Магдэбургскае права склалася ў ХІІ-ХІІІ стагоддзях у нямецкім горадзе Магдэбургу. Яно давала гораду права на самакіраванне і ўласны суд, права зямельнай уласнасці і вызваленне ад большай часткі феадальных павіннасцяў. Яно было перанята многімі еўрапейскімі гарадамі, а з ХІV стагоддзя пашырылася на гарады Вялікага Княства Літоўскага. На сучаснай тэрыторыі Беларусі налічваецца каля 60 гарадоў і былых мястэчак, якія мелі Магдэбургскае права. Ліда атрымала яго 17 верасня 1590 года, згодна з прывілеем, падпісаным каралём Польскім і Вялікім князем Літоўскім Жыгімонтам ІІІ Вазам. Вось як аб гэтым, у прыватнасці, сказана ў прывілеі: "…жадаючы ў лепшым парадку мець горад Наш Ліду, даём падданым горада Лідскага права Магдэбургскае… Мы загадалі Нашым лістом прысвоіць пячатку гарадскую, гэта значыць ільва і два ключы перакрыжаваныя па-над ім".
Ратуша была неад'емным элементам горада, які меў Магдэбургскае права. Менавіта ў ёй павінны былі размяшчацца (і размяшчаліся) органы гарадскога самакіравання - рада (прататып гарадскога Савета), магістрат (накшталт сучаснага гарвыканкама), засядала лава (мясцовы суд, які разглядаў дробныя пытанні, у асноўным маёмасныя), тут знаходзіўся бургамістр.
Акрамя гэтага ратуша павінна была выконваць чыста ўтылітарныя функцыі, звязаныя з упарадкаваннем гандлю. Дарэчы, Магдэбургскае права атрымлівалі менавіта тыя гарады, у якіх быў добра развіты гандаль. І гэта з'яўляецца прычынай таго, што ратуша заўсёды будавалася на рынку. Менавіта ў ратушы захоўваліся меры і вагі, якія выкарыстоўваліся на рынку. У той час яшчэ не было Міжнароднай метрычнай сістэмы мер. У розных краінах, мясцовасцях яны былі розныя. Але з 1590 года ў Лідзе ў гэтым плане быў наведзены парадак. У прывілеі аб наданні ёй Магдэбургскага права ёсць такія радкі: "Гэтаму гораду Лідскаму даём ва ўласнасць бочку меры кракаўскай чатыры карцы або семдзесят два гарнцы меры літоўскай для вымярэння ўсякага збожжа і ўстанаўляем гандлёвыя зборы па дзве манеты з бочкі". Такім чынам, у Лідзе з'явіліся стандартныя меры і вагі. Карэц - гэта коўш з вялікай ручкай, якім звычайна насыпалі зерне. Гарнец - таксама мера аб'ёму, толькі драбнейшая. Гарнцамі мералі і гарэлку. У ратушы таксама ляжалі гіры. Магчыма, быў сажань, якім мералі даўжыню.
Ратуша з'явілася адразу пасля надання гораду Магдэбургскага права. Яе пабудавалі за год-два.
Як выглядалі ў Лідзе сярэднявечныя драўляныя ратушы, мы не ведаем. Мы можам гаварыць толькі пра выгляд апошняй ратушы, якая функцыянавала па сваім прамым прызначэнні да 1795 года (у снежні гэтага года Магдэбургскае права ў Лідзе было адменена).
У Расійскай імперыі пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай праводзілася нейкая інвентарызацыя зямель, нерухомасці. У 1803 годзе інвентарызацыя закранула і Ліду. У Лідскім гістарычна-мастацкім музеі захоўваюцца арыгінальныя чарцяжы галоўнага фасада, планаў першага і другога паверхаў будынка, які было прынята лічыць ратушай. Праўда, у подпісах не ўказана, што гэта менавіта ратуша. Але ў 1803 годзе гэты будынак і не мог існаваць пад назвай "ратуша" - у Расійскай імперыі Магдэбургскага права ніколі не было.
На адным з памяшканняў захаваўся надпіс "магістрат". Можа, выпадкова (бо ў Расійскай імперыі аналагічная ўстанова называлася "присутственное место"), а можа, не лічылі патрэбным яго замяніць. Гэты надпіс, зрабілі выснову супрацоўнікі музея, можа быць сур'ёзным сведчаннем таго, што перад намі менавіта чарцяжы ратушы.
Гэтыя чарцяжы, за адсутнасцю іншых, а таксама пазіцыя супрацоўнікаў музея, што, верагодна, гэты будынак і ёсць ратуша, зрушылі грамадскасць да работ па падрыхтоўцы да аднаўлення ратушы.
Узніклі наступныя пытанні.
1. Месца
Накладваючы карты розных часоў адна на адну мы вызначылі месца размяшчэння адной з ратуш у 17-м стагоддзі. На карце горада гэта прыблізна будынак 11. Там зараз шматпавярховы, шматкватэрны дом.
Улічваючы, што ўвесь цэнтр Ліды выгараў некалькі разоў, прынамсі нават той будынак, планы якога мы маем, згарэў яшчэ ў 1891 годзе, а ў 1941 годзе цэнтр не толькі выгараў, а быў і разбомблены, знайсці падмуркі ратушы нават у 1944 годзе было малаверагодным, а пасля савецкай забудовы гэта проста немагчыма. Таму ні пра якую рэстаўрацыю ці рэканструкцыю ратушы на старым месцы гаворка не вядзецца. Гаворка ідзе пра аднаўлення сімвала, пра новабуд, і ўжо не так прынцыпова важна, дзе адноўленая ратуша будзе стаяць. Асабліва, калі ўлічыць, што на працягу стагоддзяў забудова горада дынамічна мянялася. Самая першая ратуша наогул была недзе ў раёне магазіна "Юбілейны".
Зразумела, ніхто зараз зносіць пяціпавярхоўку не будзе. Мы прапануем іншае месца - пляц на рагу вуліц Савецкай і Таўлая, прыкладна, дзе раней быў стары гарадскі Дом культуры. Дакладней - за магазінам "Віцязь" (былой бібліятэкай), перпендыкулярна яму, каб бакавы фасад ратушы-навабуда глядзеў на магазін, а галоўны фасад выходзіў на вуліцу Таўлая і глядзеў (як і ў ратушы-папярэдніцы) на замак. Атрымліваецца, ратуша будзе стаяць амаль паралельна паціпавярхоўцы, толькі на другі бок вуліцы Савецкай. І я не бачу ў гэтым вялікай трагедыі. Нямала вядомых аб'ектаў стаяць не на першапачатковых месцах (напрыклад, помнік Пушкіну ў Маскве). Такім чынам, галоўны фасад выходзіў бы на вуліцу Таўлая, а вакол трох астатніх фасадаў мы прапануем дабудаваць двухпавярховыя гандлёвыя рады (у гэтую забудову арганічна ўпісваецца будынак былой бібліятэкі - ён стаў бы адным з крылаў гандлёвых радоў).
2. Функцыянальнае прызначэнне
Ратуша павінна будзе шырока выкарыстоўвацца. Фактычна гэта павінен быць дублёр выканкама для асабліва ўрачыстых мерапрыемстваў.
Частка памяшканняў магла б выкарыстоўвацца як непасрэдна музей самой ратушы і адначасова быць як бы "неафіцыйным райвыканкамам". Той жа архіў райвыканкама мог бы знаходзіцца на першым паверсе, там, дзе ён у ратушы і знаходзіўся.
Гэта павінен быць магутны культурны цэнтр. Зала першага паверха бачыцца "Канцлерскай залай", дзе стаялі б раставыя фігуры канцлераў Вялікага Княства Літоўскага. Са спіска выбіраем па меры неабходнасці 10-12 найбольш годных і звязаных з Лідай (у адпаведнасці з праектнай колькасцю праёмаў). Амаль поўны спіс канцлераў ВКЛ:
1. Судзівой Валімонтавіч (1441)
2. Міхал Кезгайла (1444-1476)
3. Алехна Судзімонтавіч (1478-1491)
4. Мікалай Радзівіл «Стары» (1492-1510)
5. Мікалай Радзівіл (1510-1522)
6. Альбрэхт Гаштольд (1522-1539)
7. Ян Юр'евіч Глябовіч (1546-1549)
8. Мікалай Радзівіл «Чорны» (1550-1565)
9. Мікалай Радзівіл «Руды» (1566-1579)
10. Астафій Валовіч (1579-1587)
11. Леў Сапега (1589-1623)
12. Альбрэхт Станіслаў Радзівіл (1623-1656)
13. Крыштаф Жыгімонт Пац (1658-1684)
14. Марцыян Аляксандр Агінскі (1684-1690)
15. Дамінік Мікалай Радзівіл (1690-1697)
16. Кароль Станіслаў Радзівіл (1698-1719)
17. Міхал Сервацы Вішнявецкі (1720-1735)
18. Ян Фрыдарык Сапега (1735-1751)
19. Фрыдарык Міхал Чартарыйскі (1752-1775)
20. Аляксандр Міхал Сапега (1775-1793)
21. Яўхім Храптовіч (1793-1795)
Партрэты амаль усіх канцлераў ёсць. У Лідзе ёсць каму зрабіць скульптуры.
Зала афармляецца як актавая, для ўрачыстых мерапрыемстваў
На 2-м паверсе - зала Бальная. На сценах патрэты ўсіх лідскіх старастаў. Спіс старастаў ёсць. Дадаць трэба толькі партрэты старшынь выканкамаў ад 1939 г. да нашага часу. У мяне перад вачамі - выява магчымай афішы: "Баль у Лідскай ратушы".
3. Выгляд
Грамадскасць прапануе паставіць ратушу ў цэнтры горада. А як яна будзе выглядаць, як упішацца ў забудову, якая ўжо існуе? І як яна наогул выглядала? У нас жа нават больш-менш прыстойнага малюнка не было.
Пачалося з таго, што мы пільна ўглядаліся ў чарцяжы 1803 года і прыкідвалі на паперы магчымыя варыянты. Потым на іх аснове малюнак гэтага будынка зрабіў лідскі скульптар Вадзім Вараб'ёў. А ўжо абапіраючыся на тыя малюнкі бярозаўскі скульптар Яўген Лукашэвіч зрабіў класічны макет з белай паперы і картону.
Форма даху на чарцяжы 1803 года і на макеце адрозніваецца. На чарцяжы мы бачым просценькі дах з чатырма схіламі. Але мы палічылі, што дах стаў такім пасля таго, як яго перарабілі пасля аднаго з пажараў. І калі гэта - сапраўды ратуша, то дах, хутчэй за ўсё, быў іншай формы. Якой? На макеце прапанаваны варыянт: двухсхільны дах з характэрнымі франтонамі ў стылі барока. Чаму гэты стыль? Мы зыходзілі з таго, што прыкладна ў тыя часы, калі будавалася апошняя ратуша, у Лідзе ў стылі барока быў пабудаваны (у 1770 годзе) Фарны касцёл. Калі гэта сапраўды так, то архітэктура ратушы павінна была падтрымліваць архітэктуру Фарнага касцёла.
Ратуша адназначна будавалася да ХІХ стагоддзя, так што за кошт гэтых франтонаў мы прыблізна вярнулі яе ў ХVІІІ стагоддзе (у больш ранні перыяд - не мэтазгодна, бо чарцяжы ўсё ж датуюцца 1803 годам).
Гэта не быў праект ратушы. І не рабочы макет ратушы. Гэта, хутчэй, была ідэя. Гэты ідэйны макет ратушы быў падрыхтаваны да канферэнцыі з нагоды 425-х угодкаў надання Лідзе Магдэбургскага права, якую планавалася правесці 18 верасня 2015 года ў музеі. Канферэнцыя ў музеі не адбылася, тым не менш мы пачалі прапагандаваць гэты макет. Зрабілі электронную кампазіцыю, упісаўшы мвкет у забудову горада. Размясцілі ў горадзе адпаведны банер, але нідзе не пісалі, што гэта ратуша.
І вось наступіў 2019 год.
Леанід Лаўрэш прапанаваў надрукаваць у "Лідскім летапісцы" малюнкі Ліды, зробленыя нямецкімі мастакамі ў 1918 годзе і ў першую чаргу з кнігі доктара Карла Фогеля "Ліда некалі і цяпер". Кніга даўно вядомая ў Лідзе, у кнізе вялікі тэкставы блок, але ніхто не браўся перакласці гэты блок з-за шырокага прымянення гатычнага шрыфту, пакуль гэта не зрабіў Арцём Суднік, які жыве ў Саарбрукене. І вось гэты пераклад паставіў усё з галавы на ногі. Тэкст Карла Фогеля ўтрымоўвае ў тым ліку і пераказ гісторыі Ліды на аснове інфармацыі, запазычанай у Міхала Шымялевіча. І ў гэтым тэксце ёсць такая фраза: "Нажаль, згарэла ў 1891 годзе таксама і старая ратуша, што была ў 18 стагоддзі пабудавана і ўпрыгожана калонамі і калоннымі заламі".
З гэтай фразы выцякае, што інфармацыю пра ратушу Карл Фогель мог узяць як у Шымялевіча, так і ў многіх мясцовых жыхароў, якія ў 1918 годзе вельмі добра памяталі пажар 1891 года.
З гэтай фразы мы бачым, што будынак, які разглядаўся раней, не адпавядае пададзенаму тут апісанню - не мае ні калонаў, ні калонных залаў. А што мы маем у наваколлі адпаведнае гэтаму апісанню. Не забягаючы за 100 кіламетраў мы бачым Віленскую ратушу, якая цалкам адпавядае апісанню. Зусім лагічна, што Лідская ратуша магла быць падобнай на Віленскую, лагічна, што магла быць меншай, але стыль мусіў быць захаваным. І мы мусім павярнуцца тварам да новай інфармацыі.
Відавочна, Лідская ратуша была закрыта як такая пасля далучэння Лідчыны да Расіі. Невядома, як ратуша перажыла паўстанне Касцюшкі і Напалеонаўскую вайну. Прынамсі, тады не змаглі захаваць вежы фарнага касцёла, касцёл кармелітаў. Хутчэй за ўсё стан ратушы быў дрэнны, бо М. Шымялевіч у канцы 19 стагоддзя згадвае вялікую развалюху, якая таксама не перажыла пажар 1891 года.
Таму мы не можам нічога прыдумаць лепшага, як арыентавацца на Віленскую ратушу.
Сёння Віленская ратуша не мае вежы, але некалі мела, і Лідская ратуша вежу мусіць мець. Адбудоўваць - дык адбудоўваць. І вернуцца такія атрыбуты, як гадзіннік, званы.
Лідскае БТІ прапрацавала фасад Лідскай ратушы. ў адпаведнасці з тэхнічным заданнем, якое прадугледжвала, як і раней, ратушу з двухпавярховымі гандлёвымі радамі, адно крыло якіх ёсць магазін "Віцязь" па вул. Савецкая, 16. Хоць пры рэалізацыі праекта, магчыма, будзе выгадней магазін знесці і зрабіць усё новае.
4. Хто і за якія сродкі ўвасобіць гэта ў рэальнасць?
Безумоўна, трэба шукаць інвестара.
Як варыянт, можна паставіць умову: інвестар за свае сродкі будуе аб'ект, і яму за гэта перадаюцца ва ўласнасць гандлёвыя рады. А ў гандлёвых радах, у адным крыле, можна (ёсць такая светлая мара) аднавіць Лідскі вернісаж, дзе б карціны выстаўляліся і прадаваліся. У гандлёвых радах (у іншых крылах) таксама могуць размяшчацца гасцініца (напрыклад, з назвай "Ля ратушы"), рэстаран. А для горада будзе ратуша.
На Беларусі ратуш лічаная колькасць, а ў Расіі толькі адна - на былой фінскай тэрыторыі, у Выбаргу. Пры такім "раскладзе" ратуша магла б стаць адметнай "фішкай" Ліды. Пры жаданні, можна ператварыць гэты аб'ект у своеасаблівы куточак Сярэднявечча ў Лідзе. І хутка ўсе б забыліся (дакладней, не надавалі б увагі), што гэта навабуд. Але спачатку патрэбны рашэнне выканкама, воля і жаданне на ўзроўні ўладаў гэта здзейсніць.
Будынак Лідскай ратушы можа быць меншым за будынак Віленскай ратушы, але не можа мець менш за два паверхі. Акрамя таго гарышча, цокальны паверх вежы. Прынцыповым уяўляецца мець дзве залы, бо было напісана: "калонныя залы".
Зрэшты ўсё гэта вырашаецца пры стварэнні тэхнічнага задання на праектаванне ратушы.
А на цэнтральнай плошчы горада, блізка ад таго месца, дзе стаяла апошняя ратуша можна будзе паставіць інфармацыйнае табло з указаннем на новую ратушу. Балазе там будзе толькі цераз вуліцу перайсці.
Паколькі да 700-годдзя Ліды засталося вельмі мала часу, то на гэтым этапе неабходна паспець прыняць усе рашэнні і на Дзень горада - 2023 асвяціць вуглавы камень Лідскай ратушы. І зрабіць гэта рэальна.
Рэалізацыя праекта "Лідская ратуша", як і ранейшыя (устаноўка помніка Ф. Скарыну, аднаўленне Лідскага замка, устаноўка коннага помніка вялікаму князю Гедыміну) паслужыць далейшаму пад'ёму турыстычнай прыцягальнасці г. Ліды. А яшчэ аднаўленне Лідскай ратушы дазволіць не адстаць ад Гародні і Наваградка, дзе пытанні аднаўлення ратуш таксама стаяць на павестцы дня.
Я выказваю падзяку карэспандэнтам "Лідскай газеты", якія падтрымлівалі ідэю аднаўлення ратушы ў публікацыях і ілюстрацыях, некаторыя з якіх скарыстаны ў гэтым артыкуле.