(З магістарскай працы Андрэя Рыбака пад кіраўніцтвам прафесара, доктара габілітаванага Юзафа Марошка, 2004)
Пераклад з польскай Леаніда Лаўрэша
Парафія Шчучынская
1.
Касцёл парафіяльны з школамі ксяндзоў - піяраў, знаходзіцца ў мястэчку Шчучын у Віленскім ваяводстве, у павеце і дэканаце Лідскім, вёскі і мястэчкі гэтай парафіі згодна з алфавітам:
Барыскі (Boryski), яснавяльможнага пана Сцыпіёна, падстолія Літоўскага, паміж летнім усходам і поўначчу ад касцёла Шчучынскага палова мілі.
Буйвічы (Bujwicze), таго ж яснавяльможнага пана падстолія, паміж поўднем і зімовым захадам за чвэрць мілі ад касцёла.
Віты (Wity), таго ж васпана, на летні ўсход палова мілі.
Гернікі (Gierniki), таго ж яснавяльможнага пана падстолія, паміж поўначчу і летнім усходам вялікая міля.
Даргёўцы (Dorgiejowce), таго ж яснавяльможнага пана падстолія і васпана Валя, на летні ўсход палова вялікай мілі ад касцёла.
Захалы (Zahały), таго ж васпана, на ўсход палова вялікай мілі.
Мажалёўцы (Mozelowce), таго ж васпана, на летні ўсход чвэрць мілі ад касцёла
Мажалёўцы (Mozelowce), фальварак васпанства Міласэрных, там жа.
Мікалайкаўшчына (Mikołajkowszczyzna), таго ж васпана, паміж летнім усходам і поўднем малая міля.
Міклашы (Mikłasz e), таго ж васпана, паміж поўначчу і летнім усходам чвэрць мілі.
Навасёлкі (Nowosiołki), яснавяльможнага пана падстолія, на летні захад каля тысячы крокаў.
Шчучынак (Szczuczynek), фальварак таго ж васпана, паміж летнім захадам і летнім поўднем палова мілі.
Янчукі (Janczuki), той жа ягомосці, паміж летнім захадам і поўднем палова мілі.
2.
Ад касцёла парафіяльнага, суседнія касцёлы:
Ішчална , касцёл у землях васпана Валя, на ўсход паўтары вялікія мілі.
Ляцк , касцёл і вёска, належная ксяндзу плябану, на захад вялікая міля.
Ражанка ў тым жа павеце і дэканаце, у землях васпана Паца, старасты Вілейскага, на поўдзень адна міля.
Ятвеск , касцёл у землях яснавяльможнага пана падстолія, на зімовы захад міля.
3.
Значнейшыя гарады каля Шчучынскага касцёла:
Ліда , судовы горад, пры рацэ Лідзейцы, паміж усходам і поўднем за сем вялікіх міль.
Наваградак , ваяводскі горад таго ж ваяводства, паміж зімовым усходам і поўднем за дзесяць вялікіх міль.
Ваўкавыск , судовы горад, паміж поўднем і зімовым захадам за сем вялікіх міль.
Гародня , судовы і соймавы горад, на зімовы захад за дзесяць міль.
4.
Дарога са Шчучына да Ліды на большай частцы пясчаная і месцамі камяністая, выпраставаная і ўпарадкаваная.
Дарога да Наваградка пясчаная, камяністая, няроўная.
Дарога да Ваўкавыска няроўная, пясчаная, камяністая і гарыстая.
Дарога да Гародн і роўная, месцамі пясчаная, на большай частцы выпраставаная, можна добра даехаць за сем гадзін.
5.
Азёраў у парафіі Шчучынскай няма, як і значных гразяў і балотаў.
Ставы ёсць у самым мястэчку Шчучыне, адзін яснавяльможнага пана падстолія і другі яго ж за тысячу крокаў у гору на зімовы захад ад касцёла Шчучынскага.
6.
Палёў у парафіі Шчучынскай болей, чым лясоў, калі ехаць да Вільні на Ішчалну, не шмат, але расце дрэва, здатнае да будоўлі, належыць яснавяльможнаму пану падстолію. У іншых месцах, у тым ліку на тракце Віленскім на Васілішкі, растуць бярозы, асіны, вольхі, дубы - усе на землях таго ж яснавяльможнага пана, плошчай у квадратную мілю і болей.
7.
Млыноў толькі два, на вышэй апісаных ставах.
8.
Дарогі партыкулярныя і публічныя тракты ў гэтай парафіі згодна з працягласцю:
Дарога да Ішчалны , дзе касцёл парафільяны, на тракце публічным да Вільні, у асноўным ідзе праз лес, праз мілю ёсць новазбудаваная карчма васпана Валя, на ўсход ад касцёла, ад гэтай карчмы, па правым баку бачна карчма васпана Радзіваноўскага, далей тракт ідзе да Жалудка . Зараз, адразу выехаўшы ад мястэчка, дарога адрамантаваная, з левага боку цераз малую паўмілі фальварак васпанства Міласэрных, карчма яснавяльможнага пана падстолія і блізкія адна ад другой вёскі Мажалёўцы і Віты , на летні ўсход ад касцёла.
Дарога да Ражанкі , дзе касцёл парафіяльны, цераз мілю на поўдзень, па дарозе праз чвэрць мілі ад мястэчка Шчучын вёска васпана Камінскага, за ёй улева дарога да Ракавіч.
Дарога да Ятвеска , дзе касцёл парафіяльны, праз мілю паміж поўднем і зімовым захадам, гэта публічны тракт да Гародні, па ходу праз чвэрць мілі добрая грэбля, стаў і карчма на гары васпана Паца. Дарога выпраставана і ідзе полем.
Дарога праз грэблю да мястэчка Гернікі , адначасова і тракт на Васілішкі і далей да Вільні, па левым баку вышэй апісаная грэбля, праз тысячу крокаў узняўшыся на гару да вёскі Навасёлкі, дарога ідзе далей і па левым баку бачны фальварак васпана Паца пад назвай Тур'я, потым вёска Янчукі з карчмой, а па левым баку фальварак пана падстолія Шчучынак , праз палову мілі ад мястэчка на зімовы ўсход сонца, далей па ходу ляжыць вёска Думусёўцы пана падстолія, потым фальварак Радзевічы ксяндзоў - піяраў, далей касцёл парафіяльны ў Ляцку, праз вялікую мілю ад Шчучына ў кірунку на захад, ад гэтага мястэчка прама ідзе новавыпраставаная дарога, на якой праз палову малой мілі карчма і вёска Тапялішкі пана падстолія, гэта Астрынскі тракт . Не даехаўшы да карчмы, дарога ідзе направа да вёскі Гернікі , якая знаходзіцца на Віленскім тракце праз мілю ад Шчучына, паміж поўначчу і летнім усходам.
9.
Парафія Шчучынская не мае ваяводскіх і павятовых межаў, цалкам ляжыць і Лідскім павеце.
Парафія Ятвеская
1.
Малы касцёл, далучаны да Шчучынскай парафіі, стаіць у вёсцы Ятвеск у Віленскім ваяводстве, у павеце і дэканаце Лідскім, гэтую парафію складаюць наступныя вёскі і мястэчкі:
Ятвеск (Jatwiesk), фальварак яснавяльможнага пана Сцыпіёна, падстолія Літоўскага, паміж зімовым усходам і поўднем, ад касцёла за тысячу крокаў.
Барташы (Bartosze), ці Ятвеск, вёска таго ж яснавяльможнага пана, на зімовы захад за некалькі сотняў крокаў.
Жылічы (Zylicze), таго ж, паміж поўначчу і зімовым захадам за чвэрць мілі.
Зарэчча (Zarzecze), вёска таго ж, на ўсходзе за тысячу крокаў
2.
Суседнія касцёлы ад парафіяльнага касцёла наступныя:
Шчучын , касцёл парафільяны, у тым жа павеце і дэканаце, на землях яснавяльможнага пана падстолія, на ўсход сярэдняя міля.
Ражанка , касцёл парафіяльны, на землях васпана Паца, міля паміж поўднем і зімовым усходам.
Каменка , касцёл парафіяльны, у Гарадзенскім павеце, на землях васпана Тызенгаўза, падскарбія надворнага, сярэдняя міля на зімовы захад.
Лацк , касцёл парафільяны, праз палову вялікай мілі на захад.
3.
Значнейшыя гарады каля касцёла:
Гародня , на захад праз восем міль.
4.
Дарога з Ятвеска да Гародні добрая, на большай частцы выпраставана, ідзе палямі.
5.
Азёраў , значных балотаў , рэкаў і т.д. няма.
6.
Няма таксама ані гораў, ані бароў, ані лясоў, толькі месцамі зараслі і хмызняк, які займае каля 1/10 квадратнай мілі.
7.
Млыноў , тартакоў няма.
8.
Дарогі партыкулярныя і публічныя тракты ідуць так:
Дарога да Шчучына , дзе ёсць касцёл парафіяльны адначасова тракт да Наваградка , пачынаецца ад Ятвескага касцёла, ідзе ў кірунку на ўсход, дзе ёсць грэбля і праз тысячу крокаў вёска пад назвай Зарэчча , яснавяльможнага пана Сцыпіёна, падстолія Літоўскага, далей па правым баку бачны Ятвескі фальварак, далей праз поле і дзве невялікія грэблі праз палову вялікай мілі па левым баку бачны фальварак яснавяльможнага пана Сцыпіёна Шчучынак і карчма васпана Паца Тур'я , далей праз грэблю будзе Шчучын .
Дарога да Ражанкі , дзе ёсць касцёл парафіяльны, адначасова публічны тракт да Гародні , на зімовы захад, пачынаецца ад касцёла Ятвескага, ідзе праз поле, грэблю і хмызняк, праз палову мілі будзе карчма, вёска і фальварак Ельня яснавяльможнага пана Тызенгаўза, падскарбія надворнага, дзе Лідскі павет мяжуе з Гарадзенскім, адсюль прамая дарога аж да Каменкі .
Дарога да Лацка , дзе ёсць касцёл парафільны, праз палову мілі на захад, пачынаецца ад касцёла Ятвескага і ідзе да Шчучына , ад пачатку ідзе па грэблі і засценкам, узяўшы ўлева, праз хмызяк дарога ідзе да вёскі Дубраўляны яснавяльможнага пана падскарбія Літоўскага, праз палову чвэрці мілі праз хмызняк і поле будзе другая вёска таго ж яснавяльможнага пана і ксяндзоў-піяраў пад назвай Догі , праз чвэрць мілі ад Ятвеска, потым праз палову вялікай мілі ад Ятвеска праз поле будзе Лацк .
Дарога прыватная ці засценак, да вёскі Жылічы яснавяльможнага пана Сцыпіёна, падстолія Літоўскага, праз чвэрць мілі паміж поўначчу і зімовым захадам. Дарога пачынаецца ад касцёла і, узяўшы трошкі ўправа, ідзе праз вёску Барташы , якая недалёка ад касцёла знаходзіцца, далей праз поле да Жылічаў , дзе мяжа парафіі.
Ятвеская парафія мае мяжу з Гарадзенскім паветам у вёсцы Ельня яснавяльможнага пана Тызенгаўза, падскарбія надворнага.
Гэтае апісанне нашых парафій подпісам маёй рукі падцвярджаю, кс. Себасцьян Заблоцкі , Scholar Piarum Superior Шчучынскага кляштара.