УДК 94 (438):27-558 (476)
Леанід Лаўрэш (Ліда)
Крыніцы для вывучэння гісторыі калоніі дзяржаўных дамоў у Лідзе (1920-я - 1930-я гг.)
В статье на основе выявленных источников раскрывается история строительства, архитектурный облик так называемой колонии государственных домов в Лиде - комплекса административных и жилых зданий, построенных в Лиде, как и в других городах Западной Беларуси, для польских чиновников. Делается попытка проследить судьбу семей, которые здесь проживали в 1920-е - 1930-е гг.
На пачатку 1920-х гг. польскія улады сутыкнуліся з неабходнасцю больш менш прыстойна размясціць чыноўнікаў адноўленай дзяржавы ў гарадах Заходней Беларусі і Ўкраіны. За часы ваеннага ліхалецця жылы фонд гарадоў прыйшоў у заняпад, шмат дамоў было разбурана. Напрыклад, у Лідзе, падчас так званай "Бітвы на Нёмне" у 1920 г. баі у межах горада ішлі з выкарыстаннем артылерыі [1].
Каб вырашыць праблему, была распачата дзяржаўная акцыя па будаўніцтву спецыяльных комплексаў адміністрацыйных і жылых будынкаў - так званых калоній дзяржаўных дамоў.
Гісторыя будаўніцтва, існавання і сучасны стан калоній дзяржаўных дамоў - цікавая і дасюль нераспрацаваная тэма.
Адразу пасля заканчэння будаўніцтва гэтых калоній, у 1920-я гады ў Варшаве быў выдадзены шэраг альбомаў з архітэктурнымі праектамі, апісаннямі і фотаздымкамі пабудаваных дамоў:
- Budowa domów dla urzędników państwowych w województwach wschodnich. Warszawa. 1925.
- Budowa pomieszczeń dla Korpusu Ochrony Pogranicza i domów dla urzędników państwowych w województwach wschodnich. Z. 1 - 5 . Warszawa. 1925.
Гэтыя кнігі, а таксама артыкулы перыядычнага друку з'яўляюцца галоўнымі крыніцамі для вывучэння гісторыі будаўніцтва калоній дзяржаўных дамоў у гарадах Заходней Беларусі.
Агульная падрыхтоўка будаўніцтва калоній дамоў пачалася з 1923 г. 28 мая 1924 г. Міністэрства скарбу пачало фінансаванне гэта праекта. Для арганізацыі такой маштабнай будоўлі, 12 мая ўтвораны ваяводскія будаўнічыя камітэты, а 6 чэрвеня ў Брэсце створана "экспазітура" на чале з галоўным кіраўніком будоўлі на "Крэсах усходніх", які быў прамым прадстаўніком Міністэрства скарбу. На гэту пасаду быў прызначаны Аляксандр Прачніцкі.
Адразу, у чэрвені, пачалі распрацоўвацца архітэктурныя праекты будучых дамоў для чыноўнікаў. Да ўдзелу ў акцыі былі прыцягнуты архітэктары з Варшавы і іншых гарадоў Польшчы. Архітэктарам давалася замова на распрацоўку тыпавых дамоў для забудовы, сітуацыйных планаў, даручаўся нагляд за ажыццяўленнем праектаў . Сярод патрабаванняў да архітэктараў было і такое, каб новыя калоніі гарманічна спалучаліся з мясцовымі забудовамі і адпавядалі сучаснаму ўзроўню ўрбаністыкі. Праектаваліся муры павялічанай таўшчыні, прыстасаваныя для больш халоднага клімату.
Планавалася амаль што адначасова пачаць будоўлю дамоў у 44 гарадах і мястэчках, пераважна у цэнтрах паветаў, у тым ліку ў Навагрудскім ваяводстве, у склад якога уваходзіў Лідскі павет. У Навагрудскім ваяводстве будоўля пачыналася у 8 населеных пунктах (у Палескім - у 11, Віленскім - 16, Валынскім - 9.) У нашым ваяводстве планавалася пабудаваць 43 дома (з іх 21 - мураваны і 22 драўляных), у Віленскім - 27 дамоў (5 мураваных і 22 драўляных), Палескім - 69 дамоў (26 мураваных і 43 драўляных). Акрамя гэтага 9 дамоў для тых жа мэтаў будаваліся за сродкі іншых праграм, а 42 дома пачалі будавацца раней, чым пачалася рэалізацыя адмысловай праграмы [2, s. 4-6.].
Кіраўнікамі работ ў Лідзе, Баранавічах і Стоўбцах былы прызначаныя: інжынеры-архітэктары Вітольд і Зыгмунт Выганоўскія [2, s. 11.].
Для будаўніцтва калоній дзяржаўных дамоў у Лідзе быў куплены пляц за горадам, на так званым "выгану". Трэба сказаць некалькі слоў пра гэты "выган". "Выганам" у Лідзе з XIX ст. называлася забалочаная тэрыторыя, што прымыкала да рэчкі Каменкі агульнай плошчай 345 дзесяцін (377 гектараў), якая выкарыстоўвалася як паша для жывёлы і коней гараджан. З сярэдзіны 1920-х гг. "выган" быў асушаны і на яго тэрыторыі вырас новы раён, якім жыхары горада вельмі ганарыліся. Тут акрамя калоніі дзяржаўных дамоў для чыноўнікаў былі пабудаваныя цагляныя будынкі бальніцы (1921-1923), школаў № 1 і 2 імя Нарутовіча (1926-1929), дзяржаўная гімназія імя Караля Хадкевіча (1930), паштамт (1938), стадыён. Частка горада паміж паркам і стадыёнам у 1930-я гг. насіла назву "Вялікая Ліда" ("Wielka Lida"). У канцы 1920-х гадоў вулачка, на якой была пабудавана калонія дзяржаўных дамоў, атрымала назву "Ужэндніча" (Urzendnicza).
За увесь час у Лідзе было пабудаваны 7 дамоў агульным аб'емам 6 135,22 м 3 (у Валожыне - 9 514,26 м 3 , Стоўбцах - 7 715,44 м 3, Баранавічах - 12 077,07 м 3, Наваградку - 11 923,54 м 3, Нясвіжы - 5 628,51 м 3) [3, s. 23.].
Агульны кошт калоніі дзяржаўных дамоў у Лідзе склаў 162 000 злотых. Выдаткаванне грошаў адбывалася па кварталам [3, s. 27.]:
Калонія дзяржаўных дамоў у Лідзе, як і ў іншых гарадах Заходней Беларусі, была пабудавана ў сціслыя тэрміны: " Працы вяліся з амерыканскай хуткасцю" [4].
Дом лідскага старасты пабудаваны ў модным у той час "закапанскім стылі", аўтар праекта інжынер-архітэктар Ежы Беіл (Jerzy Beill). Па гэтаму ж праекту будаваліся дамы для стараст у Баранавічах, Драгічыне, Глыбокім, Нясвіжы, Навагрудку, Слоніме, Стоўбцах, Валожыне [2, s. 42-43.], і аўтару вядома, што як мінімум у Валожыне і Глыбокім гэтыя дамы захаваліся і не былі перабудаваныя, як у Лідзе. Па праектам Ежы Беіла (нарадзіўся ў 1885 г.) пабудавана палітэхніка ў Гданьску, гімназія імя Стэфана Баторыя ў Варшаве (1925) і, што істотна для лідчан, дзяржаўная гімназія імя Караля Хадкевіча ў Лідзе, будынак якой і зараз упрыгожвае наш горад.
Пасля перапланіроўкі і перабудовы на пачатку 1980-х гг., да непазнавальнасці сказіўшай выгляд "дома старасты", у ім размясціўся гарадскі ЗАГС.
У Лідзе былі пабудаваны два дамы "на дзве сям'і" па праекту архітэктара Зыгмунта Тарасіна (Zugmunt Tarasin) [2, s. 41.]. Да нашых часоў дажыў толькі адзін з дамоў, пасля капітальнага рамонту і ўнутранай перабудовы ў ім зараз заходзіцца рэдакцыя Лідскага радыё і тэлебачання.
Амаль без пашкоджанняў захаваўся дом "на чатыры сям'і", пабудаваны па праекту архітэктара Теадора Буршэ (Teodor Bursze). Аднатыпныя лідскаму дому "на чатыры сям'і" былі пабудаваны дамы ў Пінску, Луцку і Роўна [2, s. 49.]. Гэты дом і зараз прыемна ўражвае сваім выглядам і выразна вылучаецца з "шэрых" двухпавярховых дамкоў савецкай забудовы 1950-60-х гадоў.
Былі пабудаваны тры двухпавярховых дома "на шэсць сямей" па праекту інжынера-архітэктара Стэфана Тамаровіча (Stefan Tomorowicz). З сітуацыйнага плана бачна, што двор гэтых дамоў быў падзелены на 6 пляцовак пад сад-гарод для жыхароў дома. Аднатыпныя дамы павінны былі быць пабудаваны і ў Вілейцы [3, s. 85.]. Усе тры дамы дажылі да нашага часу, але пры канцы 1990-х гадоў былі перабудаваны ў трохпавярховыя.
Цікавымі з'яўляюцца успаміны тых, хто жыў у гэтых дамах, але нягледзячы на інтэнсіўныя пошукі, аўтару удалося знайсці жыццёвыя гісторыі толькі двух чалавек.
Успаміны дачкі лідскага віцэ-старасты Кшэнтоўскага, Дануты Тхажоўскай : " Месца, дзе мы жылі, называлася "калонія ужэдніча" - сучасны парк. Сучасны ЗАГС - гэта быў дом старасты, у двухпавярховым даму за басейнам (басейн - пабудова канца 1960-х гадоў - Л. Л.) жылі 4 сям'і, у тым ліку і наша. Сям'я Невяроўскага - адваката (ці суддзі), Кажаноўскага і начальніка паліцыі. Бацьку арыштавалі раніцай 24 верасня 1939 г. (...) Тры дні ў турме, дзе зараз тыпаграфія, прымалі перадачы, на чацвёрты сказалі, каб больш не прыносілі. І з тых часоў ніякіх слядоў. Спачатку нас выселілі з дома, а 13 красавіка 1940 г. далі час на зборы і вывезлі. Жаўнер, які забіраў нас, сказаў, каб мы бралі бульбу і ежу, а кнігі і добрая вопратка нам не спатрэбіцца (...) Вывезлі ў Паўночна-Казахстанскую вобласць (...) Лідскі стараста Гансеўскі адразу ўцёк у Літву, мы потым з ім сустракаліся ў Польшчы, вельмі дзівіўся з таго, што мы не выехалі ў першыя ж дні (...) Падчас вайны ўступіла ў дывізію імя Касцюшкі, капітан рэзерву " [5].
Успаміны Казіміра Казлоўскага , сына школьнага інспектара: "Нарадзіўся я ў Лідзе. У павятовым горадзе Навагрудскага ваяводства. Мой бацька нарадзіўся ў горадзе Асвенцім і пасля заканчэння Кракаўскага ўніверсітэта прыехаў у Ліду выкладаць у гімназіі. Маці - з лідскай радзіны Касакоўскіх... 1 верасня, вельмі нізка, так што можна было каменем патрапіць, над горадам праляцеў самалёт. Аказалася, што самалёт, які праляцеў над нашым домам, быў нямецкі. Жылі мы ў "калоніі ужэднічай". Гэта было месца, дзе жылі ўсе функцыянеры дзяржаўных інстытуцый. Гэта былі ладныя дамкі. Дужы сад..." Бацьку Казіміра Казлоўскага папярэдзіў кватарант, капітан Чырвонай Арміі Капейкін, і бацька паспеў уцячы у Варшаву, дзе жыла яго маці, таму і не быў арыштаваны [6].
Якасна пабудаваныя дамы для чыноўнікаў польскай адміністрацыі і зараз упрыгожваюць гарады, дзе яны пабудаваны. Гісторыя калоній дзяржаўных дамоў у гарадах Заходняй Беларусі і лёсы тых, хто жыў у гэтых дамах - гэта яшчэ нераспрацаваная частка гісторыі нашых гарадоў.
Спіс крыніц і літаратуры
1. Odziemkowski, Janusz. Lida 1920 / Janusz Odziemkowski. - Warszawa, 1994. - S. 62-71.
2. Budowa domów dla urzędników państwowych w województwach wschodnich. - Warszawa, 1925.
3. Budowa pomieszczeń dla Korpusu Ochrony Pogranicza i domów dla urzędników państwowych w województwach wschodnich. 1925. Z. 5. - Warszawa, 1925.
4. Kresy ilustrowane. 1925. - № 8. - S. 4.
5. Мемуары бывших жителей Лиды [Электронны рэсурс] / Рэжым доступа: http://pawet.net/memoirs/sbor/Мемуары_бывших_жителей_Лиды.html - Дата доступа: 07.10.2011.
6. Oral History Archives [Электронны рэсурс] / Рэжым доступа: http://ahm.1944.pl/Kazimierz_Kozlowski?lang=en - Дата доступа: 07.10.2011.
Леанід Лаўрэш , адміністратар гісторыка-краязнаўчага сайта "Павет".