Папярэдняя старонка: Археалогія

Да пытання існавання і размяшчэння Дайнаўскага княства 


Аўтар: Суднік Станіслаў,
Дадана: 28-02-2024,
Крыніца: Суднік Станіслаў. Да пытання існавання і размяшчэння Дайнаўскага княства (Даклад з Х Лідскіх чытанняў) // Лідскі Летапісец. 2023. № 2(102). С. 16-29.



Утварэнне і станаўленне беларускай дзяржавы Вялікага Княства Літоўскага (у пазнейшым варыянце Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага) ішло шляхам аб'яднання і далучэння многіх балцкіх і славянскіх зямель. Ішлі гэтыя працэсы ў жорсткім супрацьдзеянні суседніх, ужо сфармаваных дзяржаў і дзяржаўных утварэнняў.

Адной з частак, і вельмі важнай часткай, ВКЛ стала Дайнаўскае княства. Па прычыне адсутнасці якіх-небудзь пісьмовых помнікаў, створаных непасрэдна ў Дайнаўскім княстве, мабыць, наогул пры адсутнасці ў дайнаўцаў пісьменнасці, мы вымушаны карыстацца знешнімі крыніцамі.

Першае. Хто такія дайнаўцы?

Дайнаўцы адно з яцвяжскіх плямён, якое мела дзве назвы: яцвягі і дайнава. Яцвягамі іх называлі славяне. Дайнавой іх называлі балты (жамойты, судава, дзяволтва, нальшчаны і ўласна літва). Пры гэтым жамойты - гэта асобны народ, а судава, дзяволтва, нальшчаны і літва - тыя ж яцвягі.

Паходжанне слова яцвягі няяснае, магчыма карані яго трэба шукаць у прускай мове, дзе ятва - вершнік. Яцвягі былі вершнікамі, ляснымі качэўнікамі, пастухамі (у асноўным кароў). Археолагам вядомыя конныя магілы яцвягаў, дзе людзі пахаваны разам з коньмі. З прускай мовы яго перанялі мазаўшане (цяпер палякі), дзе яно гучыць як ядзвінгі.

Паходжанне слова дайнава не менш цмянае. Адно можна сказаць, што дайна - гэта песня.

«У пісьмовых крыніцах тэрмін з'яўляецца толькі з сярэдзіны XIII ст. - тады, як на гэтай тэрыторыі ўжо не адно стагоддзе існавала балта-славянскае двухмоўе. Як адзначае А. Кібінь, дакладна ўстанавіць час з'яўлення і эвалюцыю значэння літоўскай назвы Dainava (як эквівалента славянскага тэрміна Ятвезь) не ўяўляецца магчымым. Паводле версіі С. Каралюнаса, назва звязана з daine, deina, deine («дойная карова») і ўзыходзіць да dainiai са значэннем « пастухі кароў».

Што пісалі пра іх даследчыкі.

У «Аповесці мінулых часоў» пад 945 г. сярод паслоў, якія заключалі дамову з грэкамі, згадваецца «ятвяг Гунарев». Першае паведамленне аб ваенных сутыкненнях Русі з яцвягамі адносіцца да 983 г.: «Иде Володимеръ на ятвягы, и победи ятвягы и вся земли их».

Пачынаючы з X ст. барацьба рускіх князёў з яцвягамі працягвалася на працягу XI і XII стст. У 1038 г. на яцвягаў хадзіў сын Уладзіміра Яраслаў. Пад 1112 г. у «Аповесці мінулых часоў» паведамляецца аб паходзе на яцвягаў валынскага князя Яраслава Святаславіча. У 1196 г. ваяваць з яцвягамі хадзіў князь Раман Мсціславіч. У 1205 г. яцвягі разам з літоўцамі зрабілі набег на Валынскую зямлю. Асаблівага напружання дасягнула барацьба з яцвягамі ў час княжання Данілы Раманавіча Галіцкага. Пад 1227 г. значыцца запіс аб разгроме яцвягаў, якія напалі на Бярэсце.

У 1248, 1253 і 1258 г. Даніла і Васілька Раманавічы разам з польскімі князямі ажыццявілі тры вялікія паходы супраць яцвягаў. Зямля яцвягаў была моцна спустошана і часткова падначалена галіцка-валынскімі і мазавецкімі князямі. У 2-й палове XIII ст. узмацніўся ціск на яцвягаў з боку нямецкіх крыжакоў.

Пісьмовыя крыніцы адзначаюць мужнасць яцвяжскіх воінаў і іх правадыроў. З сярэдзіны XIII ст. звесткі аб яцвягах у рускіх летапісах абрываюцца. З паведамленняў польскіх і нямецкіх храністаў вядома, што ў канцы XIII ст. яцвягі былі канчаткова заваёваны крыжакамі. У 1283 г. апошні незалежны яцвяжскі (судаўскі) нобіль Скурдо, пакінуў радзіму і пайшоў з сваім атрадам у Літву. Яцвяжская тэрыторыя была спустошана, а насельніцтва часткова знішчана, часткова пераселена на суседнія землі (Літва, Польшча, Панямонне).

Археолагі правялі вялікую работу па лакалізацыі тэрыторыі, заселенай яцвягамі, але вынікі археалагічных раскопак мы тут апусцім.

Паспрабуем перайсці бліжэй да Дайнаўскага княства.

Паводле летапісу «Манумента Германіка» вядома з 1217 гістарычная вобласць (зямля) Дайнава, заселеная яцвяжскім племем.

21 жніўня 1253 г. папа Інакенцій IV зацвердзіў перадачу земляў Нямецкаму Ордэну, у тым ліку і палову зямлі Дайнова (Dainowe): " Мы даведаліся, што найдаражэйшы ў Хрысце сын наш, найяснейшы кароль Летовіі… падараваў, як вы сцвярджаеце, вам і вашаму шпіталю землі Вангі і Коршава, а таксама палову мясцовасцей, якія па-просту называюцца Дайнова і Расіёны, ды некаторыя іншыя мясцовасці і маёмасці, якія наколькі вядома, належалі яму. Таму мы, …апостальскай уладай гэта завяраем і зацвярджаем моцай гэтага ліста".

12 сакавіка 1254 г. Міндоўг, «добра параіўшыся з сваімі, прынялі вялебнага айца пана Хрысціяна, якога папрасілі высвяціць на біскупа нашага каралеўства, уводзячы яго ў дзяржанне, а таксама прызначаючы яму ж у трыманне палову Расейнаў, палову Бетыголы, палову Лукава, на вечную памяць пра гэтую справу мы далі зацвердзіць гэты ліст нашай пячаткаю. Учынена гэта ў прысутнасці і са згоды нашых сыноў Рэплі і Герстута, ды нашага вернага Парбуся». (Там жа,1.3 ). Гэтым дарчым дакументам тры з пяці памежных земляў 1253 г., а менавіта палова Расейнаў, палова Бетыголы, палова Лукава, былі падораныя біскупу Хрысціяну. Айрагола і Дайнава ў дакуменце не згадваюцца, з чаго выцякае, што гэтыя дзве зямлі засталіся памежнымі.

Трэці раз зямля Дайноў згадваецца ў дамове Міндоўга з Нямецкім Ордэнам у Лівоніі ад 7 жніўня 1259 г. Гэтую дамову J. Latkowski (1892) і W. Ketrzynski (1907) лічылі фальсіфікацыяй. К.Maleczynski (1936) даказваў яе сапраўднасць. Калі гэта і фальсіфікацыя, то тых часоў, што дазваляе ставіцца да геаграфічных назваў мясцовасцяў і селішчаў як да дакладных. Па дамове 1259 г. Міндоўг, быццам бы, саступіў крыжакам амаль усю Дайнаву: " …мы са згоды нашых дзедзічаў перадалі іхняму дому на вечнае, вольнае і бяспечнае валоданне ніжэй названыя землі, нічога не пакідаючы сабе з права ці юрысдыкцыі або ўлады на іх. … Назовы ж земляў гэткія: Данова (Denowe) уся, якую таксама некаторыя называюць Етвезь (Ietwesen), з выняткам некаторых невялікіх земляў, а менавіта Сентаны (Sentane), Дзернаў (Dernen) і Крэсмаў (Cresmen), і вёскі, якая называецца Губініты (Gubiniten), з трыма вёскамі ў Вельцаве (Welzowe), якія захоўваем у сваім валоданні. Звыш таго мы далі згаданым братам усю землю Скалову (Schalowen), усю Жамойць (Seymeten), з выняткам толькі тых маёмасцяў у самой Жамойці, якія мы перадалі вялебнаму айцу і пану біскупу Летовіі".

W. Ketrzynski (1907) і H. Lowmianski (1932) лакалізавалі тры тапонімы з гэтай дамовы: Sentane - гэта Свентайна, Dernen - Дзярнова, Cresmen - Скаментна. Гэтыя селішчы знаходзяцца ў Польшчы ў паўднёвай частцы Судавіі, паміж Мазурскімі азёрамі і р. Бебжа.

Такім чынам, з тэкстаў дамоў 1253 і 1259 гг. выцякае, што зямля Дайноў (Дайнова) спачатку была падзеленая на дзве паловы, адна з якіх была падораная братам Тэўтонскага Ордэна ў Лівоніі, а праз 6 гадоў, магчыма, і другая палова, за малым выключэннем была перададзена ў іх валоданне. Зямля гэтая размяшчалася на заходнім памежжы каралеўства, у Судавіі.

Дайнаўскае княства згадваецца ў "Летапісцы Вялікіх князёў Літоўскіх": «А пятый брат Троиндень мешкал пры брате своем великом князе Нарымонъте. И доведался князь великий Нарымонт, што ж князи Ятвезъские померли, а люди их мешкают без господара. И князь Нарымонт поидеть на них. И они не противечыся поддалися и поклонилися ему. А так он, оставшы им господарем и вземшы их, дал брату своему Троинденю за вдел. И князь великий Тройдень наидеть гору красную над рекою Бебрею. И сподобалося ему там вельми и зарубил город и назоветь его Раигород, и прозоветься князем Ятвезским и Доиновъским». ( "А пяты брат Трайдзень жыў пры браце сваім вялікім князі Нарымонце. І доведаўся князь вялікі Нарымонт, што князі яцвяжскія памерлі, а людзі іх жывуць без гаспадара. І князь Нарымонт пайшоў на іх. І яны не супраціўляючыся паддаліся і пакланіліся яму. І так ён, стаўшы ім гаспадаром і ўзяўшы іх, даў брату свайму Трайдзеню ва ўдзел. І князь вялікі Трайдзень знайшоў гару прыгожую над ракою Бабром. І спадабалося яму там вельмі і зарубіў горад, і назваў яго Райгорад, і празваўся князем Яцвяжскім і Дайнаўскім»).

У "Хроніцы літоўскай і жамойцкай": «Тройден ятвиги, где теперь Подляше и князство Дойневское, доброволне собъ поданое, опановал, который, заъехавши з пригоды в пущу на ловы, нашол гору роскошную над Бобром ръкою, которой положене собъ уподобавши, збудовал Райгородок замок». (ПСРЛ. Т.32. М.1975, с.32). ( «Трайдзень яцвягаў, дзе зараз Падляшша і княства Дайнаўскае, дабраахвотна яму паддаўшыхся, апанаваў, ён жа, заехаўшы з прыгоды ў пушчу на ловы, знайшоў раскошную гару над ракою Бабром, якой размяшчэнне ўпадабаўшы, збудаваў замак Рай-гарадок».)

У хроніцы Быховца: «Y kniaz weliki Troyden nayde hora krasnu nad rekoiu Bebroju, y spodobalosia jemu tam welmi, y zarubil horod, y nazowet ieho Rayhorod, y prozowetsia welikim kniazem jatwizskim y doynowskim» (Там жа, с. 135). ( "А вялікі князь Трайдзень знайшоў прыгожую гару над ракою Бабром, і спадабалася яму там вельмі, і зрубіў горад, і назваў яго Райгорад, і празваўся князем яцвяжскім і дайнаўскім".)

Беларуска-літоўскія хронікі сыходзяцца ў тым, што князь Трайдзень, без бітваў і гвалту «апанаваў» тэрыторыю яцвягаў і дайнаўцаў; што яцвягі жылі ў Падляшшы, побач размяшчалася княства Дайнаўское; на тэрыторыі яцвягаў над ракой Бабёр Трайдзень знайшоў гару, на гэтай гары пабудаваў Райгорад і стаў князем яцвяжскім і дойнаўскім.

Сучасны Райгорад з Замкавай гарой размешчаны ў Польшчы ў Падляшскім ваяводстве, у Граеўскім павеце, за 24 км ад Аўгустова на беразе Райгродскага возера. Трохі паўднёвей працякае р. Бабёр - Бебжа па-польску - правы прыток Нарава.

Важная інфармацыя тут яшчэ і ў тым, што Нарымунт даў Трайдзеню яцвяжскія і дайнаўскія землі ва ўдзел. Сфармавалася ўдзельнае княства.

Яшчэ раз зямля Дайноў згадваецца ў Салінскай дамове 1398 г., калі Вялікі князь літоўскі Вітаўт у чарговы раз саступіў крыжакам палову Судавіі.

Летапісы дапоўніў вялікі гісторык Літвы Тодар Нарбут.

Тодар Нарбут, малюючы паход князя Скірмунта ў 1160 г. на невядомага гісторыкам князя ўладзіміра-валынскага Мсціслава Ізяслававіча, перамогу ў бітве з валынцамі над берагам Ясельды, здабычу Пінска і Турава: «Zkаd przyniosl trofea zwycieztwa i radosne wiesci ojcowi swojemu do Dziewialtowa" ("Адкуль прынёс трафеі перамогі і радасныя весткі бацьку свайму ў Дзевялтоў»); завяршыў абзац фразай: «Do tej lub blizkiej epoki odnosi sie przylaczenie stale do Litwy Xieztwa Dejnowskiego, dzis czesc wschodnio-poludniowa powiatu Lidzkiego". ("Да гэтай, або блізкай эпохі адносіцца сталае далучэнне да Літвы Княства Дайноўскага, цяпер паўднёва-ўсходняя частка Лідскага павета».) (Narbutt T. Dzieje starozytne narodu litewskiego. Т.3. S.298.)

І затым некалькі разоў паўтарыў гэтую думку ў 4 і 5 тамах сваёй «Гісторыі літоўскага народа»: "W roku 1234 Rus, polozona mitdzy Dzitwa i Pelasa, z jednej, a Niemnom z drugiej strony, od ujscia Gawii do ujscia Kotry, juz zaczela nalezec do Wielkiego Xieztwa Litewskiego, nie mniej Dejnow, Lida, Dabrowna i po rzeke Zyzme, jak dopiero jest granica miedzy powiatami Lidzkim i Oszmianskim". ("У 1234 г. Русь, размешчаная паміж Дзітвой і Пелясой, з аднаго, і Нёманам з другога боку, ад вусця Гаўі да вусця Котры, ужо пачала належаць Вялікаму Княству Літоўскаму, не меней Дайноў, Ліда, Дуброўна і па рацэ Жыжме, як зараз ёсць мяжа паміж паветамі Лідскім і Ашмянскім.») (T.4. S.74.)

«Byl on razem Xiezeciem Dojnowskim, …wydzial ten od Dojnowa, znajomej wlosci dotad, w powiecie Lidzkim, nazwany, skladaly parafie tego powiatu Ruskie, gdyz czesc Peluzyi, czyli parafie Litewskie». «Dojnaw, czyli jak dzis pisza Dejnow, lezy nie daleko Lidy i Myta". ( "Быў ён адначасова князем Дайнаўскім, (гэта пра Трайдзеня) … названы ад Дайнова, вядомай воласці дагэтуль, у павеце Лідскім, складалі парафію гэтага павета рускія, а частку Пялюзіі, гэта значыць парафіі - літоўскія". "Дайнаў, ці як сёння пішуць, Дайноў, ляжыць недалёка ад Ліды і Мыта». (T.4. S. 285).

«To miejsce, po zawojowaniu Xieztwa Dejnowskiego, okolo r. 1180, w ktorem lezalo, jest osada litewska; poniewaz Lida, znaczy trzebiez, pole z lasu oczyszczone". ("Гэтае месца, пасля заваёвы Княства Дайнаўскага, каля 1180 года, у якім знаходзілася, ёсць селішча літоўскае; таму што Ліда, азначае высечка, поле, вычышчанае ад лесу».) (Т.5. Dodatki … S.1.)

Дайнаўскае княства аказалася лакалізаваным на Лідчыне, а горад Ліда быў аднесены ў 12 стагоддзе. Заслухаўшы даклад Леаніда Лаўрэша мы знайходзім у Нарбута адну недакладнасць: Ліда ў 12-м стагоддзі была паселішчам не літоўскім, а славянскім, і на той час сталіцай Дайнаўскага княства быць не магла.

За Т. Нарбутам рушылі ўслед I. Iaroszewicz (1844): "Дэйна - гэта цяперашняя Дайнова, пасял. на захад ад Ліды";

Н.П. Барсаў (1873, 1885): «Область Денова находилась между Неманом и Вилией, по притокам Немана, Меречанки, Дитве и Жижме, в теперешних уездах Лидском, Ошмянском и в южной части Виленского, и, может быть, Вилейского. Здесь до сей поры находятся несколько населенных мест, сохранивших древнее областное название. Нам известны - по р. Меречанке и ее притокам: Дойнова и Дойновка к югу от Медников (верстах в пяти), Дайнова на юго-запад от них (верстах в двадцати), Дайнишки и Дайнова на р. Сольче, Дейново на юг от Сольчи (все в Вилейском уезде); по Дитве - Дойново к западу от Лиды верстах в пяти; по Жижме; Дайнувка у верховьев ее на Виленско-Ошмянской границе, Дайновка ниже Германишек; два селения Дайнова, между Жижмой и Ольшанкой, к северо-востоку от Лиды. Сверх того, подобноименные селения встречаются и в южной части Ошмянского уезда, на Минской границе, в области Неманского притока Березины: Дойнова Большая и Дойновка на речке Пурвиле»;

А. Кіркор ("Живописная Россия", 1882): «Древнъйшая же столица Дейновцевъ, Дейново, въ 15 верстахъ от Лиды, нынъ небольшая деревня. Дейновское княжество существовало еще въ начале ХІІІ столътия.… В Дейновъ сохранился большой камень, который народъ называет кобылкою, ибо, по преданію, на нем казнили преступниковъ";

У энцыклапедыі «Жывапісная Расія», у раздзеле, які тычыцца Ліды, можна знайсці інфармацыю, што Ліда была сталіцаю ўдзельнага княства і можна яе лічыць вельмі старым паселішчам на мяжы Літвы, зямель славянскіх і дайнаўскіх. Горад адыгрываў важную ролю ў гісторыі памежжа. Адам Кіркор, аўтар «Жывапіснай Расіі», лічыў, што Ліда ўжо ў даўнія часы магла выконваць функцыі цвердзі, а князь Гедымін пазней пабудаваў у ёй замак.

«Ліда ляжыць амаль на мяжы двух плямён, якія насяляюць Лідскі рэгіён: ліцвінаў і чарнарусаў, аддзеленых рэчкай Дзітва. Найстарэйшая сталіца дайнаўскіх плямён Дайнава - гэта цяпер невялікая вёска наводдаль ад Ліды. Дайнаўскае княства існавала яшчэ ў пачатку ХІІІ стагоддзя (…)».

У кніжцы «Нячысцікі з гісторыі жыцця літоўскага народа» Кіркор коратка дадаў інфармацыю, якая ўтрымоўвае сведчанні, датычныя Дайнаўскага замка:

«Горад Ліда быў пабудаваны на самай граніцы старажытнай Літвы і славянскіх плямён. Быў заснаваны ў другой палове ХІІІ стагоддзя, калі Дайнаўскае ўдзельнае княства ўступіла месца Лідзе, якая спачатку, праўдападобна, была невялікім літоўскім паселішчам».

У даведніку «Гарадскія паселішчы ў Расійскай Імперыі» за 1860 год напісана: «Горад Ліда належыць да найстарэйшых літоўскіх паселішчаў. Навакольныя маёнткі ўтваралі самастойны ўдзел дайнаўскіх князёў, рэшткі палаца якіх захаваліся ў фальварку Дайнава каля Ліды».

Э.А. Вальтэр (1893, Энциклопедия Брокгауза): «Дейновское княжество XII в. находилось в пределах нынешнего Лидского у. Виленской губ. Около фольварка Дейнова (близ р. Дзитва) заметны следы замка и города, который был главным в Д. княжестве. Сохранился большой камень, называемый "кобылкой", на котором, по преданию, казнили преступников»; Ф.В. Пакроўскі (1893) і інш.

Беларускі гісторык Вячаслаў Насевіч звяртае ўвагу на тое, што прыкладна з часу Трайдзеня дайнаўскія землі робяцца часткай Вялікага Княства Літоўскага - гэта лёгка тлумачылася б тым, што князь Дайнавы, стаўшы вярхоўным князем Літвы, зліў сваю вотчыну з уладаннямі папярэдняй дынастыі. У 1323 г. Гедымін перанёс сталіцу княства ў Ліду, утварылася Лідскае княства; пры Вітаўце ў канцы XIV ст. Лідскае княства ўключана ў склад Віленскага княства ВКЛ. У XV ст. і пазней большасць гэтага абшару займала малазаселеная Дайнаўская пушча - традыцыйнае месца палявання вялікіх князёў літоўскіх.

Сцвярджэнне Т. Нарбута, дзякуючы гэтак аўтарытэтнай падтрымцы даследчыкаў, большасць з якіх былі хутчэй літаратарамі, чым гісторыкамі, дажыло да канца мінулага стагоддзя: "Дайноўцы - нашчадкі яцвяжскага племя, што жылі на правым беразе Нёмана. У 13-14 ст. мелі княства, якое займала тэр. паміж Нёманам (правыя прытокі Дзітва, Гаўя з р. Жыжма) і Віліяй. Упершыню княства ўпамінаецца пад 1259 у грамаце Міндоўга. З 1260-х гадоў дайноўцы, страціўшы сваіх князёў, запрасілі да сябе кн. Трайдзеня. З цягам часу асіміляваліся большасцю ў беларусаў, астатнія - у літоўцаў" (ЭГБ. Том 3. 1996. с.195).

Пад канец 20-га стагоддзя абазначылася перанясенне Дайноўскага княства на паўночны захад ў ніжнюю плынь р. Меркіс: «Дайнава (Дайнова), гіст. вобласць у Літве і на Пн-З Беларусі. Упершыню ўпамін. у 1255 у грамаце Міндоўга крыжакам (магчыма, падробленай) . Першапачаткова ўяўляла сабой, напэўна, тэрыторыю аднайменнага заходнебалцкага (яцвяжскага) пляменнага княства, якое ў 2 пал. 13 ст. увайшло ў склад ВКЛ і было паступова асіміліравана на Пн літоўцамі, на Пд - беларусамі… Асноўная тэрыторыя Д. ахоплівала правабярэжжа Нёмана на Пн - У ад Гродна, у ніжнім цячэнні р. Мяркіс (суч. Варэнскі р-н Літвы) і прылеглых частках суч. Гродненскага, Шчучынскага і Воранаўскага р-наў, адкуль адбывалася рассяленне далёка на Пд (нават на левабярэжжа Нёмана) і на У. У 15 ст. і пазней большасць гэтага абшару займала слабазаселеная Дайнаўская пушча» (Беларуская энцыклапедыя. Т. 6. Мінск, 1998. С. 11).

Акадэмік В.В.Сядоў у працы «Яцвяжскае племя Дайнава» пацвярджае выяўленае раней Т.П. Барсавым і А.Камінскім адпаведнае засяроджванне тапонімаў вытворных ад Дайнавы і прыводзіць карту, на якой відаць, што 80% іх канцэнтруюцца на міжрэччы Віліі і Нёмана.

Тут жа ў басейнах рэк Мерач, Дзітва, Гаўя В.В. Сядоў вылучае раён шырокага распаўсюду каменных магіл 13 -14 стагоддзяў.

Сядоў В.В.зважае на наступныя моманты:

1. У канцы ХII і ў ХIII у. на міжрэччы верхняга Нёмана і Віліі на змену каменным курганам прыходзяць каменныя магілы.

2. Пахаванні ў каменных магілах здзяйсняліся па абрадзе інгумацыі (трупапакладання).

3. Рэчавы матэрыял каменных курганоў з трупапакладаннямі і каменных магіл аднатыпны.

Зыходзячы з падабенства каменных курганоў і каменных магіл, аднатыпнасці іх рэчыўнага складу В.В. Седов лічыць, што каменныя магілы на гэтай тэрыторыі з'яўляюцца эвалюцыяй каменных курганоў і належаць да адной этнічнай групы насельніцтва. І выснова: «Каменныя магілы засяроджаны ў тых раёнах міжрэчча Віліі і Нёмана, дзе выяўляецца канцэнтрацыя тапонімаў тыпу «Дайнава» і дзе, паводле падданняў, знаходзілася Дайнаўскае княства».

Паводле Леаніда Лаўрэша (Леанід Лаўрэш. Каменныя магілы Лідчыны, Наша слова № 28 (971), 15 ліпеня 2010 г.) гістарычная Лідчына багатая на каменныя магілы, вывучэнне іх пачалося ў канцы ХІХ ст. раскопкамі В. Шукевіча і Э. Вальтэра. Гэтыя даследчыкі ў межах былога Лідскага павета даследавалі больш за 400 магіл.

Два пахаванні маюцца каля вёскі Вензаўшчына. Адно за 0,1 км на захад на пад'ездзе да вёскі (XIII-XIV стст.), другое (X-XV стст.) за 80 м на паўднёвы захад ад вёскі на прыгожым узгорку (вераемна пра гэты ўзгорак пішуць Л. Дучыц і У. Лобач ў энцыклапедычным слоўніку-даведніку пад рэдакцыяй З. Санькo «Беларуская міталёгія» піша, што ён мае назву «Перунова гара»). У 1-м могільніку адзначаны пахаванні трупапалажэннем галавой на захад у ямах і амаль кожны нябожчык быў сярод дошак. У 2-м могільніку (на пагорку) хавалі ўжо галавой на поўдзень і на паўднёвы захад (тут ёсць і трупаспаленне, і пахаванне ў дамавінах так сама сустракаюцца больш познія пахаванні на месцы ранейшых).

У канцы 1889 г. Вальтэр зрабіў раскопкі 19 старажытных магіл. Ф. Пакроўскі пісаў (Археологическая карта Виленской губернии. 1893. С.109.): «…быў знойдзены арыгінальны спосаб пахавання, так як над касцякамі і над пластом пяску сустракаюцца надмагільныя вогнішчы і вуглі. У гэтых магілах знойдзены наступныя прадметы: бронзавы ключ з рэшткамі раменьчыка для нашэння гэтага ўпрыгажэння на грудзях; розныя галаўныя ўборы, якія складаюцца з бронзавых пласцінак; 2 нараменнікі (рамена - плячо, заўвага Л. Л.) ; 2 бранзалеты; да 10 масіўных бронзавых пярсцёнкаў; адзін крыжык, які насілі разам са шклянымі каралямі, званочкамі і шамкамі; жалезныя ножыкі; паясныя кольцы; спражкі; адну сякеру і адну дзіду; срэбныя шарыкі на бронзавым дроце, якія служылі вушнымі ўпрыгожваннямі».

У адной з магіл быў знойдзены павалены гаршчок і збан каля галавы нябожчыка, у іншай - міса, у могільніку на пагорку - грошы ВКЛ. (Гл: Зверуго Я.Г. Верхнее Понеманье в IX-XIII вв. С.39-42.)

Паблізу м. Нача, на палях ваколіцы Пузелі знаходзяцца старадаўнія могілкі, якія ў 1885 г. даследаваў Шукевіч сумесна з Вальтэрам (зараз вёска Пузелі, каменныя магілы за 0,7 км на поўдзень ад вёскі). Яны раскапалі 8 магіл, пры чым пры мужчынскіх касцяках былі сякеры і крэсалы а пры жаночых - разнастайныя бронзавыя ўпрыгожанні, акрамя звычайных пярсцёнкаў і завушніц былі бронзавыя дыядэмы з бронзавымі ці пазалочанымі сярэбранымі падвескамі і шкляныя пацеркі рознай велічыні. У Пузельскіх магілах былі знойдзеныя арыгінальныя бронзавыя ключы-падвескі і два літоўскія дынары. Усе пахаванні мелі сцены выкладзеныя камянямі ад дна да верху. Зверху магілу пакрывалі каменныя муроўкі авальнай формы з вялікімі камянямі ў галавах (Гл: Пакроўскі Ф. Археологическая карта Виленской губернии. 1893. С. 107.).

Т. Нарбут таксама згадвае аб раскопках ў яго прысутнасці адной каменнай магілы ў Начы, тут былі знойдзеныя адна цэлая каменная сякера і два абломкі сякеры (Dziei… T.1. S. 369.)

Не даязджаючы да вёскі Пашкавічы з боку Ліды (Воранаўскі р-н, 0,3 км на поўдзень ад вёскі), у лесе пры дарозе ёсць каменны могільнік XIII-XV стст.

Ёсць каменыя магілы і каля вёскі Беліца. У 1981 г. тут было выяўленае пахаванне мужчыны з часткамі каня, што размяшчаліся зверху, на магіле. Археолаг Ала Квяткоўская лічыць што гэта пахаванне заталося ад прусаў (борцей), якія былі вымушаны ўцякаць на нашыя землі ад Тэўтанскага ордэна. На карысць прускай прыналежнасці беліцкага могільніка, які датуецца канцом XVI-XVII стст., можа сведчыць тое, што, значная частка маёнтка Ліпічны над Нёманам на поўдзень ад Жалудка, узнікла з земляў барцянскіх і іх пасяленцаў. Уладанні гэтыя, з прычыны безнашчадкавай смерці Станіслава Андрэевіча Давойны, полацкага ваяводы, перайшлі да караля Жыгімонта Аўгуста, які памяняў іх у 1567 г. на Індуру, уласнасць князя Мікалая Радзівіла. У 1572 г. пры смерці кароль Аўгуст са складу ваяводства Панёманскага выдзяліў вёскі: Вялікія і Малыя Буцілы, а таксама Панямунцы, і землі гэтых вёсак з людзьмі, жонкамі і іхнімі дзецьмі падараваў ва ўладанне князю Юрыю Радзівілу. Гэтая зямля разам з усімі нявольнікамі, уцекачамі, а таксама і набытая князем Радзівілам, утварылі маёнтак Андрушоўшчыну над Нёманам, які потым належаў радзівілаўскаму ключу Беліца (Квяткоўская Ала. Да пытання пра прусаў - перасяленцаў на тэрыторыі Беларусі ў Сярэднявеччы).

Каля в. Апонаўцы (Воранаўскі р-н, 0,5 км на поўнач ад вёскі) ёсць могільнік XIII - пачатак XV ст. Ф. Пакроўскі (Археологическая карта Виленской губернии. 1893. С. 106,108.) пісаў, што магілы гэтыя вядомыя ў народзе пад назовам «Татарскія могілкі». Яны маюць выгляд невялікіх насыпаў, выкладзеных з камянёў авальнай ці круглай формы. Каля магіл авальнай формы амаль заўсёды ў адным або ў абодвух канцах стаяць вялікія, абчэсаныя валуны, што, здаецца, і было нагодай назваць гэтыя магілы «татарскімі». На ўсіх падобных могілках назіраецца аднолькавы абрад пахавання. Нябожчыкаў клалі на дне ямы 0,8-1,2 м глыбінёй, без усялякай падсцілкі, галавой на захад, тварам уверх, з рукамі, скрыжаванымі на грудзях, на жываце, ці выцягнутымі ўздоўж сцёгнаў. Каля нябожчыка клалі звычайна усё тое, што насілася ці ўжывалася, калі ён быў жывы. Магілы жанчын маюць шмат усякага роду ўпрыгожванняў з бронзы, з нейкага белага металу ці з срэбра. У ліпені 1889 г. Вальтэр пры вёсцы Апонаўцы раскапаў 21 магілу і знайшоў розныя ўпрыгожванні з бронзы (крыжык, розныя завушніцы, бляшкі і г.д.) і прадметы з жалеза (спражкі, 1 сякеру і г.д.). Пры касцяках былі: 1) абломак пражскага гроша XIII ст., 2) дынары Аляксандра Ягелончыка, 3) дынары з славянскім надпісам «печать» на адным баку, і з малюнкам - дзідай з крыжам - на другім. Манеты гэтыя знаходзіліся разам з красалам і крэменем і ляжалі па правы бок ад галавы нябожчыка.

Па пытанні этнічнай прыналежнасці насельніцтва, якое пакінула каменныя могільнікі, існуюць два пункты гледжання. Напрыклад, В. Шукевіч, Э. Вальтэр, А. Квяткоўская лічылі іх помнікамі яцвягаў, а А. Спіцын, В. Сядоў, Ф. Гурэвіч помнікамі нашчадкаў таксама яцвягаў, але ўжо славяназаваных (Гл: Піваварчык С. і Семянчук Г. Археалогія Беларусі. 1996. Ч.2. С.33.).

На гістарычнай Лідчыне захавалася яшчэ каля дзесятка каменных магіл, якія знаходзяцца пад аховай дзяржавы.

Тапонімы Дайнава

У рэчаіснасці селішчаў з назвай, вытворнай ад Дайнава (Дэйнова, Дайнова, Дайноўка, Дайнуўка, Дайнішкі) - больш за пяцьдзесят. На тэрыторыі сучаснай Літвы А. Камінскі налічыў 28. У Гарадзенскай вобласці ў наш час маецца каля 10 падобных селішчаў. У межах Лідскага павета напачатку ХХ стагоддзя мелася 5 вёсак і адзін фальварак з назвай Дайнава.

21 год назад, у 2002 годзе аўтар гэтага даклада таксама займаўся пытанне лакалізацыі Дайнаўскага княства па тапонімах. Даследаванне вялося ўжо па сучасных картах. Многія тапонімы, якія знайшоў у свой час Камінскі, ужо зніклі, але некаторыя засталіся.

У Дзітвянскім сельсавеце Лідскага раёна ёсць вёскі Дайнава -1 і Дайнава - 2.

Акрамя Лідскага раёна вёскі з назвай «Дайнава»' ёсць у Бастунскім і Беняконскім сельсаветах Воранаўскага р-на, у Геранёнскім с/с Іўеўскага р-на.

Вёска «Дайнова» - у Гудагайскім с/с Астравецкага раёна.

Вёскі з назвай «Дайноўка» размешчаны ў Воранаўскім п/с Воранаўскага раёна, у Гудагайскім с/с Астравецкага раёна, Каменаложскім с/с Ашмянскага раёна.

Вёска Дайнаполе знайходзіцца ў Барунскім с/с Ашмянскага р-на.

Вёска Дойнеўцы - у Крэўскім с/с Смаргонскага раёна.

Вёскі Дайнава і Дайноўка ёсць у Валожынскім раёне Менскай вобласці.

Атрымліваецца 13 тапонімаў.

Вёска Дайнава знайходзіцца ў Укмергскім раёне Літвы, за 10 км на паўднёвы захада ад Укмерге.

Карта.

Літоўцы выдзяляюць Дайнаўскую нізіну, пясчаную раўніну на паўднёвым усходзе Літвы ўздоўж рэчак Воке, Мяркіс, Котра і Балтойн-Анна, якая аддзяляе азёрную Балтыйскую граду ад Лідскай раўніны і Гарадзенскага ўзвышша.

Дайнаўская пушча - самы вялікі лясны масіў Літвы. Займае больш паловы Варэнскага раёна Літвы. У часы Дайнаўскага княства яна цягнулася да Гародні

Паводле гістарычнай традыці - этнонімы ў назвах населеных пунктах скарыстоўваюцца, як правіла на краях арэолу рассялення этнасу. Таму, акрэсліўша нашыя тапонімы, мы атрымоўваем даволі вялікі рэгіён. Наклаўшы абрысы гэтага рэгіёна на адміністрацыйныя карты розных часоў выразна бачым, што ён накладваецца то на абрысы Віленскага краю, то часткі Віленскага ваяводства. Дайнаўскі арэол на 60-70 % накрывае рэгіён лакалізацыі летапіснай Літвы паводле Алеся Краўцэвіча. А калі ўлічыць, што справа, у раёне Крэва - Ашмяны, былі Нальшаны, то летапісная Літва па Краўцэвічу - на 100% яцвягі.

Карта.

У XIII ст. землі яцвягаў падвергліся нашэсцю Тэўтонскага ордэна. Частка насельніцтва была сілай пераселена ў Прусію, частка мігрыравала на іншыя тэрыторыі. Тэрыторыя Яцвягіі імкліва сціскаецца крыжакамі з захаду, мазаўшанамі і валынцамі з поўдню.

Пасля разгрому і пакарэння большай часткі прускіх плямёнаў тэўтонцы выйшлі на межы яцвяжскага племені судава. Заходняя Судавія была выразана амаль цалкам. Невялікая частка ўцякла ў ВКЛ. Пад удар трапляла Усходняя Судавія і ўжо непасрэдна Заходняя Дайнава або Яцвягія. Менавіта ў гэты час тут з'яўляецца Трайдзень - адзін з найвыдатнейшых воінаў, палкаводцаў і палітыкаў таго часу. Асноўнае, што мы можам сказаць пра Трайдзеня: ён ні на ёту не баяўся крыжакоў і вельмі паспяхова іх біў. Таму без біяграфіі князя яцвяжскага і дайнаўскага, а пасля Вялікага князя літоўскага Трайдзеня не абысціся.

Трайдзень

Трайдзень, Трайдзен, Трайдэн (? - 1282) - князь яцвяжскі і дайнаўскі, Вялікі князь літоўскі (1270-1282).

Імя Трайдзень - можа быць як славянскага, так балцкага паходжання. Наша слова дзень і балцкае дэн. Трайдзень - трэці дзеь, і няма чаго гадаць.

Паходжанне пэўна не вядома.

Паводле пазнейшага Васкрасенскага летапісу, бацька Трайдзеня - Віда, дзядзька яго - Гердзень, родзічы Міндоўга і разам з тым нашчадкі полацкіх князёў. У беларускіх-літоўскіх летапісах XVI ст., «Хроніцы Быхаўца» і іншых, паходжанне Трайдзеня яшчэ больш заблытанае, там ён малодшы брат Нарымонта. Паводле Галіцка-Валынскага летапісу, вядомы толькі ўдзел Трайдзеня і яго братоў Борзы, Лесія, Свялкенія і Сірпуція, яшчэ пры Міндоўгу, у войнах супраць галіцка-валынскіх князёў, калі Борза, Лесій і Свялкеній загінулі. Імёны братоў Трайдзеня чыста славянскія. Галіцка-Валынскі летапіс называе братоў Трайдзеня праваслаўнымі, а таксама паведамляе пра боязь галіцкага князя Льва Данілавіча помсты за забойства Войшалка. Таму частка даследчыкаў трымаецца думкі, што Трайдзень меў сваяцкія сувязі з родам Міндоўга і працягваў палітыку Войшалка. На думку Вітаўта Чаропкі, Трайдзень быў сынам Едзівіда, брата Таўцівіла, і меў законнае права на вялікакняскую ўладу як блізкі сваяк (дваюрадны плямяннік) Войшалка. Таму ні адзін з летапісаў не паведамляе пра захоп ім улады.

Найбольш баяліся Трайдзеня галіцка-валынскія князі. Яны бачылі ў ім выканаўцу праклёну, які быў накладзены на род Данііла Галіцкага за здрадніцкае забойства Войшалка Львом Данілавічам, калі Войшалк быў у яго ў гасцях.

Паводле «Хронікі Быхаўца», старэйшы брат Нарымонт зрабіў Трайдзеня князем у яцвягаў, якія страцілі сваіх валадароў і лёгка паддаліся літоўскай уладзе, ён пабудаваў горад над Бабром і назваў яго Раем, а пасля смерці Нарымонта стаў Вялікім князем у Новагародку. Нарымонт не згадваецца сярод вялікіх князёў, але ён мог быць значнай палітычнай фігурай пры Войшалку і Шварну. Мог быць зусім нядоўга Вялікім князем пасля смерці Шварна ў 1269 годзе.

На аснове пазнейшага паведамлення ордэнскіх крыніц пра Кернаў як «горад у зямлі Трайдзеня», некаторыя даследчыкі выказалі думку пра гэты горад як уладанне Трайдзеня перад тым, як стаць валадаром усёй дзяржавы.

Пэўна ж вядома, паводле Галіцка-Валынскага летапісу, толькі пра ўдзел Трайдзеня з братамі яшчэ пры Міндоўгу ў войнах з галіцка-валынскімі князямі і тое, што пасля гібелі Войшалка і смерці Шварна, недзе пасля 1270 года, ён сам стаў валадаром, пры гэтым летапіс характарызуе Трайдзеня вельмі адмоўна, як «окаяньный и безаконьный, проклятый, немилостивый Тройден, яго же безаконья не могохом псати срама ради» казаў, што ён нават у параўнанні з Ірадам і Няронам «многа злейша того безаконья чиняша». І напраўду, гэты вялікі князь «весь живот свой до войны и крови розляне простовал».

Межы дзяржавы ў часы Трайдзеня значна змяніліся ад часоў Міндоўга - на поўначы яна межавала з Зямгаліяй, на паўночным усходзе - з Полацкім княствам, а на ўсходзе - з Менскім, на поўдні - з Тураўскім, Пінскім і Берасцейскім (залежнымі ад Галіцка-Валынскай дзяржавы), на паўднёвым захадзе - з Мазовіяй, на паўночным захадзе - з Жамойцю. Трайдзень канчаткова далучыў да ВКЛ дайнаўска-яцвяжскія землі і ўсходнюю Судавію. Ён узмацніў залежнасць Полацкага княства ад ВКЛ.

Трайдзень вёў актыўную ўнутраную і замежную палітыку. Згодна з «Хронікай Літоўскай і Жмойцкай», Трайдзень, «который панство порадне постановивши и граници от наездов княжат руских и крижацких отвсюль опатривши, з великим страхом неприятелем посторонным пановал».

Унутры ВКЛ змагаўся з сепаратыстамі, душачы іхні рух у Нальшанах і Дзяволтве - працягваў палітыку Войшалка, апіраючыся на Новагародскае, Гарадзенскае княствы і Полацкую зямлю. Вядома, што ад яго ў Ордэн уцяклі нальшанскія мясцовыя князькі Полюш і Суксэ. У замежнай палітыцы імкнуўся да пашырэння граніцаў дзяржавы за кошт найперш балтыйскіх зямель Дайнавы і Судавіі, а таксама абараніць ВКЛ ад уціску з боку Тэўтонскага ордэна і Галіцка-Валынскага княства. Гэта яму ўдалося - да ВКЛ былі далучаны ўся Дайнава і значная частка Судавіі. У 1273 годзе дапамог войскам яцвяжскага князя з Судавіі Скаламенда ў выправе на Кульмскую зямлю, у якой бралі ўдзел русіны, відаць, з Наваградскага і Гарадзенскага княстваў. У 1273 годзе дапамог князю Команту ў арганізацыі паходу на Кульмскую зямлю. Шмат прусаў ад нямецкага націску перасялілася ў дзяржаву Трайдзеня, вядома, што ён сяліў іх каля Гародні і Слоніма. На Лідчыне гэта так званыя барцякі.

Іншым праціўнікам была Галіцка-Валынская дзяржава на поўдні, ад Панямоння яе аддзялялі Тураўскае і Пінскае княсты, якія залежалі ад галіцка-валынскіх князёў, але імкнуліся пазбавіцца гэтай залежнасці, што ў пэўнай ступені Трайдзень мог выкарыстоўваць. Полацкае княства было залежным з часоў прынамсі Войшалка, з дзяржавай Трайдзеня яго збліжалі інтарэсы ў Падзвінні і пагроза з боку лівонскай часткі Ордэна. На паўночных, паўночна-заходніх і заходніх рубяжах жылі зямгальскія і яцвяжскія (судаўскія) плямёны, якія бараніліся ад Ордэна і галіцка-валынскіх князёў, што штурхала іх да пошукаў падтрымкі ў Трайдзеня.

На пачатку Трайдзень меў канфлікт толькі з уладзімірскім князем Уладзімірам Васількавічам, а з галіцкім князем Львом Данілавічам захоўваў добрыя адносіны. Неўзабаве, у 1274 годзе, аднак, Трайдзень сіламі гарадзенцаў захапіў і разрабаваў Драгічын, які належаў Льву, горад быў захоплены і «избиша вся и мала, и до велика».

У 1275 годзе Леў, папрасіўшы дапамогі ў хана Менгу-Цімура, з яго войскам на чале з Ягурчынам, а таксама з пасланымі ханам рускімі князямі - Раманам, Глебам, тураўскімі і пінскімі, пайшоў супраць Трайдзеня, але праз сваркі паміж удзельнікамі, паход быў няўдалы, узяўшы вакольны горад Навагародка яны разышліся.

У 1277 годзе Трайдзень аблажыў Дынабург, у яго войску было шмат русінаў-лучнікаў, напэўна палачанаў, для штурму ўжываліся чатыры вялікія рухомыя абложныя вежы і балісты. Праз чатыры тыдні аблога была знята, напэўна, праз напад галіцкіх і татарскіх войскаў на чале з Мамшынам, але і гэты іх паход быў няўдалы праз сваркі ўдзельнікаў.

У канцы 1278 года Трайдзень пасылаў брата Сірпуція на дапамогу яцвягам (дайнаўцам), якія ваявалі Мазовію і Усходнюю Польшчу - літоўскія войскі дайшлі да Любліна. Найбольш пацярпела Мазовія, яе князі разарвалі адносіны з Тэўтонскім ордэнам і заключылі перамір'е з Трайдзенем. Адначасова, лівонскія войскі ўварваліся ў Літву, разрабавалі яе і ў студзені 1279 года аблажылі Кернаў (Кернава). Узяць Кернаў немцы не здолелі, разрабавалі ваколіцы і з вялікімі палонам у лютым вярнуліся ў Лівонію. Трайдзень нагнаў іх і 5 сакавіка 1279 года разбіў у бітве пры Ашэрадэне. Спачатку бітва была роўнай, лівонцы моцна бараніліся, але ў нейкі момант частка войска ВКЛ кінулася ва ўяўныя ўцёкі. Частка ордэнскага войска, а менавіта датчане, пачалі пераслед «уцекачоў», але, гнаўшыся значны час, не здолелі дагнаць і вырашылі вяртацца да свайго войска. Калі датчане вярнуліся да месца бітвы, дык астатнія войскі ўжо былі разбітыя, самі ж датчане трапілі ў пастку і ў большасці былі знішчаны. У бітве пад Ашэрадэнам загінуў лівонскі магістар Эрнэст і 71 ордэнскі брат, не лічачы астатніх рыцараў і простых вояў.

Перамога дала магчымасць Трайдзеню падтрымаць паўстанні прусаў, судаваў і зямгалаў супроць крыжакоў. Зямгальскі князь Наймес прызнае ўладу Трайдзеня. Той шле на дапамогу паўстанцам свае дружыны. І каб неяк прыцішыць ваяўнічы нораў Трайдзеня, рыжскі архіепіскап прапанаваў яму прыняць каталіцтва - веру, з якой у ліцвінаў атаясамліваліся злачынствы крыжакоў. Трайдзень адказаў: "Па прыкладу падзей мінулых гадоў не знайходзім ніякага жадання для прыняцця хрысціянства. Народ Літвы моцна настроены супраць рымскай веры з-за выпадкаў, якія адбыліся ў яго пабрацімаў зямгалаў, якія дабраахвотна прынялі новую веру ў спадзяванні на лепшае, а атрымалі цяжкую няволю, гэта было б дабраахвотнай падрыхтоўкай да прыняцця кайданаў Ордэна крыжакоў". А значыць, вайна з Ордэнам не сціхла.

Поспех пры Ашэрадэне быў замацаваны заключэннем у 1279 годзе міру і саюзу з Мазовіяй, скіраванага супраць Тэўтонскага ордэна і Польшчы.

У выніку даволі жорсткай барацьбы Панямонне засталося за Трайдзенем, хоць і было спустошана. Да таго ж у 1279 годзе ўвесь тэатр ваенных дзеянняў з прылеглымі раёнамі Польшчы і Русі ахапіў моцны голад, вынік неўраджаю. І тым не менш сімбіёз з рускімі княствамі значна павялічваў ваенны патэнцыял Літвы. Дачка Трайдзена Гаўдэмунда (у хрышчэнні Соф'я) узяла шлюб з мазавецкім князем Баляславам Земавітавічам з Плоцка, у іх былі сыны Земавіт і Трайдзень (названыя ў гонар дзядоў). Яшчэ больш Плоцкае княства трапіла пад уплыў Трайдзена, калі ён ваеннай сілай прымусіў свайго зяця адмовіцца ад саюзу з тэўтонцамі. Пад літоўскім кантролем заставаліся зямгалы. У саюзе з Літвой дзейнічалі і судаўскія князі. Да гэтага года Мацей Стрыйкоўскі адносіць і шлюб, верагодна другі, Трайдзеня з мазавецкай княжной Ганнай.

Паводле падання, Трайдзень з дружынай захапіў замак Бабін, які належаў князю Конраду Земавітавічу. Сам князь у гэты час паляваў на звера ў навакольных лясах, а ў замку засталася ягоная хворая маці ды сястра Ганна. Уварваўшыся ў замак, ліцвіны пачалі рабаваць яго. У адным з пакояў Трайдзеня сустрэла Ганна, і ён, уражаны яе прыгажоскю, апусціў меч. Быў ён чалавекам хуткім на рашэнні і адразу прапанаваў Ганне стаць ягонай жонкай. Ганна адказала, што дзеля гэтага трэба спыніць рабаванне і бязбройным прасіць дазвол на шлюб яе маці. Трайдзень паслухаўся, зняў з сябе зброю і адправіўся ў пакой да Ганнінай маці. Між тым вярнуўся з палявання Конрад, Трайдзень выйшаў яму насустрач і таксама прасіў у яго сабе ў жонкі Ганну. Конрад прадставіў права выбару сястры, і яна, жадаючы міру паміж Літвой і Мазовіяй, згадзілася пайсці за Трайдзеня. Калі гэта сапраўды адбылося ў 1279 годзе, дык значыць першая Трайдзенева жонка да гэтага часу памерла і ад яе ён меў двух дачок названых Софіямі. Іх хрысціянскія імёны сведчаць, што яны спавядалі хрысціянства.

У 1280 годзе Трайдзень зноў дапамагае Команту ў паходзе на Самбію. Паводле трайдзеневага загаду Найміс ваюе Памязанію. Паводле падання, у 1280 годзе заснавана Коўня.

У тым жа 1280 годзе Трайдзень выслаў войска на дапамогу Скаламенду ў выправе на Самбію.

У 1281 годзе Трайдзень захапіў Герцыке, адрэзаў Дынабург ад астатняй Лівоніі, таму браты-рыцары вымушаны былі абмяняць Дынабург на Герцыке, а таксама заплаціць выкуп.

Пры Трайдзені ў склад ВКЛ канчаткова ўключаны прылеглыя землі яцвягаў (судаваў), зямгалаў і селаў, узнавіліся далёкія паходы на Польшчу і эстонскія ўла данні крыжакоў (востраў Саарэмаа і інш.).

Пазнейшая «Хроніка Быхаўца» паведамляе, што Трайдзеня забілі падасланыя забойцы. Паводле ж Галіцка-Валынскага летапісу, ён памёр сваёй смерцю ў 1282 годзе.

Імя яго пераемніка крыніцы не называюць. Сваіх братоў ён перажыў. Магчыма, яго пераемнікам быў князь Даўмонт, якога некаторыя даследчыкі лічаць сынам Трайдзеня, а Троіцкі летапіс называе князем літоўскім і паведамляе пра яго смерць у дальнім набегу на вярхоўі Волгі ў 1285 годзе. Пра жыццё гэтага Даўмонта нам нічога не вядома акрамя кароткага ўпамінання ў Лаўрэнцеўскім летапісе пад 1285 годам: «Того же лета воевали Литва Тферьского владыки волость Олешню; и совкупившиеся Тферичи, Москвичи, Волочане, Новоторжьсци, Зубчане, Ржевичи, и шедше биша Литву на лесъ, в канун Спасову дни (1 жніўня), и поможе Богъ хрестьяном, великого князя ихъ Домонта убиша, а иных изъимаша, а овых избиша, полон весь отъяша, а инии разбежася». З прыведзенага факта ясна, што Вялікі князь Даўмонт меў значную дружыну-літву, супраць якой вымушаны былі выступіць шэсць дружын. Відавочны і факт пераемнасці ўлады вялікіх князёў, што сведчыць пра моц інстытута вялікакняскай улады.

Ці не быў Даўмонт тым самым Дамонтам, сынам Міндоўга, якога ўпамінала ў сваіх гістарычных запісках імператрыца Кацярына II? Ясна адно - гэты таямнічы Даўмонт (Дамонт) меў права на вялікакняскі пасад, а значыць, быў кроўна звязаны з Трайдзенем, Міндоўгам ці іхнімі сваякамі.

Далей княжылі Будзікід (з 1282 (1285) да 1290 года) і Будзівід (1290 па 1295 год). У даследчыкаў няма адзінай думкі, ці то былі сыны, ці пляменнікі Трайдзеня.

Зяць, Баляслаў Земавітавіч Плоцкі, на пасад Вялікага князя літоўскага не прэтэндаваў.

Паводле генеалагічных паданняў XVI ст., са смерцю Трайдзеня «дынастыю Кітаўруса» змяніла новая дынастыя - «роду Калюмнаў» (дакладна Віцень у 1295 годзе), але «род Кітаўруса» працягваўся ў Літве, яго прадстаўніком быў і Даўмонт - продак князёў Свірскіх, а таксама Гольша (родапачынальнік Гальшанскіх) і Гедрус (родапачынальнік князёў Гедройцаў).

Высновы

На карце, узятай з сайта "Гісторыя Беларусі", найбольш ясна паказана сітуацыя ў ВКЛ 13-га стагоддзя. Дакладна паказаны межы ўдзельнага Яцвяжска-Дайнаўскага княства, якое ўвайшло ў склад ВКЛ пры Трайдзені.

Такім чынам:

1. Дайнаўскае або Яцвяжска-Дайнаўскае княства існавала і як удзельнае княства ўвайшло ў склад ВКЛ (яцвягі і дайнава - сінонімы, дзве назвы аднаго народа);

2. Дайнаўскае княства было даменным княствам Вялікага князя Трайдзеня, а потым даменным княствам наступных вялікіх князёў;

3. Да апанавання яцвягаў (заходня дайнавы) Нарымонт і Трайдзень хутчэй за ўсё ўжо валодалі ўсходняй Дайнавой;

4. Большасць навукоўцаў размяшчае сталіцу гэтага княства пад Лідай. Заснаванне Трайдзенем Райгорада не абазначае пераносу туды сталіцы. Райгорад - гэта фарпост Дайнаўскага княства для адпору крыжакам. Трайдзень заснаваў яшчэ і Коўню (Каўнас) з той жа мэтай;

5. Ліда ў 13-м стагоддзі не была сталіцай Дайнаўскага княства. Гэта было славянскае (дрыговіцкае) паселішча;

6. Пасля пабудовы Лідскага замка Вялікі князь Гедымін перанёс сталіцу Дайнаўскага княства ў Ліду. З пераносам сталіцы ў Ліду Дайнаўскае княства паступова пачало называцца Лідскім княствам і ўключала ўжо не толькі дайнаўскія, але і славянскія землі паўднёвай Лідчыны ажно да Нёмана.

Пры гэтым Гедымін адрэзаў частку дайнаўскай тэрыторыі і ўтварыў Віленскае княства;

7. Вялікі князь Вітаўт ліквідаваў Лідскае княства і ўключыў яго ў Віленскае княства;

8. Ліда была сталіцай Дайнаўскага (пазней Лідскага) княства каля 90 гадоў (прыблізна ад 1330 да 1420 г.).

9. Даўнішнішнія яцвяжскія землі на сёння разарваны на тры вялікія часткі:

- частка Дайнавы і Яцвягіі, Нальшаны і ўласна летапісная Літва - у Беларусі;

- частка Дайнавы (Віленскі край) і Дзяволтва - у Літве;

- частка Яцвягіі (Падляшша) і ўсходняя Судавія (Сувалкія) - у Польшчы.

А разам гэта адзін этнас.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX