Папярэдняя старонка: Вопісы парафій Лідскага дэканату ў 1784 г.

Гародзенская парафія 


Дадана: 11-06-2013,
Крыніца: Лідскі Летапісец №60.



(З магістарскай працы Андрэя Рыбака пад кіраўніцтвам прафесара, доктара габілітаванага Юзафа Марошка, 2004)

Пераклад з польскай Леаніда Лаўрэша

Парафіяльны касцёл знаходзіцца ў вёсцы Асава у Лідскім павеце і дэканаце, вёскі і мястэчкі парафіі па-алфавіту:

Бастуны (Bastuny), фальварак, вёска і карчма яснавяльможнай пані Ёдкавай, маршалковай Лідскага павету, у кірунку на летні ўсход ад касцёла, палова малой мілі.

Балотнікі (Bolotniki), ваколіца яснавяльможных паноў (JPP) Мацкевіча і Кушалевіча, у кірунку паміж летнім усходам і поўначу, ад парафіяльнага касцёла палова мілі.

Біланцы (Bilance), вёска яснавяльможнага пана Тышкевіча, Літоўскага польнага гетмана, у кірунку паміж поўднем і зімовым захадам, некалькі крокаў ад касцёла.

Вайдагі (Wojdagi), шляхецкая ваколіца, у кірунку паміж поўначчу і летнім усходам, ад касцёла адна вялікая міля.

Вайкунцы (Wojkunce), вёска староства Барцянкага, належыць яснавяльможнаму пану Пацу, старасту Каменскаму, у кірунку на летні захад, вялікая міля.

Гальманцішкі (Golmanciszki), фальварак, вёска і карчма яснавяльможнай пані Ёдкавай, маршалкавай Лідскай, у кірунку на поўнач ад касцёла, адна міля.

Гародна (Horodna), ці вёска Асава , у якой ёсць парафіяльны касцёл, ёсць пункт, ад якога робіцца апісанне парафіі. Сама вёска і карчма ў ёй належаць да плябаніі.

Гародна (Horodna), двор яснавяльможнага пана Тышкевіча, Літоўскага польнага гетмана, у кірунку на летні захад ад касцёла тры чвэрці мілі.

Гародна (Horodna), двор яснавяльможнай пані Ёдкавай, маршалковай Лідскай, у кірунку на поўнач ад касцёла чвэрць мілі.

Грубянцы (Grubiance), вёска яснавяльможнага пана Тышкевіча, Літоўскага польнага гетмана, у кірунку на зімовы захад, ад касцёла палова вялікай мілі.

Даўгялы Малыя (Dowgialy Male), шляхецкая ваколіца і карчма, у кірунку паміж поўначчу і летнім усходам, ад касцёла адна міля.

Даўгялы Вялікія (Dowgialy Wielkie), шляхецкая ваколіца і карчма, у тым жа кірунку ад касцёла, адна вялікая міля.

Дзякішкі (Dziakiszki), вёска яснавяльможнай пані Ёдкавай, маршалковай Лідскага павету, у кірунку на поўнач, ад касцёла адна міля.

Ёні (Jonie), вёска, палова вёскі належыць да Эйшыскага староства яснавяльможнага пана Літоўскага польнага гетмана, а другая палова да староства Барцянкага яснавяльможнай пані Бразоўскай, падскарбіевай ВКЛ, у кірунку паміж летнім усходам і поўначчу, ад касцёла палова мілі.

Жамойцішкі (Zamojciszki), фальварак і вёска якія належаць да Віленскага кальвінскага збору, у кірунку паміж поўначчу і летнім усходам, ад касцёла адна вялікая міля.

Жусіны (Zusiny), вёска яснавяльможнай пані маршалковай Лідскай, у кірунку на зімовы ўсход ад касцёла парафіяльнага, палова малой мілі.

Жылянцы (Zylance), вёска яснавяльможнага пана Літоўскага польнага гетмана, у кірунку на зімовы захад, ад касцёла парафіяльнага чвэрць мілі.

Занюны (Zaniuny), вёска яснавяльможнай пані маршалковай Лідскай, у кірунку на зімовы ўсход, ад касцёла парафіяльнага палова малой мілі.

Канюхі (Koniuchy), вёска і карчма яснавяльможнай пані Ёдкавай, маршалковай Лідскай, у кірунку на поўнач ад касцёла, чвэрць мілі.

Лапацішкі (Lopaciszki), вёска яснавяльможнага пана Літоўскага польнага гетмана, у кірунку паміж зімовым і летнім захадам, ад касцёла тры чвэрці мілі.

Лапацішкі (Lopacizna), фальварак ксяндзоў Лідскіх піяраў, у кірунку летні ўсход ад касцёла палова мілі.

Мілюшушкі (Miluszyszki), вёска яснавяльможнага пана Літоўскага польнага гетмана, у кірунку паміж летнім захадам і поўначчу, ад касцёла адна вялікая міля.

Нявошы (Niewosze), вёска, палова вёскі належыць да Эйшыскага староства, а другая палова да староства Барцянкага, у кірунку паміж поўначчу і летнім усходам, ад касцёла чвэрць мілі.

Павіланцы (Powilance), вёска, палова належыць яснавяльможнаму пану Літоўскаму польнаму гетману, другая палова - асоўскай парафіі, у кірунку на зімовы захад, ад касцёла чвэрць лёгкай мілі.

Пагародна (Pohorodna), вёска і карчма яснавяльможнага пана Літоўскага польнага гетмана, у кірунку на летні захад, ад касцёла палова мілі.

Пелаўшышкі (Pielawszyszki), вёска яснавяльможнай пані маршалковай Лідскай, у кірунку паміж поўначчу і ўсходам летнім, ад касцёла палова мілі.

Пецюны (Pieczuny), вёска васпана Ёдкі, Лідскага каморніка, у кірунку паміж зімовым усходам і поўднем, ад касцёла адна вялікая міля.

Подзі (Podzi), вёска яснавяльможнага пана Літоўскага польнага гетмана, у кірунку на зімовы захад, ад касцёла палова мілі.

Рачкуны (Raczkuny), вёска яснавяльможнай пані маршалковай Лідскай, у кірунку паміж летнім усходам і поўначчу, ад касцёла палова мілі.

Саковічы (Sakowicze), шляхецкая ваколіца, у кірунку на поўнач ад касцёла, палова мілі.

Солішкі (Soliszki), вёска і карчма яснавяльможнага пана Літоўскага польнага гетмана, у кірунку на летні захад, ад касцёла адна міля.

Татарка (Tatary), вёска яснавяльможнага пана Літоўскага польнага гетмана, у тым жа кірунку і адлегласці ад касцёла.

Чорная Лаза (Czarna Loza), засценак яснавяльможнага пана Юстына Ёдкі, у кірунку паміж поўднем і зімовым захадам, некалькі крокаў ад касцёла.

Ясянцы (Jasiаce), шляхецкая ваколіца, у кірунку паміж поўначчу і летнім усходам, ад касцёла адна вялікая міля.

2

Ад касцёла парафіяльнага, суседнія касцёлы:

Воранава (Woronоw), парафіяльны касцёл у тым жа павеце, у Радунскім дэканаце, на землях яснавяльможнага пана Александровіча, канюшага Літоўскага, у кірунку на летні ўсход, ад касцёла парафіяльнага паўтары мілі.

Германішкі (Hermaniski), парафіяльны касцёл у тым жа павеце, у Радунскім дэканаце, на землях Найяснейшага Князя ягомасці пастара, у кірунку зімовага ўсходу, паўтары мілі ад касцёла.

Жырмуны (Zyrmuny), парафіяльны касцёл у тым жа павеце, у Лідскім дэканаце, на землях Найяснейшага Князя ягомасці Радзівіла, экс-падкаморага ВКЛ, ляжыць паміж поўднем і зімовым захадам, ад касцёла адна міля.

Радунь (Radun), парафіяльны касцёл у тым жа павеце, у Радунскім дэканаце, у старостве яснавяльможнага пана Літоўскага польнага гетмана, у кірунку паміж летнім і зімовым захадам, ад касцёла дзве вялікія мілі.

Тракелі (Trokiele), парафіяльны касцёл у тым жа павеце, у Радунскім дэканаце, на землях паезуіцкіх яснавяльможнага пана Гуроўскага, маршалка войск ВКЛ, у кірунку паміж зімовым усходам і поўднем, ад касцёла парафіяльнага дзве мілі.

Эйшышкі (Ejszyszki), парафіяльны касцёл у тым жа Лідскім павеце і Радунскім дэканаце, у старостве яснавяльможнага пана Літоўскага польнага гетмана, у кірунку на поўнач, ад касцёла дзве вялікія мілі.

3

Найбольш значныя гарады каля гародзенскага касцёла:

Вільня , сталічны Літоўскі горад, паміж летнім усходам і поўначчу, ад Асоўскага парафіяльнага касцёла дзесяць міль.

Ліда , судовы горад на рацэ Лідзея, ляжыць паміж поўднем і зімовым захадам, на адлегласці тры мілі.

4

Дарога з Гародна (ці Асавы), да Вільні пачынаецца ад фальварка Бастуны, дзе Лідскі гасцінец ідзе на Воранава, дарога адрамантаваная і добрая.

Дарога з Гародна да Ліды , пясчаная, камяністая, месцамі балоцістая.

З Гародна (ці Асавы) да Вільні, улетку дарога займае чатырнаццаць гадзін, узімку можна даехаць за дзесяць.

З Асавы да Ліды, улетку чатыры гадзіны, узімку тры.

5

Пра азёры.

Азёраў, багнаў і балотаў у парафіі няма, калі не лічыць вясенняга і асенняга часу і дажджлівыя дні улетку, калі ў нізінах з'яўляюцца мокрыя і балоцістыя месцы.

6

Пра ставы і каналы.

Стаў яснавяльможнай пані Ёдкавай, маршалковай Лідскай, на вельмі маленькай рацэ Асаве, пачынаецца ад крыніц Балатніцкіх, якія належаць яснавяльможным панам (JP) Мацкевічу і Кушалевічу, на зімовы ўсход, ад плябаніі чвэрць мілі.

Стаў яснавяльможнага пана Літоўскага польнага гетмана, на той жа рэчцы, у вёсцы Біланцы, за некалькі сотняў крокаў ад плябаніі, паміж поўднем і зімовым захадам.

Стаў яснавяльможнай пані Ёдкавай, маршалковай Лідскай, каля двара Гародна, на рачулцы Гарадзенка, пачынаецца ў Пелаўшышках, а ўпадае за чвэрць мілі ад іх, бяжыць на поўнач.

Малы стаў, другі, за некалькі стаяў ніжэй, на той жа рацэ і ў тым жа кірунку.

Стаў яснавяльможнага пана Літоўскага польнага гетмана, на той жа рацэ Гарадзенцы, ля вёскі Пагародна, на летні захад, ад касцёла палова мілі.

Канал у Гародна, таго ж яснавяльможнага пана Літоўскага польнага гетмана, на ручаі, які называецца Прорва, пачынаецца з балот і крыніц ад вёскі Солішкі, на летні захад ад касцёла, тры чвэрці мілі.

7

Палёў у Гарадзенскай парафіі больш, чым лясоў, акрамя бору яснавяльможнай пані Ёдкавай, маршалковай Лідскай ад фальварка Бастуны, у кірунку на летні ўсход ад касцёла, чвэрць мілі і на летні ўсход ад фальварка Лапацішкі, які належыць Лідскім ксяндзам піярам, на адлегласці ад касцёла палова малой мілі. Гэтыя бары паміж сабой злучаюцца, працягласць іх у даўжыню адна ці болей міля, у шырыню - палова мілі, у барах расце дрэва, здатнае для будоўлі, але большасць дрэў у лесе - бярозы, алешына, асіна і г.д.

Гаёў два, адзін з іх - яснавяльможнага пана Літоўскага польнага гетмана, каля двара Гародна, называецца Звярынец , у ім расце дрэва не здатнае для будоўлі: піхта, асіна, бяроза, алешына і г.д., гэты гай будзе ў шырыню і ў даўжыню некалькі моргаў.

Другі гай мае назву Сола , у ім расце дуб, ясень, клён, піхта і г.д. У гэтым гаі можна выбраць дрэва, здатнае для вазоў і на іншыя гаспадарчыя патрэбы. У даўжыню гэты гай сягае на чвэрць мілі. Абодва гэтыя гаі ляжаць паміж летнім захадам і поўначчу ад касцёла парафіяльнага, за адну мілю. У многіх месцах парафіі знаходзяцца хмызняк і зараслі даўжынёй і шырынёй у некалькі моргаў, якія не маюць назваў.

8

Млыны у парафіі:

Млыноў пяць:

На рэчцы Гарадзенцы два каля двара яснавяльможнай пані Ёдкавай, маршалковай Лідскай, адзін яснавяльможнага пана Літоўскага польнага гетмана ля вёскі Пагародна.

На рэчцы Асаве яснавяльможнай пані маршалковай Лідскай у вёсцы Падваранцы адзін.

Адзін на той самай рэчцы у вёсцы Біланцы яснавяльможнага пана Літоўскага польнага гетмана.

Іншых машын як водных, так і ветраных, як і старажытных месцаў і месцаў цікавых з боку гледжання натуральнай гісторыі, няма.

9

Партыкулярныя дарогі у парафіі і публічныя тракты.

Дарога да Эйшышак цалкам і зімовы тракт да Трок, Коўні, Мітавы, Рыгі, пачынаючы ад касцёла парафіяльнага Асоўскага, у кірунку на поўнач, выехаўшы ад касцёла адкрытым полем праз малую грэблю і масток пад гору, праз некалькі стай будзе паварот налева і прамая дарога да Радуні, направа - праз адкрытае поле дарога да Эйшышак, з дарогі праз некалькі дзесяткаў шнуроў будуць бачны вёскі Зусіны, Нявошы, Пелаўшышкі. Далей тая самая дарога ідзе праз Гародзенскі двор яснавяльможнай пані маршалковай Лідскай, які бачны з левага боку. Тут жа пры гасцінцы па праваму боку дарогі стаіць капліца, мінуўшы капліцу, праз грэблю і масток праз рачулку Гарадзенку будзе карчма і вёска Канюхі, пасярод гэтай вёскі таксама ёсць малая гэбля і масток, мінуўшы гэты масток і другую палову вёскі, дарога ідзе праз адкрытае поле аж да крыжа, які стаіць на пачатку лесу, ад крыжа ўлева дарога ідзе адкрытым полем і праз зараслі ідзе да вёскі Дзякішкі. Міма лесу, які ляжыць па правым баку дарога ідзе да вёскі і карчмы Татарка, дзе ад карчмы дарогі разыходзяцца і праз зараслі вядуць да ваколіц Войдагаў, Ясянцаў, Жамойцішак, фальварка Дысыдзенскага паміж поўначчу і летнім усходам, тут заканчваецца парафія Асоўская і пачынаецца Воранаўская і Эйшышская. Выехаўшы з вёскі Татарка ўлева, каля малога ляску па правай руцэ да крыжа, дзе раздзяляюцца дарогі, управа дарога ідзе да Ёняў і далей праз лясок да Даўгял Малых і далей праз зараслі да Даўгял Вялікіх на поўнач і летні ўсход, дарога балоцістая, няроўная, у гэтым месцы заканчваецца парафія Гародзенская і пачынаецца Эйшышская. Ад таго ж вышэй названага крыжа, прама праз грэблю і ручай без назвы, ідзе дарога да Эйшышак, рухаючыся па гэтай дарозе, па правай руцэ будуць зараслі, па левым баку поле, і праз некалькі стай будзе ваколіца Саковічы. Далей, праехаўшы па той самай дарозе, злева будзе бачна карчма і фальварак Гальманцішкі, у кірунку паўночным, і тут канец парафіі Асоўскай і пачынаецца Эйшышская.

Дарога партыкулярная да Германішак, дзе ёсць касцёл парафіяльны, мяжуючы на зімовым усходзе. Ехаць ад плябаніі дзвесце крокаў адкрытым полем праз невялікую грэблю сухой дарогай пад гару, прама да вёскі Падваранцы, якая ляжыць на зімовы ўсход сонца, а ад той вёскі прама ўгару да вёскі Бастуны, адтуль праз ручай, грэблю і масток, мінуўшы фальварак Бастуны (па правай руцэ), будзе бачна бастунская карчма якая ляжыць па правай руцэ за некалькі стаяў на публічным Лідскім гасцінцы, які ідзе да Вільні. Далей гасцінец крыжуецца з папярэчнай дарогай, тут стаіць крыж, ад якога ідзе дарога на Германішкі, тут пачынаецца парафія Германішская.

Дарога з Асавы да Радуні, дзе ёсць касцёл парафіяльны (у кірунку паміж летнім і зімовым захадам), выехаўшы з плябаніі дарогай на Эйшышкі, праз палову чвэрці мілі будзе малая грэбля і масток, за імі ўлева, адкрытым полем прамая дарога да вёскі і карчмы Пагародна, едучы да Пагародна, з левага боку за чвэрць мілі будуць бачны вёскі Павіланцы, Подзі, Грубянцы, далей, выехаўшы з Пагародна будзе грэбля і мост, пасля іх прамая дарога абсаджаная дрэвамі якая ідзе да крыжа, ад якога ўлева за некалькі стаяў бачны новазабудаваны фальварак, а за ім за некалькі стаяў вёска Лапацішкі, ад крыжа дарога падзяляецца, адна дарога, абсаджаная дрэвамі, ідзе ўлева да двара Гародна, другая ўправа каля таго ж двара (ён будзе бачны злева), дарога так сама абсаджаная дрэвамі да кавярні, якая знаходзіцца недалёка ад двара, каля яго, па правым баку, за некалькі стаяў - бровар, з кавярні дарога абсаджаная дрэвамі праз грэблю і масток вядзе да вёскі Солішкі, да якой чвэрць мілі, каля Солішак дарога ўправа вядзе ў вёску, а ўлева пасля мастка ёсць адга-лінаванне да вёскі Вайкунцы, якая бачна з гасцінца. Далей, едучы той самай абсаджанай дрэвамі дарогай па грэблі, якая ідзе праз гай Сола да самай Дзітвы, з грэблі бачны засценак і вёска Мілюшушкі, па рацэ Дзітва праходзіць мяжа паміж парафіямі Асоўскай і Радунскай.

Дарога з Асавы да Тракеляў дзе ёсць парафіяльны касцёл, у кірунку паміж зімовым усходам і поўднем. Патрэбна ехаць той жа дарогай, што і да Гераманішак аж да вёскі Падваранцы, якая знаходзіцца за чвэрць мілі ад плябаніі. У сярэдзіне вёскі вулічка паварочвае ўправа і праз малую грэблю і млынок падваранскі дарога ідзе прама і ўгору да Сакалоў, ад якіх, мінуўшы Лідскі гасцінец дарога ідзе да вёскі Занюны, якая ляжыць у палове мілі ад касцёла, мінуўшы Занюны, дарога прама праз лом і зараслі ідзе да Пяцюнаў, і тут заканчваецца Асоўская парафія і пачынаецца Тракельская.

Дарога з Асавы да Воранава , дзе ёсць парафіяльны касцёл, у кірунку на летні ўсход, Патрэбна ехаць той жа дарогай, што і да Гераманішак аж да Бастун, якія знаходзяцца ў палове мілі, адтуль праз ручай каля фальварка Бастуны, які будзе па правай руцэ, адтуль на Віленскі гасцінец, праехаўшы па якому некалькі дзесяткаў крокаў у кірунку на Воранава, міма бора па правай руцэ, злева будзе бачны фальварак Лапацішкі ксяндзоў Лідскіх піяраў, які ад гасцінца за некалькі стаяў. Далей тым жа гасцінцам да карчмы на пагорку, якая належыць фальварку Лапацішкі, пасля гэтай карчмы дарога ідзе цераз малую грэблю да Зялёнай карчмы яснавяльможнай пані маршалковай Лідскай, якая стаіць на гасцінцы на Воранава, праехаўшы трохі далей, будзе адгаліноўвацца дарожка да вёскі Рачкуны і фальварка Балотнікі, і тут заканчваецца Асоўская парафія і пачынаецца Воранаўская.

Дарога з Асавы да Жырмун , дзе ёсць парафіяльны касцёл, у кірунку на паміж поўднем і зімовым захадам, ад касцёла прама ў браму, ад іх па вуліцы выгараджанай па левай руцэ, і праехаўшы некалькі стай, будзе грэбля і плябанскі масток. Пасля мастка міма млына і праз вёску Біланцы яснавяльможнага пана Літоўскага польнага гетмана, адтуль прама ўгору да Жырмун. Па шляху ўправа будуць вёска Жылянцы (на зімовы ўсход, чвэрць мілі ад касцёла парафіяльнага), і тут заканчваецца Асоўская парафія і пачынаецца Жырмунская.

Парафія Гародзенска (ці Асоўская) не мяжуе з іншымі паветамі і ваяводствам, але цалкам з усімі вёскамі і мястэчкамі ляжыць у Лідскім павеце.

Гэтае апісанне сваёй парафіі напісаў і падцвердзіў уласнай рукой кс. Ян Міхал Бароўскі , пробашч Асоўскі.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX