Гэты артыкул пра "далікатную" тэму.
Дзе-нідзе ў Заходняй Беларусі да нашага часу драўляны туалет-шпакоўню завуць "славойкай". Канструктыўна нічога не змянілася. Славойка - невялікая будка, якая асобна стаіць над выграбной ямай з памостам, у дошках якога выразана дзірка. Дзверы славойкі замыкаюцца знутры, таксама звычайна знутры маецца цвік, на якім вешаюцца газеты ці часопісы, яны маюць двайное прызначэнне. У дзвярах ці над імі, звычайна выразаецца акенца ў форме сэрца ці знака бубновай масці. Гэтая канструкцыя свайму паўсюднаму распаўсюджанню абавязана польскаму міністру ўнутраных спраў і апошняму перадваеннаму прэм'ер-міністру, генералу, доктару медыцыны, паплечніку Пілсудскага Феліцыяну Славой-Складкоўскаму.
Неўзабаве пасля перавароту 1926 г. Пілсудскі прызначыў Славой-Складкоўскага міністрам унутраных спраў, раней ён ўзначальваў санітарную службу польскай арміі. Надаючы велізарнае значэнне гігіене, новы міністр распачаў энергічныя дзеянні, каб палепшыць санітарны стан у дзяржаве. Былі выдадзены прадпісанні, якія абавязвалі мясцовыя органы дзяржаўнай адміністрацыі і тэрытарыяльнага самакіравання ў сціслыя тэрміны забяспечыць чысціню на вуліцах, рынках і ў прыватных дварах, арганізаваць падмятанне вуліц, іх упарадкаванне і азеляненне, забяспечыць наяўнасць у кожным прыватным уладанні туалетаў і накрытых урнаў.
Тэма славоек знайшла сваё адлюстраванне ў літаратуры, гісторыі і шматлікіх успамінах. "Польскія калоніі пачынаюцца за Рамбертовам (усходняя частка Варшавы)", - казаў міністр замежных спраў Юзаф Бек. Ён меў на ўвазе, што Польшча пасля 1920 г. - край небагаты і, асабліва на ўсходзе, цывілізацыйна занядбаны. Сімвалам гэтага былі дрэнныя дарогі, а таксама паўсюдны бруд і нізкі ўзровень гігіены.
Апаненты міністра горка іранізавалі, напрыклад пасля Другой сусветнай вайны хадзіў жарт пра адзінага сапраўднага палітыка ў былым урадзе - прэм'ера Славой-Складоўскага. "Ён загадаў фарбаваць платы і ставіць на падворках клазеты, бо ведаў, што ў Польшчы нічога лепшага зрабіць немагчыма", - пісаў пісьменнік і эсэіст Казімір Брандыс. А палітычны праціўнік Славой-Складкоўскага, рэдактар віленскай газеты "Слова" Цат-Мацкевіч, які за часы прэм'ерства Складкоўскага нават патрапіў у Картуз-Бярозу, пісаў: "Калі ўся Еўропа будавала бомбасховішчы, Складкоўскі свідраваў дзіркі ў платах, дамагаючыся, каб уся Польшча мела платы з дроту ці каб сяляне бялілі свае хаты ... Складкоўскі меў размах, дынамічнасць і раскрыўся ў справах, да якіх дарос - перад усім у справах клазетаў і іншых санітарных рэчаў. Яго рэформы ў гэтай справе былі да такой ступені свавольныя і гэтак энергічна праводзіліся ..., што яго назвалі клазетным Пятром Вялікім".
Пакінем зласлівасць палітычным апанентам. Генерал Славой-Складкоўскі насамрэч быў энтузіястам гігіены і добра разумеў фатальны ўзровень санітарыі ў краі, дзе большасць насельніцтва свае патрэбы лацвіла "за гумном", і таму змагаўся з гэтым, чым мог - дзяржаўнымі ўказамі і асабістым кантролем. Пасля перавароту 1926 г. стаў міністрам унутраных спраў і выдаў першае распараджэнне, якое прымушала насельніцтва да элементарнай гігіены: "У туалетах неабходна часта мыць памосты і падлогі ... трэба іх добра ўтрымліваць, і яны не павінны атручваць паветра навокал", - пісаў міністр унутраных спраў ваяводам у лютым 1927 г. У 1928 г. з яго ініцыятыве выдадзена распараджэнне прэзідэнта, якое абавязала мець туалет у кожнай асобнай сядзібе як у горадзе, так і на вёсцы.
Генерал-доктар, як звалі міністра, добра разумеў, што паперы не прымусяць да гігіены і таму высылаў у ваяводствы інспекцыі, і сам ахвотна браў у іх удзел. У сваіх мемуарах, напісаных пасля Другой сусветнай вайны, пісаў, як у пагодны майскі вечар вяртаўся з старастам павета з інспекцыі: "Стараста падышоў да селяніна і пасля некалькіх хвілін іх размовы я пачуў:
- Ехаў з самой Варшавы, каб пабачыць мой туалет?
Потым зноў пачуўся шэпт, і пасля гэтага гаспадар пайшоў у хату, адкуль вярнуўся з кухонным ліхтаром і павёў нас вільготнай сцежкай да славойкі. Перад яе дзвярмі аддаў ліхтар старасту, выняў з світкі малаток з долатам і пачаў адбіваць забітыя цвікамі дзверы туалета. Калі мы выказалі свае здзіўленне, спакойна адказаў, што дзецям у школе ўбілі ў галаву глупства, і яны не жадаюць хадзіць "за гумно", а жадаюць толькі ў туалет. А туалет для камісіі павінен быць чыстым. Таму забіў цвікамі і зараз спакойны... Калі мы ад'яджалі, былі чутны ўдары малатка - гаспадар зноў забіваў дзверы".
Генерал у мемуарах дэманстраваў пачуццё гумару і не крыўдзіўся на выкарыстанне свайго імя, а нават і сам такія туалеты называў славойкамі. Пісаў таксама: "Адзін багаты селянін зачыніў туалет і трымаў у ім каўбасы і шынкі. Бывалі выпадкі, калі сяляне ставілі свае славойкі ў рад уздоўж вясковай вуліцы, бо казалі, што нейкі міністр іх патрабуе, калі ездзіць па дарогах. Такі гарадскі ў полі ср... не сядзе!"
Знакаміты пісьменнік Мельхіёр Ваньковіч у сваёй слыннай кнізе "Дзе-нідзе" (Tędy i owędy) заўважаў: "Славой-Складкоўскі быў бічам божым для старастаў, з якімі бязлітасна ваяваў за пунктуальны прыход на працу, пабелку парканаў і чыстату славоек". Ваньковіч, далей: "Прыціснутыя зверху, ваяводы рупліва кантралявалі справу туалетаў. Калісьці быў з віленскім ваяводам Бацянскім на інспекцыі (ён не прызнаваў беларусаў і лічыў іх за звычайных палякаў, такіх, напрыклад, як кашубаў). У кожнай гміне мы беглі адразу аглядаць славойкі".
Міністр унутраных спраў, генерал Славой-Складкоўскі з рэвізіяй санітарнага стану горада прыязджаў таксама і ў Ліду. 17 кастрычніка 1928 г. яго сустракалі лідскі стараста Багаткоўскі і наваградскі ваявода Рачкевіч, але нейкіх падрабязнасцяў прэса не паведамляла, магчыма, лідскія славойкі задаволілі строгага міністра. Я знайшоў ўспаміны пра лідскую славойку былога жыхара Ліды Яна Станіслаўскага, маці якога была з заможнага роду лідскіх Вісмантаў. Апісваючы дзядоўскую сядзібу, дзе жыла яго сям'я (недалёка ад старых каталіцкіх могілак, па вуліцы Гражыны, а раней - на Вісмантах), ён так апісаў сваю славойку: "За домам, на неабходнай адлегласці стаяў добра выбелены вапнай белы дамок. Зваўся ён "славойкай" ад прозвішча прэм'ера Славоя-Складкоўскага. Ён паўсюдна, у тым ліку і ў занядбанай вёсцы, увёў абавязак пабудовы туалетаў, пабелкі платоў і іншых санітарных абавязкаў. Сучаснікі гэта ацанілі. Хвала яму за гэта. Наш адмысловы дамок рэгулярна абнаўляўся, ушчыльняўся, чысціўся і без націску ўладаў. Такія ж добрыя туалеты былі і па ўсёй Лідзе, але меліся і выключэнні".
Пісьменнік Мельхіёр Ваньковіч ў кнізе "Дзе-нідзе" заўважаў: "Як там ні было, але славойкі палепшылі сітуацыю ... У паважных маёнтках, я, ідучы ў славойку, атрымліваў ад гаспадароў ліхтарню, парасон, галёшы і бізун, каб чым было мне адбівацца ад сабак."
Славойкі праславілі генерала, але былі толькі часткай ягонай дзейнасці. Ён выдаў распараджэнне аб санітарным стане падворкаў, гатэляў, гасцінцаў, а таксама пляжаў. У другой палове 1930-х гг. як прэм'ер выдаў загады аб пачатку праектавання і будаўніцтва каналізацыі ў гарадах і мястэчках, аб санітарным кантролі рынкаў, продажы масла ў крамах выключана са шкляных ёмістасцяў, напоўненых вадой і накрытых чыстай тканінай. Але з-за Другой сусветнай вайны большасць з гэтых пачынанняў засталася на паперы. Загадваў таксама фарбаваць платы, брамы і фасады дамоў, пры тым - у адзіны, узгоднены колер. Загадваў разбіраць брыдкія пабудовы, здымаць платы-пляцёнкі з лазы і ставіць платы з дарагой металёвай сеткі. А таксама брукаваць на падворках дарожкі, і я яшчэ памятаю ў нашых вёсках такія ўнутраныя брукаванкі.
Часта нават не хапала фарбы ці вапны. Віленскі пісьменнік Юзаф Мацкевіч пісаў пра злоўжыванні войтаў-асаднікаў у нарысе "Войты пана Мальскага": "... будуецца ў нас школа - і заўжды для будоўлі патрэбна вапна. Але ў мінулым годзе слынны акольнічы пана прэм'ера (Славой-Складкоўскага - Л.Л.) загадаў прымусова бяліць хаты, туалеты і платы. Для пабелкі патрэбна вапна. Адкуль яе ўзяць, калі раптоўна цэлы край неабходна пабяліць і вышмараваць. Кошты ідуць уверх, яўрэі пачынаюць спекуляваць, а можа нават ужо і не маюць тавару? Што значыць не мець тавару?! Цэлы вагон вапны прыходзіць на чыгуначную станцыю Нёман для школы. Я ўжо добра не памятаю, ці той яўрэй меў прозвішча Зляцоўскі, ці нейкае іншае. У любым выпадку ... вапна была ноччу прададзена яўрэям для перапродажу сялянам - бяліць платы і туалеты".
Беларус Пётра Сыч пісаў: «... каля Радашкавічаў я меў чатырнаццаць гектараў ня вельмі-ж геглай зямлі. ... Плаціў падаткі й меў супакой. Праўда, было крыху прыкрасці, як да ўлады прыйшоў нейкі звар'яцелы Славой Складкоўскі. Той пачаў рабіць нейкія рэформы, уводзіць нейкую гагіену (гігіену). Загадаў бяліць хаты, платы, будаваць адхожыя. Па-расейску гэта — нужнікі, па-польску «устэмпы», мы іх назвалі «непатрэбныя патрэбнікі». Фактычна, будынак патрэбны, але ў нашых умовах, дзе ня было каналізацыі — даволі клапатлівы. Але хату я папэцкаў вапнай, плот таксама. Выглядала гэта гадка, злашча пасьля дажджу. Патрэбнік згарусьціў і, калі не хапіла дошчак, садраў з даху пару драніцаў. Паставіў яго пад дрэвам, каб дождж ня змываў вапны, да дзьвярэй прыбіў кручок, зашчапіў і на гэтым кончылася. Меў супакой».
Аднак на фронце пад Монтэ Касына, дзе ён ваяваў афіцэрам, Сыч успомніў пра славойкі: «Узнікла яшчэ адна праблема, праўда саромлівая, але істотная, людская: няма клязетаў. Нехта рэшткамі сілаў здабыўся на гумар: “Якая шкода, што з намі няма былога прэм'ера Славоя Складкоўскага! Ён бы адразу загадаў пабудаваць «нужнікі» «славойкі», пабяліць іх вапнай...”».
Выдаў генерал пастанову і пра санітарыю ў гатэльнай справе. Тэхнічны і культурны прагрэс даваў магчымасць уладкоўваць там гігіенічныя месцы па-сучаснаму. Верагодна, адзін з першых унітазаў у Лідзе быў усталяваны ў "Пецярбургскім гатэлі" Ісака Глаўбермана, вуліца Каменская, 6. Пра гэты цуд сантэхнікі пісалі розныя аўтары.
Мельхіёр Ваньковіч ў кнізе "Дзе-нідзе" занатаваў: "... у Лідзе пані Глаўберман, уладальніца гатэля "Пецярбургскі", уладаваўшы клазет са злівам вады на кухні, лопалася ад гонару. Яна горача ўгаворвала мяне скарыстацца ім. Калі сказаў, што не жадаю, яна аргументавала свой націск: "Хай пан толькі паспрабуе. Пан В. з Пэцяшы таксама не хацеў, а як паспрабаваў, дык адразу захацеў". Для Ліды гэта быў люкс і камфорт. У гатэлі стала жылі лётчыкі, і пані Глаўберман перад святамі без цырымоній забірала ў маладых афіцэраў грошы, тлумачачы, што "ўсяроўна прап'юць ...". "Ахвярай" пані Глаўберман быў таксама і лідскі абшарнік Андрэй Раствароўскі, ён пісаў: "І яшчэ, для камплекту, пра "Пецярбургскі" гатэль ці "Пецярбургскую цёцю". Вельмі чысты гатэлік, дзе volens nolens прыходзілася пад час з'ездаў, баляў ці іншых аказій рэзерваваць сябе пакой. Уладальніца, пані Глаўберман - дзедзічка гатэля, паходзіла са старой лідскай сям'і Цыдзяровіч, выйшла замуж за добра малодшага за сябе яўрэя з Пінска Глаўбермана. Ён выконваў абавязкі пакаёвага, парцце, пасыльнага і выкідалы. Неяк, пані Глаўберман устанавіла новы клазет са спускам вады, і таму заахвочвала ўсіх пастаяльцаў карыстацца ім, каб ацаніць выгоды. Казала: "Што значыць не патрэбна? Пану Ваньковічу таксама было не патрэбна, але як сеў, дык гадзіну сядзеў!"".
Звычайныя славойкі мелі старыя школы горада, напрыклад № 5 каля замка. І толькі новыя школы, пачынаючы з № 1 і 2 (гэта зараз школа № 1) атрымалі сучаснае сантэхнічнае абсталяванне. А пры канцы 1930-х гг. у Лідзе пачалося будаўніцтва каналізацыі.