Папярэдняя старонка: Рэлігійная гісторыя

Новае пра цэрквы Лідчыны ў другой палове XIX - першай палове XX стст. 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 01-02-2023,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Новае пра цэрквы Лідчыны ў другой палове XIX - першай палове XX стст. // Лідскі Летапісец. 2021. № 3-4(95-96). С. 42-51.



Лідская Свята-Георгіеўская царква

Палкавая царква ў Лідзе

Новая, мураваная царква і капліца на могілках у Зблянах

Філіяльная царква ў Крывічах і цудатворны абраз Божай Маці

Святар Стэфан Грудзінскі ў Жыжме

Асвячэнне мураванай царквы ў Лебядзе

Капліцы ў маёнтку Тарнова

Царква ў Праважы і эксперымент Плямяннікавай


Рыхтуючы матэрыял пра стаўленне кіраўніцтва Літоўскай праваслаўнай епархіі да беларускага адраджэння ў 1910-х гг., я чарговы раз перагартаў усе нумары «Літоўскіх епархіяльных ведамасцей» і «Весніка Віленскага праваслаўнага Свята-Духаўскага брацтва». Паралельна з нарыхтоўкай матэрыялаў па тэме, зрабіў шмат выпісак пра жыццё лідскіх цэркваў. Гэтыя нарыхтоўкі, разам з многімі іншымі матэрыяламі і ляглі ў аснову артыкула.

Лідская Свята-Георгіеўская царква

Свята-Георгіеўская царква пабудавана з дрэва ў 1875 г. на сродкі Антона Васнеўскага [1]. Прэса паведамляла: «25 кастрычніка, Лідскім дабрачынным высвечана новапабудаваная драўляная царква ў імя Вялікапакутніка Георгія на Лідскіх могілках. Царква каштуе 1878 руб. 62 кап., якія ахвяраваў аднадворац Антоні Васнеўскі.

Перад высячэннем могілкавай царквы зроблены наступныя ахвяраванні:

- ад жонкі генерал-маёра Маўраса, Кацярыны Маўрас, 30 рублёў.

- ад судовага следчага Наўродскага-Апашанскага, ядвабны ўбор на прастол, ядвабнае малінавае пакрывала на прастол, палатняныя сурвэткі на прастол, убор для ахвярнікаў і столік, разам на суму 60 рублёў.

- ад міравога пасярэдніка Фларыяна Лаўрыновіча, абраз Іверскай Божай Маці ў кіёце і пазалочаным акладзе, з меднай пазалочанай лампадкай, усё - 30 рублёў.

- ад судовага прыстава Сцепуржынскага лампадка за 8 руб.

- ад дзяцей нябожчыка Васнеўскага - будаўніка гэтай царквы, абраз Віленскіх пакутнікаў з лампадкай коштам 10 руб [2] (абраз прысутнічае ў царкве і сёння - Л. Л.)».

Аднадворац - гэта шляхціц які не змог пацвердзіць свае шляхецкае паходжанне. Гэта ўскосна пацвярджаецца публікацыяй у "Літоўскіх Епархіяльных ведамасцях": «На праваслаўных могілках знаходзіцца невялікая але вельмі прыгожая драўляная царква, пабудаваная ў 1875 г. за грошы, ахвяраваныя адным лідскім гараджанінам рыма-католікам» [3]. Дадам, што ў 1842 г. Васнеўскія валодалі маёмасцю ў Кір'янаўцах (Лідская парафія) і ў ваколіцы Ваўчкі (Жалудоцкая парафія) [4].

Рускі афіцэр Іван Любарскі, які да 1863 г. служыў ў Лідзе, у сваіх белетрызаваных мемуарах некалькі разоў піша пра мясцовага чалавека, ардынатара вайсковага шпіталя ў Лідзе, доктара Гілярыя Васнеўскага, які максімальны лаяльна ставіўся да ўлады [5]. Успаміны Любарскага напісаны праз 30 гадоў пасля падзей, якія яны апісваюць, і таму аўтар мог забыць сапраўднае імя доктара. Таму, магчыма, што менавіта доктар Васнеўскі фундаваў гэтую царкву. Але, гэта толькі версія.


3-4 траўня 1914 г. літоўскі архіепіскап Ціхан (будучы патрыярх Ціхан) наведаў горад Ліду. На другі дзень, пасля службы ў царкве, «уладыка адправіўся ў царкву на могілках, агледзеў яе і здзейсніў кароткі малітваслоў на магіле нядаўна памёршай жонкі протаіерэя Каяловіча» [6].

У верасні 2009 г., праз 90 гадоў пасля смерці, камісія ў складзе 6-ці святароў знайшла месца пахавання Іосіфа Каяловіча, бо на той час месца пахавання святара было страчана. Было вядома, што ён пахаваны ў сямейным склепе недалёка ад алтарнай часткі Свята-Георгіеўскай царквы. І насамрэч на поўнач, каля храма, меўся сямейны склеп Каяловічаў, які меў наступны выгляд: на паверхні зямлі, бетоннымі борцікамі быў агароджаны ўчастак зямлі памерам 4 х 10 метраў. Унутры агароджы меліся два мармуровыя помнікі, а ўся паверхня выкладзена керамічнай пліткай. Адзін помнік быў Андрыяну Каяловічу (21.02.1861 - 29.03.1882, сын протаіерея), другі Ізабелі Маліцкай (памерла 25.12.1904 на 76-м годзе жыцця, верагодна, цёшча протаіерэя). Паміж помнікамі было месца на яшчэ адну магілу, таксама вольнае месца мелася ўправа ад магілы Маліцкай. Па ўспамінах, Каяловіча пахавалі тайна, паміж магіламі сына і Маліцкай.

Таму ў верасні 2009 г. была знята керамічная плітка і на глыбіні 25 см знойдзена трохслойная цагляная кладка залітая зверху бетонам. Пад кладкай знайшлі цаглянае скляпенне і ўваход у склеп. У склепе стаяла вялікая цынкавая труна з чатырма ручкамі і бронзавым ўкрыжаваннем на верхнім вечку. Труну ускрылі і там знайшлі шкілет чалавека апрануты ў вопратку: «Чэрап цёмнакарычневага колеру, адзенне, прадметы, кісці рук у асноўным чорнага колеру». Так была знойдзена верагодная магіла жонкі протаіерэя Лізаветы Каяловіч.

Потым ускрылі вольнае месца каля магілы Ізабелі Маліцкай і таксама знайшлі цагляны склеп у якім чамусьці без труны, ляжалі чалавечыя парэшткі ў сатлелым святарскім убранні. Труна цалкам струхнела і былі бачны толькі кавалкі дрэва [7]. Так былі знойдзены парэшткі былога лідскага дабрачыннага.

Перад наступам немцаў, у канцы лета 1915 г. протаіерэй Каяловіч эвакуіраваўся з Ліды ў Петраград і жыў тут па адрасе: Кабінетная вул., д. 9, кватэра прафесара Тэхналагічнага інстытута Б. М. Каяловіча [8], пляменніка святара і сына гісторыка М. Каяловіча. Як і іншыя былыя гаспадары нашага краю, збег ад бальшавікоў з Расіі і вярнуўся на радзіму ў канцы 1918 г. Але да гэтага часу на радзіме ўсё памянялася, і былыя гаспадары цалкам страцілі свой уплыў. Гэтыя людзі працяглы тэрмін, як маглі, сціскалі спружыну людскіх пачуццяў, вайна абвастрыла норавы людзей, і шмат хто з іх, у тым ліку і Каяловіч, заканамерна патрапілі пад удар адваротнага ходу спружыны гісторыі. Але гэта гісторыя вядомая, і я не буду зноў пісаць пра яе [9]. Дадам толькі, што протаіерэй Каяловіч усё жыццё быў зацятым русіфікатарам і таму меў да сябе адпаведныя адносіны з боку лідзян [10].


Жыхар г. Ліды ў 1923 г. паведамляў у беларускай газеце «Новае Жыццё»: «З прыходам сюды польскай улады была адабрана ад праваслаўных беларусаў ядыная ў месце царква (Святога Арханёла Міхаіла - Л. Л.). Уся зямля, належачая да царквы, адабраная ад царкоўнага прычта, а таксама і дом, які быў пабудаваны высілкамі праваслаўнай парафіі. Сьвяшчэннік пазбаўлены сваёй кватэры і прымушаны мець куток для сябе ў прыватнай сямьі. Праваслаўных парахвіян Лідскае царквы налічваецца да 4000 чалавек, якія ... прымушаны сілай рэчаў маліцца ў невялічкай цэркаўке-каплічцы на могілках, якая знаходзіцца ад цэнтра места, пры выезьде з Ліды, і ў ранейшыя часы была толькі местам адпявання нябожчыкаў. Царква гэтая ніколі ў сьвяточныя дні, а асабліва ў такія сьвяты, як Каляды, Вялікдзень, ня можа зьмесціць і дзесятай часткі ўсіх, якія хочуць памаліцца» [11].

Мемуарыстка Яўгенія Ямант пісала што ў Лідзе была «маленькая праваслаўная царква на могілках. У гэтую царкву з нашага дома трэба было ісці праз усю Сувальскую вуліцу. На могілкі ўваходзілі праз вялікія драўляныя вароты з разьбой блакітнага колеру. Ад варот, якія падчас службы былі адкрытымі, шырокая алея сярод высокіх дрэў на могілках вяла да самога храма. Уздоўж галоўнай алеі стаялі лаўкі, абапіраючыся на старыя металічныя магільныя агароджы. Старажытныя шэрыя помнікі выглядалі велічна. Я не баялася гэтых магіл. Наадварот любіла гуляць па алеі сярод іх.

Адразу за царквой знаходзіліся магілы бацькоў маёй мамы. Мама неяк прывяла нас сюды і патлумачыла, хто ляжыць пад гэтым велізарным драўляным крыжам. Пазней мы заўсёды, калі прыходзілі ў царкву, ішлі да гэтых сціплых магіл. Царква была занадта малая, каб у нядзелю змясціць усіх вернікаў. Усярэдзіне было цесна, усе стаялі прыціснуўшыся адзін да аднаго, у кожнага было сваё звычайнае месца. Служба цягнулася да бясконцасці, таму некаторыя спецыяльна прыходзілі пазней і прабіраліся наперад. Наадварот, тыя, хто стаяў наперадзе, прагнулі глынуць свежага паветра. Так што перакартоўка і таўкучка працягваліся бесперапынна. [..]

Наша царква была драўлянай, з двума цудоўнымі купаламі-цыбулінамі, пафарбаваная ў блакітны колер. З-за яе невялікіх памераў хор размяшчаўся з правага боку ад царскіх варот. Як вядома, служба ў царкве праходзіць выключна ў суправаджэнні хору. У харыстаў быў асобны ўваход на клірас праз вузкія дзверы. Гэтыя дзверы, клірас і харысты былі для мяне чымсьці незвычайным і недасягальным. Я адчувала іх нейкую святасць.

Я звычайна стаяла каля кліраса, услухоўваючыся ў асобныя галасы і адчувала праўдзівую асалоду. Ва ўрачыстыя хвіліны, калі стоячы на каленях, глядзела на свет у высокім акне купала, а мелодыя падымалася ўсё вышэй і вышэй, я адчувала, што мая душа выносіцца разам з ёй. Моцныя галасы пеўчых дасягалі кожнага кутка скляпення, кружыліся там і чароўным дажджом абсыпаліся на галовы стаяўшых на каленях людзей - і на маю таксама. [..]

Зімы тады былі марозныя. Халадней за ўсё станавілася на «Вадохрышча», г. зн. 6 студзеня па старым Юліянскім календары, або па так званым старым стылі. У той дзень з царквы ў бок Лідзейкі адпраўляўся хрэсны ход. Натоўп рухаўся павольна, з харугвамі над галовамі. Бацюшка Багаткевіч ішоў пад балдахінам, акружаны вернікамі. Высока над галавой ён трымаў абедзвюма рукамі крыж. Памятаю яго чырвоныя ад марозу далоні і здзіўленне - як ён мог вытрымліваць такі мароз. Дарога была доўгай. З царквы ішлі праз усю Сувальскай вуліцу, затым па Замкавай у наш бок міма замкавых руін выходзілі на вуліцу Гражыны да алтара, пабудаванага перад другім мостам над ракой. Мама казала, што бацюшка засцерагае рукі ад марозу, шаруючы іх спіртам. Але я ўсё роўна дзівілася і вельмі яго шкадавала. Пазней ён прыходзіў да нас на Каляды» [12].

Таксама Ямант пісала, што «бацюшка Багаткевіч ... быў вядомы сваёй любоўю да гарачыльных напояў, што мабыць, часткова тлумачылася становішчам ўдаўца. Аднак бацюшку паважалі "як чалавечнага святара"» [13].

З 1919 па 1990-я гг. гэтая царква была адзінай у горадзе. У 1990-я - пачатку 2000-х царква была цалкам перабудавана і стала мураванай царквой-помнікам. Падчас гэтай перабудовы старая драўляная царква знікла. У 1994 годзе з-пад сцяны царквы былі забраны парэшткі генерала Кіпрыяна Кандратовіча і перанесены ў Воранава. Магілу і помнік Марыі Навіцкай, заснавальніцы Лідскай прыватнай жаночай гімназіі, удалося захаваць.

Новая царква пабудавана з выкарыстаннем ужо беларускай сімволікі. Так усе вітражы выкананы ў выглядзе выявы крыжа Ефрасінні Полацкай. У 2014 годзе на сцяне царквы-помніка ўстаноўлены падзячны медальён гетману найвышэйшаму Вялікага Княства Літоўскага князю Канстанціну Астрожскаму.

Палкавая царква ў Лідзе

Пасля разгортвання лідскага 172-га пяхотнага палка да 4-х батальённага складу (каля 4 000 жаўнераў і афіцэраў) Свята-Міхайлаўскай царквы ў цэнтры горада стала недастаткова. «Асабліва на святы ... цяжка было назіраць, як салдацікі стаялі на вуліцы перад храмам і не мелі магчымасці бачыць царкоўную службу ...», - пісаў вайсковы дабрачынны святар Міхал Зяленін [14].

Таму, пачынаючы з 1892 г. камандаванне палка імкнулася мець сваю царкву. Першапачаткова, з'явілася думка выкарыстаць былы касцёл кармелітаў, «які прымыкаў да палкавога афіцэрскага сходу (афіцэрскі сход месціўся ў былым кляштары кармелітаў - Л. Л.). Дзеля гэтага неаднаразова хадайнічалі перад інжынерным ведамствам аб рамонце касцёла, але кожны раз атрымлівалі адмову» [15].

Новы камандзір палка палкоўнік Арнольд Фёдаравіч Рэймерс, прызначаны восенню 1898 г., узяў справу ў свае рукі. Было вырашана прыстасаваць пад царкву «драўляную казарму 1-й роты, як самы вялікі, сухі і светлы будынак» [16].

Асвячэнне царквы Святой Тройцы ў ротнай казарме адбылося 6 лютага 1900 г. [17]

Але, здаецца, царква ў памяшканні роты выклікала нязручнасці для службы, і таму да 1910-х гг. 1913 г. Гарадская ўправа арандавала будынак у сына былога маршалка Эміля Сцяпанавіча Буткевіча, які стаяў у раёне горада «Ферма», пад палкавую царкву.

На пачатку 1914 г. «Веснік Віленскага праваслаўнага Свята-Духаўскага брацтва» паведаміў: «Ваенная царква месцілася ў здымнай хаце (400 руб. у год), а зараз ужо перанесена ў Паўночны гарадок. Жыхары Фермы (дзе месцілася царква) з чыгуначнікамі, прызвычайваліся наведваць часовую царкву, і яна сталася для іх прыходскай. Таму насельніцтва пачало хадайнічаць аб новай царкве. Ад часовай царквы засталося ўсё царкоўнае начынне. Каля казённага віннага склада маецца царкоўны пляц, на якім плануецца пабудова новага гмаха царкоўна-прыходскай вучэльні. … Узбуджана хадайніцтва аб пабудове царквы-школы. Хадайніцтва дайшло да кансісторыі і ўладаў губерні. Пры гэтым Земляпарадкавая (каморніцкая - Л. Л.) камісія адкрывае ў Лідзе ўласную фабрыку па вытворчасці цэментнай цэглы і будаўнічых бетонных канструкцый і таму хоча весці пабудову царквы-школы самастойна» [18].

Лідскі № 3 казённы вінны склад - гэта зараз карпусы Камбіната дрэваапрацоўкі, якія выходзяць на чыгунку.

У 1912 годзе полк перасяліўся ў новыя казармы. Пасля пераходу палка з прыватных наёмных казарм у новыя казармы за горадам, палкавая царква ўладкоўвалася ў батальённай сталовай (будынак захаваўся да нашага часу). Па штаце пры царкве служыў адзін святар.

Новая, мураваная царква і капліца на могілках у Зблянах

23 чэрвеня 1891 г. у Зблянах была асвечана капліца на могілках. Капліцу самастойна і на свае сродкі пабудаваў селянін гэтай вёскі Сцяпан Трацяк.

Маці Трацяка была рыма-каталічкай, а бацька праваслаўны (як і ўсе беларусы, з былых уніятаў). Трацяк закончыў курс у зблянскім народным вучылішчы і першы час пасля вучылішча жыў разам з бацькам і працаваў на гаспадарцы. Недзе на пачатку 1890-х гг. Збляны. Будаўніцтва царквы, каля 1900 г. хлопец выпрасіў у бацькі дазвол пайсці пешшу на багамолле ў Кіева-Пячэрскую лаўру. Кіеў са сваімі святынямі зрабіў на яго вялікае ўражанне, і Сцяпан Трацяк застаўся ў лаўры, выконваў там задарма чорныя работы і марыў пастрыгчыся ў манахі. Але смерць бацькі прымусіла яго вярнуцца на радзіму і заняцца гаспадаркай.

«Працуючы на гаспадарцы, яму прыйшла думка ўшанаваць памяць бацькоў і пабудаваць на іх магіле капліцу. Думка гэтая глыбока ўрэзалася ў яго пабожную душу, і вось гады з чатыры таму, заручыўшыся добраслаўленнем епіскапа Алексія, Трацяк пачаў выконваць свой план і заняўся падрыхтоўкай матэрыялу. Нарыхтаваўшы будаўнічыя матэрыялы, ён прыступіў да пабудовы капліцы. Цікава, што Трацяк выбудаваў яе асабіста з невялікай дапамогай свайго брата. Ён да таго аддаўся працы, што ў летні час нават і спаў на будоўлі, не толькі днём, але і ноччу, спяваючы рэлігійныя песні. Увесь матэрыял, за выключэннем бярвення і вялікіх камянёў, Трацяком быў дастаўлены да месца асабіста на сваіх руках і плячах. Іконы, напісаныя па яго замове ў Вільні, таксама пешшу былі дастаўлены ім з Вільні. У бягучым годзе ранняй вясной пабудова капліцы была скончана, і Трацяк пачаў клапаціцца аб яе асвячэнні. Капліца ўяўляе сабою выдатны драўляны будынак, зроблены вельмі трывала і старанна. Усе працы сведчаць, што ён выдатны цясляр і слесар», - пісалі «Літоўскія Епархіяльныя ведамасці» [19].

Па дабраславенні Літоўскага і Віленскага епіскапа Даната гэтая капліца была асвечана 23 чэрвеня 1891 г. (па старым стылі) Лідскім добрачынным, настаяцелем Лідскага сабора протаіерэем Каяловічам. На ўрачыстасці асвячэння прысутнічалі вернікі Зблянской і суседніх цэркваў. Падчас набажэнства ў алтары духавенству прыслужваў Сцяпан Трацяк, «горача молячыся Богу і праліваючы слёзы замілавання. У канцы набажэнства між іншым было абвешчана мнагалецце і будаўніку храма. Пасля набажэнства настаяцелем мясцовай царквы, святаром Таваравым было сказана казанне. Падчас цалавання крыжа протаіерэем Каяловічам было раздадзена да трох тысяч крыжыкаў і мноства брашур духоўна-маральнага зместу» [20].

У 1898 г. «Літоўскія Епархіяльныя ведамасці» надрукавалі артыкул пра Зблянскую царкоўную бібліятэку. Аўтар, які падпісаўся псеўданімам «N.» паведаміў, што ў Зблянскай народнай вучэльні размясцілася да 500 асоб, гэта кажа пра вялікія памеры будынка. Потым аўтар зайшоў у царкоўную бібліятэку: «У бібліятэчным пакоі я знайшоў да 40 чалавек, якія чакалі сваёй чаргі: усе падыходзілі да стала і атрымлівалі жаданую кнігу. Выдадзеная кніга зараз жа запісвалася настаўніцай у асобна для гэтага заведзеную кнігу» [21].

Як тут не згадаць Зблянскую школу пры грэка-каталіцкай царкве, якая існавала ў XVIII ст. [22] У гісторыі нічога не адбываецца на пустым месцы, заўсёды для нечага добрага патрэбны моцны падмурак. Таму не дзіва, што ў 1915-16 гг. менавіта ў Зблянах з'явілася першая беларуская школа на Лідчыне [23].


У 1866 г. святар Каспяровіч ўзняў хадайніцтва аб пабудове ў Зблянах новай мураванай царквы коштам ў 8000 руб., але поспеху ён не меў. Пры святары Гінтаўце ў 1875 г. справа аб пабудове новай царквы атрымала моцны штуршок, дзякуючы агляду інжынера Старжынскага, які знайшоў, што стары храм існаваць з-за сваёй драхласці больш не можа. Аднак неабходныя 15000 рублёў зноў не далі. Таму святар пераканаў прыхаджан пачаць капітальны рамонт старой царквы. Смерць Гінтаўта перашкодзіла ажыццяўленню гэтых планаў.

Пры яго пераемніку святары Яленскім пытанне пра рамонт царквы не паўставала. Прайшло яшчэ дваццаць гадоў, і думаць пра рамонт старой уніяцкай царквы ўжо было нельга - неабходна было будаваць новы храм. Гэта ўсведамлялі і прыхаджане і святар. Перакананыя святаром а. Таваравым, прыхаджане пагадзіліся даць на новы храм натурай і грашыма 4627 рублёў, акрамя таго сабраць на добраўпарадкаванне храма да 2000 рублёў і «на вечныя часы» ўносіць па 100 р. штогод на падтрымку храма. Дзякуючы гэтаму, справа аб пабудове царквы ў сяле Збляны атрымала добры вынік. З-за вялікіх грошай, якія ахвяравалі вернікі, сінод даў на будаўніцтва 38600 рублёў.

Быў створаны камітэт з сялян-прыхаджан пад старшынствам мясцовага святара. Камітэт узяўся за работу, унікаючы ва ўсе дробязі пабудовы, і таму матэрыял для пабудовы царквы атрымалі адборны, праца вялася правільна, тынкоўка выдатна трымаецца ва ўсіх частках царквы. Пры прыёме царквы аказалася, што яна выбудаваная шырэй і даўжэй, чым было ў плане, акрамя таго, звыш каштарысу пабудавана 2-х ярусная званіца з абразом Збавіцеля напісаным на лінолеўме, з тэкстам: «Прыйдзеце да Мяне ўсе струджаныя і прыгнечаныя, і Я супакою вас». Іканастас з абразамі абышоўся камітэту ў 1975 рублёў, з іх 475 рублёў (звыш каштарысу) выплачана з мясцовых сродкаў.

Царква будавалася тры гады. Евангелле ў 180 рублёў, св. посуд за 120 рублёў, харугвы за 70 рублёў, заслоны на прастол і ахвярнік, падсвечнікі - усё гэта набыта на ахвяраванні вернікаў. Абраз Афонскай Божай Маці «Годна ёсць» за 90 рублёў, ахвяраваны вернікам Зблянской царквы Пятром Віткам з Афона. Селянін вёскі Патасконцы Трафім Пышка на асабістыя 100 рублёў ахвяраваў кіёт да гэтай іконы.

Да 10 кастрычніка 1900 г. пабудова была закончана. Пабудаваны храм мае форму візантыйскага крыжа з двух'яруснай званіцай, мае адкрыты купал, унутры якога шмат святла, упрыгожаны трох'ярусным іканастасам з абразамі вядомага жывапісца Малокіна [24] і можа свабодна змясціць да 1200 чалавек [25].

15 кастрычніка (па старым стылі) 1900 г. у Зблянах быў асвечаны новы мураваны храм: «Зблянская трухлявая драўляная царква [26] , мела ... непрывабны выгляд. Цяпер жа тут збудаваны цудоўны мураваны храм, як абышоўся ў суму каля 30 тысяч рублёў. Амаль адначасова з храмам быў пастаўлены вялікі мураваны будынак жаночай царкоўна-прыходскай школы і прасторны новы дом святара. Усё гэта створана, хоць і на казённыя сродкі, але, галоўным чынам, клопатамі і працамі Зблянскаго святара а. Таварава. Жаночая царкоўна-прыходская школа была вельмі патрэбна ў Зблянах ... уплыў яе ўжо цяпер мацней і глыбей адбіваецца ў народных масах. У гэтай школе, звыш устаноўленых прадметаў, сялянскія дзяўчынкі настолькі паспяхова вывучаюць царкоўныя спевы, што з вучаніц арганізаваны царкоўны хор. Хор гэты смела і нават вельмі стройна спяваў усю архірэйскую службу падчас асвячэння храма, выканаўшы шмат песнапенняў, а пасля службы бліснуў сваім мастацтвам у доме святара, выканаўшы перад прысутнымі, ганаровымі гасцямі харавыя спевы, пераважна духоўнага зместу» [27].

Асвячэнне здзяйсняў Правялебны Міхаіл разам з васьмю мясцовымі святарамі суседніх парафій. На асвячэнне сабралася шмат вернікаў, а таксама прысутнічалі: кіраўнік губерні, камергер двара Яго Вялікасці І. С. Лявонцьеў, які прыбыў з Вільні, мясцовы міравы пасярэднік А. С. Меражкоўскі, павятовы спраўнік А. В. Махцэвіч, старшы памочнік акруговага наглядчыка Лідскай акцызнай акругі А. Д. Кулеша і іншыя асобы [28].

Пасля літургіі царкоўны стараста Сцяпан Трацяк на свае сродкі зладзіў у вучылішчы гасціну з дзвюх гарачых страў для 50 жабракоў, разам з членамі царкоўнага папячыцельства прыслужваў ім, і ўбогія дзякавалі старасту за пачастунак. «Стараста Трацяк - асоба рэдкая; мужчына сярэдніх гадоў, паводле абяцання халасцяк - манах у міры ... даў на іконы сваё палатно для жывапісу. Усё жалеза, патрэбнае для царквы, прынёс з Ліды за 35 вёрст пешшу. Мае вялікае суцяшэнне - кожны зароблены рубель аддае на добраўпарадкаванне могілкавай царквы. Найсумленнейшы і глыбока рэлігійны чалавек, ён быў праваю рукою святара пры пабудове парафіяльнага храма», - адзначыў аўтар артыкула пад псеўданімам «Відавочца» [29].

Філіяльная царква ў Крывічах і цудатворны абраз Божай Маці

Гэтая царква, пасля таго як была спалена ў 1809 г., верагодна, была адноўлена недзе да сярэдзіны XIX ст.

Беларускі этнограф і фалькларыст канца XIX ст. Сяргей Ігнацьевіч Карскі, стрыечны брат заснавальніка беларускай філалогіі акадэміка Яўхіма Карскага, у 1892 г. пісаў: Абраз Маці Божай Крывіцкай у Беліцкім касцёле. Копія абраза Маці Божай Крывіцкай з-пад пэндзля баброўскага мастака. Царква ў Крывічах. Фотаздымак Адама Віслоцкага, 1923 г. «Мы скажам некалькі слоў пра адзін такі абраз, пра існаванне якога многія, нават і з духавенства нашай епархіі, нічога не ведаюць. У прыходзе Беліцкай царквы Лідскага павета знаходзіцца прыпісная Крывіцкая царква. Царква невялікая, драўляная, знаходзіцца за дзве вярсты ад прыходскай, пабудаваная на адкрытым полі, званым «Крывічы», з-за чаго і царква атрымала сваю назву. У асяроддзі простага народа розных веравызнанняў гэтая царква вядома далёка за межамі свайго прыходу ў паветах: Лідскім, Наваградскім, Слонімскімі і ў іншых. Справа ў тым, што ў гэтай царкве знаходзіцца старадаўні цудатворны абраз Божай Маці. Абраз гэты даволі вялікіх памераў, старадаўні, але выдатнага жывапісу. У 1870 г. стараннямі мясцовага святара а. Стэфана Дружылоўскага выява Божай Маці была абкладзена бронзавай высерабранай рызай. На жаль, нягледзячы на наша жаданне, мы не дасталі ніякіх гістарычных дадзеных аб гэтай іконе і таму не можам сказаць нічога пэўнага пра яе мінулае. У цяперашні час, штогод у дзесятую пятніцу пасля Вялікадня, або, як кажа наш народ, "на дзесятуху" і 14 верасня, у дзень святкавання Узвіжання Святога і Жыватворнага Крыжа Гасподняга, у крывіцкай царкве адбываюцца вялікія царкоўныя ўрачыстасці пры ўдзеле ў набажэнстве бліжэйшых парафіяльных святароў і пры вялікім сходзе багамольцаў з простага люду. Ніякія хатнія клопаты, ні кепскае надвор'е - нішто не можа ўтрымаць добрых і набожных простых людзей: усе спяшаюцца памаліцца перад святым абразом Маці Божай і ў шчырасці сэрца выліць перад яе абліччам свае патрэбы і смуткі» [30].

Нагадаю, што ў візітацыі 1792 г. згадваецца шанаваны вернікамі абраз, які знаходзіўся ў філіяльнай царкве вёскі Крывічы: «Найсв. Панны Смуткуючай, на абразе срэбная вагой да 3½ грывен» [31]. Верагодна, менавіта гэты абраз зараз захоўваецца ў Беліцкім касцёле пад назвай «Маці Божая Крывіцкая», копія гэтага абраза ёсць і ў Беліцкай царкве. Толькі невядома, у які час і куды падзелася «шата вагой 15 грывен» - амаль што 3 кг срэбра. Таму святару Дружылоўскаму ў 1870 г. і давялося купляць пасярэбраную рызу.

Святар Стэфан Грудзінскі ў Жыжме

24 кастрычніка 1898 г. святкавалася 50 гадоў святарскай службы а. Стэфана Грудзінскага. Сын псаломшчыка нарадзіўся ў грэка-каталіцкай сям'і ў вёсцы Лукава Берасцейскага павета. З 1835 па 1839 г. атрымаў адукацыю ў класе прычэтнікаў у Жыровічах. Жыжмянская царква, каля 1900 г. Зразумела, што гэта адукацыя была пачатковага ўзроўню. Пасля атрымання адукацыі пайшоў рабіць цывільную кар'еру, але яшчэ раней пад час вучобы, калі ён спяваў у архірэйскім хоры, яго заўважыў мітрапаліт Сямашка і ў 1839 г. прызначыў дзячком у Алтушскую царкву Берасцейскага павета. Зразумела, што Сямашка збіраў верных сабе людзей і, падобна, Грудзінскі не падвёў свайго патрона. У 1848 г. быў рукапакладзены ў дыяканы і прызначаны ў Новабярозаўскую царкву Бельскага павета (зараз - Польшча).

Не доўга ён прабыў дыяканам, бо ўжо ў 1852 г. рукапакладзены ў святары і прызначаны вікарыем у Дзікушскую царкву ў дапамогу старому бацьку мітрапаліта Іосіфа Сямашкі, настаяцелю гэтай царквы, таксама Іосіфу Сямашку. «Знаходзячыся побач з протаіерэем І. Сямашкам, а. Стэфан карыстаўся вялікімі ласкамі мітрапаліта ...», - пісаў нейкі П. Усціновіч, аўтар артыкула пра Грудзінскага [32].

У 1857 г. памерла яго жонка і пакінула святару пяцёра дзяцей, потым памёр сын Ануфры. У 1858 г. быў прызначаны настаяцелем Жыжмянскай царквы.

Пры дапамозе кіраўніка Віленскай палаты дзяржаўнай маёмасці Глушаноўскага ў Жыжме была пабудавана мураваная царква.

Нізкі ўзровень рэлігійнасці і маральнасці прыхаджан, аўтар артыкула П. Усціновіч, як і належыць, тлумачыць «варожым рыма-каталіцкім акружэннем ... з-за гэтага п'янства і крадзяжы былі распаўсюджаны сярод прыхаджан. Шынок знаходзіўся каля царквы, і таму амаль што палова тых, хто прыйшоў у царкву, адразу ішлі ў шынок і сядзелі там да вечара, а тыя, хто ўсё ж зайшоў у царкву, пасля службы таксама ... ішлі ў шынок. Па хадайніцтве а. Стэфана ... шынок быў зачынены, прычым справа не абышлася без пратэстаў і супрацьстаяння» [33].

Пад час службы Грудзінскага былі пабудаваны тры царквы: «Прыходская, філіяльная з зачыненага касцёла (верагодна, у Бердаўцы - Л. Л.) і за яго сродкі, на могілках» [34].

На сродкі ўладальніка Бердаўкі сенатара Дэмбавецкага, які падараваў лес, і Літоўскага епархіяльнага вучылішнага савета, які даў 100 рублёў, у 1895 г. была пабудавана царкоўна-прыходская школа. Таксама, «пры раздзеле зямлі князя Паца а. Стэфан выпрасіў для царкоўнага прычта самы лепшыя зямельныя ўгоддзі ў выглядзе фальварка» [35].

Асвячэнне мураванай царквы ў Лебядзе

17 кастрычніка 1889 г. адбылося ўрачыстае ўнясенне і асвячэнне абраза Пакрова Прасвятой Багародзіцы, купленага за грошы прыхаджан па ініцыятыве святара царквы а. Савація Белазерскага. Разам было сабрана 50 руб. 25 кап [36]. Абраз быў замоўлены мастаку Георгію Малокіну, які да кастрычніка добрасумленна выканаў замову. Да асвячэння абраза граф Сімоніч падараваў святарскае ўбранне з залатой парчы. Аўтар артыкула з псеўданімам Будаўніцтва царквы ў Лебядзе. «П. Л.» асабліва адзначае бас псаломшчыка царквы Рафаловіча падчас царкоўных спеваў [37].

«Літоўскія епархіяльныя ведамасці» ў артыкуле пра асвячэнне новай мураванай царквы ў Лебядзе, паведамлялі, што Лебяда - старое паселішча, якое заснавана каля 1500 г. Тут каля самай дарогі Ліда - Гародня стаяла трухлявая царква Св. цудатворца Мікалая, якую пабудаваў Трызна. Царква неаднаразова рамантавалася але да 1880-х гг. зусім струхлела: дах, кроквы, бэлькі, настолькі прагнілі і разышліся, і таму храму кожную хвіліну пагражала разбурэнне. Аб пабудове новай царквы за кошт дзяржаўнага скарба першым у 1880 г. пачаў хадайнічаць святар Белазерскі, ён абавязаўся, што сяляне-вернікі даставяць для будаўніцтва 60 куб. сажняў каменю. Рашэнне аб пабудове было прынята ў 1896 г., на гэта было выдзелена 14 660 рублёў. Узніклі некаторыя праблемы з прызначаным старшынём камітэта па будаўніцтве царквы, таксама ўзніклі «ваганні прыхаджан са справай дапамогі ў будаўніцтве царквы, што замарудзіла пачатак пабудовы».

Закладка новага мураванага храма ў імя Св. цудатворца Мікалая адбылася ў другой палове ліпеня 1898 г. Новая царква будавалася каля старой. Каб пашырыць пагост, графіня Сімоніч прырэзала да пагоста невялікі кавалак зямлі. Царква будавалася падрадным спосабам пад назіраннем святара Сяргея Марозава і шасці сялян, якія ўваходзілі ў будаўнічы камітэт.

З большага, новая царква была гатова да канцы 1899 г., але пасля зімы 1899-1900 г. у новым гмаху былі заўважаны вялікія недахопы, якія перарабляліся да канца кастрычніка 1900 г. І толькі ў лістападзе 1900 г. будынак быў здадзены камісіі.

Царква асвечана 12 лістапада 1900 г. Але «трэба заўважыць, што гэтая царква будзе яшчэ патрабаваць рамонту, а адсутнасць агароджы будзе дакорам для прыхода» [38].

Капліцы ў маёнтку Тарнова

8 кастрычніка 1892 г. святар Радзівонішкаўскай царквы Дружылоўскі асвяціў мураваную капліцу ў імя Святога Дзмітрыя Салунскага, пабудаваную ў маёнтку Тарнова: «Царква ўяўляе сабой прыгожы мураваны будынак у гатычным стылі. Яна пабудавана па загадзе і пад асабістым наглядам графа - стваральніка храма. Над уваходнымі дзвярыма ў прыгожай трох'яруснай калоне ўладкавана званіца, яна ўвенчана конусападобным купалам з крыжам. Шкло ў вокнах упрыгожана святымі выявамі і крыжамі з рознакаляровага шкла. Унутраная аздоба храма таксама адрозніваецца сваёй вытанчанасцю, яна строга прытрымліваецца царкоўнага характару жывапісу. Царква мае новае каштоўнае начынне. Пад царквой пабудаваны вялікі фамільны склеп дзе знаходзіцца прах нябожчыцы-жонкі будаўніка храма, графіні Кацярыны Іванаўны Маўрас (у дзявоцтве - Сімоніч). У яе памяць і пабудаваны храм.

Царква высвечаная ў чацвер, 8 кастрычніка. Гэтае свята наведалі спадар галоўны начальнік края, генерал ад артылерыі Каханаў, віленскі губернатар барон Грэвеніц і іншыя паважаныя асобы, а таксама родныя графа Д. Маўраса. Царква асвечана лідскім дабрачынным протаіерэям Іосіфам Каяловічам з лідскім духавенствам. Храм прысвечаны св. пакутніку Дзмітрыю Салунскаму (дзень памяці 26 кастрычніка). Перад гэтым настаяцель Маламажэйкаўскай царквы Леў Савіцкі правёў у царкве ўсяночную службу. … настаяцель царквы ў Радзівонішках а. Аляксандр Дружыловіч выступіў з прамовай …» [39].

У гэтай жа ўсыпальніцы пад храмам праз чатыры гады быў пахаваны і сам граф Дзмітрый. Калі ў 1939 г. капліца з магільным склепам Маўрасаў была разбурана, з'явіліся чуткі, што графіня Кацярына Маўрас ляжала забальзамаваная ў спірце.

Царква ў Праважы і эксперымент Плямяннікавай

Газета «Веснік Віленскага праваслаўнага Свята-Духаўскага брацтва» ў сярэдзіне 1911 г. паведаміла, што Марыя Мікалаеўна Плямяннікава праз члена праваслаўнага брацтва Е. Н. Дабранскую выказала пажаданне ахвяраваць брацтву ўчастак зямлі памерам у 61 дзесяціну [40]. Дабранская і, вераемна, Плямяннікава ўваходзілі ў рускую жаночую праваслаўна-манархічную арганізацыю, пра якую трэба сказаць некалькі слоў.

Е. Н. Дабранская - дырэктарка Віленскай жаночай Марыінскай гімназіі і, магчыма, жонка старшыні Віленскай археаграфічнай камісіі Ф. Н. Дабранскага, з 1908 г. была членам Віленскага праваслаўнага брацтва, памерла 2 траўня 1914 г. [41] Яшчэ ў 1906 г. у Вільні быў створаны «Віленскі гурток рускіх жанчын», ініцыятарам яго стварэння якраз і выступіла Е. Н. Дабранская, якая заявіла: «Руская жанчына валодае энергіяй, з'яўляецца стойкай у сваіх перакананнях, у сваёй любові да радзімы ... Бог дасць і тут, у Паўночна-Заходняй ускраіне, каб праца яе прынесла плён велізарнай каштоўнасці і стварыла тут згуртаванае, моцнае нацыянальным духам рускае грамадства» [42]. Вядома, што мясцовыя грамадскія «рускія» арганізацыі выступалі абаронцамі моцнай манархічнай улады і адзінства Расійскай імперыі, а таксама барацьбітамі з «нацыянальным сепаратызмам» - беларускім і польскім рухам, займалі крайне правую і рэакцыйную частку палітычнага спектра. Пры падтрымцы мясцовых уладаў, быў створаны Рускі ўскраінны звяз («Русский окраинны союз»), які аб'яднаў усе манархічныя сілы нашага краю. Пад ідэалагічным уплывам гэтага звязу знаходзіліся і рускія жаночыя гурткі. Першы такі жаночы гурток паўстаў у Вільні ў канцы 1906 г. і кіравала ім якраз Е. Н. Дабранская [43].


Юрыдычна справа аб ахвяраванні зямлі Плямяннікавай брацтву была аформлена ў жніўні 1912 г. Па ўмове ахвяравання, брацтва павінна было на працягу двух гадоў пабудаваць у маёнтку Праважа Плямяннікавай царкву, інакш участак вяртаўся да гаспадыні. Каб знайсці неабходныя для будаўніцтва сродкі, брацтва арганізавала будаўнічы камітэт, старшынём якога стаў святар Васілішскай царквы Пігулеўскі. Таксама быў распрацаваны праект і каштарыс будаўніцтва царквы ў памеры 5902 руб., дзяржаўны скарб павінен быў задарма перадаць неабходныя лесаматэрыялы. На сродкі брацтва (у памеры 200 руб.) пачалася нарыхтоўка іншых будаўнічых матэрыялаў. Аднак грошы на пабудову ўсё не знаходзіліся, і таму ў свой час Плямяннікава працягнула тэрмін дамовы яшчэ на 1,5 года [44].

Як вядома, «за 48 вёрст ад Ліды, па дарозе з мястэчка Васілішкі ў Радунь у Лідскім павеце, месціцца маёнтак Праважа, якім валодае М. Н. Плямяннікава» [45]. Узнікае пытанне, нашто спатрэбілася царква ў цалкам каталіцкай частцы Лідскага павета? А справа ў тым, што Плямяннікава вырашыла правесці эксперымент - у гэтым каталіцкім рэгіёне Лідчыны яна вырашыла пасяліць праваслаўных сялян і выдзеліла праваслаўнаму брацтву зямлю для прычта царквы, якая будавалася для перасяленцаў. Таксама, магчыма ў растэрміноўку, яна прадавала частку сваёй зямлі праваслаўным сялянам: «Навокал мох, кустоўе, сосны. Толькі ўдалечыні, за некалькі вёрст (ад будучай царквы - Л. Л.) бачны новыя пабудовы. Гэта хутары будучых прыхаджан, якія купілі зямлю ў сп. Плямяннікавай, усе яны выключна праваслаўныя, у асноўным з Гарадзенскай губерні, для іх і будзе пабудавана будучая царква. У навакольных вёсках жывуць толькі католікі, ёсць толькі адна - дзве праваслаўныя сям'і … але і яны фармальна праваслаўныя, бываюць у царкве адзін - два разы ў год. Бо да бліжэйшай царквы два дзесяткі вёрст» [46].

Вядома, што ў асноўным перасяленцамі былі беларускія сяляне з-пад Наваградка.

16 жніўня 1912 г. адбылася ўрачыстае закладка новай царквы: «На месцы калісьці дрымучага лесу, сярод глухіх балот і кустоўя, знойдзена больш-менш роўная і ўзвышаная пляцоўка. Тут раздаліся словы малітвы, і закладзена зерне жыцця новага прыходу. … На ганаровай закладцы царквы прысутнічала сама ахвярадаўца сп. Плямяннікава, а таксама, як прадстаўніца Віленскага Свята-Духаўскага брацтва, Е.Н. Дабранская, члены будаўнічага камітэта і невялікая колькасць сялян. … сп. Плямяннікава будзе хадайнічаць аб адкрыцці ў маёнтку Праважа школы. Пажадаем поспехаў яе пачынанням, тым больш, што ў сваім другім маёнтку Гародна, сп. Плямяннікава ўжо адчыніла народную вучэльню і школу малочнай гаспадаркі» [47].

З прэсы даведваемся, што былы епархіяльны архітэктар А. А. Шпакоўскі (у 1912 г. пакінуў гэтую пасаду) па запрашэнні будаўнічага камітэта, кіраваў пабудовай царквы ў маёнтку Праважа. Адначасова ён рамантаваў царкву ў Біржах і будаваў царкву ў вёсцы Аляксандраўскае Ковенскай губерні [48]. Грошы для будаўніцтва царквы брацтва знайшло ў купца 1-й гільдыі Сцяпана Канавалава, які жыў ажно ў горадзе Енісейску (гэты горад знаходзіцца ў сучасным Краснаярскім краі), сібірскі купец ахвяраваў 5,5 тысяч рублёў. Сродкі дазволілі пабудаваць замест драўлянай бетонную царкву. Бетоннымі работамі кіраваў спецыяліст у гэтай справе інжынер В. К. Гагунцоў. Як і належыць, заліўка бетону ішла бесперапынна на працягу 1,5 месяцаў, і да сярэдзіны восені 1913 г. будаўніцтва храма ў асноўным было закончана [49].

Храм асвечаны 20 кастрычніка 1913 г. у гонар св. Аляксандра Неўскага. У асвячэнні прымалі ўдзел протаіерэй Лідскага сабора а. Каяловіч, намеснік Шчучынскага дабрачыннага а. Куніцкі, святар Пакроўскай царквы (раней мястэчка Сабакінцы, зараз - вёска Першамайская Шчучынскага р-на) а. Дабрынін. "Веснік Віленскага праваслаўнага Свята-Духаўскага" брацтва пісаў: «Перазвон званоў 20 кастрычніка разнёсся над новай Гасподняй нівай. Добрае надвор'е. … Святары прыступаюць да чыну асвячэння храма. … да моманту асвячэння прыбыла і Марыя Мікалаеўна. Трапяткія і ўрачыстыя хвіліны. … Вартай увагі была наяўнасць тут католікаў-просталюдзінаў. Захопленыя ўрачыстасцю, яны забылі сваю сляпую варожасць да праваслаўя і старанна маліліся. … Пасля заканчэння асвячэння храма, протаіерэй Каяловіч звярнуўся … з чуллівым словам, у якім … выказаў бязмежную радасць … з-за таго, што ў гэтай мясцовасці, дзе раней былі дзікія, непраходныя гушчары, адкуль раздаваліся толькі галасы супраць усяго рускага і праваслаўнага - зараз, … заззяў праваслаўны храм, які ўнясе ў гэтую, усё яшчэ дзікую мясцовасць, святло Хрыста …» [50]. Цікава, што Каяловіч сваімі словамі зрабіў дзікім край, які нічым не адрозніваўся па цывілізаванасці ад іншай Лідчыны.

Пасля царкоўнай службы ў маёнтку Плямяннікавай адбыўся абед. На другі дзень, 21 кастрычніка, у новай царкве прайшла літургія.

Не ведаю, ці пра ўсіх перасяленцаў у Праважу пісаў аўтар артыкула ў наступных радках, ці іх было трошкі больш, але ён паведамляў, што: «У адзін навакольны маёнтак, распраданы па хутарах, перасялілася 10 праваслаўных сямействаў … але 8 з іх прадалі свае хутары католікам і паспешна вярнуліся на радзіму» [51]. "Веснік Віленскага праваслаўнага Свята-Духаўскага брацтва" тлумачыў гэта ўздзеяннем «фанатычнага каталіцкага насельніцтвам суседніх вёсак» [52]а таксама «адсутнасцю храма і … націскам іншаверцаў» [53]. Не ведаю, ці адчувалі беларусы з-пад Наваградка моцнае адчужэнне ад мясцовага насельніцтва? Пра сітуацыю ў 1970-я гг. на Лідчыне, ужо пасля «польскага часу», калі мясцовыя сяляне-католікі прызвычаіліся да таго, што яны палякі, пісаў вядомы беларускі філолаг Юрась Пацюпа, ён адзначыў існаванне «пэўнай «іерархія даверу» (паміж сялянамі - Л. Л.), якую можна апісаць паступенна: 1) «палякі»; 2) католікі («палякі» і «барцякі»); 3) тутэйшыя (у купе з праваслаўнымі); 4) чужыя («саветы», «немцы» і г. д.)» [54]. У гэтым сэнсе, сяляне з Наваградчыны былі для сялян з Лідчыны «тутэйшымі» - усё ж сваімі.

Быў яшчэ і сацыяльна-эканамічны момант. Сяляне таго часу інтуітыўна лічылі ўсю навакольную зямлю сваёй, не разумелі, чаму ёй валодае «пан», і заўсёды не любілі прыхадняў, якія чамусьці забіралі сабе іх зямлю. Праз 15 гадоў гэта моцна адчуюць на сябе палякі-асаднікі, якім польскія ўлады надавалі зямлю ў Заходняй Беларусі.


Цытаваны вышэй артыкул, надрукаваны ў «Весніку Віленскага праваслаўнага Свята-Духаўскага брацтва», напісаны аўтарам з псеўданімам «Сельский», мае цалкам эпічную канцоўку: «Нешмашматлікіх прыхаджан мае храм у Праважы, яны абкружаны цесным колам фанатычнага каталіцкага насельніцтва, гнёт якога цяжкім ярмом кладзецца на міралюбівае і верацярпімае праваслаўнае насельніцтва …» [55].



[1] Литовские Епарх. Ведомости. 1887. № 43. С. 370.

[2] ЛЕВ. 1875. № 47. С. 391.

[3] ЛЕВ. 1887. № 43. С. 370.

[4] Malewski Czesław. Rodziny szlacheckie na Litwie w XIX wieku. Powiaty lidzki, oszmiański i wileński. Warszawa, 2016. S. 213.

[5] Любарский И. В. В мятежном крае. (Из воспоминаний). // Исторический вестник. Март, 1895. С. 833., 834., 838.

[6] Первое обозрение Высокопреосвященным Тихоном Литовской епархии // Вестник Виленского православного Свято-Духовского братства. 1914. № 13. С. 293.

[7] Электронны архіў аўтара.

[8] ЛЕВ. 1916. № 3. С. 11.

[9] Гл: Лаўрэш Л. Л. Шэпт пажоўклых старонак. Лідчына ў люстэрку прэсы. 1900-1939 гг. Гродна, 2017. С. 109.

[10] Гл. напрыклад: Лаўрэш Леанід. Ксёндз Юзаф Бародзіч і яго успаміны, датычныя Ліды // Лідскі Летапісец, 2020. 1(89). C. 76-80.

[11] Новае Жыццё № 2, 10 сакавіка 1923.

[12] Ярмонт Е. В тени замка Гедемина. Лида, 1995. С. 54-55, 56, 59.

[13] Там жа. С. 32.

[14] Зеленин Михаил. Освящение церкви при Лидском пехотном полку // Весник военного духовенства. 1900. № 17. С. 525.

[15] Там жа. С. 525-526.

[16] Там жа. С. 526.

[17] Там жа. С. 528.

[18] Вестник Виленского православного Свято-Духовского братства. 1914. № 4. С. 69.

[19] ЛЕВ. 1891. № 28. С. 225.

[20] Там жа.

[21] С. Збляны, Лидского узда // ЛЕВ. 1897. № 18. С. 159.

[22] Гл: Лаўрэш Леанід. Прыход ў Зблянах // Лідскі Летапісец. 2017. № 3(79). С. 30-48.

[23] Гл: Лаўрэш Леанід. 100 гадоў першай беларускай школе на Лідчыне // Лідскі Летапісец 2015. №4 (72). С. 7-9.

[24] Малокін Георгій († 1905 г.), мастак-жывапісец. На мяжы XIX і XX ст.ст. лічыўся найбольш яркім і прадуктыўным віленскім майстрам, вядомым не толькі ў Вільні. Георгій Малокін да 1893 г. працаваў у кампрамісным стылі, у якім традыцыйны «візантыйскі» стыль спалучаўся з рэалістычнай, халаднаватай манерай пісьма. Больш познім яго абразам была ўласцівая стылістыка мадэрну. Разам з тым у сваёй творчасці ён мог спалучаць розныя стылі. Мадэрным ён быў таму, што карыстаўся рознымі тэхнікамі і матэрыяламі: пісаў на драўляных дошках, на палатне, ацынкаваным метале, шкле, медзі. Пахаваны на Ефрасіннеўскіх могілках у Вільні.

[25] Воспоминание о церковных торжествах в с. Збляны, Лидского уезда // ЛЕВ 1901. № 1-2. С. 13-14.

[26] Гл: Лаўрэш Леанід. Прыход ў Зблянах // Лідскі Летапісец. 2017. № 3(79). С. 30-48

[27] Освящение Зблянской церкви // ЛЕВ. 1900. № 46. С. 358-359.

[28] Там жа.

[29] Воспоминание о церковных торжествах в с. Збляны, Лидского уезда.

[30] Карский Сергей. Письма из деревни. // ЛЕВ. 1892. № 51. С. 433-434.

[31] Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 41244. Візіты цэркваў Лідскага Дэканата. 1792 г. Арк. 4 адв.

[32] Устинович П. Пятидесятилетие служения священника Жижмянскай церкви Лидского уезда, о. Стефана Грудзинского // ЛЕВ. 1899. № 09. С. 101-102.

[33] Устинович П. Пятидесятилетие служения священника Жижмянскай церкви Лидского уезда, о. Стефана Грудзинского. С. 102.

[34] Там жа.

[35] Там жа.

[36] Праз столькі гадоў, мне цікава было чытаць спіс ахвярадаўцаў: графіня Лізавета Дзмітрыеўна Сімоніч (з Маўрасаў, у другім шлюбе Скосырава, маці Барыса Скосырава) - 10 руб., святар Савацій Белазерскі - 5 руб., паручнік гвардыі Дзмітрыеў - 3 руб., валасны пісар Пэцкаль - 2 руб., настаўнік Пётр Лячыцкі - 2 руб., селянін Фама Жамойцін - 2 руб., доктар Г. Гузо - 1 руб., царкоўны стараста Д. Саўрас - 1 руб., царкоўны вартаўнік Г. Паварга - 1 руб., селянін Антон Пазняк - 1 руб., Кацярына Аляксандрава - 1 руб., селянін Якаў Гамза - 1 руб., селянін Павел Паварга - 1 руб., Еўдакія Паварга - 1 руб., селянін Васіль Тарасюк - 50 кап.

[37] Из с. Лебеда Лидского уезда // ЛЕВ. 1889. № 45. С. 286-287.

[38] Освящение церкви в Лебеде // Литовские епархиальные ведомости. 1900. № 48. С. 377-378.

[39] Карский С. Торжественное освящение церкви в имении Тарново Лидского уезда, генерал-лейтенанта, графа Д. Н. Мавроса // ЛЕВ. 1892. № 41. С. 352-353.

[40] Вестник Виленского православного Свято-Духовского братства. 1911. № 23. С. 445.

[41] Вестник Виленского православного Свято-Духовского братства. 1914. № 19. С. 407.

[42] Виленский вестник. 1906. 17 декабря. С. 3.

[43] Лавринович Д. С. Русские женские кружки в общественно-политической жизни Вильно и Минска начала XX века // Религия и общество - 10 : сборник научных статей [сборник материалов научных трудов Х Международной научно-практической конференции «Религия и общество», г. Могилев, 10-23 марта 2016 г. Могилев: МГУ, 2016. С. 50.

[44] Вестник Виленского православного Свято-Духовского братства. 1913. № 21. С. 389.

[45] Вестник Виленского православного Свято-Духовского братства. 1914. № 1-2. С. 16.

[46] Вестник Виленского православного Свято-Духовского братства. 1912. № 17. С. 293.

[47] Там жа.

[48] Вестник Виленского православного Свято-Духовского братства. 1913. № 13-14. С. 268.

[49] Вестник Виленского православного Свято-Духовского братства. 1914. № 1-2. С. 16.

[50] Вестник Виленского православного Свято-Духовского братства. 1914. № 1-2. С. 17.

[51] Там жа.

[52] Там жа. С. 16.

[53] Там жа. С. 17.

[54] Пацюпа Юры. Tahafut al-Tahafut // Arche. 2006. №4. С.187-209.

[55] Вестник Виленского православного Свято-Духовского братства. 1914. № 1-2. С. 17.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX