Папярэдняя старонка: Рэлігійная гісторыя

Біскупы, датычныя горада Ліды 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 24-07-2024,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Біскупы, датычныя горада Ліды // Наша слова.pdf № 30 (134), 24 ліпеня 2024.

Спампаваць




Думаю, што біскупаў, якія нарадзіліся на Лідчыне ці служылі ў нас ксяндзамі, было больш, чым я змог адразу ўзгадаць, і таму напішу тут толькі пра тых, пра якіх успомніў.

Першы вядомы мне біскуп з Лідчыны - гэта луцкі біскуп Вацлаў з роду Клаўсуцяў. Ён быў братам Міхны і Юндзілы, вядомы нам таксама як віленскі дэкан, якога 10 верасня 1459 г. папа Пій ІІ высвяціў у луцкія біскупы. Пасаду біскупа займаў да сваёй смерці, толькі тры гады. Разам з братамі быў адным з фундатараў касцёла ў Ваверцы. У 1444 г. нейкі Venceslaus de Wawerka Lithwanus аплаціў вучобу ў Кракаўскім універсітэце і ў 1451 г. атрымаў ступень бакалаўра. Верагодна, гэта і быў будучы луцкі біскуп. Вацлаў быў сынам Якуба Рачкі Табутавіча, які валодаў значанай часткай радавых двароў Клаўсуцяў, а менавіта Дзітвой і Ваверкай на Лідчыне, а таксама Крамяніцай і Струбніцай на Ваўкавышчыне [1].

Пра другога біскупа піша Тэадор Нарбут, гэта лідскі пробашч з 1559 па 1580 г. Ян Андрэевіч, ён займаў пасаду біскупа луцкага і берасцейскага [2].

Трэці біскуп, датычны Лідчыны, пра якога я адразу ўспомніў - біскуп Міхал Зянкевіч, які стаў віленскім біскупам у 1747 г. Менавіта па яго ініцыятыве пачалося будаўніцтва сучаснага мураванага лідскага фарнага касцёла - біскуп прызначыў для будаўніцтва 50 000 тынфаў і працэнты ад 7500 чырвоных злотых, якія былі размешчаны на фальварку Канюшаны, у сваім тастаманце, напісаным у 1761 г., ён рэкамендаваў прыцягнуць да будаўніцтва Ягана Крыштафа Глаўбіца або "каго-небудзь яшчэ, добрага" [3].

Тэадор Нарбут паведамляў пра яго як пра лідскага пробашча ў 1747-1760 гг.: "Ксёндз Міхал Зянкевіч, віленскі біскуп, заснавальнік мураванага касцёла, які перанесены на іншае месца з падзамча, дзе зараз пляц перад Домам Скарбовай касы" [4]. У той час пробашч мог і не жыць у сваёй парафіі і займаць шэраг іншых пасад.

Трэба дадаць, што будаўніцтва новага, мураванага, касцёла пачалося ў 1765 г. і было скончана ў 1770 г. стараннямі Віленскага суфрагана (вікарнага біскупа) Тамаша Зянкевіча, які выканаў запавет свайго дзядзькі, біскупа Міхала Зянкевіча. Тамаш Зянкtвіч хутка павялічыў суму грошай, наданых яго дзядзькам яшчэ на 4900 злотых, але, здаецца, сам ён не быў датычны да Лідчыны [5].


Віленскі біскуп Міхал Ян Зянкевіч (ці Зянковіч) гербу Сякера, варты таго, каб расказаць пра яго трошкі падрабязней.

Міхал Ян Зянкевіч, 1762 г.

Будучы біскуп нарадзіўся ў 1670 г. каля Драгічына і памёр 23 студзеня 1762 г. [6]

З 1724 г. займаў пасаду вялікага літоўскага пісара [7], дырэктара віленскага рэляцыйнага і перадвыбарчага соймікаў у 1733 г., быў канцлерам Акадэміі і Віленскага ўніверсітэта ў 1730-1761 гг. [8], працяглы час займаў пасады Лідскага і Барысаўскага пробашча.

Быў канонікам віленскім і архідыяканам жамойцкім. На мяжы 1717/1718 гг. стаў тытулярным біскупам Юліёпальскім [9] і Жамойцкім суфраганам. У 1730 г. Міхал Ян Зянкевіч стаў віленскім біскупам. Належаў да прыхільнікаў караля Станіслава Ляшчынскага і падчас элекцыі 1733 г., як літоўскі дэпутат, падпісаў "pacta conventa" [10] Станіслава Ляшчынскага. У сувязі з перамогай караля Аўгуста Моцнага быў вымушаны ў 1736 г. з'ехаць у Прусію, вярнуўся адтуль у тым жа 1736 годзе [11]. Быў удзельнікам генеральнай канфедэрацыі Вялікага Княства Літоўскага 1734 г. 8 верасня 1750 г. стаў каранатарам абраза Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў бернардзінскім касцёле Св. Міхала ў Вільні.

У 1736 г. Міхал Ян Зянкевіч быў узнагароджаны ордэнам Белага Арла.

У канцы жыцця лічыўся адным з прыхільнікаў Чартарыйскіх у Літве, членам так званай "фаміліі", партыі, створанай у сярэдзіне XVIII ст. у выніку аб'яднання магнацкіх родаў Чартарыйскіх і Панятоўскіх з мэтай правядзення сацыяльных і палітычных рэформ у Рэчы Паспалітай.

Пахаваны ў архікатэдральным саборы Святога Станіслава ў Вільні [12].


А ў суботу 25 траўня 2024 года ў катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксаверыя ў Гародні адбылося біскупскае пасвячэнне біскупа-каад'ютара Гарадзенскай дыяцэзіі Уладзіміра Гуляя, які з 2003 па 2024 г. з'яўляўся пробашчам парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе. Пра яго зусім нядаўна было шмат інфармацыі ў беларускім друку [13].

Паведамленне Апостальскай Нунцыятуры ў Рэспубліцы Беларусь аб прызначэнні дапаможнага біскупа Пінскай дыяцэзіі

19 ліпеня 2024 года, Яго Святасць Папа Францішак прызначыў ксяндза Андрэя Зноску, да гэтага часу пробашча парафіі Божай Міласэрнасці ў горадзе Лідзе Гарадзенскай дыяцэзіі, дапаможным біскупам Пінскай дыяцэзіі, надаючы яму тытулярны пасад Скардоны.

Вышэйзгаданае рашэнне апублікавана 9 ліпеня 2024 года ў Рыме а 12-й гадзіне.

Апостальская Нунцыятура віншуе новага дапаможнага біскупа з новай касцельнай пасадай у Пінскай дыяцэзіі і даручае яго біскупскае служэнне Беззаганнай Маці Божай.

Біскуп намінат Андрэй Зноска нарадзіўся 20 чэрвеня 1980 года ў Бярозаўцы (Гарадзенская дыяцэзія, Наваградскі дэканат).

Святарскае пасвячэнне прыняў 28 траўня 2005 года з інкардынацыяй у Гарадзенскай дыяцэзіі.

З 2005 па 2007 год служыў вікарыем у катэдральнай базіліцы святога Францішка Ксавэрыя ў Гародні.

З 2007 па 2012 год вывучаў права ў Беларускім дзяржаўным універсітэце (БДУ, Менск), атрымаў ступень юрыста-правазнаўцы.

З 2012 года - пробашч парафіі Божай Міласэрнасці ў Лідзе.

З 2014 года - суддзя касцельнага суда Гарадзенскай дыяцэзіі.

У перыяд з 2015 па 2018 год вывучаў кананічнае права ва Універсітэце кардынала Стэфана Вышынскага ў Варшаве, атрымаў ступень ліцэнзіята.

З 2018 года з'яўляецца выкладчыкам кананічнага права ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гародні і кансультантам па прававых пытаннях Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.

У 2022 годзе атрымаў годнасць каноніка Гарадзенскага катэдральнага капітула Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Казіміра Каралевіча.

19 ліпеня 2024 года празначаны дапаможным біскупам Пінскай дыяцэзіі з тытулярным пасадам Скардоны - гістарычнай дыяцэзіі на тэрыторыі сучаснай Харватыі (Скрадзін).

Catholic.by.



[1] Гл: Лаўрэш Леанід. Ваверка і род Клаўсуцяў на Лідчыне // Лідскі Летапісец. 2021. № 1(93). С. 18-28.

[2] Narbutt T. Cokolwiek z historyi miasta Lidy // Narbutt T. Dzieje starozytne narodu litewskiego. T. 5. Wilno, 1839. Dodatek I. S. 3-5.

[3] Гл: Лаўрэш Леанід. Лідскія касцёлы. Фарны касцёл, касцёл Піяраў, Кармеліцкі касцёл // Лідскі Летапісец. 2013. №4 (64). C. 36-54.

[4] Narbutt T. Cokolwiek z historyi miasta Lidy.

[5] Лаўрэш Леанід. Лідскія касцёлы. Фарны касцёл, касцёл Піяраў, Кармеліцкі касцёл.

[6] Encyklopedyja powszechna. T. XXVIII. Warszawaб 1868. S. 610.

[7] Urzаdnicy centralni i dygnitarze Wielkiego Ksiеstwa Litewskiego XIV-XVII1 wieku. Spisy. Kоrnik: Biblioteka Kоrnicka, 1994, S. 254.

[8] Bielinski Jozef. Uniwersytet Wilenski (1579-1831). T. 3. Krakow, 1899-1900. S. 4.

[9] Тытулярны біскуп (лац.: episcopus titularis in partibus infidelium - "тытулярны біскуп у краіне няверных" ці проста in partibus), гэта біскуп, які мае біскупскі сан без адпаведнай яму юрысдыкцыі і звычайна з'яўляецца вікарным біскупам.

[10] Pacta conventa юрыдычна замацоўвала абавязак абранага караля паважаць законы Рэчы Паспалітай і вызначала яго абавязацельствы і абяцанні ў сферах міжнародных адносін, падаткаў, дзяржаўнага доўгу, ўзброеных сіл і г.д. Дакумент складаўся на элекцыйным сойме і яго падпісанне з'яўлялася ўмовай абрання манарха на трон.

[11] Зянковіч Міхал Ян // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. Т. 3. Мінск, 2010. С. 235.

[12] Андрэй Шпунт. Знак асаблівай пашаны // Наша Вера. 1999. № 1 (7). 1999.

[13] "Працягвай прыносіць радасць і еднасць людзям": нунцый Ёзіч удзяліў біскупскае пасвячэнне каад'ютару Гарадзенскай дыяцэзіі Уладзіміру Гуляю. // Наша слова.pdf, № 22 (126), 29.05.2024. С. 1-4.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX