман. Зараз гэта адно з самых маляўнічых месцаў Панямоння.
З летапісаў вядома, што у 1252-1253 гг. князь Даніла Галіцкі прыходзіць з вайной на панёманскія гарады, якія былі пад уладай Міндоўга (Ипатьевская летопись [в:] ПСРЛ, т. II, Москва 1962, с. 819, 828.). Так, разам з Навагрудкам, Ваўкавыскам, Слонімам на старонкі пісьмовых крыніц трапляе і Турыйск. Вынікам паходу 1253 г. стаў мірны дагавор 1254 г., па якому Панямонне перадавалася сыну Данілы - князю Раману. На пачатку 50-х гг. ХІІІ ст. сын Міндоўга, верагодна Войшалк, "воева около Тоурьска". Падчас сутыкнення ў 1276 г. Льва Данілавіча і Уладзіміра Васількавіча з Трайдзенем і Серпуціем "Володимер же противу тому, послав взяв у него Тоуриск на реце Немне, у сёла около нега поима" (Ипатьевская летопись, ПСРЛ, т. II, Москва 1962, с. 874.).
Археолагі сведчаць, што старажытны Турэйск узнік пры канцы ХІ ст. і быў горадам - адміністрацыйным цэнтрам сельскай акругі. Археолаг Сяргей Піваварчык піша: "Спачатку гэта было неўмацаванае славянскае паселішча. Пасля пажару, які знішчыў перашапачатковае паселішча, узвышша на якім яно знаходзілася з напольнага боку было ўмацавана валам. Адначасова сталі засяляцца навакольныя мясцовасці, утвараючы такім чынам пасады. Паселішча ператварылася ў цвердзь, з якой затым і вырас невялікі гарадок. Тое, што гэта сапраўды летапісны Турьск, дазваляе сцвярджаць комплекс тых прызнакаў, якія і вылучаюць горад: планіроўка (дзядзінец і пасад), тэрыторыя засялення каля 1,5 га, магутнасць культурнага пласта да 1,5 м, рэшткі рамеснай вытворчасці (у першую чаргу металургіі і апрацоўкі жалеза), знаходкі ў культурным пласце - фрагменты амфар, шкляныя бранзалеты, высокамастацкія касцяныя вырабы, кніжная зашпілька" (Пiваварчык С. Беларускае Панямонне... // BZH. № 2 (6). 1996. С. 15.).
Археолагі адзначаюць блізкасць матэрыяльных культур Гародні і Турыйска (Я. Г. Зверуго, Верхнее Понеманье в ХІ-ХІІІ вв., Мн. 1989, С. 75.). Верагодна гарадзенскія князі зрабілі Турыйск цэнтрам збору падаткаў з мясцовай сельскай акругі. У Іпацьеўскім летапісе ў 1276 г. названы сёлы каля Турыйска на Нёмане. Адначасова ён быў цвердзю на мяжы гарадзенскага і навагародскага княстваў. Горад загінуў ў агні ў другой палове ХІІІ ст. праз кароткі час пасля свайго ўзнікнення. (Я. Г. Зверуго, Верхнее Понеманье..., Мн. 1989, С. 89.)
Цікавыя гарадзішчы даследаваны археолагамі каля вёсак Ольжава і Мыто.
Гарадзішча за 1,5 км на паўднёвы захад ад в. Мыто на правам беразе р. Дзітва датуецца сярэдзінай - другой паловай І тысячагоддзя н.э. Гарадзішча невялікіх памераў, пляцоўка авальнай формы 30х20 м, месціцца на ўзгорку і ўзвышаецца над далінай ракі Дзітва на 20 м. Археолагі мяркуюць, што у тут было гарадзішча - сховішча, куды падчас небяспекі хаваліся жыхары з блізкага селішча. У розных частках пляцоўкі вызначаны культурны пласт цёмнага колеру да 50 см таўшчынёй. Валоў і равоў гарадзішча не мела і верагодна агароджвалася драўлянай сцяной. За гарадзішчам, на раллі вызначана пляцоўка 200х150 м на якой знойдзена ляпная кераміка. Прыкладна з XVIII ст. на вяршыні ўзгорка знаходзіўся фальварак Мыто. З-за гаспадарчай дзейнасці у 1980-х гадоў значная частка гарадзішча разбурана.
Гарадзішча і селішча сярэдзіны - другой паловы І тысячагоддзя н.э. ля в. Ольжава. Гарадзішча знаходзіцца за 1 км на поўдзень ад вёскі на беразе ракі Дзітва, мае назву Шведская гара, подступы да яго абцяжараныя з-за балот. Уяўляе сабой ізаляванае ўзвышша 8-10 м з пляцоўкай 40х20 м (у кірунку з усходу на захад), гарадзішча густа парасло лесам. Культурны плпст таўшчынёй 40 см прасочваецца толькі ў цэнтры. Тут знойдзены толькі адзін ляпны чарапок ад пасудзіны і кавалачкі вуглю. Ва ўрочышчы Гарадзішча, за 1 км ад Дзітвы знойдзеныя адзінкавыя рэшткі таўстасценнай керамікі.
Усе гарадзішчы і селішчы Лідчыны маюць вялікую каштоўнасць для археалогіі а так сама як цікавыя аб'екты для турызму.