Упершыню з часоў Вялікага Княства
28 студзеня 1996 году ў Лідзе адбылася ўнікальная падзея. У гэты дзень тут быў асьвечаны ніжні храм праваслаўнай царквы Сьвятога вялікамучаніка i лекара Панцелеймона. Унікальнасьць зьявы ў тым, што тут, упершыню з часоў Вялікага княства Літоўскага, а дакладней, упершыню з 1589 году быў асьвечаны праваслаўны храм без удзелу прадстаўнікоў Расейскай Праваслаўнай Царквы.
Канфлікт паміж Лідзкім прыходам сьв. Панцелеймона i епіскапам Наваградзкім i Лідзкім Канстаньцінам дайшоў да свайго лагічнага завяршэньня. Вернікі прыходу накіравалі ліст у Беларускі экзархат Расейскай Праваслаўнай Царквы за подпісам некалькіх соцень чалавек аб выхадзе парафіі сьв. Панцелеймона з-пад юрысдыкцыі экзархату. Прыход стаў юрыдычна i матэрыяльна аўтаномным. Разам з тым ён пачаў супрацоўніцтва з Сусьветнай Беларускай Патрыярхіяй i Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквой. Па загаду патрыярха Адама ў Ліду былi дастаўлены з Афонскай гары ў Грэцыі мошчы сьв. Панцелеймона. Патрыярх Адам блаславіў настаяцеля царквы айца Васіля на асьвячэньне храма, служэньне праваслаўю i беларускаму народу.
Такім чынам на Беларусі зьявіўся першы прыход Беларускай Праваслаўнай Царквы. Але акрамя яго на шлях выхаду з-пад юрысдыкцыі Беларускага экзархату Расейскай Праваслаўнай Царквы стала да 15 прыходаў.
Супраць ix вядзецца шалёная атака сьвецкіх (чытай «савецкіх») i духоўных уладаў, якія абвінавачваюць ix у расколе i адыходзе ад праваслаўя. Але ці ёсьць тут элемент расколу? Каб адказаць на гэтае пытаньне, зробім невялікі экскурс у гісторыю i геаграфію праваслаўя.
У адрозьненьне ад каталіцкай царквы, якая з самага пачатку стваралася як недзяржаўная цэнтралізаваная структура на чале з Папам Рымскім, праваслаўная царква ставаралася ў чацьвёртым стагоддзі Візантыйскім імператарам як дзяржаўны духоўны інстытут. З самага пачатку былі створаны чатыры патрыярхіі: Канстанцінопальская, Александрыйская, Антыахійская i Ерусалімская. Візантыйскі імператар абвяшчаўся Памазанікам Божым, прызначаў i здымаў патрыярхаў, мяняў царкоўныя каноны, ён зьяўляўся вышэйшым праваслаўным герархам. Канстанцінопальскі патрыярх называўся яшчэ Усяленскім, але ён ня быў галоўным над іншымі, a толькі першым сярод роўных.
Хрышчэньне Русі паставіла пад руку Канстанцінопальскага патрыярха велізарныя абшары. У Кіеве была зацьверджана мітраполія. Уваход Кіева ў склад Вялікага Княства Літоўскага выклікаў рэзкую рэакцыю з боку Масквы i яна прыклала ўсе намаганьні, каб пераманіць Кіеўскага мітрапаліта на сваю тэрыторыю. Праваслаўная царква на Беларусі i Украіне была абязчолена.
Разумеючы значэньне праваслаўя для краіны, Вялікі князь Альгерд дамогся ад Канстанцінопальскага патрыярха прызначэньня новага Кіеўскага мітрапаліта. У 1375 годзе патрыярх прызначыў Кіпрыяна мітрапалітам Кіева i Літвы. Рэзідэнцыяй новага мітрапаліта стаў Наваградак. Пачалася рэлігійная вайна дзьвюх мітраполій. Пераход Ягайлыў каталіцтва аслабіў пазіцыі праваслаўя ў ВКЛ. Ня маючы сілаў для супраціву, у 1385 годзе Кіпрыян выехаў у Канстаньцінопаль, a ў 1389-м вярнуўся, але ўжо ў Маскву мітрапалітам Маскоўскім. Тым ня менш, яго любоў да Беларусі не прайшла. ён наведваў ВКЛ i нават падтрымліваў ідэю вуніі на Беларусі, якая б, на яго думку, дала магчымасьць супрацьстаяць i польскаму каталіцтву, i маскоўскаму праваслаўю, а таксама стварыць нацыянальную хрысьціянскую рэлігію.
Усталяваўшы сваю ўладу, вярнуўся да праблем Праваслаўя новы Вялікі князь - Вітаўт. Па яго прапанове сабор заходнерускіх праваслаўных епіскапаў вылучыў у 1414 годзе на пасаду мітрапаліта Кіеўскага Рыгора Цамблана. Але Канстаньцінопальскі патрыярх, падкуплены Маскоўскім мітрапалітам Фоціем, не зацьвердзіў яго. Тады сабор заходнерускіх епіскапаў 15.11.1415 году, не зважаючы на анафемы Канстаньцінопальскага патрыярха i Фоція, зацьвярджае Цамблана Мітрапалітам Кіеўскім i Літоўскім. Мітрапаліт Рыгор стаў у 1415 годзе першым самастойным беларускім мітрапалітам. ён адкрыў сваю катэдру ў Вільні, a рэзідэнцыю зрабіў па традыцыі ў Наваградку.
У 1439 годзе, скарыстаўшыся з аслабленьня Візантыі, Маскоўская Праваслаўная Царква адмовілася падпарадкоўвацца Канстаньцінопальскаму патрыярху. Першым самастойным Маскоўскім мітрапалітам стаў у 1448 годзе Іона.
У 1453 годзе Візантыя пала. Праваслаўныя патрыярхі заявілі пра сваю аўтакефальнасьць. Такім чынам, утварыліся чатыры аўтакефальныя патрыярхіі: Канстаньцінопальская, Александрыйская, Антыахійская i Ерусалімская, таксама некалькі самастойных мітраполій, у тым ліку Маскоўская i Наваградзкая.
Змаганьне паміж Маскоўскай i Наваградзкай мітраполіямі было непазьбежным, але ішло ў няроўных умовах. Маскоўская мітраполія карысталася ўсебаковай падтрымкай вялікіх князёў i ўсёй краіны. Наваградзкая трымалася на сіле духу вернікаў, цярпела ўціск каралёў i каталіцтва. Таму, калі ў 1589 годзе Масква зрабіла чарговы ход - увяла пасаду патрыярха, - Наваградак ня змог нічым адказаць на гэта. Праваслаўная царква ВКЛ зноў трапіла ў залежнасьць ад Масквы.
У 1721 годзе Пётр I ліквідаваў пасад патрыярха i заснаваў Сьвяты Урадавы Сінод. У 1917 годзе пасада патрыярха была адноўлена.
Працэсы аўтанамізацыі i аўтакефалізацыіі ішлі i ў іншых цэрквах. Аўтакефальнымі сталі большасьць нацыянальных цэркваў. У 1947 годзе ix было 14. Сёньня ix 24. Гэта: Канстаньцінопальская, Александрыйская, Антыахійская, Ерусалімская, Расейская, Грузінская, Сербская, Румынская, Балгарская, Сусьветная Беларуская Амерыканская, Украінская. Усе яны маюць патрыярхаў. Далей ідуць: Кіпрская, Эладзкая (Грэцыя), Албанская, Польская, Чэхаславацкая, Расейская замежная, Украінская замежная, Амерыканская, Фінская, Японская, Македонская, Эстонская. Беларуская Аўтакефальная, Фінская Праваслаўная царква падпарадкоўваецца Канстаньцінопальскаму патрыярху, Японская - Маскоўскаму. Такім чынам, праваслаўны вернік можа належаць да любой з гэтых цэркваў i быць праваслаўным. Гэта ня значыць абавязкова падпарадкоўвацца Маскоўскаму патрыярху.
Абсалютная большасьць праваслаўных цэркваў носіць ярка выражаны нацыянальны i дзяржаўніцкі характар. Гэта поўнасьцю адпавядае канонам праваслаўя. Таму пасьля падзелу СССР востра паўстала пытаньне пра праваслаўную нацыянальную царкву амаль для кожнай новай дзяржавы. Украіна i Эстонія гэтую задачу ўжо вырашылі. Але гэта ніяк не супадае з інтарэсамі Масквы.
Прызнаньне Канстаньцінопальскім патрыярхам Украінскай Праваслаўнай Царквы выклікала ледзь не разрыў паміж ім i патрыярхам Маскоўскім. Масква рукамі i нагамі будзе трымаць кожны прыход, кожную епархію, асабліва такую багатую, як Беларусь.
Сёньня на Беларусі 10 епархій, 788 царкоўных прыходаў, 5 кляштараў, духоўная семінарыя, духоўнае вучылішча. Каб не дапусьціць выдзяленьня беларускіх епархій, яна пускаецца на розныя хітрасьці. Так у 1989 годзе быў створаны Беларускі экзархат Расейскай Праваслаўнай Царквы, які, як бы незнарок, называюць Беларускай Праваслаўнай Царквой. Але ж гэта - звычайнае махлярства. Ніколі гэты экзархат не клапаціўся i ня будзе клапаціцца пра беларусаў i Беларусь.
Тэрмінова быў пераведзены ў Расею шэраг нацыянальна сьвядомых сьвятароў, а сюды кінуты расейцы. Так, у Ліду ўмудрыліся прыслаць нават адстаўнога падпалкоўніка, былога нампаліта вайсковаи часткі, які, напэўна, дагэтуль хавае недзе партыйны білет. Да гонару лідзян яны такога «сьвятара» не пусьцілі нават на царкоўны двор. Антыбеларускім духам прасякнута атмасьфера Жыровіцкай семінарыі.
Гэты перадавы атрад расейскіх імперскіх сілаў зробіць усё, каб не дапусьціць стварэньня сапраўднай Беларускай Праваслаўнай Царквы, якая б служыла беларускаму народу i Беларускай краіне, а не маскоўскім чыноўнікам.
Робячы выснову з усяго сказанага, мы i падыйдзем да адказу на асноўнае пытаньне, ці ёсьць элемент расколу i адыходу ад праваслаўя ўдзеяньнях прыходу сьв. Панцелеймона ў Лідзе. Не, i яшчэ раз не. Вернікі гэтага прыходу дзейнічаюць больш строга i больш адпаведна канонам праваслаўя, чым епіскапы ад Масквы. Раскол чыняць тыя, хто хоча пазбавіць беларуса права маліцца Богу без указкі з Масквы. Але гэтае права кожнаму чалавеку Богам дадзенае, i ніякі, хоць самы важны, масковец яго не адбярэ.
Сёньня Лідзкі прыход сьв. Панцелеймона на пярэднім краі супрацьстаяньня імперскім сілам. Сітуацыя абвастраецца яшчэ i тым, што храм сьв. Панцелеймона - адзіны на 60-тысячную праваслаўную Ліду, дзе можна ўзяць шлюб ці пахрысьціць дзіця. Так званая Сьвята-Георгіеўская царква - не што іншае, як звычайная капліца, пабудаваная алтаром на поўнач i прызначаная толькі для адпяваньня нябожчыкаў. Ды i стаіць яна на могілках. Толькі вельмі абыякавы i бязьверны чалавек можа вянчацца ці хрысьціць дзяцей на могілках.
Пачынаючы з 3 лютага па Лідзе пачалі распаўсюджваць чуткі, што айцец Васіль пазбаўлены сану мітрапалітам Філарэтам. Ці праўда гэта, ці не - лідзянам ўсё роўна, гэтыя чуткі выклікалі толькі сьмех.
11 лютага ў храме сьв.Панцелеймона вянчаліся першыя дзьве пары.
Першая на Беларусі праваслаўная беларуская царква пачынае жыць паўнапраўным жыцьцём.