Папярэдняя старонка: Архітэктура

Пра лідскія ветраныя млыны 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 01-02-2024,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Лідскі ветраны млын // Лідскі Летапісец. 2023. № 2(102). С. 55-58.



З канца XIII ст. з'явіўся новы тып канструкцыі млына - вежавы млын. Асноўнай яго перавагай з'яўлялася тое, што ў ім рухалася толькі верхняя частка канструкцыі, у той час, як асноўная частка млына заставалася нерухомай.

Шатровы млын з'яўляўся ўдасканаленым варыянтам вежавага млына, дзе мураваная вежа заменена драўляным каркасам звычайна васьмікутнай формы (але існуюць млыны з большай ці меншай колькасцю кутоў). Лягчэйшая канструкцыя, у параўнанні з вежавымі млынамі, рабіла вятрак больш практычным.

Ветраны млын на нямецкіх паштоўках, 1916 ці 1917 гг.

Лопасці-ветразі - традыцыйна складаліся з каркаса-рашоткі, на якім размешчана парусіна. Пры гэтым мельнік можа самастойна рэгуляваць плошчу тканіны ў залежнасці ад сілы ветру і неабходнай магутнасці.

Пляцоўка ветранага млына на карце 1915 г. і сучаснай гугль-карце (1 - ветрак, 2 - царква св. Гергія).

Агульная колькасць ветракоў у Еўропе, паводле ацэнак экспертаў, дасягала 200 000 у часы найбольшага распаўсюджвання гэтага тыпу прылад, гэтая лічба з'яўляецца даволі сціплай у параўнанні з прыблізна 500 000 вадзяных млыноў, якія існавалі ў той жа час. Ветракі атрымалі распаўсюджванне ў тых рэгіёнах, дзе мала вады, дзе рэкі замярзалі зімой і ў раўнінных рэгіёнах, дзе рачная плынь была занадта павольнай, каб забяспечыць неабходную магутнасць для працы вадзянога млына.

На Лідчыне заўсёды было шмат розных рэчак і раўчукоў, на якіх можна было выгадна пабудаваць вадзяны млын. Але меліся і ветраныя млыны.

Напрыклад, у Ваверскай парафіі ў канцы XVIII ст. меўся «млын ветраны яснавяльможнага пана Расадоўскага, харунжага Усарскага на яго зямлі ў Дзітве» [1].

У апісанні Жырмунскага двара Радзівілаў, сярод іншага, ёсць наступны тэкст: «Жырмунка (Zyrmunki), фальварак тых жа яснавяльможных ягамосцяў князёў Радзівілаў. Два двары: адзін мураваны палац .... другі двор эканомскі, гаспадарскі ... трошкі ў полі - ветраны млын, які не меле» [2].

У Тарноўскай сядзібе генерала Маўраса ў 1880-1885 гг. быў пабудавана ветраны млын, які стаіць за 500 м ад палаца. Конусападобная пабудова, складзеная з бутавага каменю. Верхняя частка млына - драўляны шацёр, які паварочваўся на металічных шарах вакол сваёй восі з улікам кірунку ветру, не захавалася [3].


У маёй калекцыі маюцца нямецкія паштоўкі часоў Першай сусветнай вайны з выявамі лідскага ветранога млына. На гэтых паштоўках млын добра бачны з двух бакоў, бачна, што ён пабудаваны з дошак і каля яго стаіць комплекс гаспадарчых пабудоў. Ніжняя частка млына ў выглядзе ўсечанага шасціграннага конуса, як і належыць, была нерухомай, а меншая па памеры, верхняя частка паварочвалася за ветрам. На ўсіх здымках, зробленых прыкладна ў 1916 г., бачна: з яго лопасцяў-ветразяў амаль што цалкам скрадзена парусіна, і таму, як найменей падчас здымкаў, вятрак не працаваў.

Такім чынам стала вядома, што ў горадзе меўся ветраны млын, але дзе ён стаяў? На паштоўках бачна, што недзе на ўскрайку тагачаснага горада, але гэтае месца заставалася таямніцай.

І вось, нядаўна, перакладаючы другую частку ўспамінаў лідскага самавука-вынаходніка XIX - пачатку XX ст. Яўстаха Шалевіча, я звярнуў увагу на наступны фрагмент яго тэксту, напісанага ў 1909 г.: «У 1863 г. пробашчам у Ішчалне быў кс. Фалькоўскі. Ён прачытаў заклік да сялян далучацца да паўстання, за што быў расстраляны ў Лідзе. Месца пакарання выбралі недалёка ад горада, на Выгане, дзе зараз стаіць ветраны млын. Не раз, ідучы гэтым месцам, я думаў пра гэтую магілу нашага шаноўнага кс. Фалькоўскага» [4].

Адразу заўважу наступныя моманты: магілы расстралянага ксяндза ў той час не існавала, месца яго пахавання дакладна было знойдзена, і на ім быў устаноўлены крыж толькі праз 10 гадоў, а ўспаміны Шалевіча яшчэ раз пацвярджаюць той факт, што месца пахавання кс. Фалькоўскага надзейна захоўвалася ў народнай памяці. Нагадаю таксама, што да 1914 г. недзе тут, каля пахавання ксяндза, планавалася пабудаваць так званы «Касцёл на крыві» [5].

