Папярэдняя старонка: Рэлігійная гісторыя

Цэрквы горада Ліды да пачатку XIX ст. 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 09-03-2024,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Лідскія цэрквы горада да пачатку XIX ст. // Лідскі Летапісец. 2024. № 1-2(105-106). С. 75-82.

Спампаваць




У гэтым артыкуле я вырашаў сабраць усё тое, што ўдалося знайсці ў апошнія гады па заяўленай тэме, дадаць гэта да ранейшых матэрыялаў, выправіць непазбежныя ранейшыя памылкі і недахопы.


Нагадаю, што сёння можна з адноснай упэўненасцю казаць пра існаванне паселішча на тэрыторыі Ліды ўжо ў XII ст., рэшткі якога былі знойдзены ў 1930-х гг. [1] Цікавым і важным для нас з'яўляецца тое, што паселішча было славянскім, а не балцкім, як пра тое пісаў Тэадор Нарбут [2] пры тым, што даціроўка археолагаў адносна добра супадае з датай заснавання нашага горада, якую Нарбут дае як 1180 г.

1180 г. як год заснавання Ліды, зараз (спадзяюся, часова) адрынуты, але другая дата якую даў Нарбут - 1323 г., год заснавання замка, прынята афіцыйна, хоць і вядома, што замак пабудаваны пазней, наўрад ці раней да 1330 г., хаця б таму, што ў 1323 г. Гедымін толькі пачаў рассылаць лісты з запрашэннямі да сябе нямецкіх майстроў.

Па тэме гэтага артыкула важна, што Тэадор Нарбут пісаў - адначасова з пабудовай Лідскага замка, г. зн. пасля 1320-х гг. на яго тэрыторыі з'явілася капліца [3]. Заўважу: безыменная капліца, а не царква.


Тут трэба зрабіць адну заўвагу.

10 кастрычніка 1865 г. падчас асвячэння царквы ў Шчучыне, святар Віленскага Кафедральнага сабора а. Антон Пшчолка, не гісторык, у сваёй прамове зрабіў агляд царкоўнай гісторыі Лідчыны, некаторыя з тэзаў якога, нават у сярэдзіне XIX ст., выглядалі ненавуковай фантастыкай, не мелі ніякага абгрунтавання ў дакументах, і, зразумела, што не атрымалі далейшага развіцця. З прамовы святара, напрыклад, можна даведацца, што Дайнаўскае княства з цэнтрам у сучаснай вёсцы Дайнава пад Лідай было часткай вялікага Валынскага княства, а сама Дайнава - горадам, даведацца пра перанос Гедымінам з Дайнавы ў Ліду сталіцы княства [4], а самым неверагодным, як для мяне, ёсць наступнае: «У Дайнаве спрадвеку існаваў праваслаўны храм у імя св. Вялікапакутніка і Пераможца Георгія, таму і Гедымін пасля пабудовы мураванага замка ў Лідзе паставіў у ім і праваслаўную царкву ў імя таго ж самага св. Георгія. Адначасова з гэтай царквой у Лідзе існавалі яшчэ тры іншыя ...» [5].

Не зразумела, адкуль пайшла інфармацыя пра царкву св. Юрыя (Георгія) у замку, калі Тэадор Нарбут піша толькі пра безымянную капліцу [6]: «Капліца ў замку знаходзілася ад пачатку яго заснавання» [7]. Як бачым, толькі - капліца, якая, верагодна, магла знаходзіцца ў кутку аднаго з паверхаў замкавай вежы. Адам Кіркор, не ўказваючы сваіх крыніц, верагодна, проста адаптаваў слова «капліца» ў нашым замку да рускай мовы і назваў яе «дамавой царквой» [8] - г. з., калі не кутком, дык максімум нейкім пакоем у вежы.

Тым не менш, вось гэта сведчанне Нарбута пра наяўнасць капліцы недзе каля 1323 г. з'яўляцца самім раннім згадваннем сакральнага хрысціянскага аб'екта ў Лідзе. Але і Нарбут, на жаль, не можа лічыцца надзейнай крыніцай, бо на сёння ён вядомы нам як аўтар шэрагу свядомых гістарычных фальсіфікацый на карысць балцкага элемента гістарычнай Літвы. Але, як для мяне, адзіным аргументам на карысць існавання капліцы ў нашым замку з'яўляецца сам факт згадвання яе гісторыкам, бо каб не Нарбут - ніхто б пра яе не ведаў і не пісаў бы.

Дарэчы, Тэадор Нарбут указаў галоўную крыніцу свайго артыкула пра Ліду (які быў першым тэкстам такога кшталту): «Большасць дэталяў у гэтым артыкуле ўзята з парафіяльных нататак, сабраных нябожчыкам, с. п. кс. Вінцэнтам Нарбутам, пробашчам і дэканам Лідскім» [9]. Кс. Вінцэнт Нарбут - сваяк Тэадора.

Для мяне невытлумачальным з'яўляецца тое, што сёння нічым не абгрунтаваныя звесткі, узятыя з вуснай прамовы святара ў 1865 г., зноў ажылі.


Міхал Шымялевіч пісаў, што каля 1524 г. у горадзе Лідзе маецца яшчэ адна царква [10]. Верагодна, лепшы лідскі гісторык ХХ ст. меў на ўвазе царкву Прачыстай Багародзіцы, бо дакладна вядома, што лідскі намеснік Юрый Іванавіч Іллініч, каб трымаць давераную яму гаспадарку ў Лідзе ў належным стане, клапаціўся пра сваіх падначаленых незалежна ад канфесійнай прыналежнасці, сацыяльнага статусу і этнічнага паходжання. Менавіта ў 1524 г. ён надаў святару лідскай царквы Прачыстай Багародзіцы Васілю некалькі пустых зямель і агародаў у Лідскім павеце. Трэба меркаваць, што католік Юрый Іллініч кіраваўся тут практычным інтарэсам - рацыянальным выкарыстаннем зямельных пляцаў, бо поп Васіль павінен быў уносіць штогадовую плату на ўтрыманне Лідскага замка [11]. Вядома, што яшчэ ў канцы XVIII ст. у царкоўным архіве захоўваўся фундуш вялікіх князёў ВКЛ 1524 г. на царкоўныя пляцы [12].

Заўважу: царква Прачыстай Багародзіцы на Зарэччы [13] згадваецца ўжо ў 1524 годзе, а а. Васіль - першы з вядомых нам святароў усходняга абраду! І адзначу, што пасля замкавай капліцы і ажно да 1524 г., на жаль, няма ніводнай згадкі пра нейкі храм усходняй канфесіі ў Лідзе, ці калі больш дакладна - я не ведаю ніводнай такой згадкі.


Міхал Шымялевіч [14] (са спасылкай на Нарбута [15], а Нарбут у сваю чаргу са спасылкай на Ігната Даніловіча) таксама пісаў, што яшчэ нейкая іншая лідская царква была пабудавана ў 1533 г.

Адзін з лідскіх аматараў гісторыі раней таксама паведамляў нам пра асвячэнне ў 1533 г. царквы ў Лідзе, са спасылкай на Ніканаўскі летапіс: «Oсвященіе церкви иже въ Лиде» [16], - такі радок і насамрэч маецца ў гэтым летапісе. Я адмыслова вывучыў гэты фрагмент у вялікім шматтомным Ніканаўскі летапісе і без праблем знайшоў інфармацыю ва ўказальніку да летапісу, што ў дадзеным выпадку маецца на ўвазе царква ў Палестыне [17].

Але мяне здзівіла супадзенне датаванняў у Нарбута і ў Ніканаўскім летапісе - адзін і той жа 1533 год.

Знайшоў і прачытаў у Даніловіча адпаведны кавалак, на які спасылаецца Нарбут. Беларускі гісторык пачатку XIX ст. Ігнат Даніловіч надрукаваў свой «Летапісец ...» лацінкай. Для гэтага артыкула я перапісаў тэкст сучаснай кірыліцай і трошкі адаптаваў (аўтэнтычная лацінка падаецца ў зносцы): «У лето 7041 (1533) родился великому князю Василию Ивановичу всея Руси сын, от его великой княгини Елены Глинской [18], и наречен бысть Егорий (освяшчение церкви иже в Лиде), и возрадовался великий государь и прославил Бога» [19].

У каментары да гэтага тэксту, Даніловіч піша: «Больш за тры гады Алена была бясплоднай, разам з мужам наведала манастыры і цэрквы, хадзіла ў паломніцтва па цудатворных мясцінах, раздавала міласціну сваёй рукой, і 30 жніўня 1530 года яна нарадзіла свайго першынца Івана ... Неўзабаве нарадзіла другога сына Георгія... Устаўленыя ў дужках словы аб асвячэнні Лідскай царквы сведчаць пра тое, што летапісец жыў у гэтым горадзе, ці пра тое, што словы гэтыя ўстаўлены ў тэкст пазнейшай рукой» [20]. Заўважу, што гэты «першынец Іван» - будучы цар Іван IV Жахлівы.

Мяне зацікавіла даслоўнае супадзенне тэксту з кнігі Даніловіча з адпаведным тэкстам у знаёмым ужо Ніканаўскім летапісе: «... родиси великому князю Василію Ивановичю сынъ отъ его великіи киягини Елены Глиньскіе, и нареченъ бысть Георгій, освященіе церкви иже въ Лиде: и възрадовася великій государь и прослави Бога» [21].

Стала зразумела, што гэтыя летапісы аўтэнтычныя і, верагодна, з'яўляюцца «спіскамі», зробленымі з агульнай крыніцы - абодва яны аднолькава распавядаюць пра адны і тыя ж падзеі і пра Ліду ў Святой зямлі.

Справа ў тым, што, як піша Даніловіч, Алена з Глінскіх рабіла ўсё магчымае, каб мець дзяцей, верагодна, таксама дасылала дары і ў палестынскія манастыры і нарэшце нарадзіла сыноў, з якіх другі быў хворы ад нараджэння Ягор (Георгій, Юрый). Таму палестынская Ліда мела дачыненне да Алены, і манах-летапісец ці жыў у манастыры гэтага горада і ведаў пра сувязь паміж Аленай і Палестынай, ці, што таксама магчыма, у летапісе была зроблена пазнейшая ўстаўка пра Ліду, бо сувязь гэтая была добра вядомая.

Царква ў палестынскай Лідзе згадваецца Нікананаўскім летапісам і другі раз [22], калі справа ідзе пра старажытны Лідскі абраз - святыню першых стагоддзяў хрысціянства. Зараз гэты горад каля Іерусаліма мае назву «Лод» (раней «Лідда»), і гісторыя пра цудатворны нерукатворны Ліддскі абраз Божай Маці (ці Рымскі абраз Прасвятой Багародзіцы) шырока вядома ў хрысціянскім свеце [23].

Галоўнай славутасцю горада Лода (былой Лідды ці Ліды) з'яўляецца меркаваная пахавальня св. Георгія Пераможца, над якой у VI ст. была пастаўлена базіліка. На яе руінах крыжакі пазней пабудавалі царкву, адноўленую пасля шматлікіх разбурэнняў толькі ў 1870 г. Становіцца зразумелым, чаму Алена з Глінскіх свайго другога сына назвала Георгіем (князь Юрый (Георгій) Васільевіч, 1532-1563), бо яна мела надзею на падтрымку гэтага святога, тым больш, што князь нарадзіўся хворым, глуханямым, і Алена Глінская пасля нараджэння свайго другога сына Юрыя мела надзею толькі на яго святога апекуна і, верагодна, працягвала рабіць ахвяраванні ў цэрквы горада Лода (Лідды).

Але ў любым выпадку згаданая ў летапісах царква 1533 г. не мае дачынення да нашага горада, і таму пакінем яе ў спакоі раз і назаўсёды. Нарбут не зразумеў тэкст Даніловіча - Шымялевіч перапісаў у Нарбута - і вось ужо каля 200 гадоў мы ўсе разам падаём недакладную інфармацыю.


Але пойдзем далей.

У другой палове XVI ст., калі на беларускіх землях віравала Рэфармацыя і контррэфармацыя, выношвалася і рэалізоўвалася ідэя царкоўнай уніі, Ліда ўзвысіла свой адміністрацыйны статус, стаўшы ў 1566 г. цэнтрам павета. 17 верасня 1590 г. гораду было нададзена Магдэбургскае права [24], што таксама падкрэслівала яго эканамічную і грамадскую значнасць.

Адам Кіркор піша пра перанос замкавай капліцы ў горад і асвячэнне ў горадзе царквы св. Георгія ў 1553 г. [25] Заўважу, што гэтую інфармацыю Кіркор падае ў папулярнай кніжцы без спасылак, і, здаецца, больш нідзе і ніколі царква ў Лідзе пад такім вызнаннем не згадваецца. Аднак не робім з гэтага ніякіх высноў і ідзём далей.


У пачатку XVII ст. у нашым горадзе згадваюцца дзве праваслаўныя царквы: Прачысценская і св. Спаса [26].

На працягу XVII ст. уніяцкая царква ўсталёўваецца ў Лідзе, і ўжо ў першай палове стагоддзя ў горадзе згадваюцца чатыры грэка-каталіцкія цэрквы: св. Яна, св. Мікалая (каля рынкавай плошчы), св. Спаса (Збаўцы, у горадзе), царква Прачыстай (на Зарэччы) [27], аднак не факт, што ўсе яны існавалі адначасова.

Месцазнаходжанне цэркваў св. Яна і св. Спаса не высветлена. Вядома толькі, што царква св. Спаса знаходзілася недзе бліжэй да цэнтра горада. Улічваючы, што старая Ліда займала зусім маленькую тэрыторыю, сёння меўся б шанец, можа, нават і выпадкова, знайсці падмуркі цэркваў ці, што больш верагодна, чалавечыя парэшткі на каляцаркоўных могілках, якія абавязкова ў той час меліся каля царквы ці касцёла. На дадзены момант, у гістарычнай частцы горада Ліда, дакладна ідэнтыфікаваны чацвёра былых могілак вакол сакральных будынкаў - двое былых рыма-каталіцкіх могілак (вакол фарнага і кармеліцкага касцёлаў) і двое грэка-каталіцкіх могілак (вакол былых цэркваў св. Мікалая - св. Міхала і вакол Прачысценскай царквы). І, нягледзячы на бясконцыя раскопкі тэхнічных камунікацый у нашым горадзе, да нашага часу не знойдзена слядоў цэркваў св. Яна і св. Спаса і, што важна, могілак каля іх.

Таму, можна выказаць гіпотэзу, што царква св. Спаса стаяла на месцы цэркваў св. Мікалая - св. Міхала, а св. Яна нейкі нязначны перыяд часу - на месцы Прачысценскай (потым Уваскрэсення Гасподняга) царквы. Вядома, што драўляныя цэрквы часта гарэлі ці прыходзілі ў нягоднасць з-за гніення дрэва і пасля аднаўлення на тым жа самым (ці прыкладна на тым жа самым) месцы, маглі па-іншаму асвячацца. Гэта мы бачым на прыкладзе цэркваў св. Мікалая - св. Міхала (гл. далей). І, дарэчы, для зусім невялікага ў той час горада, дзвюх цэркваў было б цалкам дастаткова.


У купчай, якой аформлены продаж 7 красавіка 1630 г. лідскім месцічам Лаўрынам Паўлавічам Казюковічам сваёй зямлі і хаты Мацея Вайцехавіча і яго жонкі Парасі Фёдараўны, згадваецца Фёдар Грынявецкі, святар храмаў Божых у горадзе Лідзе - у імя Прачыстай і Святога Мікалая («Chwiedor Hryniewiecki swieszczennik domu Bozego Przyczystey y swietego Mikolaya w Lidzkiem miescie stojacych», - заўважу, што гэты тэкст напісаны беларускай мовай на лацінцы). Пры апісанні межаў пляца ў купчай ясна ўказана месцазнаходжанне Прачысценскай царквы: «...другім жа канцом да самой вуліцы, якая ідзе з горада Ліды на Дуброўню і Ліпнішкі, ідучы гэтаю вуліцай па дарозе з г. Ліды ад рынка і ад замка да Прачысценскай царквы па правай руцэ». З гэтага ўдакладнення бачна, што Прачысценская царква размяшчалася на тым месцы, дзе на пачатку ХХ ст. знаходзілася «хатка Каліноўскага на Зарэччы» [28]. Цяпер - гэта скрыжаванне вуліц Калініна і Стралкоўскага. З дакумента бачна, што адзін святар Фёдар Грынявецкі служыў у двух храмах: св. Мікалая і Прачыстай, таму, магчыма, царква Прачыстай на Зарэччы была філіяльнай.

Вымушаны лічыцца з патрабаваннямі праціўнікаў царкоўнага аб'яднання з ліку шляхты, кароль польскі і вялікі князь літоўскі Уладзіслаў IV у 1633 г. дазволіў «неўніятам … адпраўляць набажэнствы без усялякай перашкоды пад пагрозай адказнасці па законах (за перашкоду - Л. Л.)» і сярод іншых беларускіх храмаў перадаў царкву св. Спаса ў Лідзе праваслаўнаму прыходу [29].

Як бачым, у 1633 г. у Лідзе і насамрэч мелася царква св. Спаса.

Мы нічога не ведаем, пра існаванне на пачатку XVII ст. у Лідзе праваслаўнага брацтва, але калі царква была перададзеная, дык верагодна, што такое брацтва было, бо толькі праваслаўныя брацтва і некаторыя магнаты (у асноўным, з-за чыста палітычных меркаванняў) вялі барацьбу за аднаўленне структуры праваслаўнай царквы. Заўважу, што царкоўныя брацтвы - з'ява абсалютна пратэстанцкая, брацтвы валодалі царквой, трымалі яе ключы, наймалі на працу і звальнялі святароў [30] - барацьба супраць уніі для іх была барацьбой супраць царкоўнай іерархіі, супраць абмежавання сваіх паўнамоцтваў. Таму нядзіва, што праз нейкі час, пасля ўмацавання царкоўных структур, брацтвы зніклі. Але, калі праваслаўнае брацтва ў Лідзе атрымала царкву, дык цалкам лагічна, што ім была перададзеная царква каля рынка, у цэнтры горада. А Прачысценскую царкву ў прыгарадзе Ліды, на Зарэччы, наведвалі сяляне з навакольных вёсак.

Ужо ў 1644 г. у дакументах згадваецца царква св. Мікалая: «Лета ад нараджэння Сына Божага 1644, красавіка 8 дня, пан Самуэль Гадэпскі [31] пінскі падстолі з жонкай яго пані Юстынай Круневічоўнай, мазырскай падкамаранкай і падстолінай пінскай, ... перадалі правы на дом, які мае назву Стэфанаўскі, перад царквой Святога Міколы [32] ў горадзе Яго Каралеўскай Мосьці Лідзе, ... суддзі лідскага земскага суда Адаму Аўсянаму» [33]. Як бачым, гэты дом у той час стаяў паміж вуліцай Віленскай (зараз - Савецкай) і царквой. Можна выказаць здагадку, што царква св. Міколы была пабудаваная на пляцоўцы ранейшай царквы св. Спаса.

Імя аднаго з лідскіх святароў сярэдзіны XVII ст., Філона Круковіча, мы даведваемся з матэрыялаў судовай справы, якая слухалася 18 снежня 1647 г. у Галоўным трыбунале Вялікага Княства Літоўскага ў сувязі са спрэчкай вакол маёнтка Вялікая Крупа. Трыбунал прысудзіў тады Марціну і Івану Палонскім выплаціць Філону Круковічу доўг і пяню ў памеры 618 коп літоўскіх грошаў [34]. На жаль, Філон Крукоўскі ўказаны проста як «презбитер церкви Лидское», без удакладнення, пра якую царкву ідзе гаворка.


Пра стан адноўленых у другой палове XVII ст. лідскіх цэркваў можна даведацца з акта візітацыі 1681 г. У горадзе мелася дзве царквы, адна «пад вызнаннем св. Мікалая, каля рынку даўнейшага і іншая на прадмесці, на пляцы для цэркваў святлейшай фундацыі Каралёў Ягамосцяў» [35], на прадмесці - царква Прачыстай. Каралеўскі фундуш загінуў падчас вайны, ці, як напісана ў акце візітацыі, падчас «маскоўшчыны», аб чым пасля вайны зроблены запіс у кнігах Лідскага гродскага суда.

Парахам [36] лідскім і адзіным святаром гэтых дзвюх цэркваў быў Якуб Казлоўскі, прычым пра царкву на Зарэччы напісана, што ў ёй «ніякага парадку няма і набажэнства бывае не часта» [37]. Абедзве цэрквы былі драўлянымі і вельмі беднымі, толькі царква св. Мікалая была «абразамі аздоблена» [38]. Канешне ж, немагчыма ўявіць царкву ўсходняга абраду без абразоў, і таму можна меркаваць, што ў царкве Прачыстай яны былі зусім нізкай якасці.

З акта бачна, што царква св. Мікалая мела сігнатурку з малым звонам [39] і званіцу з больш вялікім звонам. У актах візітацыі звычайна паведамлялася пра царкоўныя купалы і ўказваліся ўсе жалезныя рэчы ў царкве і парафіяльных пабудовах (завесы, зашчапкі і інш.), бо жалезныя рэчы ў той час мелі вялікі кошт. У нашым выпадку пра купалы ці жалезны рыштунак абедзвюх цэркваў нічога не напісана, таму можна зрабіць выснову, што гэта былі вельмі простыя і танныя пабудовы.

З царквы св. Мікалая была скрадзена дараносіца, а адзіная каштоўная рэч - «келіх срэбны пазалочаны сучасным святаром закладзены ў Вільні. Загадваем, пад строгай карай, каб быў як найхутчэй выкуплены» [40], - пісаў візітатар. Наогул, царкоўнага начыння для богаслужэння і святарскага адзення мелася мала, і яно было таннае. Тым не менш царква мела Антыміс Мітрапаліта Календы, прэзентаваны самім мітрапалітам, які яго і асвяціў, а папярэдні святар набыў (Календа памёр у 1674 г.) [41].

Цэрквы мелі неабходны камплект кніг для службы ва ўсходнім абрадзе, але чамусьці ў пераліку царкоўных дакументаў адсутнічаюць спісы парафіян і метрычныя кнігі.

Пры царкве св. Мікалая стаяла «плябанія - белая хата, коштам самога айца пабудаваная», а таксама яшчэ «хата чорная з сенямі, гумно, хлеў з хросту» [42]. З боку рынку пры царкве св. Мікалая стаяў шпіталь, што кажа пра тое, што лідскія ўніяцкія цэрквы выконвалі свае сацыяльныя абавязкі.

Акрамя святара пры царкве былі два званары. Абедзве лідскія цэрквы мелі зямлю і двух прыгонных - «агароднікаў», што кажа пра невялікую колькасць царкоўнай зямлі.

У XVI ст. адбыўся масавы пераход былых праваслаўных у пратэстанцтва, прычым, першымі тут былі больш вышэйшыя сацыяльныя пласты - шляхта і гараджане. А контррэфармацыя і вайна сярэдзіны XVII ст. прывяла да масавага пераходу былых пратэстантаў у рыма-католікі, і лідская царква амаль што страціла гарадскіх прыхаджан. Таму дзве лідскія царквы ў горадзе і навакольных вёсках мелі ўсяго 330 вернікаў [43].

«Падымны рэестр Віленскага ваяводства 1690 г.» падае, што «празбітар тамтэйшай царквы» лідскай меў 1 дым [44].


У 1702 г. і 1710 г. Ліду спалілі шведы. Таму ў 1717 г. Вальны сойм Рэчы Паспалітай зноў вызваліў горад ад падаткаў, а таксама пацвердзіў яго старыя прывілеі.

У другой палове XVIII ст. Ліда інтэнсіўна развіваецца. У 1765-1770 гг. паўстаў новы мураваны касцёл - фарны, пабудаваны замест старога драўлянага. Недзе тады ж на Рынкавай плошчы пабудавалі мураваную ратушу, упрыгожаную порцікам з калонамі. Пры ратушы існавала старадаўняя драўляная пабудова, выкананая ў гатычным стылі.

Карта горада 1798 г., зробленая па піярскай карце канца XVIII ст., 1 - царква Міхала Арханёла (раней царква св. Мікалая і магчыма св. Спаса); 2 - царква Уваскрэсення Гасподняга - (раней Прачысценская і, магчыма, св. Яна).

Лепшы знаўца нашай гісторыі Міхал Шымялевіч пісаў: «Пад канец XVIII ст. хрысціянскія могілкі горада Ліды знаходзіліся на ўзгорку паміж вуліцамі Гражыны, Вызвалення, Гарыстай. Тут, над старым млынарскiм ставам, стаяла драўляная ўніяцкая царква Уваскрэсення Гасподняга, пабудаваная з дрэва разабранага ў 1765 г. парафіяльнага касцёла, пры царкве знаходзіўся шпіталь для ўбогіх, г. зн. прытулак» [45]. З іншай крыніцы вядома, што ў 1765 г. з дрэва разабранага старога фарнага касцёла («як кажуць, яшчэ ў добрым стане для сценаў») пабудавалі новую ўніяцкую царкву [46].

Цэнтр горада ў XVIII ст. з уніяцкай царквой. Карта з кнігі Чантурия Ю. В. Градостроительное искусство Беларуси второй половины XVI - первой половины XIX в. 3 - фарны касцёл, 4 - ратуша, 5 - грэка-каталіцкая царква Міхала Арханёла, 6 - касцёл піяраў, 7 - кармеліцкі касцёл, 8 - сінагога.

У «Вопісе парафій Лідскага дэканата ў 1784 г.» запісана, што на Зарэччы існуе «карчма старасты лідскага, прадмесце і плябанія ўніяцкая (ritus graci uniti)» [47].

Зразумела, што новая царква Уваскрэсення Гасподняга была пабудавана на пляцоўцы былой Прачысценскай царквы, і на карце канца XVIII ст. бачна, што гэтая царква мела форму падвойнага крыжа.

На гэтым старым, намоленым царкоўным пляцы меліся прыходскія могілкі, жыхарка горада Я. Ярмант пісала ў мемуарах пра сваё жыццё ў 1930-я гг.: «Наш дом знаходзіўся ніжэй вуліцы Вызвалення (цяпер Калініна), калісьці на гэтым месцы былі могілкі, бо ў агародзе знаходзілі чалавечыя косці» [48].

Лідзянін XIX ст. Нікадзім Сегень, які пабудаваў дом недалёка ад гэтай былой царквы, гэтак апісаў сваё наваколле: «Сырасць Дзяканкі, відаць, непакоіла Нікадзіма (тут стаяў ранейшы дом Сегеняў - Л. Л.), бо ён купіў кавалак сухой пясчанай зямлі на так званай «Горцы». Гэтыя землі нядаўна былі далучаны да гарадскога раёна «Зарэчча». Да гэтага, тут, на «Горцы», доўгі час мелася пляцоўка для вывучкі казакоў, якія стаялі ў горадзе.

У яшчэ ранейшыя часы на «Горцы» мусілі быць могілкі, бо там (у значнай глыбіні) часта выкопваліся чалавечыя косткі.

Набыты Нікадзімам участак зямлі прылягаў да дзвюх яшчэ нядаўна пазначаных вуліц: Мастоўскай (былая дарога на хутар Мастоўшчына [49]) і Гарыстай, якая вяла ад млына да дарогі «на Ліпнішкі» (зараз перакрыжаванне вуліц Чарнышэўскага і Стралкоўскага - Л.Л.). Ля падножжа замка размяшчаўся вадзяны млын з вялікай сажалкай. Вуглавое размяшчэнне пляца пад дом Нікадзіма было вельмі зручным для будучага падзелу дома паміж дзецьмі, бо дазваляла кожнаму мець добрую будаўнічую пляцоўку з выхадам на вуліцу» [50].

Знакаміты віленскі гісторык, прафесар Іяхім Лелявель, у 1805 г. вандруючы праз Ліду, занатаваў: «Ліда - мураваны горад з драўлянымі сценамі [51]. Тут ёсць толькі мураваныя касцёлы, з іх піярскі касцёл ужо 6 гадоў як накрыўся дахам і белым пакрыццём [52]. Апрача гэтых двух з паловай касцёлаў [53] ёсць яшчэ замак з чатырма высокімі сценамі, які сведчаць, што Ліда была горадам літоўскіх князёў і мела здольнасць да абароны. Па рагах замка стаяць разваленыя вежы, з трох бакоў замка цячэ рака Лідзея [54] а за замкам - драўляная пустая царква (Уваскрэсення Гасподняга - Л. Л.[55].

У 30-х гадах XІХ ст. царкву Уваскрэсення Гасподняга на Зарэччы зруйнавала бура [56]. Але ўжо ў 1816 г. царква знаходзілася ў дрэнным стане, царквы Аляксандру Канеўскаму было загадана ў звычайныя дні весці богаслужэнні ў фарным касцёле, а ў нядзелю і па святах у Ольжаўскай капліцы. Пляц напаўразбуранай царквы трэба было абсадзіць дрэвамі і паставіць крыж [57].

Вызначаныя сучасным метадам каардынаты пляцоўкі Прачысценскай - а потым Уваскрэсення Гасподняга - (і, магчыма, раней св. Яна): 53.886184832612535, 25.30730971739487 [58].


У актах візітацый канца XVIII ст. на месцы царквы св. Мікалая знаходзіцца ўжо царква пад тытулам Міхала Арханёла. Пазначана царква і на карце горада, напрыклад, на карце канца XVIII ст, надрукаванай у кнізе В. А. Чантурыі «Градостроительное искусство Беларуси второй половины XVI - первой половины XIX в.», царква пад тытулам Міхала Арханёла стаяла каля кляштара піяраў; насупраць яе, праз Віленскую вуліцу, мелася сінагога [59]. Пры канцы XVIII ст. - на пачатку XIX ст. горад меў два цэнтры, размешчаныя на восі, якой была вуліца Віленская. У адным цэнтры знаходзіўся замак, фарны касцёл, кляштар кармелітаў, у другім - ратуша, сінагога, уніяцкая царква Міхала Арханёла і кляштар піяраў [60].

Царква Міхала Арханёла з'явілася ў выніку аднаўлення і перавысвячэння былой царквы св. Мікалая, бо пры канцы XVIII ст. драўляная царква пад тытулам Міхала Арханёла была ўжо ў дрэнным стане. Царква была пабудавана на падмурку, крытая гонтай, мела фацыяту [61] і купал з жалезным крыжам па-над царквой [62], акрамя вялікага купала, меўся яшчэ і «другі малы купал з крыжам жалезным» [63] . На карце канца XVIII ст. бачна, што царква Міхала Арханёла мела форму крыжа.

Тут трэба адзначыць, што купалы ўніяцкіх цэркваў не мелі цыбулепадобнага выгляду, як маскоўскія цэрквы. Пачынаючы з сярэдзіны XVIII ст. нашы цэрквы мелі фігурныя грушападобныя гранёныя купалы, якія зваліся «бані» ці «банькі» [64], у залежнасці ад памераў. Так называецца купальнае пакрыццё паўкруглай формы або круглы купал у завяршэнні вежаў ці вярхоў. У адрозненне ад гладкіх купалоў-цыбулін усходніх праваслаўных храмаў, банькі мелі складаны сілуэт і падзел на грані, «банькі» рабілі шмат'яруснымі, на васьмігранных і шасцігранных шыйках, што стварала кантрасныя светлаценевыя эфекты.

У 1784 г. у царкоўным архіве захоўваўся фундуш вялікіх князёў ВКЛ 1524 г. і фундуш на юрыдыку [65] ў г. Лідзе пад назвай Папоўшчына, падпісаны мітрапалітамі Антонам Сялявам 4 ліпеня 1644 г. і Львом Кішкам 4 ліпеня 1717 г. у маёнтку Рута Наваградскага павета [66]. У 1784 г. юрыдыку арандаваў яўрэй Ісак Ёселевіч, плацячы штогод 8 злотых 15 грошаў [67]. У 1792 г. юрыдыка пустая, «падлеглая заняпаду» [68].

Пры царкве св. Міхала меўся шпіталь і пабудовы плябаніі: хата святара з каморай, пякарня, клець (амбар), гумно, хлеў. Плябанія «часткова плотам, а часткова жэрдкай агароджана, з брамай, стараннем двара і святароў пабудаванай» [69]. Дарэчы, наяўнасць брамы - прыкмета багатай парафіі, таму ў акце візітацыі запісана, чыім стараннем яна пабудавана. Тут жа каля царквы знаходзіліся старажытныя могілкі: «Пляц, дзе пабудаваны царква са шпіталем і дзе знаходзяцца могілкі, мае паўтара моргі» [70].


Пры капітальным рамонце вуліцы Сувальскай (першасная назва - Віленская, зараз - Савецкая) і пракладцы тэлефонных кабеляў да будаванай у той час новай пошты па вуліцы Міцкевіча, у 1937 г. тут знойдзены парэшткі XVIII ст. «лідскіх месцічаў, якія былі пахаваны на могілках пры ўніяцкай царкве, якая згарэла ў першай палове XVIII ст. ... . Потым праваслаўныя святары прадалі пляц былых могілак каля царквы пад участкі для будаўніцтва, і тут былі пабудаваны дробныя крамы» [71].

10 кастрычніка 1865 г., падчас асвячэння праваслаўнай царквы ў Шчучыне, святар Віленскага Кафедральнага сабора а. Антон Пшчолка сказаў, што царква Міхала Арханёла была разбурана ў 1818 г., але «сваё імя, якое народ не забыў, перадала нядаўна ўладжанай праваслаўнай царкве» [72] (маецца на ўвазе сучасны сабор, перабудаваны з касцёла піяраў і асвечаны як праваслаўны 18 жніўня 1863 г. па старым стылі [73]). У дадзеным выпадку няма рацыі не верыць Пшчолку, бо ён кажа пра падзеі, якія адбыліся за 2 гады да яго прамовы і, відочна, што такая спадчыннасць паміж цэрквамі была відавочнай для сучаснікаў. На карце горада 1842 г. былой уніяцкай царквы ўжо няма, але памяць пра яе захавалася ў назве сучаснай праваслаўнай царквы.

Каардынаты пляцоўкі цэркваў св. Мікалая і Міхала Арханёла (і магчыма, св. Спаса): 53.89332136298254, 25.303711884679984 [74].


Паводле дакументаў Архіва ўніяцкіх мітрапалітаў, які з часоў ліквідацыі ўніяцкай царквы на Беларусі захоўваецца ў Санкт-Пецярбургу, у 1743 г. Лідскі ўніяцкі дэканат заплаціў мітрапаліту штогадовы падатак на ўтрыманне свайго епіскапа і кафедральнай царквы «cathedraticum» у памеры 60 злотых, Ашмянскі - 154 злотыя, Мядзельскі - 104 злотыя. З улікам памеру падатку, відно, што ў Лідскім павеце ўніятаў было меней, чым на Ашмяншчыне і Мядзельшчыне, бо было больш рыма-католікаў [75]. У 1747 г. з кожнага «каплана» неабходна было заплаціць мітрапаліту «по одному битому талеру». Лідскі павет заплаціў тады 12 талераў [76], што сведчыць аб такой жа колькасці ўніяцкіх святароў на Лідчыне. Адзін з іх - лідскі «парах» Антоні Марцінеўскі, пра якога вядома, што ён у тым жа годзе няправільна, без споведзі і абвяшчэнняў, даў шлюб [77].

У параўнанні з канцом XVII ст. у прыходзе павялічылася колькасць вёсак, але ў самім горадзе ўніятаў амаль што не было. Колькасць прыхаджан у 1792 г. - 608 чалавек [78]. Нягледзячы на наяўнасць уязной брамы, па класіфікацыі беларускага гісторыка Д. Лісейчыкава лідская плябанія адносілася да бедных, бо не мела варыўні, аборы, пуні, лазні, бровара і г. д. [79]

З-за дрэннага стану царквы ў канцы XVIII ст. царкоўныя ўлады, верагодна, прынялі рашэнне перавесці святара з Ліды на сталае жыхарства ў вёску Дакудава і адчыніць да гэтага часу нячынныя капліцы ў Ольжаве і Курасеўшчыне (Карасеева, Korosieiow) [80]. У «Вопісе парафій Лідскага дэканата ў 1784 г.» капліца ў Курасеўшчыне фігуруе як капліца ў Навіцкіх: «Навіцкія, вёска, уніяцкая капліца (ritus graci uniti) і карчма васпана Тукалы, будаўнічага Лідскага» [81]. Старая драўляная капліца ў Курасеўшчыне існавала яшчэ ў 1830-х гг. [82]

У акце візітацыі 1784 г. ёсць апісанне капліцы ў Ольжаве: «На зямлі вяльможных ягамосцяў паноў Гінетаў, крайчых Лідскіх [83] ... У Ольжаве. Драўляная, гонтай крытая, на падмурку, асвечаная. Гэтага асвячэння сакрамант быў прэзентаваны. ... досыць мае апаратаў, якія ёсць падчас візіты. ... капліца пабудавана, за кошт .... у Яна Бялькевіча, сурагатара Гарадзенскага [84], 2 жніўня 1764 г. ахвяравана Лідскай парафіяльнай царкве» [85].

Такім чынам лідскія ўніяты маліліся ў Ольжаўскай капліцы, і таму ў момант скасавання ўніяцкай царквы, праваслаўныя вернікі засталіся без свайго будынка ў Лідзе.



[1] Лаўрэш Леанід. Лакалізацыя «Ліды Нарбута», першаснага паселішча на тэрыторыі нашага горада (Дапрацаваны даклад з Х Лідскіх чытанняў) // Лідскі Летапісец. 2023. № 2(102). С. 30-35.

[2] Narbutt T. Cokolwiek z historyi miasta Lidy // Narbutt T. Dzieje starożytne narodu litewskiego. T. 5. Wilno, 1839. Dodatek I. S. 1.

[3] Там жа.

[4] Нарбут, без аніякіх спасылак, піша толькі гэта: «Гэтае месца пасля заваёвы княствам Дайнаўскім каля 1180 г. - літоўскае паселішча ... Ліда» («To miejsce, po zawojowaniu Księstwa Dejnowskiego, około r. 1180, w którem leżało, jest osadą litewską; ponieważ Lida»). - гл. Narbutt T. Cokolwiek z historyi miasta Lidy.

[5] ЛЕВ. 1865. № 23. С. 928.

[6] Я і сам у свой час не праверыў інфармацыю і ў адной з сваіх кніг напісаў пра царкву Св. Юрыя ў замку, за што выбачаюся. Гл. Лаўрэш Леанід. Грэка-каталіцкая (уніяцкая) Царква на Лідчыне. Полацк, 2012. С. 8.

[7] Narbutt T. Cokolwiek z historyi miasta Lidy. Dodatek I. S. 1. «Kaplica na zamku znajdowała się od początku jego założenia».

[8] Киркор Адам Исторически-статистические очерки Виленской губернии на 1852 год. Вильна, 1852. С. 219.

[9] Там жа.

[10] Шымялевіч Міхал. Збор твораў / укл. Л. Лаўрэш. Гродна, 2019. С. 27.

[11] Аляхновіч Р. А., Рыбчонак С. А., Шаланда А. І. Род Іллінічаў у Вялікім Княстве Літоўскім у ХV-ХVІ стст.: радавод, гербы, уладанні. Мір, 2015. С. 80-81.

[12] Юрыдыка - частка горада, якая падпарадкоўвалася феадалу і на жыхароў якой не пашыралася судовая і адміністрацыйная ўлада магістрату.

[13] «Зарэчча» - гэта раён сучаснай вуліцы Калініна і прылеглых да яе вуліц і завулкаў. Паходжанне назвы відавочнае, паселішча «за рэчкай».

[14] Шымялевіч Міхал. Збор твораў. С. 27.

[15] Narbutt T. Cokolwiek z historyi miasta Lidy. Dodatek I. S. 1. («1533. Cerkiew ruska w mieście była poświęconą (Latopisiec Daniłowicza: str. 315).»)

[16] ПСРЛ. Т. 13. Ч. 1. СПб. 1904. С. 66.

[17] ПСРЛ. Т. 14. Ч. 2. Петроград, 1918. С. 213. («Лида, rop. въ Палестинѣ. XI-251. ХШ(1)-7041, 66.»)

[18] Алена Глінская (каля 1508 - 4 красавіка 1538), нарадзілася ў Ласасіну (цяпер у Пружанскі р-н) ці ў Бялавічах (цяпер у Івацэвіцкім р-н). Дачка князя Васіля Львовіча з літоўскага роду Глінскіх і сербскай прынцэсы Ганны Якшыч. Вялікая княгіня маскоўская (1533-1538), жонка вялікага князя Васіля III. Зараз даказана старая версія яе смерці - Алена была атручана баярамі.

[19] Daniłowicz Ignacy. Latopisiec Litwy i Kronika Ruska : z rękopisu sławiańskiego przepisane, wypisami z wremennika sofiyskiego pomnożone, przypisami i objaśnieniami dla czytelników polskich potrzebnemi opatrzone. Wilno, 1827. S. 315. («W lieto 7041 (1533) rodisia welikomu kniaziu Wasilju Iwanowiczu wseja Rusi syn, ot jeho welikie knihini Eleny Hlinskie, i nareczen byst' Ehorij (oswiaszczenie cerkwi ize w Lidie), i wozradowasia welikij hosudar i prosławi Boha»).

[20] Daniłowicz Ignacy. Latopisiec Litwy i Kronika Ruska ... S. 316. Зноска № 444. («... Helena więcey lat trzech bezpłodna, zwiedzała z mężem klasztory i cerkwie, pielgrzymowała do mieysc cudownych, sypała pełną dłonią jałmużnę, nakonicc dnia 30 sierpnia r. 1530 rodzica pierwszego syna Iwana ... Niebawnie wydała na świat drugiego syna Jerzego, ... Wyrazy w nawiasie wtrącone o poświęceniu cerkwi w Lidzie, albo dowodzą, że latopisiec w tem mieszkał mieście,lub że na brzegu donotowane, poźnieyszą ręką do textu wtrąone zostały»).

[21] ПСРЛ. Т. 13. Ч. 1. СПб. 1904. С. 66.

[22] ПСРЛ. Т. 11. СПб. 1897. С. 251. (« Ты, о владычице Богородице, свой чюдотворный образъ, его же мнози глаглютъ вторичьная икона, именовавшеся древле же Римляныни, по началу же Лидская зовома, иже блаженный патріархъ Германъ съ самого въображенного образа преписати повеле въ Лиде, иконоборьства же ради царя Лва Саврянина въ Римее отпусти ю, на море поставивъ, и тако сама святая икона пріиде въ Римъ единымъ нощеденьствомъ, по летехъ же 130 …»).

[23] Вилкова М. В., Заиграйкина С. П. Лиддская (Римская) икона Божией Матери // Православная энциклопедия. Москва 2016. Т. XLI. С. 46-49.

[24] Pyzel K. Kościoł parafialny p.w. Podwyższenia krzyża św. w Lidzie // Kościoły i klasztory rzymskokatolickie dawnego województwa wileńskiego. Kraków, 2008. T. 2., cz. III. S. 95.

[25] Киркор Адам Исторически-статистические очерки Виленской губернии на 1852 год. Вильна, 1852. С. 219. (« Князь Гедиминъ соорудилъ здѣсь каменный замокъ, въ которомъ съ самаго основанiя находилась домовая церковь, перенесенная въ 1553 г. во вновь построенную среди города во имя Св. Георгія. Самый Замокъ былъ поддерживаемъ до 1794 года, но наружныя стены онаго сохранились и донынѣ.» )

[26] Баравы Р. Ліда // Вялікае княства Літоўскае: энцыклапедыя. Т. 2. Мінск, 2006. С. 197.

[27] Rouba N. Przewodnik po Litwie i Bialej Rusi. Wilna, 1909. S. 107-109.

[28] Шимелевич М. Город Лида и Лидский замок (Исторический очерк) // Виленский календарь. Вильно, 1906. С. 37-57.

[29] Описание документов архива западнорусских униатских митрополитов. Т. 1. СПб., 1897. С. 227-228.

[30] Гл. Дмитриев М.В. Между Римом и Царьградом. Генезис Брестской церковной унии 1595-1596 гг. Москва. 2003.

[31] Падчас капіявання дакумента, у 1787 г. прозвішча, запісанае ў 1644 г. на старабеларускай мове, перапісалі лацінкай як «Khodepski». Акадэмік Я. Карскі заўважаў, што такае злучэнне літар «Кг» - адзін з прызнакаў старабеларускай мовы, гэтак у старабеларускай мове абазначалася мяккае вымаўленне «г», напрыклад: «Скиркгайло», «буркгмистр» і інш., што з'яўляецца адной з яе асаблівасцяў. - гл. Карский Е. Ф. Что такое древнее западнорусское наречие // Труды Девятого археологического съезда в Вильне. 1893. Т. II. Москва, 1897. С. 62-70.

[32] У тэксце, перапісаным са старабеларускай мовы, менавіта «Міколы».

[33] Vilnius University Library. Ф. 5. Оп. 21. Д. 4280. Wypis z Xiąg Kommissyi Boni Ordinis Miasta JKmsci Lidy, 1787 (1644). Арк. 1 адв - 2.

[34] Акты, издаваемые Виленской комиссией для разбора древних актов. Декреты Главного Литовского трибунала. Т. 15. Вильна, 1888. С. 38-39.

[35] Архіў Жыровіцкай семінарыі. Архіў Лідскага благачыння. Ф. 1. Воп. 1. Спр. 2. Арк. 117.

[36] Парах - святар які мае паўнаважанні стала кіраваць парафіяй (прыходам).

[37] Архіў Жыровіцкай семінарыі. Архіў Лідскага благачыння. Ф. 1. Воп. 1. Спр. 2. Арк. 117.

[38] Тамсама.

[39] Сігнатурка (лац.: signatura - подпіс, ад лац.: signo - паказваю, пазначаюць) - невялікая вежачка (звычайна са звонам, які таксама завецца сігнатуркай), якая узвышалася над прэзбітэрыем.

[40] Архіў Жыровіцкай семінарыі. Архіў Лідскага благачыння. Ф. 1. Воп. 1. Спр. 2. Арк. 117.

[41] Тамсама.

[42] Тамсама.

[43] Тамсама.

[44] Metryka litewska : rejestry podymnego Wielkiego Księstwa Litewskiego, województwo wileńskie 1690 r. Warszawa, 1989. S. 211.

[45] Шымялевіч Міхал. Збор твораў. С. 216.

[46] Pyzel K. Kościoł parafialny p.w. Podwyższenia krzyża św. w Lidzie // Kościoły i klasztory rzymskokatolickie dawnego województwa wileńskiego. S. 103.

[47] Rybak Andrzej. Dekanat lidzki w 1784 r. świetle opisów parafii. Białystok, 2004. S.70.

[48] Ярмонт Е. В тени замка Гедимина. Лида, 1995. С. 38.

[49] На ўсходняй ускраіне Зарэчча яшчэ ў першай палове ХХ-га ст. існаваў невялікі засценак «Мастоўшчына», потым ён пачаў лічыцца фальваркам/

[50] Архіў аўтара.

[51] Гэта метафара Лелявеля кажа пра наяўнасць мураванага замка з касцёламі ў цалкам драўляным горадзе.

[52] Верагодна маецца на ўвазе белы тынк.

[53] Касцёлы: фарны, кармеліцкі і трэці, недабудаваны, піярскі - адсюль «два з паловай касцёлы».

[54] Насамрэч рэкі Лідзейка і Каменка.

[55] Listy Joachima Lelewela: oddział pierwszy: listy do rodzeństwa pisane. Poznań, 1878. T. 1. S. 44.

[56] Шимелевич М. Город Лида и Лидский замок (Исторический очерк) // Виленский календарь. Вильно, 1906. С. 37-57.

[57] Стренковский С. П. і інш. Сия есть вера, победившая мир, вера наша: Православие на Лидчине в XIII - XXI века. Мінск, 2024. С. 41.

[58] Лаўрэш Леанід. Дзе і што археолагам шукаць у Лідзе // Лідскі Летапісец. 2023. № 3(103). С. 36-41.

[59] Чантурия Ю. В. Градостроительное искусство Беларуси второй половины XVI - первой половины XIX в.: Средневековое наследие, Ренессанс, барокко, классицизм. Минск, 2005. С. 51.

[60] Чантурия Ю. В. Градостроительное искусство Беларуси второй половины XVI - первой половины XIX в.: Средневековое наследие, Ренессанс, барокко, классицизм. Минск, 2005. С. 51.

[61] Фацыята - паддашак, мансарда.

[62] НГАБ. Ф.136. Воп. 1. Спр. 41244. ... Арк. 35.

[63] Дзяржаўны гістарычны архіў Літвы. Ф.634. Воп. 1. Спр. 53. Візіты цэркваў Лідскага і Слонімскага Дэканата. 1784 г. Арк. 85.

[64] Назва паходзіць ад лацінскага слова baneum (так зваўся пуката-ўвагнуты посуд, якім карысталіся для абмывання ў тэрмах і купальнях, пазней - у баптыстэрыях пры абрадзе хрышчэння.

[65] Юрыдыка - частка горада, якая падпарадкоўвалася феадалу і на жыхароў якой не пашыралася судовая і адміністрацыйная ўлада магістрату.

[66] ДГАЛ. Ф. 634. Воп. 1. Спр. 53. Арк. 86 адв.

[67] Тамсама. Арк. 96 адв.

[68] НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 41244. Арк. 36.

[69] Тамсама. Арк. 35 адв.

[70] ДГАЛ. Ф. 634. Воп. 1. Спр. 53. Арк. 86-86 адв.

[71] Słowo № 268 (4832) 28 września 1937.

[72] ЛЕВ. 1865. № 23. С. 929.

[73] ЛЕВ. 1863. №17. С. 629-632.

[74] Лаўрэш Леанід. Дзе і што археолагам шукаць у Лідзе. С. 36-41.

[75] Описание документов архива западнорусских униатских митрополитов. Т. 2. СПб., 1907. С. 84.

[76] Там жа С. 118.

[77] Там жа. С. 116.

[78] НГАБ. Ф.136. Воп. 1. Спр. 41244. Арк. 35 адв.

[79] Лісейчыкаў Дзяніс. Штодзённае жыццё ўніяцкага парафіяльнага святара беларуска-літоўскіх зямель 1720-1839. С. 66.

[80] НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 41244. Арк. 36 адв.

[81] Rybak Andrzej. Dekanat lidzki w 1784 r. świetle opisów parafii. S.67.

[82] Вестник Виленского Св.-Духовского Братства. 1907. № 8. С. 165.

[83] У 1788 г. Ян Гінет - Лідскі крайчы. Гл. Herbarz polski Kaspra Niesieckiego, S. J. Powiеkszony dodatkami ..., T. 4. Lipsk. 1839. S. 118.

[84] Ілія Бялкевіч - гарадзенскі сурагатар, парах скідзельскі. Гл. Описание документов архива западнорусских униатских митрополитов. Т. 2. СПб., 1907. С. 124.

[85] ДГАЛ. Ф.634. Воп. 1. Спр. 53. Арк. 127.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX