Папярэдняя старонка: Рэлігійная гісторыя

Метрычныя кнігі Ішчалнскай парафіі як крыніца ведаў па гісторыі Лідчыны 


Аўтар: Сыцько Кірыл,
Дадана: 07-09-2012,
Крыніца: Лідскі летапісец № 56.



МЕТРЫЧНЫЯ КНІГІ І ДАСЛЕДВАННЕ ІХ ГІСТОРЫІ

З развіццём права прыродная біялагічная з'ява нараджэння чалавека ставіла яго ў залежнае ад дзяржавы становішча. Ад нараджэння чалавек меў правы і абавязкі, што былі прадугледжаныя пэўнай дзяржавай, а каб гэтыя правы і абавязкі набылі моц, індывіда трэба ўлічыць у афіцыйных дакументах. Метрычныя кнігі - гэта кнігі запісу актаў аб нараджэнні, шлюбе, смерці, яны запаўняліся святарамі непасрэдна да таго часу, пакуль традыцыю браць шлюб у царкве замянілі на распісванне ў аддзелах ЗАГСу і аналагічных ім. Таму можна сказаць, што метрычныя кнігі ёсць адной з першых статыстычных крыніцаў.

Асаблівасць метрычных кнігаў заключаецца ў тым, што яны фіксавалі культавую падзею, якая адначасова станавілася і юрыдычным фактам.

Разгледзім, напрыклад, шлюб. Запіс аб шлюбе нідзе больш не вёўся, але сям'я стваралася "Божай воляй", значыцца і раз'яднацца яна магла толькі з "Божай волі". Ніякіх юрыдычных інстытутаў, якія замацоўвалі зносіны паміж соцыюмам на гэтым узроўні не існавала. А гэта абазначае, што метрычныя кнігі, будучы культавымі актамі, адначасова станавіліся і актамі юрыдычнымі, а святар канфесіі - асобай з юрыдычнымі правамі кантролю і ўліку грамадзянаў на месцы. На царкву перакладалася частка функцый дзяржаўнай цывільнай улады. Гэта сталася неабходным з-за пастаяннага прыросту насельніцтва і патрэбы планавання дзяржаўных сістэмаў падаткаабкладання і вытворчасці прадукцыі. Вядома, што на месцах для ўліку павінен быў быць чалавек адукаваны, а ў эпоху татальнага непісьменства толькі святары хоць колькі адпавядалі гэтаму патрабаванню.

У Рэчы Паспалітай (і ВКЛ непасрэдна) і Расейскай Імперыі культ хрысціянства меў такую ж сілу, як і юрыдычнае права. У касцёлах ВКЛ метрычныя кнігі з'явіліся ў 16-м стагоддзі з ініцыятывы каралевы Боны Сфорцы. У праваслаўных цэрквах - некалькі пазней. Так, Л.В. Елпацьеўскі адзначыў, што найбольш старажытнымі дакументамі гэтага парадку з'яўляюцца кнігі, што захоўваюцца ў архівах БССР у Менску і датуюцца пачаткам XVII стагоддзя. Аднак метрычных кніг з 16-га і першай паловы 17-га стагоддзя захавалася вельмі мала - былі знішчаныя або пахаваныя і не знойдзеныя падчас "Патопу" (вайны паміж Маскоўскай дзяржавай і Рэччу Паспалітай 1654-67 гг.). Так найстарэйшая кніга, якая захавалася ў Лідскім фарным касцёле "Кніга нарадзіўшыхся з 1664, траўня 11 па 1690, траўня 21". Ва ўніяцкіх цэрквах ВКЛ метрычныя кнігі з'явіліся ў пачатку 18 стагоддзя (больш раннія не знойдзены). Грунтоўнае даследванне па гісторыі касцельных і царкоўных метрычных кніг ВКЛ пакуль па факту не зроблена.

Парадокс метрычных кнігаў заключаецца ў тым, што прававая моц і актуальнасць інфармацыі, якая змяшчаецца ў іх, не згубілі сваю сілу і на сённяшні дзень. Пры складанні радаводу індывіда звяртаюцца да запісаў у метрычных кнігах. Гэта абазначае, што запісы маюць прававую моц.

Увогуле, метрычныя кнігі - гэта комплекс дакументаў, якія змяшчаюць запісы аб грамадзянскім стане насельніцтва пэўнага рэлігійнага прыходу за некаторы час. Па сутнасці метрычныя кнігі - гэта папярэднікі актаў грамадзянскага стану. Але не трэба ставіць паміж імі знак роўнасці, бо калі метрычныя кнігі - гэта грамадзянска-рэлігійныя акты, якія вяліся па сваіх канонах у межах канфесіяў, то акты грамадзянскага стану набылі ўсеагульны характар у сувязі з негатыўнымі адносінамі грамадзянскіх уладаў (дакладна вядома, што ў Францыі метрычныя кнігі былі замененыя актамі грамадзянскага стану ў 1791 г.) у тым ліку і рэжыму бальшавікоў да рэлігійнага культу. Метрычныя кнігі ёсць адна з самых устойлівых дакументных сістэмаў.

Звесткі, якія змяшчаюцца ў метрычных кнігах - гэта адлюстраванне ўзаемадзеяння чалавека з прадстаўнікамі рэлігійнага культу і грамадствам непасрэдна. Усе навукі гуманітарнага цыклу займаюцца вывучэннем чалавека ў яго ўзаемадзеянні з сацыяльным асяродкам, а гэта значыць, што метрычныя кнігі ёсць вельмі важнай крыніцай даследванняў гістарычнай навукі непасрэдна, бо яны змяшчаюць як персанальныя дадзеныя, так і дадзеныя малых і вялікіх групаў. Упор на метрычныя кнігі робіцца ў такіх спецыяльных гістарычных дысцыплінах, як, напрыклад, генеалогія, гісторыя ментальнасці. Апроч таго, некаторыя метрычныя кнігі ўтрымоўваюць запісы аб гісторыі прыходу, што дае нам важныя звесткі для вывучэння гісторыі ў лакальным яе зрэзе.

Прычым некаторыя даследчыкі лічаць, што адным з асноўных кірункаў душапастырскай дзейнасці цэркваў (касцёлаў, кірхаў і г.д.) Беларусі была рэгістрацыя актаў грамадзянскага стану.

Першы акт датычны метрычных кнігаў на тэрыторыях Рэчы Паспалітай быў напісаны Кіеўскім і Галіцкім мітрапалітам Пятром Магілай у 1646 годзе на метрапалітанскім саборы, рашэннем якога было зацверджана, што кожны святар мае абавязак весці метрычныя кнігі. Але, у той жа час, складальнікі энцыклапедычнага слоўніка падкрэсліваюць, што гэта была спроба "ведения правильных приходских книг". Значыцца, да 1646 існавалі таксама "не правільныя" прыходскія кнігі. Калі быць больш дакладным, гэта абазначае - да 1646 году на тэрыторыях Рэчы Паспалітай вяліся метрычныя кнігі, але вяліся яны нерэгулярна і несістэматычна. Нажаль, такіх ранніх кнігаў нам не ўдалося знайсці ні ў вопісах Нацыянальнага архіву Рэспублікі Беларусь, ні ў вопісах Гістарычнага архіву Беларусі ў Гародні.

Першы акт, датычны метрычных кнігаў Расіі, датаваны 1667 годам - калі пастановай Ніканаўскага царкоўнага сабору святарам было прапанавана весці метрычныя кнігі.

Першы заканадаўчы акт аб метрычных кнігах на этнічных тэрыторыях Беларусі быў прыняты толькі ў 1667 годзе і адносіўся ён да уніяцкай царквы - гэта быў час кіравання мітрапаліта Цыпрыяна Жахоўскага. Вядома, што ўніяцкая царква злучала ў сабе традыцыі і каталіцкай, і грэцкай цэркваў, таму цалкам натуральным выглядае той факт, што заканадаўчыя акты адносна метрычных кнігаў каталіцкіх касцёлаў і праваслаўных цэркваў былі прынятыя прыкладна ў той жа час. Раней яны з'явіцца не маглі, бо гэтыя дадзеныя патрэбныя перш за ўсё дзяржаве, але не культу, а дзяржава была адна. Вядома, што пасля Брэст-Літоўскай уніі 1596 году, пачалося масавае пераахрышчванне сялянства ў новую плынь хрысціянства. Некатораму ціску былі падвергнутыя праваслаўныя. Чаму так? Бо тагачасная Вільня, роўна як і Масква, і Кіеў, прэтэндавала на статус збіральніка славянскіх земляў і пагроза з боку прамаскоўскі арыентаванага праваслаўнага кліру была значная. Факт злучэння рэлігійных плыняў у адну можна разглядаць з боку ўніфікацыі культавай дакументасістэмы, што вядзе да ўдасканалення метадаў і сродкаў культавага справаводства, выпрацоўцы новых канцэпцый вядзення дакументаў, пераймання ўсіх лепшых метадаў з першародных рэлігійных плыняў.

Заўважым, што ў Расейскай імперыі такі закон паўторна быў прыняты з боку цывільнай улады - у 1722 годзе Пётр І загадаў весці метрычныя кнігі ў імперыі. Гэта вынікае з даследвання Д.Н. Антонава, І.А. Антонава "Метрические книги России 18-начала 20 века". Калі быць больш дакладным, абавязак весці метрычныя кнігі быў замацаваны за святарамі Пятром І дадаткам да Указу аб "Прибавлении к духовному регламенту".У Рэчы Паспалітай, як мы бачым, працэс увядзення абавязковай метрыфікацыі грамадзянскай супольнасці абдываўся быццам бы толькі праз пастановы культавых органаў (аднак не будзем забываць каралеву Бону Сфорцу), але гэтыя пастановы не выконваліся належным чынам, што падкрэслівае меншую залежнасць царквы ад цывільнай улады гэтага перыяду і цывільнай улады ад царквы часоў кіравання папярэдніх кіраўнікоў.

Высокі статус метрычных кнігаў падкрэсліваецца тым, што ў Расейскай імперыі вядзенне метрычных кнігаў кантралявалася кансісторскаю ўладай, а пасля нават і паліцыяй.

Паводле пастановаў Замойскага сабору ў 1722 годзе ў друкарні Супрасльскага базыльянскага кляштара на старабеларускай мове была выдадзена кніга "Собрание припадков краткое и духовным особам потребное", у якой замацоўваліся правілы запаўнення метрычных кнігаў хрышчэння і шлюбаў.

Прыкладна ў гэты ж час адбылася спроба замацаваць трывалы фармуляр запаўнення кнігаў.

Фармуляр метрычнай кнігі канца 18 стагоддзя можна ўмоўна падзяліць на некалькі істотных раздзелаў:

- Храналагічны раздзел;

- Геаграфічны раздзел (у межы парафіі, як правіла, уваходзіла шмат населенных пунктаў);

- Раздзел з інфармацыяй аб асобе-аб'екце запісу.

Калі браць ва ўлік усю метрычную кнігу з запоўненым фармулярам, а не асобную старонку, то гэтыя раздзелы аб'ядноўваюцца па меры запаўнення інфармацыяй у інфармацыйныя блокі.

Чым большая запоўненнасць раздзелаў фармуляра метрыкі інфармацыяй, тым больш гэтая інфармацыя ўзаемазвязаная.

Так, першапачаткова геаграфічны раздзел у метрычных кнігах як правіла не вёўся, але пазней, з павелічэннем колькасці насельніцтва і неабходнасцю статыстычнага ўліку з мэтай падлікаў, пачаў весціся.

Асабліва цеснай становіцца ўзаемасувязь "храналогія-асоба", якая дае магчымасці праглядаць элементы сацыяльнай гісторыі. Так, напрыклад, узаемасувязь "храналогія-асоба" адсочвае змену дамінавання персанальных характарыстыкаў асобы для розных гістарычных перыядаў.

Па меры развіцця сацыяльных зносінаў унутры грамадства ў метрычнай кнізе з'яўляюцца новыя запісы ў блоку з інфармацыяй аб асобе, як то нацыянальнасць, прафессія. Знікаюць запісы аб саслоўнасці і канфесіі. Па меры паступовага ўраўнаважання гендэрных правоў, мы можам пабачыць узрастаючую ролю жанчыны ў жыцці грамадства.

У 18 стагоддзі, ужо пад уладай Расейскай імперыі была ўніфікаваная форма запаўнення метрык, рэгламентаваныя абавязкі святароў і наладжаны сталы кантроль за вядзеннем гэтых дакументаў. На глебе сінодскага, а значыць асабістага імператарскага ўказу 1775 году, метрыкі атрымалі статус актаў стану.

Прынамсі, закон, які адносіўся да метрычных кнігаў парафіяў каталіцкага веравызнання, а Ішчална- менавіта каталіцкая парафія, быў прыняты ў 1826 г.

Пад фармулярам мы разумеем бланк, мадэль збудавання дакумента, якая рэгламентавала яго выкарыстанне.

Цягам усяго 18 стагоддзя ўжыванню сістэматычнага дакументавання метрычных кнігаў надзялялася шмат увагі, сістэматычнае дакументаванне ішло разам з развіццём фармуляра кнігі. Метрычныя кнігі мелі досыць статычны фармуляр, што склаўся пасля сабору 1724 года і меў дзве сур'ёзныя змены: ў 1779 годзе і ў 30-ых гадах ХІХ ст. Падкрэслім, што ў выніку далучэння тэрыторыяў Беларусі да земляў Расейскай імперыі, дакументы прыходаў і парафіяў розных веравызнанняў уніфікаваліся і сістэматызаваліся. Мы не знайшлі ніводнага дакумента, датычнага Рэчы Паспалітай, які б адзначыў уніфікацыю і стандартызацыю дакументакомплексу, які мы даследуем.

Варта заўважыць, што працэсы ўніфікацыі і стандартызацыі праходзілі досыць марудна і павольна. Метрычныя кнігі не заўсёды аднолькава вяліся нават у межах аднаго павету.

Так, разглядаючы фотакопію запісу аб нараджэнні аднаго з генералаў Парыжскай камуны Валера Антонія Урублеўскага ад 22.12.1836 году, зробленную ў метрычнай кнізе Жалудокскага парафіяльнага касцёла [11, c. 30] мы пабачылі, што тэкст запісу прапячатаны трыма пячаткамі - першая, верхняя пячатка з выявай імперскага арла. Такая пячатка была ўласцівая ўсім метрычным кнігам і, наколькі вынікае з нашага даследвання, ставілася ў канцылярыі. Так, да прыкладу, мы можам спаслацца на метрычную кнігу ад 1873 году Ішчалнскага прыходу

Але дзве іншыя пячаткі нам не ўдалося разгледзець з прычыны дрэннае якасці фоткакопіі. Метрычную кнігу Жалудокскай парафіі за 1836 год нам таксама не ўдалося знайсці. Але ні ў якой іншай кнізе мы падобнага не знайшлі. Таму лічым, што першая з пячатак - гэта ўласна парафіяльны знак, другая - пячатка шляхецкага роду Урублеўскіх.

Гэта абазначае, што ў перыяд да 1826 (а ў некаторых парафіях - і пазней) метрычныя кнігі вяліся ў вольнай форме, бо правілы іх вядзення былі ўведзеныя пазней, а ўніфікацыя і стандартызацыя вялася вельмі павольна і марудна.

Выява гербавага дзяржаўнага арла Расейскай імперыі падкрэслівае прававы статус метрычных кнігаў.

Кніга "Метрические книги России XVIII - начала ХХ" расейскіх даследчыкаў Д.Н.Антонава, І.А Антонова, а таксама іх іншыя працы прысвечаныя праблеме па сутнасці з'яўляецца фундаментальным матэрыялам у вобласці даследвання метрычных кніг Расейскай імперыі. Падобных працаў не існуе ў Беларусі як і на ўсёй тэрыторыі СНД. Гэтая манаграфія нам цікавая тым, што ў абазначаны ў назве кнігі час тэрыторыі Беларусі ўваходзілі ў склад Імперыі, а значыцца там падаюцца абагульненыя звесткі, якія ў прынцыпе прымяняльныя да беларускіх метрыкаў.

Артыкул Лісейчыкава Д.В. "Метрычныя кнігі ўніяцкіх цэркваў Беларусі XVIII ст.: асаблівасці складання і захавання" распавядае аб метрыках грэка-каталікоў і цікавы нам у тым аспекце, што гэта бадай адзіная беларуская праца, якая ставіць у цэнтр даследвання метрычныя кнігі, няхай і з архівазнаўчага погляду.

Артыкул "Метрычныя кнігі" ў энцаклапедычным слоўніку Брокгаўза і Ефрона, дае кароткі агульны нарыс аб метрыках на тэрыторыях Расейскай імперыі і замежжа. Усе астатнія манаграфіі, артыкулы і крыніцы, на якія абапіраецца праца, носяць дапаможны характар.

На сённяшні момант метрычныя кнігі Беларусі з'яўляюцца адной з самых масавых гістарычных крыніцаў, бо кожны павет, кожная парафія захавала іх у належным стане. Вядома, хрысціянскія святары беражна адносіліся да кожнага дакументу ва ўлонні хрысціянства. Але, адначасова, гэта і самая недаследванная крыніца па гісторыі Беларусі. Прынамсі, мы не знайшлі ніводнай працы, якая б цалкам і непасрэдна апісвала метрычныя кнігі. Збольшага яны ўзгадваюцца фрагментальна.

ПРАБЛЕМА АРХІЎНАГА ЗАХАВАННЯ МЕТРЫЧНЫХ КНІГ НА ПРЫКЛАДЗЕ ДАКУМЕНТАЎ ІШЧАЛНСКАЙ ПАРАФІІ

Кожны дакумент, з'яўляючыся прадуктам прычынна-выніковых сувязяў, захоўвае сваё генетычнае адзінства з гістарычнай рэальнасцю, якая яго стварыла. Сэнс жыцця дакумента ў архіве заключаецца ў патэнцыйнай магчымасці гістарычнай рэканструкцыі падзеяў і фактаў, якія сталі прычынай яго з'яўлення. Менавіта з гэтай прычыны важна захаваць дакумент у кантэксце рэаліяў мінулага, паблізу ад тэрыторый яго паходжання. Неабгрунтаванае штучнае аддаленне дакумента ад гістарычнай тэрыторыі разрывае сувязь з дакументным кантэкстам, зніжае яго патэнцыял, прыбядняе культурны фонд тэрыторыі.

З аддзяленнем царквы ад дзяржавы функцыя епархіяльнага кіравання перайшла ў вядзенне епархіяльных саветаў. Святары давалі падпіску аб невядзенні метрычных кнігаў. Такім чынам метрыкі перайшлі ў разрад скончаных справаў, якія належаць перадачы на далейшае захаванне. (Тым не менш кнігі вяліся ў большасці касцёлаў бесперапынна, толькі падчас не ўсе запісы рабіліся. На сёння поўнамаштабнае вядзенне метрычных кніг адноўлена, хаця статыстычныя і ўліковыя фукцыі яны практычна выконваць перасталі.)

Найменне заканамернасці непазбежнай страты дакументам першапачатковай прававой функцыі, дзеля якой ён ствараўся ва ўмовах гістарычнай рэчаіснасці, дазваляе аддзяліць дакумент ад архіўнага дакумента як патэнцыяльнай гістарычнай крыніцы з усімі наступствамі, якія звязаныя з набыццём ім уласцівасцяў публічнасці.

То бок, метрычныя кнігі як прававыя дакументы былі неабходныя ў той час, калі ва ўстановы, якія захоўваюць паданы комплекс дакументаў, паступалі запыты з мэтай абароны грамадзянскіх правоў насельніцтва Беларусі і Ішчалны ў прыватнасці. Такім чынам на дадзены момант, калі разважаць лагічна, метрыкі ператварыліся з дакументаў прававых ва ўласна гістарычную крыніцу, якая становіцца аб'ектам даследвання гісторыка.

Цыркуляр НКУС ад 18.11.1919 патрабаваў ад усіх акружных аддзелаў органаў запісаў актаў грамадзянскага стану з архіваў былых духоўных кансісторыяў забраць у сваё вядзенне ўсе метрычныя кнігі і дакументы, якія іх суправаджаюць за перыяд з 1863 году і пазней. Фармальна гэты цыркуляр пачаў дзейнічаць на тэрыторыі Заходняй Беларусі з канца 1939 года

Такім чынам атрымоўваецца, што пачынаючы з 1919 года раздзяліліся месцы захавання кнігаў. Сыходзячы са стану краіны, якая знаходзілася ў становішчы грамадзянскай вайны з 1917 па 1923 гг., мы можам сказаць, што гэта фактычна прывяло да стратаў найкаштоўнейшага комплексу дакументаў па генеалогіі і дэмаграфіі. Немагчымасць стабілізаваць сітуацыю ў вышэйшых колах кіравання і эканомікі прывяла да немагчымасці стабілізацыі сітуацыі ў архіўнай справе.

Наогул даследчыкамі былі пазначаныя наступныя памылкі, якія нярэдка дапускаліся супрацоўнікамі ведамасных архіваў пры захаванні метрычных кнігаў: раз'яднанне прыхадскога экзэмпляру метрычных кніг пагадова, аб'яднанне экзэмпляраў метрычных кнігаў у адзін. Знішчэнне пераплёту вокладкі.

На дадзены момант у структурах ЗАГСаў знаходзяцца на захаванні дакументы з 1940 году, то бок метрычныя кнігі, у тым ліку і кнігі Ішчалнскай парафіі, былі перададзеныя ў архіўныя ўстановы ў выпадку, калі яны знаходзіліся на захаванні. Адбылося драбленне гістарычнага комплексу, які набывае сваю каштоўнасць толькі пры ўмовах цэласнасці.

Па гэтай прычыне на сённяшні момант роля метрычных кнігаў у вывучэнні сацыяльнай гісторыі прыніжаная, і іх выкарыстоўваюць толькі ў генеалагічных мэтах, найчасцей за ўсё - у непрафесійных. Такім чынам можна сказаць аб фактычнай немагчымасці даследвання метрычных кнігаў Ішчалнскай парафіі са спасылкай на 100-адсоткавую дакладнасць даследвання.

Дзе знаходзіцца згубленная частка спадчыны метрычных кнігаў? Як мы ўжо сказалі - часткова знішчаная ў вогнішчах войнаў, рэпрэсіяў, ідэалагічных чыстак. Але вядомыя іншыя прыклады - выяўлення і рэстытуцыі архіўных дакументаў на тэрыторыю Беларусі. Так, у 2010 годзе была вернутая раней невядомая метрычная кніга, дакладней - кансісторскі экзэмпляр метрычнай кнігі Ішкальдскай парафіі за 1759 - 1807 гг. З гэтага вынікае, што існуе практычная патрэба ў выяўленні і вяртанні дакументаў у Беларусь, прычым у агульным сэнсе, калі мы разглядаем сябе як цывілізаванае грамадства, якое ўсведамляе, што для аналізу сучаснасці і будучыні неабходна вывучаць мінулае. Але ў канкрэтным сэнсе падыход да праблемы бачны ўжо з зусім іншага боку: немагчыма захаваць стандартнымі спосабамі ўсе кнігі, якім пагражае вынішчэнне. З прычыны недахопу сродкаў і тэмпаў разбурэння паперы ў неправільных умовах захавання за лепшае бачыцца спроба захаваць тое, што на сённяшні момант ужо знаходзіцца ў архівах, не пачынаючы рэстытуцыю. Тым больш, паўстаюць прававыя і маральна-этнічныя аспекты міжнародных стасункаў у галіне не столькі архівазнаўства, колькі ў галіне рэлігійных інстытутаў.

Як наступства пастаянных перамяшчэнняў, рэарганізацыяў, драбленняў архіўных установаў у БССР, мы маем фактычнае знішчэнне ролі гістарычнай крыніцы па сацыяльнай гісторыі як рэальнасці гісторыі Беларусі. Адарваныя ад гістарычнай тэрыторыі кнігі Ішчалнскай парафіі фактычна маглі быць часткова знішчанымі як тыя, што не маюць гістарычнага кантэксту дакументы, то бок пасля перадачы метрык у органы ЗАГСаў яны пазбавіліся свайго гістарызму.

Па сыходзе 75 год метрычныя кнігі Ішчалнскай парафіі былі перададзеныя ў Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў Гародні, што фактычна і каардынальна парушае геаграфічны прынцып. Ні Лідскі павет, ні тым больш Ішчалнская воласць, прадстаўленая парафіяй, гістарычна не ўваходзілі ў Гарадзенскую вобласць, якая была ўтвораная Загадам ад 20 верасня 1944 году.

Фактычна, дакументы былі перададзеныя ў архіў па тэхнічных, а не гістарычных прынцыпах, што ператварае жывую гістарычную крыніцу ў сухі статыстычны набор звестак.

Метадалогія крытыкі метрычнай кнігі як статыстычна-дэмаграфічнай крыніцы была зацверджаная ў ХІХ стагоддзі працай Д.П. Жураўскага, які даў крыніцазнаўчы аналіз метрычных кнігаў, разглядаючы іх як статыстычную крыніцу.

Сухое архіўнае выкарыстанне метрычных кніг у генеалагічным плане без выкарыстання дапаможных крыніцаў у выглядзе кліравых ведамасцяў, інвентароў, гросбухаў, нарысаў і вопісаў з'яўляецца нелагічным і неэфектыўным выкарыстаннем крыніцы. Практычна метрыка ўтрымоўвае вялікую колькасць інфармацыі, да якой прымяняльныя матэматычныя метады даследвання. Дадзеныя метрычных кнігаў у абавязковым парадку вартыя да ўвядзення іх у шырокае навуковае даследванне ў сінтэзе з іншымі крыніцамі па гісторыі Беларусі.

Але варта заўважыць, што дэмаграфічны аддзел метрычных кнігаў не ляжыць мёртвым грузам і інфармацыйная плынь "кніга-даследчык" пастаянна жыве.

Што датычна месцаў захавання метрычных кніг і дакументаў, якія іх суправаджаюць на прыкладзе Ішчалнскай парафіі, то на дадзены момант выдзяляюцца два месцы - НГАБ у г. Гародні і Ішчалнскі касцёл Святой Троіцы.

Касцёл з'яўляецца лепшым месцам захавання архіўных культавых дакументаў. Бо кантроль за станам крыніцаў вядуць асобы зацікаўленыя гэтымі дакуменамі не як аб'ектам працы, а як аб'ектыўным доказам гістарычнага дзеяння і законнасці існавання каталіцкага касцёла на Беларусі, пацверджанай актам вядзення дакументацыі такога ўзроўню. Архіву як зацверджанага комплексу дзеянняў, якія праводзяцца ў мэтай захавання дакументацыі няма. Але дакументы захоўваюцца ў досыць якасным стане.

Архіўныя ўстановы Беларусі штучна звужаюць сферы выкарыстання метрычных кнігаў, знішчаючы іх патэнцыял і зводзячы інфармацыйную складовую гістарычнай крыніцы ў непрафесійны бок.

Абароненыя інструкцыямі і палажэннямі, чыны закрываюць доступ да вывучэння самай масавай крыніцы па сацыяльнай гісторыі Беларусі, што ў агуле абмяжоўвае магчымасці даследчыкаў.

Адзіным дасяжным для вывучэння афіцыйным архіўным дакументам з'яўляецца "Адзіны міжфондавы ўказальнік метрычных кнігаў каталіцкіх паветаў", якія знаходзяцца ў Нацыянальным Гістарычным Архіве Беларусі ў г. Гародні.

Прааналізаваўшы гэты "Адзіны міжфондавы ўказальнік метрычных кнігаў каталіцкіх паветаў", мы можам гаварыць аб страце значнай часткі кніг фондаў Ішчалнскай парафіі.

На сённяшні момант у Нацыянальным Гістарычным Архіве Беларусі ў Гародні знаходзяцца на захаванні наступныя кнігі Ішчалнскай парафіі:

1. Аб народжанных (у рэальнасці прааналізаваўшы змест кнігаў мы можам сказаць, што ў дадзеных метрычных кнігах змяшчаюцца запісы аб ахрышчаных):

1791-1814, 1834-1842,

1844-1869, 1871,

1873, 1878-1924 гг.

2. Аб узяўшых шлюб:

1834-1842, 1844-1869,

1871, 1873,

1878-1909, 1914 гг.

3. Аб памерлых:

1834-1842, 1844-1869,

1871, 1873,

1878-1907, 1909, 1914 гг.

Даследчык метрычных кнігаў Расіі Антонаў адзначае шматлікія факты неапраўданага зліцця прыхадскога і кансісторскага экзэмпляраў у фонд кансісторыі, альбо аб'яднаны фонд цэркваў. І сапраўды, ва ўказальніку не адзначаны, якія экзэмпляры кнігаў знаходзяцца на захаванні. Канешне, прыходскі і кансісторскі экзэмпляр метрычных кнігаў утрымоўваюць у сабе паўтаральную інфармацыю, але, што важна адзначыць, яны не з'яўляюцца дублікатамі адна адной, паколькі кожны экзэмпляр мае сваю гісторыю ўзнікнення і фармавання, сутнасныя адрозненні ў кадыкалогіі, розныя інфармацыяна-пошукавыя мадэлі, крыніцазнаўчыя адрозненні, якія выяўляюць "пераварот" арыгіналу і спіску. Апроч таго, што важна, гэтыя экзэмпляры мелі розную ступень юрыдычнай значнасці

Наогул, інфармацыя, якая месціцца ў метрычных кнігаў досыць пасіўная і не мае вялікай ролі для даследчыкаў адарвана ад кантэксту, менавіта таму комплекс метрычных дакументаў не павінны складацца з адных метрычных кніг аб нараджэнні, пахаванні, шлюбе - ён павінны складацца з наступных частак, якія, згодна прынцыпаў фандзіравання павіны выдзяляцца ў асобны фонд па геаграфіі:

- Метрычныя кнігі як асноўная крыніца,

- Метрычныя выпіскі,

- Метрычныя экстракты,

- Ведамасці аб прыходзе і кліравыя ведамасці,

- Касцельныя Інвентары

Між тым, гістарычны вопіс архіву Ішчалнскай парафіі, датаваны 1936 годам, сведчыць аб тым, што існаваў архіў, "w zakrystji w szafie", які меў наступныя дакументы:

- Інвентары з году 1717 (у падвойным экзэмпляры на лацінскай і польскай мовах за гады 1724, 1731, 1763, 1776, 1783, 1801, 1820, 1821; інвентары за 1844, 1856, 1862, 1872, 1875, 1884, 1888, 1893, 1895, 1897, 1899 (у двух асобніках, 1902 і 191? (лічбу не бачна);

- Метрычныя кнігі шлюбаў і хрышчэння, якія вяліся з 1713 году;

- Метрычныя кнігі пахаванняў, пачынаючы з 1794 году;

- Кнігі перадшлюбных споведзяў з 1827 году;

- Кнігі карэспандэнцыі з 1846 году;

- Спісы парафіяльныя прыхаджан з 1852 году;

- Акты розных справаў з 1880 году.

Разам прыблізна 70 розных кнігаў і каля 30 асобнікаў паадзінкавых інвентароў, пачкаў з актамі і г.д.

Улічваючы тое, што вопіс быў складзены ў 1936 годзе, 70 адзінак кніг - няпоўны камплект дакументаў, калі браць да ўвагі той факт, што першы ўспамін аб вядзенні метрычных кнігаў у дадзеным выпадку датуецца 1713 годам. Нажаль больш падрабязных вопісаў не існуе.

Цікавы той факт, што метрычныя кнігі шлюбаў і хрышчэння аб'яднаныя ў адну групу крыніцаў, а метрычныя кнігі пахаванняў выдзяляюцца ў другую групу. Магчыма, гэта выклікана тым, што на больш ранніх стадыях станаўлення парафіяльнага справаводства кнігі метрыкаў аб пахаванні не вяліся і замяняліся інвентарамі, у якіх падавалася інфармацыя аб пахаваннях на могілках.

Між тым у кнізе "Szkic historyczny Parafii" ("Гістарычны нарыс аб парафіі") напісана, што дакладнае складанне гістарычных звестак аб парафіі ўскладняецца тым фактам, што пераважная колькасць актаў і іншых дакументаў былі панішчаныя пажарам у 1714 годзе. Аўтары нарысу адзначаюць, што акт пажару ускладняе задачу гісторыяапісання Ішчалнскай парафіі і зводзіць колькасць гістарычных дадзеных фактычна да нуля.

Гэта часткова тлумачыць адсутнасць метрычных кнігаў за ранейшы час.

Да страты вялікіх комплексаў дакументаў маглі спрычыніцца наступныя факты.

У вопісе парафіі Ішчалнскай указана, што касцельная маёмасць і землі былі сканфіскаваныя на карысць праваслаўных ў 1844 годзе, ва ўладанні плябаніі засталося толькі 33 дзесяціны зямлі. Фактычна, у гэты час маглі быць сканфіскаваныя і знішчаныя метрычныя кнігі.

У 18 стагоддзі Ішчалнская парафія пабачыла негатыўныя вынікі паўстання Тадэвуша Касцюшкі. Атрады Хлявінскага забралі касцельнае срэбра, аклад з абраза Маці Божай і некаторыя іншыя каштоўнасці. Дакументы, якія мелі філіграні, пячаткі і іншыя пазнакі подлініка, маглі быць умоўна аднесеныя да катэгорыі каштоўнасцяў і скрадзеныя жаўнерамі Хлявінскага.

У студзені (месяц напісаны невыразна) 1919 года паміж Польскім войскам і Чырвонай арміяй адбыліся сутычкі ў Ішчалне і блізпрылеглых вёсках. З даследвання М.Ф. Шумейкі, К.І. Козака вядома, што ў часы безуладдзя і войнаў архівы выкарыстоўваліся не па прызначэнні і дакументы вынішчаліся неадукаванымі жаўнерамі, таму існуе досыць вялікая верагоднасць таго, што частка метрычных кнігаў Ішчалнскай парафіі была панішчаная сіламі польскай і савецкай арміяў.

Міжфондавы ўказальнік практычна ўказвае на адсутнасць вялікай часткі метрычных кнігаў параўнальна з гістарычным вопісам. Страты метрыкаў складаюць каля 90 адсоткаў ад агульнай колькасці кнігаў, якія павінныя былі існаваць.

На сённяшні момант праблема захаванасці метрычных кнігаў беларускіх паветаў даследчыкамі не падымалася, таму казаць абагульнена аб захаванасці метрычных кнігаў Беларусі, тым больш падаваць вышэй указаную лічбу як характэрную немагчыма.

На прыкладзе метрычных кнігаў Ішчалнскай парафіі мы бачым, што на практыцы забыты апавядальны раздзел метрыкаў, што і з'яўляецца прычынай прыніжэння іх ролі. Апавядальны раздзел быў абагульнены ў "Нарыс аб Парафіі Ішчалнскай" - рукапіс на польскай мове, зроблены скорапісам у 1936 годзе, не захоўваецца ў архівах, быў знойдзены ў касцёле Святой Троіцы вёскі Ішчална.

Навогуле, з'ява так званых "нарысаў" у католікаў і "царкоўных летапісаў" у праваслаўных узнікла адносна позна ў сярэдзіне ХІХ ст. З'яўленне "Нарысу аб Парафіі Ішчалнскай" у 1936 годзе не было выклікана нейкімі сацыяльнымі патрэбамі, бо фактычна гэта проста перапісаны ў скарочаным выглядзе матэрыял з Ішчалнскіх метрычных кнігаў. Пацверджанне таму мы знаходзім у шматлікіх спасылках у тэксце на метрычныя кнігі і інвентары. Лагічнай сацыяльна-гістарычнай падставы знайсці не ўдалося. Калі з'яўленне такіх дакументаў на глебе метрычных кнігаў з'яўлялася цалкам лагічным у пачатку ХХ стагоддзя для касцёлаў і цэркваў усходу Беларусі з прычынаў адносінаў бальшавікоў да рэлігіі, культу і культавых дакументаў, якія маглі быць у любы момант сканфіскаванымі, то ў сітуацыі з Ішчалнай усё больш чым незразумела - парафія на момант стварэння знаходзілася ў Заходняй Беларусі пад патранатам каталізаванай і рэлігійнай Польшчы.

Наогул, у першыя гады ўлады бальшавікоў гэты від дакументаў нідзе не быў пазначаны як важны для захавання ў архівах, таму ў большасці, трэба думаць, нарысы былі знішчанымі, і ў нашыя рукі патрапіў сапраўды карысны дакумент.

Калі мы звернем увагу на структуру "Нарысу аб парафіі Ішчалнскай", то пабачым, што ён складаецца з наступных частак:

- Opis Parafii Iszczolnskiej;

- Szkic historyczny Parafii;

- Opis Kosciola:

strona zewnetrzna,

cmentarze grzebalne,

urzadzenie kosciola,

urzadzenie newnetrzne kosciola,

zabytki - rzezby,

zabytki - malarstwa,

malawidla scienne,

archiwum,

- Wykaz miejscowosci parafji Iszczolnskiej dane z roku 1930.

Пры гэтым пры даследванні нарысу становіцца бачным, што прыходскія святары фіксавалі пажары, няшчасныя выпадкі, надзвычайныя здарэнні, эпідэміі хваробаў. Апісваецца эпідэмія "гішпанкі", неадменнай для Беларускіх земляў.

Звесткі падаюцца ў сугуба навуковым кантэксце - з дапамогай фіксацыі гістарычных фактаў, абсалютна выключаючы любыя магчымасці дадаць да апісання ўласныя роздумы.

Гэта цалкам адпавядае апісанню царкоўных летапісаў Смаленскай епархіі, зробленных Антонавым, што дае нам падставу гаварыць аб існаванні ўніфікаванай сістэмы гістарычнага летапісання каталіцкіх і праваслаўных прыходаў у ХІХ - ХХ стст.

З прычыны страты вялікіх аб'ёмаў метрычных кнігаў важнымі дакументамі становяцца інвентары, пахавальныя каштарысы і кліравыя ведамасці, якія сканфіскаванымі і перададзенымі ў архіў не былі. У інвентарах падаюцца важныя звесткі аб пахаваннях на парафіяльных могілках пры касцёле. То бок, яны часткова дублююць інфармацыю, якая месціцца ў кнігах пахавання.

Першыя ўспаміны аб Ішчалнскіх могілках падае нам інвентар за 1782 год. З даўнейшых метрыкаў вынікае, што гэтыя могілкі знаходзіліся паблізу вёскі Масёўцы (заканчэнне назвы напісанае невыразна). Дакументы за 1800 год сведчаць аб існаванні Ішчалнскіх могілак за 600 метраў ад касцёла і за 100 метраў ад Шчучынскага тракту.

На сённяшні момант інвентары, гросбухі, кліравыя ведамасці за ХІХ - пачатак ХХ стст. захоўваюцца ў парафіі Святой Троіцы, в. Ішчална, што цалкам адпавядае пасылу аб тым, што культавыя дакументы павінны знаходзіцца ва ўлонні культу, які іх спарадзіў. Толькі ў гэтым выпадку не парушаецца прынцып гістарызму і не знішчаецца крыніцазнаўчая каштоўнасць дадзеных комплексаў дакументаў. Але паўстае пытанне аб неправільных умовах захаваня. Найбольш правільным у гэтым выпадку будзе інвеставанне грошай у стварэнне прафесійных архіўных установаў пры касцёлах, цэрквах, кірхах.

Такім чынам, даследваўшы дакументы, якія датычныя метрычных кнігаў Ішчалнскай парафіі, мы можам сказаць аб неабходнасці коплекснага вывучэння гэтых крыніцаў, а таксама аб патрэбе ва ўключэнні ў фонды метрык нарысаў, кліравых ведамасцяў, інвентароў.

ВЫЗНАЧЭННЕ МЕТРЫЧНАЙ КНІГІ ЯК КОМПЛЕКСНАЙ КРЫНІЦЫ ПА ГІСТОРЫІ ЛІДЧЫНЫ

Метрычныя кнігі - масавая, складаная, комплексная крыніца, датычная гісторыі Беларусі. Таму ў дадзеным раздзеле мы паспрабуем даць прававую ацэнку запісаў гэтага комплексу дакументаў, адсочым гісторыю яго ўніфікацыі і стандартызацыі.

Перш за ўсё, трэба адзначыць, што метрычныя кнігі Беларусі на сённяшні дзень у асноўным выкарыстоўваюцца для складання радаводаў, бо ў іх змяшчаецца інфармацыя аб насельніцтве, якое кампактна пражывала ў межах парафіі. Радаводы і звесткі аб насельніцтве - гэта вобласць вывучэння генеалогіі і дэмаграфіі, якія можна аднесці да спецыяльныях гістарычных дысцыплінаў, што складаюць сістэму крыніцазнаўства.

Пры вывучэнні любой гістарычнай крыніцы ўзнікаюць дзве галоўныя праблемы пазнання: "рэчаіснасць-крыніца" як адэкватнасць адлюстравання гістарычнай рэчаіснасці і ўмоваў фармавання крыніцы, а таксама "гісторык і крыніца" - як выпрацоўка найбольш эфектыўных метадаў вывучэння крыніцы.

Для таго, каб аб'ектыўна падыйсці да інфармацыі, якая змяшчаецца ў метрычных кнігах, варта зразумець умовы іх фармавання. Бо, як мы падкрэслівалі, метрычная кніга, якая па сутнасці з'яўляецца актам, што замацоўвае факт культавага дзеяння, адначасова становіцца таксама і юрыдычным актам. Прычым трэба разумець, што метрычныя кнігі вяліся зацікаўленымі асобамі - святарамі, якія фанатычна належалі да таго, ці іншага культу, таму склалася сітуацыя, калі юрыдычны акт залежаў ад маральных якасцяў клерыка, адказнага за вядзенне метрыкі, хаця, як мы ўжо сказалі, гэтая асоба была неаб'ектыўнай і фанатычна адданай культу.

Улічваючы небагатую і пасіўную інфармацыю, якая змяшчаецца ў адной асобнай метрычнай кнізе, дадзеныя дакументы варта вывучаць у комплексе, вызначаючы ў вобласць навуковых інтарэсаў метрыкі за некалькі стагоддзяў. Бо дынаміку зменаў у соцыюме, вывучаючы пасіўную крыніцу, можна разгледзець толькі на працяглым адрэзку часу. Гэтыя сацыяльныя зрухі, адсочаныя па метрычных кнігах, можна разглядаць з пункту гледжання сацыяльнай гісторыі, якая паўстала як вынік унутраннага развіцця гістарычнай думкі, збліжэння гісторыі з сацыялогіяй і эканамічнай навукай. Але сацыяльнае пытанне перад даследчыкам гэтага перыяду покуль яшчэ не выразна выдзяляецца з рэлігіі і палітыкі.

Як з'явіліся метрычныя кнігі? Для з'яўлення дадзенага віду дакументаў на тэрыторыях Беларусі стала неабходным наяўнасць наступных умоваў:

- Набыццё асобай дастатковых уласцівасцей гістарычнасці, услед за чым узнікае неабходнасць у персаніфікаваным уліку насельніцтва;

- Узнікненне эканамічнай неабходнасці дзяржавы ў падліку рухаў насельніцтва;

- Фіскальныя патрэбы;

- Развіццё дзяржаўна-клерыкальнай структуры да досыць эфектыўнага механізму кіравання;

- Пэўны ўзровень пісьменнасці грамады ў цэлым, перадусім - існаванне падрыхтаванага сацыяльнага класу святароў як пісьменных прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, здольных рэгулярна, сістэматычна і пісьменна весці дадзеныя запісы.

Метрычныя кнігі - гэта публічныя кнігі, карыстаныя з мэтай рэестравых запісаў актаў грамадзянскага стану ў рэлігійных прыходах. У шырокім сэнсе слова метрычныя кнігі - гэта ўвесь комплекс першадакументаў культавай рэгістрацыі і вытворчых ад іх актаў даведкавага тыпу (даведкі, выпіскі, падушныя спісы парафіі, кліравыя ведамасці). У вузкім сэнсе слова - гэта акт дакументавання культавай падзеі адносна прыхаджаніна\групы прыхаджан.

Адсюль вытворнае слова "метрыфікацыя", якое абазначае комплекс мераў па вядзенні актаў грамадзянскага стану ў межах парафіі.

Кожная з метрычных кнігаў падзяляецца на 3 часткі:

- Аб нараджэнні. Уніфікаваны канчатковы фармуляр гэтай кнігі складаўся з графаў: №, дата нараджэння і хрышчэння, імя і прозвішча, месца жыхарства, канфесія бацькоў і хрышчоных бацькоў, законнасць нараджэння.

- Аб шлюбе. Уніфікаваны канчатковы фармуляр гэтай кнігі змяшчаў імя, прозвішча, месца жыхарства, нацыянальнасць, канфесію жаніха і нявесты, у якім узросце бяруць шлюб, дата вянчання, прозвішчы і імёны сведкаў.

- Аб смерці (імя, прозвішча, месца жыхарства, узрост памерлага, дата і прычына смерці, месца пахавання).

Метрычная кніга заўжды ўяўляе сабою цэласны омплексны акт, альбо комплекс актаў, таму варта разгледзець яе з боку дыпламатыкі. Дыпламатыка - спецыяльная гістарычная дысцыпліна, якая вывучае пераважна акты. Метрычныя кнігі, канстатуючы факт нараджэння, шлюбу альбо смерці, надавалі гэтаму факту, як мы ўжо казалі ва ўводзінах, юрыдычны характар, а значыцца з'яўляліся актамі.

Сярод актаў, калі згадзіцца з класіфікацыяй Л.В. Чарапніна, выдзяляюць акты царкоўнага права.

Выконваючы функцыю ўплыву на тыя, альбо іншыя сферы грамадскіх зносінаў, крыніца прымае форму "чыстага", альбо "змяшанага" віду.

У гэтым выпадку мы разглядаем метрычную кнігу як крыніцу змешанага віду, бо з'яўляючыся дакументам царкоўна-прыходскога характару, яна адначасова з'яўлялася і даведкава-статыстычным дакументам. Блізкія па сваёй прыродзе зносіны супольна могуць змешвацца ў дакументазнаўстве ў адзін від дакументаў, што падкрэслівае высокую ролю, ускладзенную дзяржавай на культ.

Варта заўважыць, што царкоўныя кіраўнічыя органы выдавалі ў казённыя палаты спісы памёрлых сялян, што належалі выключэнню з падушнага акладу, ва ўстановы аховы здароўя - спісы дзяцей для прымянення вакцыны супроць воспы. Прычым, як правіла, групавыя спісы фіксавалі толькі мужчынскае насельніцтва - прызыўнікоў, альбо ўласнікаў маёмасці.

Такім чынам, факт вядзення метрычных кнігаў паказвае трансфармацыю дзяржаўна-рэлігійнага светапогляду ў бок удасканалення зносінаў у сістэме дзяржава-культ на карысць дзяржавы.

Між тым, нестабільная палітычная сітуацыя, падзелы Рэчы Паспалітай, частая змена адміністратыўных межаў епархій і месцазнаходжання епархіяльных архіваў прывялі да таго, што вялікая колькасць метрычных кніг была проста фізічна знішчана, а частка была расцярушана па фондах розных установаў.

На нашую думку, шмат метрычных кнігаў каталіцкіх і ўніяцкіх цэркваў былі панішчанымі пасля скасавання царкоўнай уніі, калі ў 1839 годзе па ініцыятыве біскупа Я. Сямашкі былі вынішчаныя тысячы абразоў, дакументаў, кніг, скульптураў. Нажаль, вопісы панішчанай царкоўнай маёмасці не захаваліся.

Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь склаў спіс парафіяў па паветах, метрычныя кнігі якіх захоўваюцца ў архівах (адзіны міжфондавы ўказальнік па стану на 2011 год).

Варта заўважыць, што некаторыя дакументы засталіся на захаванні ў дзейных касцёлах.

Вядома, метрычная кніга магла весціся ў некалькіх асобніках.

У архівазнаўстве ёсць вельмі строгае падзяленне метрычнай кнігі на 2 экзэмпляры: уласна прыходская і кансісторская. Пад кансісторыяй мы разу-меем цэнтральны орган кіравання парафіяй. Асноўным адрозненнем кансісторскага і ўласна прыхадскога экзэмпляру метрычнай кнігі з'яўляецца іх структура.

Кансісторскі экзэмпляр змяшчаў у сабе метрычныя сшыткі аб нараджэнні, шлюбе, смерці за адзін год па ўсіх прыходах парафіі і налічваў прыкладна 1000 аркушоў. Прыходскі экзэмпляр меў структуру іншую і змяшчаў запісы аб нараджэнні, шлюбе, смерці (кожны з гэтых пунктаў вёўся ў асобны сшытак) пэўнага прыходу за некалькі год.

Даследуючы гістарычную крыніцу, варта вызначыць яе сутнасць.

Метрычная кніга - гэта факт, які зацверджае дзейнасць рэлігійнага культу ў межах юрыдычна-прававой сістэмы дзяржавы. Гэты від дакументаў ужо з'яўляецца сутнасцю дзейнасці культу ва ўмовах павышэння ролі дзяржаўнай арганізацыі.

То бок, атрымоўваецца тафталогія - сутнасць з'яўляецца сутнасцю. Але з іншага боку можна пабачыць сутнасць метрычнай кнігі як сістэму, якая замацоўвае нарэшце юрыдычнае на карысць дзяржаўных інтарэсаў, але не культурніцкі-традыцыйнае права хрысціянскай царквы на існаванне ў межах дзяржавы, у якой у сувязі з павышэннем узроўню палітычнай, сацыяльнай, эканамічнай культуры ўзнікае патрэба ў гэтым замацаванні.

Падрабязна вывучыўшы дакументы, змешчаныя ў метрычных кнігах Ішчалнскай парафіі, мы прыйшлі да вываду, што метрычныя кнігі варта вывучаць у комплексе, а не паасобку, бо яны з'яўляюцца комплекснай масавай крыніцай па гісторыі Беларусі і складаюцца з некалькіх частак: у першай частцы ідуць гістарычныя данныя, датычныя парафіі. У нашым выпадку гісторыя пачынаецца 1515 годам. Апошні раз гістарычна-апавядальная частка метрычных кнігаў Ішчалнскай парафіі была перапісаная ў 1936 годзе, але гэта ўдалося вызначыць толькі са словаў мясцовага ксяндза. Ніякіх іншых дадзеных няма. Вядома, гэта ўсё перапісвалася касцельнымі служкамі, найчасцей самім ксендзам, а не гісторыкамі, таму, магчыма, з кожным перапісам з'яўлялася ўсё больш гістарычных памылак і неаб'ектыўнасцей.

Наступнай часткай комплексу з'яўляюцца непасрэдна запісы аб смерці, шлюбе, нараджэнні. Гэтыя кнігі не перапісваліся, таму можна лічыць, што яны змяшчаюць аб'ектыўную інфармацыю. Тым больш, як мы казалі ўжо вышэй, гэтыя запісы, з'яўляючыся культавымі, адначасова станавіліся і юрыдычнымі, таму мы вывучаем афіцыйны юрыдычны дакумент, які не страціў сваёй актуальнасці і на сённяшні дзень. Пад актуальнасцю інфармацыі мы разумеем яе адпаведнасць сацыяльна-культурным працэссам на дадзены момант.

Трэцяй часткай комплексу метрычных кніг з'яўляецца статыстыка па вёсках прыходу аб колькасці душ насельніцтва, дамоў і г.д. Не абавязкова гэтай статыстыцы надаваць афіцыйны, актуальны характар, бо вялася яна, наколькі гэта становіцца зразумела з даследаваннага матэрыялу, на падставе запісаў аб шлюбе, смерці, нараджэнні. З аднаго боку - святары не былі абавязаныя хадзіць па вёсках і перапісваць насельніцтва, але з іншага боку, як мы пісалі вышэй - царкоўныя кіраўнічыя органы выдавалі ў казённыя палаты спісы памёрлых сялян, што належалі выключэнню з падушнага падатку, ва ўстановы аховы здароўя - спісы дзяцей для прымянення вакцыны супроць воспы.

На падставе вышэйнапісанага яшчэ раз падкрэслім, што лічым неабходным разглядаць метрычныя кнігі як комплекс гістарычных крыніцаў змешанага віду, які ў рэтраспектыве выконваў адначасова юрыдычную, статыстычную, рэлігійна-прыходскую функцыі.

Але, што асабліва цікава - афіцыйны юрыдычны дакумент змяшчаў запісы толькі аб культавых абрадах, а не непасрэдна аб факце нараджэння, стварэння сям'і ці аб шлюбе. Значыцца, калі дзіцё нараджалася памёрлым - яно не было ўнесенае ў кнігу. Маюцца факты ахрышчвання дарослых, запісаныя ў метрычных кнігах аб народжаных. Натуральна будзе дадумаць: калі дзіцё нараджалася і памірала да ахрышчвання, яно не патрапляла ў метрыку, бо не знаходзілася ва ўлонні хрысціянскай царквы.

Але ў той жа час нагадаем, што метрычныя кнігі вяліся святаром, і вельмі вялікую ролю ў змесце гэтых дакументаў займае асоба святара, таму зрабіць глабальны вывад аб сукупнасці імфармацыі, якая змяшчаецца ў метрычных кнігах Беларусі, немагчыма.

Так, калі мы будзем разглядаць самую, здаецца пасіўную частку комплексу метрычных кніг - запісы аб нараджэнні, шлюбе, смерці, то, з аднаго боку падаецца, што крыніца недынамічная, аднавобразная, манатонна-рытмічная. Але вывучэнне рытмаў, заканамернасцей, спосабаў гэтых працэсаў на вялікіх перыядах аказваецца ў глыбокай сувязі са значнымі рытмамі гісторыі.

Такім чынам, працяглы запіс статычных дадзеных, якія павольна адлюстроўваюць гістарычныя змены ў вызначанай лакацыі, на вялікім адрэзку часу паказваюць глабальныя зрушэнні, якія зацверджваюць гістарычныя змены.

Але дадзеныя метрычных кнігаў, а непасрэдна часткі, якая датычыцца нараджэння-шлюбу-смерці, трэба выкарыстоўваць у комплексе з іншымі гістарычнымі крыніцамі для таго, каб атрымаць дакладную інфармацыю па лакальнай гісторыі, а таксама па сацыяльнай гісторыі.

Так, для таго каб абгрунтаваць нашую думку, мы звяртаем ўвагу на зусім незначны факт, які цесна звязаны з хрысціянскім канфесіяналізмам у гісторыі Беларусі. У зборніку матэрыялаў "Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі: гісторыя і сучаснасць", прысвечанай 70-годдзю НГАБ, быў надрукаваны артыкул спадара Д.В. Лісейчыкава "Метрычныя кнігі ўніяцкіх цэркваў Беларусі 18 ст.: асаблівасці складання і захавання". З артыкула выцякаюць наступныя высновы: уніяцкія святары вольна валодалі беларускай (старабеларускай) мовай, бо пэўны час вялі метрычныя кнігі толькі па-старабеларуску, прычым імёны народжаных пісаліся на беларускі манер: Паўлюк, Змітрок, Пятрусь і г.д. І толькі пасля ўвядзення санкцый з боку ўраду Расейскай імперыі, службоўцы ўніяцкага культу пачалі весці метрыкі на польскай\расейскай мовах.

Вядома, што небяспечнай перашкодай на шляху расеізацыі беларусаў з'яўлялася Ўніяцкая царква, якая вылучала іх сярод палякаў і расейцаў. Грэка-католікі складалі каля 80% беларускіх хрысціянаў.

Расейскі ўзор праваслаўя ўсталёўваўся на Беларусі праз знішчэнне ўніяцтва [15, c. 90], а, па сутнасці - праз вынішчэнне ўсяго беларускага.

Варта прыгадаць цытаты Віленскага генерал-губернатара М.М. Мураўёва, больш вядомага па мянушках "вешальнік" і "людаед": "Что не доделал русский штык - доделает русская школа".

"В Северо-Западном крае так называемую мову необходимо свести на ничто, потому что если этого не сделать, она постоянно будет инспирировать мысль об отдельном белорусском народе и о праве этого народа на этничную самостоятельность и национально-государственную суверенность, чего допустить нельзя..."

Улічваючы тое, што вядзенне метрычных кнігаў і правілы вядзення было замацаванае за святарамі законамі цывільнага, а не рэлігійнага ўраду, можам яшчэ раз падкрэсліць моцныя беларусафобскія настроі ў Расейскай імперыі.

Нават у такой досыць апалітычнай плыні, як рэлігія, Расейскай імперыя мусіла не дапусціць распаўсюду прабеларушчыны, бо беларушчына вяла беларускі народ да незалежнасці.

Магчыма, гэты невялікі набор інфармацыі, выцягнуты з метрычных кнігаў, дапоўнены іншымі крыніцамі па гісторыі Беларусі падаецца вельмі тэндэнцыйным, але з іншага боку - права на жыццё гэтай тэндэнцыі даказаная гістарычнымі даследваннямі і шматлікімі фактамі.

ПАРАФІЯЛЬНАЕ ЖЫЦЦЁ ІШЧАЛНСКАЙ ПАРАФІІ ПАВОДЛЕ МЕТРЫЧНЫХ КНІГАЎ

Дадзеныя, ранейшыя за 1714 год аб Ішчалне вельмі ўмоўныя з прычынаў пажару, які панішчыў большую частку дакументаў, у тым ліку метрычных кніг, інвентароў, нарысаў. Большая частка рэестраў, дакументаў па Ішчалнскай парафіі па стане на 1936 год знаходзілася ў архіве ўніверсітэта Стэфана Баторыя ў Вільні. Месцазнаходжанне рэестраў на дадзены момант невядомае.

У XVІ стагоддзі Ішчалнскія землі належалі роду Давойнаў, якія прадалі іх у пачатку XVII стагоддзя Лімантам. У XVIII ст. маёнтак перайшоў да Валоў.

Парафія Ішчалнская паўстала ў 1515 годзе з пабудовы драўлянага касцёла Святой Троіцы на грошы, выдзеленыя Андрэем Давойнай, Шчучынскім старастам. Гэтыя дадзеныя мы можам атрымаць з рэестру 18 стагоддзя, таму іх дакладнасць праверыць цяжка. У 1708 годзе Якуб Пракаповіч, пробашч Ішчалнскі, адбудоўвае касцёл нанова ў камені. Цалкам ён быў адрэстаўраваны ў перыяд з 1755 па 1761 гг. Пад скляпеннямі касцёла захаваліся гербы фундатараў, якія з'яўляюцца карысным матэрыялам для вывучэння генеалогіі. Вопіс касцёла датуе змяшчэнне гербаў пад скляпеннямі 1758 годам.

У Ішчалнскім касцёле на сённяшні момант добра захаваліся гіпсавыя фігуры і барэльефы, датаваныя XVIII стагоддзем.

Значная частка дробнай шляхты Ішчалнскай парафіі паходзіць з Мазовіі і Падлесся, пераселеная на гэтыя тэрыторыі па Люблінскай уніі ў пошуку таннай малазаселенай зямлі з мэтай пашырыць свае тэрыторыі. На справе ж дзяленне зямлі на роўныя долі паміж усімі дзецьмі шляхціца вяло да працэсу адваротнага.

На тэрыторыі Ішчлнскай парафіі Лідскага павету распаўсюджвалася ўлада наступных маршалкаў павятовых:

1. Аляксандар Остык-Нарбут (1798 - 1816);

2. Ігнацы Скіндэр (1816 - 1819);

3. Антоні Скіндэр (1819 - 1824);

4. Ігнацы Скіндэр (1824 - 1827)

5. Рамуальд Кастравіцкі (1827 - 1830, 1839 - 1844);

6. Антоні Скарбэк-Важынскі (1831 - 1834);

7. Граф Путкамер (1847 - 1849);

8. Юзаф Марачэўскі (1850 - 1855);

9. Стэфан Буткевіч (1855 - 1874);

10. Чапялеўскі (1877 - 1891);

11. Людвік Грабоўскі (1914 - 1915).

Пачатковай школы ў парафіі не было ажно да ХХ стагоддзя. У гэтым выпадку важную функцыі выконваў касцёл, пры якім былі арганізаваныя абавязковыя курсы чытання і пісання для шляхецкіх дзяцей. Але справа навучання была непапулярнай, таму навукі пры касцёле перасталі вывучаць яшчэ перад упадкам Рэчы Паспалітай. Пасля Першай Сусветнай вайны была арганізавана вучэльня з 3-гадовым тэрмінам навучання.

З 1515 года Ішчалнскі двор збіраў па ... жыта з валокі на карысць касцёла.

Граматай 1573 году жыхары Ішчалнскай парафіі былі абкладзеныя падаткам у 20 грошаў ад валокі, жыта і аўсу па курсе адзіным і 20 яек. Узамен за гэтае пробашч касцельны меўся адспяваць за іх 3 імшы на тыдзень - першая за адпушчэнне ўласных грахоў, другая за адпушчэнне грахоў сваякоў, трэцяя ў хвалу Бога.

У 1637 годзе каталіцкі касцёл яшчэ больш узмацніў свой уплыў на прыход і атрымаў 4 валокі ўрадлівай зямлі каля Ішчалны.

Але паступова ў канцы 18 стагоддзя дакумент быў скасаваны, і мясцовыя жыхары перасталі плаціць царкоўную дзесяціну. Прычыны гэтага не называюцца.

Справы фундацыі былі ўрэгуляваныя палюбоўна ў 1788 годзе. Ішчалнскі двор быў абавязаны цяпер плаціць на карысць касцёла 150 злотых і 20 пудоў воску, а таксама прадставіць вольны памол на Ішчалнскім млыне ў дзень святога Юрыя.

Захаваліся інвентары 1763 і 1780 года, паводле якіх былі вызначаныя межы Ішчалнскай парафіі:

1. Двор Ішчалнскі з мястэчкам Ішчална, вёскамі Жырмуны, Вялікія і Малыя Баяры, Масёўцы, якія былі падначаленыя Юзафу Валу.

2. Двор Вялікае Мажэйкава, які належаў Хадкевічу, старасце жмудскаму, з вёскамі.

3. Двор Малое Мажэйкава, падначалены Кастравіцкім з прылеглымі вёскамі.

4. Двор Косцянковічы Станіслава Александровіча з вёскамі Вялікая Весь, Каробкі, Красно, Лелюкоўцы, Свірыды і фальваркам Станіславава.

5. Двор Гернікі Юзафа Юбялевіча, чашніка павету Лідскага з вёскай Пільчукі.

6. Двор Зайкаўшчына з вёскай Зайкаўшчына.

7. Шарнаўшчына з прылеглымі вёскамі.

8. Вёскі Сцяпанава, Казарэзы, Гернікі, Лагодныя Мыты.

9. Вёскі Юцікоўцы, Ялашоўцы, Мацёўцы.

На гэты момант налічваецца прыблізна 1350 душаў лацінскага веравызнання.

Агульная колькасць жыхароў парафіі па стане на 1780 год налічвала 1500 чалавек.

Паступова парафія страціла частку земляў і прыходу.

Але ўжо па стане на 1930 год "Wykaz miejscowosci Parafii Isszczolnskiej" дае нам падрабязнае апісанне мясцовасці і колькасці насельніцтва. Агульнай колькасцю на 1930 год у склад Ішчалнскай парафіі ўваходзіла 64 вёскі, фальваркі, маёнткі, засценкі. Буйнейшымі з іх з'яўляліся Мацёўцы (291 чалавек), Кермяны (259 чалавек), Дамоўцы (каля 280 чалавек), Ішчална (225 чалавек), Юцёўцы (230 чалавек), Агароднікі (каля 200 чалавек).

Агулам налічвалася 22 вёскі, 2 маёнткі, 3 мястэчкі, 35 засценкаў і фальваркаў і адна ваколіца.

Адметна тое, што католікі складалі 97,5 адсоткаў насельніцтва парафіі. Праваслаўных было 100 чалавек, альбо прыблізна 2,4 адсоткі. Незначную частку складалі габрэі.

Як вынікае з даўнейшых метрык, мясцовыя могілкі знаходзіліся ў полі паміж вёскамі. Апроч таго побач з касцёлам на валоках мясцовых жыхароў Крукоўскага і Бальцэвіча напачатку ХХ стагоддзя былі знойдзеныя парэшткі магільных плітаў з надпісамі, разабраць якія, па ўсёй бачнасці, не ўдалося. Апроч таго ў Старых Васілішках знаходзіцца родавы склеп …сhockiсh - валадароў Малога Мажэйкава. Побач з самім касцёлам знойдзеная пліта Грабоўскага, склеп Варжынскіх, Былінскіх.

Што датычна мясцовых традыцый, то аўтары "Нарысу аб парафіі Ішчалнскай" адзначаюць, што захаваліся арыгінальныя пахавальныя абрады, спевы, якія, тым не менш, хутка зніклі. Апісання гэтых абрадаў і таго, чым яны адметныя, нажаль няма.

Старэйшыя Ішчалнскія метрыкі і інвентары сведчаць аб тым, што падчас Паўночнай вайны ў Ішчалне стаялі шведы. Некаторыя імёны і прозвішчы прыведзеныя ў інвентарах за 1717 год, дзе ўзгадваецца разбіццё шведаў пад Жалудком у 1708 г. Таксама падаюцца звесткі аб тым, што ў Жалудоцкім лагеры быў сам Карл ХІІ. Па стане на 1936 год на скрыжаванні Шчучынскага тракту і Жалудокскай дарогі знаходзілася месца, выдзеленае валам, за якім знаходзіліся шведскія магілы.

У перыяд канчатковага заняпаду Рэчы Паспалітай парафія і парафіяльны касцёл пацярпелі ад суседзяў. У 1730-1750 пад час кіравання кс. Мразоўскага быў разбураны двор Жалудокскі, які ўваходзіў у склад парафіі і належаў валадарам Ішчалны, гвалтам адабраная частка касцельных земляў.

У далейшым на парафіяльныя землі прэтэндаваў пан Юбялевіч, валадар Гернік.

У 18 стагоддзі Ішчалнская парафія пабачыла негатыўныя вынікі паўстання Тадэвуша Касцюшкі. Атрады Хлявінскага забралі касцельнае срэбра, 2 срэбныя кароны і аклад з абраза Маці Божай. Наогул жа можна гаварыць аб існаванні вялікай канцэнтрацыі партызанаў пад Ішчалнай.

Паводле інвентара 1820 года ў парафіі былі сканфіскаваныя наступныя землі:

- Фальварак, абшарам 4 валок, 16 гектараў зямлі ворнай, 3 валокі лесу, 8 пашаў і іншыя землі;

- Зямлі ў Ялашоўцах 9 валокаў, у Юцёўцах 9 валокаў, у Масёўцах 5 валокаў.

У суме парафія збяднела на 29 валокаў зямлі.

Падданыя абавязаныя былі плаціць па 3 злотыя чыншу з душы, адрабляць па 3 дні ад валокі.

Падчас Напалеонаўскай вайны Ішчалнская парафія пабачыла перамогу расейскага войска над беларускімі палкамі ў Ішчалнскім лесе.

У 1844 годзе касцельны маёнтак быў сканфіскаваны Расейскім урадам.

Пасля задушэння паўстання Кастуся Каліноўскага агульнай колькасцю ў Лідскім павеце было зачынена 30 касцёлаў, Ішчалнскі пазбегнуў гэтага.

У 1905 годзе па ініцыятыве Міхала Верашчакі пачалася рэканструкцыя капліцы.

Падчас знаходжання немцаў на тэрыторыі Ішчалны ў перыяд Першай Сусветнай вайны здарыўся пажар, у якім загінула вялікая колькасць касцельнага абсталявання, а таксама палац і некалькі гаспадарчых будынкаў. Нямецкія жаўнеры кватаравалі наўпрост у сценах Ішчалнскага касцёла. У час іх знаходжання там быў знішчаны арган, усё аздабленне і шмат важных дакументаў.

Па прыходзе саветаў на тэрыторыю парафіі "bialoruszczyzna znikla, a polska mowa tak okropnie przez moskali przesladowana, zajenla swe naczelne stanowisko w domach katolickich".

А ў "Нарысе аб парафіі Ішчалнскай" наогул зазначаецца, што русіфікацыя школы пачалася да пачатку Першай Сусветнай вайны. Так, існавалі дзве "русіфікацыйныя граматы" якія дзейнічалі на школы ў Скрыбаўцах і Агародніках.

Неаднаразова на парафію находзілі эпідэміі хваробаў, аднак больш дакладныя дадзеныя знайсці ў дакументах немагчыма. Вядома, што найбольшую шкоду колькасці жыхароў нанеслі эпідэміі гішпанкі і халеры.

Галоўнымі відамі дзейнасці насельніцтва парафіі была апрацоўка лесу ў лясніцтве, а таксама абпал цэглы. Непасрэдна ў маёнтку Ішчолна рабілі негашаную вапну, таксама здабывалі чорную гліну. Хатні промысел прадстаўлены вырабам сукна і ўсемагчымых драўляных прыстасаванняў. Прычым у вопісе Ішчалнскай парафіі адзначана, што ў межах парафіі пасля Першай Сусветнай жыў толькі адзін габрэй, які займаўся гандлем. Адносіны польскага і беларускага насельніцтва з габрэямі былі напружаныя. Аб гэтым сведчыць Г. Баярунец, які прыводзіць факты вострай непрыязні габрэйскага насельніцтва да польскіх і беларускіх католікоў пад час "Вайны з бальшавікамі" (трэба разумець - пад гэтым маецца на ўвазе польска-савецкі канфлікт). Але і з боку Баярунца ў дзённіках маюцца намёкі на антысемізм.

Са смерцю ўладальніцы Ішчалны Марыі Важырынскай, маёнтак Ішчална быў падзелены паміж прадстаўнікамі роду Ляшковічаў.

У 1932 годзе мяшканец з парафіі Ішчалнскай Ігнат Богач аднавіў крыж, які пацярпеў падчас Першай Сусветнай, у вёсцы Цвермы. Гэты факт прымячальны тым, што дэкан каталіцкай царквы ў Лідскім павеце, ксёндз Гіпаліт Баярунец у сваіх дзённіках нават прыводзіць спіс людзей, якія паводле ягоных звестак вылячыліся ад хваробы, памаліўшыся пад гэтым крыжам.

Згодна са статыстычнымі звесткамі Лідскі павет у 18-19 стагоддзях налічваў 10% шляхты ад агульнай колькасці жыхароў.

У асноўным гэтыя роды з'яўляюцца дробнай засцянковай шляхтай, якая мела ў сваім кіраванні невялікія надзелы. Усяго налічвалася 52 шляхецкія сям'і. 35 з іх мелі права на герб, 17, адпаведна, былі бязгербавай шляхтай.

Варта нагадаць правы і вольнасці шляхты:

1. Права займаць пасады земскія.

2. Недатыкальнасць шляхецкага дому.

3. Вызваленне ад абавязку аплаты падаткаў за землі фальварковыя.

4. Вызваленне ад падаткаў.

5. Права набываць соль па зніжках.

6. Права прапінацыі.

7. Палітычныя правы.

Правы і вольнасці мелі наступныя роды: Маражынскі (гербу Мора), Нацэвіч (гербу Ліс), Малахоўскі (гербу Наліч), Марцінкевіч (гербу Лебедзь), Міхалоўскі (гербу Ясеньчык), Ляшкевіч (гербу Лескі), Лукашэвіч (гербу Лук), Мацеевіч (гербу Багорыя), Крыжынскі (гербу Радван), Кандратовіч (гербу Сыракомля), Кастравіцкі (гербу Байбуза), Кавалеўскі (гербу Прус), Казакоўскі (гербу Козел), Казырскі (гербу Любіч), Краснік (гербу Праўдзіц), Крукоўскі (гербу Грыф), Крыдэль (гербу Адсеча), Кулікоўскі (гербу Драгамір), Курыла (гербу уласнага - Курыла), Кандыба (гербу Парай), Янкоўскі (гербу Ястрабец), Юрэвіч (гербу Слепаворан), Гаўрылькевіч (гербу Буртаўт), Гаеўскі (гербу Астоя), Горскі (гербу Налеч), Грабоўскі (гербу Окша), Былінскі (гербу Ладдзя), Бердаўскі (гербу Слепаворан), Бялінскі (гербу Равіч), Жыжка (гербу Даленга), Свяціцкі (гербу Крыўда), Сакалоўскі (гербу Кораб), Тубялевіч (гербу Буйвалава Галава), Тубілевіч (гербу Крыўда).

Як паказвае фактычны матэрыял, у асноўным гэта сацыяльна пасіўнае насельніцтва. Так, у спісах шляхты, рэпрэсаванай пасля паўстання 1863 году, маюцца толькі два прозвішчы, датычныя да Ішчалнскай парафіі:

51. Гаеўскі Вінцэнт (з маёнтка Ішчална).

263. Фалькоўскі Адам (ксёндз-пробашч, гадоў 53, з м. Ішчална, расстраляны ў Лідзе) [32, c. 51].

У Беларусі за паўстанне 1853 года былі канфіскаваныя 1794 сядзібы (да 31 студзеня 1864 года толькі ў Віленскай губерні па выраку суда былі канфіскаваны 162 маёнткі). З Ішчалнскай парафіі - фальварак Гернікі за ўдзел яго ўладальніка ў паўстанні Кастуся Каліноўскага. Нажаль, імя ўладальніка не запісанае ў "Нарысе…", але з перапісу "Wykaz alfabetyczny z 1844 r. majantkow pow. Lidzkiego" вынікае, што ім мог быць Нікадзім Тубілевіч гербу Крыўда. На месцы фальварка Гернікі паўстала вёска з тым жа найменнем.

Паступова пасля адмены прыгоннага права знікла мястэчка Ішчална.

Вышэй абазначаная асоба Адама Фалькоўскага заслугоўвае асаблівай увагі. Фактычна, гэты чалавек стаў адным з сімвалаў мясцовага паўстання 1863 года, не прыняўшы ўдзелу ў баявых дзеяннях.

Фалькоўскі заклаў першае ў гісторыі Ішчалнскай парафіі брацтва з назвай "Брацтва ў гонар Святой Троіцы". Падчас паўстання Кастуся Каліноўскага расейскі рэжым ліквідаваў яго. Але яно працягвала дзейнічаць падпольна.

Вось што пісаў ксёнз Гіпаліт Баярунец у сваім дзённіку аб Фалькоўскім: "У 1919 годзе яшчэ жылі людзі, якія памятавалі гэтае крывавае здарэнне, і яны мне расказвалі, што каля шасці гадзін раніцы светлай памяці ксёндз Адам Фалькоўскі ішоў на месца пакарання засяроджаны і чытаў малітвы. Яго прывялі з Лідскай турмы да месца, дзе была выкапана яма і падрыхтавана свежая вапна ў вялікай бочцы. Яму зачыталі смяротны прыгавор, пасля чаго прывязалі да слупа і завязалі вочы. Грымнуў залп з казацкіх карабінаў... Цела ўкінулі без труны ў магілу, залілі вапнай і закапалі. Эскадрон казакаў на конях зацёр яе след.

Людзі, якія прысутнічалі на месцы пакутнай смерці ксяндза, пасля абклалі магілу каменнямі. Паліцыя шмат разоў раскідвала тыя камяні, але заўсёды знаходзіліся тыя, хто вяртаў іх на месца.

У 1919 годзе лідскія чыгуначнікі вырашылі ўшанаваць магілу ксяндза і паставіць помнік. З жалезных трубаў чыгуначнік Стэфан Лоўкіс зрабіў крыж і падрыхтаваў цэмент для яго ўстаноўкі. Патрэбна было адшукаць магілу. Сведкі далёкіх падзей сталі на тыя самыя месцы, як у 1863 годзе, і на скрыжаванні ліній магіла была знойдзена. Пры капанні ямы пад фундамент помніка натрапілі на камяні, а глыбей - на вапну, што дало падставу меркаваць: гэта месца пахавання ксяндза."

Чыгуначнікі залілі фундамент з бетону на метр над зямлёй і ўстанавілі жалезны крыж без надпісу. 3 мая 1919 года помнік асвяціў лідскі дэкан, ксёндз Баярунец у прысутнасці дзяржаўных улад на чале з лідскім старастам Станіславам Здановічам, а ўсіх вернікаў з Ліды і ваколіц было каля 15 тысяч.

Разгледзеўшы праблемы захавання метрычных кніг на прыкладзе дакументаў Ішчалнскай парафіі, можна канчаткова заявіць аб неабходнасці вяртання гэтага комплексу крыніцаў па гісторыі Беларусі ў дзейныя культавыя ўстановы.

Кожны дакумент, з'яўляючыся прадуктам прычынна-выніковых сувязяў, захоўвае сваё генетычнае адзінства з гістарычнай рэальнасцю, якая яго стварыла. Сэнс жыцця дакумента ў архіве заключаецца ў патэнцыйнай магчымасці гістарычнай рэканструкцыі падзеяў і фактаў, якія сталі прычынай яго з'яўлення. Менавіта з гэтай прычыны важна захаваць дакумент у кантэксце рэаліяў мінулага, паблізу ад тэрыторыяў яго паходжання. Неабгрунтаванае штучнае аддаленне дакумента ад гістарычнай тэрыторыі разрывае сувязь з дакументным кантэкстам, зніжае яго патэнцыял, прыбядняе культурны фонд тэрыторыі. Касцёл з'яўляецца лепшым месцам захавання архіўных культавых дакументаў.

Сухое архіўнае выкарыстанне метрычных кніг у генеалагічным плане без выкарыстання дапаможных крыніцаў у выглядзе кліравых ведамасцяў, касцельных інвентароў, гросбухаў, нарысаў і вопісаў з'яўляецца нелагічным і неэфектыўным выкарыстаннем крыніцы. Практычна, метрыка ўтрымоўвае вялікую колькасць інфармацыі, да якой прымяняльныя матэматычныя метады даследвання. Даныя метрычных кнігаў у абавязковым парадку вартыя да ўвядзення іх у шырокае навуковае даследванне ў сінтэзе з іншымі крыніцамі па гісторыі Беларусі.

"Opis Parafii Iszczolnskiej", арыгінал якога на дадзены момант знаходзіцца ў архіве дзейнага касцёла Святой Троіцы з'яўляецца карыснай крыніцай па лакальнай гісторыі і змяшчае ў сабе інфармацыйныя блокі, выцягнутыя з метрычных кнігаў, касцельных інвентароў, кліравых ведамасцяў, рэестраў. Фактычна, гэты матэрыял абагульняе і сістэматызуе дадзеныя аб парафіі за 5 стагоддзяў. Сінтэзуючы гэты матэрыял з такім мемуарным творам, як "Zapisy o Krzyzy i Kaplicy w Cwiermah" Гіпаліта Баярунца, мы атрымоўваем карысныя звесткі па краязнаўстве і лакальнай культавай гісторыі.

Такім чынам, даследваўшы дакументы, якія датычныя метрычных кнігаў Ішчалнскай парафіі, мы можам сказаць аб неабходнасці коплекснага вывучэння гэтых крыніцаў, а таксама аб патрэбе ва ўключэнні ў фонды метрык нарысаў, кліравых ведамасцяў, інвентароў такім чынам, якім яны ўключаныя ў "Нарыс аб парафіі Ішчалнскай".

СПIC КРЫНIЦ I ЛIТАРАТУРЫ:

1. Антонов Д.Н., Антонова И.А. Метрические книги России XVIII - начала ХХ / Д.Н. Антонов, И.А. Антонова. - М.: РГГУ, 2006. - 194 с.

2. Антонов Д. Н. Метрические книги: историко-архивоведческий взгляд // Вестник архивиста. 1993. № 6 (18). с. 92-96

3. Антонов Д.Н., Антонова И.А. Метрические книги: время собирать камни // Отечественные архивы. 1996, № 4. с. 15-28

4. Метрические книги // Энциклопедический словарь изд. Ф.А. Броугауз, И.А. Ефрон : В 86 т. / Под ред. И.Е.Андреевского. - СПб. : Фирма "Полрадис" : АООТ "Иван Федоров", 1993, т. 26- с. 413-416.

5. Паноў С. В. Матэрыялы па гісторыі Беларусі; пад навук. рэд. М. С. Сташкевіча, Г. Я. Галенчанкі. - Мн.: "Аверсэв", 2003. 140 с.

6. Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый). Вучэбн. дапаможнік / В. І. Галубовіч, З. В. Шыбека, Д. М. Чаркасаў і інш.; Пад рэд. В. І. Галубовіча і Ю. М. Бохана. - Мн.: Экаперспектыва, 2005. с. 257

7. Белазаровіч В. А. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі: вучэб. дапаможнік; Установа Адукацыі "Гродзенскі Дзярж. Ун-т імя Я.Купалы". - Гродна : ГрДУ, 2006. 133 с.

8. Мікола Каліновіч. Генацыд пачынаецца з вынішчэння мовы Літаратурная Беларусь, № 6(44) 25 чэрвеня 2010, стар. 9

9. Лісейчыкаў Д. В. Штодзённае жыццё ўніяцкага парафіяльнага святара беларуска-літоўскіх зямель 1720-1839 гг. / Д.В. Лісейчыкаў - Мн., Медисонт 2011.

10. Лісейчыкаў Д.В. Метрычныя кнігі уніяцкіх цэркваў Беларусі XVIII ст.: асаблівасці складання і захавання // Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі : гісторыя і сучаснасць: матэрыялы юбілейнай навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай 70-годдзю Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі (Мінск, 8 ліпеня 2008 г.), Мн., 2008, с. 173-181

11. Суднік Станіслаў. Валеры Антоні Урублеўскі - генерал Парыжскай Камуны 1871 г. // Лідскі летапісец №1 (37) 2007, стар. 30-39.

12. Метрические книги с. Введенское Челябинского уезда 1873 год [Электронный ресурс] - с. Введенское Челябинского уезда, 1873, URL: http://www.libinfo.org/index.php?dir1=07&dir2=&dir3= (дата обращения 29.03.2012).

13. Беларусы. Этнагеаграфія, дэмаграфія, дыяспара, канфесіі пад рэд. Бандарчык В.К., Пейхвассэр В.М., Саўчэня А.В., Свірская К.В. / Фонд дакументальных даследаванняў Рэспублікі Беларусь, Беларускі фонд Сораса, Праграма "Абнаўленне гуманітарнай адукацыі", Мн. 1996 - 32 стар.

14. Рэлігія і царква на Беларусі пад рэд. Пашкова Г.П. / БелЭн, Мн., 2001 - 368 стар.

15. Найясьнейшая Рэч Паспалітая пад рэд. Дзярновіча А. / Кнігарня Наша Ніва, Менск, 2007, 346 стр.

16. Malewski Czeslaw. Wykaz alfabetyczny z 1844 majatkow pow. Lidzkiego // Ziemia Lidzka № 2 (60) Kwiecien 2004, s. 31 - 46.

17. Каштанов С.М. Русская дипломатика / С.М. Каштанов - М.: Высшая школа, 1988 - 232 с.

18. Латышева, В. А. Переписи населения 1897 и 1926 гг.: признаки национального самоопределения белорусов / В. А. Латышева // Крынiцазнаўства i спецыяльныя гiстарычныя дысцыплiны: навук. зб. Вып. 5 / Рэдкал. У. Н. Сiдарцоў (адк. рэд.), С.М. Ходзін (нам. адк. рэд.) [i iнш.] - Мн: БГУ, 2009. - с. 134-142

19. Panuceviс Vaclau. Sviaty Jazafat / V. Panucevic - Chicago, 1963 - 232 s.

20. Kronika Kosciola Katolickiego na Litwie [Wydano staraniem E.G.] - Bialystok, Nowy Swiat, 170 s.

21. Sosna Grzegorz, Fionik Doroteusz Orla na Podlasiu. Dzieje Cerkwi, miasta i okolic / G. Sosna, D. Fionik - Bielsk Podlaski - Ryboly - Bialystok, Bialoruskie Towarzystwo Historyczne - 196 s.

22. Opis Parafii Iszczolnskiej / Архіў касцёла Святой Троіцы, в. Ішчална, 64 с.

23. Boyarunets Hippolyte. Zapisy o Krzyzy i Kaplicy w Cwiermah / H. Boyarunets - Lida, Архіў касцёла Святой Троіцы, в. Ішчална, 50 с.

24. Указ от 20 сентября 1944 года "Об образовании Бобруйской, Гродненской и Полоцкой областей в составе Белорусской ССР" // Сборник законов СССР и указов Президиума Верховного Совета СССР. 1938 г. - июль 1956 г / под ред. к. ю. н. Мандельштам Ю. И. - Москва: Государственное издательство юридической литературы, 1956. - с. 56

25. Насевіч В., Міхальчанка А. Вяртанне архіўных дакументаў на гістарычную Радзіму ў сучасных умовах // Рэстытуцыя культурных каштоў-насцей: праблемы вяртання і сумеснага выкарыстання (юрыдычныя, навуковыя і маральныя аспекты): Матэрыялы Міжнароднай навуковай канферэнцыі, якая адбылася ў Мінску 19-20 чэрвеня 1997 г., Мінск, 1997, стар. 71 - 78.

26. Елпатьевский, А.В. К истории документирования актов гражданского состояния в России и СССР (с XVIII в. по настоящее время) / А.В. Елпатьевский // Актовое источниковедение: сб. статей / АН СССР. Ин-т истории. - М.: Наука, 1979. - с. 55 - 84.

27. Единый межфондовый указатель метрических книг костёлов, хранящихся в Национальном историческом архиве Беларуси в г. Гродно [Электронный ресурс], URL: http://archives.gov.by/index.phplid=360168 (дата обращения 29.03.2012)

28. Шумейко М.Ф., Козак К.И., Селеменев В.Д. Архивоведение Беларуси. Учебное пособие для студентов исторических факультетов вузов. В 2 ч. Мн.: Изд. Центр РИВШ, 1998. - Ч.1-История и организация архивного дела. - 216 с.

29. Метрычныя кнігі Ішчалнскага касцёлу Святой Троіцы за 1714 год - архіў касцёла Святой Троіцы в. Ішчална.

30. Метрычныя кнігі Ішчалнскага касцёлу Святой Троіцы за 1827 год - архіў касцёла Святой Троіцы в. Ішчална.

31. Lawrysz Leon. Kosciol greko-katolicki w Lidzie i Ziemi Lidzkiej // Zemia Lidzka № 1(44) Styczen 2001 r., s. 54 - 59.

32. Malewski Czeslaw. Wykaz osob wiezionych, przesladowanych i zeslanych z powiatu lidzkiego // Zemia Lidzka № 3 (55) Lipec 2003, s. 37 - 75.

33. Ciechanowicz Lech Rozwoj liczby ludnosci miasta Lidy // Zemia Lidzka № 3 (46) Sierpien 2001, s. 64 - 67.

34. Malewski Czeslaw. Rody szlacheckie w powiecie lidzkim na Litwie w XIX wieku // Zemia Lidzka №№ 3 (61) Cierwiec 2004, 2 (90) Czerwiec 2009, 1 (89) Marzec 2009, 4 (74) Sierpien 2006, 3 (73) Czerwiec 2006, 2 (72) Kwiecien 2006, 1 (71) Luty 2006, 6 (70) Grudzien 2005, 5 (69) Pazdiernik 2005, 4 (68) Sierpien 2005, 3 (67) Czerwiec 2005, 1 (65) Luty 2005, 5 (63) Pazdziernik 2004, 4(62) Sierpien 2004, 5 (87) Pazdziernik 2008, 2 (84) Kwiecien 2008, 6 (88) Grudzien 2008, 4 (86) Sierpien 2008, 3(85) Czerwiec 2008, 1 (83) Luty 2008.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX