Новае пра лідскі фарны касцёл, замак і абразы пэндзля Смуглевіча
Турыстам і гасцям горада Ліды добра вядомы фарны касцёл Узвышэння Святога Крыжа, які стаіць недалёка ад замка. Якраз паміж ім і замкам нядаўна паставілі помнік заснавальніку горада князю Гедыміну.
Гэты касцёл - помнік архітэктуры барока - пабудаваны, верагодна, па праекце віленскага архітэктара Іагана Крыштафа Глаўбіца ў другой палове XVIII ст. Новы касцёл быў асвечаны ў 1768 ці 1780 годзе. Вядома, што ад пачатку гэта была дзвюхвежавая базіліка з трохузроўневымі вежамі. Рэктар лідскіх піяраў у першай палове XIX ст. кс. Язафат Вайшвіла пісаў: «Стары фарны драўляны касцёл, як і сучасны мураваны, стаяў каля замка на пачатку галоўнай вуліцы. Тыя, хто сваімі вачамі бачыў стары, драўляны касцёл, казалі, што ён падобны на сучасны і таксама быў павернуты да галоўнай вуліцы» [1]. Адсюль даведваемся, што стары, драўляны лідскі касцёл таксама быў пабудаваны ў стылі барока і меў дзве вежы. Найкаштоўнейшая інфармацыя.
З-за памылак у праектаванні і будаўніцтве, а таксама з-за «надта дрэннага матэрыялу» ўжо ў 1777 годзе касцёл патрабаваў рамонту, што запісана і ў візітацыі 1782 года. Першымі пачалі разбурацца трохузроўневыя вежы, з якіх зваліліся бляха, тынк і нават фрагменты гзымсаў і сцен; да таго ж ветрам павыбівала шыбы, і ўнутр пачала прасочвацца вада, што павялічыла небяспеку абрушэння вежаў. Рамонт праводзіўся ў 1782-90 гадах пробашчам касцёла Казімірам Нарбутам, для чаго першапачаткова было выдзелена 16 000 тынфаў, а потым яшчэ 1 675 чырвоных злотых. Цалкам касцёл быў адрамантаваны да 1792 года. Верагодна, тэхнічную экспертызу праводзілі архітэктары, прызначаныя біскупам Масальскім. У выніку рамонту былі разабраны дзве вежы, зроблены новы шчыт і, верагодна, цалкам перароблены фасад касцёла.
Па другой версіі, вежы канчаткова былі прыбраны пры рамонце 1826 года, але на акварэлі Юзафа Пешкі, намаляванай на пачатку XIX ст. вежаў на фарным касцёле ўжо няма. Таму, падобна, што памыляўся і рэктар Вайшвіла, да таго ж, верагодна, менавіта з яго падачы 1826 год лічыцца годам разборкі вежаў: «[Касцёл] раней меў дзве вежы але яны былі зняты, бо пашкодзіліся пры пажары 1826 г. Вежы і ўвесь касцельны дах згарэлі, і новы дах быў зроблены стараннем пробашча Вінцэнта Лінкіна пры дапамозе парафіянаў. Скляпенне ў празбітэрыюме ці над вялікім алтаром было пафарбавана, што цалкам сказіла інтэр'ер. Толькі чатыры абразы пэндзля Смуглевіча здабыла гэтая святыня, а менавіта Св. Яна Непамуцэна над дзвярыма сакрыстыі, Св. Тадэвуша Апостала над дзвярыма скарбца, Св. Барбары і Св. Тэклі ў алтары» [2], - пісаў рэктар.
У наш час фарны касцёл мае толькі абраз св. Тэклі і лічыцца, што гэта абраз працы невядомага майстра пачатку XIX ст. [3] Усе іншыя абразы ўжо адсутнічаюць ў інвентары касцёла 1882 г. Вядома, што ў драўлянай капліцы св. Барбары, пабудаванай у 1805 г., меўся абраз св. Барбары, які меў высокую мастацкую якасць. Куды ён падзеўся, невядома, бо ў сучаснай мураванай капліцы знаходзіцца копія таго старога абраза [4].
Францішак Смуглевіч (Franciszek Smuglewicz, 06.10.1745, Варшава - 06(18).09.1807, Вільня) - вядомы мастак, заснавальнік беларускай і літоўскай нацыянальнай школ жывапісу. У 1763-1764 гг. вучыўся ў Рыме ў аўстрыйскага мастака Антоніа Марона, потым як стыпендыят караля Станіслава Аўгуста з 1765 г. вучыўся ў рымскай Акадэміі св. Лукі. У Рыме працаваў над інтэр'ерам касцёла Святога Станіслава з італьянскім мастаком і архітэктарам (потым прыдворным архітэктарам рускага імператара Паўла І) Вінчэнца Брэна. Падчас інвентарызацыі палаца Нерона ў Рыме капіраваў творы ранейшых майстроў. У 1784 г. вярнуўся ў Варшаву. У 1785 г., а потым з 1797 г. жыў і працаваў у Вільні, у 1786-1797 гг. зноў у Варшаве, дзе заснаваў прыватную школу жывапісу.
У Галоўнай віленскай школе (у 1803 г. ператворанай у імператарскі Віленскі ўніверсітэт), Смуглевіч заснаваў кафедру жывапісу і рысунку і кіраваў ёю. З 1797 г. атрымаў пасаду прафесара і запачаткаваў так званую віленскую школу жывапісу. Вучнямі Францішка Смуглевіча былі сярод іншых: Іосіф Аляшкевіч, Юзаф Пешка, Мацей Тапольскі і Матэвуш Такарскі.
У 1800-1801 гг. па запрашэнні імператара Паўла І жыў і працаваў у Санкт-Пецярбургу і, у прыватнасці, афармляў інтэр'еры Міхайлаўскага замка. Пахаваны на могілках Росы ў Вільні. Дакладнае месца яго пахавання было невядома ўжо пры канцы XIX ст.
Тое, што ў лідскім фарным касцёле і зараз захоўваецца абраз пэндзля Францішка Смуглевіча, да апрацоўкі ўспамінаў кс. Вайшвілы было невядома, і гэта з'яўляецца вельмі важнай навіной.
На адлегласці 108 крокаў ад фарнага касцёла, далей на поўнач па вуліцы Віленскай (сучаснай Савецкай) стаялі былы кляштар і касцёл кармелітаў. Кляштар згарэў у 1941 г. і быў разабраны на пачатку 1950-х гг. Пра касцёл, які праз сакрыстыю злучаўся з кляштаром, вядома, што ён меў форму крыжа даўжынёй 44,5 і шырынёй 17,5 локця, пакрыты дахоўкай.
Нядаўна з Бібліятэкі імя Асалінскіх (г. Уроцлаў) пры дапамозе свайго сына Вадзіма, я атрымаў сканы рукапісу рэктара лідскай піярскай павятовай вучэльні Язафата Вайшвілы, напісаныя ў першай палове XIX ст. з малюнкам лідскага замка на першай вокладцы. Гэты малюнак, верагодна, намаляваў нехта з выкладчыкаў ці вучняў піярскай школы.
Я не адразу звярнуў увагу, што справа ад замка (1) намаляваны касцёл з кляштаром кармелітаў (2) і, яшчэ трошкі правей - фарны касцёл з вежамі! (3) (гл. малюнак). Бачна, што кармеліцкі касцёл меў фасад, павернуты на ўсход і надбудаваны купал з сігнатуркай над вялікім алтаром. Трэба сказаць, што фарны касцёл для мастака знаходзіцца ў такой праекцыі, што дзве вежы бачны, як адна.
Але галоўнае - фарны касцёл намаляваны з трохузроўневымі вежамі. Гэты малюнак адзіны, на якім можна убачыць лідскія касцёлы ў іх першапачатковым выглядзе. Верагоднае датаванне малюнка з вокладкі - да 1790 г.
На гэтую выяву лідскага фарнага касцёла з дзвюмя вежамі да апошняга часу не звярталі ўвагі, і ў апошняй, кнізе, якая толькі што выйшла, я нават напісаў, што такой выявы, верагодна, наогул не існуе. Таму аўтэнтычны малюнак з двухвежавым лідскім фарным касцёлам, касцёлам кармелітаў і замкам - важная, новая крыніца інфармацыі па гісторыі горада Ліды.
Таксама кс. Вайшвіла паведаміў пра фарны касцёл, што: «Мураваны шпіталь (пры фарным касцёле) знаходзіўся ў самым рагу мура, які атачаў парафіяльны касцёл, з боку замка ад вуліцы Віленскай. Але ў пажары 1826 г. згарэў дах шпіталя і ўсё драўлянае, што ў ім было. Цэглу тады разабралі на падмуркі іншых дамоў, і таму цалкам знік нават след таго прытулку для ўбогіх.
У другім рагу таго ж мура, пры той жа самай вуліцы Віленскай стаіць мураваны невялікі шпіталік які мае толькі адзін пакой. У гэтым прытулку жывуць касцельныя і ўбогія дзяды на ўтрыманні багалюбівых парафіян. Невядома, калі гэты прытулак з'явіўся і хто яго будаваў» [5].
Цікавай з'яўляецца інфармацыя рэктара піяраў пра тое, што ў першай палове XIX ст. у вёсцы Перапечыца, якая належала фарнаму касцёлу, працавала цагельня.
Падам яшчэ некалькі цікавых фактаў з успамінаў рэктара лідскіх піяраў. У нашым народзе захавалася доўгая памяць пра каралеву Бону, і будаўніцтва лідскага замка доўгі час, пэўна, да прац Тэадора Нарбута, прыпісвалася менавіта каралеве Боне. Кс. Язафат Вайшвіла пісаў: «Замак у горадзе прыпісваюць каралеве Боне, як быццам яна яго пабудавала. Амаль што кожны, у каго пра гэта пытаеш, так кажа. Нават лідскі магістрат менавіта гэтак каля 1820-га года рапартаваў, і гэтак жа лічыў і сам бурмістр Вінцэнт Бенстажыцкі. Так ён і напісаў у рапарце, выконваючы загад урада, які патрабаваў інфармацыю пра лідскі замак.
... Я запытаў аднаго шляхціца:
- Ці ведаеш, чый замак?
Пан шляхціц адразу адказаў:
- Ведаю вельмі добра - каралевы Боны.
- А ці Бона яго вымуравала?
- Так, Бона, няма сумнення.
- Як даўно?
- Дастаткова даўно.
- А хто гэта такая, каралева Бона? Жонка якога караля?
- Гэтага не ведаю.
- А ці яна была хрысціянкай ці паганкай?
- Паганкай!
- А дзе яна жыла?
- Тут, у Лідзе.
- А пахаваная дзе?
- У нашым замку.
- А хто пахаваны пасля яе?
- Кароль.
- А як яго звалі?
- Не ведаю.
- А што яшчэ ведаеш пра гэты замак?
- Больш нічога не ведаю.
- А хто яго знішчыў?
- Не ведаю.
Вось і ўсё, што можна даведацца пра замак ад мясцовых людзей» [6].
Вайшвіла падае і такую, цалкам невядомую зараз інфармацыю пра замак: «На шчасце замак у вачах урада займеў каштоўнасць, і таму мае з яго боку абарону ад знішчэння рукамі людзей. Указам цара ... распачата справа аб разбурэнні Лідскага замка ў 1840 г.
Пан лідскі гараднічы, падпалкоўнік Стугін вырашыў вымураваць масток цераз рэчку Каменку і пачаў рабіць яго з камянёў, якія валяліся каля дарогі пры замку. Аднак да муроў не дакрануўся. Тым не менш пачаліся размовы, і па павеце распаўсюдзілася навіна, што гараднічы разбірае замак. Хутка гэтая навіна дайшла на Нарбута, гістарыёграфа Літвы. У нашай мясцовасці ён быў руплівым абаронцам замкавых парэшткаў, пра разбурэнне замка ён данёс губернскаму ўпаўнаважанаму, і той распачаў следства. Гараднічы даводзіў, што яго недарэчна абвінавацілі, але пасля далучэння Лідскага павета ... да Віленскай губерні, з Вільні было загадана: "Привести в первобытное состояние". Гараднічы ў рапарце справядліва адказаў, што гэтага зрабіць немагчыма, бо для гэтага, трэба пабудаваць новы замак. Аднак у новым указе было напісана: "Привести … в первобытное состояние. А за неисполнение записать Городничего в черную книгу".
Гараднічаму нічога не заставалася як пачаць працы па прывядзенні замка ў першасны стан. Калі ж Стугін распачаў працу, яго ж канцылярыст Яраслаў Ёлец, каб не было клопату, падаў наступную параду: адрапартаваць, што загад ужо выкананы і замак "приведен в первобытное состояние". Гэтак і зрабілі - гараднічаму справа ўдалася, бо на гэтым усё скончылася, і ўказаў больш не было» [7].
Дадам яшчэ, што з тэксту кс. Вайшвілы, даведваемся, што каля таго самага мастка цераз рачулку Каменку, які хацеў перабудаваць лідскі гараднічы, стаяў млын, і «меліся сярністыя крыніцы, бо ў гэтым месцы пасля цёплага дажджу, пры святле сонца, бліжэй да вечара, чутны пах серы. Аднак першыя зробленыя пробы паказалі, што запасы серы там недастатковыя для таго, каб пабудаваць лекавыя купальні» [8]. Зразумела, што справа ідзе пра мост і млын, якія знаходзіліся каля замка. Гэта цалкам невядомая ў наш час і таму надзвычай цікавая інфармацыя.
[1] Wspomnienie domku Pijarów Lidzkich. Napisał ks. Jozafat Wojszwiłło, ostatni rektor Pijarów lidzkich // Biblioteka Zakładu Narodowego im. Ossolińskich we Wrocławiu., sygn.3667/III. S. 25.
[2] Там жа. S. 26.
[3] Pyzel K. Kosciol parafialny p.w. Podwyzszenia krzyza Sw. w Lidzie // Koscioly i klasztory rzymskokatolickie dawnego wojewodztwa wilenskiego. Krakow, 2008. T. 2., cz. III. S. 109.
[4] Korzeniowska Anna, Mączewska Katarzyna. Kaplica cmentarna p.w. Św. Barbary w Lidzie // Koscioly i klasztory rzymskokatolickie dawnego wojewodztwa wilenskiego. Krakow, 2008. T. 2., cz. III. S. 180.
[5] Wspomnienie domku Pijarów Lidzkich. S. 32.
[6] Там жа. S. 13-14.
[7] Там жа. S. 21-22.
[8] Там жа. S. 11.