Папярэдняя старонка: Рэлігійная гісторыя

Цвермская капліца 


Аўтар: Станіслаў Суднік,
Дадана: 03-02-2012,
Крыніца: Лідскі Летапісец № 53.



Валянцін Капачэль родам з Гімбутаў. Да Цвермаў адтуль, лічы, рукой падаць. З дзяцінства ў Валянціна Эдуардавіча захавалася трапяткое стаўленне да месца ў ляску каля гэтай вёскі, што лічылася ў народзе святым. У памяці засталіся аповяды бацькоў: чаму і як у 30-х гадах тут будавалася каплічка, хто з людзей, спадзяючыся на цуд, атрымаў ацаленне, пакланіўшыся крыжу з фігуркай Збаўцы, што быў тут усталяваны, як затым, у 60-х гадах, каплічка была знесена... Пры выпадку Валянцін Эдуардавіч абавязкова заглядваў на святое месца, а пабадзяцца па лесе ён, як аматар палявання, выбіраўся часта.

Неяк яшчэ ў маладосці Валянціну Эдуардавічу прысніўся незвычайны сон. Быццам стаіць ён каля векавой хвоі, што расце на тым цудадзейным месцы, трымае ў руках галінку дрэва, а па ёй з шыпеннем спускаецца змяя. Хоча мужчына адступіць назад, ды няма куды. Раптам чуе голас: "Не бойся! Яна цябе не ўкусіць. Пастаў каля хвоі крыж!" З такім наказам ён і прачнуўся.

Сям'я Валяля (Жака) у Цвермах.

"Трэба выканаць яго, - ні хвіліны не сумняваўся Валянцін Эдуардавіч. - Вось знайду добры матэрыял..." Але час ішоў, а абяцанае заставалася нерэалізаваным.

У 2006 годзе ў Валянціна Эдуардавіча пачаліся праблемы са здароўем. Па прызнаках хвароба нагадвала нейкае запаленне ў арганізме, аднак зробленая флюараграфія, здадзеныя аналізы сведчылі: мужчына здаровы. Жонка Ядвіга Станіславаўна памятае, як на прыём да чарговага лекара пайшла разам з мужам. Доктар правёў пільны агляд пацыента і адкрыта сказаў: "У дадзеным выпадку, калі вы верыце ў Бога, раю звяртацца не да медыкаў, а да рэлігіі".

- А ты ж, Валянцін, даўно збіраўся крыж каля Цвермаў паставіць, - першае, што сказала Ядвіга Станіславаўна мужу.

Ужо да вечара таго ж дня разам з сынам Валянцін Эдуардавіч зрабіў металічны крыж, і сям'я ў поўным складзе адправілася яго ўсталёўваць. Ад знесенай у 60-х гадах каплічкі засталася толькі пляцоўка, яна, як і ўсё вакол, пакрылася дзірваном, зараснікамі хмызнякоў. Сям'я Капачэль узялася за ачыстку. А дзе ж усталяваць крыж? Адразу спадабалася месца па цэнтры ўчастка. І як толькі крыж крануўся зямлі, ён лёгка ўвайшоў у глебу, быццам яна чакала гэтага імгнення.

Пазней Валянцін Эдуардавіч і Ядвіга Станіславаўна звярнуліся да ксендза Ўладзіміра Гуляя ў Фарны касцёл, расказалі пра свой пачын. Святар не толькі даў згоду асвяціць пастаўлены крыж, але і паведаміў, што мае копіі гістарычнага нарысу пра драўляны крыж, які некалі стаяў каля Цвермаў з копіямі дакументальных запісаў аб гісторыі будаўніцтва ў пачатку 30-х гадоў каплічкі. Самі ж сапраўдныя дакументы знаходзяцца ў архіве ў Вільні.

Звесткі пра Святы Крыж і капліцу ў Цвермах, сабраныя і напісаныя ксендзам Гіпалітам Баярунцам, ганаровым канонікам, дзяканам Лідскім і пробашчам Фарнай парафіі ў Лідзе. Гісторыя пра крыж і капліцу ў Цвермах Фарнай парафіі ў Лідзе, Лідскага дэканату, Віленскай архідыяцэзіі

Каля вёскі Цвермы, якая размешчана за 12 км на ўсход ад горада Ліды, пры дарозе з Ліды на Ліпнішкі з даўніх часоў пад лесам стаяў драўляны Так выглядала першая часовая каплічка 6 чэрвеня 1933 года, праз 16 дзён пасля высвячэння. Фатаграфавала панна доктарка Марыя Вісмант. Будаўніцтва пастаяннай драўлянай капліцы ў Цвермах. крыж з фігурай Пана Езуса з дрэва на гэты момант без рук і ніжняй часткі ног і са слаба выразным тварам.

Прыдарожны крыж у Цвермах мае вялікую пашану ў людзей і знакаміты цудамі. Пачатак цудаў сягае ў палову 18 стагоддзя. Разьбяр фігуры Пана Езуса невядомы.

Вуснае паданне, якое жыве ў вёсцы Цвермы, гаворыць, што ў той вёсцы меў сваю сядзібу і жыў гаспадар па імені Стэфан Валяль (памёр у 1787 г.) з жонкай Мар'янай (памерла 2 жніўня 1788 г.) і з дачкой Мар'янай. Паводле актаў смерці Фарнага касцёла ў Лідзе № 48. "Cwiermy. Die 2 Maii 1787 an. Obiit Stephanus Wolal Annorum 61 omnibus Sacramentis munitus Sepultus in tumylis cum patribus. (Дня 20 мая 1787 г. памёр Стэфан Валяль 61 года. Надзелены ўсімі сакрамантамі, пахаваны ў склепе з бацькамі (на вясковых могілках каля вёскі Цвермы, дапіска кс. Гіпаліта Баярунца).

№ 28. Cwiermy. Die 2 augusti 1788 an. Obiit in Dno Marianna Walolowa vidna annorum circiter 67. Munita Omnibus Sacramentis sepulda in Polyandro. Ibiden. (Дня 2 жніўня 1788 г. памерла ў памяці Мар'яна Валяль, удава, гадоў каля 67. Надзелена ўсімі сакрамантамі. Пахавана на вясковых могілках там жа.)

Паданне пра крыж дагэтуль жыве і годнае веры, як гэта відно з генеалогіі:

Стэфан Валяль памёр 20.V.1787 г., жонка яго Мар'яна памерла 2.VIII. 1788 г., а адзіная іх дачка выйшла замуж 25 чэрвеня 1775 г. за Ежага Жака, які па шлюбе пасяліўся ў Цвермах: № 51. "Die 25 Junii 1775 an Praemissis 3-bus banis continuis diebusDomminis nulloque detecto impedimento canonico benedixi matr. inter Georgium Zak et Marjannam Walelowna de villa Cwiermy Praesentibus Bartholomeo Janczura, Petro Zak, Catorina Harnostajowna etc. plurim. (Дня 25 чэрвеня 1775 г. Пасля абвяшчэння трох запаведзяў тры нядзелі без перапынку і пасля неадшукання ні адной кананічнай перашкоды добраславіў шлюб паміж Ежым Жакам і Мар'янай Валяль з вёскі Цвермы ў прысутнасці Барталамея Янчара, Пятра Жака, Катажыны Гарнастай і іншых многіх сабраных)." Дабраславіў маладых пробашч ксёндз Антоні Эйсьмант. Мар'яна Жак, ур. Валяль, мела памерці (акт смерці не знойдзены), а Ежы Жак ажаніўся ў другі раз, застаючыся на гаспадарцы ў Цвермах, з Крыстынай (прозвішча не ўказана) (Прыпіска кс. Баярунца: можа тая Крыстына ёсць тая самая Мар'яна Валяль, бо так маглі хрышчоныя бацькі падаць пры нараджэнні іх сына. А можа Ежы Жак меў другую жонку. Але тая акалічнасць мае для справы малое значэнне) і меў сына Юзафа Жака, які нарадзіўся ў Цвермах 14 сакавіка 1805 года. № акта 91. Капліца ў Цвермах перад завяршэннем будаўніцтва. На ганку ксёндз Гіпаліт Баярунец. "Cwiermy 19. Josephus nat. 14 ea Cristina et Georgio Zak. L.C.P. Thomas Golmontt, Agata Golmantowa. Martius 1805. (Цвермы, 19 сакавіка 1805. Ахрышчаны 14-га Юзаф сын Крыстыны і Ежага Жака. Кумамі былі Тамаш Гольмант і Агата Гольмант.)"

Юзаф Жак заключыў шлюбны саюз дня 22 чэрвеня 1830 г. з Эльжбетай Бярцэвіч з Цябаў, дачкой Матэвуша (у метрыках дзяцей фігуруе Эльжбета, якая быццам бы паходзіць з Краўчуноў з Вайтовічаў ці Бярцэвічаў, мяркую, што хрышчоныя бацькі памылкова падавалі яе прозвішча пры напісанні актаў нараджэння дзіцяці). № 41.22. "1830 года 22 чэрвеня. Узялі шлюб у Лідзе: Жак Юзаф з Цвермаў, гадоў 25, сын Ежага і Крыстыны, шл. мужа і жонкі і Эльжбета Бярцэвіч дачка шл. мужа і жонкі з Цябаў Матэвуша і Ганны".

Юзаф Жак меў 2 сыноў: 1. Юзафа, народжанага 14 кастрычніка 1832 г. № 277.14. "Года 1832, 14 кастр. Нарадзіўся Юзаф, сын Юзафа і Эльжбеты з Бярцэічаў Жак (паводле метрыкі Жукоўскі) у вёсцы Цвермах" , памёр 1 верасня 1914 года, маючы 83 гады, дзе ўзрост у метрыцы пададзены памылкова. № акту смерці 264.1.90. "1914 года, сентября 1 дня в дер. Твермахъ скончался Іосіфъ Іосіфовіч Жакъ от старости. Не был причащён св. Тайн. Кр. Лідской волості, вдовецъ, имевший от роду 90 лет, сего прихода, оставил сына Карла, дочерей Юстыну, Юзефу, Эмилию, Стефанию. Тело его в законный срок кс. Ратынский похоронил на Лидском приходском кладбище (1914 года, верасня 1 дня у вёсцы Цвермы памёр Юзаф сын Юзафа Жак са старасці без святых сакрамантаў, селянін Лідскай гміны, удавец, меў 90 гадоў, тутэйшай парафіі, пакінуў сына Караля, дачок Юстыну, Юзэфу, Эмілію і Стэфанію. Цела яго ў час вызначаны правам кс. Ратынскі пахаваў на Лідскіх парафіяльных могілках.)"

Названыя ў метрыцы дзеці да гэтага часу яшчэ жывыя.

2. Другі сын Юзафа Жака Вінцэнты нарадзіўся 13 красавіка 1850 года: №125.62... 13-16. "1850 года, апреля 16 дня в Лидск. Рим. Катол. Приход. костёле окрещено дитя по имени Винценты К. І. Витковским с совершением святых обрядов, крестьянъ Іосіфа і Элжаветы с Войтовичевъ Жаковъ, зак. супр. сынъ, родившийся 1850 г. апреля 13 в Цвермахъ. Воспр. были: Томашъ Клышейко и Люция Вороновна" (1850 г., красавіка 16 дня, у Лідскім Р. Кат. Параф. касцёле ахрышчана немаўля імем Вінцэнты кс. І. Віткоўскім з захаваннем усіх абрадаў сялян Юзафа і Эльжбеты з Вайтовічаў Жакаў, шл. мужа іжонкі сын, народжаны 1830 г., красавіка 13 у Цвермах. Хрышчонымі бацькамі былі Тамаш Клышэйка і Люцыя Вараноўна - прозвішча Воран або Варона, рэд. )" Вінцэнты Жак памёр 7 лютага 1921 года ў Цвермах і пакінуў жонку Ганну, якая на сёння ўжо памерла, 3 сыноў, якія на сёння жывыя: Стэфана ад 1 жонкі Антаніны, якая памерла 18 траўня 1875 г. (23 гады), Юзафа 46 гадоў, Яна 34 гадоў і дачок Анастассю і Мар'яну.

Сам Юзаф Жак памёр каля 1846 года і пахаваны на вясковых могілках у Цвермах (Панках). Акту смерці няма.

Пераказ асоб абапіраецца на метрычныя дакументы.

Паданне сям'і Жакаў пра крыж

Перад шлюбам дачкі Мар'яны, а гэта значыць яшчэ перад 1775 годам. Стэфан Валяль пасля буры, якая паваліла прыдарожны крыж з распяццем, з-за пашаны забраў фігурку Пана Езуса, загарнуў у палатно і палажыў у свіран на захаванне. Але раптам ён, Стэфан Валяль і яго жонка Мар'яна Інтэр'ер капліцы ў Цвермах. аслеплі, дачка, таксама Мар'яна, не аслепла. Адной ночы ў сне з'яўляецца яму Хрыстус Пан і кажа: "Чаму мяне заключыў! Аднясі мяне на ранейшае месца!" Пасля прабуджэння Стэфан Валяль прасіў суседзяў, каб зрабілі крыж, што суседзі тут жа выканалі. Пасля ўмацавання фігуркі Пана Езуса на новым крыжы, той крыж паставілі пры дарозе пад лесам, на даўнейшым месцы. Па заканчэнні той справы Стэфан Валяль і яго жонка Мар'яна раптам зноў пачалі бачыць. На памяць пра цудоўнае выздараўленне Валялі, пакуль жылі, штогод ладзілі пачастунак для ўсёй вёскі. Куплялі цяля, прывозілі або варылі піва і частавалі сваіх суседзяў. Ад тога часу крыж пачаў лічыцца цудадзейным, а людзі чынілі ўдовыя ахвяры, узносілі малітвы і цешыліся з атрыманых ласкаў. Складзеныя ахвяры ў грашах жыхары вёскі, пад наглядам сям'і Жакаў, адносілі альбо да касцёла, альбо раздавалі жабракам.

Ксяндзы - пробашчы Фарнай парафіі пра тое, што рабілася пад крыжам у Цвермах, наогул нічога не ведалі і не звярталі ўвагі. Верны люд аднак звяртаўся да крыжа і чыніў ахвяры ў выглядзе фартушкоў з палатна. Увесь крыж ад паўфігуры Пана Езуса аж да зямлі абвешалі даматканым палатном ў выглядзе фартушкоў з нашытым крыжам або аздабёных не раз вельмі трафнымі надпісамі, або вышыванымі аздобамі. Фартушкоў ніхто не забіраў, і гэта ўсё вісела і буцвела дзясяткі гадоў.

Ксёндз Юзаф Бародзіч, лідскі вікары, у 1898 годзе падчас візіту ў Цвермы сказаў усе фартушкі зняць з крыжа і ў яго прысутнасці спаліць, гаворачы, што гэта забабоны, а фартушкоў нельга вешаць, бо Пан Езус не быў рамеснікам, і фартушкі яму не патрэбныя. Крыж быў ачышчаны, так наказаў кс. Бародзіч і вельмі неабачліва, бо маглі быць сярод таго рыззя нейкія векавыя забыткі, годныя ўвагі, якія маглі нешта пра гісторыю тога крыжа распавесці, якой было ўжо паўтары стагоддзі. Шкода, якую нельга кампенсаваць, асабліва, калі прыпомніць, што ўсё тое было ў час няволі і рабілася пад ярмом маскалёў.

Забарона ксендза-вікарыя не падзейнічала, люд, які адведваў крыж у Цвермах фартушкі вешаў, так што ў 1932 годзе ўвесь крыж быў абвешаны на 20 сантыметраў таўшчыні. Я, ксёндз - пробашч і дэкан лідскі, ксёндз Гіпаліт Баярунец усе фартушкі асабіста пераглядаў, лепшыя, аздабнейшыя і годныя ўвагі пакінуў на памяць, і зараз на іх можна паглядзець у капліцы. Здатныя да ўжытку але малавартыя, ахвяраваў для дзяцей сірот у сіроцкім прытулку "Сэрца Марыі" ў Лідзе. А збуцвелыя спаліў.

Да крыжа прыходзілі не толькі католікі, але і праваслаўныя і завязвалі фартушкі, аздобленыя крыжам гэтага вызнання з ніжняй касой папярэчынай.

Мясцовыя людзі навакольных вёсак мала хадзілі да крыжа, але з дальных ваколіц вернікі адведвалі крыж досыць часта. Паколькі крыж знаходзіцца пры вялікай дарозе з Ліды на Ліпнішкі, пастаянна можна было бачыць людзей, якія маліліся пад крыжам у любы час дня. Такі стан рэчаў існаваў да 1932 года.

Гісторыя пабудовы капліцы ў Цвермах

Вясной 1930 г. Ігнацы Багач, жыхар парафіі Ішчолна адведаў крыж у Цвермах, які ён убачыў пад час Сусветнай вайны, і ад тога часу з нейкай Пячатка Фарнай парафіі ў Лідзе. ўнутранай цягі пастаянна яму карцела, каб нейкую ахвяру ўчыніць для таго крыжа. Ён за свой кошт пакрыў крыж ацынкованай бляхай, збоку абставіў дошкамі на падабенства каплічкі, а пад крыжам уладкаваў стол у выглядзе алтарыка. Ад тога часу людзі пачалі больш збірацца пад крыжам і нядзелямі замест таго, каб пайсці да касцёла на імшу, праводзілі час у малітвах пад крыжам. Пра гэта дайшла вестка да Ліды. Ксёндзвікары Фарнага касцёла кс. Станіслаў Мажэйка і кс. Францішак Брудняс пры аглядзе хворых у вёсцы амаль што адначасова адведалі крыж і заўважылі, што люд атачае крыж у найшматалікім набажэнстве.

Хаця я быў у Лідзе пробашчам Фарнай парафіі ад 1919 г., але тога крыжа не бачыў, толькі што-нішто пра яго чуў, як пра крыж нейкага "Ванэля" (перакручанае прозвішча Стэфана Валяля), і што тыя, хто моліцца пад гэтым крыжам, божыя ласкі атрымоўваюць. Я вырашыў тады аглядзець крыж і на свае вочы пераканацца пра знаходжанне людзей пад крыжам. Паведаміў, што дня 13 лістапада 1932 года з'езджу на месца. Калі прыбыў каля паўдня да вёскі Цвермы і разам з жыхарамі вёскі пайшоў да крыжа, які знаходзіцца за 1/2 кіламетра. Да вялікага майго здзіўлення ўбачыў, што там сабралася людзей з бліжніх і далейшых ваколіц да тысячы. Павітаўся з людзьмі, хвалячы Пана Езуса: "Нех бэндзе пахвалёны Езус Хрыстус", сказаў некалькі слоў да сабраных, адгаварыў з імі літанне да Сэрца Езуса, потым на заканчэнні адспявалі зварот пра мукі Божыя, "Які цярпеў за нас грэшных", вярнуўся ў вёску Цвермы, тут распытаўся пра гісторыю таго крыжа і, забраўшы складзеных ахвяр у грашах 93 зл. 36 гр., вярнуўся ў Ліду. Гэта было 13 кастрычніка 1932 г.

Дня 20.Х.1932 г. у віленскай газеце "Слова" № 263 было змешчана паведамленне пад загалоўкам:

Уяўнае аб'яўленне ў вёсцы Цвермы пад Лідай. Другія "Яшуны" - Пагалоскі пра цуд і выздараўленні пры крыжы. Тысячныя натоўпы.

Ліда. - Ужо сем дзён ў аддаленай ад Ліды вёсцы Цвермы дзеюцца дзіўныя рэчы. Збіраюцца там усё большыя натоўпы. З вуснаў у вусны расходзіцца вестка, што каля прыдарожнага крыжа аб'явілася постаць Хрыстуса і быццам бы робіць розныя цуды. Пагалоска з хуткасцю маланкі абляцела ўсю гміну і без малога павет, і няма нічога дзіўнага, што праз некалькі дзён з блізкіх і далёкіх ваколіц пачалі прыбываць групы вернікаў. У нядзелю натоўпы з'язджаюцца нават з вельмі далёкіх ваколіц, пеша і фурманкамі. Дасягаюць некалькіх тысяч чалавек - напэўна, як гэта мела месца ў свой час у Яшунах.

Паводле неправераных дагэтуль звесткаў, прысутныя сцвярджаюць, што бачылі аб'яўленне Хрыстуса тут каля крыжа. Тамтэйшыя жыхары распавядаюць гісторыю крыжа: "Падчас апошняй бальшавіцкай вайны, аддзел бальшавіцкай кавалерыі, які ехаў дарогай, затрымаўся каля крыжа. Адзін з бальшавікоў дастаў шаблю і секануў па выяве Хрыстуса. Пасля гэтага святатацтва аддзел ад'ехаў."

У мінулую нядзелю дня 16-га гэтага месяца колькасць сабраных ў Цвермах дасягнула кульмінацыйнага пункту. Прыбыў таксама ксёндз-пробашч, лідскі дэкан Баярунец, які адправіў перад крыжам публічную малітву. Некалькітысячны натоўп перадаваў унутры сябе і надалей весткі пра цуды. Быццам бы некалькім чалавекам невылечна хворым вярнулася здароўе. У апошні момант мы атрымалі вестку, што адбыўся быцца бы канкрэтны выпадак цуду: менавіта, спаралізаванае дзіця, ад якога адракліся лекары, як ад таго, хто ўжо не паддаецца лячэнню, выздаравела. Кс. Баярунец, які з той аказіі выступаў перад натоўпам, склаў аднаведны пратакол у прысутнасці сведкаў. З той нагоды мы звярнуліся да Віленскай Метрапольнай курыі і запыталіся, ці маюць яны хоць якую інфармацыю пра выпадкі ў вёсцы Цвермы. Даведаліся, што ані Метрапольныя курыя, ані Я.Э. Арцыбіскуп Ялбжыкоўскі да гэтага часу ніякіх канкрэтных данясенняў з той тэрыторыі не атрымоўвалі. Запытаны намі лідскі стараста ахвотна паінфармаваў, што натоўпы збіраюцца ў Цвермах праз доўгі час, і гэты выпадак мае характар амаль аналагічны з вядомым нам выпадкам у Яшунах. Людзі з'язджаюцца з вельмі далёкіх ваколіц, каб паглядзець на месца цуду. Сабраныя паводзяць сябе вельмі спакойна. Не было выпадку парушэння спакою, не занатавана таксама ніякіх інцыдэнтаў. Паліцыя, пры гэтым не чыніць ніякіх перашкод у збіранні шматлікіх групаў.

Нататка "Слова" без майго ведама і няўдала надрукаваная, парушыла спакой люду, касцельных і дзяржаўных уладаў. Пачалі інтэрпрэтаваць справу так быццам Арцыбіскуп Віленскага Метрапалітэту ксёндз Рамуальд Ялбжыкоўскі, як і карэспандэнт "Слова" наўмысна прыязджалі з Вільні. Мусіў справу паправіць і ў №264 ад дня 21.Х.1932 г. віленскае "Слова" змясціла мае ўдакладненні.

Як гэта было ў вёсцы Цвермы пад Лідай Легенда і паданні, як сродак інфармацыі пра ўяўнае аб'яўленне

У сувязі з весткамі, якія ўчора дайшлі да Вільні аб уяўным аб'яўленні пад вёскай Цвермы Лідскага павету, наш карэспандэнт выехаў на месца і спраўдзіў, што звесткі тыя не адпавядаюць рэчаіснасці, а ўзніклі на падставе тых легендаў і паданняў, якія чытач знойдзе ў ніжэй пададзеным паведамленні.

Адначасова нас прасіў ксёндз дэкан Баярунец адзначыць, што ён не падпісваў ніякага пратаколу датычнага быццам бы цудоўнага выздараўлення.

Рэд.


На адлегласці дзесяці кіламетраў ад Ліды знаходзіцца вёска Цвермы: трынаццаць ці пятнаццаць гаспадарак. Звычайная тутэйшая вёска. Да яе можна дабрацца пасля паўтарагадзіннага падарожжа па жахлівай, разбітай, ліпка-чорнай дарозе. А праз кіламетр за вёскай расходзяцца дзве дарогі. На ростанях вырасла гіганцкая, адвечная сасна, астатняя ад густога лесу, які тут некалі шумеў. На сасну абапёрты крыж. Прывязаны ён тоўстым дротам, каб вецер яго не паваліў. А да крыжа прывязана дротам фігурка Хрыстуса, выразаная з дрэва. Колькі гадоў стаіць крыж на ростанях - не вядома. Колькі год вісіць распяты Хрыстус - не вядома. Напэўна здаўна.

* * *

У васямнаццатым стагоддзі на той пустой раўніне, пад самотнай сасной ужо стаяў крыж. Але не той што стаіць цяпер. Хрыстус затое быў той самы. Толькі іначай выглядаў

Напэўна абедзве яго драўляныя рукі былі прыбіты да дрэва. На сёння тырчаць толькі кульцябкі, адрэзаныя ці адламаныя да плеч. Сёння вісіць дротам прымацаваны Хрыстус без рук. Твару яго немагчыма ўжо разглядзець. Час пакалоў яго і зацёр. А ад шыі Хрыстуса на сцягно пралёг глыбокі шрам. Ці сапраўды савецкі салдат у 1920 годзе пакалечыў Хрыстуса вытненнем шаблі. Ад ног Хрыстуса ўвесь крыж аж да яго падножжа атулены, спавіты ў зрэбныя фартухі, у дзіўныя фартушкі. На кожным з іх вышыты альбо нашыты няўмелы каляровы крыжык. На многіх з іх нейкія надпісы, прадыктаваныя ўдзячнымі людскімі сэрцамі. Фартушкоў шмат, што крыж ад іх патаўсцеў: абняць яго цяжка. Фартушкі буцвеюць, ператвараюцца ў маналітную шкарлупу, якой абрастае крыж, але на версе з'яўляюцца ўсё свежыя і свежыя, і чыстыя. Трыццаць гадоў таму назад тагачасны лідскі пробашч арганізаваў іх поўнае спаленне: такой тоўстай скарынкай быў пакрыты крыж.

* * *

Да сасны нельга дакранацца. На яе нельга залазіць. Здаралася некалі, што каторы з вясковых хлопцаў спрабаваў ўзабрацца на яе. Заўсёды падаў, заўсёды калечыўся. Таму ніхто да яе цяпер не датыкаецца. Сасна святая. Яна тая, хто крыж узяў пад апеку.

* * *

Пра крыж кружаць па Цвермах такія паданні, як і па наваколлях. У 1787 годзе (год той можна спраўдзіць на метрыках Лідскага касцёла) памёр у Цвермах стары мужык па імені Стэфан Валяль. Няма ўжо мужыкоў з тым прозвішчам у ваколіцы. За некалькі гадоў да яго смерці бура зваліла крыж. Валяль падняў з зямлі фігурку Хрыстуса, прынёс дахаты і недзе ў свірне яго паклаў. Зрабіў гэта і аслеп. І старая жонка яго таксама аслепла. І неведалі з-за чаго. Але адной ночы Валяль прысніў сон. Хрыстус, пакладзены ў свіран, прамовіў да яго:

- Пастаў крыж нанава, прыбі мяне да яго, і вернеш зрок ты і жонка твая.

У той жа дзень Валяль паставіў святы крыж, і Хрыстус зняў з яго слепату. Ад тога часу што год, у дзень цуду Валяль да смерці сваёй спраўляў для вёскі памінальны пачастунак: рэзаў цяля, купляў піва, запрашаў усіх. І Цвермы па сённяшні дзень апавядаюць пра тое.

* * *

Так пачалася цудоўная слава крыжа на дарожнай ростані. Ад тога дня палатняныя фартушкі пачалі яго славіць. І людзі моляцца пад ім. Католік ці праваслаўны - усё адно: кожны шануе той крыж. З далёкіх краёў прыходзяць да яго. А пра тую багатую пані, якая перад самай вайной прыехала сюды парадным фаэтонам аж з Вільні і ў срэбных рублях паклала вялікую ахвяру - яшчэ і сёння кожны ў Цвермах распавядае.

* * *

У Лідзе жыве адзін стары чалавек. Атрымаў ён ад Цвермскага Хрыстуса вялікую ласку - з падзякі за яе агарадзіў гэты чалавек некалькі тыдняў таму назад крыж, накрыў струхлелыя яго плечы новым драўляным дашкам.

Пячатка Лідскага дэканату з выявай руінаў замка Гедзіміна і подпісам 'Замак Гедзіміна'.

І таму набожныя людзі, бачачы свежы довад ласкі, які драўляны Хрыстус спаслаў, яшчэ большымі натоўпамі адведваюць той крыж, яшчэ з большай жарсцю ў малітвах ля падножжа яго кленчаць і што раз гусцей вешаюць на яго простыя палатняныя фартушкі.

Пададзенае вышэй наведамленне ўкладаў карэспандэнт "Слова", які сам у Цвермах не быў, і таму памясціў уласныя погляды, некаторыя вельмі няўдачна і неадпаведна з маім апісаннем крыжа ў Цвермах. Праз пару тыдняў я паехаў у Вільню і наведаўся да Яго Эксцэленцыі ксендза Арцыбіскупа Метрапольнага Рамуальда Ялбжыкоўскага, як ардынанта, распавёў гісторыю крыжа і папрасіў дазволу на пабудову там сталай капліцы, каб можна было ад часу да часу выязджаць у Цвермы са святой імшой, і каб люд, які там моліцца не забываў абавязку слухання святой ахвяры Пана Езуса ў касцёлах. Тым разам Яго Эксцэленцыя, відавочна пад уражаннем нататкі ў "Слове" і выпадку ў Яшунах не дазваляў, аж пакуль мы не прадставілі, што там люд збіраецца нядзелямі заміж таго, каб ісці да касцёла, што адлегласць ад касцёла перавышае 12 км, што малітва адбываецца пад крыжам, што там няма нічога кепскага, а вельмі выразных цудаў там не пацверджана, і ніякай шкоды і ўніжэння для нашай каталіцкай веры там няма, яго Эксцэленцыя дабраславіў мяне і дазволіў збудаваць там капліцу, сталую і публічную.

Атрымаўшы дазвол ардынанта Віленскай архідыяцэзіі я сфармаваў часовы камітэт пабудовы капліцы ў Цвермах на месцы, дзе стаіць крыж пад сасной, з парафіян прылеглых вёсак Цвермаў, Сангайлаў, Пашак, Кадаўбаў, атрымаў дазвол з курыі па высечку будаўнічага лесу з могілак Цвермаў і Пашак і прасіў п. старасту Генрыка Багаткоўскага аб супрацоўніцтве пры пабудове капліцы.

Дазвол на высечку будаўнічага лесу на могілках атрымаў з Віленскай метаралітарнай курыі 11-І-1933 г. за № 10481.

"Да Прэвялебнага дэкана ў Лідзе. У сувязі з лістом ад ... ХІІ.1933 г. № 1719 курыя дазваляе высечку 65 дрэваў па могілках у Цвермах і 60 штук дрэў на могілках у Пашках, патрэбных на пабудову публічнай капліцы ў вёсцы Цвермах... належыць глядзець, каб магілы памерлых, крыжы і помнікі не былі пашкоджаны. Пасля высечкі і пасля скарыстання дрэва на мэту, вышэй згаданую, належыць паведаміць у Курыю Кс. Ю. Астрэйка в/а канцлера Курыі".

План пабудовы драўнянай капліцы 8,70х12м. выканаў інж. пан Вацлаў Галік, вельмі свойскі і адзыўчывы. План быў зацверджаны Віленскай Курыяй Метрапалітальнай дня 16 траўня 1933 г. за №12743 "Ніжэй пададзены праект капліцы ў Цвермах Віленская Курыя Метрапалітальная акцэптуе. Кс. Ю Астрэйка, Натарыюс Метрапалітальнай курыі." План быў зацверджаны Ваяводскім урадам у Наваградку дня 22 траўня 1933 г. за № К.В.І-2/1/7.

У імя Пана Бога Ўсемагутнага ў Тройцы Святой Адзінага прыступілі да пабудовы капліцы.

Належыць зазначыць, што, мабыць, Пан Езус хацеў, каб той крыж і тое месца ў Цвермах было пасвенчана на хвалу Бога, бо нідзе мы не сустрэлі ні падману, ні найменшай перашкоды. Да каго ні звярталіся, ці то да арцыпастара Курыі і ксяндзоў, ці то да дзяржаўных уладаў і люду, заўсёды ішло, як мы хацелі, ні адной цяжкасці, ні аднаго супраціву, ані адмовы. Відна ў тым воля Божая.

Пасля нарады з камітэтам будаўніцтва я паехаў да яго Эксцэленцыі Арцыбіскупа і атрымаў дазвол на пабудову часовай каплічкі 2х3 м з аполкаў і асвячэнне яе дня 8.V.1933 г. за №12617 і адпраўлення там жа святой імшы: "Да правялебнага ксендза-пробашча ў Лідзе. У сувязі з лістом № 651 з дня 5 б.м. у сілу кан.1162 дазваляем збудаваць публічную капліцу ў Цвермах. Адначасова ў адпаведнасці з кан. 1156 упаўнаважваем правялебнага ксендза-каноніка для пасвячэння часовай капліцы ў Цвермах і дазваляем у адпаведнасці з кан. 1191 п.2 servatis legis liturgis адпраўляць там набажэнства. L.S. - Р. Ялбжыкоўскі, арцыбіскуп Метрапалітальны. Кс. Ю. Астрэйка в.а. канцлера Курыі".

Народ у тых вёсках бедны, але ахвотна прыняў вестку пра будаўніцтва капліцы і ахвотна пачаў рыхтавацца да будаўніцтва. Дрэва было выразана, звезена і апілавана. Наступіла вясна 1933 года. У касу будаўніцтва пачалі паступаць паволі, але стабільна невялікія ўнёскі ў грашах. На дзень 20.V.1933 г. у касе знаходзілася 273 зл. 87 гр.

Карыстаючыся з часу і дазволу Ардынанта, я прызначыў дзень 21 траўня для пасвячэння часовай каплічкі і адпраўлення там першай імшы святой пад крыжам за здароўе Яго Эксцэленцыі ксендза арцыбіскупа Метрапалітальнага Рамуальда Ялбжыкоўскага, які на той час быў моцна і сур'ёзна хворы.

Дня 21 траўня 1933 г. у нядзелю, не гледзячы на нечаканае захворванне свайго ксендза-вікарыя, экс-пробашча ксендза Станіслава Мажэйкі, які меў весці працэсію, а ў апошнююю мінуту адмовіўся і не пайшоў, маючы сур'ёзную хваробу, сардэчную недастатковасць, узрост 60 гадоў і апухлыя ногі, пры дапамозе Божай ласкі і з імем Божым я павёў у 7 раніцы з Ліды ўрачыстую працэсію з касцельнымі рэгаліямі, якая складалася з некалькіх тысяч вернікаў усякага стану і ўзросту. Дзень быў цёплы і пагодны. Пан Бог дабраслаўляў. Пад крыжам у Цвермах сабраліся людзі з бліжніх і нават вельмі далёкіх ваколіц, католікі і праваслаўныя, да 10 тысяч. Я зрабіў асвячэнне часовай каплічкі, адправіў першую святую імшу, а народ з удзячнасці да Бога склаў ахвяру ад сэрца на будаўніцтва капліцы ў суме 562 зл. 20 грошаў. Настрой быў дзякуй Богу, уздыму духу і сэрца надзвычайны, і гэта мне дадавала духу, што будаўніцтва капліцы будзе лёгкай справай. Будаўніцтва капліцы мела каштаваць каля тысячы злотых, а народ бедны, гаспадарчы крызіс пасляваенны, адзіныя сродкі на будаўніцтва - дабраахвотныя ахвяраванні верных.

Вясной 1933 г. пачалося будаўніцтва пастаяннай капліцы. Фундамент у зямлю заглыбілі на 1Ѕ метра, над паверхняй зямлі фундамент з чэсанага каменю - мазаікай, вышынёй 60 сантыметраў.

Асвячэнне фундамента пад пастаянную капліцу адбылося дня 24 верасня 1933 г. пры некалькітысячным зборы вясковага люду. Вуглавы камень на рагу за алтаром (закрыстыей) з боку эпістолы пасвяціў я, кс. Гіпаліт Баярунец, там жа быў складзены дакумент, напісаны на пергаменце наступнага зместу:

"In Nomine Patrej + et Filii + et Spiritus Sancti. Amen. Адбылося дня 24 верасня года Божага 1933, угодкаў Міласцівага Усеагульнага Вялікага юбілею з нагоды 19 стагоддзя ад здзейсненага адкуплення роду людскога, калі ў сталіцы Пятровай засядаў Пій ХІ, прэзідэнтам Рэчы Паспалітай Польскай быў д-р Ігнацы Масціцкі, а мітрапалітам Віленскім быў ксёндз - арцыбіскуп Рамуальд Ялбжыкоўскі. У прысутнасці дзяржаўных уладаў і шматтысячнага натоўпу вернікаў з ваколіцы, мясцовы пробашч і дэкан Лідскі ксёндз-канонік Гіпаліт Баярунец здзейсніў асвячэнне фундаментаў і вуглавога каменя капліцы пад назвай Крыжа Панскага, якая будуецца стараннямі ксендза-пробашча і жыхароў вёскі Цвермаў, Пашак і Сангайлаў і ахвярнасцю панства Захватовічаў з Бердаўкі і люду, які моліццца пад цудатворным крыжам. Дзеля вечнай памяці той урачыстай хвілі сённяшні акт напісаны і пры гэтым подпісы пад ім паставілі." Ідуць подпісы.

Пасвячэнне фундамента - гэта была хвіля ўрачыстая і вельмі хваляўнічая, вернікі адчувалі гэта сэрцам, і мы мелі цвёрдую надзею, што капліца паўстане. У касу ў той дзень паступіла 110 зл. 29 грошаў.

Разам з тым выдаткі на пабудову капліцы, капанне студні, запасы вапны і чэсанага каменю былі досыць значныя, каса вычарпалася, будаўнічага матэрыялу не хапала, а была ўжо восень. Таму я мусіў будаўніцтва капліцы адкласці на наступны 1934 год.

Як жа Пан Бог ласкай сваёй уплывае на сэрцы людскія! Знайшліся ахвярадаўцы. Пан Леан Вісмант уклаў 100 зл. Пан Аляксандр Вярсоцкі з жонкай ахвяравалі 150 зл. Пан Андрэй Радзевіч прысвяціў 150 зл. З рознай дапамогай прыходзілі Мечыслаў і Ян Захватовічы - дзедзічы маёнтка Бердаўкі і ахвяравалі патрэбны яшчэ матэрыял на сцены і дах бясплатна са сваіх лясоў. Няхай Пан Бог узнагародзіць высакародных ахвярадаўцаў і дзедзічаў. На весну 1934 г. распачалі будаўніцтва сцен і даху, гэта было зроблена з вялікімі высілкамі і ростам запазычанасці да дзвюх тысяч злотых, работа ішла цэлае лета, бо трэба было дадаць будаўнічага матэрыялу, нарыхтаваць гонты, а частку гонты купіць і прывезці аж з-пад Веранова. Позняй восенню 1934 года капліца была пакрыта гонтай. Былі ўстаўлены дзверы і вокны. Унутранае аздабленне і асвячэнне мусілі адкласці да наступнага 1935 года.

На весну 1935 года былі дакончаны яшчэ некаторыя вонкавыя работы, як афарбоўка даху карболкай, забіцце швоў паміж бярвеннямі ў сценах пакуллем, замочаным у цыменце, уборка рыштавання і пляцу пры капліцы, а ўнутры афарбоўка сцен чыстым пакостам, укладка бетоннай падлогі, устаноўка алтара, упарадкаванне закрыстыі і хораў.

Маючы сцены і дах над галавой я звярнуўся да Яго Эксцэленцыі ксендза-арцыбіскупа і атрымаў дазвол на асвячэнне капліцы наступнага зместу: "Вільня, дня 9.V.1935 г. №448. Да правялебнага ксендза-дэкана ў Лідзе. У сувязі з лістом з дня 8 г.м. №1084 Курыя паведамляе, што Віленскі ардынант упаўнаважыў правялебнага ксендза-дэкана з правам субдэлегавання на асвячэнне капліцы ў Цвермах. Кс. Ю.Астрэйка, в.а. канцлера Курыі."

Для ўрачыстага асвячэння капліцы ў Цвермах быў вызначаны дзень 10 чэрвеня 1935 г., гэта быў другі дзень Сёмухі (Зялёных святаў). На казанне я запрасіў ксендза-каноніка Леана Жаброўскага з Вільні, а на ўрачыстую цырымонію (цэлебрацыю) ксендза-каноніка Караля Любянца, інспектара Духоўнай семінарыі ў Вільні, які таксама павінен быў асвячаць капліцу. Запрасіў усіх суседніх ксяндзоў-пробашчаў, прадстаўнікоў дзяржаўных уладаў і найвыбітнейшых дзеячоў грамадскасці, а таксама ахвярадаўцаў.

Дні 8 і 9 чэрвеня былі дажджлівыя, але дзень 10 чэрвеня выдаўся пагодным і лагодна-цёплым. Відаць, Пан Езус хацеў, каб найбольшая колькасць людзей сабралася пад крыжам у Цвермах.

А 7-й гадзіне раніцы з Ліды вырушыла некалькітысячная пілігрымка да Цвермаў пад кіраўніцтвам ксендза Цэзара Трацяка, вікарыя касцёла Беззаганнага зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі на Слабодцы ў Лідзе. Для дастаўкі ксяндзоў і вернікаў былі пушчаны некалькі аўтобусаў на лінію Ліда-Цвермы.

У Цвермах сабралася люду колькасць незлічоная, 15 тысяч. А 11-ай гадзіне раніцы ксёндз-канонік Кароль Любянец з права субдэлегацыі ў асістэнцыі ксендза-прэфекта Дзяржаўнай гімназіі ў Лідзе ксендза Вітольда Нелюбовіча-Пукальскага, як дзякана, і ксендза Цэзара Трацяка, як субдзякана, урачыста асвяціў капліцу ў Цвермах пад назвай Святога Крыжа Панскага паводле рытуалу Рымска-каталіцкага касцёла, і наступная Ўрачыстая цырымонія была сумесна адпраўлена пры спевах фарнага хору пад кіраўніцтвам арганіста-маэстра пана Ксаверыя Ліхвяровіча. У некалькіх месцах падчас імшы святой падыгрываў на скрыпцы вядомы ў Лідзе музыка пан маёр Войска Польскага Аляксандр Рыпар.

Набажэнства было ўрачыстае. Бо так прыстала для славы Пана Езуса, які, мабыць, чакаў пад сасной стагоддзі, каб ва ўжо адроджанай Польшчы слава яго разносілася з-пад крыжа ў Цвермах, але ўжо ў капліцы.

Узнёсла і поўна намашчэннем Духу Божага аб веры і шанаванні Пана Заступніка адчытаў па Евангеллі слынны прапаведнік Вільні ксёндз-пралат Яго Святаблівасць, канонік капітулы Віленскай базылікі ксёндз Леан Жаброўскі. Прыбылыя ксяндзы-пробашчы з урачыстымі працэсіямі: з Жырмунаў ксёндз Ігнацы Браніцкі і з Тракеляў ксёндз Міхал Шалкевіч учынілі збор дабраахвотных ахвяраванняў і сабралі на пакрыцце коштаў будаўніцтва 328 зл. 50 гр.

Пляц перад капліцай з брамамі быў аздоблены ахвярнасцю пана дзедзіча Захватовіча і працаю пачцівых людзей з вёсак Цвермаў, Пашкаў, Сангайлаў і Кадаўбаў.

Усім ахвярадаўцам і ўдзельнікам гэтай урачыстай хвілі, прэвялебным ксяндзам і вернаму люду, як мясцовы пробашч, я ў тым акце складаю найсардэчнейшую падзяку: "Бог Вялікі заплаціць!"

Урачыстасць асвячэння ўшанаваў сваёй прысутнасцю прадстаўнік дзяржавы пан лідскі стараста д-р. Я. Чушкевіч з жонкай і пан Мечыслаў Захватовіч з сям'ёй.

Пасля заканчэння набажэнства панства Захватовічы запрасілі прыбылых ксяндзоў ды гасцей са старапольскай гасціннасцю ў свой дом у Кадаўбах.

А 16-й гадзіне ксёндз-канонік Леан Жаброўскі ў асістэнцыі ксяндзоў адправіў у капліцы ўрачыстую вячэрню.

Падчас урачыстасці ў той дзень верны люд маліўся ў вялікай колькасці, надвор'е пасавала ідэальна. Пілігрымкі пайшлі да сваіх касцёлаў, і кожны пайшоў да сваёй сялібы, перапоўнены пачуццём удзячнасці да Творцы і Пана Езуса, прымацаванага да крыжа ў Цвермах.

Тады паўстала ў Цвермах у славу Бога пастаянная капліца, а ў ёй у вялікім алтары заняў свой зямны трон амшалы крыж з фігуркай Пана Езуса, якая пратрывала каля двух стагоддзяў пад сасной, што была апякункай крыжа.

Праект капліцы свойскі, рэгіянальны. Усе вельмі ўдзячныя пану Галіку, які той слаўны праект капліцы выканаў. Будаўніцтвам капліцы кіраваў п. Ян Пацук па прафесіі цесля. Належыць успомніць... Ліхміновіч дня ... капліцы які ... унутраны і знешні ... падаём: два кандэлябры бронзавыя на 3 свечкі ножны пры алтары. Урачыстае набажэнства адправіў я сам (кс. Г.Б.) у прысутнасці некалькіх тысяч люднасці і ахвярадаўцаў: п. Станіслава Захватовіча і сям'і п. Мечыслава Захватовіча. Надвор'е было выдатнае. Ахвяраванняў па пакрыццё запазычанняў капліцы сабралі ў той дзень 190 зл. 20 гр.

Дня 1 кастрычніка 1936 г. Саюз полек для дапамогі бедным касцёлам на Ўсходніх Крэсах ахвяраваў капліцы ў Цвермах новы арнат фіялетавы з узорамі, адну новую епітрахіль фіялетавую, новую альбу і новую комжу. Саюз знаходзіцца ў Познані.

Дня 31 сакавіка 1937 года пан Станіслаў Захватовіч ахвяраваў капліцы ў Цвермах шэсць вялікіх пасрабраных ліхтароў на вялікі алтар.

Дня 7 красавіка 1937 г. ксяндом Г. Баярунцам і п. Казімірам Маліноўскім з Вільні (вул. Св. Яна пры касцёле) быў куплены пасрабраны вялікі крыж і на вечна аддадзены як ахвяра п. М. Гаўкс коштам 80 зл.


Прывілеі для капліцы ў Цвермах

Копія дакумента

"Віленская Метрапалітальная Курыя. Вільня 30 траўня 1938 г. Прывялебнаму ксендзу - каноніку Гіпаліту Баярунцу ў Лідзе ў сувязі з лістом ад дня 29 б.м. №1138 Курыя паведамляе, што Віленскі ардынант дазволіў на размяшчэнне стацый Крыжовай дарогі ў філіяльным касцёле ў Цвермах.

Віленскі ардынант дазволіў урачыстае выстаўленне найсвяцейшага сакраманту для ўдзялення дабраславенства падчас набажэнства ў Цвермах (Кс. Ю. Панялеўскі, в.а. канцлера Курыі. № акту Р-742/1938.

Узгоднена Ліда. 1938 года,

7 чэрвеня, №1209.

Кс. Г. Баярунец,

пробашч Фарнай

парафіі ў Лідзе.


Копія дакумента

"In Nomine Patris et Filii et Spiritus Sancti. Amen.

In perpetuam rei memoriam.

Vigore facultatis mihi a Sacra Paenitentiaria Apostolica Officio de Indulgentiis die 5 octobris A.D. 1933 sub N.v.c. 5384 commissae, nec non de licentia Ordinarii Loci Illustrissimi ac Reverendissimi Archiepiscopi Metropolitae Vilnensis Romualdi Jalbrzykowski de die 30 m. Maii A.D. 1938 ad preces parochi huius ecclesiae Lidensis data, ego sacerdos Hippolytus Bojaruniec S. Th. Magister, Canonicus Honorarius Capituli Metropolitani ilnensis, decanus lidensis S. Viae Crucis Stationes cum adnexis Indulgentiis erexi in ecclesia filiari Cwiermy sub litulo Stac Crucis decanatus Lidensis die 6 iunii 1938 an D. Archidioceseos Vilnensis iuxta regulas a S. Indulgentiarum Congregatione die 10 mensis maii 1742 an. praescriptas.

In quorum fidem testimonium hoc manu meo exaravi et subscripsi die 6 m. Junii A.D. 1938. L.S. №1211

decanus lideusis

Hippolyty Bojaruniec S. T.M.

Can. Hon. parochus Farae lideusis.


Узгоднена.

Ліда.

7 чэрвеня 1938 г.

№ 1212.

Кс. Г. Баярунец,

дэкан лідскі.


Дня 6 чэрвеня 1938 года на другі дзень спаслання Духа Святога адбылася пілігрымка ў Цвермы з Ліды пры сухім надвор'і. Людзей сабралася да 10 тысяч. Яўрэйскіх латкоў не было ні аднаго. Пан лідскі стараста Гусоўскі (Гансоўскі) забараніў прадаваць гарэлку і піва, затое быў спакой і ўрачысты настрой. Пасля ўрачыстай імшы была адспявана суплікацыя (малітва просьба), і потым было ўдзячнае ўрачыстае дабраславенне з дараносіцай прэнайсвятога сакраманту. Далей ксёндз-канонік Гіпаліт Баярунец урачыста заснаваў Крыжовую Дарогу паводле прадпісанай формы. Стацыі фундаваў ксёндз-пробашч Баярунец коштам 72 зл. 90 гр. Падчас набажэнства было сабрана дабраахвотных ахвяраванняў 174 зл. 78 гр.

Бальшавізм

У 1939 годзе дня 1 верасня пачалася нямецка-польская вайна. Польшча не вытрымала нямецкай перавагі. Дня 18 верасня 1939 года расійскія бальшавікі пасля заключэння дамовы з немцамі ўступілі ў наш край і навязалі нам сваё бальшавіцкае права, робячы ў нас бальшавіцкі "рай". Усё змянілася. Уласнасць была нацыялізавана, але толькі, як гаварылі, у буржуяў і польскіх паноў. Капліца ў Цвермах ацалела. Былі замахі на завалодванне святыняй. Але наш люд, выхаваны ў касцёле, на бязбожныя мэты яе не даў. У пачатку 1940 г. старшыня сельсавету ў Цвермах Ігнатовіч, праваслаўны мужык з вёскі Сліжы і бальшавік-камісар склікалі некалькі разоў навакольных сялян і дамагаліся, каб грамада ў Цвермах вынесла ўхвалу аддаць капліцу пад залу сходаў для гміны (сельсавета) і далі паперу, напісаную старшынём і бальшавіком як пратакол для подпісу. Ні адзін наш парафіянін пратаколу не падпісаў, абапіраючыся на тое, што капліца - не іх уласнасць, а збудаваў яе ксёндз-пробашч са складак вернікаў, якія прыходзілі на імшу да капліцы. Ухвала правалілася. Тады бальшавікі наклалі на капліцу вялікі падатак. Па 11 тысяч рублёў за кожны год. Вёска Цвермы павінна была заплаціць за 1940 год і столькі ж за 1941 год. Жыхары вёскі Цвермы адказалі, што гэта не іх уласнасць, а таму і плаціць не абавязаны. Цяжкая хмара навісла над капліцай ў Цвермах, засталася толькі надзея на Бога. Пан Бог апекі не пашкадаваў. У сакавіку жыхарам Цвермаў былі ўручаны позва заплаціць падатку за 1940 год 52 рублі 50 капеек і столькі ж за 1941 год. Атрымаўшы паведамленне пра той ужо малы падатак, пробашч загадаў у той жа час падатак аплаціць, што таксама было ўзята з сум ахвяраў. Заплачана заміж 22 тысяч рублёў толькі 105 рублёў. Ці ж гэта не ласка Божая? Ці ж гэта не воля Пана Езуса, чый крыж знаходзіцца ў алтары той капліцы? Бальшавікі, гнаныя немцамі, пакінулі мясцовасць 27 чэрвеня 1941 г., і капліца ацалела без ніякага пашкоджання. У 1940 і 1941 гг. у капліцу на набажэнства ездзіў час ад часу ксёндз Людвік Віткоўскі, часовы на час вайны пробашч ў Кір'янаўцах (Бердаўцы). З верасня 1941 г. ездзіў таксама з Кір'янаўцаў ксёндз-пробашч Пётр Міцкевіч.

Пералік здзейсненых цудаў пад крыжам у Цвермах, якія аднак аўтарытэтам касцёла не пацверджаны

1. Каля года 1773 (перад 1775-м годам) паводле народнага падання, апісанага ў гісторыі крыжа ў Цвермах, Стэфану Валялю і яго жонцы Мар'яне вярнуўся зрок.

2. Францішак - сын мужа і жонкі Яна і Юзэфы са Станкевічаў Жакаў, якія жылі ў Цвермах нарадзіўся 18 лютага 1929 года, № акту 168.

Было гэта дзіця слабое, енчыла дзень і ноч, і выйшла так, што засталіся толькі косці і скура. Бацькі насілі яго да розных лекараў, і нічога не дапамагала. У той час маці прыпомніла пра крыж і 8 верасня 1930 года павесіла фартушок на крыж у Цвермах як ахвяру. І дзіця паправілася.

3. Той жа Францішак Жак, дзіця 2,5 гадоў, на Вялікдзень 1931 г. захварэў на шкарлатыну і меў пухліну ў горле. Памясцілі яго ў шпіталь у Лідзе. Лекар хірург п. Казубоўскі сказаў, што гэты хлопец не будзе жыць. Пасля вяртання са шпіталя дадому і вывешвання фартушка на крыжы Франак у той жа час выздаравеў, прынамсі выглядае вельмі здаровым.

4. Ядвіга Гольмант з Цвермаў мела сардэчную недастатковасць і хварэла ўвесь 1930 год. Пасля таго, як памалілася перад крыжам паправілася, і цяпер распавядае, што цешыцца здароўем.

5. Кастусь Вінча, пастаянны жыхар Цвермаў, 50 гадоў, доўгі час адчуваў хваробу лёгкіх і быў на прасвеце (рэнтгене), і лекары пастанавілі, што мае сухоты (туберкулёз). Пачаў маліцца пад крыжам і працаваць бясплатна пры аздабленні крыжа і будаўніцтве капліцы і цяпер гаворыць, што ні болю ўжо не чуе і ні стомы і ахвотна далей працуе пры пабудове капліцы.

6. Дня 2 чэрвеня 1933 года з'явіўся ў Фарны касцёл у Лідзе і менавіта да мяне, ксендза-пробашча Баярунца, сведка, які гатовы ахвотна сведчыць пад прысягай, што ён, Вінцэнт Карповіч, народжаны ў 1901 г., жанаты, з вёскі Гярвенікі Жырмунскай парафіі будучы дзіцем выпаў з калыскі і моцна стукнуўся, ад тога часу меў пастаянны боль галавы ў дні і ночы і не меў на тое рады. Дня 27 траўня 1933 года пайшоў пад крыж у Цвермах і падчас малітвы адчуў, што яму з галавы нешта ссунулася, і што цяпер ужо ніякага болю ў галаве не чуе.

7. Дня 25 жніўня 1935 года прыйшоў да мяне ксендза-пробашча Гіпаліта Баярунца на плябань у Лідзе п. Пётр Гольмант, каваль па прафесіі, жанаты, які жыве ў Цвермах, і з плачам і ўзрушэннем расказаў, што сам атрымаў ад Пана Езуса з крыжа ў Цвермах цуда, бо быў заўсёды хваравіты, і яму вельмі не шанцавала ў жыцці, але пасля ён выканаў работы пры капліцы, то цяпер упаўне здаровы і ў жыцці мае ўдачу. Яго ж жонка Паўліна Гольмант мела пастаянны боль у галаве, і лекары гаварылі, што ў яе сухоты. Пастаянна мусіла ляжаць з нагоды хваробы і паволі нейкі час была ўжо ў вельмі кепскім стане здароўя, мусіла ляжаць, але ўстала і была на асвячэнні фундамента капліцы дня 24 верасня 1933 г. і малілася, адчула, што хвароба яе пакідае, і ад тога часу яна ёсць упаўне здаровая."

17 студзеня 1946 года ксёндз Гіпаліт Баярунец, пробашч Лідскай Фарнай парафіі ад 1919 года, Лідскі дэкан і ганаровы канонік памёр, а гісторыя Цвермскага крыжа пайшла далей.

Разбурэнне капліцы

Адразу пасля вайны і да пачатку 60-х гадоў 20-га стагоддзя Савецкай уладзе было не да Цвермаў.

Яшчэ 21 сакавіка 1959 года ўпаўнаважаны Савета па справах рэлігійных культаў па Гарадзенскай вобласці склаў "Гістарычны нарыс пра крыж у Цвермах", у якім нават мякка абгрунтоўвае патрэбнасць Цвермскай капліцы тым, што людзям у непагадзь далёка адсюль ісці да касцёла.

А ўжо ў 1960 годзе капліцу знеслі. Кіраваў гэтым актам вандалізму, а капліца была цікавым помнікам архітэктуры народнага дойлідства, дырэктар Дварышчанскага саўгаса Іваноў. Яму дапамагалі саўгаснікі Слюсараў, Жамойда і іншыя.

Разбуралі трактарам, зачапіўшы тросам за верх капліцы. Вернікам аднак дазволілі вынесці крыж з фігуркай, які яны перадалі ў Тракельскі касцёл, дзе яго адзелі ў медныя шаты, і дзе ён прастаяў да вясны 2007 г.

А старую хвою чакаў наступны лёс. Пасля разбурэння капліцы геадэзісты вырашылі паставіць у гэтым месцы трыангуляцыйны знак. Сасна замінала ім гэта зрабіць, і таму было вырашана яе спілаваць. Як толькі пачалі пілаваць высветлілася, што піла ўзята замалая, а з дрэва пацякла смала колерам падобная на кроў. Гэта моцна напалохала геадэзістаў, і яны пакінулі дрэва ў спакоі. Аднак час зрабіў сваю справу, і дрэва пару гадоў назад павалілася. Гэта было сапраўды магутнае дрэва таўшчынёй у тры з паловай ахопы.

47 гадоў святая імша не адпраўлялася ў намоленай мясціне каля Цвермаў

Адраджэнне святыні

Пастаноўка крыжа Валянцінам Капачэлем у Цвермах была толькі першым крокам, бо сама святыня - Цвермскі крыж - знаходзілася ў Тракелях.

Знакам на наступны крок быў, як і ў выпадку з Валялем, сон, у якім з таго ж святога крыжа Хрыстус натхніў Валянціна Эдуардавіча пабудаваць новую мураваную капліцу і вярнуць у яе Цвермскі крыж. Будаўніцтва капліцы цягнулася амаль тыдзень. Усім, хто будаваў новую капліцу, дапамагаў у духоўным плане ксёндз Павел Галінскі, пробашч парафіі імя Наведвання НПМ у Тракелях, а таксама ксёндз Уладзімір Гуляй, пробашч парафіі Ліда-Фара. Неацэнную дапамогу аказала таксама сястра Юзэфа з парафіі імя Божай Міласэрнасці ў Лідзе. Ксяндзы і манахіні з навакольных парафій падтрымлівалі яго духоўна, а многія людзі добрай волі з навакольных мясцінаў аказалі фінансавую дапамогу, як і ўдзельнічалі ў будаўніцтве. Знамянальна, што ўрачыстае асвячэнне мураванай прыдарожнай капліцы ў Цвермах адбылося, як і калісьці, на другі дзень Сёмухі або 28 траўня. Каплічка атрымала назву - Узвышэння Святога Крыжа. Там быў змешчаны і стары векавечны крыж, вернуты з Тракеляў, з праслаўленай ласкамі фігуркай Хрыста, які, напэўна, яшчэ на працягу вякоў будзе напамінаць вернікам, якая неабсяжная і ўсемагугная Божая ласка!

З таго часу цячэ бясконцая плынь людзей у гэтае святое месца. Асабліва шмат народу прыходзіць і прыязджае сюды на святочныя фэсты, якія сталі трады цыйна праводзіцца на Сёмуху. У 2007, 2008 і наступных гадах Цвермы наведваў біскуп Аляксандр Кашкевіч з Гародні. Гавораць, у гадзіны набажэнства дажджавыя хмары над Цвермамі рассейваюцца, і нават машкара перастае даймаць прысутных. Людзі распавядаюць ужо свае, новыя паданні пра цудадзейныя ацаленні. А паколькі крыж за шклом, то на старой сасне, якая так і ляжыць за каплічкай, кожны год з'яўляюцца тысячы ахвярных стужак, мабыць, стужкі замянілі фартушкі, бо на сасну іх спадручней завязваць.

Усё працягваецца.

З матэрыялаў, сабраных Ядвігай Станіславаўнай і Валянцінам Эдуардавічам Капачэлямі, артыкул скампанаваў Станіслаў Суднік .


Літаратура:

1. Wiadomosci o sw. Krzyzy i Kaplicy w Cwiermach, zebrane i napisane prez Ks. Hipolita Bojarunca, Kononika Honorowego, Dziekana Lidzkiego i proboszcza parafii Farnej w Lidzie... Рукапіс. Ксеракопія. Захоўваецца на Лідчыне ў некалькіх асобніках. Адзін з іх - у рэдакцыі.
2. Rzekome objawienie we wsi Cwiermy pod Lida. Drugie "Jaszuny". - Pogloski o cudach i uzdrowieniach przy krzyze. - Tysiaczne tlumy. "Slowo", № 263, 20.10.1932. Вільня.
3. Jak to bylo we wsi Cwiermy pod Lida. Legendy i podanie zrodlem wiadomosci o rzekomem objawieniu. "Slowo", № 264, 21.10.1932. Вільня.
4. Ёанна Немчыноўская. Ёсць такое святое месца. "Слова жыцця", № 13, 24.06.2007 г., Гародня.
5. Уладзімір Круцікаў, Міхась Бурачэўскі. Цвермы: вяртанне святыні. "Лідскі летапісец", № 2 (38), красавік-чэрвень 2007 г.
6. Малітва ля цудоўнага крыжа. "Слова жыцця", № 10, 18.05.2008 г., Гародня.
7. Людмила Петрулевич. Чудеса, в которые верили люди. "Лідская газета", № 117 (11933), 19.10.2010 г.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX