Я вырашыў падсумаваць інфармацыю пра архітэктараў якія пакінулі нам ў горадзе Ліда свае будынкі. Каб не грувасціць занадта вялікі артыкул і не паўтараць тое, што ўжо напісаў раней, не падаю апісанне твораў ніжэйпералічаных архітэктараў, а толькі прывожу спасылкі на маю раней надрукаваную кнігу, якая лёгкадаступная бо прысутнічае ў інтэрнэце.
Тэадор Буршэ (Teodor Bursze, 1893-1965) - знакаміты варшаўскі архітэктар, які здабыў вядомасць перабудовай кварталаў польскай сталіцы.
Ён нарадзіўся 31 мая 1893 г. у сям'і этнічнага немца Эрнэста Вільгельма Буршэ, евангеліцкага пастара парафіі Згеж (сучаснае Лодзінскае ваяводства) і Мацільды Гармель. Акрамя яго ў сям'і было яшчэ два браты Юліюш і Эдмунд. Гэты баварскі род пасяліўся ў Польшчы ў канцы XVII ст. і многія з яго членаў займалі высокія пасады ў евангелічнай царкве.
Пасля заканчэння гімназіі будучы архітэктар пачаў вывучаць архітэктуру ў Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў, якую скончыў у 1918 г. Пасля заканчэння Першай сусветнай вайны ён пераехаў у Варшаву, дзе працягнуў навучанне на архітэктурным факультэце Варшаўскай палітэхнікі. Працаваў у варшаўскай майстэрні архітэктара З. Вайціцкага, а з 1919 г. у Дзяржаўнай будаўнічай канторы пры Міністэрстве грамадскіх работ. У 1922 г. у Варшаўскай палітэхніцы атрымаў дыплом архітэктара. Пасля гэтага пачаў пісаць сваё прозвішча на польскі манер Буршэ (Bursze).
У 1923 г. Буршэ каб прысвяціць сябе самастойнай архітэктурнай працы звольніўся з дзяржаўнай службы. Ён пачаў актыўную прафесійную дзейнасць у якасці архітэктара спачатку прыватных, а потым і грамадскіх будынкаў. Першыя яго заказы ўключалі як прыватныя дамы і вялікія камяніцы, гэтак і праекты дзяржаўных будынкаў, у тым ліку і ў Заходніх Беларусі і Украіне. Улічваючы прафесійны падыход і нямецкую педантычнасць, Буршэ даверылі аднавіць сярэднявечны замак XVI ст. у Міры і ён распрацаваў праект адбудовы гэтага замка.
Вось як апісаў рэдактар газеты "Лідская Зямля" сустрэчу з гаспадаром Мірскага замка ў 1938 г.:
"Міхал, князь Святаполк-Мірскі ў свае 70 гадоў мае рэзкае і чэрствае аблічча.
- Што спадароў прывяло да мяне? - задае першае пытанне.
- Прагнем нешта даведацца пра аднаўленне замка.
- Ну, што … Замак - гэта руіна. А другая руіна, калі спадарству цікава - ён лагодна ўсміхаецца і паказвае на сябе пальцам - гэта я… Работы па адбудове вяду 17 гадоў. За гэты час адбудаваў чатыры вежы і многа пакояў. Але не маю шмат грошай. Мае мажлівасці - адзін пакой у год. П. Прэзідэнт, калі быў у гасцях, сказаў: "Хто будуе - той не ўмірае". Таму, я яшчэ маю час.
У зале, дзе адбываецца аўдыенцыя, яшчэ захавалася першапачатковая столь, якую падпіраюць аркады калон. Пасля запісу нас у кнігу наведвальнікаў князь моцна паціскае нашы рукі.
Пакідаем замкавы дзядзінец разам з усім гэтым сярэднявечным помнікам і міжволі ў галаву прыходзіць думка, пра адвечную цягу чалавека да старажытнасці".
Архітэктар быў аўтарам каля дзесяці евангельскіх храмаў.
Практычную дзейнасць Тэадор Буршэ сумяшчаў з выкладчыцкай працай (1929-39 гг.) у папулярнай тады жаночай архітэктурнай школе. Быў ганаровым сябрам Таварыства польскіх архітэктараў.
Віленскі кансерватар Станіслаў Лорэнц (асоба, якая адказвала за захаванне помнікаў гісторыі і архітэктуры) паведаміў, што Тэадор Буршэ ў канцы 1920-х гадоў уваходзіў у ядро віленскага Таварыствам выяўленчага мастацтва на чале з вядомым і спадчынным мастаком Людамірам Сляндзінскім.
16 лістапада 1939 г. Тэадор Буршэ разам з двума братамі быў арыштаваны гестапа і адпраўлены ў канцлагер Маўтхаўзен-Гузен. Усю Другую сусветную вайну архітэктар працаваў на каменяломні нямецкага канцлагера каля горада Маўтхаўзен. Падчас Другой сусветнай вайны Маўтхаўзен быў адным з самых страшных канцлагераў з жудасным рэжымам утрымання. Ахоўнікі лагера жартавалі, што ёсць толькі адзін выхад з Маўтхаўзена - праз трубу крэматорыя. Аднак Буршэ здолеў выжыць, чаму спрыяла і веданне нямецкай мовы.
Пасля вызвалення амерыканкамі войскамі лагера, дзе ён знаходзіўся пяць з паловай гадоў (да 5 траўня 1945 г.), Тэадор Буршэ вярнуўся ў Польшчу. Зноў займаўся архітэктурай і захаваннем гістарычных помнікаў. Ён быў аўтарам праектаў рэканструкцыі многіх гістарычных будынкаў, разбураных падчас вайны. Буршэ кіраваў адбудовай варшаўскага касцёла св. Тройцы ХVІІІ ст. Па яго праекце адноўлены 13 варшаўскіх камяніц канца ХVІІ - ХVІІІ ст. у Кракаўскім прадмесці і 2 - на вуліцы Новы свет. Ён таксама займаўся архітэктурнай дзейнасцю ў Старым горадзе, рыхтаваў праекты рэканструкцыі фасадаў камяніц ўсходняй частцы Старамесцкай плошчы і г. д. За сваю карпатлівую працу Буршэ быў уганараваны многіх дзяржаўных узнагарод.
Тэадор Буршэ быў двойчы жанаты. З першай жонкай Казімірай Мацеёўскай меў двух сыноў - архітэктара Тэадора і рэстаўратара Юліюша.
Памёр 19 сакавіка 1965 г. у Варшаве і пахаваны ў сямейнай магіле на евангелічна-аўгсбургскіх могілках па вул. Млынарскай.
Адной з адметнасцяў горада Ліда з'яўляецца так званая калонія дамоў чыноўнікаў, якая сёння знаходзіцца каля вуліцы Чарняхоўскага і Міцкевіча. Прыгожы дом "на чатыры сям'і" № 3 па вуліцы Міцкевіча ў гэтай калоніі пабудаваны па праекце архітэктара Тэадора Буршэ і захаваўся да нашага часу амаль што без пашкоджанняў. Аднатыпныя лідскаму дому "на чатыры сям'і" па праекце Буршэ ў свой час былі пабудаваны дамы ў Пінску, Луцку і Роўна. Гэты будынак, на 4 кватэры, кожная плошчай у 100 м 2 і зараз прыемна ўражвае сваім выглядам і выразна вылучаецца з "шэрых" двухпавярховых дамкоў савецкай забудовы 1950-60-х гадоў. Каля дома "на чатыры сям'і" меўся малы дамок для прыслугі і адрыны для жыхароў.
Гэты гмах лічыўся другім па ступені "элітнасці" пасля дома старасты ў Лідзе 1920-30-х гг. У ім стала жылі віцэ-стараста, начальнік (камендант) павятовай паліцыі, павятовы інспектар адукацыі (ён узначальваў адукацыю павета) і суддзя 1.
Ежы Беіл (Jerzy Beill, 1885-1976) нарадзіўся і памёр у Варшаве. Быў сынам Антонія (таксама архітэктарм) і Зоф'і Людвікі з Вільдтаў, вучыўся ў варшаўскай гімназіі, выпускнік факультэта архітэктуры Гданьскай політэхнікі, дыплом архітэктара атрымаў у 1912 г.
У 1912-13 гг. асістэнт кафедры архітэктуры Тэхнічнага ўніверсітэта ў Карлсруэ, у тыя ж гады супрацоўнічаў з вядомым варшаўскім архітэктарам Уладзіславам Марконі, пасля пачатку вайны быў эвакуяваны ў Астрахань, дзе заняў пасаду гарадскога архітэктара, а потым выкладчыка мясцовай тэхніка-будаўнічай школы. У 1920 г. - добраахвотнік у артылерыі.
Пасля Першай сусветнай вайны працаваў Будаўнічым дэпартаменце Міністэрства грамадскіх работ, а потым на пасадзе дарадцы ў Міністэрстве ўнутраных спраў. З 1932 г., сурэдактар штомесячніка "Архітэктура", да 1932 г. член рэдакцыі "Архітэктуры і будаўніцтва", пасля Другой сусветнай вайны займаў шэраг адказных пасад Міністэрствах ПНР. На пенсію выйшаў ў 1962 г.
Двойчы ўзнагароджаны Залатым Крыжам Заслугі, Ганаровым знакам Таварыства польскіх горадабудаўнікоў, лаўрэат архітэктурных конкурсаў.
Найважнейшы праекты: сядзіба дзяржаўнай паліцыі ў Драгічыне 1923 г., будынкі гімназіі ў Лідзе 1925 г. і гандлёвай гімназіі ў Станіславове 1927 г., рэканструкцыя італьянскай амбасады, будынак сярэдняй тэхнічнай школы ў Берасці (1937 г.), будынак гімназіі імя каралевы Ядвігі (Варшава, 1947 г.), будынак Міністэрства ўнутраных спраў (Варшава, 1955 г.) і г. д.
Пахаваны ў сямейнай магіле на могілках Павонзкі ў Варшаве.
Дом лідскага старасты пабудаваны ў модным у той час "закапанскім стылі", аўтар праекта інжынер-архітэктар Ежы Беіл (Jerzy Beill). Па гэтым жа праекце будаваліся дамы для стараст у Баранавічах, Драгічыне, Глыбокім, Нясвіжы, Наваградку, Слоніме, Стоўбцах, Валожыне, і аўтару вядома, што як мінімум у Валожыне і Глыбокім гэтыя дамы захаваліся і не былі перабудаваныя, як у Лідзе. Па праектах Ежы Беіла пабудавана політэхніка ў Гданьску, гімназія імя Стэфана Баторыя ў Варшаве (1925 г.) і, што істотна для лідзян, яшчэ і дзяржаўная гімназія імя Караля Хадкевіча ў Лідзе, будынак якой і зараз упрыгожвае наш горад 2.
Архітэктар Зыгмунт Тарасін (Zugmunt Tarasin, 1894 - 1943) нарадзіўся ў Баляслаўцы каля Кельцаў, загінуў у фашысцкім "Офлагу" ў Любеку.
У 1912-14 гг. Тарасін студэнт архітэктурнага факультэта Рыжскай палітэхнікі, у 1922 г. - выпускнік архітэктурнага факультэта Варшаўскай палітэхнікі.
Валодаў архітэктурным бюро ў Варшаве.
Аўтар наступных праектаў: школы № 113, 160 і дзіцячы прытулак у Варшаве (1927-29 гг.), будынак Гандлёва-прамысловай палаты ў Вільні па вул. Міцкевіча (1931-32 гг.) і шэрагу прыватных і дзяржаўных будынкаў.
Капітан запасу, у 1939 г. удзельнік Другой сусветнай вайны.
У Лідзе па яго праекце пабудаваны два дамы "на дзве сям'і" . Да нашых часоў дажыў толькі адзін з дамоў, пасля капітальнага рамонту і ўнутранай перабудовы ў ім зараз заходзіцца рэдакцыя Лідскага радыё і тэлебачання 3.
Стэфан Тамаровіч (Stefan Tomorowicz, 1889-1944). Архітэктар Стэфан Уладзіслаў Томаш Тамаровіч - выпускнік архітэктурнага факультэта Львоўскай політэхнікі. Працаваў дырэктарам Будаўнічага аддзела Гміннай управы ў Варшаве.
Разам з Янам Заблоцкім з'яўляецца аўтарам будынка Галоўнага ўпраўленне дзяржаўных лясоў па вуліцы Вавельскай у Варшаве (1928, 1934-36),.
Удзельнік Першай і Другой сусветных войнаў. Расстраляны ў Варшаве падчас Варшаўскага паўстання.
Пахаваны на Старых Павонзкаўскіх могілках у Варшаве (верагодна, сімвалічная магіла).
Пабудаваў у Лідзе тры лідскія дамы "на шэсць сямей" 4.
Ванда Баэрнер-Бжэхфа (Wanda Boerner-Brzechffa, 1903-1971), у дзявоцтве Баэрнер (у першым замустве Пшэўлоцкая (Przewlocka), нарадзілася 23 жніўня 1903 г. у Пензе, памерла 14 кастрычніка 1971 г. у Лондане - польскі архітэктар, удзельніца Варшаўскага паўстання, пляменніца міністра пошты і тэлеграфаў Ігнацыя Баэрнера.
Вучылася на архітэктурным факультэце Варшаўскай палітэхнікі, дзе ў 1929 г. абараніла дыпломную працу.
У 1930-я гг. яна праектавала як жылыя дамы, так і грамадскія будынкі, напрыклад, у 1936 г. спраектавала пошту для Ліды. У 1933 г. была абрана дырэктарам Рады Звязу польскіх архітэктараў.
Пасля пачатку Другой сусветнай вайны ваявала ў чыне капітана, прыняла ўдзел у Варшаўскім паўстанні і трапіла ў нямецкі палон.
Пахавана на евангелічна-аўгсбургскіх могілках у Варшаве.
З'яўляецца аўтарам праекту нашай прыгожай галоўнай пошты па вуліцы Міцкевіча 5.
1 Падрабязней пра гэты дом, гл: Лаўрэш Л.Л. Шпацыры па старой Лідзе. Гродна, 2020. С. 224-227.
2 Гл: Лаўрэш Л.Л. Шпацыры па старой Лідзе. С. 217-223, 240-245.
3 Гл: Лаўрэш Л.Л. Шпацыры па старой Лідзе. С. 227-229.
4 Гл: Лаўрэш Л.Л. Шпацыры па старой Лідзе. С. 229.
5 Гл: Лаўрэш Л.Л. Шпацыры па старой Лідзе. С. 230-233.