Раён горада з назвай Выган у той час быў значна большым за сучасны гарадскі парк: на поўдні ён уключаў у сябе тэрыторыю сучаснага стадыёна, на ўсход цягнуўся да сучаснага праспекта Перамогі, а на захадзе - да чыгункі. У XX ст. тут пачалася меліярацыя, і якраз падчас асушэння дрыгвы, у 1933 г. на зямлі, якая належала настаўніку М. Міхальчыку, каля рэчкі Каменкі была знойдзена старая Ліда, верагодна менавіта пра гэтую Ліду і яе заснаванне ў 1180 г. у свой час пісаў Тэадор Нарбут [6].

Пасля інфармацыі, пададзенай Шалевічам, заставалася толькі ўдакладніць месцазнаходжанне ветрака. Ён знайшоўся на расійскай карце-аднавёрстцы 1915 г. Аб'ект, які я расшукваў, стаяў за 100 сажняў (210 м) прыкладна на захад (каля 220 О па азімуту) ад існай і сёння царквы Св. Георгія.

Як і належыць, вятрак быў пабудаваны на самай высокай у межах горада адзнацы - 69, 2 сажняў (145 м) над узроўнем мора. Гаспадар ветрака Янкель Віленскі знайшоў найбольш выгаднае месца ў самай высокай кропцы горада.

Дадам, што каля 1914 г., акрамя ветранога млына Янкеля Віленскага, у горадзе працавалі: вадзяныя млыны Давіда Мардуховіча і Арона Фрыдмана (у Вісмантах [7]) і паравы млын Абрама Мельніка, а бліжэйшы ветраны млын стаяў у Тарноўскім маёнтку Маўрасаў, дзе яго мураваны корпус захаваўся да нашага часу.


Вось такія маленькія адкрыцці з мінулага нашага горада прыносяць мне не меншае задавальненне, чым нейкія значна і больш сур'ёзныя рэчы.

Млын Віленскіх існаваў і потым, але не вядома, ці гэта, як і раней, быў ветраны млын, ці ён быў перароблена на млын з маторам. Ветраны млын - любімы аб'ект для здымкаў фатографаў, але ніякіх здымкаў лідскага ветрака ўбачыць мне больш не ўдалося.


Віленская газета «Слова» ў жніўні 1928 г., у раздзеле «Гандлёвы рэестр Віленскага акруговага суда» паведамляе пра гэты млын, што 08.06.1928 г. было ліквідавана і выкраслена з рэестра прадпрыемства Баруха Віленскага «Таханова» (Tachanowo) [8].

Аднак, у спісе прадпрыемстваў зноў прысутнічае млын «Таханова», уладальнік Віленскі па вуліцы Крупаўская» [9] а з тэлефоннага даведніка 1934 г. даведваемся, што кантора гэтага млына знаходзілася па вуліцы Мацкевіча, 8 (каля магістрата) і мела тэлефона пад нумарам 2 [10].

Апошнюю інфармацыю пра млын Віленскіх знаходзім у віленскай газеце «Кур'ер Віленскі» за люты - сакавік 1937 г. Газета паведамляе пра страйк на млыне - 14 рабочых млына спынілі працу і патрабавалі падвысіць заробкі на 25 працэнтаў. Страйк цягнуся толькі адзін дзень, і ў выніку гаспадар узняў заробкі на 20% [11].



[1] Вопісы парафій Лідскага дэканату ў 1784 г. Парафія Ваверская// Лідскі Летапісец. 2013. №4(64). С. 33.

[2] Вопісы парафій Лідскага дэканату ў 1784 г. Парафія Жырмунская // Лідскі Летапісец. 2014. №1(65). С. 27.

[3] Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць. Мінск, 1986. С. 245-246.

[4] ДГАЛ. Ф. 1135. Воп. 4. Спр. 482. Szalewicz Eustachy. Historja koscila zoludzkiego oraz wspomnienia o Zoludzkiej parafji. Slow pare o obok lezacej Iszczonskiej parafji. Slow kilka o Szczuczynie. Lida. Parafja Kolesnicka. Арк. 28 адв.

[5] Гл: Лаўрэш Леанід. Касцёл на крыві // Лідскі летапісец. 2019. №3. С. 8.

[6] Гл: Лаўрэш Леанід. Шэпт пажоўклых старонак. Лідчына ў люстэрку прэсы. 1900-1939 гг. Гродна, 2017. С. 219-220.; Суднік Станіслаў. Як два разы старажытную Ліду адкрывалі // Лідскі летапісец. 2016. 2. С. 30-32.; Лаўрэш Леанід. Лідчына да XIV стагоддзя // Лідскі летапісец. 2019. №3. С. 16-34.

[7] Пра Вісманты гл: Лаўрэш Леанід. Ваколіца Ліды Вісманты // Наша слова. 2019. 4 ліпеня.

[8] Słowo. №179(1790), 8 sierpnia 1928. S. 4.

[9] Лаўрэш Л. Л. Шэпт пажоўклых старонак. Лідчына ў люстэрку прэсы. 1900-1939 гг. Гродна, 2017. С. 369.

[10] Там жа. С. 391.

[11] Kurjer Wilenski № 58(4376) 28 lutego 1937.; Kurjer Wilenski № 61(4379) 3 marca 1937.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX