Папярэдняя старонка: Вопісы парафій Лідскага дэканату ў 1784 г.

Беліцкая парафія 


Дадана: 11-06-2013,
Крыніца: Лідскі Летапісец № 58.



(З магістарскай працы Андрэя Рыбака пад кіраўніцтвам прафесара, доктара габілітаванага Юзафа Марошка, 2004)

Пераклад з польскай Леаніда Лаўрэша

1

Касцёл парафіяльны знаходзіцца ў мястэчку Беліца, у Лідскім павеце і дэканаце. Вёскі і мястэчкі прыналежныя да парафіі выкладзены ніжэй па алфавіту.

Абрамаўшчына (Abramowszczyna), фальварак яснавяльможнага пана Тамашэўскага, у кірунку на летні ўсход, палова малой мілі.

Агароднікі (Ogrodniki), вёска васпана Пузыны, у кірунку на летні ўсход, паўтары мерныя мілі.

Альшэўцы (Olszewcy), вёска, карчма і млын ксяндзоў дамініканаў, у кірунку на летні ўсход, палова малой мілі.

Астравухі (Ojhowy), шляхецкая ваколіца, у кірунку на поўнач адна мерная міля.

Баравічы (Barwicze), вёска Найяснейшага князя ваяводы Віленскага [1] ў дзяржанні Найяснейшай княжны экс-падкаморавай, у кірунку паміж поўначчу і летнім усходам, адна мерная міля.

Беліца (Bielica), двор тых жа, над ракой Нёманам, у кірунку на поўдзень, 600 альбо больш крокаў ад касцёла парафіяльнага.

Бандары (Bondnarze), вёска за Нёманам, таго ж князя, у дзяржанні ў васпана Статкевіча, генерал-маёра войск ВКЛ, у кірунку паміж летнім і зімовым усходам, палова вялікай мілі.

Вашкевічы (Waszkiewicze), двор, касцёл філіяльны і карчма над Нёманам васпана Пузыны, у кірунку на летні ўсход паўтары мерныя мілі.

Ганцавічы (Hancewicze), фальварак і вёска над Нёманам васпана Пузыны, у кірунку на летні oсход, адна вялікая міля.

Ганчары (Hanczary), вёска і карчма васпана Пузыны, у кірунку на летні усход, паўтары вялікія мілі.

Гезгалы (Giezgaly), вёска за Нёманам, таго ж Князя, у дзяржанні ў васпана Мараўскага, у кірунку паміж зімовым усходам і поўднем, адна мерная міля.

Дзітрыкі (Dzitryki), вёска Найяснейшага князя ваяводы Віленскага, у дзяржанні ў васпана Статкевіча, у кірунку паміж поўначчу і летнім усходам, адна мерная міля.

Дзякавічы (Dziakowicze), засценак Найяснейшага князя ваяводы Віленскага, у дзяржанні ў васпана Статкевіча, у кірунку на поўнач, паўтары малыя мілі.

Дроздава (Drozdowo), вёска васпана Пузыны, старасты Дзевянішскага, у кірунку на поўнач, адна вялікая міля.

Ельня (Jelna), кляштар, касцёл і фальварак ксяндзоў дамініканаў, у кірунку на летні ўсход, чвэрць вялікай мілі.

Ельня (Jelna), двор васпана Бароўскага, у кірунку на летні ўсход, палова малой мілі.

Жомайдзі (Zomojdz), вёска Найяснейшага князя ваяводы ў дзяржанні васпана Статкевіча, у кірунку на летні ўсход, адна вялікая міля.

Жучкі (Zuczki), засценак Найяснейшага князя ваяводы ў дзяржанні Найяснейшай княжны экс-падкаморавай, у кірунку на поўнач адна малая міля.

Зарачаны (Zarzeczany), вёска васпана Статкевіча, васпана Бароўскага і васпана Тамашэўскага, там жа, недалёка дзве карчмы, у кірунку на летні ўсход палова мернай мілі.

Зачэпічы (Zaczepicze), за Нёманам, вёска і карчма Найяснейшага князя ваяводы ў дзяржанні васпана Мараўскага, у кірунку паміж зімовымі поўднем і захадам, адна вялікая міля.

Збляны (Zblany), двор Найяснейшага князя ваяводы ў дзяржанні Найяснейшага князя Радзівіла, палкоўніка, у кірунку на зімовы захад, адна вялікая міля.

Збляны (Zblany), вёска і царква Найяснейшага князя ваяводы ў дзяржанні васпана Мараўскага, у кірунку паміж зімовым поўднем і захадам, адна мерная міля.

Істакі (Istoki), двор васпана Статкевіча, у кірунку на летні ўсход, палова вялікай мілі.

Канюшаны Малыя (Koniuszany Maly), фальварак і вёска Найяснейшага князя ваяводы ў дзяржанні васпана Мараўскага, у кірунку паміж летнім захадам і поўначчу, паўтары мерныя мілі.

Канюшаны Вялікія (Koniuszany Wielkie), вёска васпана Статкевіча, у кірунку паміж поўначчу і летнім усходам, паўтары малыя мілі.

Каршакі (Korszaki), засценак за Нёманам Найяснейшага князя ваяводы ў дзяржанні васпана Мараўскага, у кірунку паміж поўднем і зімовым захадам, палова вялікай мілі.

Крывічы (Krzywicze), двор, царква і вёска, за некалькі крокаў ад двара васпана Будкевіча, у кірунку паміж зімовым і летнім захадам, чвэрць мернай мілі.

Красная (Krasna), вёска Найяснейшага князя ваяводы ў дзяржанні васпана Мараўскага, у кірунку на зімовы захад, палова малой мілі.

Лазяны (Loziany), фальварак і вёска за некалькі крокаў ад двара таго ж Найяснейшага князя ваяводы ў дзяржанні васпана Мараўскага, частка вёскі Лазяны належыць да беліцкіх кальвіністаў, у кірунку на зімовы захад, адна малая міля.

Лайкоўшчына (Lojkowszczyna), засценак Найяснейшага князя ваяводы ў дзяржанні васпана Мараўскага, у кірунку на зімовы захад, адна вялікая міля.

Масявічы (Mosiewicze), вёска васпана Пузыны, у кірунку паміж поўначчу і летнім усходам, палова мернай мілі.

Нясілаўцы (Niesilowce), вёска за Нёманам, вёска, карчма і млын таго ж маёнтка Найяснейшага князя ваяводы ў дзяржанні васпана Мараўскага, у кірунку паміж зімовым усходам і поўднем, чвэрць мернай мілі.

Парэчча (Porzecze), вёска Найяснейшага князя ваяводы ў дзяржанні Найяснейшага князя Радзівіла, палкоўніка, у кірунку на зімовы захад, адна мерная міля.

Руда (Ruda), вёска, карчма і млын за Нёманам Найяснейшага князя ваяводы ў дзяржанні васпана Статкевіча, у кірунку паміж летнім і зімовым усходам, адна вялікая міля.

Саламянка (Slominka), карчма і засценак васпана Статкевіча, у кірунку на поўнач, адна мерная міля.

Сіманы (Szymany), вёска, частка - ксяндзоў дамініканаў, частка - васпана Статкевіча і васпана Бароўскага, у кірунку на летні ўсход, палова малой мілі.

Стокі (Stoki), двор, каля яго карчма Найяснейшага князя ваяводы, ў дзяржанні Найяснейшай княжны экс-падкаморавай, у кірунку на поўнач, чвэрць малой мілі.

Сялец (Sielec), фальварак на Нёманам Найяснейшага Князя ваяводы ў дзяржанні васпана Статкевіча, у кірунку паміж летнім і зімовым усходам, адна малая міля.

Сялец (Sielec), вёска і карчма каля фальварка, таго ж ягамосці, там жа.

Чаплеўшчына (Czaplowszczyzna), фальварак васпана Соўкі, ротмістра Лідскага і вёска таго ж ягамосці, у кірунку паміж летнім захадам і поўначчу, палова мернай мілі.

2

Ад гэтага парафіяльнага касцёла, наступныя суседскія касцёлы:

Няцеча (Nieciecza), парафіяльны касцёл у тым жа павеце і дэканаце на землях васпані Барымоўскай, Лідскай стольнікавай, у кірунку на летні захад, адна мерная міля.

Дзятлава (Zdzieciel), парафіяльны касцёл за Нёманам, у павеце і дэканаце Слонімскім, на зямлі васпана Солтана, у кірунку на поўдзень, тры вялікія мілі ад касцёла парафіяльнага Беліцкага.

Жалудок (Zoludek), парафіяльны касцёл у павеце і дэканаце Лідскім, на землях васпана Тызенгаўза, у кірунку на зімовы захад, тры вялікія мілі.

3

Значнейшыя гарады каля касцёла:

Ліда , судовы горад, ляжыць на поўнач, чатыры мерныя мілі.

Наваградак , судовы горад, у кірунку паміж летнім і зімовым усходам, пяць вялікіх міль.

4

Дарога з Беліцы да Ліды, спачатку ідзе пясчанымі палямі да ракі Дзітва, на рацэ мост і грэбля да карчмы якая называецца Пескі, потым пясчаная і няроўная дарога ідзе пушчай і зараслямі.

З Беліцы да Наваградка перавоз Шоўкавы (Szolkowy) на рацэ Нёман за палову мілі ад Беліцы, пясчаная і няроўная дарога ідзе пушчай аж пад Наваградак.

З Беліцы да Ліды, летняя дарога пяць гадзін язды, узімку тры гадзіны.

З Беліцы да Наваградка летняя дарога сем гадзін язды, узімку пяць гадзіны.

5

Азёр вялікіх і малых, як і багнаў, і балот няма.

Стаў Найяснейшага князя ваяводы Віленскага пры двары Стокі, з крыніц, якія там выцякаюць, малы і неглыбокі, у кірунку на поўнач, чвэрць малой мілі.

Стаў ксяндзоў дамініканаў, недалёка вышэй ад згаданага кляштара, малы зарослы і неглыбокі, з мясцовых крыніц.

Стаў і канал васпана Статкевіча пры двары Істакі, малы, з крыніц, якія там выцякаюць, у кірунку на летні ўсход, палова вялікай мілі.

Стаў Найяснейшага князя ваяводы, недалёка ад мястэчка Беліца, малы зарослы і неглыбокі, на рацэ, якая мае назву Нёманак, дзе грэбля ідзе да перавозу, у кірунку паміж зімовым усходам і поўднем.

Каналаў два, пры двары Збляны Найяснейшага князя ваяводы Віленскага, выцякаюць з мясцовых крыніц, у кірунку на зімовы захад адна вялікая міля.

Стаў Найяснейшага князя ваяводы, каля вёскі Руда, за Нёманам, з рэчкі, названай Ізва, не глыбокі і малы, у кірунку паміж летнім і зімовым усходам, адна вялікая міля.

Палёў у парафіі Беліцкай ёсць болей чым лясоў, аднак, пачаўшы ад вёскі Руда за Нёманам, паміж летнім і зімовым усходам, да вёскі Гезгалы, паміж зімовым усходам і поўднем за адну мілю ад парафіяльнага касцёла, у абсяг і ўглыб каля трох міль, знаходзіцца сасновае дрэва, здатнае для будоўлі. Потым уздоўж Нёмана, пачаўшы ад двара Вашкевічы васпана Пузыны, ад летняга ўсходу да зімовага захаду да вёскі Развады Найяснейшага князя ваяводы, паміж невялікіх ляскоў цягнуцца на дзве мілі вялікія дубравы, сасновыя гушчары, але не здатныя да будоўлі а толькі на паліва. Каля двара Вашкевічы васпана Пузыны сасновы бор, шмат таварнага дрэва здатнага для будоўлі, у абсяг і ўглыб на некалькі сотняў крокаў, ад касцёла парафіяльнага на летні ўсход паўтары мілі. Таксама пры двары Стокі Найяснейшага князя ваяводы, альховы гай на некалькі сотняў крокаў, калі ехаць ад Беліцы да Ельні, з левага боку, за чвэрць мілі на поўнач. Пры двары Крывічы васпана Будкевіча, паміж зімовым і летнім захадам за чвэрць мілі па правую руку дужы альховы гай і гушчар з асіны, бярозы і ясеню, гушчар займае дваццаць ці болей моргаў, пры тым жа двары на зімовы захад за чвэрць мілі па правую руку гай бярозавы і асінавы, часткова з алешынай, гай мае назву Сідараўшчына (Sidorowszczyna) Найяснейшага князя ваяводы, належыць да Беліцкага двара, трыццаць ці болей моргаў. Пры двары Збляны Найяснейшага князя ваяводы, на зімовы захад адна вялікая міля ад касцёла парафіяльнага, каля двара гай бярозавы і асінавы, называецца Кобраўшчына (Kobrowszczyzna). За адну мілю ў кірунку на поўнач трушчоба пад назвай Саламянка (Slomianka) плошчай болей за трыццаць моргаў, належаць Найяснейшаму князю ваяводзе. Так сама на летні ўсход па правую руку палова мілі лес пад назвай Ломышча (Lomyszcza) плошчай некалькі моргаў. Лес Грушэўнік (Hruszewnik), лес Кудравы (Kudrawy), там жа трэці лес Рой, плошчай (...) моргаў, належаць Найяснейшаму князю ваяводзе, на летні захад і поўнач чвэрць мілі ад касцёла, у шмат якіх месцах кусты і лес плошчай па некалькі моргаў, якія не маюць сваіх уласных назваў.

7

Млыноў восем, васпана Пузыны на Дзітве, Найяснейшага князя ваяводы на Ізве, Моўчадзі, Нёманку, ксяндзоў дамініканаў у Ельні, васпана Статкевіча два ў Істаках, Найяснейшага князя ваяводы ў Стоках, адзін на ставах, як апісана ў раздзеле 5 пра ставы.

Тартакі і волюшы два, у Рудзе на рацэ Ізва і ў Нясілаўцах на рацэ Моўчадзі Найяснейшага князя ваяводы Віленскага. Іншых машын як водных, так і ветраных, як і месцаў, адзначаных старажытнасцю ці якія маюць адносіны да натуральнай гісторыі, няма.

8

Адлегласці па партыкулярных дарогах і публічных трактах у парафіі:

1. Дарога да Ельні, адначасова публічны зімовы тракт і летні Віленскі, пачаўшы ад парафіяльнага Беліцкага касцёла, на летні ўсход полем цераз грэблю і масткі, у канцы вёскі Альшэўцы (Olszewcy) ксяндзоў дамініканаў налева тракт Віленскі да Ліды, за некалькіх крокаў (злева) знаходзіцца карчма Ельня ксяндзоў дамініканаў, а справа бачны іх жа касцёл і кляштар. Дарога сухая, але пясчаная і ідзе палову мілі да карчмы пад назвай Істакі (справа) і па правую руку бачны двор васпана Статкевіча які таксама называецца Істакі. Ад карчмы Істакі сухая і роўная дарога ідзе чвэрць мілі да карчмы Саламянка (Slominka) таго ж васпана Статкевіча, ад гэтай карчмы блізка карчма Жучкі (справа) Найяснейшага князя ваяводы Віленскага, каля засценка Жучкі, злева ж бачна ваколіца Астравухі. Далей, палову чвэрці мілі, дарога ідзе цераз грэблю і малы масток да вёскі і карчмы Дроздава васпана Пузыны. З Дроздава сухая і пясчаная дарога праз палову мілі прыводзіць да карчмы, якая называецца Дзітва, дзе па правую руку за чвэрць мілі бачна ўніяцкая царква ў вёсцы Ганчары васпана Пузыны, ад Ганчароў праз чвэрць мілі па правую руку бачны двор і бор таго ж васпана Вашкевічы, і там мяжа парафіі Беліцкай.

2. Дарога партыкулярная да Вашкевічаў васпана Пузыны ў кірунку на летні ўсход ідзе праз поле, цераз хмызняк, цераз грэблю і масткі і праз вёску Альшэўцы ксяндзоў дамініканаў, дарога месцамі сухая, пясчаная, камяністая паўтары мілі там мяжа парафіі Беліцкай.

3. Дарога да Сяльца і тракт да Сяльца ў кірунку паміж летнім і зімовым усходам, ідзе полем, часткова праз зараслі, пясчаная, ідзе праз грэблю і масток праз вёску Альшэўцы ксяндзоў дамініканаў, чвэрць мернай мілі ад касцёла парафіяльнага, у Альшэўцах па левай руцэ бачны касцёл і кляштар тых жа ксяндзоў дамініканаў у Ельні. Далей цераз грэблю міма карчмы пана Статкевіча (справа) і вёскі Зарачаны (злева), праз некалькі крокаў па правую руку бачны фальварак васпані Тамашэўскай, тут сухі пясчаны гасцінец бярэ крута ўправа і праз вёску Сялец Найяснейшага князя ваяводы ідзе да перавозу цераз Нёман, дзе пераправіўшыся за Нёман, праз некалькі сотняў крокаў будзе карчма і вёска Руда таго ж Найяснейшага князя, адна вялікая міля ад касцёла парафіяльнага, тут заканчваецца Беліцкая парафія.

4. Дарога і вальны гасцінец да Наваградка пачынаецца ад касцёла парафіяльнага Беліцкага, у кірунку паміж летнім і зімовым усходам, ідзе да перавозу цераз Нёман да карчмы Шоўкаў палова мілі, далей пушча да трушчобы пад назвай Глушыца - міля, дзе ёсць малы не балоцісты брод і дрэнны масток, далей палова мілі пушча да ... мяжуючых у пушчы Беліцкай і Дзятлаўскай васпана Солтана, дарога пясчаная і няроўная, дзве мілі і тут мяжа парафіі Беліцкай.

5. Дарога да Дзятлава і тракт Слонімскі пачынаецца на поўдзень ад касцёла парафіяльнага, праз некалькі сотняў крокаў праходзіць праз Беліцкі двор і перавоз цераз Нёман, дзе паром на канаце перавозіць за Нёман, праз некалькі сотняў крокаў ідзе праз вёску Нясілавічы, праз некалькі дзесяткаў крокаў будзе карчма такой жа назвы, ад якой праз некалькі крокаў па левую руку бачны млын і тартак (лесапілка) на рацэ Моўчадзь Найяснейшага князя ваяводы ў дзяржанні васпана Мараўскага, далей дарога ідзе цераз дрэнную грэблю, праз спачатку дубовы, а потым сасновы лес да вёскі Гезгалы Найяснейшага князя ваяводы ў дзяржанні васпана Мараўскага, дарога пясчаная, няроўная, адна мерная міля, і тут мяжа парафіі Беліцкай.

6. Дарога да Жалудка, у кірунку на зімовы захад, адначасова летні тракт на Гародню, пачынаецца па правую руку ад парафіяльнага касцёла, праз некалькі сотняў крокаў будзе добры масток цераз ручай Сідараўшчына, які там жа з крыніц выцякае, па правую руку зарослы канал, па левай за некалькі дзесяткаў метраў Беліцкі двор Найяснейшага князя ваяводы ў дзяржанні васпана Мараўскага, далей па правую руку адразу за мостам ідзе дарожка да вёскі Красная, вёска за чвэрць мілі і належыць да Беліцкага двара. Далей гасцінец ідзе прама да карчмы, якая называецца Збляны, якая да Зблянскага двара належыць, адтуль управа ідзе зімовы гарадзенскі гасцінец, па якім праз чвэрць мілі будзе брод Смолач, дзе па правым баку за некалькі сотнях крокаў бачны Зблянскі двор, а па левым бярозавы і асінавы гай, які завецца Кобраўшчына, і тут мяжа парафій Беліцкай і Няцецкай. Ад Зблянскай карчмы праз вёску Збляны, дзе ёсць уніяцкая царква за мерную мілю паміж поўднем і зімовым захадам ад касцёла парафіяльнага, гасцінец ідзе прама да вёскі Панямонцы праз масток каля млына, які завецца Смалокі і належыць Зблянскаму двару, але знаходзіцца ў Жалудоцкай парафіі, тут па левым баку праз некалькі сотняў крокаў будзе Нёман, а з правага боку поле, гасцінец сухі, пясчаны, паўтары мілі да вёскі Панямонцы, якая ляжыць пры самым Нёмане і належыць Зблянскаму двару але Жалудоцкай парафіі, і тут мяжа парафіі Беліцкай.

7. Дарога да вёскі Няцеч, дзе касцёл парафіяльны і двор той жа назвы,уласнасць васпані Баброўскай, стольнікавай Лідскай, пачынаецца ад касцёла парафільянага Беліцкага, у кірунку на летні захад, праехаўшы чвэрць мілі па левую руку, на зімовы захад праз зараслі ідзе дарожка да двара Крывічы, дзе ёсць уніяцкая царква (філіял Зблянскай царквы), недалёка і вёска з такой жа назвай васпана Будкевіча, якую бачна з гасцінца, праз некалькі сотняў крокаў ідзе дарога да вёскі Табала, якая належыць да Стоцкага двара і знаходзіцца ў парафіі Няцецкай, і тут мяжа парфіі Беліцкай і Няцецкай. Далей ідзе гасцінец, з правага боку якога - поле, а па левым боку зараслі і малы бярозава - асінавы, а часткова і сасновы гай. Гасцінец ідзе да самай вёскі Няцеча. Дарога ад пачатку пясчаная, часткова роўная, рэшта з выбоінамі і часам вільготная, адна вялікая міля.

8. Дарожка да Малых Канюшан і Чаплеўшчыны (фальваркаў і вёсак), у кірунку паміж летнім захадам і поўначчу ад касцёла парафільянага, выехаўшы за мястэчка Беліца, за некалькі сотняў крокаў па левую руку полем ідзе дарожка да Чаплеўшчыны васпана Сарокі, палова мернай мілі, дарожка сухая, часткова пясчаная, часткова камяністая, па правую руку на летні захад бачна вёска Яманты, якая належыць да Стоцкага двара, а часткова да Малых Канюшан Найяснейшага князя ваяводы ў дзяржанні васпана Мараўскага, палова вялікай мілі ад касцёла парафіяльнага. Вёска Яманты належыць да Няцецкай парафіі, і тут мяжа парафіі Беліцкай.

9. Тут жа выехаўшы з мястэчка Беліцы, за некалькі крокаў па правую руку цераз поле за чвэрць малой мілі цераз грэблю, каля двара Стокі і карчмы пад той жа назвай Найяснейшага князя ваяводы ў дзяржанні Найяснейшай княжны экс-падкаморавай, узяўшы ад карчмы ўлева, на поўнач ідзе дарожка праз вёску Навасады васпана Пузыны, за палову мілі часткова праз зараслі, часткова полем, да фальварка і вёскі Вялікія Канюшаны васпана Статкевіча, адна вялікая міля ад парафіяльнага касцёла, дарога сухая, пясчаная, камяністая, і тут мяжа парафіі Беліцкай.

Беліцкая парафія не мяжуе з іншымі ваяводствамі і паветамі, але цалкам, з усімі вёскамі і мястэчкамі знаходзіцца ў Лідскім павеце, як пра тое вышай напісана.

Такое апісанне нашай парафіі подпісам уласнай рукі пацвярджаю, кс. Францішак Кутоўскі (Кантоўскі).



[1] Караль Радзівіл (г. Трубы), памёр у 1790 г., ваявода віленскі (Niesiecki K. Herbarz Polski, T. 8. S. 137.)

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX