Папярэдняя старонка: Вопісы парафій Лідскага дэканату ў 1784 г.

Парафія Ішчалнская 


Дадана: 11-06-2013,
Крыніца: Лідскі Летапісец № 61.



(З магістарскай працы Андрэя Рыбака пад кіраўніцтвам прафесара, доктара габілітаванага Юзафа Марошка, 2004)

Пераклад з польскай Леаніда Лаўрэша

1.

Парафіяльны касцёл у вёсцы Ішчална знаходзіцца ў Лідскім павеце і дэканаце, вёскі і мястэчкі парафіі па-алфавіту:

Агароднікі (Ogrodniki) яснавяльможнага пана Хадкевіча, у кірунку на летні ўсход палова мілі.

Баяры (Bojаry) васпана Валя, у кірунку паміж поўднем і зімовым захадам, ад касцёла Ішчалнскага палова мілі.

Вілы (Wily) васпана яснавяльможнага пана Сцыпіёна, на зімовы захад мерная міля.

Вялікае Мажэйкава (Mozejkow Wielki), двор яснавяльможнага пана Хадкевіча, на летні ўсход палова мілі.

Дамоўцы (Domowce) яснавяльможнага пана Хадкевіча, на поўнач палова мілі.

Гернікі (Gierniki), фальварак васпана Тубялевіча, у кірунку на летні захад адна міля.

Гернікі (Gierniki), вёска васпана яснавяльможнага пана Сцыпіёна, у кірунку на летні захад адна міля з чвэрцю.

Гадзюшкі (Hadziuszki) васпана Кастравіцкага, на поўнач палова вялікай мілі.

Гіня (Hinia), карчма васпана Валя, у кірунку на зімовы ўсход некалькі сотняў крокаў.

Загалы (Zahaly) таго ж ягамосці, там жа.

Зайкаўшчына (Zajkowszczyzna) васпана Ўлаховіча, у кірунку на летні захад тры чвэрці мілі.

Зінеўцы (Zieniowce) васпана Кастравіцкага, у кірунку на летні ўсход палова мілі.

Ішчална (Iszczolna), вёска, у якой знаходзіцца парафіяльны касцёл, ад якога чыніцца апісанне парафіі, сама вёска належыць васпану Валю.

Ішчалняны (Iszczolniany) яснавяльможнага пана Хадкевіча, у кірунку на зімовы ўсход палова чвэрці мілі.

Карабкі (Korobki) васпана Александровіча, на поўнач вялікая міля.

Касцянёва (Koscieniew), двор васпана Александровіча, на поўнач тры чвэрці мілі.

Казарэзы (Kozorezy), карчма васпана Радзіваноўскага, на поўдзень.

Казарэзы (Kozorezy), карчма васпана Валя, там жа.

Казарэзы (Kozorezy), вёска васпана яснавяльможнага пана Сцыпіёна, на поўдзень мерная міля.

Кемяны (Kiemiany) васпана Валя, у кірунку паміж поўднем і зімовым захадам чвэрць мілі.

Кіралі (Kirele) яснавяльможнага пана Хадкевіча, на поўнач тры чвэрці мілі.

Красная (Krasna), вёска васпана Александровіча, на поўнач мерная міля.

Лялюшы (Leluszowce) васпана Александровіча, у кірунку на летні захад, мерная міля.

Малое Мажэйкава (Mozejkow Maly) васпана Кастравіцкага, на летні ўсход палова мілі.

Малое Сяло (Mala Wies) васпана Валя, паміж поўднем і зімовым захадам, палова мілі.

Марцінішкі (Marciniszki), фальварак яснавяльможнага пана Хадкевіча, на зімовы ўсход палова мернай мілі.

Моцеўцы (Mociowce) васпана Валя і Ішчалнскай плябаніі, у кірунку на летні захад мерная міля.

Пільчукі (Pilszuki) васпанства Тубялевіча і Ўлаховіча, на летні захад мерная міля.

Свірыды (Swirydy) васпана Александровіча, на поўнач палова мілі.

Талматаўшчына (Talmatowszczyna), ваколіца, на летні захад паўтары вялікія мілі.

Талькаўшчына (Tolkowszczyzna), фальварак васпана Александровіча, на поўнач вялікая міля.

Халечына (Chaleczyny) яснавяльможнага пана Хадкевіча, на зімовы ўсход, палова вялікай мілі.

Чарнаўшчына (Czarnowszczyzna), фальварак васпана Радзівілоўскага, на поўдзень мерная міля.

Явашоўцы (Jawaszowce), Ішчалнскай плябаніі, на поўдзень палова мілі.

2.

Ад гэтага парафіяльнага касцёла наступныя суседскія касцёлы:

Васілішкі (Wasiliszki), касцёл парафіяльны ў тым жа павеце і дэканаце Лідскім, у старостве Васілішскім, на поўнач ад Ішчалнскага касцёла дзве вялікія мілі.

Дылева (Dylewo), парафіяльны касцёл, на землях розных іхмосцяў, а менавіта васпана Паца, у кірунку на летні ўсход тры вялікія мілі.

Жалудок (Zoludek), парафіяльны касцёл у тым жа павеце, дэканаце, на зямлі яснавяльможнага пана Тызенгаўза, паміж зімовым усходам і поўднем вялікая міля.

Шчучын (Szczuczynek, Szczuczyn), парафіяльны касцёл ў тым жа павеце, дэканаце, у кірунку паміж поўднем і зімовым захадам дзве вялікія мілі.

3.

Найзначнейшыя гарады каля касцёла Ішчалнскага:

Гародня , павятовы горад, судовы, соймавы, паміж поўднем і зімовым захадам адзінаццаць вялікіх міль.

Ліда , павятовы і судовы горад, ляжыць у кірунку на летні ўсход шэсць вялікіх міль.

4.

Дарога з Ішчалны да Гародні пясчаная, гарыстая, месцамі цераз балоты.

Дарога з Ішчалны да Ліды пясчаная, камяністая, месцамі цераз балоты, гарыстая.

З Ішчалны да Гародні летняя дарога чатырнаццаць гадзін язды, узімку дзевяць гадзін.

З Ішчалны да Ліды летняя дарога разам з перакусам восем гадзін, зімовая каля шасці гадзін.

5.

Ніякіх азёраў няма, так сама як і значных балотаў, ёсць стаў васпана Валя на вельмі малой рэчцы Ішчалнянцы , якая пачынаецца з крыніц за чвэрць мілі на зімовы ўсход ад касцёла.

Другі стаў таго ж ягамосця, знаходзіцца ніжэй на той жа рачулцы , ад першага праз грэблю, сілкуецца часткова з першага става, часткова з крыніц, стаў малы і зарослы.

Стаў яснавяльможнага пана Хадкевіча , за вёскай Ішчалняны , на той жа рэчцы, у кірунку на зімовы ўсход палова мернай мілі.

Стаў васпана Александровіча ў Касцянёве , фармуецца з балот і крыніц, на поўнач, ад касцёла тры чвэрці мілі.

Малы стаў васпана Тубялевіча , пры фальварку Гернікі , малы, пачынаецца з прылеглых балот і крыніц, на летні захад мерная міля.

6.

Лесу ў Ішчалнскай парафіі больш, чым адкрытага поля, пачаўшы ад Ішчалны, на поўдні на некалькі сотняў крокаў у шырыню і глыбіню, каля дзвюх мерных міль, расце дрэва прыдатнае для будоўлі - у асноўным сасна, а бярозы, асіны, вольхі, дубу не шмат. У многіх месцах расце хмызняк, дзе-нідзе ён займае па некалькі моргаў.

7.

Млыны ў парафіі:

Млын васпана Валя на рацэ Ішчалнянцы.

Млын другі таго ж ягамосці там жа.

Млын васпана Александровіча ў Касцянёве.

Млын васпана Тубялевіча ў Герніках.

Млын яснавяльможнага пана Хадкевіча , там жа, дзе і васпана Валя.

Іншых машын як водных, так і ветраных, так-сама як і старажытных месцаў ці помнікаў натуральнай гісторыі, няма.

8.

Партыкулярныя дарогі ў парафіі па даўжыні, наступныя:

Дарога да Васілішак , дзе ёсць парафіяльны касцёл па-за мястэчкам, на поўнач праз некалькі сотняў метраў ад Ішчалнскага касцёла, полем ідзе сухая, камяністая дарога, далей, праз пералесак васпана Валя пад назвай Прэйцы , на працягу чвэрці мілі дарога пачынае быць балоцістай і вузкай, далей пачынаецца сасновы Касцянёўскі бор васпана Александровіча, праз які на працягу чвэрці мілі ідзе пясчаная і вузкая дарога, потым па правай руцэ за некалькі дзесяткаў крокаў фальварак Сянкоўшчына ці Станіславова васпана Александровіча, мінуўшы яго, за некалькі дзесяткаў крокаў каля дарогі стаіць карчма і па праваму баку вёска васпана Александровіча Лялюшы , ад вёскі ідзе пясчаная выпрастаная дарога, з яе таксама прыбрана каменне, праз чвэрць мілі будзе Гурнофельская карчма, тут мяжа парафіі Ішчалнскай і Васілішскай.

Дарога да Дылева , дзе ёсць парафіяльны касцёл, адначасова з'яўляецца публічным віленскім трактам, ад Ішчалнскага касцёла на летні ўсход, праз некалькі сотняў крокаў будзе карчма пана Валя пад назвай Гіня , адтуль па правую руку праз палову чвэрці мілі бачны вёска Ішчалняны яснавяльможнага пана Хадкевіча. Далей па дарозе, праз некалькі дзесяткаў крокаў млын васпана Валя з грэбляй і мостам, пераехаўшы мост праз поле пачынаецца нядаўна выраўнаваная дарога, потым бярозавы лясок яснавяльможнага пана Хадкевіча, выехаўшы з якога, па правай руцэ праз чвэрць мілі бачны фальварак Марцінішкі таго ж Хадкевіча, далей, праз чвэрць мілі пры дарозе ёсць два каналы і палац яснавяльможнага пана Хадкевіча пад назвай Вялікае Мажэйкава , мінуўшы палац, праз некалькі стай па левай руцэ мураваная карчма і вёска Агароднікі таго ж ягамосці, па правай руцэ праз палову чвэрці мілі вёска Зінеўцы васпана Кастравіцкага і мураваная царква якая называецца Мажэйкаўскай , далей цераз поле вядзе сухая пясчаная і камяністая дарога праз палову мілі двор васпана Кастравіцкага Малое Мажэйкава , пасля двара, праз некалькі сотняў крокаў каля Лябёдскага перавозу стаіць карчма таго ж ягамосці, і тут парафія Ішчалнская мяжуе з Дылеўскай.

Дарога да Жалудка , пачаўшы ад касцёла Ішчалнскага парафіяльнага ідзе полем цераз рэчку Ішчалнянку ў кірунку паміж зімовым усходам і поўднем. Дарога сухая і камяністая, да карчмы васпана Губарэвіча пад назвай Выгода, якая стаіць за чвэрць мілі ад касцёла Ішчалнскага, далей, на такой жа адлегласці па той жа дарозе стаіць вёска яснавяльможнага пана Тызенгаўза і карчма пад назвай Багданаўцы , адсюль злева праз палову чвэрці мілі бачна вёска і двор Красулі васпана Губарэвіча, якія належаць да Жалудоцкай парафіі, і тут мяжа парафій Ішчалнскай і Жалудоцкай.

Дарога да Шчучына (Шчучынка), дзе ёсць касцёл парафіяльны, у кірунку паміж поўднем і зімовым захадам ад Ішчалнскага касцёла, праз некалькі сотняў метраў полем па сухой пясчанай дарозе будзе рэчка Ішчалнянка, потым сухая пясчаная дарога на працягу чвэрці мілі ідзе цераз сасновы лес васпана Валя, які мае назву Навіна , выехаўшы з лесу, па левую руку праз палову чвэрці мілі будзе вёска Ішчалнскай плябаніі Явашоўцы , праз чвэрць мілі па пясчанай і камяністай дарозе, якая ідзе праз зараслі і хмызняк, будзе карчма васпана Радзіваноўскага і другая карчма васпана Валя, якія называюцца Казарэзы , і тут мяжа парафій Ішчалнскай і Шчучынскай.

Ішчалнская парафія не мае ваяводскіх ці павятовых межаў, цалкам з усімі вёскамі і мейсцамі знаходзіцца ў Лідскім павеце, як пра тое пісалася вышэй.

Такое апісанне маёй парафіі подпісам уласнай рукі падцвярджаю

Кс. Станіслаў Лазінскі,
плябан Ішчалнскі.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX