Папярэдняя старонка: Рэлігійная гісторыя

Прыход у Ракавічах 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 14-09-2023,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Прыход у Ракавічах // Лідскі Летапісец. 2021. № 3-4(95-96). С. 32-41.



Самыя раннія звесткі аб царкве Раства Багародзіцы ўзыходзяць да 1515 г., калі пад храм была адведзена зямля і на ёй збудавалі драўляную царкву, адпаведныя дакументы яшчэ захоўваліся ў царкве ў сярэдзіне XIX ст. [1]

Можна не сумнявацца ў вышэй прыведзенай інфармацыі, бо Ракавічы згадваюцца ў 14-й кнізе Метрыкі ВКЛ, дзе змешчаны ліст ад 25.06.1524 г. «До пана старосты городенского в справе князя Тимофея Пузыны зъ Юхном Ванкевичом и жоною его». Гэты ліст склаў «дворанинъ королевое ее милости, великое кнегини Боны князь Тимофеи Пузыня», ён скардзіцца на дваран Юхну Ванькавіча і яго жонку. З ліста даведваемся, што князь Цімафей Пузыня разам са сваім братам князем Васілём выслужыў людзей у Гарадзенскім павеце «у Глубокомъ, и въ Баличахъ, а в Раковичахъ» [2]. Лідскі павет у той час яшчэ не склаўся, і яго заходняя частка належала да Гарадзенскага павета. Здаецца - гэта першае згадванне Ракавічаў, якое я знайшоў.

У 1540 г. будучы праваслаўны мітрапаліт Міхаіл Дзевачка бярэ шлюб з дачкой князя Цімафея Пузыны Ганнай, і Ракавічы, разам з іншымі маёнткамі Пузынаў, становяцца яго маёмасцю. Цікава, што гэта быў другі шлюб будучага мітрапаліта Кіеўскага, Галіцкага і Усёй Русі Анісіфара Пятровіча Дзевачкі [3].


У 1690 г. святар тутэйшай царквы а. Ян Звінкоўскі меў 1 дым [4]. У падымнам рэестры 1728 г. зноў згадваецца грэка-каталіцкі святар «а. Ян Дзванкоўскі, свяшчэннік Ракавіцкі, тры чвэрці дыма». Магчыма, гэта сын Звінкоўскага, але магчыма, што гэта тая самая асоба, толькі прозвішча святара замест «Звінкоўскі» пішацца як «Дзванкоўскі», што мне здаецца больш дакладным. У гэтым ж рэестры, прысутнічае «Яп Казімір Макрэцкі з Ракавічаў-Макрацоў, тры дымы» [5].

Дзяржаўца рагачоўскі Антон Казімір Макрэцкі (Макрыцкі) з 10.06.1728 г. быў лідскім канюшым, на пасаду лідскага чашніка намінаваны 10.02.1757 г. і займаў гэтаю пасаду да 06.02.1764 г. Памёр у траўні 1766 г. [6] Лідскі чашнік Антоні Казімір Макрэцкі прысутнічае і ў «Перапісе шляхты Лідскага павета 1765 г.» [7].

У падымным тарыфе 1775 г. аднымі Ракавічам валодае сын Антона Казіміра Ян Макрэцкі, якому, як убачым ніжэй, у 1757 г. было 13 гадоў. У маёнтак Ракавічы ўваходзяць наступныя вёскі: Сухары (4 дымы), Сямягі (3 дымы), Валенчыцы (1 дым), Чэрахі (1 дым), Карповічы (1 дым).

Другімі Ракавічамі валодае таксама чын Антона Казіміра Юзаф Макрэцкі якому ў 1757 г. было 17 гадоў, ён мае вёскі: Макрацы (1 дым), Сухары (3 дымы), Мардасы (2 дымы). Пра абодвух сыноў Антон Казімір Макрэцкі пісаў у сваім тэксце, які я падам ніжэй.

А маёнткам Макрэц валодае Тадэвуш Макрэцкі [8], магчыма, брат лідскага чашніка Антона Казіміра. У вёсцы Карповічы і Турыйск ён мае 2 дымы. Таксама ў рэестры прысутнічае яшчэ адзін гаспадар Макраца Людвік Макрэцкі (мае 1 дым у вёсцы Чэрахі), і Габрыэль Макрэцкі (меў 1 дым у Чэрахах, і 1 дым у Карповічах і 1 дым здаваў шляхце ў Сухарах). Нейкай часткай Макраца таксама валодаў Антон Прастынскі і Антон Бразоўскі [9].


Антон Казімір Макрэцкі стаў галоўным героем гістарычнай аповесці Віктара Гамуліцкага (1848-1919) «Сёмы амін Ягомосці пана Макрэцкага» якая была два разы выдадзена ў Варшаве, першы раз у добрым выданні 1910 г. а другі ў серыі «Танная бібліятэка» (Bibljoteka groszowa) у 1925 г. [10] Аповесць стылізавана пад сармацкую «гавэнду» ў духу раманаў Ржавускага ці Ходзькі і расказвае пра прыгоды нашага шляхціца па імені Ягамосці Макрэцкага і яго трэці шлюб. Ідэальна напісаная аповесць пераканаўча рэканструюе ментальнасць і рэлігійнасць шляхты ў другой палове XVIII ст., знаёміць з рэаліямі, характэрнымі для эпохі. Прынятая формула рамана-падарожжа дазваляла апавядальніку даехаць да ўсіх месцаў разам з выбраным героем - у магнацкую сядзібу, палац, манастыр, карчму, засценак, шляхецкую сядзібу. Гамуліцкі паказаў, як жыў шляхціц-сармат, як частаваўся, напіваўся, маліўся, спаў, любіў, ненавідзеў і ваяваў. Як ён жыў у сваім маленькім, але цалкам упарадкаваным вясковым сусвеце. У гэтым сусвеце не было вялікіх людзей, але ўвесь твор напоўнены духам элегічнага шкадавання аб мінулых часах гістарычнай Літвы [11]. У аповесці неаднаразова згадваюцца Ліда і Ракавічы.

Відочна, што Віктар Гамуліцкі працаваў з нейкімі ўспамінамі Макрэцкага [12], бо фактура аповесці супадае з гістарычнымі падзеямі, а запісы Макрэцкага, з якіх пачынаецца аповесць, цалкам рэалістычныя і маюць толькі невялікія памылкі, як напрыклад замест 1757 г., калі Макрэцкі ўжо быў лідскім чашнікам, галоўны герой запісвае сябе чашнікам ужо ў 1751 г. Але, гэта цалкам зразумелая памылка пры чытанні рукапісу, бо не цяжка пераблытаць «1» і «7». Наогул, каб Гамуліцкі не меў нейкіх успамінаў лідскага чашніка, было б цалкам немагчыма зразумець, чаму аўтар, які нарадзіўся ў Астраленцы і ўсё жыццё пражыў у Варшаве, узяўся пісаць пра лідскага шляхціца, які зусім не быў магнатам, а валодаў толькі трыма дымамі. У асноўным супадае з рэальнымі гістарычнымі асобамі і інфармацыя пра яго жонак, недакладнасць з першай жонкай таксама можна палічыць за праблему чытання рукапісу. Таму, я дам пераклад тэкста, напісанага чашнікам пра сваю сям'ю, з гэтага тэкста ўзятага ў двухкоссе, і пачынаецца аповесць:

«1751 г. [13], 20 ліпеня мая наймілейшая жонка, мая дабрадзейка, развіталася, памерла а 7-й гадзіне пасля поўдня, мела яна 46 гадоў.

Мы жылі разам 20 гадоў з ласкі нашага Пана Бога, якія прайшлі як 20 тыдняў.

Пахавана яна ў ракавіцкай царкве.

Хай Пан Бог, Творца неба і зямлі, будзе міласцівы да яе душы і дасць ёй вечны адпачынак і пратэкцыю Найсвяцейшай Панны і ўсіх Божых святых і асабліва святых Кацярыны і Ефрасінні.

Аман.

Яе звалі Кацярына Ефрасіння з дома Гуневічаў (магчыма, маецца на ўвазе скарбнік Гутаровіч [14]), яе маці - Ганна з Красінскіх, гомельская старасцянка.

Для славы Пана Бога, Святой Тройцы і Найсвяцейшай Панны мы нарадзілі сабе сем дзетак - пяць сыноў і дзве дачкі.

Першы сын, Яўхім Януарый, памёр у Рагачове за два тыдні да першага годзіка і пахаваны ў рагачоўскіх базыльянаў. Хай Пан Бог, Творца неба і зямлі, прыме яго паміж анёлаў.

Аман. Аман.

Дачка Альжбета жыве, і хай Пан Бог дабраславіць яе ў далейшым жыцці, засталася без маці ў 18 гадоў.

Сын Юзаф мае 17 гадоў, хай жыве ў Боскім дабраславенні.

Сын Ян мае 13 гадоў, і дай яму, Пане, доўгі век з тваім Боскім дабраславенствам.

Сын Андрэй Урсын памёр у Бярдзічаве і там пахаваны ў кармелітаў - паўтара годзіка. Пане Божа Усемагутны, дай яму месца сярод анёлаў.

Аман. Аман. Аман.

Сын Станіслаў некалькі тыдняў не дажыў да першага годзіка свайго жыцця, памёр і быў пахаваны ў ракавіцкай царкве. Залічы яго, Пане, у свае палкі анёлаў, серафімаў і херувімаў.

Аман. Аман. Аман. Аман.

Дачка Урсула памерла 28 кастрычніка 1750 г., мела чатыры месяцы, пахавана ў ракавіцкай царкве. Хай ёй свеціць Вечнае святло.

Аман. Аман. Аман. Аман. Аман.

Станіслаў і Урсула з іх маці і маёй жонкай і дабрадзейкай ляжаць у адным склепе. Вечны адпачынак дай ім, Пане.

Дзеля памяці, гэтай маёй рукой я напісаў для памяці і, каб мае дзеці ведалі.

Пісана ў Ракавічах, 28 ліпеня 1751 г. Падпісана сваёй рукой: Антон Казімір Макрэцкі, чашнік Лідскага павета, ротмістр Вялікай булавы войска ВКЛ»


На адвароце таго жа ліста Макрэцкі напісаў наступнае:

«Першую жонку меў з дома Гальеўскіх, скарбнікаўна Ашмянскага павета [15], у першым шлюбе была за Фашчам, старадубскім суддзём. Жыла з ім 13 гадоў, але патомства не мела.

Узяў першую жонку ўдавой і жыў з ёй добра і шчасліва пяць з паловай гадоў, меў анёла ў жаночай постаці. Нарадзілі з ёй дзве дачкі: Ганну і Канстанцыю.

Мая жонка-дабрадзейка Багуміла з Гальеўскіх памерла 1 траўня 1731 г., у дзень святых апосталаў Піліпа і Якуба.

Яе цела пахавана ў бабінцы гомельскага касцёла, пры касцельных дзвярах, ля самага парога, як яна сама жадала. Хай спачывае з Панам Богам адзіным у Святой Тройцы, у вечным святле, каля Найсвяцейшам Панны і ўсіх святых, а асабліва яе патронкі святой Багумілы.

Аман. Аман. Аман. Аман. Аман. Аман.

Гэта напісана 28 ліпеня 1728 г. у Ракавічах.

А. К. Макрэцкі» [16].


У аповесці не згадваецца цудадзейны абраз, але, як бачым, Макрэцкі быў вельмі пабожным чалавекам і фундаванне новага будынка царквы для цудадзейнага абраза, прыблізна супадае з часам, калі ён пахаваў сваю другую жонку ў фамільным склепе ракавіцкай царквы.

Згодна з паданнем, лідскаму чашніку Антону Макрэцкаму ў сне з'явілася Найсвяцейшая Панна і сказала знайсці на рацэ яе абраз. Зранку Макрэцкі выправіўся ў паказанае месца і ўбачыў там абраз Дзевы Марыі, які рухаўся супраць воднай плыні. Макрэцкі узяў з вады ікону і насупраць таго месца, дзе яна спынілася, на свае сродкі збудаваў храм. Пазней рэчка амаль што перасохла і змяніла рэчышча, але на яе месцы стала біць цудадзейная крыніца, вада з якой ацаляла багамольцаў. Менавіта да гэтых святыняў штогод 10 жніўня і сёння ідуць паломнікі.

Па інфармацыі ракавіцкага святара і мясцовага настаўніка, якую яны далі на пачатку 1890-х гг. складальніку саліднага зборніка «Труды Виленского отделения Московского предварительного комитета по устройству в Вильне IX Археологического съезда» Фёдару Пакроўскаму, абраз найсвяцейшай Багародзіцы з надпісам на грэцкай мове з'явіўся на грушы ў садзе Макрэцкага, «дзе і была першачаткова пабудаваная царква» [17].

Аднак ў сучаснай праваслаўнай літаратуры, абшарнік Макрэцкі, стаў мешчанінам Макрэцкім, што, калі мець ідэалагічны падыход да гісторыі, цалкам зразумела, бо і сапраўды, католік Макрэцкі не мог прычыніцца да культу праваслаўнага абраза. А пра тое, што першасна абраз быў грэка-каталіцкім, а ў царкоўным склепе пахаваны жонка, дачка і сын абшарніка, і, верагодна, тут жа пахаваны і сам фундатар царквы, лідскі чашнік Антон Казімір Макрэцкі - пра гэта казаць нікому не трэба. Зразумела, што недзе там, дзе стаяла старая драўляная царква, і зараз спачываюць парэшткі Макрэцкіх.

У адрозненне ад паданняў, у фундаментальнай кнізе-даведніку «Віленская губерня» памерам больш за 700 старонак, якую ў 1861 г. выдаў капітан расійскага генеральнага штаба А. Карэва, напісана наступнае: «Ракавіцкая драўляная св. Барародзіцкая царква стаіць у сяле Ракавічы ... пабудавана ў 1754 г. абшарнікам Макрэцкім. У гэтай царкве знаходзіцца цудадзейны абраз найсвяцейшай Багародзіцы» [18]. Зразумела, што драўляны храм 1754 г. быў пабудаваны замест струхнеўшага храма, пастаўленага недзе каля 1515 г.


У 1784 г. Ракавічы - двор і царква васпанства Макрэцкіх (як бачым царква і насамрэч стаяла ў двары абшарніка, а вёска Ракавічы, «ritus graeci» (рускага абраду, г. з. уніяцкая), належала тым жа Макрэцкім [19]. Царква тады выглядала наступным чынам: «Царква пад тытулам Унебаўзяцця Панны Марыі, фундацыі і каляцыі Яп Макрэцкіх, знаходзіцца ў Лідскім павеце і дэканаце. Драўляная, стаіць на каменным фундаменце, з дзвюма вежамі, крытая гонтай, паміж вежаў, пасярэдзіне знаходзіцца фацыята. На іх тры жалезныя крыжы, шырокі купал … з жалезным крыжам. Ёсць малы купал з жалезным крыжам» [20].

Звяртае ўвагу наяўнасць у царкве, фундаванай рыма-католікам, царскіх варот і іканастаса, што ў тыя часы было ўжо выключэннем з правіл: «Дэісус (іканастас з абразамі дэісуснага чыну - Л. Л.) з абразом св. апосталаў і прарокаў, пафарбаваныя падвойныя царскія дзверы сніцарскай работы на жалезных завесах з зашчапкай» [21].

Цудадзейны абраз мае вялікае шанаванне: «Алтар Дэісуса. Сталярнай работы, пафарбаваны, з абразам Найсвяцейшай Панны, ласкамі слыннай, на ім 2 срэбныя зоркі, добрая срэбная шата …, другая срэбная белая, белых штофавых фіранак - 1 пара» [22].


Акрамя святара (ці святароў) Яна Дзванкоўскага, нам вядомы наступныя грэка-каталіцкія святары ракавіцкай царквы.

У 1732 г. тут служыць а. Н. Радзевіч [23].

У 1752 г., прыкладна ў той час, калі была пабудавана новая царква і з'явіўся цудадзейны абраз, святаром ракавіцкай царквы быў а. Геранім Багдановіч [24].

А. Міхал Бубаловіч - святар царквы ў 1772-1775 гг., ён памёр да 02.08.1788 г. [25]

А. Антон Снарскі высвечаны пінска-тураўскім епіскапам Г. Дашковічам-Гарбацкім у 1782 г., у 1782-1784 гг. ён - вікары царквы ў мястэчку Астрына, у 1782 г. - адміністратар царквы ў Ракавічах [26].

А. Ануфры Ясінскі - з 28.05.1788 па 21.01.1792 г. святар царквы ў Ракавічах. Паходзіў з сям'і месцічаў, высвечаны мітрапалітам Л. Шаптыцкім на пасаду вікарыя царквы ў мястэчка Свіслач Менскага павета, з 1784 г. служыць у вёсцы Радамысль Жытомірскага павета, потым у Ракавічах, пасля чаго, з 1793 г. з'яўляецца адміністратарам царквы ў мястэчку Орля на Лідчыне [27].

А. Марцін Брадоўскі, ракавіцкі святар у 1795 г., «звычаяў ухвальных, навук слабых, не найлепшы гаспадар, занядбаў плябанскую забудову» [28].

А. Альвіян (Альбін) Фармасевіч (1797-09.12.1898) святар ў Ракавічах у 1832-1837 гг., з 1835 г. лідскі віца-дэкан, меў сына Лангвіна (1824 г. н.), пахаваны каля царквы ў в. Гошчава тагачаснага Слонімскага павета [29]. Цікава, што ў сярэдзіне ХІХ ст. ў вёсцы Гошчава (сучасны Івацэвіцкі р-н) мясцовы святар Лангвін Фармасевіч кіраваў раскопкамі курганоў, быў самадзейным археолагам [30].

Ракавічы. Рамонт царквы каля 1900 г.

А. Альвіян Вікенцьевіч Фармасевіч нарадзіўся ў сям'і сабакінскага святара Вікенція Фармасевіча [31] і імя Альбін святар ўзяў ужо пасля скасавання уніі, хрышчаны ён быў Рамуальдам, але, пэўна, гэтае імя аказалася занадта каталіцкім. Закончыў гарадзенская вучылішча пры гімназіі, пасля чаго нейкі час служыў чыноўнікам у чыне калежскага рэгістратара. Звольніўшыся з чыноўніцкай пасады, пайшоў вучыцца ў Літоўскай семінарыі і ў 1826 г. быў высвечаны ў святары сабакінскай царквы, а ў 1832 г. пераведзены ў ракавіцкую царкву [32].

У 1864 г. святар ракавіцкай царквы, шчучынскі віца-дабрачынны а. Альвіян Фармасевіч, зрабіў новую падлогу і адрамантаваў падмурак старой, яшчэ ўніяцкай царквы [33].

Памёр Фармасевіч 6 лютага 1872 г., і адразу з'явіліся чуткі пра самагубства 82-х гадовага святара. «Літоўскія Епархіяльныя ведамасці» абверглі «краснобайство» і чуткі, паведаміўшы пра смерць старога святара ад апаплексічнага ўдару [34].


8 верасня 1877 г. была высвечана новая, мураваная ракавіцкая царква [35], пабудаваная ў архітэктуры псеўдарускага стылю.

Пры канцы 1920 - пачатку 1921 г. па пастановах сялян на свой кошт у Ракавіча была адчынена беларуская школа [36].

У 1924 г. прыхаджане царквы збіралі грошы для рамонту царквы (тынкоўка, рамонт купала). Працы былі зроблены толькі ў 1926 г. [37]

Абраз Маці Божай Ракавіцкай вельмі шануецца і сёння. Штогод 9-10 жніўня шматлікія паломнікі прыходзяць у вёску Ракавічы, каб прасіць абраз аб дапамозе, падзякаваць за міласць і памаліцца.

Дадаткі

Візітацыя царквы ў Ракавічах, 1784 г. [38]

Царква пад тытулам Унебаўзяцця Панны Марыі, фундацыі і каляцыі Яп Макрэцкіх, знаходзіцца ў Лідскім павеце і дэканаце. Драўляная, стаіць на каменным фундаменце, з дзвюма вежамі, крытая гонтай, паміж вежаў, пасярэдзіне знаходзіцца фацыята. На іх тры жалезныя крыжы, шырокі купал … з жалезным крыжам. Ёсць малы купал з жалезным крыжам … Уваходныя дзверы аднастворкавыя на падвойных завесах з зашчапкай, прабоямі і навясным замком. Пасля ўваходных дзвярэй маюцца другія дзверы на завесах у чатыры створкі, дзверы пагабляваныя і пафарбаваныя, з унутраным замком. Над гэтымі дзвярыма - хоры з балясінамі. Столь з дошак, старая, падлога з дошак. 7 вокнаў. Амбон сталярнай работы, пафарбаваны. 3 лаўкі сталярнай работы. З левага боку - сакрыстыя, у якой адно акно белага шкла з акяніцай на завесах з зашчапкай, тут жа прастол з шуфлядамі. Дзверы на завесах. З правага боку каля вялікага алтара - падвойныя дзверы на завесах з зашчапкай.


Вялікі алтар. Сталярнай работы, пафарбаваны, з абразом … Найсвяцейшай Панны. Над алтаром праменні Святога Духа. Прастол драўляны з пафарбаванай заслонай. На ім пафарбаваная дараносіца сталярнай работы, дзе Святыя дары ў срэбнай дараносіцы з верхам і крыжыкам. Срэбнае ўкрыжаванне і дзве пары па сем падсвечнікаў. Ручнікоў - 2, адзін тканы, другі з швабскай тканіны ў кветкі. Антымінс ЯВ мітрапаліта Грабніцкага … з накрыўкай. Падушачка пад мшал. Дэісус (іканастас з абразамі дэісуснага чыну - Л. Л.) з абразом св. апосталаў і прарокаў, пафарбаваныя падвойныя царскія дзверы сніцарскай работы на жалезных завесах з зашчапкай, паўночныя дзверы на завесах, пафарбаваныя.

Алтар Дэісуса. Сталярнай работы, пафарбаваны, з абразом Найсвяцейшай Панны, ласкамі слыннай, на ім 2 срэбныя зоркі, добрая срэбная шата …, другая срэбная белая, белых штофавых фіранак - 1 пара. Уверсе абраз Пана Езуса з каронай … срэбнай. Драўляны прастол з пафарбаванай заслонай. На ім пафарбаваная алавяная дараносіца, якая замыкаецца, драўлянае ўкрыжаванне. Добрых алавяных падсвечнікаў - 2. Тканых ручнікоў … - 3. Палатняная накрыўка. Падушачка пад мшал.

Другі алтар. Пад Дэісусам і Небаўзяццем Панны Марыі. На ім - 4 срэбныя кароны, таблічка - 1. Шнуркоў з бісерам - 5, караляў - 4. Фіранак з кітайшчыны … - 1 пара. Уверсе абраз Найсвяцейшай Панны. На драўляным пафарбаваным прастоле - дараносіца сталярнай работы, якая замыкаецца, на прастоле драўлянае ўкрыжаванне. Драўляных падсвечнікаў - 2. Адзін ручнік. Заслона прастола пафарбаваная. Перад прастолам прыступка.

Бакавы алтар. Пафарбаваны, сталярнай работы з абразом св. Юзафа, на ім фіранкі з кітайшчыны … - 1 пара. Уверсе - абраз св. Антонія. На прастоле - драўлянае ўкрыжаванне. Драўляных падсвечнікаў - 2 пары. Абрус. Заслона прастола пафарбаваная.

Царкоўнае начынне. Срэбная даразахавальніца з крыжыкам, пазалочаная ўнутры. Срэбны пацір з дыскасам пазалочаны ўнутры. Другі срэбны, пазалочаны ўнутры пацір, паламаны …, срэбная даразахавальніца … . Сардэчак вялікіх і малых - 10 штук. Таблічак вялікіх і малых - 44 штукі. Ручак - 21 штука. … - 1 конік. Шнуркоў з перламі - 5. Сярэдніх (памераў) караляў - 2 штукі. Заручальных пярсцёнкаў шырокіх - 2. Заручальных пярсцёнкаў … - 2. Заручальных пярсцёнкаў вялікіх - 2. Бісеру - 6 шнуркоў і 8 шнуркоў большых. У кукардзе - 5 шнуркоў. Бісеру ў кароне … - 1. Кукардаў - 2, адна з … каменчыкаў, другая з бісерам. … завушнічак - 2 пары. Галантарэі з рэкліквіараў - 6. Шкаплераў - 2 пары. Універсум таблічак … сардэчка … - 4. Вага - 13 грывень і 6 лотаў. Пацір з дыскасам - 1 грыўня і 10 лотаў. Пацір з дыскасам і лыжачкай срэбныя - 1 грыўня і 11 лотаў. Срэбнае ўкрыжаванне - 1 грыўня і 12 лотаў. Срэбная даразахавальніца з покрыўкай - 1 грыўня і 9 лотаў. 2-я срэбная даразахавальніца з покрыўкай - 1 грыўня і 10 лотаў. Дараносіца для хворых - 8 лотаў. Шата з каронамі і 12 зоркамі на Найсвяцейшай Панне важыць 24 грыўні. 10 званкоў важаць 2,5 фунта. Падсвечнікі алавяныя - 3 пары, важаць 54 фунты. Мерніца важыць палову фунта. Кадзіла малое … крыж працэсіяльны … дзве харугвы. Кітайка ў паскі за абразом …

Літургічнае ўбранне. Арнат штафовы … белы ў кветкі, з усім неабходным. 2-гі адамашкавы кармазынавы з белым каўняром, з усім неабходным. 3-ці … на белым фоне з каўняром, з усім неабходным. 4-ты блакітны, стары …, з усім неабходным 5-ты адамашкавы, кармазынавы. Арнат лацінскі, грэдутовы, блакітны … 2-гі … у кветкі … 2 альбы з тканіны з карункавымі гумераламі. … комжа з тканіны. Швабскіх кампаралаў - 3. Пурыфікатараў - 10.

Кнігі. Службоўнікаў - 2 ін-фоліо, віленскія, старыя. Трэбнік не цэлы. Стары актоіх. Мінея старая. Польская евангелічка. Метрыкі шлюбаў і пахаванняў.

Могілкі. Агароджаны плотам з галля. Званіца на 3 слупах з 3-ма званамі, адзін важыць паўтара камяні і другі столькі ж. Трэці паламаны, важыць 90 фунтаў. Сігнатурка ў купале - 6 фунтаў.

Плябанія. Першы пакой паліцца па беламу. Дзверы сталярнай работы на завесах з клямкай, 3 акны белага шкла. У другім пакоі дзверы на жалезных зашчапках з унутраным замком, 2 акны, кафляная печ на пакой і камору … У сенях - дзверы на жалезных завесах з клямкай, насупраць - пякарня, у яе дзверы на завесах, 3 акны, простая печ …

Свіран стары і ў дрэнным стане.

Гумно новае, на 6 сохах, вароты з дошак.

Абора добрая, на 8 сохах …

Адрына новая, пакрытая саломай. …

Царкоўная зямля. Адна ніва ва ўрочышчы Зэрдзінаўшчына, пачынаецца ад дарогі, якая вядзе з Лапатаў да Турэйска …2-я ніва пад гаем …. 3-я ніва каля ўрочышча Крывое.

Падданыя плябаніі. 1-шы. Стэфан Шыш, жанаты, мае 3 сыны: Грышку, жанатага сына, Казіміра, нежанатага сына, Тамаша Міхала, нежанатага сына. Хата старая з каморай і сенямі, свіронак малы і стары, гумно на 2 сохах, малы хляўчук. 1 конь, 2 валы, 1 карова, 1 свіння, 8 авечак, зямлі палова валокі.

2-гі. Лукаш Шыш, … жанаты. Брат Стэфан нежанаты. Сын Раман, старая хата з каморай і сенямі, адрынка на дзвюх сохах і малы драўляны хлеў. 2 валы, 1 конь, зямлі палова валокі.

3-ці. Ян Шыш, жанаты. Сын Геранім. Старая хата з каморай і сенямі. Новы свіронак, новае гумно на дзвюх сохах, адрынка на 2 сохах … 1 конь, 1 вол, 2 каровы, 3 свінні, 3 авечкі.

Дакументы. Фундушу ў царквы няма. Маюцца акты візітаў: Яв святара Высеўскага ў 1758 г., Яв святара, лідскага дэкана Пятровіча ў 1766 г., Яв святара Кастрэвіча ў 1768 г., Яв святара Бялькевіча ў 1763 г. …

У гэтай царкве адміністратарам Антон Снарскі …


Парафіяне царквы ў Ракавічах, 31 ліпеня 1829 г. [39]

Мястэчка Ракавічы:

1. Ежы Стасюкевіч, 32 г.; Васіль, яго пляменнік, 18 г.; жонка Ежы Тэадора, 20 г.; дачка Тэадора, 13 г.

2. Міхал Жаўнерчык, 41 г.; яго сын Ян, 13 г.; 2-гі Андрэй, 4 г.; 3-ці Базыль, 2 г.; жонка Міхала Анастасія, 32 г.; маці Анастасіі Альжбета, 61 г.; дачка Альжбеты Ганна, 18 г.

3. Раман Стасюкевіч, 52 г.; сын Рамана Ян, 23 г.; сын Яна Юзаф, 1 г.; брат Рамана Аляксандр, 34 г.; сын Аляксандра Тамаш, 8 г.; 2-гі сын Себасцян, 6 г.; жонка Яна Клара, 18 г.; маці Клары Агата, 48 г.; Ганна, дачка Рамана, 13 г.; 2-я дачка Паўліна, 11 г.; жонка Аляксандра Пракседа, 29 г.; дачка Пракседы Петранеля, 4 г.; 2-я Крысціна, 4 г.; 3-я Кацярына, 1 г.

Вёска Сямяхі:

1. Якуб Бабіч, 51 г.; сын Якуба Юзаф, 26 г.; 2-гі сын Казімір, 24 г.; 3-ці сын Ян, 12 г.; сын Юзафа Мікалай, 3 г.; кузен Якуба Бабіча Пётр Кукаль, 39 г.; жонка Якуба Магдалена, 48 г.; дачка Магдалены Анастасія, 20 г.; 2-я дачка Таццяна, 11 г.; жонка Язафа Магдалена, 23 г.; жонка Казіміра Тарэза, 18 г.; жонка Пятра Барбара, 25 г.;

2. Тамаш Ступакевіч, 39 г.; сын Тамаша Даміан, 16 г.; 2-гі сын Стэфан, 11 г.; 3-ці сын Пётр, 5 г.; 4-ты сын Ежы, 1 г.; жонка Тамаша Крысціна, 33 г.; служка Мар'яна Чарняк, 18 г.; 2-я служка Антаніна Сакалоўская, 7 г.

3. Яўхім Асавік, 46 г.; сын Яўхіма Ян, 23 г.; 2-гі сын Антон, 14 г.; 3-ці сын Якуб, 10 г.; 4-ты сын Кандрат, 1 г.; Ян Трахімчык, швагер, 35 г.; сын Яна Ягор, 3 г.; жонка Яўхіма Францішка, 46 г.; дачка Францішкі Вікторыя, 20 г.; жонка Яна Ганна, 22 г.

4. Себасцян Грыневіч, сын Себасцяна Леан, брат Себасцяна Андрэй, у гэтай хаце ўсе мужчыны лацінскага абраду; жонка Себасцяна Мар'яна, 38 г.; дачка Мар'яны Антаніна, 12 г.; 2-я дачка Ганна, 7 г.; 3-я дачка Барбара, 1 г.; жонка Андрэя Ганна, 32 г.; дачка Ганны Петранеля, 1 г.

5. Міхал Асавік, 31 г.; сын Міхала Андрэй, 5 г.; брат Міхала Леан, 29 г.; сын Леана Ян, 4 г.; 2-гі брат Міхала Пётр, 20 г.; жонка Міхала Пракседа, 30 г.; дачка Пракседы Антаніна, 8 г.; 2-я дачка Антаніна, 1 г.; жонка Леана Ева, 25 г.; дачка Евы Барбара, 1 г.; сястра Міхала Тэадора, 24 г.; 2-я сястра Антаніна, 18 г.; мачаха Міхала Анастасія, 48 г.; дачка Анастасіі Магдалена, 14 г.; 2-я дачка Мар'яна, 9 г.

6. Сымон Зайчкоўскі, 56 г.; сын Сымона Ян, 28 г.; 2-гі сын Сымон, 19 г.; жонка Сымона Агнешка, 51 г.; дачка Агнешкі Тэадора, 26 г.; жонка Леана Агата, 24 г.; дачка Агаты Ганна, 5 г.

7. Ян Бабіч, 41 г.; сын Яна Мікалай, 15 г.; пляменнік Яна Марцін, 25 г.; жонка Яна Ганна, 30 г.; дачка Ганны Юстына, 8 г.; 2-я дачка Мар'яна, 5 г.; пляменніца Яна Барбара, 9 г.; дачка Марціна Юстына, 1 г.

8. Гжэгаш Асавік, 36 г.; сын кутніцы Анастасіі Міхал, 13 г.; служка Міхал Чарняк, 19 г.; Адам Цямяневіч (?) 24 г.; Міхал Залеўскі, лац. абраду; жонка Гжэгаша Ганна, 30 г.; дачка Гжэгаша і Ганны Ганна, 9 г.; здымае кут (кутніца) Анастасія Іванчык, 51 г.; служка Антаніна Асавік, 18 г.; жонка Міхала Агата, лац. абраду.

9. Ян Зайнчкоўскі, 49 г.; сын Яна Кандрат, 26 г.; 2-гі сын Фелікс, 14 г.; 3-ці сын Андрэй, 8 г.; пляменнік Яна Марцін, 27 г.; 2-гі пляменнік Ігнат, 17 г.; сын Марціна Юзаф, 1 г.; дачка Яна Зоф'я, 17 г.; жонка Кандрата Ганна, 24 г.; дачка ўдавы Кацярына Таццяна, 23 г.; 2-я дачка Пракседа, 16 г.; жонка Ігната Юстына, 22 г.

10. Сымон Ступакевіч, 29 г.; брат Сымона Міхал, 23 г.; сын Міхала Рыгор, 1 г.; 2-гі брат Сымона Тэадор, 17 г.; жонка Сымона Разалія, 26 г.; дачка Разаліі Ганна, 7 г.; 2-я дачка Кацярына, 6 г.; жонка Міхала Мар'яна, 25 г.; удава Анастасія Ступакевіч, 34 г.; дачка Анастасіі Анюта, 11 г.;

11. Яўхім Дробыш, 33 г.; сын Яўхіма Андрэй, 9 г.; 2-гі сын Яўхіма Леан, 4 г.; брат Яўхіма Антон, 19 г.; Адам Рудкевіч, лацінскага абраду; жонка Яўхіма Ганна, 31 г.; дачка Ганны Пракседа, 13 г.; 2-я дачка Мар'яна, 8 г.; 3-я дачка Тарэза, 1 г.; жонка Антона Вікторыя, 31 г.; жонка Адама Ганна, 34 г.; дачка Пракседа, 6 г.; сястра Яўхіма Тарэза, 26 г.; 2-я, родная сястра Яўхіма Тарэза, 31 г.;

12. Ежы Асавік, 41 г.; сын Ежы Цыпрыян, 11 г.; паўдомнік (здымае палову дома - Л. Л.) Андрэй Чарняк, 45 г.; сын Андрэя Міхал, 15 г.; 2-гі сын Мікалай, 14 г.; жонка Ежы Мар'яна, 31 г.; дачка Мар'яны Зоф'я, 9 г.; 2-я дачка Тэкля, 6 г.; 3-я дачка Марыя, 4 г.; пляменніца Ежы Ганна, 20 г.

Вёска Мардасы:

1. Міхал Шэўчук, 27 г.; брат Міхала Эльяш, 26 г.; 2-гі брат Ян, 13 г.; 3-ці брат Базыль, 10 г.; стрыечны брат Сымон, 41 г.; жонка Міхала Мар'яна, 26 г.; сястра Міхала Канстанцыя, 25 г.; 2-я сястра Ганна, 24 г.; 3-я сястра Кацярына, 15 г.; удава Анастасія, 56 г.

2. Мацей Шэўчук, 39 г.; сын Мацея Гжэгаш, 12 г.; 2-гі сын Мацей, 9 г.; 3-ці сын Міхал, 4 г.; пляменнік Мацея Ежы, 34 г.; сын Ежы Міхал, 8 г.; 2-гі сын Павел, 4 г.; Караль Маўкала (?), 18 г.; жонка Мацея Тэкля, 34 г.; дачка Тэклі Тэкля, 8 г.; 2-я дачка Юлька, 2 г.

3. Адам Асцюкевіч, 55 г.; сын Адама Ян, 9 г.; выхаванец Адам Асцюкевіч, 15 г.; сын Яна Барталамей, 9 г.; Тэадор Асцюкевіч, 30 г.; сын Тэадора Міхал, 4 г.; жонка Адама Люцыя, 32 г.; дачка Люцыі Зузанна, 9 г.; жонка Яна Тарэза, 44 г.; дачка Яна Барбара, 4 г.; жонка Станіслава Мар'яна, 30 г.

4. Леан Асцюкевіч, 43 г.; сын Леана Стэфан, 12 г.; пляменнік Леана Себасцян, 19 г.; сын Леана Ян, 1 г.; дачка Леана Марыля, 18 г.; 2-я дачка Міхаліна, 9 г.

5. Стэфан Шэўчук, 66 г.; сын Стэфана Ян, 25 г.; 2-гі сын Ясюк, 15 г.; пляменнік Стэфана Стэфан, 22 г.; сын Яна Стэфан, 5 г.; пляменнік Стэфана Ян, 2 г.; жонка Стэфана Крысціна, 60 г.; дачка Крысціны Кацярына, 32 г.; жонка Яна Разалія, 28 г.; дачка Разаліі Антаніна, 8 г.

6. Адам Яцкевіч, 63 г.; сын Адама Захарыюш, 32 г.; 2-гі сын Антон, 31 г.; 3-ці сын Юзаф, 12 г.; сын Захарыюша Адам, 13 г.; 2-гі сын Якуб, 10 г.; 3-ці сын Язафат, 8 г.; выхаванец Ян Шэўчук, 16 г.; пасынак Андрэй Шэўчук, 21 г.; жонка Адама Пракседа, 61 г.; дачка Пракседы Разалія, 13 г.; 2-я дачка Брыгіда, 10 г.; жонка Захарыюша Крысціна, 32 г.; дачка Крысціны Тарэза, 19 г.; 2-я дачка Хелена, 1 г.; удава Агаф'я Пузава, 61 г.; дачка Адама Ганна, 1 г.

7. Лукаш Асцюкевіч, 35 г.; сын Лукаша Ян, 16 г.; 2-гі сын Стэфан, 13 г.; 3-ці сын Якуб, 10 г.; 4-ты сын Міхал, 3 г.; жонка Лукаша Мар'яна, 32 г.; дачка Мар'яны Анастасія, 11 г.

8. Пётр Дробыш, 69 г.; сын Пятра Ежы, 30 г.; 2-гі сын Базыль, 27 г.; сын Базыля Стэфан, 5 г.; жонка Пятра Мар'яна, 52 г.; жонка Ежы Ганна, 30 г.; дачка Ганны Міхаліна, 5 г.; 2-я дачка Магдалена, 3 г.; жонка Базыля Анастасія, 25 г.; дачка Анастасіі Альжбета, 4 г.; служка Мар'яна Дробыш, 19 г.; дачка Васіля Альжбета, 1 г.

Вёска Валанчыцы:

1. Ян Яцкевіч, 52 г.; сын Яна Сымон, 17 г.; 2-гі сын Яўхім, 14 г.; стрый Яна Гжэгаш, 60 г.; пляменнік Яна Адам, 24 г.; жонка Адама Разалія, 27 г.; дачка Разаліі Караліна, 8 г.; удава Ганна, 56 г.; дачка Яна Ева, 8 г.

2. Леан Піліпчык, 43 г.; сын Леана Грынь, 8 г.; жонка Леана Кацярына, 32 г.; дачка Кацярыны Рэгіна, 17 г.; 2-я дачка Ганна, 9 г.; 3-я дачка Еўдакія, 4 г.; жонка Пятра Агата, 45 г.; яе дачка Тэкля, 14 г.

2. Мікалай Санчук, 24 г.; брат Мікалая Ежы, 21 г.; 2-гі брат Якуб, 20 г.; 3-ці брат Пётр, 17 г.; жонка Мікалая Мар'яна, 24 г.; дачка Мар'яны Марыя, 4 г.; жонка Якуба Кацярына, 21 г.; братавая Мар'яна, 58 г.; яе дачка Ганна, 22 г.

Вёска Навасёлкі:

1. Кандрат Эльяшэвіч, 53 г.; сын Кандрата Мацей, 25 г.; 2-гі сын Антон, 17 г.; 3-ці сын Ежы, 15 г.; 4-ты сын Юры, 12 г.; 5-ты сын Андрэй, 1 г.; жонка Кандрата Аксіння, 54 г.; сястра Аксінні Агата, 39 г.; жонка Мацея Кацярыны, 26 г.

2. Васіль Кратовіч, 62 г.; сын Васіля Мікалай, 33 г.; 2-гі сын Ваўжынец, 22 г.; жонка Васіля Рэгіна, 68 г.; дачка Рэгіны Петранеля, 26 г.; жонка Мікалая Аляксандра, 23 г.; жонка Ваўжынца Ганна, 22 г.; дачка Рэгіны Даміцэля, 1 г.; жонка Адама Агата, 53 г.

3. Адам Аксавік 52 г.; сын Адама Тэадор, 29 г.; 2-гі сын Юзаф, 10 г.; сын Тэадора Ігнат, 5 г.; 2-гі сын Ян, 1 г.; жонка Адама Агата, 53 г.; дачка Агаты Магдалена, 14 г.; жонка Тэадора Ганна, 33 г.

Вёска Хільчыцы:

1. Леан Карпяйчук, 53 г.; сын Леана Францішак, 26 г.; 2-гі сын Тамаш, 10 г.; брат Леана Ян, 48 г.; сын Яна Тэадор, 23 г.; 2-гі сын Гжэгаш, 15 г.; 3-ці сын Сымон, 7 г.; жонка Леана Элеанора, 38 г.; жонка Францішка Тэкля, 24 г.

2. Ян Шымка, 55 г.; сын Яна Ян, 24 г.; 2-гі сын Міхал, 13 г.; 3-ці сын Сымон, 10 г.; сын 2-га Яна Андрэй, 6 г.; 2-гі сын Казімір, 5 г.; жонка Яна Разалія, 18 г.

3. Міхал Шымка, 46 г.; сын Міхала Адам, 16 г.; 2-гі сын Вінцэнт, 7 г.; брат Міхала Тэадор, 56 г.; сын Тэадора Ян, 13 г.; 2-гі сын Сымон, 4 г.; 2-гі брат Міхала Юзаф, 38 г.; жонка Юзафа Анастасія, 36 г.; дачка Анастасіі Юзэфа, 12 г.; 2-я дачка Барбара, 9 г.; 3-я дачка Тэадора, 6 г.; жонка Міхала Зоф'я, 38 г.; дачка Міхала Настасся Хелена, 5 г.; дачка Юзафа Ганна, 5 г.

Вёска Заполле:

1. Якуб Асцюкевіч, 46 г.; сын Якуба Юзаф, 21 г.; 2-гі сын Ян, 10 г.; Ян Асцюкевіч, 83 г.; дачка Якуба Мар'яна, 16 г.; 2-я дачка Ганна, 14 г.; жонка Яна Агата, 51 г.; дачка Агаты Ева, 24 г.

2. Казімір Курыловіч, 60 г.; сын Казіміра Казімір, 21 г.; 2-гі сын Ян, 7 г.; жонка Казіміра Анастасія, 59 г.; дачка Анастасіі Агата, 21 г.; жонка Вайтовіча Мар'яна, 30 г.; дачка Мар'яны Ганна, 10 г.; жонка … Ева, 20 г.; дачка Евы Агата, 5 г.

3. Станіслаў Курыловіч, 62 г.; сын Станіслава Ян, 30 г.; жонка Станіслава Апалонія, 53 г.; здымае кут Фрызына Лішка, 48 г.; дачка Фрызыны Агата, 24 г.; 2-я дачка Анастасія, 8 г.

4. Ваўжынец Клышэвіч, 56 г.; сын Ваўжынца Юзаф, 26 г.; сын Юзафа Стэфан, 3 г.; 2-гі сын Ваўжынца Міхал, 13 г.; жонка Юзафа Ганна, 26 г.

5. Ян Асцюкевіч, 50 г.; сын Яна Стэфан, 22 г.; 2-гі сын Мацей, 20 г.; 3-ці сын Марцін, 8 г.; жонка Стэфана Мар'яна, 18 г.

6. Мацей Клышэвіч, 45 г.; сын Мацея Адам, 5 г.; брат Мацея Юзаф, 22 г.; сын Юзафа Ігнат, 1 г.; 2-гі брат Мацея Ян, 8 г.; сын Тадуша Ян, 5 г.; жонка Мацея Агата, 26 г.; дачка Агаты Ганна, 8 г.; жонка Юзафа Тарэза, 20 г.; дачка Тарэзы Анастасія, 6 г.; 2-я дачка Канстанцыя, 5 г.

7. Юзаф Пекар, 50 г.; сын Юзафа Ян, 21 г.; 2-гі сын Міхал, 10 г.; сын Казіміра Тадуш, 9 г.; 2-гі сын Казіміра Стэфан, 7 г.; маці Казіміра Агата, 51 г.; дачка Агаты Анастасія, 12 г.

8. Ваўжынец Пекар, 59 г.; сын Ваўжынца Юзаф, 11 г.; сын Базыля Ян, 40 г.; сын Тадуша Ян, 5 г.; 2-гі сын Тадуша Адам, 4 г.; пасынак Тадуша Ян, 13 г.; жонка Ваўжынца Мар'яна, 46 г.; дачка Мар'яны Агата, 18 г.; 2-я дачка Вікторыя, 17 г.; удава Крысціна Пекар, 38 г.; дачка Крысціны Ганна, 13 г.; Еўдакія, жонка Базыля, 58 г.

9. Юзаф Курыловіч, 49 г.; сын Юзафа Тадуш, 17 г.; 2-гі сын Міхал, 15 г.; 3-ці сын Казімір, 11 г.; брат Юзафа Базыль, 34 г.; Еўдакія, жонка Базыля, 58 г.; жонка Юзафа Тэадора, 50 г.; дачка Тэадоры Агаты, 13 г.; жонка Яна Лішкі Ганна, 26 г.

10. Адам Курыловіч, 26 г.; жонка Курыловіча Кацярына, 36 г.; дачка Кацярыны Агата, 18 г.; 2-я дачка Ганна, 14 г.; 3-я дачка Магдалена, 7 г.; сястра Кацярыны Магдалена, 24 г.

11. Антон Курыловіч, 51 г.; сын Антона Ян, 24 г.; 2-гі сын Мацей, 17 г.; 3-ці сын Адам, 15 г.; 4-ты сын Казімір, 11 г.; 5-ты сын Крысціян, 8 г.; сын Яна Стэфан, 4 г.; жонка Яна Мар'яна, 20 г.; дачка Антона Тарэза, 28 г.

12. Ян Курыловіч, 65 г.; сын Яна Якуб, 30 г.; 2-гі сын Адам, 26 г.; сын Адама Леан, 1 г.; 3-ці сын Яна Міхал, 15 г.; жонка Якуба Элеанора, 28 г.; швагерка Мар'яна, 21 г.

13. Казімір Курыловіч, 38 г.; сын Казіміра Міхал, 3 г.; брат Казіміра Адам, 7 г.; 2-гі сын Адама Юзаф, 1 г.; брат Казіміра і Адама Ян, 21 г.; жонка Казіміра Фрэдзя, 36 г.; дачка Фрэдзі Ганна, 17 г.; жонка Адама Настасся, 27 г.; дачка Настассі Кацярына, 4 г.; сястра Адама Мар'яна, 24 г.

Вёска Шляхты:

1. Якуб Шляхтун, удавец, 90 г.; сын Якуба Ян, 40 г.; сын Яна Мацей, 7 г.; 2-гі сын Ваўжынца, 3 г.; 3-гі сын Леан, 1 г.; пляменнік Якуба Юзаф, 9 г.; здымае кут Канстанты Трахімчык, 66 г.; сын Канстантага Гжэгаш, 17 г.; жонка Яна Ганна, 30 г.; дачка Ганны Францішка, 10 г.; жонка Канстантага Мар'яна, 53 г.

2. Мацей Іванчук, 50 г.; сын Мацея Ян, 20 г.; 2-гі сын Казімір, 12 г.; дачка Мацея Кацярына, 15 г.

3. Казімір Трахімчык, 40 г.; сын Казіміра Вінцэнт, 16 г.; 2-гі сын Стэфан, 9 г.; 3-ці сын Ян, г.; 4-ты сын Антон, 1 г.; пляменнік Казіміра Войцех, 13 г.; 2-гі пляменнік Юзаф, 11 г.; паўдомнік Ян Чабар, 33 г.; сын Яна Казімір, 9 г.; служка Рыгор Трахімчык, 23 г.; жонка Казіміра Тэадора, 38 г.; дачка Тэадоры Ева, 11 г.; маці Тэадоры Элеанора, 76 г.; жонка Яна Чабара Ганна, 36 г.; дачка Ганны Мар'яна, 8 г.; 2-я дачка Элеанора Ганна, 1 г.

4. Міхал Шляхтун, 25 г.; Казімір, сын Міхала, 4 г.; брат Міхала Стэфан, 17 г.; жонка Міхала Ганна, 26 г.; дачка Ганны Мар'яна, 7 г.; 2-я дачка Войцеха Анастасія, 10 г.; удава Мар'яна Шляхтун, 38 г.; дачка Мар'яны Люся, 19 г.; 2-я дачка Ганна, 14 г.; 3-я дачка Агата, 11 г.; 4-я дачка Стэфана, 9 г.;

5. Казімір Шляхтун, 26 г.; брат Казіміра Пётр, 18 г.; 2-гі брат Антон, 11 г.; Мікалай Шляхтун, 40 г.; служка Ян Чабан, 27 г.; Канстанцыя маці гэтых, 41 г.; жонка Мікалая, Ганна, 28 г.; дачка Ганна Тарэза, 1 г.

6. Антон Рымка, 26 г.; брат Антона Леан, 11 г.; стрый Антона Леан, 30 г.; удава Мар'яна, 46 г.; дачка Мар'яны Мар'яны, 16 г.; 2-я дачка Канстанцыя, 9 г.; жонка Леана Мар'яна, 27 г.

7. Марцін Іванчук, 79 г.; жонка Марціна Мар'яна, 70 г.; дачка Мар'яны Ганна, 27 г.; 2-я дачка Тарэза, 24 г.; 3-я дачка Зоф'я, 16 г.; жонка Марціна Тарэза, 27 г.

Вёска Лагоды:

1. Ян Каспяровіч, 59 г.; пляменнік Яна Міхал, 20 г.; здымае палову дома Войцех Шляхтун, 38 г.; сын Войцеха Войцех, 17 г.; швагер Войцеха Гжэгаш, 32 г.; сын Гжэгаша Андрэй, 2 г.; 2-гі сын Тэадор, 1 г.; служка Пётр Шляхтун, 13 г.; жонка Яна Анастасія, 40 г.; дачка Анастасіі Ганна, 18 г.; жонка Войцеха Тарэза, 33 г.; дачка Войцеха і Тарэзы Ганна, 6 г.; жонка Гжэгаша Зоф'я, 28 г.; дачка Зоф'і Агата, 4 г.; маці Міхала Кацярына, 56 г.

2. Ян Ліпскі, 51 г.; сын Яна Пётр, 26 г.; 2-гі сын Казімір, 19 г.; сын Пятра Ян, 2 г.; жонка Яна Агата, 46 г.; дачка Агаты Ганна, 14 г.; маці Яна Барбара, 70 г.; жонка Францішка Ганна, 32 г.; дачка Ганны Тарэза, 6 г.; жонка Мацея Тарэза, 18 г.; дачка Тэрэзы Агата, 1 г.

3. Тэадор Трахімчык, 69 г.; сын Тэадора Ян, 36 г.; 2-гі сын Пётр, 24 г.; 3-ці сын Андрэй, 14 г.; жонка Тэадора Кацярына, 59 г.

4. Пётр Лагоцкі, 50 г.; брат Пятра Ян, 35 г.; сын Яна Казімір, 17 г.; 2-гі сын Мікалай, 9 г.; 3-гі сын Андрэй, 2 г.; жонка Яна Кацярына, 30 г.; дачка Кацярыны Ганна, 8 г.; 2-я дачка Анастасія, 7 г.; 3-я дачка Магдалена, 4 г.; 4-я дачка Крысціна і Петранеля, 1 г.; здымае кут Агата Путраневіч, 47 г.

Вёска Слушкі:

1. Удавец Ян Сыч, 55 г.; пляменнік Яна Мацей, 35 г.; сын Мацея Мацей, 6 г.; 2-гі сын Сымон, 3 г.; служка Сымон Краскоўнік, 23 г.; Петранеля, жонка Мацея, 30 г.; дачка Петранелі Ганна, 1 г.; сястра Мацея Магдалена, 23 г.

2. Міхал Ліпскі, 40 г.; сын Міхала Юзаф, 17 г.; 2-гі сын Казімір, 12 г.; 3-ці сын … Аляксандр, 7 г.; Станіслаў брат Міхала, 32 г.; жонка Міхала Агата, 38 г.; дачка Агаты Петранеля, 15 г.; 2-я дачка Агата, 8 г.; 3-я дачка Тарэза, 11 г.; 4-я дачка Ганна, 1 г.; жонка Станіслава Еўдакія, 30 г.; жонка Гжэгаша Таццяна, 54 г.; дачка Таццяны Аляксандра, 24 г.; жонка Яна Тарэза, 19 г.; дачка Тарэзы Юлія, 4 г.; жонка Казіміра Анастасія 20 г.; дачка Анастасіі Кацярына, 5 г.

3. Ян Пятраневіч, 40 г.; сын Яна Гжэгаш, 17 г.; 2-гі сын Юзаф, 11 г.; жонка Гжэгаша Зоф'я, 23 г.; цётка Яна Агата, 66 г.

4. Тамаш Васільчык, 40 г.; сын Тамаша Ян, 13 г.; 2-гі сын Юзаф, 11 г.; 3-ці сын Хілярый, 9 г.; 4-ты сын Міхал, 1 г.; брат Тамаша Францішак, 37 г.; сын Францішка Мікалай, 11 г.; 2-гі сын Міхал, 10 г.; 3-ці сын Андрэй, 1 г.; здымае кут Адам Лівартоўскі, 51 г.; сын Адама Мікалай, 1 г.; сястра Тамаша Тарэза, 30 г.; дачка Францішка Марыя, 4 г.; 2-я дачка Ева, жонка Адама Тарэза, 40 г.; сястра Тарэзы Аляксандра, 29 г.; 2-я сястра Наталля, 25 г.

Вёска Трафімчыкі:

1. Тамаш Трахімовіч, 73 г.; сын Тамаша Лукаш, 40 г.; сын Лукаша Юзаф, 1 г.; брат Тамаша Андрэй, 35 г.; жонка Тамаша Зоф'я, 71 г.; жонка Лукаша Мар'яна, 34 г.; дачка Мар'яны Тарэза, 17 г.; 2-я дачка … Юстына, 8 г.; жонка Андрэя Тарэза, 32 г.; здымае кут Агата Пятраневіч, 45 г.

2. Ян Трахімчык, 40 г.; сын Яна Казімір, 12 г.; 2-гі сын Ян, 8 г.; 3-ці сын Леан, 4 г.; служка Ян Васільчык, 27 г.; дачка Яна Зоф'я, 16 г.; 2-я дачка Мар'яна, 15 г.; 3-я дачка Петранеля, 1 г.; дачка Васільчыка Петранеля, 5 г.; 2-я дачка Ганна, 2 г.

3. Яўстах Трахімчык, 56 г.; яго сын Ян, 26 г.; 2-гі сын Андрэй, 8 г.; 3-ці сын Стэфан, 4 г.; Якуб, сын Гжэгаша, 8 г.; жонка Яўстаха Зоф'я, 34 г.; маці Яўстаха Зоф'я, 76 г.

4. Павел Трахімчык, 68 г.; Адам, сын Паўла, 29 г.; 2-гі сын Юзаф, 26 г.; 3-ці сын Якуб, 15 г.; пляменнік Паўла Міхал, 25 г.; 2-гі пляменнік Юзаф, 22 г.; жонка Адама Барбара, 27 г.; дачка Барбары Разалія, 5 г.; 2-я дачка Анастасія, 1 г.; служка Ганна Верамейчык, 18 г.; 2-я служка Петранеля Верамейчык, 10 г.

5. Юзаф Трахімчык, 66 г.; сын Юзафа Яўстах, 21 г.; 2-гі сын Ежы, 9 г.; Якуб, брат Юзафа, 53 г.; сын Якуба Станіслаў, 11 г.; 2-гі сын Леан, 9 г.; дачка Якуба Тарэза, 8 г.; 2-я дачка Зоф'я, 7 г.; дачка Юзафа Мар'яна, 2 г.; швагерка Якуба Тарэза, 49 г.; 2-я швагерка Барбара, 46 г.

6. Казімір Трахімчык, 40 г.; сын Казіміра Ян, 13 г.; 2-гі сын Міхал, 1 г.; брат Казіміра Марцін, 37 г.; сын Марціна Ян, 12 г.; 2-гі сын Андрэй, 5 г.; жонка Казіміра Юльяна, 36 г.; дачка Юльяны Тарэза, 7 г.; жонка Марціна Маря'на, 26 г.; дачка Маря'ны Ганна, 9 г.; 2-я дачка Агата, 2 г.

Вёска Філіпавічы:

1. Барталамей Канюк, 56 г.; сын Барталамея Ян, 32 г.; 2-гі сын Андрэй, 7 г.; жонка Барталамея Ульяна, 47 г.; дачка Ульяны Ганна, 16 г.; жонка Яна Зоф'я, 33 г.; дачка Зоф'і Разалія, 8 г.; 2-я дачка Марыля, 6 г.; дачка Тарэзы Зоф'я, 8 г.

2. Ігнат Канюк, 31 г.; брат Ігната Юзаф 29 г.; сын Юзафа Дамінік, 7 г.; 2-гі сын Сымон, 5 г.; сын Тамаш, 9 г.; сын Гжэгаш, 8 г.; жонка Ігната Тэкля, 22 г.; жонка Юзафа Еўфрасіння, 26 г.; Францішка, дачка Крысціны, 18 г.

Вёска Ручыцы:

1. Юзаф Асцюкевіч, 29 г.; сын Юзафа Сымон, 8 г.; 2-гі сын Астап, 4 г.; брат Юзафа Людвіг, 16 г.; сын Сымона Рудкевіча Антон, 2 г.; служка Антон Цяміновіч, 15 г.; сын Юзафа Асцюкевіча Мікалай, 1 г.; сын Антона Яўстах, 1 г.; жонка Юзафа Кацярына, 23 г.; сястра Юзафа Мар'яна, 15 г.; здымае кут Мар'яна, 40 г.; яе дачка Брыгіда, 9 г.; Мар'яна Рудкевіч, 26 г.; удава Сымона Рудкевіча, 32 г.; дачка Антона Марыя, 4 г.; 2-я дачка Юльяна, 1 г.;

2. Мужчыны рымскага абраду; дачка Захара Ганна, 4 г.; жонка Міколы, 29 г.; Агата, жонка Ежы, 50 г.; дачка Агаты Анастасія, 11 г.; 2-я дачка Кацярына, 10 г.; жонка Яна Мар'яна, 26 г.; дачка Мар'яны Ганна, 7 г.; жонка Станіслава Мар'яна, 30 г.; дачка Мар'яны Петранеля, 3 г.; жонка Юзафа Мар'яна, 22 г.; служка Антаніна Сакалоўская, 17 г.

Вёска Сямянякі:

1. Леан Лёсік, 67 г.; Мар'яна, жонка Леана, 50 г.

2. Кандрат Гайла, 17 г.; брат Кандрата Якуб, 15 г.; 2-гі брат Габрыель, 11 г.; 3-ці брат Міхал, 10 г.; стрый Кандрата Стэфан, 40 г.; сын Стэфана Кандрат, 7 г.; брат Стэфана Сымон, 30 г.; сын Сымона Раман, 7 г.; 2-гі сын Андрэй, 6 г.; 3-ці сын Філіп, 5 г.; брат Стэфана Андрэй, 27 г.; сын Андрэя Антон, 3 г.; сястра Кандрата Марыля, 5 г. жонка Сымона Апалонія, 29 г.; дачка Апалоніі Люцыя, 7 г.; жонка Андрэя Ганна, 20 г.

3. Васіль Астаповіч, 44 г.; сын Васіля Юзаф, 16 г.; 2-гі сын Мікалай, 11 г.; 3-ці сын Габрыэль, 9 г.; 4-ты сын Лукаш, 7 г.; 5-ты сын Максім, 4 г.; брат Васіля Сымон, 30 г.; сын Сымона Ян, 4 г.; жонка Васіля Еўфрасіння, 37 г.; дачка Еўфрасінні Анастасія, 13 г.; жонка Сымона Ганна, 27 г.; дачка Ганны Мар'яна, 9 г.; 2-я дачка Язафата, 5 жонка Юзафа Марыля, 20 г.; дачка Марылі Петранеля, 5 г.

Вёска Сухары:

1. Даміан Піліпчык, 73 г.; сын Даміана Ян, 30 г.; 2-гі сын Юзаф, 28 г.; 3-ці сын Сымон, 25 г.; брат Даміана Андрэй, 71 г.; сын Яна Рыгор, 4 г.; сын Сымона Рыгор, 5 г.; сын Юзафа Ігнат, 2 г.; жонка Яна Мар'яна, 29 г.; дачка Мар'яны Анеля, 6 г.; жонка Юзафа Ганна, 28 г.; дачка Ганны Ульяна, 5 г.; жонка Сымона Анастасія, 24 г.; дачка Даміана Мар'яна, 15 г.

2. Вінцэнт Лясіца, 25 г.; сын Вінцэнта Ягор, 8 г.; 2-гі сын Базыль, 4 г.; Антон Гайла, 50 г.; сын Антона Якуб, 1 г.; жонка Вінцэнта Ганна, 24 г.; дачка Ганны Петранеля, 3 г.; дачка Яна Гайлы Юстына, 1 г.; сястра Яна Агаф'я, 32 г.; дачка Агаф'і Аляксандра, 10 г.; удава Анастасія, 48 г.; дачка Анастасія, Ганна, 11 г.; 2-я дачка Ганна, 6 г.

3. Яна Гайла, 46 г.; сын Яна Якуба 9 г.; 2-гі сын Канстанты, 8 г.; жонка Яна Анастасія, 36 г.; дачка Анастасіі Аляксандра, 15 г.; 2-я дачка Петранеля, 10 г.; 3-я дачка Маря'на, 7 г.; 4-я дачка Юстына, 2 г.; жонка Мацея Аляксандра, 48 г.; маці Мацея Петранеля, 75 г.

4. Аляксандр Піліпчык, 39 г.; сын Аляксандра Ігнат, 8 г.; брат Аляксандра Мікалай, 37 г.; жонка Аляксандра Тэадора, 38 г.; дачка Тэадоры Анастасія, 6 г.; маці Тэадоры Ганна, 57 г.; жонка Мікалая Барбара, 32 г.

5. Пётр Каліноўскі, 36 г.; сын Пятра Павел, 9 г.; 2-гі сын Гжэгаш, 2 г.; стрый Пятра Юзаф, 35 г.; сын Юзафа Мікалай, 11 г.; 2-гі сын Ян, 9 г.; жонка Пятра Кацярына, 33 г.; дачка Кацярыны Таццяна, 13 г.; 2-я дачка Паўліна, 3 г.; 3-я дачка Анастасія, 2 г.; жонка Юзафа Тэадора, 34 г.; дачка Тэадоры Францішка, 8 г.; 2-я дачка Петранеля, 5 г.; удава Анастасія, 45 г.

6. Андрэй Каліноўскі, 50 г.; сын Андрэя Ян, 26 г.; жонка Андрэя Таццяна, 49 г.; дачка Таццяны Тарэза, 19 г.; жонка Яна Мар'яна, 26 г.; дачка Мар'яны Паўліна, 6 г.; 2-я дачка Ганна, 4 г.

7. Андрэй Стасюкевіч, 40 г.; сын Андрэя Стэфан, 8 г.; 2-гі сын Сымон, 5 г.; брат Андрэя Раман, 22 г.; маці Андрэя Аксіння, 69 г.

8. Аляксандр Лясіца, 37 г.; сын Аляксандра Юзаф, 5 г.; жонка Аляксандра Мар'яна, 33 г.; дачка Мар'яна Анастасія, 11 г.


У гэтай жа парафіі па дварах, ваколіцах і засценках абодвух палоў грэка-уніятскага абраду:

Двор Ракавічы Ігната Макарэвіча:

1. Ян Піліпчык, 38 г.; Павел Піліпчык, 21 г.; Ян Дземянчук, 18 г.; Раман Сяргяевіч, 14 г.; жонка Яна Піліпчыка Анастасія, 30 г.; дачка Ганна, 20 г.

Макрэц Крыштапоўскі:

2. Мужчыны лацінскага абраду; Пракседа Жаўнерык, 20 г.; Мар'яна Задрога, 19 г.; яе сястра Агаф'я, 21 г.; 2-я сястра Апалонія, 15 г.

Макрэц Андрэеўскі.

3. Аляксандр Канюк, 20 г.; Юзаф Канюк, 17 г.; жонка Анастасія, 19 г.; Зоф'я Валовіч, 26 г.;

Двор Уніхаўшчына:

4. Пётр Кралевіч, 18 г.; Сымон Жаўнерчык, 15 г.; Якуб Цямяновіч, 17 г.; Ян Герамчук, 15 г.; Апалонія Бабіч, 50 г.; Ева … 14 г.; Разалія Зайкоўская, 12 г.; Мар'яна Чарняк, 16 г.

Двор Хільчыцы:

5. Раман Санчук, 32 г.; Рыгор Яцкевіч, 50 г.; Эльяш Шанчук, 17 г.; Ганна Яхімовіч, 40 г.; Канстанцыя Галавач, 15 г.; Крысціна Казлова, 18 г.; Аляксандра Яхімовіч, 14 г.

Двор Ражанка:

6. Адам Патапчык, 49 г.; сын Адама Ежы, 9 г.; 2-гі сын Феля, 6 г.; Тэадор Хвядчук, 42 г.; Мікалай Алісерка, 52 г.; Ян Путрашка, 40 г.; Ян Пранкевіч, 50 г.; Ян Якусік, 48 г.; Васіль Кароўскі, 52 г.; сын Васіля Ежы, 31 г.; 2-гі сын Юзаф, 27 г.; Францішак Шутовіч, 43 г.; Лукаш Максімчык, 56 г.; Стэфан Путрашка, 35 г.; Андрэй Рымка, 38 г.; жонка Яна Путрашкі Пракседа, 36 г.; жонка Яна Пранкевіча Тарэза, 32 г.; жонка Яна Якусіка Агата, 28 г.; Зоф'я Тамковіч, 68 г.; Ганна Бачка, 27 г.; жонка Макара Ганна, 25 г.; Ева Бабрыцкая, 30 г.; Барбара Насюр, 39 г.; Разалія Трахімчык, 37 г.; Мар'яна Адашка, 35 г.

Ваколіца Пашыцы:

7. Тэадор Суднік, 50 г.; Тэадор Лашынскі, 40 г.; Юзаф Пілецкі, 30 г.; Ян Мякевіч, 38 г.; Аляксандра Ненартовіч, 50 г.; Кацярына …, 35 г.; Пракседа Баўкевіч, 38 г.; Таццяна Саўчанка, 18 г.


Разам у парафіі мужчын: да споведзі - 314, не да споведзі - 124.

Разам у парафіі жанчын: да споведзі - 300, не да споведзі - 119.


Інвентар склаў святар Язафат Жукоўскі.




[1] Материалы для географии и статистики России, собранные офицерами генерального штаба. Виленская губерния. СПб., 1861. С. 551.

[2] Lietuvos Metrika. Knyga Nr. 14 (1524-1529). Vilnius, 2008. P. 113.

[3] Лісейчыкаў Д.В., Бобер І.М. «Варуючы и милуючы малъжонку мою законную веньчалъную...»: жыццё і смерць мітрапаліта-«дваяжэнца» Анісіфара Дзевачкі // Беларускі гістарычны часопіс. № 5. 2018. С. 14.

[4] Metryka Litewska. Rejestry Wielkiego Ksęstwa litewskiego. Województwo wileńskie 1690 r. Warszawa, 1989. S. 221.

[5] Vilnius University Library. F. 5. Ap. 8. B. 1915. Podymny rejestr szlachty powiatu Lidzkiego, 1728. Аркуш без нумара.

[6] Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. Spisy. Pod redakcją Andrzeja Rachuby. Warszawa, 2004. S. 329-330; 324.

[7] Malewski Czesslaw. Popis szlachty lidzkiej z 1765 roku // Rocznik Stowarzyszenia Naukowców Polaków Litwy. 2005. S. 168-183.

[8] Тадэвуш Макрэцкі, лідскі гараднічы ў 1770-1775 гг. - Гл: Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. Spisy. Pod redakcją Andrzeja Rachuby. S. 328.

[9] Taryfa podymnego powiatu lidzkego z 1775 roku // Архіў аўтара. Арк 158 адв. - 159.

[10] Gomulicki Wiktor. Siódme amen Imci Pana Mokrzeckiego. Warszawa, 1910 (1925).

[11] Maria Jolanta Olszewska. Powieści historyczne Wiktora Gomulickiego // Zeszyty Naukowe Ostrołęckiego Towarzystwa Naukowego. 2008. S. 28-29.

[12] Дадам, што прозвішча Гамуліцкі ці Гамаліцкі - вельмі распаўсюджанае прозвішча уніяцкіх святароў у тагачаснай Беларусі і, магчыма, рукапіс Макрэцкага захоўваўся ў хатнім архіве пісьменніка.

[13] Насамрэч, відочна, што ў 1757 г.

[14] Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. Spisy. Pod redakcją Andrzeja Rachuby. S. 290.

[15] Багуслаў Гальеўскі - скарбнік ашмянскага павета з 1737 па 1745 гг. - Гл: Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. Spisy. Pod redakcją Andrzeja Rachuby. S. 289.

[16] Gomulicki Wiktor. Siódme amen Imci Pana Mokrzeckiego. Warszawa, 1910. S. 1-4.

[17] Труды Виленского отделения Московского предварительного комитета по устройству в Вильне IX Археологического съезда. Отдел II. Вильна, 1893. С. 103.

[18] Материалы для географии и статистики России, собранные офицерами генерального штаба. Виленская губерния. СПб., 1861. С. 551.

[19] Вопісы парафій Лідскага дэканату ў 1784 г. Парафія Ражанкаўская // Лідскі летапісец. 2013. №3(63). С. 23.

[20] ДГАЛ. Ф.634. Воп. 1. Спр. 53. Візіты цэркваў Лідскага і Слонімскага Дэканата. 1784 г. Арк. 113 адв.

[21] Там жа. Арк. 114.

[22] Там жа.

[23] Лісейчыкаў Дзяніс. Святар у беларускім соцыуме: прасапаграфія ўніяцкага духавенства 1596―1839 гг. Мінск, 2015. С. 442.

[24] Там жа. С. 124.

[25] Там жа. С. 150.

[26] Там жа. С. 485.

[27] Там жа. С. 590.

[28] Там жа. С. 147.

[29] Там жа. С. 523.

[30] Дучыц Людміла. Папярэднікі // Маладосць. 2012. № 8. С. 115.

[31] Архив Лидского благочиния. Ф.1, Вопп.1, Спр. 6. Арк. 247.

[32] ЛЕВ. 1872. № 5. С. 153.

[33] ЛЕВ. 1864. № 7. С. 233.

[34] ЛЕВ. 1872. № 6. С. 203-207.

[35] ЛЕВ. 1877. № 39. С. 310.

[36] Ляхоўскі Уладзімір. Беларуская справа падчас польскай акупацыі 1919-1920 гг. // Спадчына. № 6. 1994. С. 67.

[37] Архіў аўтара.

[38] ДГАЛ. Ф. 634. Воп. 1. Спр. 53. Візіты цэркваў Лідскага і Слонімскага Дэканата. 1784 г. Арк. 113 адв. - 117 адв.

[39] ДГАЛ. Ф. 634. Воп. 1. Спр. 10. Спіс парафіян Лідскага дэканату 1829 г. Парафія ў Ракавічах. Арк. 326-336.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX