Папярэдняя старонка: Архітэктура

Гісторыя двух, амаль што аднатыпных будынкаў у Лідзе 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 22-11-2023,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Гісторыя двух, амаль што аднатыпных будынкаў у Лідзе // Лідскі Летапісец. 2023. № 1(101). С. 61-65.



У 1894 г. па ініцыятыве міністра фінансаў Сяргея Вітэ была ўведзеная дзяржаўная вінная манаполія, якая ў поўнай меры дзейнічала толькі з 1906 да 1913 г. Для ажыццяўлення віннай манаполіі трэба было пабудаваць казённыя вінныя ачышчальныя склады, куды ўладальнікі прыватных бровараў маглі б здаваць сваю прадукцыю (прыватныя вінакурні на Лідчыне ў той час, напрыклад, існавалі ў маёнтках Ішчална і Вялікае Мажэйкава). Гэтыя казённыя гарэлачныя заводы зваліся "вінныя склады". Пад назвай "склад" меўся на Сучасны выгляд Віленскага і Ашмянскага вінных складаў (Фотаздымкі за сайта https://ashmyany.blogspot.com/). ўвазе комплекс памяшканняў для захоўвання, перапрацоўкі і разліву спірту і гарэлкі. Сюды з прыватных ці казённых вінакурняў прывозіўся спіртсырэц і ачышчаўся ад шкодных прымешак - рэктыфікаваўся. Потым спірт мацаваўся да 90-95° і з яго рабілі гарэлку моцаю не ніжэй за 40°. Прадаваўся гатовы прадукт тут жа на складзе або ў казённых вінных ці давераных прыватных крамах. У 1913 г. агульная выручка ад віннай манаполіі складала 26 працэнтаў даходу бюджэту імперыі [1].

Трэба адзначыць, што ў рускай мове таго часу пад словам "віно" мелася на ўвазе не тое, што гэтым словам завецца зараз, а менавіта гарэлка, якая таксама мела назву "хлебнае віно".


У Віленскай губерні рэформа Вітэ набыла моц з 1897 г. [2]

Будаўніцтва казённых вінных складоў было дастаткова вялікім праектам. Са статыстычнага зборніка «Агляд Віленскай губерні за 1996 г.» даведваемся, што «Для захоўвання, ачысткі і разліву віна ў посуд і забеспячэнне ім вінных лавак у губерні, паводле распараджэння міністра фінансаў, пабудавана 10 складоў: у Вільні - за 178 972 р. 30 кап, у Ашмянах - 96 586 р. 42 кап, у Лідзе - 109 531 р. 38 кап, у Сучасны выгляд офіснага гмаха былога Лідскага віннага склада. Глыбокім - 92 244 р. 67 кап, у Троках - 92 736 р. 55 кап, у Аранах - 98 737 р. 89 кап, у Свянцянах - 81 008 р. 84 кап, у Дзісне - 79 447 р. 52 кап, у Вілейцы - 87 619 р. 25 кап і ў Маладзечне - 91 043 р. 98 кап. Усяго - 10 007 928 р. 90 кап. Для пабудовы гэтых складоў дзяржавай набыты пляцы: ... у Лідзе 3 500 кв. саж. за 4500 р. ...» [3].

Паступова вінныя склады ліквідаваліся, і ў 1909 г. у Віленская губерні мелася толькі 4 вінныя склады [4].

Лідскі «Трэці казённы вінны склад», як і іншыя падобныя установы - месца захоўвання і разліву моцных спіртовых напояў. Лідскі № 3 казённы вінны склад пачаў працаваць у сакавіку 1897 г. Загадчык Аляксей Іванавіч Даўгоў, на пасадзе з 6 сакавіка 1897 г., праваслаўны; яго памочнік Віктар Георгіевіч Пакроўскі, на пасадзе з 13 сакавіка 1897 г., праваслаўны. Лекар Мікалай Міхайлавіч Падвальнікаў, на пасадзе з 1 ліпеня 1898 г. Машыніст Мар'ян Адольфавіч Федаровіч, на пасадзе з 1897 г. Канторшчык Іван Мечыслававіч Балюкевіч, на пасадзе з 17 сакавіка 1897 г., католік; памочнік канторшчыка Сцяпан Восіпавіч Валасевіч, на пасадзе з 1897 г. Зборшчыкі: Клаўдзій Вікенцевіч Каліноўскі, на пасадзе з 16 ліпеня 1897 г., католік; Людвік Пятровіч Пятрусевіч, на пасадзе з 27 лістапада 1897 г., католік; Сцяпан Восіпавіч Палтаракевіч, на пасадзе з 16 чэрвеня 1897 г., мусульманін. Гмахі гарэлачнай манаполіі былі пабудаваныя каля 1897 г. і захаваліся да нашага часу на тэрыторыі сучаснай дрэваапрацоўчай фабрыкі [5].

Гарадская вучэльня каля замка.

У 1938 г. вырашана пачаць прыстасаванне па-манапольных вінных гмахаў па адрасе вуліца Сыракомлі, 2 пад патрэбы акруговага суда ў Лідзе. Гэтак у горадзе з'яўляецца следчакарная турма. Гэтая турма ў лідзян атрымала назву «Турма на Сыракомлі», бо стаяла па вуліцы Сыракомлі (сучасная Мопраўская). Сёння ў карпусах былой гарэлачнай манаполіі, а потым турмы знаходзіцца мэблевая фабрыка [6].

Усе офісныя будынкі вінных складоў Віленскай губерні былі пабудаваны па амаль што аднолькавых праектах і, верагодна, трошкі адрозніваліся толькі памерамі. Праекты Віленскай губерні не супадалі з праектамі вінных складоў іншых губерняў, на жаль знайсці будаўнічыя праекты нашых складоў покуль не атрымалася. Аднак можна заўважыць адноснае падабенства Лідскага віннага склада на тыпавы праект склада на 150 000 вёдзер гарэлкі (у год) зроблены ў 1898 г., але будынкі гэтага праекта не маюць архітэктурных упрыгожванняў з элементамі неаготыкі, якія маюць склады Віленскай губерні [7].

Аналіз аэрафотаздымкаў 1915 і 1944 гг. паказвае, што Лідскі вінны склад складаўся з трох будынкаў, якія захаваліся да нашага часу. Офісны будынак (сучасны адрас - Мопраўская, 4) да красавіка 1944 г. ужо згарэў пасля неаднаразовых бамбаванняў чыгуначнага вузла і стаяў без даху. Пасля 1944 г. ён быў адноўлены. Два будынкі, якія месціліся на поўдзень ад яго, не былі пашкоджаны і таксама захаваліся да нашага часу (каардынаты большага з іх: 53.880514045169114, 25.299876146124255).

Нас будзе цікавіць офісны будынак віннага склада. Ад яго цэнтральнага рызаліту [8] з уваходам у будынак, у левы і правы бок па першым паверсе фасада мелася па 6 вокнаў. Па фасадзе другога паверха, ад цэнтральнага рызаліту з прыгожым акном, акаймаваным цэглай, якая надавала акну модны ў той час, неагатычны стыль, у два бакі было столькі ж вокнаў, але з адным адрозненнем - два крайнія акны другога паверха мелі такі самы неагатычны выгляд, як і акно цэнтральнага рызаліту. Звяртае на сябе ўвагу прыгожы ганак з чыгуннага ліцця. Офісны будынак Лідскага казённага віннага склада захаваўся дастаткова добра, але быў атынкаваны і страціў аўтэнтычны выгляд. З-за таго, што зараз перад яго фасадам густа растуць ёлкі, а частка гмаха знаходзіцца за плотам фабрыкі, зрабіць агульнае фота фасаднай часткі немагчыма.


Вельмі цікава, што архітэктуру офісных будынкаў вінных складоў (у тым ліку і Лідскага) цалкам паўтараў двухпавярховы гмах, які раней стаяў каля замка. Адрозненне яго ад офіснага будынка віннага склада толькі ў адным - ад цэнтральнага рызаліта ў левы і правы бок адыходзіла толькі 5 вокнаў - ён быў карацейшы па фасадзе на 2 акны (разам па фасадзе двух паверхаў меў 11 вокнаў, а офісны будынак віннага склада - 13). Вядома, што гэты будынак належаў Мардуху Пупко і будаваўся як школьны, прыкладна ў той жа час, што і вінны склад. Відочна, што Пупко скарыстаўся ўжо гатовым праектам.

Злева на права:Сучасны выгляд цэнтральнай часткі офіснага гмаха былога Лідскага віннага склада, Паўночная частка фасада з 'гатычным' акном другога паверха, 'Гатычнае акно' другога паверха паўдзённай часткі фасада.

Гэты будынак згарэў у 1941 г. і зараз не існуе. Аналіз аэрафотаздымкаў 1944 г. паказвае, што, як і іншыя яўрэйскія будынкі ў цэнтры горада, гэты гмах да 1944 г. быў разабраны на цэглу, і да таго часу ад яго не засталося нават руінаў.

Прэса паведамляла, што Лідская «існая павятовая вучэльня ў 1900/1901 навучальным годзе, згодна з пастановай гарадскіх упаўнаважаных ад 30 верасня 1899 г., пераўтворыцца ў гарадскую вучэльню, ... за наём памяшкання выдаткоўваецца 1000 руб. у год». Новы будынак для вучэльні быў арандаваны на 6 гадоў у Мардуха Пупко. Але падобна, што гарадская вучэльня пачала працаваць толькі з 1 ліпеня 1902 г. [9]

Параўнанне аэрафотаздымка красавіка 1944 г. з сучасным спутнікавым здымкам.

Сям'я Пупко мела вялікі ўплыў у горадзе, і таму двухпавярховы гмах адразу будаваўся як школа, бо, відочна, Пупко ведаў, што праз гарадскія ўлады яму будзе забяспечана арэнда будынка. Зразумела, што гатэль ці «даходны дом» з кватэрамі ў наём меў бы іншую ўнутраную планіроўку.

Мы ведаем, што тры будынкі віннага склада разам каштавалі дзяржаве 109 531 р. 38 кап, з чаго можна зрабіць выснову, што офісны будынак каштаваў каля 30 000 р. Ён меншы за будынак цэха (гэта самы паўночны гмах на тэрыторыі склада), але большы за тэхнічны будынак, які знаходзіцца паміж цэхам і офісам. Пры тым зразумела, што офісны будынак не меў тэхналагічнага абсталявання. Школьны будынак Мардуха Пупко меншы за офісны будынак склада толькі, прыкладна, на 15 працэнтаў, і яго кошт можна было б прыблізна ацаніць у 25 000 р. Але калі ён здаваўся ў арэнду за 1 000 р. у год, дык улічваючы, што тэрмін акупляльнасці не можа быць роўны 25 гадам, не думаю, што ён каштаваў для Пупко больш за 12 000 - максімум 15 000 рублёў. Розніца ў коштах кідаецца ў вочы, што лёгка можна растлумачыць «зразумелымі выдаткамі на патрэбных людзей» і «распілоўваннем бюджэту».

Для параўнання коштаў і разумення цаны тагачасных грошай - адны з самых багатых лідскіх гараджан, валодалі наступнай нерухомасцю: ва ўласнасці нашчадкаў Янкеля Папірмайстра ў г. Лідзе знаходзіўся мураваны двухпавярховы дом, два аднапавярховыя драўляныя дамы, тры драўляныя хлявы, бровар, мураваны склад машын, лесапільны завод, мураваная крама і пляц зямлі агульным коштам у 35 000 р. Ва ўласнасці Мейлаха Пупко знаходзіўся мураваны дом з крамай, тры драўляныя дамы, бровар, гаспадарчыя пабудовы, плац зямлі агульным коштам 31 000 р. [10]Гэтыя асобы - уладальнікі двух лідскіх піўных бровараў з усім абсталяваннем валодалі нерухомасцю трошкі большай за 30 000 р. Вялікі цагляны корпус бровара Папірмайстра можна ўбачыць і сёння, ён з'яўляецца часткай завода харчовых канцэнтратаў, і яго памеры абсалютна параўнальныя з корпусам былога віннага склада, і гэта толькі частка яго нерухомасці.

Высуну гіпотэзу, што Мардух Пупко мог быць падрадчыкам будаўніцтва лідскага віннага склада - гэта магло б тлумачыць аднатыпнасць будынкаў. Тады будучы школьны будынак, мог быць пабудаваны на «чэсна з'эканомленыя» грошы ад будаўніцтва віннага склада. Але гэта толькі мая рызыкоўная гіпотэза.


Двухпавярховы цагляны дом Мардуха Пупко, дзе месцілася гарадская вучэльня, стаяў на поўнач ад Лiдскага замка, за некалькі дзясяткаў метраў ад яго. Фасадам будынак быў павернуты да дзвюх соснаў на паўночным схіле замка, тут жа быў і галоўны ўваход у вучэльню. Яшчэ калі павятовая вучэльня знаходзілася на вуліцы Каменскай, вучні часта прыходзілі менавіта сюды, да замка, як быццам акружанага аўрай легенд і паданняў. Лепшы лідскі гісторык Міхал Шымялевіч успамінаў пра часы вучобы: Гарадская вучэльня каля замка, бачны легендарныя лідскія дрэвы. Будынкі былога віннагас склада, 1960-я гг. «... на месцы ... сучаснага мураванага дома (па Гедзімінаўскім завулку ў Лідзе), у каторым знаходзіцца агульнаадукацыйнай школа № 5, стаяла старое драўлянае гумно - склад усялякай вайсковай старызны, а завулак Гедзімінаўскі - вузкі, балоцісты і цёмны - усімі месцічамі абмінаўся. Тут не раз здаралася, што жаўнер, які ўначы стаяў на варце, стрэлам з карабіна ўздымаў трывогу, тлумачачы, што сярод старых таямнічых соснаў яму нешта здалося і настрашыла. У той час на вуліцах не толькі электрычнасці не было, а нават і звычайнай алеевай лямпы на слупе. Старыя бабы, лежачы на цёплых ляжанках, умелі апавядаць і вельмі цікава апавядалі пра розныя страшныя рэчы, якія рабіліся ў замку і пад замкам: пра замкнутага у замкавай вежы невінаватага чалавека, пра скрыні на ланцугу са скарбам, пра страшнага сабаку, які пільнуе ўваходы ў замкавыя падзямеллі, пра замкавыя лёхі і ходы, якімі можна ехаць чацвёркай коней да Вільні і Наваградка, пра каралеву, якая раз у год выходзіць з замкавых падзямелляў і просіць ў першага сустрэтага ёю лідзяніна, каб замовіў набажэнства за ўратаванне яе пакутнай душы - набажэнства павінна адбыцца толькі ў замку, і ксёндз павінен не забыць прынесці ўсё патрэбнае з касцёла, але ксёндз заўсёды нешта забываў, ці яму перашкаджала паліцыя, пра зачараваных у тых соснах дзвюх каралеў і г.д. У тыя часы лідзяне свята верылі, што ў пэўны дзень, у 12 гадзін апоўдні, а можа, уначы, калі зрабіць насечкі на кары соснаў, з іх будзе пырскаць кроў. Хто з нас не спрабаваў гэта на практыцы? Колькі на кары нічым невінаватых сосен засталося знакаў ад нашых сцізорыкаў?» [11].

У будынку, дзе да 1915 г, месцілася гарадская вучэльня, у наступныя часы, ці, як кажуць у нас «за польскім часам», знаходзілася агульнаадукацыйная школа № 5 імя Людвіка Нарбута

Вучаніца гэтай школы Яўгенія Ярмант пісала: «На першым паверсе размяшчаліся малодшыя класы з першага па чацвёрты. У глыбіні будынка знаходзілася агульная распранальня - рад кручкоў і драўляных калочкаў, убітых па ўсёй даўжыні сцяны. Справа ад распранальні была вялікая прахадная зала, дзе праходзілі ўрокі гімнастыкі і праводзіліся сходы харцэраў. У двары з задняга боку будынка вузкая і крутая драўляная лесвіца вяла на другі паверх. На галоўным фасадзе справа размяшчалася шырокая, але вельмі крутая лесвіца, якая вяла ў настаўніцкую на другім паверсе. Ёю карысталіся толькі настаўнікі».

Другі вучань школы № 5, Ян Станіслаўскі, успамінаў: «Мела адрас вул. Гедзімінаўская, 10. Стары двухпавярховы будынак з чырвонай цэглы. Падлогі з дошак, цесныя калідоры, малы пляц для адпачынку дзяцей, у куту якога былі прымітыўныя туалеты. Школа не мела гімнастычнай залы, майстэрні, з кабінетаў мела толькі фізіка-геаграфічны. Вуліца Гедзімінаўская з аднаго боку ўлівалася ў вуліцу Замкавую, з другога - у Мацкевіча (Крывую)» [12].

У гэтай школе вучыўся беларускі паэт і грамадскі дзеяч Валянцін Таўлай. «Хаджу ў польскую школу, якая змяшчалася пры самых тады велічных мурахруінах старадаўняга замка ў Лідзе. Пры гэтых мурах сядзелі дзве згорбленыя векам, заімшэлыя хвоі, нават быццам бы заклятыя. Казалі: калі зламаць галінку - пацячэ кроў», - пісаў паэт у аповесці «Аб сабе» [13]. Цікава, што Валянцін Таўлай у 1943 г. сядзеў ў турме «На Сыракомлі» [14].


Вельмі важна, што ў нашым горадзе захаваліся будынкі віннага склада - архітэктуры канца XIX ст. І можа быць, калі-небудзь, з офіснага будынка лідскага віннага склада будзе знятая тынкоўка, цэгла будынка будзе ачышчаная да свайго першапачатковага выгляду, і гэты стары гмах і надалей будзе радаваць нас, лідзян, якія любяць і ганарацца сваім старажытным горадам.


Аўтар выказвае шчырую падзяку краязнаўцу Паўлу Кураловічу.



[1] Губанов А. В., Борознов С. А. К вопросу изучения типов объемно-пространственных решений казенных винных складов в конце XIX - начале ХХ в // Вестник ПНИПУ. Строительство и архитектура. 2014. №1. С. 16-32.

[2] Кураловіч Павел. Ашмянскі вінны склад // https://ashmyany.blogspot.com/2018/01/blog-post.html

[3] Обзор Виленской губернии за 1896 год. Вильна, 1897. С. 27.

[4] Кураловіч Павел. Ашмянскі вінны склад.

[5] Лаўрэш Леанід. Ліда да 1914 г. // Лідскі летапісец. 2017. № 1 (77). С. 46-70.

[6] Лаўрэш Леанід. Шпацыры па старой Лідзе. Гродна, 2020. С. 321.

[7] Типовые проекты винных казенных складов от 100 тыс. вед. до 600 тыс. вед. Б/д // РГИА. Ф. 1293. Оп. 167 (354). Д. 30.

[8] Рызаліт - частка будынка, якая выступае за асноўную рысу фасада і ідзе па ўсёй вышыні будынка.

[9] Лаўрэш Леанід. Лідская павятовая вучэльня // Маладосць 2017. № 07. С. 130-131.

[10] Церашкова К. С. Мяшчанскае домаўладанне і землекарыстанне на тэрыторыі Беларусі (1860-я гг. - пачатак ХХ ст.) // Часоп. Беларус. дзярж. ун-та. Гісторыя. 2018. № 1.. С. 62.

[11] Лаўрэш Леанід. Лідская павятовая вучэльня. № 07. С. 130-131.

[12] Лаўрэш Леанід. Адукацыя ў Лідзе, 1920-1930-я гады // Маладосць. 2021. № 2. С. 109.

[13] Цыт па: Каладзяжная Анастасія. Этапы жыццёвых дарог змагара. Ліда, 2014. С. 8.

[14] Суднік Станіслаў. Ніна Таўлай пра брата і пра ўсіх // Лідскі летапісец. 2004. № 1-2(25-26). С.18-19.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX