Алег Трусаў,кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры гісторыі Беларусі і музеязнаўства Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў
У ХІV ст. усе беларускія землі разам з літоўскімі і большай часткай украінскіх увайшлі ў новую еўрапейскую дзяржаву - Вялікае Княства Літоўскае (поўная афіцыйная назва з ХV ст. - Вялікае Княства Літоўскае, Рускае, Жамойцкае). Утварэнне гэтай дзяржавы - вынік унутранага сацыяльна-эканамічнага і палітычнага жыцця часткі старажытна-беларускіх земляў (Гарадзенскае, Наваградскае і Полацкае княствы) і ўсходне-літоўскіх плямёнаў - у ХІІ- ХІІІ стст. было значна паскорана іншаземнай агрэсіяй. Толькі разам можна было адбіцца ад крыжацкай і татарскай навалы, захаваць сваю незалежнасць, культуру і мову. Аб'яднанне адбывалася рознымі шляхамі, але пераважна мірным - праз дагаворы і шлюбныя сувязі феадалаў і ў цэлым было прагрэсіўнай з'явай.
На беларускіх і ўкраінскіх землях узровень развіцця феадальнага грамадства быў больш высокі, чым на ўласна-літоўскіх, таму яны мелі вялікі ўплыў на ўсе сферы ўнутранага жыцця дзяржавы. Дастаткова сказаць, што дзяржаўнай мовай у Вялікім Княстве Літоўскім аж да канца ХVІІ ст. была беларуская.
Але крыжацкая небяспека існавала ўсё ХІV стагоддзе да 1410 г., калі аб'яднаныя сілы беларусаў, палякаў, літоўцаў і іншых народаў нанеслі смяротны ўдар Тэўтонскаму ордэну пад Грунвальдам.
Крыжацкія набегі на беларускія землі асабліва ўчасціліся ў канцы ХІІІ - пачатку ХІV ст. Старыя драўляныя ўмацаванні з мураванымі вежамі-стаўпамі ўжо не маглі стрымаць узброенага да зубоў ворага. Таму ў першай палове XIV ст. узнікае абарончая сістэма з магутных замкаў у Лідзе, Наваградку, Крэве, Медніках, Вільні і Троках. Гэта былі як старыя драўляныя, з цягам часу адбудаваныя з каменю і цэглы замкі-дзядзінцы, так і новы тып замкаў - кастэлі, запазычаны на Захадзе.
Слова "кастэль" мае старадаўнюю лацінскую аснову (castellum - замак) і спачатку азначала ўмацаваны валам і ровам лагер рымскага легіёна. У ХІІІ - ХІV стст. кастэлем у Заходняй Еўропе назвалі невялікі мураваны замак, які звычайна меў адну ці дзве вежы і будаваўся ў нізіннай мясцовасці на штучным насыпе.
Мясцовыя дойліды, узяўшы за ўзор рыцарскі кастэль, прыстасавалі гэты тып абарончага збудавання да сваіх умоў. Яны значна павялічылі плошчу замкавага двара, дзе маглі ў час небяспекі знайсці прытулак не толькі войска, але і мірнае насельніцтва, са сваім скарбам.
Будаўніцтва Лідскага мураванага замка - аднаго з самых вялікіх на тэрыторыі Беларусі (памеры двара складаюць прыблізна 80Х80 метраў) - прыпадае на 20-ыя гады ХІV стагоддзя. Тады на чале Вялікага Княства Літоўскага стаяў князь Гедзімін, які ўвайшоў у гісторыю як таленавіты палкаводзец, змагар супраць крыжакоў. Ён разумеў, што спыніць наступ крыжацкага войска могуць толькі мураваныя замкі з моцнымі залогамі. Таму, скарыстаўшы мудрыя дыпламатычныя хады, князь заключыў часовае перамір'е з Ордэнам і вясной 1323 года разаслаў лісты ў ганзейскія (паўночна-нямецкія) гарады, якія не вельмі шанавалі крыжакоў, з запрашэннем на працу розных рамеснікаў, у тым ліку і муляроў. Ёсць меркаванні, што ганзейскія майстры прынялі непасрэдны ўдзел у пабудове Лідскага замка.1
Для забудовы была абрана невялікая пясчаная выспа (дзюна) ў балоцістай сутоцы дзвюх рэк - Лідзейкі і Каменкі. Выспу пераўтварылі ў штучную прамавугольную пляцоўку і месцамі яе дасыпалі жвірам, камянямі, буйной рачной галькай да вышыні 5-6 метраў. З поўначы, на адлегласці 7 метраў ад яе праходзіў шырокі (каля 20 метраў) роў, які злучаў дзве ракі і аддзяляў умацаванне ад горада.
Беларускі вучоны Міхась Ткачоў падлічыў, што для будаўніцтва Лідскіх муроў спатрэбілася каля 23 тысяч кубічных метраў каменю, каля 1,5 мільёна цаглін, вялікая колькасць вапны і пяску. Розныя пісьмовыя крыніцы сведчаць, што работы на замку вяліся 5-7 гадоў. Падчас раскопак на тэрыторыі Лідскага замка ў пяску былі знойдзены фрагменты прыладаў працы і зброі людзей каменнага веку. Пясок на замчышча вазілі з найбліжэйшых радовішчаў. Бліжняе пескавішча знаходзілася за 200-300 м ад замка па сучаснай вул. Камсамольскай. Кар'еры там ліквідавалі толькі пасля апошняй вайны. Калі пясок вазілі адсюль, то легенды пра даўнія пасяленні людзей на тэрыторыі Ліды маюць пэўны матэрыяльны грунт.
Недалёка ад будучага замка за год-два да пачатку работ рабілі ямы для гашэння вапны. Потым, калі вапна была падрыхтавана, а будаўнічая пляцоўка расчышчана ад кустоў і выпадковых камянёў, капалі ямы пад падмуркі. Магчыма, што ў ХІV стагоддзі яшчэ не ўмелі разбіваць на мясцовасці дакладна, геаметрычна акрэслены план будучага замка, і таму замкавыя муры ніколі не ўтвараюць у плане правільных геаметрычных фігур накшталт квадрата альбо прастакутніка. Дарэчы, лідскія майстры памылілся пры вызначэнні кірунку ўсходняй замкавай сцяны і частку ўжо закладзенага падмурка (гэта высветлілася падчас раскопак) давялося пакінуць у зямлі.
Капалі ямы драўлянымі рылёўкамі, краі якіх былі акаваны жалезам. Пакуль ішлі земляныя работы, на вазах прывозілі камяні для падмуркаў і сцен, пясок для рошчыны і абпаленую цэглу: яе складвалі штабялямі ў пэўным парадку.
У выкапаныя неглыбокія, каля метра, равы для падмуркаў кідалі вялікіх і сярэдніх памераў камяні, перасыпалі іх пяском альбо глінай. Верхнія рады пралівалі вапнавай рошчынай. Затым браліся за працу муляры. Памочнікі падносілі ім камяні і цэглу, рошчыну ў драўляных начоўках, ваду ў цэбрах (таксама драўляных). Усё гэта падавалася наверх па лесвіцах і на спецыяльных блоках з дапамогай вяровак. У тоўшчу сцен у якасці арматуры клалі драўляныя брусы.
Адначасова з мурамі раслі і рыштаванні вакол іх. Яны значна адрозніваліся ад сучасных, бо не прывязваліся да сцен, а мацаваліся за кошт таго, што канцы драўляных кансольных бэлек закладаліся непасрэдна ў муроўку. Пасля заканчэння будаўніцтва іх проста адразалі або вымалі.
Лідскі замак пабудаваны з палявога каменю і цэглы. Таўшчыня сцен унізе - 2 метры, уверсе яны звужаюцца да 1,5 метра і пераходзяць у баявую галярэю. Парапет галярэі, таўшчынёй у 70 сантыметраў, складзены з цэглы, мае адзін рад байніц трох тыпаў. Насціл галярэі апіраўся на драўляныя бэлькі сячэннем 20Х20 сантыметраў. На паўднёвай і ўсходняй сценах знаходзіліся два цагляныя данскеры (туалеты) на каменных фігурных кансолях.
Спачатку замак меў толькі адну вежу - у паўднёва-заходнім куце двара. У плане яна ўяўляла сабой квадрат (па ўнутранаму абводу амаль 9Х9 метраў). Як высветлілі археолагі, ад яе засталіся толькі фрагменты падмуркаў.
У ХV ст. pамак меў тры ўваходы. У паўднёвай сцяне на адлегласці 22 метраў ад вежы - невялікі паўцыркульны праём на вышыні 4 метраў ад першапачатковага ўзроўню двара, які, відаць, лічыўся запасным (на выпадак выведкі або ўцёкаў), і трапіць туды можна было толькі з дапамогай доўгай прыстаўной альбо вяраўчанай лесвіцы. Два ўваходы - ва ўсходняй сцяне: малы, зроблены на ўзроўні абрэза падмуркаў сцяны, і вялікі (відаць, крыху пазнейшы), размешчаны каля паўночна-ўсходняй вежы на вышыні 2,5 метра. Трапіць у замак праз вялікі ўваход можна было толькі дзякуючы пад'ёмнаму масту. Пра яго наяўнасць сведчыць вялікая разгрузачная спічастая ніша, якую праразаў уваходны праём меншых памераў.
Праём малога ўваходу меў таксама паўцыркульную форму і вышыню 2,45 метра. Захаваліся сляды ад бегункоў варот. Гэта два вялікія камяні ў аснове аркі з круглымі гнёздамі-адтулінамі. Знадворку малы ўваход бараніла падковападобнае ў плане збудаванне, ад якога засталіся нязначныя рэшткі падмуркаў.
Вонкавыя паверхні замкавых муроў зроблены з вялікіх, часткова абчасаных валуноў, што пакладзены гарызантальнымі, дакладна вызначанымі радамі. Камяні добра падабраныя адзін да аднаго. Прамежкі паміж імі запоўнены каменнымі аскалёпкамі на вапнавай рошчыне (цагляныя кліны сустракаюцца вельмі рэдка). Забутоўка паміж "шчокамі" сцен - з дробных камянёў. Цэгла ўжывалася толькі для асноўных канструктыўных элементаў і архітэктурных дэталяў. З яе выкладзены вуглы замкавых муроў і вежаў, дэкаратыўныя паясы на фасадах усходняй і паўночнай сцен, аркі, скляпенні, байніцы і вонкавыя паверхні парапета баявой галерэі (крэнеляжа).
Цагляныя паясы знадворку замкавых сцен выкананы ў тэхніцы балтыйскай, або вендскай, муроўкі. Гэта чаргаванне двух, альбо трох доўгіх бакоў цагліны і кароткага.
Муроўка выканана з цэглы двух тыпаў памерамі 31Х15Х10 і 31Х14Х7 сантыметраў. Вузейшая ішла толькі на аблямоўку крэнеляжа.
На некаторых цаглінах захаваліся слабыя адбіткі пальцаў старажытных цагельнікаў, якія рукамі ці спецыяльнымі прыладамі збіралі рэшткі гліны паверх драўлянай формы. Перад абпалам цэгла сушылася або проста на зямлі, або на пасыпанай пяском пляцоўцы, недалёка да жылля рамеснікаў. Таму зрэдку на ёй сустракаюцца сляды лап свойскай жывёлы: сабак, катоў, свіней, коз. Часам можна ўбачыць "шрамы" ад травы і адмеціны ад дажджу.
Дзякуючы археалагічным даследаванням, можна сцвярджаць, што ў першай палове ХІV стагоддзя існавала толькі паўночна-заходняя вежа замка, якая мела ахоўнае і жылое прызначэнне. Асноўны цяжар абароны прыходзіўся на муры з баявой галерэяй, што яшчэ не былі разлічаны на ўжыванне агнястрэльнай зброі. У час ваеннай небяспекі каля байніц стаялі воіны, узброеныя лукамі і арбалетамі (самастрэламі). Апошнія з'явіліся ў ХІІІ стагоддзі і шырока ўжываліся да пачатку ХVI стагоддзя. Кароткая і цяжкая арбалетная страла ляцела на меншую адлегласць, чым лучная, але яе забойная сіла была значна большай: гранёныя цяжкія наканечнікі маглі прабіць стальную браню цяжкаўзброеных рыцараў. Шмат розных па форме наканечнікаў лучных і арбалетных стрэл зноўдзена ў Лідскім замку. У 1976 годзе археолагі адшукалі і касцяны "арэх" - асноўную дэталь спускавага механізма самастрэла.
У канцы ХІV-пачатку ХV стагоддзя ўнук Гедзіміна, вялікі князь Вітаўт, перабудоўвае замак і робіць яго адным з самых магутных у Вялікім Княстве Літоўскім. У сувязі з развіццём вайсковай справы для ўмацавання замка будуецца другая, паўночна-ўсходняя, вежа з разлікам на вядзенне гарматнага бою. Кладзецца яна з цэглы лепшай якасці і іншых памераў - 29-30 Х 14 Х 7,5-8 сантыметраў.
Вежа прыбудавана да муроў упрытык. Таўшчыня сцен, якія выходзілі на двор - 3 метры, а дакладкі да двухмятровых муроў замка (зроблены з мэтай узмацніць сцены) - 83 сантыметры. Падмуркі яе ляжаць на 70-80 сатыметраў глыбей замкавых.
Некалі вежа мела арачны дзвярны праём з двара (ён выкладзены са спецыяльнай фігурнай цэглы) і лесвіцу ў тоўшчы заходняй сцяны шырынёй 1 метр з драўлянымі прыступкамі на цаглянай аснове. Паўночная і ўсходняя сцены знутры аздоблены дзвюмя нішамі, а ў паўднёвай першага паверха захаваліся дзве глыбокія нішы-печы, што некалі ацяплялі верхнія памяшканні. Першы паверх меў крыжовае скляпенне, рэбры якога выкананы са стрэлападобнай цэглы.2 Абедзве вежы былі накрыты паўцыркульнай дахоўкай.
Падчас раскопак двара высветлілася, што з трох бакоў (акрамя паўднёвага) да замкавых муроў туліліся драўляныя аднапавярховыя будынкі-казармы (захаваліся рэшткі падмуркаў, печаў і абгарэлых бярвенняў). Шырыня іх каля 4 метраў. Непадалёку ад заходняй сцяны стаяў асобны будынак, дзе, напэўна, жыў са сваёй сям'ёй камендант замка (кашталян). Гэта было збудаванне прамавугольнае ў плане (6Х4 метры), з каменным падмуркам, пакладзеным на гліне. Яго памяшканні абаграваліся кафлянай печкай.
Ва ўсходняй частцы двара знаходзіліся два калодзежы. Адзін, меншых памераў, непадалёку ад паўночна-ўсходняй вежы. Другі, вялікі, відаць, прызначаўся для таго, каб паіць жывёлу, бо да вады вяла брукаваная сцежка.Пры раскопках прасочаны рэшткі драўляных калодзежных зрубаў. Сярэдзіна замкавага двара была таксама забрукавана. Каля паўднёва-ўсходняй вежы мясціліся кузня і салдацкая кухня.
Гістарычны лёс Лідскага замка надзвычай складаны. У ХІV стагоддзі яго муры не раз вытрымлівалі націск крыжакоў. Упершыню пад замкавымі сценамі яны з'явіліся ў 1384 годзе. Пасля працяглай аблогі і штурму ворагі захапілі замак. Другі раз набег быў зроблены зімой 1392 года, калі балоты вакол умацавання скаваў лёд. Захопнікі спалілі навакольныя будынкі, абрабавалі горад і аблажылі замак. Кіраўнік абароны, князь Карыбут, які меў нязначную колькасць воінаў, вырашыў не чакаць штурму і ноччу праз патаемны ход разам з залогай пакінуў цвердзь. Рыцары захапілі шмат вайсковага рыштунку і зброі. Праз два гады крыжацкія атрады зноў напалі на Ліду, але на гэты раз замак выстаяў. Пры падтрымцы жыхароў горада воіны залогі мужна адбілі ўсе атакі непрыяцеля.
Сляды зацятых баёў з крыжаносцамі засталіся ў культурным археалагічным слоі на замкавым двары і знешніх схілах муроў. Гэта тоўстыя праслойкі вугалю - сведкі пажараў, рэшткі рознай зброі, а таксама рыштунку конніка і збруі каня.
У 1977 годзе ў ваколіцах Ліды падчас меліярацыйных работ знойдзены кароткі лёгкі меч - корд - даўжынёй каля метра. Датуецца ён ХV стагоддзем. Зараз экспануецца ў Лідскім краязнаўчым музеі. На яго лязе ёсць два кляймы: г. Пасаў - "воўк" і крыжык на дузе. Хутчэй за ўсё меч паходзіць з Германіі, бо такія знакі, як пасаўскі "воўк", сустракаюцца на зброі з тагачасных нямецкіх гарадоў. Падобнае кляймо стаіць на мячы пскоўскага князя Даўмонта. Корд знайшлі студэнты будатрада Гарадзенскага медінстытута і перадалі будатраду БДУ імя Пічэты, які вёў раскопкі замка.
Непадалёку ад замка мясцовы жыхар у сваім агародзе адкапаў каваны кінжал даўжынёй 43 сантыметры. Круглая адтуліна для скуранога раменьчыка ў верхняй частцы дзяржальна сведчыць, што насілі яго на рамяні. Папярэдне знаходка прадатавана ХІV стагоддзем.
На замкавым двары адшуканы абламаны наканечнік дзіды, які завяз у конскім чэрапе, і ўток - металічная акоўка ніжняй часткі дрэўца дзіды. (Уток мацаваўся да дрэўца цвіком і дазваляў воіну пры неабходнасці лёгка ўваткнуць цяжкую дзіду ў зямлю).
Сведчаннем шматлікіх нападаў на Лідскі замак з'яўляецца і вялікая колькасць каменных ядраў розных памераў з вапняку і граніту. Іх дыяметр вагаецца ад 7-9 да 34 сантыметраў. Датуюцца ядры канцом ХІV-сярэдзінай ХVІІ стагоддзя. У асноўным яны гарматныя, але некаторыя, асабліва вялікіх памераў, маглі прызначацца і для каменямётаў, што былі на ўзбраенні воінаў да ХV стагоддзя. Гарматы з'явіліся на Беларусі ў ХІV стагоддзі, і доўгі час з іх стралялі выключна каменнымі ядрамі.
Ціск крыжакоў на Панямонне рэзка ўзмацніўся ў канцы ХІV ст. Так у 1393 годзе яны разбурылі замкі ў Гародні, Мяркіне, Дзярэчыне і Лідзе. Зноў пад Лідай яны з'явіліся ў першай палове 1394 года.3 Магчыма тады і пачалі ў Лідскім замке будаўніцтва другой новай вежы.
Некаторыя гісторыкі лічаць, што хаўруснік Вітаўта хан Тахтамыш, які ў 1395-1396 г.г жыў у Кіеве, потым тры гады жыў у Лідскім замку4 .5 Магчыма, што Вітаўт падрыхтаваў і ўмацаваў замак дадатковай вежай менавіта да прыезду сюды такой значнай асобы.
Дасталося Лідскаму замку і ў час міжусобных войнаў. У пачатку ХV стагоддзя каля яго муроў апынуліся войскі смаленскага князя Юрыя, які прыйшоў вызваляць сваю сям'ю, захопленую ў палон Вітаўтам. Смаляне спалілі горад, некалькі разоў штурмавалі замак, але ўзяць яго не здолелі. Неўзабаве у 1433 годзе замак аблажылі войскі князя Свідрыгайлы, прэтэндэнта на вялікакняскі пасад. Зноў горад ушчэнт спляжыў агонь, але абаронцы замка мужна адбілі ўсе прыступы наезнікаў.
У 40-ых гадах ХV стагоддзя Лідскім старастам быў яшчэ адзін перабежчык з Залатой Арды - хан Даўлет Хаджы-Гірэй. Яму лёс выпаў больш шчаслівы, чым яго папярэдніку, Тахтамышу, бо з дапамогай феадалаў Вялікага Княства Літоўскага ён стаў ханам перакопскіх татар.
У другой палове ХV стагоддзя замак часова знікае са старонак старажытных летапісаў і хронік. І гэта не дзіўна. Бо для Ліды надышлі адносна спакойныя часы. Расла гарадская забудова, яна ў тую пору была драўлянай і размяшчалася на поўнач ад замка.
У гэты час Лідскі замак быў адным з самых значных умацаванняў ва ўсім Вялікім Княстве Літоўскім. Таму, невыпадкова Вялікі князь Аляксандр у 1506 годзе вырашыў склікаць сойм ВКЛ у Лідзе і перадаць сваю ўладу, паколькі ён смяротна захварэў, свайму малодшаму брату Жыгімонту. Ён прыехаў у Лідскі замак і там 24-25 чэрвеня склаў тастамант, паводле якога ўся ўлада пераходзіла да яго малодшага брата.
Аднак у траўні 1506 года адбыўся чарговы напад на ВКЛ крымскіх татараў. У першай палове чэрвеня іх войска стала лагерам у ваколіцах Клецка. Неўзабаве татарскія орды пачалі набліжацца да Ліды. Вось як гаворыць пра той час Хроніка Быхаўца - старажытна-беларускі летапіс: “…В лето сёмое тысячы пятнадцатого, а од божыяго нароженія тысяча пятсот сёмого после плененія землі Літовской от безбожных татар, і прыехал король і велікі князь Аляксандр до Вільні з Ляхов немоцон вельмі немоцою паралітыковою, і вчыніл сейм в городе Ліде. І будучы ему со всімі паны в Ліде, прышла ко нему вест, іжэ царэвічы перекопскіе Біты-Кірей солтан а Бурнаш солтан прыйшлі з дватцатма тысячма людей ко Слуцку, ідут к Новогородку… татарове прішедші а Новогородку, і скоро прыйшлі за Немон і не доходячі Ліды, около города, от всіх сторон в мілі і в полумілі от города, воевалі церкві божые і дворы велікіе, і весі зажыгалі і людей імалі і забівалі…” (У арыгінале тэкст напісаны лацінкай).
Таму Вялікага князя Аляксандра давялося тэрмінова на насілках перанесці ў Вільню. Разам з ім была жонка Алена Іванаўна і двор. Аднак штурмаваць умацаваны замак татары баяліся. У гэты час было сабрана народнае апалчэнне колькасцю ў дзесяць тысяч чалавек, якое разбіла прыхадняў у ваколіцах Ліды, на адлегласці адной мілі ад яе, а праз кароткі час ушчэнт разграміла татараў пад Клецкам.
Што ж уяўляў сабой горад і замак у ХVI-XVII стагоддзях? Сярэднявечная Ліда - гэта замак, княжацкі двор, уласна горад з падзамчам і прадмесцем, што звалася Зарэчча.
Княжацкі двор, альбо замкавы фальварак, у XVII стагоддзі знаходзіўся за замкам каля рэчкі Каменкі. Інвентар 1680 года згадвае пра млын у фальварку на рацэ Лідзейцы.
Сам горад, як адзначалася вышэй, размяшчаўся толькі па адзін бок замка, на поўнач ад яго. У цэнтры быў рынак, адкуль бралі пачатак чатыры вуліцы. Віленская выходзіла на шлях да Вільні. Ад рынка паўз замак вілася Замкавая, ад яе пачыналася Каменская, якая вяла да дарогі на мястэчка Васілішкі. Вуліца Крывая злучала рынак з Каменскай. (Яе працяг ад Каменскай да замка ў пачатку ХІХ стагоддзя насіў назву Нова-Кармелітанскай).
Жыхары Ліды былі ў асноўным праваслаўнымі і католікамі. Гісторык Шымялевіч паведамляе, што да 1553 года ў замкавай вежы знаходзілася праваслаўная царква, якую потым перанеслі ў горад. У 1579 годзе пабудавана сінагога, а затым і кальвінскі збор.6
У часы панавання караля Рэчы Паспалітай Яна Казіміра ў горадзе налічвалася каля 15 тысяч насельніцтва, і Ліда атрымала магдэбургскае права (пры Жыгімонту). Сваіх умацаванняў горад не меў, таму ў час небяспекі жыхары шукалі паратунку ў замку.
На той час замак атрымаў дадатковае ўмацаванне - штучнае возера, якое прыкрывала яго з усходу. Гэта возера ёсць на планах і малюнках XVIII-XIX стагоддзяў. Замак з'яўляўся дзяржаўнай маёмасцю і ахоўваўся мясцовай шляхтай. Тут знаходзіліся склады зброі, стаяла залога, паўночна-ўсходняя вежа час ад часу скарыстоўвалася як турма.
Гісторыкі ХІХ стагоддзя сцвярджаюць, што ў 1638 годзе гараджане атрымалі дазвол збудаваць унутры замка склеп для захоўвання земскіх актавых кніг. Трэба аднак зазначыць, што пры археалагічных даследаваннях рэшткі склепа выявіць не ўдалося. Магчыма, што архіў мясціўся ў вежах. Да канца XVIII стагоддзя тут адбываліся гарадскія суды.
Пра побыт насельнікаў Лідскага замка ў XVI-XVII стагоддзях расказваюць знаходкі археолагаў - вялікая колькасць кафлі, кухоннага і сталовага керамічнага посуду, вырабаў з металу, каменю і косці.7 Асабліва ўражвае пячная кафля, якой тут некалькі тясяч фрагментаў.
Як ужо адзначалася вышэй, воіны жылі ў драўляных казармах, прыбудаваных да каменных замкавых муроў. Жылыя будынкі ў асноўным мелі форму выцягнутых прамавугольнікаў, падзеленых перагародкамі на асобныя памяшканні. У кожным пакоі стаяла кафляная печ. Пад час шматлікіх аблогаў замка і пажараў драўляныя забудовы гарэлі, а печы разбураліся. Але насельнікі замка хутка зноў аднаўлялі сваё жыллё на старых каменных падмурках, а разбітыя кафлі ішлі на адбудову пода новых печаў.
Поды тых печаў, зробленыя з гліны, невялікіх камянёў і бітай цэглы, захаваліся. Тут жа сабрана мноства гаршковай і каробкавай кафлі, што дазваляе прааналізаваць яе паступовае развіццё, а па іншых археалагічных матэрыялах, напрыклад манетах, вызначыць час існавання таго ці іншага тыпу альбо варыянту. Пасля рэстаўрацыі даследчыкі змаглі выдзеліць два віды і каля трыццаці разнавіднасцяў лідскай кафлі, з якой выкладалася асноўная паверхня печаў.
За гады раскопак ў Лідскім замку сабрана і ўжо часткова адноўлена вялікая колькасць кухоннага і сталовага посуду. Асартымент непаліваных вырабаў паўсядзённага ўжытку, якія адносяцца да XIV-XV стагоддзяў, небагаты. Гэта гаршкі з накрыўкамі, патэльні і цёрлы. Нягледзячы на самыя розныя памеры - ад 0,2 да 8 літраў і больш - посуд прыцягвае ўвагу сваёй зручнасцю, прапарцыянальнасцю. Гліняная паверня яго крыху грубаватая, часам мае дэкор ў выглядзе прамых ці хвалістых ліній.
XVI стагоддзе прадстаўлена значнай колькасцю найменняў ганчарных вырабаў, традыцыйны кухонны посуд папаўняецца сталовым, пакрытым зялёнай альбо карычневай палівай ці чорнаглянцаваным. Гэта латкі, міскі, рынкі, патэльні, збаны. А вось талеркі, новыя формы місак і паўміскаў, стопкі, кубкі, куфлі, спецыяльныя начынні для прыпраў і парфумы, гліняныя скарбонкі, фляжкі выраблены ў канцы XVI-першай палове XVII стагоддзя. Пры нанясенні дэкору майстры скарыстоўвалі штамп з малюнкам у выглядзе ромбікаў, што дазваляла атрымліваць арнаменты, характэрныя для традыцыйнага беларускага прыкладнога мастацтва.
Некаторыя талеркі і паўміскі аздабляліся роспісам. Малюнак наносіўся па гатоваму контуру ў спалучэнні з адвольным сюжэтам. Пасля абпалу выраб пакрываўся бясколернай ці злёгку падфарбаванай палівай і зноў абпальваўся.
Пачынаючы з часоў вялікага князя Аляксандра шляхецкая культура ВКЛ пачынае запазычваць элементы польскай шляхецкай культуры. Сярод імпартнага керамічнага посуду польскай вытворчасці дамінуе белагліняная паліваная кераміка. Сярод паліванага посуду знойдзенага ў Лідскім замку, польская белагліняная кераміка складае каля 12%, што значна болей, чым знойдзена археолагамі на тэрыторыі іншых беларускіх замкаў. Выключэнне толькі Мірскі замак. Тут знайшлі 1119 фрагментаў імпартнага польскага посуду, што складае 20% ад усяго глінянага посуду. Датуецца польская кераміка XVI- пачаткам XVII ст.8
Археолагамі знойдзены і цыліндрычныя шкляніцы на паддонах, аздобленыя дзвюма альбо трыма шклянымі стужкамі. Адшуканы таксама шарападобныя флаконы XVII стагоддзя, упрыгожаныя па гарызанталі і вертыкалі шклянымі жгутамі, келіхі на масіўных ножках, кілішкі канічнай формы і адвольна фармаваныя стопкі з бясколернага шкла. Дапаўняюць калекцыю кварты і бутэлькі, у якіх захоўваліся вадкасці. Кварты трапляюцца таўстасценныя, з зялёнага шкла, альбо танкасценныя, фармаваныя са шкла асветленага.
Сабрана шмат вырабаў лідскіх рамеснікаў, спецыялістаў па апрацоўцы розных металаў. Яны выраблялі нажы, чаранковыя альбо з прыкляпанымі драўлянымі ці касцянымі накладкамі, нажніцы, круглыя і трохвугольныя вісячыя замкі, ключы, крэсівы, спражкі, сякеры, завесы, прабоі, вугалкі, каваныя цвікі розных памераў, падковы.
Да цікавых знаходак можна аднесці музычны інструмент - варган (у народзе называлі дрымбай) і кавалак гранёнага злітка, магчыма, свінцовага, з выявай "трызубца". У адной з нішаў паўночна-заходняй вежы замка адшуканы металічная пасудзіна з акруглым донцам, двума вушкамі і прымацаванай накрыўкай. Не выключана, што гэта парахаўніца.
Даследчыкі адкапалі некалькі дзесяткаў срэбных і медных манет. Самымі раннімі з'яўляюцца дзве манеты Кейстута і Вітаўта. Яны датуюцца XIV стагоддзем, знойдзены ў паўночна-ўсходняй вежы. Пры расчыстцы адной з пабудоў каля паўночнага замкавага мура выяўлены скарб з 5 манет. Гэта грош Жыгімонта ІІ Аўгуста (1536 год), венгерскі дэнарый Максіміліяна ІІ (1566 год), солід (шылінг) Стэфана Баторыя (1582 год) і два соліды Жыгімонта ІІІ Вазы (1610 год).
Сабраныя ў замкавым двары некалькі дзесяткаў гліняных грузіл для рыбалоўных сетак, вялікая жалезная блясна з кручком, шмат костак дзікіх жывёл, у тым ліку рогі зубра - доказ таго, што насельнікі замка займаліся рыбалоўствам і паляваннем. А ў вольны ад працы час яны часта сядзелі за шахматнай альбо шашачнай дошкай, аб чым сведчаць касцяныя фігуры XIV-XVI стагоддзяў.
Пра гандлёвыя сувязі расказваюць знаходкі іншаземных рэчаў. У першую чаргу гэта кавалак фаянсавага блюда, ў аснову роспісу якога пакладзены сюжэт з міфа аб Лаакаоне. На адваротным баку яго часткова захаваўся надпіс лацінскімі літарамі. Няма сумнення, што гэта італьянская маёліка.9
На тэрыторыі замкавага двара адшуканы таксама два кавалкі вялікага пасудзіны, зробленай у Паўднёвай Германіі ў XVII стагоддзі. Пакрытая празрыстай салянай глазурай і аздобленая барэльефам у выглядзе галавы льва рэч адносіцца да так званай рэйнскай керамікі. Такія багатыя археалагічныя знаходкі сведчаць аб высокім дабрабыце насельнікаў замка.
У сярэдзіне XVII- пачатку XVIII стагоддзя мірнае жыццё горада Ліды было перапынена войнамі. Летам 1659 года замак з усіх бакоў аблажыла 30-тысячнае войска царскага ваяводы Мікіты Хаванскага і пасля гарматнага абстрэлу і працяглай асады ўзяло яго. Усе драўляныя будынкі былі спалены (і больш ужо не аднаўляліся), а калодзежы засыпаны. Пасля заканчэння вайны на тэрыторыі замка ніхто пастаянна не жыў. Моцны ўдар лідскім мурам нанеслі шведы, якія ў пачатку XVIII стагоддзя ўзарвалі абедзве вежы, і ўмацаванне страціла сваё стратэгічнае значэнне.
Як ужо адзначалася, пасля Паўночнай вайны на тэрыторыі Лідскага замка жылых пабудоў не было, муры яго паступова пачалі разбурацца. Аднак ва ўцалелых памяшканнях захоўваліся гарадскія акты і праходзілі суды.
Пасля трэцяга раздзелу Рэчы Паспалiтай, 14 снежня 1795 года, Лiда ўвайшла ў склад Расiйскай iмперыi, а з 8 жніўня 1796 года стала павятовым (уездным) горадам Слонiмскай губернi.
Трэба адзначыць, што ў канцы XVIII - пачатку XIX стагоддзя замак яшчэ ўражваў сучаснiкаў сваёй магутнасцю. Тады стаялi амаль усе замкавыя муры з байнiцамi i аркатурным поясам на паўночнай i ўсходняй сценах, дзе-нiдзе рэшткi вежаў захоўвалiся да ўзроўню трэцяга паверха. Менавіта з гэтага часу пачалося навуковае даследаванне помнiка, да нас дайшлi яго першыя замалёукi i апісанні.
У канцы XVIII стагоддзя ўмацаванне замаляваў вядомы мастак Iосiф Пешка. На яго акварэлi бачна штучнае возера вакол маляўнiчых pyiн замка, на поўнач ад муроў - будынак прыходскага касцёла, узведзены ў 1770 годзе заміж старога драўлянага. Гарадской забудовы вакол замка яшчэ няма.
У канцы мінулага стагоддзя літоўскія гiсторыкi архітэктуры перадалі сваім калегам беларусам тры новыя, яшчэ не ўведзеныя ў шырокі навуковы ўжытак малюнкі з выявай Лiдскага замка. На адным з іх ёсць дата 1825 год. Каштоўнасць гэтых замалёвак вельмi вялiкая, бо на ix упершыню пазначаны асобныя архітэктурныя дэталi помнiка. Акрамя выразна акрэсленага аркатурнага пояса на паўночна-ўсходняй вежы з боку горада на нiжнiх паверхах заўважаюцца шырокiя вокны-байнiцы арачнай формы, падобныя да тых, што калiсьцi асвятлялi княжацкую вежу Крэўскага замка. 3 усходу нiжнiя паверхі вежы былі без вокан, а акнo-байнiца на ўзроўнi трэцяга альбо чацвёpтагa паверха выходзiла на балкон.
3 паўднёва-заходняга боку замак замалявалі ў першай палове XIX стагоддзя вядомыя жывапісцы В. Дмахоўскi i В. Гразноў. Найбольшай дакладнасцю вызначаецца карцiна Васiля Гразнова, дзе паказаны асобныя дэталі забудовы, ў тым лiку i адзiн з данскераў на ўсходняй сцяне. На той час рэшткі вежаў ужо былі нiжэйшымi, а штучнае возера пачало зарастаць чаротам.
Лiдскi замак цiкавiў i мясцовых гiсторыкаў. Для вывучэння помнiка многа зрабiў Тэадор Нарбут. Нарадзiўся ён непадалёку ад Лiды - у маёнтку Шаўры (зараз Bopaнaўcкi раён Гарадзенскай вобласцi), дзе i правёў большую частку свайго жыцця. 3аймаўся гiсторыяй, археалогiяй, этнаграфiяй i краязнаўствам, аўтар шматтомавай «Гісторыі лiтоўскага народа», шэрагу iншых навуковых прац. У яго краязнаўчых работах найбольш каштоўнымi з'яўляюцца звесткi па гiсторыi Лiды.
Вучоны меў вялікую колькасць архiўных матэрыялаў, якiх зараз не захавалася. 3аснаванне Лiды Нарбут адносіў да 1180 года, аднак археалагiчныя раскопкі на тэрыторыi горада i замка не пацвердзiлі гэту дату. Самыя раннiя знаходкi можна аднесцi толькі да XIV стагоддзя.
Не апраўдалiся таксама меркаванні тых гiсторыкaў XIX стагоддзя, якiя лiчылi, што на месцы замка раней было паселiшча. Нарбут абследаваў руiны ўмацавання ў самым канцы XVІІІ стагоддзя i naкiнуў звесткi, што ў адной з кутніх вежаў былi шыкоўныя залы i пакоi на вepxнім паверсе, на нiжнiм - судовая i архiўная «iзбы», а таксама турма.
У сярэдзiне XIX стагоддзя абмеры i замалёўкi лiдcкix муроў выканалi рускiя вучоныя. Ix матэрыялы захавалiся ў apxiвe Акадэмii мастацтваў у Санкт-Пецербургу. У гэты час замак малюе знакамiты графiк Напалеон Орда. Сiтуацыя вакол nомнікa ўжо iншая: возера амаль перасохла, а гарадская забудова падступае блiжэй да ўмацавання. Малюнак зроблены ў папулярным тады стылi рамантызму, што значна сказіла сапраўдныя абрысы замка. Так, паўночна-ўсходняя вежа паказана круглай i выступаючай за лiнiю муроў, чаго ў сапраўднасцi не было. Вельмi недакладна паказаны i верхнiя часткі сцен.
Канец XIX стагоддзя стаў для замка трагiчным. У 1891 годзе Jliда згарэла, прычым агонь спляжыў самы цэнтр яе, разам з будынкам ратушы, узведзеным у XVIII стагоддзi. Мясцовыя гарадскiя ўлады, не разумеючы гiстарычнай каштоўнасцi замка, наладзiлi разборку i распрадажу муроў, выкарыстоўваючы ix для адбудовы горада. 3 адхонаў замкавага пагорка сталi браць пясок. Тады былi амаль цалкам знiшчаны рэшткi паўднёва-заходняй вежы i разабрана частка заходняй сцяны. Толькi ўмяшанне археалагiчнай iмператарскай камісіі з Пецярбурга спынiла гэты вандалiзм.
У канцы XIX стагоддзя былi зроблены i першыя фотаздымкi Лідскага замка, якiя аздобiлi некаторыя тагачасныя паштоўкi. Параўноўваючы ix, можна заўважыць, што разбурэнне муроў працягвалася. На адным са здымкаў бачны парушаны паўднёва-ўсходнi вугал умацавання. (Шмат адлюстраванняў замка з розных бакоў захоўваецца зараз у рукапiсным аддзеле бiблiятэкi Вiленскага унiверсiтэта.). У 1908-1910 гадах замак вывучаў вядомы рускi рэстаўратар Пётр Пакрышкiн. Ён зрабiў абмеры муроў i ix здымкi.
3 пачатку ХХ стагоддзя гiсторыяй замка цiкавiўся таксама М. Шымялевiч (поўнае iмя невядома). У 1906 годзе ў зборнiку «Вiленскi каляндар» ён надрукаваў артыкул "Горад Лiда i Лiдскi замак", якiм карысталiся шматлiкiя пазнейшыя даследчыкi.
У 1909 годзе для частковай кансервацыi старажытнага ўмацавання былi адпушчаны невялiкiя сродкi - 943 рублi. Будаўнiкi раскiдалi ненадзейныя месцы муроў, а пaвepxнi сцен абмазалi цэментнай рошчынай. На дрэнную якасць кансервацыйных работ скардзiлiся сучаснiкi. У 1911 годзе беларускi археолаг Вандалiн Шукевiч пiсаў, што будаўнiкi замуравалi байнiцы на паўночнай сцяне, а цэментная нашлёпка на сценах пачала прыцягваць вiльгаць, што разбурала вонкавыя паверхнi муроў. У час Першай Сусветнай вайны, а таксама рэвалюцыi i грамадзянскай вайны замак не быў пашкоджаны.
У 20-ыя гады мінулага стагоддзя, калi па Рыжскаму пагадненню 3аходняя Беларусь трапiла пад уладу Польшчы, лiдскiя муры крыху паднавiлi польскiя рэстаўратары. Яны злучылi каменнай агароджай заходнюю i паўднёвую сцены, часткова залажылi разбураны паўднёва-ўсходнi кут i замуравалi бакавыя ўваходы. На месцы парушанага паўночна-заходняга вугла з'явiлiся драўляныя вароты, праз якiя можна было трапiць на замкавы падворак. У летку тут часта спыняўся вандроўны цырк альбо звярынец, а зiмой пасярэдзiне двара ставiлi ёлку i залiвалi каток .
Летам 1929 года замак вывучаў вядомы беларускi мастак Язэп Драздовiч i прысвяцiў яму альбом замалёвак. Самыя вартыя з ix аркушы - «Выгляд замчышча з паўднёва-заходняга боку» i «Паўночна-заходняя сцяна замка». На першым малюнку - старажытнае мураванае ўмацаванне лёгка ўзвышаецца над вакольнымi xaтамi, пануе над мясцовасцю. Вельмi пластычна пададзена паўночная сцяна забудовы з цiкавым пярэднiм планам. На ўзгорку пры замкавым муры ўзнялi гарызантальна выцягнутыя кроны дзве старыя сасны, што нагадваюць iтальянскiя пiнii. Унiзе, каля дарогi, стаiць студня з адмысловай стрэшкай.
У верасні 1939 г. на вуліцах Ліды з'явіліся чырвонаармейцы. Заходняя Беларусь уз'ядналася з БССР. 22 студзеня 1940 года ўpaд рэспублiкi прыняў пастанову аб ахове ў заходніх абласцях БССР помнiкаў рэвалюцыi, мастацтва, старажытнасцi i захаваннi apxiваў. Лідскі замак атрымаў статус помнiка архiтэктуры .
У чэрвенi 1941 года на Лiду пасыпалiся фашысцкія бомбы. Мясцовыя жыхары расказвалi, што апынуўшыся ў горадзе, захопнiкi спачатку трымалi ў замкy ваеннапалонных, а потым зрабiлi там склады боепрыпасаў. У 1944 годзе, калi вораг ужо адступаў на захад, тут неаднойчы ўзрывалiся снарады, але сцен умацавання яны не пашкодзiлi. Калi ж савецкiя войскі вызвалілі горад, то замкавы двор увесь быў пакрыты глыбокімі вырвамi, паўсюдна валялiся снарады і міны. Даволi многа ix ляжала ў ямах, засыпаныx зямлёй. З гэтымi "падарункамi" апошняй вайны і сутыкнуліся пазней археолагi. Не раз iм даводзілася спыняць раскопкi i выклiкаць сапёраў. Так, у 1978 годзе было знойдзена 150 снарадаў i 8 мінaмётных мін, шмат патронаў i ўзрывальнiкаў. Яшчэ большую колькасць снарадаў паднялi з зямлi ў 1986 годзе. Толькi ў адным з катлаванаў ix налiчылi з паўтысячы. Прыйшлося на цэлы месяц адтэрмiнаваць раскопкi i рэстаўрацыйныя работы.
Пасля вайны на архітэктурныя вартасцi замка звярталi ўвагу розныя даследчыкi. Адзiн з першых пасляваенных навуковых артыкулаў, непасрэдна прысвечаных гэтаму помнiку, быў напiсаны А. Палеесам у 1947 годзе i надрукаваны ў часопiсе "Беларусь". У 1953 годзе Лiдскi замак увайшоў у спiс помнікaў архiтэктуры рэспублiкi, якiя былi ўзяты пад дзяржаўную ахову.
Калi ў вepacнi 1967 года ЦК КПБ i Савет Miнiстраў БССР прынялi Пастанову аб правядзеннi неадкладных рамонтна-рэстаўрацыйных работ на помніках гісторыі i архiтэктуры, то руiны лідскiх муроў трапілі ў зацверджаны дакумент пад нумарам 13.
У 1967 г. рашэннем мясцовых улад Лідскі замак перададзены пад шэфскі нагляд будаўнічаму трэсту № 19 і там абсталяваны спартыўныя пляцоўкі, падведзена вада і некалькі зімаў заліваўся каток для забаў. У 1970 г. была зроблена спроба ўмацаваць муроўку з-за пастаянных абвалаў вуглоў сцен, што было даручана будаўнічаму трэсту № 19.
Упершыню археалагічныя доследы на замкавым падворку пачалiся ў 1970 годзе пад кiраўнiцтвам Мiхася Ткачова. Каля вежаў замка заклалi шурфы. Высветлiлася, што паўднёва-заходняя вежа больш ранняя. Ад яе часткова захаваўся падмурак таўшчынёй тры метры. Ткачоў выказаў меркаванне, што другая вежа была ўзведзена альбо пасля 1384 года, альбо на мяжы XIV -ХV стагоддзяў. Яго даціроўка пацвердзiлася ў вынiку далейшьrx даследаванняў. Вучоны таксама прасачыў, што ўмацаваная забудова стаіць на выспе са жвiру, пяску i камення.10
У 1972 г. на адной з сесiй абласнога савета народных дэпутатаў было ўзнята пытанне аб аднаўленнi замка i зроблена абгрунтаванне гэтай задачы. Iдэю падтрымаў тагачасны старшыня аблвыканкаму Р. Фамiчоў.
У 1974 годзе на тэрыторыi замка 12 невялiкiх шурфоў заклаў Яраслаў 3вяруга. Але тут даследчыку не пашанцавала. Ва ўcix шурфах, зробленых па перыметру сцен на адлегласці 10 метраў ад іх, знаходзіўся перамешчаны культурны слой.
... Iшоў час. 3 кожным годам прыгажэла Лiда. На яе вулiцах адзiн за адным вырасталi шматпавярховыя жылыя дамы. Побач з замкам узнялася дзевяцiпавяр-ховая гасцiнiца, крыху далей - высотны гмах iнтэрната для будаўнiкоў.
На фоне новай забудовы сумна выглядалi замкавыя муры, ад якiх час ад часу адвальвалiся i кацiлiся унiз вялiкiя камянi. Заходняя сцяна нахiлiлася ў бок дарогi, дзе несцiхана стаяў гул цяжкавагавага аўтатранспарту. На замкавым двары «гаспадарыў» будаўнiчы трэст, якi прыстасаваў яго пад невялiкi стадыён. Помнiк у цэнтры вялiкага горада трэба было ратаваць.
Першы заказ ад Лiдскага гарвыканкаму на кансервацыю муроў прыйшоў у Спецыяльныя навукова-рэстаўрацыйныя майстэрнi Мiнiстэрства культуры БССР у 1975 годзе. 3акладзеныя ў вepacнi 1976 года архiтэктурна-археалагiчныя шурфы, а таксама шматлiкiя гiстарычныя крынiцы паказалi ўнiкальнасць гэтага шэдэўра беларускага дойлiдства. Тады навуковы кipaўнік рэстаўрацыйных работ, архiтэктар Сяргей Багласаў прапанаваў свой варыянт поўнай адбудовы замка i актыўнага прыстасавання яго для сучасных культурных патрэб горада. Праeкт быў абмеркаваны i зацверджаны на пасяджэннi Лiдскага гаркаму партыi i гарвыканкаму. Мясцовыя ўлады выдаткавалi патрэбныя грашовыя сродкi для здзяйснення задумы.
Каб распрацаваць дэталёвы праект рэстаўрацыi, тых звестак, якiя сабралi гiсторыкi, не хапала. Патрабавалiся значныя археалагiчныя даследаваннi.
У 1977-1978, а таксама ў 1980 i 1985 гадах раскопкi ў замку праводзiў аўтар. У 1977 годзе былi цалкам ускрыты рэшткі абедзвюх вежаў, знойдзены астаткі некаторых драўляных пабудоў на замкавым двары, вызначана месца, адкуль пачынаўся роў перад паўночнай замкавай сцяной. Усе археалагiчныя i рэстаўра-цыйныя работы выконвалi студэнты будаўнiчага атрада iмя У.І. Пiчэты (першага рэктара БДУ), сфармаванага на гiстарычным факультэце унiверсiтэта. Імя У.І. Пічэты насілі студэнцкія будатрады ў 1977, 1978 і 1980 гадах, што само па сабе было справай рызыкоўнай (У.І. Пічэта ў 30-ягады быў рэпрэсаваны). Будучыя гiсторыкi працавалi самааддана. Асаблiва цяжка давалiся раскопкі паўночна-ўсходняй вежы, рэшткi якой былi завалены вялiзнымi валунамi. Тысячы камянёў вынесла адтуль за два месяцы брыгада студэнтаў з сямi чалавек.
У 1978 і 1980 гадах пры расчыстцы астаткаў асноўных пабудоў на замкавым двары адкапаны дзве студні. Вывучэнне культурнага слоя двара пазней (у 1986-1987 гадах) прадоўжыў Алесь Краўцэвіч. Ён выявіў рэшткі падмуркаў драўлянага будынка, што стаяў асобна ў паўночнай частцы падворка. У выніку раскопак знойдзена шмат каштоўных матэрыялаў, якія ляглі ў аснову праекта аднаўлення Лідскага замка.
Летам 1978 года для вядзення рэстаўрацыі быў створаны вытворчы ўчастак. Сюды прыйшлі мясцовыя рабочыя, узначаліў іх майстар Іосіф Матэйка. Амаль кожны дзень, нягледзячы на сваю занятасць, заходзіў у замак Уладзімір Логаш, што тады быў старшынём гарвыканкаму. Не раз дапамагаў ён тэхнікай, звяртаўся на будаўнічыя заводы Літвы па спецыяльную вяліка-памерную цэглу і хвалістую дахоўку. І справа пайшла. Адзін за другім аднаўляліся колішнія муры. Першай над сценамі замка ўзнялася паўночна-ўсходняя вежа. Яе ўпрыгожыў флюгер-ветранік з выявай герба ВКЛ - знакамітай "Пагоняй".
Вялікую цікавасць выклікаў праект замка ў гараджан. На вуліцы былі выстаўлены малюнкі будучага адноўленага помніка, каля якіх збіралася многа людзей. Спецыяльна была наладжана экскурсія для начальнікаў цэхаў і кіраўнікоў аддзелаў завода "Лідсельмаш", пасля чаго прадпрыемства аказвала дапамогу ў яго аднаўленні. Пры падтрымцы міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі рэспублікі і яго міністра А.Бязлюдава ў горадзе з'явілася праектная група з дзесяці чалавек, для распрацоўкі праектаў дабраўпарадкавання тэрыторыі вакол замка. Значны ўклад у гэту справу тады ўнёс галоўны архітэктар горада А. Пархута.
Непазнавальна змянілася і гарадская тэрыторыя вакол замка. З паўночнага боку раскінулася вялікая плошча, самая прыгожая ў горадзе. Спынены рух цяжкавагавага транспарту каля заходняй сцяны замка. Каб захаваць паступовы пераход ад сучаснай высотнай забудовы да помніка ХІV стагоддзя перад ім пакінулі тры невялікія адна- і двухпавярховыя дамы канца ХІХ -пачатку ХХ ст. У адным з іх, дзе ў свой час жыў паэт Валянцін Таўлай, будзе створаны Лідскі літаратурны музей , у другім плануецца адкрыццё Дома рамёстваў, на больш аддалены час спланавана аднаўленне возера каля замка.
Не абышлося і без памылак. Вясной 1986 года раптоўна абваліўся кавалак адноўленай заходняй сцяны. Будаўнік І. Матэйка лічыць, што на разбурэнне магло паўплываць будаўніцтва інтэрната будтрэста непадалёк ад замка, што выклікала значную вібрацыю. Таксама ў савецкі час каля Ліды размяшчалася вайсковая авіяцыйная база і некаторыя знішчальнікі перадольвалі гукавы бар'ер непасрэдна над замкавымі мурамі. Некаторыя ўскладаюць віну на недобрасумленнасць будаўнікоў. Як высветлілася, работы па рэстаўрацыі вяліся ў марозы, і рошчына не змацавала каменні належным чынам. Другі кавалак гэтай сцяны абваліўся ў 2003 годзе.
З 80-х гадоў ХХ ст. рэстаўратары працавалі над знойдзенымі археалагічнымі экспанатамі. Частку металічных вырабаў расчысціў і закансерваваў Я. Улезла, мастацтвазнаўца М. Яніцкая зрабіла графічныя рэканструкцыі шклянога начыння, а студэнты кафедры керамікі тэатральна-мастацкага інстытута пад кіраўніцтвам дасведчанага выкладчыка У. Угрыновіча аднавілі вялікую колькасць кафлі і рознага посуду.
На той час меркавалася, што аднаўленне замка будзе завершана да 1985 г. Тэрыторыю замкавага двара планавалася прыстасаваць пад гістарычна-археалагічны музей з паказам на мясцовасці планаў былой драўлянай забудовы. У цэнтральнай частцы падворка хацелі размясціць адкрыты гарадскі тэатр, дзе летам маглі гучаць народныя песні, праходзіць фестывалі і гарадскія святы. Намаганнямі дэмакратычных дэпутатаў у Вярхоўным Савеце ўдалося дабіцца выдзялення сродкаў на падводку да замка інжынерных камунікацый. Быў распрацаваны праект і пракладзены трубы пад адбудаваную вежу, якія, трэба думаць, і да гэтага часу знаходзяцца ў рабочым стане і чакаюць падключэння да іх замкавых сістэм камунікацый. Нажаль, рэстаўрацыйныя работы не былі завершаны і спыніліся з-за недахопу фінансавання ў сярэдзіне 1990-х гг.
Доўгі час Лідскі замак стаяў фактычна безгаспадарчым і не закансерваваным, таму многае з таго, што было зроблена ў 1970-1980-я гг. было разбурана, ніякіх работ па яго захаванні не праводзілася.
Толькі ў 2001 г. на рэспубліканскім ўзроўні было прынята рашэнне аб распрацоўцы праекта правядзення першачарговых супрацьаварыйных работ у замку (разборка аварыйнай сцяны і адной з вежаў, кансервацыя пэўных частак). Праект падрыхтавалі ў 2003 г., але сродкаў на яго ажыццяўленне не знайшлі.
Не пакідаюць без увагі замак і розныя грамадскія арганізацыі. Так, Міністэрства культуры здаволіла просьбу кіраўніцтва грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" і для правядзення работ па аднаўленні помніка выдзелілі 100 млн. рублёў з рэспубліканскага бюджэту.
Сёння рэстаўрацыя Лідскага замка нарэшце пачалася, дакладней пачаўся яе другі этап. Зменены падрадчык, які павінен весці разборку аварыйных участкаў сценаў і выконваць рэстаўрацыйныя работы. Зараз гэтым займаецца Лідскі будтрэст № 19. У Лідзе быў створаны пазабюджэтны фонд для назапашвання сродкаў на рэстаўрацыю замка і адкрыты спецыяльны рахунак у філіяле 413 АСБ "Беларусбанк" у Лідзе, на якім знаходзілася больш за 70 мільёнаў рублёў. На сённяшні дзень разабраны аварыйныя сцяна і вежа, праводзяцца работы па дабраўпарадкаванні прылеглай тэрыторыі. На дадзеных работах выкарыстана 60 млн. рублёў, якія паступілі на рахунак пазабюджэтнага фонда захавання культурнай спадчыны Лідчыны. З абласнога бюджэта вылучана 200 млн. рублёў.11 У траўні 2006 года падрыхтавана праектна-сметная дакументацыя другога этапа рэканструкцыі Лідскага замка. Яе распрацоўкай займаецца УП "Мінскпраект". Нажаль, кантрольныя органы знайшлі нейкія парушэнні пры ўтварэнні фонда, і рахунак быў закрыты.
17-18 верасня 2005 года ў Лідзе прйшоў сярэднявечы фестываль "Замак Гедзіміна", сродкі атрымання ад яго правядзення былі накіраваны на рэканструкцыю Лідскага замка. Арганізатары гэтага мерапрыемства, Рэспубліканскае Грамадскае маладзёжнае аб'яднанне "Рыцары Вялікага Княства" і Лідскі райвыканкам, хацелі прыцягнуць увагу да праблем Лідскага замка. Асаблівасць фестываля ў правядзенні адразу і коннага турніра, і двух пешых, а таксама і турніра лучнікаў. У фестывалі прымалі ўдзел не толькі беларускія клубы, але і клубы з Расіі, Украіны, Польшчы, краін Балтыі. Замест чаканых 420 удзельнікаў, зарэгістравалася 500. Па ацэнцы арганізатараў, за два дні фестывалю ў замку пабывала 10 тысяч гледачоў.12
Пасля правядзення ў Лідскім замку Міжнароднага рыцарскага турніру жыццё тут не заглохла, наадварот замак пачаў жыць і функцыянаваць як турыстычны аб'ект. Пасля турніру тут быў наведзены парадак, і супрацоўнікі Лідскага гістарычна-мастацкага музея прыступілі да экскурсійнага абслугоўвання замка. У лістападзе 2005 г. ля ўязной брамы замка прымацавана ахоўная дошка, на якой напісана "Гісторыка-культурная каштоўнасць замак ХІV ст. Прычыненне шкоды караецца па закону".
19-20 траўня 2007 года ў Лідскім замку праходзіў фэст рыцарскіх баёў. У замку на кожны сеанс збіралася некалькі тысяч чалавек. Гледачоў, на замкавы двор пускалі па дзве тысячы, а за сценамі працавалі, адпачывалі, гулялі тысячы лідзян і гасцей горада. Працаваў горад майстроў, кіпеў гандаль, гучалі песні і музыка на сцэнічнай пляцоўцы. У жніўні 2007 г. праз замак прйшоў трэці Беларускі аўтакруіз "Замкавая Беларусь - сувязь часоў і пакаленняў".
Зараз вучоныя і архітэктары спрачаюцца аб тым, якім будзе ўнутраны двор замка. Гэтае пытанне абмяркоўвалі на навукова-метадычным савеце кіравання па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры. Спрачаліся не аб рэстаўрацыі замкавага двара, а аб канцэпцыі выкарыстання замка як архітэктурнага помніка.
Якім шляхам пайсці: гістарычна каля сцен замка стаялі драўляныя пабудовы. Адзін з варыянтаў, які прапаноўваюць рэстаўратары - узнавіць двор як гістарычны комплекс: з казармамі і домам каменданта. Ёсць думкі аб тым, каб зрабіць замак арэнай для прадстаўленняў і рыцарскіх фестываляў. Выказываюцца ідэі перадаць адну з вежаў піваварам: і падтрымка мясцовага бізнеса, і аднаўленне традыцый. Архітэктары-рэстаўратары, хаця і прызнаюць рацыянальнасць прапаноў, але перасцерагаюць ад празмернага захаплення масавымі мерапрыемствамі. Напрыклад, для таго каб пусціць ў замак вялікую колькасць гледачоў, трэба ствараць дадатковы выхад (у адпаведнасці з патрабаваннямі МЧС).13
Плануецца, што на першым паверсе вежы будзе размешчана экспазіцыя з прадметаў, знойдзеных падчас археалагічных раскопак ў Лідзе. Па замку можна будзе праводзіць экскурсіі, наладжваць ў ім канцэрты. Ужо ўзнавілася традыцыя заліваць у замкавым двары каток у зімовы час.14
Зараз рыхтуецца новы праект турыстычнага абслугоўвання ў Лідскім замку. Ён распрацоўваецца і ажыццяўляецца краязнаўчым музеем сумесна з лідскай турыстычнай фірмай "Святавід". У новую праграму ўключаны экскурсіі па замку і знаёмства з экспазіцыяй у вежы Вітаўта. Турыстам прапануецца стаць гледачамі тэатралізаванага прадстаўлення, якое ўключае абход замка рыцарамі лідскіх рыцарскіх клубаў, фрагмент вяселля Ягайлы з Соф'яй Гальшанскай. Акрамя таго, ахвочыя будуць мець магчымасць пастраляць з лука, памераць рыцарскія даспехі, сфатаграфавацца.15
Такім чынам Лідскі замак будзе жыць і зможа стаць прывабным месцам для айчыннага і замежнага турызму.
- Narbutt, T. Dzeje Narodu Litewskego. Wilno, 1839, t. IV. S. 518-519.
- Багласов, С.Г.; Трусов, О.А. Историко-архитектурные исследования и реставрация Лидского замка // Вопросы архитектуры Лит. СС, - 1981. - Вып. VII. С. 34.
- Гудавичюс, Э. История Литвы с древнейших времен до 1569 года. Том 1.-М.: Фонд имени И.Д.Сытина. Baltrus. С. 200.
- Тарас, А.Е. Войны Московской Руси с Великим княжеством Литовским и Речью Посполитой в ХIV-XVIII веках.-М.: АСТ; Мн.: Харвест, 2006. С.89.
- Кулагін, А.Н. Абарончая архітэктура Беларусі Х-ХІV стст. у кантэксце славянскай і агульнаеўрапейскай гісторыі будаўнічай культуры // Архітэктура Беларусі: нарысы эвалюцыі ва ўсходнеславянскім і еўрапейскім кантэксце. У 4 т. Т. 1. ІХ-ХІV стст.-Мн.: Бел. навука, 2005. С. 315.
- Шемелевич, М. Город Лида и Лидский замок // Виленский календарь.-Вильно, 1906. С. 50.
- Трусаў, А.А. Старадаўніх муроў адраджэнне = Древних стен возрождение: Мінулае і сучаснасць Лідскага замка.-М.: Полымя, 1990.-79 с.
- Здановіч, Н. Замкавая кераміка як адлюстраванне шляхецкай культуры Беларусі // Матэрыяльная і духоўная культура замкаў Беларусі. - Мн.: БелДІПК, 2003. С. 85.
- Ганецкая, І.У. Маёліка на Беларусі ў ХІ-ХVІІІ стст. - Мн.: Навука і тэхніка, 1995. С. 29.
- Ткачоў, М.А. Лідскі замак // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі.- № 2. 1971. С. 16.
- Кузняцоў, С. Адраджэнне замка. // Звязда - 2005.-15 красавіка.-С. 5.
- Цыганец, В. Лідская крэпасць будзе жыць! // Культура - 2006.-21 студзеня.-С.5.
- www.naviny.by
- www.pawet.net
- www.belorusiya.land.ru/lida