Мыто, якое заўсёды было мястэчкам, мае вельмі старажытную гісторыю.
Археолагам вядома гарарадзішча Мыто, яно знаходзіцца на правам беразе р. Дзітва ў 1,5 км на паўднёвы захад ад сучаснай вёскі Мыто. Узрост гарадзішча датуецца сярэдзінай - другой паловай І тысячагоддзя н. э. Яно невялікіх памераў, пляцоўка авальнай формы 30 х 20 м, месціцца на ўзгорку і ўзвышаецца над далінай ракі Дзітва на 20 м. Археолагі мяркуюць, што гэта было гарадзішча-сховішча, куды падчас небяспекі хаваліся жыхары з блізкага селішча. У розных частках пляцоўкі вызначаны культурны пласт цёмнага колеру да 50 см таўшчынёй. Валоў і равоў гарадзішча не мела і, верагодна, агароджвалася драўлянай сцяной. За гарадзішчам, на раллі вызначана пляцоўка 200 х 150 м на якой знойдзена ляпная кераміка [1]. Тут фіксуецца славянская кераміка Х-ХІ стст. [2]
Прыкладна з XVIII ст. на вяршыні ўзгорка знаходзіўся фальварак Мыто. З-за гаспадарчай дзейнасці ў 1980-х гадах значная частка гарадзішча была разбурана. Цікава, што менавіта тут, у старым гарадзішчы Мыто, адзін лідскі краязнавец нейкім чынам «знайшоў» маёнтак Востраў [3], дзе было заключана знакамітае Востраўскае пагадненне. Потым ён яшчэ раз «знайшоў» Востраў значна далей ад Ліды.
На поўнач ад гарадзішча Мыто ляжыць вельмі цікавы валун, які на сваёй паверхні мае даволі вялікае паглыбленне ў выглядзе чашы. Мясцовыя людзі расказваюць, што ў выемцы гэтага незвычайнага каменя заўсёды стаіць вада, і яна не высыхае нават у самую спёку, і вада гэтая гаючая - лечыць бародаўкі і «канапушкі». Колькі людзі сябе памятаюць, яны хадзілі да гэтага каменя лекавацца і пасёння водзяць сюды дзетак. У 1988 ці 1989 гг. моладзь з менскай «Талакі» была тут у вандроўцы, і імі былі запісаны расказы мясцовых людзей пра гэты камень, які мае назву «Чара Багародзіцы». Адна з бабуляў распавяла наступную легенду: «Стаяла вельмі сухое лета, выгаралі палі... Студні ў вёсцы пачалі сохнуць, і ў іх ужо амаль не было вады. Дзяўчына пайшла ў лес, дзе калісьці была крыніца. Але на тым месцы, дзе па паданні была крыніца, ляжаў вялікі камень... Дзяўчына была знясіленая ад смагі і, упаўшы на зямлю, пачала маліцца да Маці Божай, каб тая дапамагла не толькі ёй, але і ўсім вяскоўцам. Малітва была такая шчырая і чыстая, што Багародзіца падаравала дзяўчыне адмысловую чару з вадой, якая цудатворна з'явілася на камені. Усё лета вяскоўцы бралі з яе ваду і гэтым выратаваліся ад смяротнай спякоты». На паўночным баку каменя быў высечаны крыж, аднак яго счасалі па загадзе мясцовага (калгаснага?) партсакратара на пачатку 1960-х гг. [4]
Яшчэ на карце Rizzi Zannoni, выдадзенай у Парыжы ў 1772 г., паміж Лідай і Мыто пад назвай Лідскі лес пазначана вялікая лясная прастора. Прастора тая калісьці складалася з лясных абшараў, якія належалі да Лідскага староства, Цыбарскай дзяржавы, маёнткаў Дайнава, Белагруда і іншыя [5].
Міхал Балінскі піша пра Мыто ў 1415 г. [6], верагодна, гэта першае ўзгадванне мястэчка. Вядома, што з старадаўніх часоў дарога з Ліды ў бок Гародні і бегла каля Астроўлі і Цыбараў на мост цераз Дзітву, на якім здаўна бралі маставую ці грэблевую аплату або так званае мыта, адкуль і паселішча, якое месцілася каля таго моста і грэблі і раней называлася Дзітва Пратасаўская, атрымала назву Мыто. Гэта дарога мела назву Мытлянскі гасцінец, ён ішоў на Васілішкі, Астрыну і Азёры да Гародні [7].
Для пераправы цераз Дзітву з даўніх часоў будавалі масты. Самы стары з іх ужо існаваў у 1392 г., ён быў пабудаваны на шляху з Жырмунаў да Васілішак, насупраць пазнейшай Дзітвы Тальвашоўскай ці Рулевічаў. Мост на вялікай дарозе з Васілішак да Ліды пры Дзітве Пратасаўскай ці Мыто вядомы з канца XV ст. [8] Наогул маёнткаў з назвай Дзітва на Лідчыне ў розныя часы было некалькі, была Старая Дзітва Шамятоўская ці Дзітва Шамятоўская, Дзітва Талвашоўская і г. д.
Падчас спусташальнай вайны 1654-1667 паміж Рэччу Паспалітай і Расіяй, у лютым 1659 г. у Мыто на грамнічны соймік сабралася шляхта Лідскага павета, каб спыніць разбоі і беззаконне ў павеце. На сойміку былі абраны службовыя асобы, на якіх ускладзены абавязак выкараніць злачынствы - выракі гэтых асоб прызнаваліся роўнымі выракам трыбунала і павінны былі безапеляцыйна выконвацца. Гэты былі: Васілішскі стараста Марцін Лімант - суддзя, Мацей Мікалай Альшэўскі - падсудак, Ян Нарбут - земскі пісар, Адам Нарбут - падстараста, Ян Зуб - суддзя, Аляксандр Станіслаў Калантай - гродскі пісар Лідскага павета, Мікалай Радашынскі і Аляксандр Тышкевіч. У мястэчку Мыто соймік сабраўся з-за эпідэміі ў Лідзе [9].
27 лістапада 1659 г. на пераправе каля Мыто адбыўся бой паміж нашымі і рускімі войскамі. У сувязі з гэтымі падзеямі мястэчка Мыто ўзгадваецца, з нашага боку - ва ўспамінах Багуслава Маскевіча [10], з расійскага - у рапарце камандзіра рускіх войскаў, якія прынялі ўдзел у сутычцы каля Мыто [11]. Тыя падзеі падрабязна апісаны ў адным з маіх артыкулаў [12].
Тады ж была спалена Мытлянская Пакроўская драўляная царква.
У XV-м томе АВАК надрукаваны дзе скаргі на судовы працэс па справе забойства мытлянскага святара [13] , якое адбылося адразу пасля ваеннага ліхалецця сярэдзіны XVII ст. У забойстве прымаў удзел лідскі земскі пісар Ян Міхал Нарбут, які хутка стаў земскім суддзёй, і, падобна, менавіта Нарбут зацягваў справу, каб выратаваць забойцу - Яна Мікалая Шостака, разам з якім ён прыехаў да Мытлянскай царквы і забіў святара а. Багдана Варатынскага: «… ижъ панъ Шостак, едучи съ места Лиды за его милостью паномъ судьею земскимъ Лидскимъ, на онъ часъ писаромъ земскимъ, черезъ Мыто, безъ данья жадное причины небощика отца Воротынскаго, на цментару при церкви будучого, въ руку правую пострелилъ, съ которого постреленья тотъ небощикъ отецъ Воротынский смертью съ сего света сшолъ» [14] . І таму «взглядомъ … забитья въ церкви Мытлянской хвала Божа въ церкви отправовать се не могла, допушчоно быти не может» [15] .
Пазоўнікамі ў судзе выступалі «ясне вельможный въ Бозе превелебный его милости ксёндзъ Кгабріел Коленда - метрополитъ Кіевскі, Галицки и всее Руси, яко пралат и протектор всего духовенства реліги Руское, въ уніи светой будучога» и «велебный отецъ Михалъ Кглебоцки, презбитеръ церкви Мытлянской». Даверанымі асобамі ад імя Міхала Нарбута быў Аляксандр Халхоўскі, а ад імя а. Міхала Глямбоцкага - Ян Урублеўскі [16] . Новы Мытлянскі святар падаваў справу ў Лідскі земскі суд яшчэ 19 верасня 1669 г., але тэрмін разгляду быў адмыслова зацягнуты, і справа перайшла ў суды вышэйшых інстанцый.
Падымны рэестр Віленскага ваяводства 1690 г. падае, што «мытлянскай царквы празбітар» меў 1 дым дзесьці каля Ліды [17]. З падымнага рэестра Лідскага павета за 1728 г. даведваемся, што гаспадар маёнтка Дзітва ЯВп Самуэль Кастравіцкі меў карчму ў Мыто [18].
У Вопісе парафій Лідскага дэканата за 1784 г.: «Мыто, мястэчка і руская (уніяцкая - Л. Л.) царква васпана Паца, старасты Вілейскага» [19].
Ваверскі дэкан кс. Андрэй Паўлоўскі пісаў у 1784 г. «... выехаўшы з Вавёркі, управа ідзе партыкулярная дарога да Дзітвы яснавяльможнага пана Расадоўскага, харунжага Усарскага, узімку гэтая ж дарога ідзе ў Ліду, у левы бок ідзе другая дарога да Ліды і да Вільні, яна праходзіць каля вёскі Красноўцы, далей да карчмы ў Мыто і праз мястэчка да грэблі Мытлянскага парома, за грэбляй, каля крыжа дарога падзяляецца: улева на Вільню, управа да Ліды» [20]. Як бачым, для перавозу праз раку Дзітву ў той момант меўся паром. У Мыто на рацэ быў пабудаваны млын, які належаў Пацу, праз пойму ракі Дзітвы была насыпана вялікая грэбля, праз Дзітву меўся «мост з парэнчамі», верагодна ў той час мост быў толькі пешаходны. Вядома, што драўляныя масты часта гарэлі, і ў розныя часы на гэтым месцы маглі будавацца масты з рознай грузападымальнасцю. Але грэблі рабіліся як капітальныя збудаванні і служылі стагоддзямі. Тым не менш, і іх час ад часу трэба было падсыпаць пасля вясновых паводкаў. На ўсходнім (Лідскім) беразе Дзітвы, каля крыжа на скрыжаванні дарог стаяла карчма «Пад крыжамі» ЯВп Альшэўскага [21],
У 1784 г. калятарам царквы быў ужо ЯВп вілейскі стараста Юзаф Пац [22].
Юзаф Пётр Пац (1736-1797), з магнацкага роду Пацаў герба Газдава. Бацька - стараста пінскі і вілейскі Пётр Пац, маці - князёўна Ефрасіння з Агінскіх, сёстры - Бенядзікта і Альжбета. Дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ, у 1757 г. ён атрымаў патэнт генерал-маёра літоўскіх войскаў, а не пазней за 1758 г. - патэнт генерал-ад'ютанта вялікай літоўскай булавы [23].
У дэпешы ад 2 кастрычніка 1767 г. да прэзідэнта калегіі замежных спраў Расійскай імперыі Мікіты Паніна, расійскі пасланнік Мікалай Рапнін назваў Юзафа Паца годным чалавекам для рэалізацыі расійскіх планаў на сойме 1767 г. куды ён абіраўся ад Лідскага павета [24]. Абіраўся Пац і дэпутатам ад Лідскага павета на канфедэратыўны сойм 1776 г. Ёг з'яўляўся праціўнікам так званай «Фаміліі» - партыі Чартарыйскіх і Панятоўскіх. 16 сакавіка 1792 г. Юзафа Паца ўзнагародзілі ордэнам Белага арла.
24 красавіка 1794 года на плошчы перад ратушай ў Вільні быў урачыста абвешчаны «Акт паўстання», які пацвярджаў адзінства віленскіх інсургентаў з паўстанцамі Тадэвуша Касцюшкі. У той жа дзень была створана Найвышэйшая Літоўская Рада на чале якой стаў Юзаф Несялоўскі. Сярод іншых, у склад Рады ўвайшоў і вілейскі стараста Юзаф Пац, ён лічыўся ў складзе ваеннай камісіі Рады. Пра сур'ёзнасць намераў гэтага «паўстанца» кажа тое, што 15 чэрвеня 1794 г. ён ахвяраваў паўстанню ажно тры лёгкія янычарскія ружжы! Нагадаю, што Юзаф Пац быў вельмі багатым чалавекам, бо ў сваім тастаманце (06.03.1797 г.) акрамя вялікай нерухомасці, ён пералічвае і грашовыя квоты ў памеры 4 мільёнаў злотых. Не дзіва, што ў ліпені 1794 г. Пац выехаў у Галіцыю «для папраўкі здароўя на водах» і вярнуўся толькі пасля задушэння паўстання.
Юзаф Пац меў вялікую зямельную маёмасць у Лідскім і іншых паветах, памёр 13.03.1797 г. бяздзетным і быў пахаваны ў капліцы касцёла ў Ражанцы, дзе меў вялікую маёмасць (пісаўся - «граф на Ражане»). У тастаменце ўсю сваю маёмасць, акрамя раней запісаную для касцёла ў Ражанцы, запісаў свайму далёкаму крэўнаму Людвіку Міхалу Пацу «як апошняму з дома і роду пацаўскага» [25].
Такім чынам уся маёмасць, у тым ліку і маёнтак Мыто, перайшла ў валоданне Людвіка Паца (1780-1835), які быў сынам Міхала і Людвікі з Тызенгаўзаў. Цікава, што бацька Людвіка Паца - Міхал Пац «запаў у меланхолію і памёр 29 студзеня 1800 г. у Мыто, маючы 46 гадоў» - памёр у маёнтку свайго сына але быў пахаваны «у катакомбах Езненскага касцёла» [26].
Па сведчанні сучаснікаў, Людвік атрымаў «стараннае выхаванне ў Францыі, Англіі і на радзіме», а ў 1796 г. стаў студэнтам Віленскай акадэміі. Праз год атрымаў у спадкі ад далёкага сваяка Юзафа Паца вялікую маёмасць: ключы [27] Ражанку (з Мыто) і Гарадзішча на Лідчыне і Наваградчыне, Даўспуду, Рачкі і Мазуркі на Беласточчыне, якая ў той час стала часткай Прусіі, палацы ў Вільні і Гародні і тыя самыя 4 мільёны злотых гатоўкай, пра якія я пісаў вышэй.
У 1802 г. Людвік па тагачасных законах стаў паўнагадовым і распачаў ваяжы па Еўропе: наведаў парыжскі салоны княгіні Ганны Сапяжанкі, а потым з яе братам Станіславам Замойскім у 1803 г. перабраўся ў Лондан. Тут, у Англіі, Шатландыі і Ірландыі, ён вывучаў сельскую гаспадарку. У 1808 г. у Парыжы са званнем «шэф эскадрона» [28] паступіў у полк лёгкаконнай гвардыі. Ваяваў у Іспаніі, дзе атрымаў раненне багнетам у сцягно. Прыняў удзел Аўстра-Французскай вайне 1809 г., належаў да эскорту Напалеона, атрымаў ордэн Ганаровага легіёна, пасля чаго пайшоў у адстаўку і пераехаў у Варшаўскае княства. Адсюль ён займаўся арганізацый выведкі на тэрыторыі былога ВКЛ і перад кампаніяй 1812 г. атрымаў чын палкоўніка. Напачатку камандаваў 15-м палком уланаў, а ў траўні 1812 г. атрымаў 2-гі ўланскі полк. Пасля ўваходу Напалеона ў Вільню, сустракаў яго ў тут сваім палацы. 16 ліпеня атрымаў чын брыгаднага генерала і прайшоў з Напалеонам да Масквы праз усе бітвы. У 1814 г. стаў дывізіённым генералам і камандаваў кавалерыйскай брыгадай, якую сам і сфармаваў. Пры канцы вайны камандаваў усёй французскай коннай гвардыяй і недалёка ад Парыжа быў паранены. На баку Напалеона прайшоў чатыры ваенныя кампаніі і пасля адстаўкі, у траўні 1814 г. выехаў у Англію, дзе зноў пільна вывучаў сельскую гаспадарку.
Пасля амністыі Людвік Пац вярнуўся дахаты і тут, разам з Адамам Чартарыйскім, прэтэндаваў на руку Ганны Сапяжанкі. Канкурэнцыя з Чартарыйскім за руку і сэрца дзяўчыны набыла палітычнае адценне, бо Адам Чартарыйскі быў сябрам маладосці цара Аляксандра І і ў 1804-1806 гг. займаў пасаду міністра замежных спраў Расійскай імперыі. Справа даходзіла да дуэляў са шчаслівым канкурэнтам і цікава, што апошняя дуэль паміж імі адбылася, калі абодва рывалі ўжо былі жанатыя.
У 1817 г. Людвік Пац бярэ шлюб з Каралінай Малахоўскай, якая прынесла яму 1 мільён злотых пасагу. Але хутка, у 1822 г. ён аўдавеў. Жыў у беластоцкіх маёнтках і быў віца-прэзідэнтам мясцовага Аграрнага таварыства. Пабудаваў цікавы палац у стылі англійскай готыкі ў Даўспудзе і перабудаваў куплены ў 1823 г. у Радзівілаў палац па вуліцы Мядовай у Варшаве, пасля рэканструкцыі, тут паўстала «адно з самых арыгінальных прасторавых рашэнняў Варшавы». Палац паступова ператварыўся ў музей, дзе месціліся калекцыі Людвіка Паца, у тым ліку і калекцыя антыкаў, купленая ім асабіста ў Рыме і Пампеях. Тут былі грэцкая, гатычная, і маўрытанская залы і калекцыі жывапісу, у тым ліку і партрэты Пацаў розных эпох. Госці з захапленнем разглядалі сервізы са срэбра, крышталю, наборы сеўрскай парцэляны коштам у дзесяткі дукатаў за талерку. Жартавалі, што гэты гмах актуалізаваў даўнюю прымаўку: «Варты Пац палаца». Менавіта ў гэтым палацы і жыў калятар царквы ў Мыто. Перад 1830 г. нерухомасць Паца ў Польскім каралеўстве ацэньвалася ў 3 мільёны, а ў былым ВКЛ - у 1 мільён злотых [29].
Трэба дадаць, што Людвік Пац фундаваў у сваім мястэчку Ражанка Петра-Паўлаўскі касцёл. Архітэктарам касцёла быў Генрык Марконі, які пры праектаванні касцёла адмовіўся ад абавязковага ў той час падабенства з антычнасцю, і таму пастаўлены ім у 1827 г. Петра-Паўлаўскі касцёл у мястэчку Ражанка можна лічыць адным з першых неагатычных будынкаў Беларусі [30]. Беспярэчна, гэта адзін з самых прыгожых нашых касцёлаў.
У Варшаве граф Пац трымаў дыстанцыю ад палітыкі, тым не менш з'яўляўся сенатарам каралеўства. Прыняў удзел у паўстанні 1830-1831 гг. і ахвяраваў на паўстанне 100 000 злотых - больш за ўсіх іншых сенатараў. Пасля паразы паўстання выехаў у Парыж [31].
Царскі ўрад канфіскаваў усю маёмасць Людвіка Паца, у тым ліку і ключ Ражанку (1351 душ) [32], але нейкія капіталы ў яго захаваліся, і таму і за мяжой граф заставаўся багатым чалавекам. У 1834 г. з рознымі даручэннямі кола эмігрантаў Пац выехаў з Парыжа ў Італію - жыў у Генуі, Рыме, Неапалі, дзе, пакінуўшы дачку пад нагляд законніц, усю зіму бавіўся ў арыстакратычным «элегантным свеце». У 1835 г. выехаў у Грэцыю, дзе таксама займаўся палітычнымі справамі. З Афін перабраўся ў старажытны грэцкі горад Смірна, што ў Малой Азіі [33] дзе 31.08.1835 г. памёр. Некаторыя даследчыкі лічаць, што Людвік Пац для Адама Міцкевіча з'яўляўся правобразам Графа ў паэме «Пан Тадэвуш» [34].
У 1816 г. Людвік Пац прадаў маёнтак Мыто за 300 000 злотых Яну Расудоўскаму, які ў 1812 г. быў чальцом Рады сканфедэраванай шляхты ў Жалудку [35]. Працэс афармлення Мыто зацягнуўся, і маёнтак разам з усёй маёмасцю Паца быў канфісаваны ў скарб. Але Расудоўскі неяк даказаў сваё права і стаў гаспадаром Мыто. У 1860 г. Расудоўскія яшчэ валодалі ў Мыто 124 мужчынскім душамі і 495 дзесяцінамі зямлі. Сяляне павінны былі адпрацаваць на пана па 156 дзён у год, а таксама штогод з сялянскага двара аддаць пану 1 курыцу, 10 яек і 60 грыбоў [36].
Прывяду тут цікавы кавалак тэксту з дзённіка дамініканскага візітатара, які ў 1822 г. ехаў па Мытлянскім гасцінцы [37]: «Ранні выезд праз Мыто. Мыто калісьці было прыгожым і добраўпарадкаваным мястэчкам: карчма дзедзіча васпана Паца, зараз карчма заняпала, стаіць паштовы дом, уніяцкая царква, як руіна, грэбля ў дрэнным стане. Паснедалі ў крупаўскай карчме. Нікчэмная, належыць Скіндарам. Ліда засталася па правай руцэ. Начавалі мы ў карчме ксяндзоў піяраў, карчма была б зручная, калі б не прусакі - казуркі занесеныя з глыбіні Расіі ў Літву. Гэтая казурка завецца прусаком таму, што яна тут з'явілася такім чынам: была прынесеная азіяцкімі ордамі падчас паходу рускіх на Прусію [38] , у валадаранне царыцы Лізаветы [39]» [40].
Мытлянскую царкву, фундаваную Скумінамі-Тышкевічамі [41], у 1792 г. візітатар апісваў гэтак: «Драўляная, адрамантаваная, на падмурку, умацаваная рэйкамі і жалезнымі шрубамі, крытая гонтай. ... Дуты пафарбаваны купал з драўляным крыжам, на купале звон ... могілкі неагароджаныя» [42].
За 20 крокаў ад царквы знаходзілася плябанія, якая была «пабудавана коштам ЯВп калятара з сасновага пілаванага дрэва. Мае ганак з чатырма калонамі, з ганка ўваходзім у сені праз падвойныя дзверы сталярнай работы на жалезных завесах з клямкай і драўлянай засаўкай на дзвюх клямках для замыкання» [43]. З сяней улева меўся ўваход у жылы пакой з каморай, тут стаяла печ з паліванай зялёнай кафлі. З жылога пакоя быў ўваход у другі (бакавы) атынкаваны пакой, у якім стаяла печ з белай паліванай кафлі [44]. Па класіфікацыі Д. В. Лісейчыкава Мытлянскую плябанію можна аднесці да бедных, што не дзіва, бо парафія была малая.
Яшчэ ў канцы XIX ст. у Мытлянскай царкве захоўваўся старажытны абраз візантыйскага стылю памерам 5 x 3 вяршкі [45] з выявай Божай Маці, званы ў народзе «Калыхаўскі», або «Калышэўскі» [46].
У канцы XIX ст. мытлянскі святар а. Канстанцін Савіч [47] запісаў у навакольных сялян старажытнае паданне і надрукаваў артыкул пра сваю царкву. Святар падаў наступную легенду пра з'яўленне абраза Божай Маці: «Божая Маці з'явілася на вадзе і прыплыла па рацэ Дзітва да таго месца, дзе знаходзіцца маёнтак Мыто (на поўнач ад мястэчка Мыто, за 2 км па дарозе на Рулевічы, каля гістарычнага мытлянскага гарадзішча - Л. Л.). Калі абраз плыў па рацэ, ён калыхаўся і таму атрымаў назву Калыханаўскі. Калі абраз плыў па рацэ, адзін з пастухоў ударыў яго бічом, і таму на твары засталіся дзве крывавыя плямы, заўважныя і сёння» [48].
Савіч паведамляе, што пасля з'яўлення абраза ў маёнтку Мыто была пабудавана драўляная царква, у якой гэты абраз потым і знаходзіўся. У мястэчку Мыто царква магла з'явіцца ўжо ў XV ст., звычайна драўляная царква не існавала больш за два стагоддзі, і таму, на адным і тым жа месцы па чарзе маглі стаяць некалькі царкоўных будынкаў.
Апошняя драўляная грэка-каталіцкая царква, якую фундавалі Скуміны-Тышкевічы і візітацыя якой падаецца ніжэй, з-за дрэннага стану была зачынена ў 1853 г. [49] Святар Канстанцін Савіч піша, што ў 1893 г. ён ведаў сялян, якія, як і іх бацькі і дзяды, наведвалі гэтую старую ўніяцкую царкву, што знаходзілася каля маёнтка Мыто. Таксама святар паведамляе, што калі на пачатку 1890-х гг. уладальнік маёнтка Мыто І. І. Чапялеўскі пажадаў пасадзіць сад каля таго месца, дзе раней стаяла царква, дык пры раскопках была знойдзена вялікая колькасць чалавечых парэшткаў - як і належыць, раней каля царквы, знаходзіліся могілкі. Такім чынам, мы ведаем, што старыя грэка-каталіцкія цэрквы стаялі каля гістарычнага гарадзішча Мыто.
Пасля закрыцця старой царквы ў мястэчку Мыто каля 10 гадоў не было святара, і прыходам кіраваў святар з Радзівонішак. У той час абраз быў перанесены ў царкву вёскі Радзівонішкі. Пасля пабудовы ў Мыто новай, мураванай царквы абраз Калыханаўскай Маці Божай, які вельмі шанаваўся вернікамі, быў вернуты на сваё месца [50].
У візітацыі 1792 г. пералічваюцца падараваныя абразу воты, што кажа пра значнасць святыні для вернікаў: «Вялікі алтар сталярная і сніцарскай работы, на верхнім паверсе абраз Найсвяцейшай Панны Марыі з заслонай, на абразе срэбныя пазалочаныя шаты з дзвюма срэбнымі пазалочанымі каронамі, 4 шнурка караляў, запанка срэбная, пазалочаная, розных упрыгожванняў 5 пар, 5 сыгнетаў з каменьчыкамі, 1 заручальны срэбны, пазалочаны пярсцёнак, 1 газавая фіранка, 2-я дратаеравая, са срэбнай кампанай» [51].
Святар Савіч, не ўказваючы крыніцу і год напісання, падае, па яго словах, «старажытнае апісанне» абраза: «Вышыня абраза без рамы 5 вяршкоў, шырыня 3,5 вяршка. Абраз напісаны на палатне, знаходзіцца ў драўляных рамах пакрытых ліставым золатам. Рыза срэбная, звонку пазалочаная, 12 пробы, вагой 35 залатнікоў. Над галавой дзве кароны, абедзве срэбныя, 8 пробы. Вагой: 1-я карона - 10 залатнікоў, а 2-я - 5 залатнікоў» [52].
Цікава, куды падзеліся каштоўныя воты, кароны і шаты і іншае? Бо, як бачым, у канцы XIX ст. іх ўжо не было. Вядома, што да таго часу рамы абраза цалкам струхлелі, і для новага ківота, прыхаджане сабралі 120 рублёў. З гэтай сумы за 25 рублёў віленскі скульптар Зімодра абнавіў абраз Божай Маці і за 95 рублёў зрабіў новы ківот вышынёй, разам з крыжам, 5 аршын і 5 вяршкоў. Ківот усталявалі каля сцяны прама-левага кліраса. Чыноўнік з Пецярбурга Бунакоў ахвяраваў 30 рублёў на стаячы падсвечнік. А на ахвяраванні прыхаджан (у тым ліку цэлых 5 рублёў ахвяраваў былы прыхаджанін Якаў Гумбар), за 18 рублёў да абраза куплена пазалочаная бронзавая лампадка [53].
Зараз пра грэка-каталіцкіх святароў Мытлянскай царквы.
Пра святароў XVII ст. Багдана Варатынскага і Міхала Глябоцкага я пісаў вышэй.
З падымнага рэестра Лідскага павета за 1728 г. бачым, што тут служыў а. Міхал Глямбоцкі, святар Мытлянскай плябаніі, якая мела тры чвэрці дыма [54]. У Падымным тарыфе 1775 г. запісана, што мястэчка Мыто мае 10 дымоў і грэка-каталіцкую плябанію з празбітарам Ількоўскім [55].
А. Ян Мыслевіч, пасля службы на пасадзе вікарыя ў Ганчарскай царкве, з 17 лютага 1784 г. па 08 траўня 1784 г. з'яўляўся адміністратарам царквы ў Мыто [56]. 27 красавіка 1784 г. віленскі стараста Юзаф Пац прэзентаваў на пасаду адміністратара царквы ў Мыто а. Яна Ясінскага [57].
А. Тамаш Славута ў 1795 г. адміністратар гэтай царквы, «сярэдніх навук», «пакутуе на каўтуна» [58]. У рапарце ад 1800 г. адзначана, што святара царквы ў Мыто Тамаша Славуту варта часова адхіліць ад богаслужэння з-за «дэфекту каўтуна», на які ён захварэў [59].
Святар Мытлянскай царквы а. Ян Пазоўскі памёр да 1817 г. [60]
Пэўна адразу пасля яго святаром царквы ў Мыто стаў а. Сымон Грачыха, бо ўжо ў 1826 г. ён быў забаронены як святар, бо ў жніўні 1826 г., святар мытлянскага ўніяцкага прыходу Грачыха, з дазволу Ваверскага ксяндза Вікенція Кабылінскага і па жаданні шляхціца Антона Ёча, «прихожанина Белогрудского Костела Александра Войдака с девкой Каролиной Романовной с Мытлянской Церкви без ведома и соизволения протоиерея, без предбрачных публик, без допроса и исповеди, браком сочетал» [61]. Шлюб быў скасаваны, і святар патрапіў пад забарону [62].
Але, пэўна, забарона былы знята, і а. Сымон Грачыха (1772 г. н.) зноў служыў святаром у Мыто з 1832 па 25 лютага 1937 г., «звычаяў незаганных, навук слабых … слабы гаспадар» [63].
Мураваная царква ў Мыто была пабудавана на дзяржаўныя грошы ў 1866 г. Газета "Літоўскія епархіяльныя ведамасці" паведаміла, што 27 лістапада 1866 г., у прысутнасці чатырох святароў была высвечана новая мураваная Мытлянская Пакроўская царква. На мерапрыемстве прысутнічалі: павятовы воінскі начальнік, спраўнік, міравыя суддзі і шматлікія чыноўнікі. «Царква пабудаваная на 250 чалавек, мае дастаткова добрую архітэктуру, стаіць на прыгожым узвышшы. … вотчыннік маёнтка Мыто Мірон Расудоўскі ахвяраваў на пабудову царквы лес і гонту, а таксама лес і грошы на пабудову будынкаў для духавенства, якія будуць закончаны ўжо ўвесну. Таксама ў наступным годзе ён паабяцаў зрабіць царкоўную мураваную агароджу, якой не было ў каштарысе» [64].
Згодна са спісам цэркваў, пабудаваных праз генерал-губернатара Літвы Мураўёва-вешальніка, царква ў мястэчку Мыто на 250 чалавек каштавала 4736 р. 71к. [65]
31 студзеня 1879 г. памёр настаяцель Мытлянскай царквы Андрэй Данілавіч Пігулеўскі. Святар Маламажэйкаўскай царквы а. Леў Савіцкі напісаў змястоўны некралог пра памерлага святара. Некралог мае шэраг цікавых момантаў, на якія мае сэнс звярнуць увагу.
Андрэй Данілавіч Пігулеўскі - сын уніяцкага святара, у 1831 г. быў звольнены з Менскай духоўнай семінарыі і пачаў службу псаломшчыкам у Менскім Кацярынінскім саборы. У 1833 г. пераведзены ў царкву Рэчыцкага павета, адтуль, у 1837 г. - у царкву г. Слоніма. У 1840 г. у Слоніме рукапаложны ў дыяканы. У 1850 г. рукапаложаны ў святары і пераведзены ў Радзівонішскую царкву на Лідчыне. У 1854-1855 гг. акрамя Радзівонішскай царквы ён служыў яшчэ ў Зблянскай і Беліцкай цэрквах, бо настаяцелі гэтых цэркваў амаль што адначасова памерлі. З 1855 па 1865 гг. а. Андрэй Пігулеўскі кіраваў Мытлянскім прыходам, які тады лічыўся вельмі бедным і праблемным для епархіяльнага кіраўніцтва.
Савіцкі піша, што а. Андрэй у 1860 г. быў прызначаны членам Лідскага камітэта па перабудове па-піярскага касцёла ў царкву, а з 1865 г. у гэтым жа камітэце займаўся будаўніцтвам цэркваў у Мыто і Радзівонішках - у тыя часы ён быў настаяцелем гэтых цэркваў.
Пасля пабудовы Мытлянскай царквы Пігулеўскаму была выказана падзяка ад епархіяльнага кіраўніцтва, і ён пераехаў жыць да Мытлянскай царквы. У 1871 г. а. Андрэй быў прызначаны настаўнікам закона Божага ў Мытлянскую народную вучэльню, гэтую пасаду ён займаў да канца жыцця. У 1873 г. быў узнагароджаны набедранікам, і кіраўніцтва Віленскай вучэбнай акругі выказала яму падзяку за працу ў вучэльні.
Савіцкі пісаў: «Жыццё нябожчыка была напоўненая працай і нягодамі, якія для нас, святароў маладога пакалення, пасля павелічэння нашага ўтрымання (заробку - Л. Л.), здаюцца нейкай анамаліяй. А як тады жылі ніжэйшыя чыны прычта - для нас гэта ўжо нешта невядомае. Нам малазразумелае жыццё нашых старых святароў у прыходах, падобных таму, што займаў нябожчык а. Андрэй, які меў вялікую сям'ю і гадавы аклад у 100 рублёў, з якіх, пасля розных вылічэнняў … дамоў прывозіў, добра, калі палову. І калі ў сям'і быў звычай на святы ўжываць такія ласункі, як гарбата, дык для дамашняга жыцця нічога і не заставалася. Пры такіх умовах, беднаму пастыру заставалася толькі ў крывавым поце здабываць кавалак штодзённага хлеба» [66].
Вядома, што якраз абяцанне грэка-каталіцкім святарам хутка павялічыць іх даходы, было вельмі істотным, калі яны давалі падпіску аб далучэнні да пануючага веравызнання, але, яе бачым, іх мары не здзейсніліся. І трэба дадаць, што Пігулеўскі за свой кошт яшчэ вучыў двух сыноў у семінарыі.
Карэспандэнт «Віленскага Вестніка» ў артыкуле, перадрукаваным потым у Літоўскіх епархіяльных ведамасцях, пісаў пра народную Мытлянскую вучэльню: «В. Мыто Лідскага павета. Нядаўна я быў сведкам станоўчай з'явы сялянскага жыцця. 20 траўня я праездам знаходзіўся ў в. Мыто, гэта была нядзеля, і я зайшоў у мясцовую царкву. У параўнанні з іншымі вясковымі цэрквамі, тут было шмат вернікаў - чалавек 50. Пасля абедні ўсе сяляне, сялянкі і іх дзеці гуртам накіраваліся ў вучэльню. Гэта мяне здзівіла, бо я прызвычаіўся бачыць, што пасля царквы сяляне ўсім гуртам ідуць у карчму. Я пайшоў за сялянамі і патрапіў у чысты і дастаткова прасторны клас народнай вучэльні. Сяляне ўселіся за сталы … яны мне сказалі, што прыйдзе бацюшка з настаўніцай і будзе з імі размаўляць. … Хвілін праз 15 прыйшоў святар Мытлянскай царквы а. Мікалай Кустаў [67] з настаўніцай народнай вучэльні сп. Мірановіч. Святар прачытаў нядзельнае евангелле на расійскай мове і растлумачыў слухачам, чаму гэтае евангелле чытаецца сёння. … Потым сп. Міроновіч прачытала два павучальныя апавяданні з жыцця першых хрысціян. … Як прыемна бачыць … што нашы бедныя сяляне маюць магчымасць раз на тыдзень падумаць пра духоўны бок свайго жыцця. … Сярод сялян былі і прыхаджане іншых прыходаў, бо ў гэтай частцы Лідчыны толькі ў Мыто маюцца нядзельныя чытанні. Вялікі дзякуй бескарысным працаўнікам а. Куставу і сп. Мірановіч … добра, каб у наш край прыязджала паболей такіх людзей … бо сяляне амаль што не разумеюць ні праваслаўнай, ні каталіцкай службы і з вялікай ахвотай ідуць у касцёл, бо там «музыка грае». Трэба ж і нам шукаць, чым прывабіць сялян у царкву» [68].
Але здараліся і іншыя выпадкі.
З 1861 г. Мыто стала цэнтрам Мытлянскай воласці, у якую ў другой палове XIX ст. уваходзіла 39 населеных пунктаў, у тым ліку і Ваверка. У 1871 г. прэса паведаміла пра незвычайнае здарэнне: «Адзін з лідскіх паліцыянтаў … прыбыў у піцейны дом вёскі Ваверка, і знайшоў там 4 п'яных сялян. Ён западозрыў дрэнныя намеры і спытаў у іх, чым набіты іх мяшок? Гаспадар мяшка не хацеў дазволіць яго агледзець, а ўсе іншыя з яго кампаніі ўцяклі. … У мяшку аказаліся дзве чалавечыя рукі. Арыштаваны селянін прызнаўся, што у ноч на 9 сакавіка, ён з 7 сябрамі, узброенымі ружжамі, на могілках маёнтка Ішчална, выкапалі толькі што пахаванага нябожчыка - селяніна Ёча, знялі яго вопратку і адрэзалі абедзве рукі, каб з чалавечага тлушчу зрабіць свечку. З гэтай свечкай яны разлічвалі бяспечна рабаваць дамы, бо існуе павер'е, што «свечка з тлушчу нябожчыка» ці «з рук нябожчыка», калі яе абнесці вакол выбранага для рабунку дома, пагружае жыхароў дома ў «мёртвы сон»« [69].
Мытлянскі святар а. Канстанцін Савіч пісаў, што ў 1892 г. яго прыхаджане ахвяравалі царкве 250 рублёў. На гэтыя грошы рамантаваўся царкоўны дах у сярэдняй частцы храма, які не дарамантавалі ў папярэдні рамонт. Цікава, што царква была адносна новай, але ўжо патрабавала другога рамонту даха. У 1892 г. да дня св. Тройцы жонка Лідскага павятовага прадвадзіцеля дваранства, уладальніка маёнтка Мыто, Аляксандра Дзмітрыеўна Чапялеўская ахвяравала поўнае святарскае «облачение» залацістага колеру. Былы псаломшчык царквы Антон Малажавы ахвяраваў два пакрывалы на прастол за 8 рублёў, а сяляне купілі дывановую дарожку за 4 рублі.
Трэба сказаць, што лідскі прадвадзіцель дваранства Іван Ільіч Чапялеўскі [70] атрымаў маёнтак Мыто разам з іншай маёмасцю ў пасаг за сваёй жонкай Аляксандрай Дзмітрыеўнай (1860 г. н.), дачкой генерал-лейтэнанта Дзмітрыя Маўраса. У 1880-х гг. маёнтак перайшоў да Кандраценкі, і ў канцы 1880-х гг. разам з іншымі маёнткамі Мыто купляе генерал Маўрас [71]. Покуль не я знайшоў ніякіх успамінаў пра Аляксандру Чапялеўскую, але Мікалай дэ Лазары, які нейкі час жыў у Лідзе і сябраваў з сям'ёй генерала Маўраса, пісаў: «... дзіўна было бачыць, што яе дзеці былі ... вельмі непрыгожымі, нягледзячы на прыгажосць і прывабнасць самой Кацярыны Іванаўны (жонкі генерала Маўраса - Л. Л.)» [72].
У 1893 г. святар Аранчыцкай царквы Мікалай Пратасевіч [73] ахвяраваў Мытлянскай царкве поўнае святарскае "облачение" блакітнага колеру [74].
У 1893 г. царква мела 37 дзесяцін зямлі, з якой - 28 раллі і 9 сенакосу. Меліся памяшканні для прычта, але ў псаломшчыка не было гаспадарчых пабудоваў. Прыхаджан: мужчын 435, жанчын 436 чалавек, 108 двароў [75].
Акт генеральнай візітацыі Мытлянскай царквы [76]
Царква пад тытулам Найсвяцейшай Панны Марыі, знаходзіцца ў Лідскім павеце і дэканаце, фундацыі ЯВп Скумінаў-Тышкевічаў, зараз у каляцыі ЯВп Юзафа Паца, старасты Вілейскага. Драўляная, адрамантаваная, на падмурку, умацаваная рэйкамі і жалезнымі шрубамі, крытая гонтай. Над бабінцам фацыята, упрыгожаная гранёнымі вазонамі. Дуты пафарбаваны купал з драўляным крыжам, на купале звон вагой 3 камяні. … могілкі неагароджаныя.
Уваход у бабінец праз падвойныя філёнчатыя пафарбаваныя дзверы з засаўкамі на жалезных завесах і з жалезнымі антабамі. З боку маюцца другія пафарбаваныя дзверы на жалезных завесах з унутраным замком і жалезнай засаўкай. Дзверы на хор на жалезных завесах. Уваходныя дзверы ў царкву, пафарбаваныя, падвойныя, на жалезных завесах з унутраным замком і трыма жалезнымі засаўкамі.
З абодвух бакоў царквы - сакрыстыі. У адной - пафарбаваныя дзверы на жалезных завесах з унутраным замком і жалезнай засаўкай, у гэтай сакрыстыі - добрая пафарбаваная шафа сталярнай работы з шуфлядамі для захавання царкоўных рэчаў і арнатаў, у шафе - 6 замкоў. Столь і падлога сакрыстыі з габляваных дошак, адно акно з белага шкла.
Другая сакрыстыя з дзвюма пафарбаванымі дзвярамі на жалезных завесах, з унутраным замком. У сакрыстыі - акно з белага шкла, пафарбаваныя лаўкі, падлога з цэглы, столь з габляваных дошак.
У бабінцы пафарбаваны хор, парэнчы з балясінамі. У царкве столь з габляванай дошкі, падлога з цэглы, перад вялікім алтаром парэнчы з балясінамі, у версе вялікага алтара фігура Пана Ісуса. 10 вокнаў белага шкла, пафарбаваная амбона сталярнай работы, 2 пафарбаваныя лавачкі.
Вялікі алтар сталярнай і сніцарскай работы, на верхнім паверсе абраз Найсвяцейшай Панны Марыі з заслонай, на абразе срэбныя пазалочаныя шаты з дзвюма срэбнымі пазалочанымі каронамі, 4 шнуркі караляў, запанка срэбная, пазалочаная, розных упрыгожванняў - 5 пар, 5 сыгнетаў з каменьчыкамі, 1 заручальны срэбны, пазалочаны пярсцёнак, 1 газавая фіранка, 2-я дратаеравая, са срэбнай кампанай.
На ніжнім паверсе абраз св. Міхала, мураваны прастол з франтальнай заслонай. На прастоле старая дараносіца сталярнай работы, замыкаецца, у ёй захоўваюцца Святыя дары ў срэбнай, пазалочанай знутры даразахавальніцы з верхам і крыжыкам. Да гэтай даразахавальніцы прыробленая срэбная, пазалочаная малая манстрацыя з праменямі і мельхіседэкам. Добрае алавянае ўкрыжаванне з корпусам. Алавяных настольных падсвечнікаў - 1 пара. Падсвечнікаў вялікіх алавяных - 3 пары. Драўляных, вялікіх перад алтаром - 1 пара. Ручнікоў - 2. Абрус і пакрывала з тканіны. Антымінс яснавялебнага Гедэона Гарбацкага, біскупа пінскага і жыровіцкага. Аксамітная падушка з срэбным галуном пад службоўнік. Рэліквіяраў, па-рознаму ўпрыгожаных, за шклом - 3.
Другі, бакавы алтар, па левым баку з абразом св. Антонія, пафарбаваны, новы, сталярнай работы. На ім прастол з франтальнай заслонай, пры прастоле - добры алавяны крыж. Алавяных вялікіх падсвечнікаў - 1 пара. Лацінскі партатэл, абрус, 2 ручнікі.
Трэці, бакавы алтар, з правага боку. З абразом св. Юзафа. Пафарбаваны, сталярнай работы, новы. Прастол мураваны, на ім - добры алавяны крыж. Алавяных вялікіх ліхтароў - адна пара. Антымінс яснавялебнага Гедэона Гарбацкага, біскупа пінскага і тураўскага. Абрус. 2 ручнікі.
Усе алтары маюць па адной прыступцы.
Царкоўнае начынне. Срэбны пацір з дыскасам, пазалочаныя знутры. 2-гі срэбны, пазалочаны пацір з дыскасам. Срэбная лыжачка. Алавяны пацір … . Дараносіца для хворых са срэбнай лыжачкай. Манстрацыя прымацаваная да даразахавальніцы. Алавяная трайная новая мерніца, алавяныя ампулкі з падносамі - 2 пары. 1 меднае кадзіла. Крыж працэсіяльны. 1 старая гарусавая харугва.
Вага срэбра, волава, медзі. Даразахавальніца з накрыўкай, манстрацыя з Мельхісідэкам, срэбная ваза, 3 грыўны і 1 лот. Срэбны пацір з дыскасам важыць 12 лотаў. Другі пацір з дыскасам і дзвюма лыжачкамі важыць 2 лоты. Дараносіца для хворых з 3-ма таблічкамі і сардэчкамі, зробленыя з алтарнага срэбра важаць 4 лоты. Шата з дзвюма пазалочанымі каронамі і дзвюма срэбнымі важаць 2 грыўны. Разам срэбра 7 грывен і 17 лотаў. Алтарныя званкі і кадзіла важаць 1,5 фунта. Званок каля сакрыстыі важыць 6 фунтаў. Сігнатурка ў вежы - 8 фунтаў. Волава, гэта рэчы, пераробленыя а старых, а менавіта - крыжы і вялікія падсвечнікі. З-за недахопу бязмена покуль неўзважаныя.
Літургічнае ўбранне. Адно дратаеравае, на попельным фоне кветкі, з усім неабходным. Другое з кітайкі, жоўта-сіняе … з галунамі … . Трэцяе адамашкавае, блакітнае … з галунамі …. Чацвёртае, камлютавае, цёмна-попельнае з ружовым каўняром з кітайкі і зялёнай тасьмой, з усім неабходным. Пятае, адамашкавае, попельнага колеру з каўняром з сіняй кітайкі, з усім неабходным. Шостае з кітайкі, на белым фоне паскі і розныя шоўкавыя кветкі, кампана жоўтая … адрамантаванае, з усім неабходным. Сёмае з фіялетавай кітайкі з белым … каўняром, старое, трэба прыбраць. 2 лацінскія арнаты, адзін з ружовай кітайкі, другі адамашкавы …, з усім неабходным. Бурса для хворых - адна, новых альбаў з грэцкага палатна … дзве. Трэцяя з прускай тканіны, старая - адна. Новых комжаў - дзве. Гумералаў - 3. Паскаў - 3. Карпаралаў - 4. Пурыфікатараў - 6.
Кнігі. Службоўнік ін-фоліо супральскага друку новы. 2-гі ўнёўскага выдання, стары, ужо рамантаваны. Малы службоўнік стары, лацінскі службоўнік ін-фоліо новы. Трэбнік унёўскага выдання, добры. Евангелічка польская. Навука кс. Нарольскага, метрыкі хрышчэнняў, шлюбаў і пахаванняў, а таксама рэестр парафіі разам са спісам вернікаў.
Спіс вернікаў разам з рэестрам Мытлянскай парафіі абодвух палоў якія здольны і не здольны да споведзі |
Хаты |
Мужчын |
Жанчыны |
||
здодны |
не здолны |
здодны |
не здодны |
||
Мястэчка Мыто |
1 |
1 |
4 |
3 |
|
Вёска Навасёлкі |
14 |
30 |
30 |
20 |
16 |
Вёска Хадзюкі |
1 |
8 |
9 |
2 |
- |
Вёска Парачаны |
20 |
50 |
20 |
40 |
30 |
Вёска Цюкалаўшчына |
3 |
8 |
6 |
2 |
1 |
Вёска Касілаўцы |
6 |
24 |
10 |
2 |
2 |
Вёска Бабоўцы |
6 |
17 |
9 |
3 |
2 |
Вёска Волкавічы |
3 |
4 |
3 |
1 |
- |
Вёска Мальгі |
3 |
4 |
2 |
1 |
1 |
Вёска Масявічы |
1 |
5 |
2 |
3 |
2 |
Разам, вернікаў 355 |
58 |
158 |
92 |
78 |
27 |
Зямля плябаніі. Валок 4 і 3 чвэрці ў тры змены. Згодна з апісаннямі ў генеральных візітацыях афіцыяла Рудніцкага ад 1750 г., гарадзенскага сурагатара Антона Бялькевіча ад 1763 г., бачна, што сучасны мытлянскі парах не ўжываў больш зямлі, як 64 моргі і 15 прутоў. З сядзібнымі гародамі і сенажацямі, адна змена тых моргаў ва ўрочышчы Камяніца, адным бокам пачынаецца ад мяжы мытлянскай зямлі, а заканчваецца каля зямлі Мытлянскага двара, адным бокам ад мяжы з Янаўлянамі, а другім ад мытлянскай зямлі. 2-я змена ва ўрочышчы Сідараўшчына, пачынаецца ад ракі Дзітва, а заканчваецца каля Лябёдскага гасцінца, адным бокам ад зямлі двара, а другім да плябаніі. Зямля, якая называецца "Папоўшчына" і іншыя землі разам з царкоўнымі пляцамі забраны дваром і заменены.
Сенажаці. У «Папоўшчыне» - на 8 вазоў. За Белай рэчкай - на 2 вазы. Луг за Мытлянскім дваром на - 2 вазы. Луг на шнурах каля вёскі … на 6 вазоў. На другім беразе Дзітвы луг - на 4 вазы. Парах усе сенажаці не выкарыстоўвае, бо яны забраны дваром.
Пабудовы плябаніі. Ад царквы 20 крокаў. Плябанія пабудавана коштам ЯВп калятара з сасновага пілаванага дрэва. Мае ганак з чатырма калонамі, з ганка ўваходзім у сені праз падвойныя дзверы сталярнай работы на жалезных завесах з клямкай і драўлянай засаўкай на дзвюх клямках для замыкання.
З сяней улева - белы пакой з каморай і бакавым пакоем, уваход праз падвойныя дзверы на жалезных завесах з клямкай. Такія ж дзверы ў каморы. У бакавы пакой вядуць непадвойныя дзверы. Усе дзверы на жалезных завесах, з унутранымі замкамі і жалезнымі клямкамі, пафарбаваны і сталярнай работы. Печ з паліванай зялёнай кафлі. Бакавы пакой цалкам атынкаваны, печ з белай паліванай кафлі і белым комінам. Вокнаў у двух пакоях - 4. …
На другі бок з сяней чорная хата з крыжовай печкай і з каморай, мае 3 акны, а ў каморы - 1. …
Усе пабудовы гэтай плябаніі на падмурках з каменю ці цэглы. Гумно недалёка ад плябаніі, з дрэва, крытае саломай, на 4-ох сохах. … Дзве старыя стайні з круглага дрэва, крытыя саломай … . Спіжарня з круглага дрэва, крытая саломай …
Недалёка ад плябаніі стаіць шпіталь з круглага дрэва, з двума вокнамі, сенямі і каморай. У сенях каморка … з простымі дзвярыма … без клямак і завесаў. У шпіталі з Божага промыслу жывуць убогія бабы без аніякага фундушу,
Дакументы. Візіта святара Бількевіча, гарадзенскага сурагата, ад 1764 г., візіта святара Растоцкага ў канцы 1759 г. Візіта святара Бялькевіч ад 1754 г. Візіта святара афіцыяла Рудніцкага ў 1750 г., візіта лідскага дэкана Пятровіча ад 1774 г. Візіта дэкана цырынскага Васіля-Нупрэя Марцінеўскага ў 1784 г. Візіта полацкага суфрагана Адрыяна Тапор-Бутрымовіча ў 1792 г. Фундушу ў гэтай царквы няма.
Пры гэтай царкве служыць адміністратарам ЯВ святар Ян Ясінскі, прызначаны … 1791 г. Высвечаны 25 траўня 1781 г. біскупам пінскім Гедэонам Гарбацкім...
Парафіяне Мытлянскай грэка-каталіцкай цэрквы у 1829 г. [77]
Дзедічная вёска ЯВп Андрэйкавіча Парачаны
1. Крыштаф Місюкевіч, 57 г.; сын Крыштафа Ян, 27 г.; тое самае, Міхал, 12 г.; тое самае, Адам, 11 г.; жанчыны па-рымску.
2. Ежы Дубарэвіч, 77 г.; сын Ежы Пётр, 36 г.; сын Пятра Адам, 3 г.; жанчыны па-рымску.
3. Ян Дубянецкі, 40 г.; сын Яна Дамінік, 12 г.; тое самае Ян, 7 г.; тое самае Ежы, 5 г.; сыновец Люляшэвіч, паўдомнік, 20 г.; жанчыны па-рымску.
4. Адам Масейка, 40 г.; жанчыны па-рымску.
5. Крыштаф Кунейка, 50 г.; жанчыны па-рымску.
6. Ежы Амяльянчык, 29 г.; брат Ежы Караль, 22 г.; тое самае Васіль, 9 г.; жанчыны па-рымску.
7. Мацей Грыцкевіч, 70 г.; сын Мацея Мікалай, 26 г.; тое самае Ежы, 11 г.; тое самае Крыштаф, 9 г.; жанчыны па-рымску.
8. Ежы Амяльянчык, 70 г.; сын Ежы Антон, 30 г.; тое самае Казімір, 3 г.; тое самае Антон, 1 г.; жанчыны па-рымску.
9. Юзаф Каранюк, 37 г.; сын Юзафа Марцін, 3 г.; брат Юзафа Вінцэнт, 29 г.; жонка Юзафа Настасся, 27 г.
10. Якуб Амяльянчык, 10 г.; Ануфры Грыцкевіч, паўдомнік, 25 г.; жанчыны па-рымску.
11. Марцін Амяльянчык, 12 г.; дзядзька Марціна Адам, 28 г.; сын Адама Мацей, 17 г.; тое самае Стэфан, 14 г.; жанчыны па-рымску.
12. Мікалай Амяльянчык, 33 г.; сын Мікалая Казімір, 16 г.; тое самае Тэадор, 6 г.; брат Мікалая Адам, 25 г.; дачка Мікалая Ева, 22 г.
13. Мікалай Люляшэвіч, 64 г.; сын Мікалая Крыштаф, 32 г.; тое самае Ян, 26 г.; жанчыны па-рымску.
14. Пётр Грыцкевіч, 61 г.; жонка Пятра Ганна, 56 г.; дачка Мар'яна, 26 г.; тое самае Людвіка, 17 г.; сястра Ганна Крысціна, 37 г.; дачка Крысціны Караліна, 3 г.
15. Мужчыны па-рымску; Караліна Каранеўская, 32 г.; пляменніца Ганна, 15 г.
16. Дамінік Грыцкевіч, 40 г.; служка Міхал Грыцкевіч, 34 г.; жонка Мар'яна, 37 г.; сястра Мар'яны Ева, 28 г.
17. Казімір Грыцкевіч, 32 г.; служка Адам Амяльянчык, 31 г.; жонка Казіміра Мар'яна, 30 г.; кутніца Тэкля Каранеўская, 60 г.
18. Барталамей Грыцкевіч, 47 г.; сын Барталамея Юзаф, 36 г.; тое самае Мацей, 20 г.; сын Юзафа Ежы, 8 г.; жонка Юзафа Мар'яна, 37 г.; іхняя дачка Крысціна, 19 г.; тое самае Барбара, 17 г.
19. Мацей Грыцкевіч, 42 г.; сын Мацея Вінцэнт, 25 г.; жонка Вінцэнта Мар'яна, 25 г.
20. Адам Грыцкевіч, 56 г.; брат Адама Ян, 52 г.; сын Яна Мікалай, 17 г.; тое самае Міхал, 12 г.; жонка Адама Ганна, 47 г.; іхняя дачка Разалія, 17 г.
21. Мужчыны па-рымску; Людвіка Амяльянчык, 30 г.; іхняя дачка Мар'яна, 7 г.; тое самае Петранеля, 5 г.; сястра Людвікі Крысціна, 20 г.
22. Адам Бялецкі, 52 г.; брат Адама Сымон, 39 г.; тое самае Ян, 33 г.; Эльяш Малеўскі, паўдомнік, 26 г.; сястра Адама Ганна, 41 г.
Дзедзічная вёска ЯВ графа Паца Навасёлкі
1. Ян Сялевіч, 40 г.; сын Яна Мацей, 18 г.; тое самае Казімір, 15 г.; дачка Яна Магдалена, 11 г.; тое самае Ганна, 6 г.
2. Сымон Валынец, 50 г.; сын Сымона Ігнат, 20 г.; тое самае Тамаш, 15 г.; дачка Сымона Ганна, 18 г.; тое самае Караліна, 13 г.; тое самае Тэадора, 8 г.; тое самае Юзэфа.
3. Станіслаў Сялевіч, 20 г.; жонка Станіслава Настасся, 18 г.
4. Мікалай Валынец, 54 г.; сын Мікалая Мікалай, 13 г.; тое самае Марціна, 8 г.; тое самае Вінцэнт, 5 г.; тое самае Барталамей, 2 г.; пляменнік Мікалая Міхал, 25 г.; жанчыны па-рымску.
5. Каспар Валынец, 30 г.; брат Каспара Юзаф, жонка Каспара Кацярына, 30 г.; дачка Зоф'я, 5 г.
6. Мужчыны па-рымску; Агата Кавалеўская, 36 г.; яе дачка Настасся, 16 г.; тое самае Юстына, 9 г.; тое самае Крысціна, 7 г.
7. Мацей Мікалайчык, 50 г.; сын Мацея Базыль, 20 г.; тое самае Ян, 13 г.; тое самае Юзаф, 3 г.; дачка Мацея Тэкля, 20 г.; тое самае Юстына, 8 г.
8. Ян Валынец, 25 г.; брат Яна Юзаф, 9 г.; жанчыны па-рымску.
9. Міхал Лукашэвіч, 30 г.; швагер Эльяш Валынец, 26 г.; сын Эльяша Ян, 5 г.; жонка Эльяша Кацярына, 29 г.; дачка Ева, 6 г.; тое самае Магдалена, 3 г.; тое самае Язафата, 2 г.
10. Ануфрый Аляшкевіч, 50 г.; Казімір Сакун, служка, 15 г.; жонка Ануфрыя Мар'яна, 40 г.
11. Ян Валынец, 60 г.; сын Яна Гжэгаш, 16 г.; тое самае, 10 г.; сястра Яна Мар'яна, 56 г.; дачка Яна Кацярына, 20 г.; тое самае Ганна, 8 г.; тое самае Еўдакія, 5, унучка Яна Таццяна.
12. Стэфан Сялевіч, 30 г.; брат Стэфана Юзаф, 19 г.; жонка Стэфана Мар'яна, 27 г.; іхняя дачка Мар'яна, 3 г.; іхняя цётка Таццяна, 20 г.
Вёска графа Паца Касілаўцы
1. Тамаш Гумбар, 50 г.; сын Тамаша Мацей, 18 г.; тое самае Юзаф, 15 г.; тое самае Мацей, 14 г.; жонка Тамаша Разалія, 40 г.; іхняя дачка Агата, 2 г.
2. Якуб Гумбар, 60 г.; сын Якуба Антон, 40 г.; тое самае Эльяш, 3 г.; сын Антона Юзаф, 1 г.; жонка Якуба Крысціна, 57 г.; дачка Крысціна, 15 г.; тое самае Караліна, 14 г.; тое самае Мар'яна, 7 г.
3. Міхал Шастак, 56 г.; сын Мікалая Пётр, 12 г.; тое самае Юзаф, 11 г.; тое самае Вінцэнт, 9 г.; жонка Міхала Роза, 56 г.; дачка Аляксандра, 18 г.; Ганна Лайбісова, паўдомніца, 30 г.; дачка Лайбісовай Барбара, 2 г.
4. Ежы Сялевіч, 35 г.; сын Ежы Габрыэль, 15 г.; тое самае Станіслаў, 3 г.; сын Габрыэля Гжэгаш, 1 г.; жонка Юзафа Алена, 30 г.; іхняя дачка Ганна, 5 г.; тое самае Мар'яна, 4 г.; жонка Яна Караліна, 20 г.
5. Ян Сялевіч, 80 г.; сын яго брата Стэфан, 50 г.; сын Стэфана Сябасцян, 17 г.; тое самае Раман, 1 г.; дачка Стэфана Зоф'я, 6 г.
6. Ежы Сялевіч, 41 г.; сын Ежы Габрыэль, 17 г.; тое самае Якуб, 4 г.; тое самае Юзаф, 2 г.; брат Юзафа Ян, 39 г.; тое самае Ян, 3 г.; маці Ежы Ганна, 60 г.
7. Вінцэнт Гумбар, 30 г.; Рыгор, пляменнік Вінцэнта, 9 г.; сястра Вінцэнта Пракседа, 31 г.; дачка Пракседы Кацярына, 5 г.; тое самае Петранеля, 3 г.; сястра Пракседы Крысціна, 20 г.
Вёска ЯВ графа Паца Бабоўцы
1. Тэадор Гумбар, 60 г.; сын Тэадора Пётр, 30 г.; тое самае Вінцэнт, 24 г.; сын Вінцэнта Ваўжынец, 4 г.; жанчыны па-рымску.
2. Габрыэль Гумбар, 45 г.; брат Габрыэля Тэадор, 40 г.; сын Тэадора Міхал, 20 г.; тое самае Марцін, 9 г.; жанчыны па-рымску.
3. Якуб Каравайчык, 45 г.; сын Якуба Юзаф, 9 г.; тое самае Якуб, 5 г.; жанчыны па-рымску.
4. Міхал Гумбар, 50 г.; сын Міхала Ян, 9 г.; тое самае Вінцэнт, 5 г.; жонка Міхала Юстына, 46 г.
5. Мужчыны па-рымску; Крысціна Гумбар, 28 г.; дачка Кацярына, 4 г.; тое самае Уршуля, 2 г.
Назва мясцін |
Дымы |
Мужчын |
Жанчыны |
||
Да камуніі |
Не да камуніі |
Да камуніі |
Не да камуніі |
||
Вёска Парачаны |
84 |
47 |
13 |
21 |
3 |
Вёска Навасёлкі |
57 |
24 |
7 |
13 |
13 |
Вёска Касілаўцы |
42 |
13 |
11 |
11 |
7 |
Вёска Бабоўцы |
18 |
19 |
11 |
31 |
8 |
Вёска Хадзюкі |
2 |
8 |
8 |
2 |
2 |
Разам |
201 |
92 |
37 |
47 |
25 |
25 жніўня 1829 г.
Святар Сымон Грачыха, парах мытлянскай царквы.
[1] Гуревич Ф. Д. Древности Белорусского понемонья. Москва-Ленинград. 1962. С. 44-45.
[2] Піваварчык С. Да этнічных працэсаў на Панямонні ў раннім сярэднявеччы // Bialoruskie zeszyty historyczne. 1999. № 11. С. 241.
[3] Сливкин В. В. Островское соглашение // Наш Радавод. Кніга 6. Ліда, 1994. С. 43.
[4] Лаўрэш Леанід. Лідчына да XIV стагоддзя // Лідскі летапісец. 2019. №3(87). С. 23.
[5] Шымялевіч Міхал. Збор твораў / укл. Л. Лаўрэш. Гродна, 2019. С. 38.
[6] Balinski М. Lipinski T. Starozytna Polska. Warszawa, 1846.T. III. S. 263.
[7] Шымялевіч Міхал. Збор твораў. С. 38.
[8] Там жа. С. 174.
[9] АВАК. Т. 13. Вильно, 1886. С. 99-100.
[10] Dyjariusz moskiewskiej wojny w Wielkim Księstwie będącej i uspokojenie onej przez jw. jmp. Pawla Sapiehę wraz z jw. jmp. Czarnieckim wojewodą ruskim nastąpione, w: Pomniki dziejów Polski wieku siedemnastego, Tom 1 1840, wydał August Podgórski. S. 164.
[11] Гл: Курбатов О.А. «Литовский поход 7168 года» князя И.А. Хованского и битва при Полонке // Славяноведение. 2003. № 4. С. 25-40.
[12] Гл: Лаўрэш Леанід. «Невядомая вайна» XVII ст. на Лідчыне і вакол яе // Лідскі Летапісец. 2019. № 1(85). C. 24-37.
[13] Гл: АВАК. Т. 15. Вильна, 1888. С. 283-285.; 313-315.
[14] Там жа. С. 314.
[15] Там жа. С. 283.
[16] Там жа. С. 313.
[17] Metryka Litewska. Rejestry Wielkiego Ksęstwa litewskiego. Województwo wileńskie 1690 r. Warszawa, 1989. S. 211.
[18] Vilnius University Library. F. 5. Ap. 8. B. 1915. Podymny rejestr szlachty powiatu Lidzkiego, 1728. Арк. без нумара.
[19] Вопісы парафій Лідскага дэканату ў 1784 г. Парафія Ваверская // Летапісец. 2013. 4(64). С. 32.
[20] Там жа. С. 33.
[21] Вопісы парафій Лідскага дэканату ў 1784 г. Белагрудская парафія // Лідскі летапісец. 2012. №2(58). С. 24-25.
[22] ДГАЛ. Ф.634. Воп. 1. Спр. 53. Арк. 93.
[23] Polski Słownik Biograficzny. Wrocław-Warszawa-Kraków-Gdańsk. 1979. T. 24. S. 705.
[24] Носов Б. В. Установление российского господства в Речи Посполитой. 1756-1768 гг. Москва, 2004. С. 668.
[25] Polski Słownik Biograficzny. T. 24. S. 705.
[26] Wolff J. Pacowie : materyjały historyczno-genealogiczne. Peterburg, 1885. S. 284-285., 305.
[27] Ключ - вялікі двор, які дзяліўся на фальваркі ці засценкі.
[28] У французскай арміі слова "шэф" з'яўлялася часткай назваў воінскіх званняў: маёр французскага войска традыцыйна называецца "шэф батальёна" (фр. Chef de bataillon) або "шэф эскадрону" (фр. Chef d'escadron).
[29] Polski Słownik Biograficzny. T. 24. S. 718-720.
[30] Кулагін А. М. Эклектыка. Мінск, 2000. С. 138.
[31] Polski Słownik Biograficzny. T. 24. S. 721-720.
[32] Лаўрэш Леанід. Паўстанчы дух. 1812, 1831, 1863 гады на Лідчыне. Гродна, 2016. С. 209.
[33] Разваліны Смірны знаходзяцца зараз на тэрыторыі сучаснага турэцкага горада Ізмір.
[34] Polski Słownik Biograficzny. T. 24. S. 720.
[35] Лаўрэш Леанід. Паўстанчы дух. 1812, 1831, 1863 гады на Лідчыне. С. 27.
[36] Приложения к трудам редакционных комиссий, для составления положений о крестьянах, выходящих из крепостной зависимости. Сведения о помещичих имениях. Т. VI. С.-Петербург, 1860. С. 17.
[37] Археографический сборник документов издаваемый при управлении Виленского учебного округа. Вильна, 1904. Т. 14. С. 136-137.
[38] Руска-пруская вайна 1757-1762 гг. Гл. па тэме: Лаўрэш Леанід. «На жаль, у нас не водзяцца гэтыя звяркі...» Якая армія прынесла ў Беларусь тараканаў? // Наша Гісторыя. 2020. №5. С. 89-91.
[39] Лізавета Пятроўна (1709-1761) - расійская імператрыца з дынастыі Раманавых.
[40] Археографический сборник документов издаваемый при управлении Виленского учебного округа. Вильна, 1904. Т. 14. С. 136-137.
[41] Гэты род тады валодаў на Лідчыне вялікай маёмасцю з цэнтрам у Гародна (у сучасным Ворнаўскім р-не)
[42] НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 41244. Арк. 31.
[43] Там жа. С. 34.
[44] Там жа.
[45] Вяршок - старажытная мера даўжыні, роўная 4,44 см.
[46] Труды Виленского отделения Московского предварительного комитета по устройству в Вильне IX Археологического съезда. Отдел II. Вильна, 1893. С. 96.
[47] А. Канстанцін Савіч (1867 г. н.), у 1890 - 1895 гг. - святар Мытлянскай царквы. Гл: Стренковский С. П. Священно- и церковнослужители православных приходов Лидского и Ошмянского уездов в XIX - начале XX века. Минск, 2019. С. 179.
[48] Савич К. Село Мыто и Колыховская икона Божией Матери // ЛЕВ. 1893. №39. С. 328.
[49] Стренковский С. П. Священно- и церковнослужители православных приходов Лидского и Ошмянского уездов в XIX - начале XX века. С. 167.
[50] Савич К. Село Мыто и Колыховская икона Божией Матери // ЛЕВ. 1893. №39. С. 328.
[51] НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 41244. Арк. 31 адв.
[52] Савич К. Село Мыто и Колыховская икона Божией Матери // ЛЕВ. 1893. №39. С. 329.
[53] Савич К. Село Мыто и Колыховская икона Божией Матери // ЛЕВ. 1893. №39. С. 329.
[54] Vilnius University Library. F. 5. Ap. 8. B. 1915. Podymny rejestr szlachty powiatu Lidzkiego, 1728. Арк. без нумара.
[55] Архіў аўтара.
[56] Лісейчыкаў Дзяніс. Святар у беларускім соцыуме: прасапаграфія ўніяцкага духавенства 1596―1839 гг. Мінск, 2015. С. 387.
[57] Там жа. С. 591.
[58] Там жа. С. 481.
[59] Лісейчыкаў Дзяніс. Штодзённае жыццё ўніяцкага парафіяльнага святара беларуска-літоўскіх зямель 1720-1839. Мінск, 2011. С. 102.
[60] Лісейчыкаў Дзяніс. Святар у беларускім соцыуме: прасапаграфія ўніяцкага духавенства 1596―1839 гг. С. 406.
[61] Архив Лидского благочиния. Ф. 1, Воп.1. Спр. 7. Арк. 101-102.
[62] Там жа.
[63] Там жа. С. 216.
[64] ЛЕВ. 1866. № 23. С. 1005-1006.
[65] Вестник Виленского Св.-Духовского Братства. № 5. 1913. С. 103.
[66] Савицкий Лев. Памяти священника Андрея Пигулевского // ЛЕВ 1879. №8. С. 62-63.
[67] Кустаў Мікалай Андрэявіч, 1852 г.н. Закончыў Цвярскую духоўную семінарыю. З 21 чэрвеня 1879 г. па 14 чэрвеня 1886 г. - святар Мытлянскай Пакроўскай царквы. - Гл: Стренковский С. П. Священно- и церковнослужители православных приходов Лидского и Ошмянского уездов в XIX - начале XX века. С. 111.
[68] ЛЕВ. 1884. № 22. С. 193.
[69] ЛЕВ. 1871. № 9. С. 377-378.
[70] Пра яго гл: Лаўрэш Леанід. Маршалкі Лідскага павета // Лідскі Летапісец. 2020. № 2(90). С. 13-19.
[71] Шымялевіч Міхал. Збор твораў. С. 41.
[72] Николай де Лазари. Наброски на бумагу. Лодзь, 2014. С. 82.
[73] А. Мікалай Пратасевіч (1860 г. н.), у 1886 па 1890 гг. - святар Мытлянскай царквы.
[74] Савич К. Село Мыто и Колыховская икона Божией Матери // ЛЕВ. 1893. №39. С. 328.
[75] Извеков Н. Статистическое описание православных приходов Литовской епархии - 1893. С. 27.
[76] НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 41244. Арк. 31-34.
[77] ДГАЛ. Ф. 634. Воп. 1. Спр. 10. Спіс парафіян Лідскага дэканату 1829 г. Парафія ў Мыто. Арк. 194-197.