Фарны касцёл, касцёл Піяраў, Кармеліцкі касцёл
Расейскі афіцэр В. Любарскі, які перад паўстаннем у 1862 г. служыў у Лідзе, у сваіх мемуарах пісаў пра тры лідскія касцёлы: "У Лідзе, якая налічвала ў той час дзве з невялікім тысячы жыхароў, былі тры велічэзныя мураваныя касцёлы выдатнай архітэктуры, якія высока і ганарліва ўздымалі да неба свае прыгожыя шпіцы. Адзін з іх стаяў пусты, за непатрэбнасцю, бо вернікаў на ўсе касцёлы бракавала" [1] . Пустымі стаялі два з трох: касцёл кляштара Піяраў пасля пажару 1842 г. і касцёл Кармеліцкага кляштара, зачынены пасля паўстання 1831 г. і перададзены спачатку ўніятам, а пасля ліквідацыі уніі, стаўшы праваслаўным. Пра гісторыю трох лідскіх касцёлаў і будзе гэты артыкул.
Гісторыя Ліды сягае ў глыб стагоддзяў. Звесткі пра час узнікнення Ліды супярэчлівыя. Тодар Нарбут пісаў у сваёй "Старажытнай гісторыі літоўскага народа" аб княстве Дайнава і заснаванні Ліды ў 1180 г. [2] Найбольш праўдападобнай датай з'яўляецца 1323 г. - пачатак будаўніцтва вялікім князем ВКЛ Гедымінам (1316-1341 г.) Лідскага замка, вакол якога паступова вырас горад [3]. На працягу 1323-1328 г. Гедымін пабудаваў каля балцкага паселішча Ліда, заснаванага паміж Х-ХІІ ст., магутны мураваны замак з сотняй байніц і чатырохпавярховай вежай. З 30-х г. XIV ст. Ліда пачынае фігураваць у кантэксце розных падзей на старонках летапісаў і хронік Вялікага Княства Літоўскага [4]. Такім чынам, Ліда ўпершыню згадваецца ў адзін год са сталіцай дзяржавы Вільняй, і большасцю яе насельнікаў былі язычнікі.
Каля магутнага замка расце горад, і ў ім паступова распаўсюджваецца хрысціянства. У першай палове XIV ст. горад, у першую чаргу дзякуючы замку, з'яўляўся адным з рэгіянальных ваенна-адміністрацыйных цэнтраў ВКЛ. Ліда становіцца цэнтрам намесніцтва, вядомага з 1382 г., а потым і павета ў складзе Віленскага ваяводства. Павет меў сваю харугву чырвонага колеру з выявай Пагоні [5]. Пасля Крэўскай уніі 1385 г. Ліда аказалася важным, бліжэйшым да Вільні населеным пунктам, каля якога ляжаў шлях ад сталіцы ВКЛ да польскай сталіцы Кракава. Такое геаграфічнае размяшчэнне Ліды, разам з наяўнасцю добра ўмацаванага і да таго ж досыць камфартабельнага замкавага комплексу еўрапейскага тыпу, зрабіла горад месцам прыпынку Ягайлы ў яго частых паездках. Тут адбываліся важныя для абедзвюх дзяржаў сустрэчы, перамовы, урачыстасці [6]. Усё гэта вабіла ў Ліду і хрысціянскіх місіянераў з захаду.
Пачатак каталіцтва ў Лідзе адносіцца да часоў княжання Альгерда. Адзін з літоўскіх вяльможаў, Гаштольд, прыняўшы рыма-каталіцкую веру, узяў пад сваё заступніцтва манахаў ордэна Св. Францішка і пабудаваў для іх манастыр ў Вільні [7]. У 1366 г. тры францішканцы прыбылі ў ВКЛ з Польшчы, каб распаўсюджваць тут хрысціянскую веру, і пасяліліся ў Лідзе. Праз тры гады місіянераў забілі паганцы. Але новыя браты-францішканцы прыйшлі ў Ліду. Над магілай сваіх папярэднікаў яны пабудавалі капліцу, пры якой і пасяліліся. Лідскім старастам тады быў хрысціянін Даўгерд. У 1376 г. колькасць місіянераў павялічылася да 9 манахаў. Крыніцы паведамляюць, што яны прывезлі з сабой з Візны абраз Маці Божай [8]. Але ж вядома, што ў Візне ніколі не было францішканцаў, а ў той час не было нават касцёла, каталіцкая парафія там з'явілася толькі ў 1390 г. [9] Такім чынам, з 1360-х г. у Лідзе існавала францішканская місія. Горад згадваецца ў фундушавым дакуменце 1397 г., дадзеным францішканцам [10].
Новы этап хрысціянскай гісторыі Лідчыны пачынаецца з заключэння ў 1385 г. Крэўскай уніі. Ёсць звесткі, што ў горадзе адбылася выдача дзяржаўных грамат, звязаных з хрышчэннем Літвы [11]. У 1387 г. была створана Віленская рымска-каталіцкая епархія. Ва ўласнасць епархіі вялікі князь перадаў воласць Дуброўня каля Ліды [12].
У 1387 г. Ягайла заклаў у Лідзе адзін з першых касцёлаў у ВКЛ. Ён перадаў яму вёску, якая зараз называецца Плябанцы, і даход з нейкай іншай воласці. Так сама Ягайла надаў зямлю "на 6 сох", 3 пляцы, лугі і корчмы, дзесяціну з усёй каралеўскай маёмасці ў Лідскім павеце і 6 рублёў. Гэты фундуш быў пацверджаны 7 ліпеня 1616 г. каралём Жыгімонтам ІІІ [13]. Касцёл знаходзіўся на падзамчы і згарэў у 1392 г. пры нападзе крыжакоў. У 1397 г. быў пабудаваны новы касцёл. Яго асвяціў віленскі біскуп Андрэй, які зноў адкрыў пры касцёле францішканскую місію, бо ранейшыя місіянеры гэтага ордэна былі хутчэй за ўсё забітыя або выгнаныя падчас нападу крыжакоў на Ліду ў 1394 г. І гэты касцёл згарэў у 1406 г. У 1414 г. ён быў узноўлены як парафіяльны і пасвечаны пад назвай "Найсвяцейшай Дзевы Марыі Панны, Усіх Святых".
Фрагмент прывілею касцёлу, дадзены Ягайлам, бярог сярод іншых дакументаў Лідскі пробашч. У дадатку да пятага тома "Старажытнай гісторыі літоўскага народа" Т. Нарбут змясціў тэкст гэтага прывілею, а таксама спіс пробашчаў Лідскага касцёла [14].
У Метрыцы ВКЛ Лідскі касцёл згадваецца ў 1516 г. з-за таго, што намеснік Лідскага дзяржаўцы Юрыя Ільініча не аддаў арыштавана слугу гетмана Канстанціна Астрожскага калі "тотъ нятецъ самъ прибегъ на цвинтаръ и въ костелъ Лидски' на кони звязанъ, и ноги подъ конь окованы" [15].
Пад час спусташальнай вайны 1654-1663 г.г. горад быў цалкам знішчаны. У тэксце візітацыі касцёлаў Віленскай дыецэзіі ў 1674 г. біскупам-суфраганам Мікалаем Слупскім, пра Лідскі касцёл зроблены наступны запіс: "Касцёл новазбудаваны, драўляны, пабудаваны коштам мясцовага дэкана, ксяндза Ігната Рэберта, асвечаны пад час знаходжання візітатара" [16] . З дрэва гэтага касцёла потым была пабудавана ўніяцкая царква Ўваскрасення Гасподняга.
Пры касцёле былі капліцы: у Чэхаўцах, Перапечыцы, на гарадскіх могілках (Св. Барбары, пабудавана ў 1805 г.,), у Востраве (на свае сродкі фундаваў Тадэвуш Нарбут [17], ліквідавана ў 1866 г.) і філіяльны касцёл у Кір'янаўцах (фундаваны ў 1602 г. Марцінам Курчам, ліквідаваны ў 1866 г.). Як філіяльны, у 1460 г. Ганнай Давойнай быў фундаваны касцёл у Крупаве [18].
Фарны касцёл
У другой палове XVIII ст. у Лідзе, верагодна па праекту віленскага архітэктара Глаўбіца, з цэглы ў стылі барока быў пабудаваны Фарны касцёл Узвіжання Святога Крыжа, які дзейнічае да нашага часу [19].
Будаўніцтва новага, мураванага, касцёла пачалася ў 1765 г. і было скончана ў 1770 г. стараннямі Віленскага суфрагана (вікарнага біскупа) Томаша Зянкевіча, які выканаў запавет свайго дзядзькі, біскупа Міхала Зянкевіча († 23.01.1762). Міхал Зянкевіч, перад тым як у 1747 г. стаць Віленскім біскупам, быў Лідскім пробашчам. У сваім тастаманце, напісаным у 1761 г. ён рэкамендаваў прапанаваць прыцягнуць да будаўніцтва Іагана Крыштафа Глаўбіца або "каго-небудзь яшчэ, добрага". Біскуп прызначыў для будаўніцтва 50000 тынфаў [20], і працэнты ад 7500 чырвонных злотых, якія былі размешчаны ў фальварку Канюшаны. Тамаш Зянковіч хутка павялічыў гэтую суму на 4900 злотых. Касцёл пачалі будаваць на новым месцы, але недалёка ад старой святыні. Новы касцёл быў асвечаны ў 1768 ці 1780 г.
Свой агульны выгляд касцёл захаваў да нашага часу, аднак вядома, што першапачаткова ён меў дзве трохузроўневыя вежы. У новы касцёл былі перанесеныя некаторыя рэчы са старога: абразы, купель, увянчаную драўлянай статуяй Св. Яна Хрысціцеля і арган, другі арган быў перанесены сюды з Крупаўскага касцёла.
Новы касцёл меў сем алтароў. Тры з іх (у тым ліку і галоўны) мураваныя, размалёваныя пад мармур, бочныя алтары - у блакітна-ружовыя таны.
У галоўным алтары знаходзіўся цудоўны абраз Маці Божай Ружанцовай. Пра Божыя ласкі, выказаныя праз гэты абраз, сведчылі запісы у "Кнізе цудаў". Таксама ў алтары былі чатыры драўняныя фігуры: злева Св. Пётр і Св. Станіслаў, справа Св. Павел і Св. Казімір, а над імі - чатыры стуковыя (штучны мармур) анёлкі.
Другія два мураваных алтары былі пад вызваннямі Ян Непамуцкага і Бічавання.
Алтар Св. Яна Непамуцкага ў верхняй частцы меў маляваны на сцяне абраз Найсвяцейшай Панны Ружанцовай, алтар Бічавання там жа - абраз Св. Апостала Тамаша. Усе абразы ў бакавых алтарах, за выключэннем абраза Бічавання, былі новыя.
Два алтары, якія знаходзяцца пры ўнутрыкасцельных слупах мелі мураваныя прыстолы с абразамі Св. Антонія і Св. Юзафа, якія былі перанесеныя са старога касцёла.
Іншыя два алтары пры бочных сценах пад вызваннем Св. Барбары і Св. Івона.
Сцены і столь прэзбітэрыюма [21] пакрывалі малюнкі. Падлога выкладзена каменнымі плітамі, але пад лаўкамі і па баках была выкладзена цэглай [22].
Унутранае абсталяванне касцёла з большага захавалася да нашых дзён.
Касцёл агароджвала мураваная сцяна, знутры якой знаходзіліся могілкі, каля касцёла стаяла званіца на чатырох слупах з двума званамі. На вуліцу вяла брама "бляхай крытая, на ёй вырабленае з жалеза імя Марыя з прамянямі зялёнага колеру" . Адначасова з касцёлам планавалася пабудова плябані і двух шпіталяў, з якіх адзін ужо ў 1777 г. патрабаваў рамонту. У тым жа 1777 г. планавалася пабудаваць парафіяльную школу, бо шэсць вучняў да гэтага часу вучыліся ў доме арганіста.
З-за памылак пры праектаванні і будаўніцтве касцёла, а таксама з-за "надта, дрэннага матэрыялу", ужо ў 1777 г. касцёл патрабаваў рамонту, пра тое ж самае напісана і ў візітацыі 1782 г. Першымі пачалі разбурацца трохузроўневыя вежы, з якіх звалілася бляха, тынк і нават фрагменты гзымсаў [23] і сценаў, да таго ж ветрам павыбівала шыбы, і ўнутр пачала прасочвацца вада, што павялічыла небяспеку абрушэння вежаў [24].
У 1790 г. на грошы ксендза Вінцэнта Нарбута быў устаноўлены новы арган, які змяніў арган, што застаўся яшчэ ад старога касцёла.
У 1791 г. касцёл пацярпеў ад расейскага войска.
Рамонт праводзіўся ў 1782-90 гг. пробашчам касцёла Казімірам Нарбутам, для чаго першапачаткова было выдзелена 16 000 тынфаў, а потым яшчэ 1675 чырвонных злотых. Канчаткова касцёл быў адрамантаваны да 1792 г. Верагодна, тэхнічную экспертызу праводзілі архітэктары, прызначаныя біскупам Масальскім. У выніку рамонту былі разабраны дзве вежы, зроблены новы шчыт, верагодна, цалкам перароблены фасад касцёла. Таксама папраўленыя пілястры [25] і ўсе вокны. Дах нанава пакрыты гонтай, сігнатурка [26] над прэзбітэрыюмам пакрыта бляхай.
Цікава, было б пабачыць малюнак лідскага Фарнага касцёла да перабудовы - з дзвюмя вежамі, але на жаль, падобна, такога малюнка не існуе.
У 1794 г. значная частка касцельнага срэбра пайшла для падтрымкі паўстання, а касцёл быў яшчэ раз разрабаваны расейскім войскам.
15 жніўня 1812 г. у Фарным касцёле і горадзе прайшлі святочныя мерапрыемствы па святкаванні дня нараджэння Напалеона:
" […] У 10 гадзін раніцы падпрэфект Лідскага павета Ігнацы Скіндар, акружаны абывацелямі і мясцовымі службоўцамі розных ведамстваў, адправіўся з прэфектуры ў Фарны касцёл для прынясення самых гарачых малітваў Каралю Каралёў за цуд, створаны Яго творчай правіцай для нашай Радзімы.
Шматлікія дамы занялі ў касцёле пярэднія месцы, а натоўп простага народу напоўніў бакавыя прыдзелы. Па знаку, дадзеным гарматным стрэлам, у Касцёл увайшоў аддзел размешчанага ў горадзе 14 палка фузілераў і пашыхтаваўся пасярэдзіне касцёла ў два шэрагі. Прыгожы выгляд жаўнераў і іх пакорлівыя паводзіны перад алтаром Усявышняга расчулілі ўсіх прысутных, якія ўжо больш за дваццаць гадоў не бачылі свайго войска.
Пасярэдзіне храма быў усталяваны транспарант з вензелем Найусеміласцівага Імператара і Караля з подпісам пад вензелем: "Magne Cesar! Vive diu felix locuplexque omnium prosperitatum".
Пасля другога гарматнага стрэлу пачалася абедня, якую служыў, са шматлікім клірам, Станіслаў Нарбут, канонік Смаленскі і ён жа пробашч Косаўскі. Падчас набажэнства патрыятычную і адпаведную акалічнасцям прамову сказаў ксёндз Гаўлоўскі, прафесар мясцовай вучэльні піяраў.
Пасля дабраславення Св. Дароў, пасля трэцяга гарматнага стрэлу, аддзел войска выйшаў з касцёла і пашыхтаваўся на могілках, дзе Вікенці Нарбут, канонік Інфлянцкі, пробашч і дэкан Лідскі, са шматлікім клірам праспявалі "Te Deum", пад бесперапынны салют з гармат і ручной агнястрэльнай зброі. Пасля Набажэнства ўсе прысутныя былі запрошаныя на абед да падпрэфекта. […]" [27] .
Першыя тры дзесяцігоддзі XIX ст. былі пабудаваны ўсе касцельныя пабудовы: шпіталь, могілкі, новая плябань (1818 г.) і закончаны рамонты тынкоўкі, вокнаў, дзвярэй. Зроблены два новыя алтары: Св. Сімона Юды, Св. Тэклі і Св. Барбары. У той жа час у галоўным алтары ўстаноўлены абраз "Хрыстос, які падае пад крыжам".
У 1826 г. пажар знішчыў дах і вокны касцёла, згарэў таксама і шпіталь, страты былі вялікімі, бо яшчэ ў 1832 г. рамонт касцёла не быў закончаны. Пасля пажару, у 1828 г. дах касцёла пакрылі саломай [28].
На пачатку сакавіка 1832 г. ў дадатак да павятовай у Лідзе была арганізаваны і гарадская паліцыя [29], і ўжо 12 сакавіка 1832 г. выканавец абавязкаў Лідскага гараднічага падпалкоўнік Верашчак дзеля пакарання каталіцкага святарства за падтрымку паўстання, пачаў цяжбу з лідскімі касцёламі. З ніжэй прыведзеных дакументаў добра бачны фінансавы стан Фарнага касцёла, упамінаюцца і расейскія вайсковыя рэквізіцыі. Лідскі гараднічы дакладваў Гарадзенскаму грамадзянскаму губернатару Мураўёву [30] рапартам "аб непрыстойных стане каталіцкіх цэркваў у г. Лідзе". Сярод іншага падпалкоўнік пісаў: "Настаяцелі тутэйшых манастыроў, маючы дастатковыя даходы на ўтрыманне малалікага духавенства, і хоць звыш гэтага, як я пацікавіўся маюць яшчэ і ахвяраванні абывацеляў, складкі, ... але дагэтуль каталіцкія цэрквы ... без дахаў, агароджы і не атынкаваныя, таму 2 сакавіка я папярэдзіў настаяцеляў манастыроў, каб яны прынялі меры па прывядзенню ў належны выгляд ... асмельваюся спытаць Ваша правасхадзіцельства, ці магу я ў выпадку ўхілення змусіць мерамі паліцэйскімі да выканання ... прапановы" [31] . Гарадзенскі губернатар 29 сакавіка піша ў Віленскую кансісторыю і выкладае ёй патрабаванні гараднічага [32]. 12 красавіка губернатар атрымлівае адказ, што "кансісторыя разам прадпісала Лідскаму Дэкану ксяндзу Лінкіму абавязаць настаяцеляў тамтэйшых манастыроў да неадкладнага рамонту па меры магчымасці цэркваў, манастыроў і агароджаў, якія ім належаць, роўна, каб і Фарная царква ў ведамстве яго..., Дэкана..., была адрамантавана..., і пра тое Вашаму правасхадзіцельству маю гонар паведаміць" [33] . 14 чэрвеня 1832 г. кіраўнік Віленскай епархіі біскуп Андрэй Кланцэвіч піша Мураўёву: "Лідскай царквы настаяцель святар Лінкім рапартам данёс епархіяльнаму ўпраўленню, што тамтэйшы гараднічы дасланаю другі раз позваю, настойліва патрабуе, каб ён Лінкім на працягу аднаго тыдня пачаў рамантаваць згарэўшую ад пажару Фарную царкву, шпіталь, мураваную агароджу і пагражае змусіць яго да таго ваеннай экзекуцыяй ... у разуменні чаго, ... настаяцель Лінкім тлумачыць, што два гады таму назад ён атрымаў у кіраванне сваю Лідскую плябань даведзеную да галечы, таму быў вымушаны даваць фундушовым сялянам дапамогу і ... пабудаваць званіцу, млын і цагельны завод, прыгатаваць патрэбныя для пакрыцця царквы матэрыялы. Але ў мінулым 1831 г. з нагоды былога бунту і будучы заняты задавальненнем ваенных рэквізіцый, не мог прывесці ў дзеянне ... фабрыку, зімою ж па прычыне недахопу снегу і дрэннай дарогі меў вялікія перашкоды ў вывазе патрэбнага матэрыялу ... настаяцель Лінкін абавязуецца выправіць мураваныя і драўляныя агароджы і плот перад вуліцай і пафарбаваць плябанскі дом, калі хутка будзе добрае надвор'е, а ў будучыні ... заняцца рамонтам сваёй царквы" [34] .
Пасля скасавання Ордэна Піяраў у 1844 г. Фарны касцёл прыняў ацалелы пры пажары Піярскага кляштара звон.
У 1847 г. быў пабудаваны новы шпіталь для бедных, а ў 1856 г. адрамантаваны арганы.
Вялікі рамонт усяго касцёла праводзіўся ў 1861 г. У 1878 г. адноўлены франтон святыні. Чарговы рамонт зроблены ў 1886-92 гг.
У 1906-09 гг. пры пробашчу Юзафу Шкопу адноўлена тынкоўка, насценныя малюнкі, алтары.
У 1960-х гадах разабрана агароджа касцёла разам з брамай [35], што выклікала моцныя хваляванні сярод парафіян, але іхнія намаганні ўратаваць каштоўны гістарычны помнік у цэласці былі марнымі.
Касцёл Піяраў
У першай трэці XVIII ст. у Лідскім павеце з'явіліся піяры. У 1756 г. па прапанове Лідскага старасты Ігната Сцыпіёна піярскі калегіюм, які быў створаны ў 1730 г. у Воранаве, перанеслі ў Ліду. Мясцовая шляхта ахвяравала піярам фальварак Пастаўшчыну і юрыдыку ў Лідзе. У 1834 г. у піяраў была канфіскавана іх навучальная ўстанова і рэарганізавана ў 5-класнае дваранскае павятовае вучылішча [36].
Магчыма Ігнату Сцыпіёну дэль Кампа прапанаваў перанесці ў Ліду з Воранава піярскі калегіюм ягоны настаўнік - Мацей Догель. Акт пераносу калегіюма падпісаны Ігнатам Сцыпіёнам дэль Кампа 12.01.1756 г. у прысутнасці Францішка Александровіча, Лідскага харунжага, Дамініка Александровіча, пісара земскага Лідскага, і Самуэля Кастравіцкага, пісара гродскага. Акт пераносу прадугледжваў захаванне і нават павялічэнне фундушоў (да фундуша баў дададзены фальварак Асава Лапацінская), і выдзяленне пляца па вуліцы Віленскай, набытага у 1749 г. у Людвікі Гадэбскай, стольнікавай Пінскай. Не гледзячы на пратэсты лідскіх кармелітаў, Віленскі біскуп Міхал Зянковіч 09.03.1756 г. прыняў фундуш. Летам таго жа года піяры пераехалі ў Ліду і першапачаткова спыніліся ў драўляным будынку шынка, які знаходзіўся на іх пляцы.
Лідская піярская школа пачала працаваць у 1757 г. А ў 1758 г. тут ужо стаяў драўляны будынак школы і невялікі касцёл Св. Юзафа Каласантага [37]. На працягу трох наступных гадоў быў пабудаваны драўляны кляштар на 12 законнікаў.
Пляц піяраў павялічваўся праз далучэнне двух суседніх пляцаў - адзін ахвяраваў Юзаф Барумоўскі, суддзя земскі Лідскі, другі піяры абмянялі з уладальнікамі Воранава Францішкам і Дамінікам Александровічамі, на пляц у гэтым мястэчку. У выніку, пляц піяраў цягнуўся на ўсход аж да рэчкі Лідзейкі.
У 1762 г. лідскія піяры атрымалі ад Аўгуста ІІІ зацвярджэнне фундушоў, а ў 1774 г. - ухвалу сойму на нованабытую маёмасць. Для ўтрымання кляштара і школы ў фундуш былі запісаны фальварак Лапацішкі, наданы Сцыпіёнам дэль Кампа, вёска Віскунцы і фальварак Пастаўшчына з вёскай Раслякі, купленыя ў 1778 г. у Тамаша Ўмястоўскага, рэгента земскага Лідскага.
Піяры ў той час атрымлівалі грашовыя ўнёскі ад розных ахвярадаўцаў. У 1762 г. яны атрымалі запіс на 7 000 зл., які за пазыку ў 1773 г. быў перададзены Аляксандру Міхалу Сапегу, атрымлівалі працэнты ад 15 000 зл., прынялі 10 000 зл. ад Ганны Агінскай з Юдыцкіх. На пабудову мураванага кляштара ў 1781 г. ад Тамаша і Бенедыкта Мігдалаў атрымалі 1000 зл. гатоўкай і працэнты ад 10 000 зл., а ў 1789 г. на пабудову новага мураванага касцёла 20 000 зл. ад Ежы Адамовіча, суддзі земскага Лідскага [38].
Зразумець як лідскія піяры аднесліся да інкарпарацыі Рэчы Паспалітай у Расею можна з загаду расейскага генерал-губернатара Літвы Рапніна ад 1 красавіка 1795 г. "у горадзе Лідзе 19 мінулага сакавіка месяца па новым стылі Піяр, названы Лаўрынец (Ваўжынец - Л.Л. ) Адамовіч, адважыўся ў пропаведзі, замест павучання закону Божаму, супраць правілаў Евангельскіх і апостальскіх і насуперак сваёй прысягі, непрыстойна ганьбіць паводзіны Гасудароў і ўмешвацца ў справы палітычныя, якія да духоўнага сану і закону Боскага не належалі; за такую дзёрзкасць той не варты свайго сану манах быў ўзяты пад варту і пазбаўлены свайго месца, ён будзе за гэта злачынства пакараны па ўсёй строгасці законаў" . Разам з Адамовічам манахам быў узяты пад варту і рэктар Лідскага вучылішча Фларыян Крушэўскі, але "пасля разгляду справы высветлілася, што ён бязвінны бо не ведаў, што такую пропаведзь той манах казаць будзе: таму гэты Крушэўскі адпушчаны без усялякага спагнання, хоць ён і знаходзіцца не на сваім месцы з-за слабога ўтрымання падначаленых, ад чаго і адбылася такая дзёрзкасць, гэтак жа вінаваты і ў тым, што супраць сваёй прысягі адразу не прыняў залежных ад яго мер да спынення падобнага злачынства і не паведаміў пра яго, куды трэба" [39] .
Толькі атрымаўшы ўсе неабходныя фінансавыя рэсурсы, у 1792 г. піяры пачалі будоўлю мураванага кляштара. Гэта быў самы самавіты будынак у горадзе і менавіта таму, пад час свайго побыту ў Лідзе, 15.05.1797 г. тут начаваў цар Павел І. Ён паабяцаў 5000 руб. на будаўніцтва касцёла, але ў выніку, манахі змаглі атрымаць толькі 1250 руб. і толькі пасля смерці манарха. Але ў гонар побыту тут цара на кляштары была прымацавана драўляная табліца з тэкстам на лаціне. У 1802 г. піярскі кляштар наведаў чарговы рускі цар Аляксандр І.
У 1799 г. рэктарам калегіюма стаў кс. Себасцьян Дамброўскі - лепшы архітэктар сярод піяраў таго часу. З дазволу ўладаў у 1800 г. пачалося будаўніцтва мураванага касцёла, у 1801 г. сцены ўзняліся на палову праектаванай вышыні, яшчэ за некалькі гадоў сцены ўдалося ўзняць да узроўню гзымсаў. А ў 1805 г. будаўніцтва спынілася з-за недахопу грошай.
У 1803 г. піярскі калегіюм ператвораны ў 4-класную павятовую вучэльню, але арганізацыя вучэбнага працэсу і праграма навучання пры гэтым не змяніліся, і піяры па-ранейшаму лічылі яе сваёй справай.
Будаўніцтва касцёла аднавілася ў 1817 г., гэта справа капітулам ордэна піяраў была даручана таму ж самаму кс. Дамброўскаму, у той час - ваверскаму пробашчу. Ён "зрабіў з лапацінскіх лясоў рыштаванні і дах, прыступіў да адбудовы муроў. Але ў гэты момант здарылася наступнае: страпчы [40] Чаховіч патрабаваў, каб яму былі пазычаны значныя грошы, але, вядома, без вяртання. Рэктар, маючы вялікую патрэбу у грошах гатоўкай, не мог даць чыноўніку "ў лапу". Пакрыўджаны страпчы цішком паскардзіўся ўладам, што піяры нішчылі казённы лес, у якасці доказу указаў на стосы лесу каля касцёла. … у выніку піяры заплацілі больш за 300 рублёў срэбрам штрафу. Хутка рэктар памёр" . Таму ў 1819 г. будаўніцтва зноў спынілася.
Яшчэ доўга набажэнствы адбываліся ў драўляным касцёле, пра які ў візітацыі 1820 г. пісалася, што ён "годны толькі для руйнавання". Наступныя 5 гадоў набажэнствы праходзілі ў трапезнай (refektarzu), якая з дазволу Віленскага біскупа была перароблена ў капліцу і мела 3 алтары, перанесеныя сюды з драўлянага касцёла.
У 1820 г. новым рэктарам абраны кс. Каласанты Санкоўскі, ён прадоўжыў будаўніцтва. Рэктар нарыхтаваў неабходныя матэрыялы і заключыў з яўрэем з Расіенаў Лейзарам Давыдавічам Цясельскім кантракт на дабудаванне і атынкоўку муроў. Працы пачаліся ўвесну 1823 г. і былі закончаны ў 1824 г., што дазволіла заняцца абсталяваннем храма. Старыя алтары былі малыя і не падыходзілі, але, не маючы грошай, рэктар вырашыў устанавіць іх і закрыць вялікімі абразамі, выкананымі ў 1824-25 гг. мясцовым мастаком Глыбоўскім. Дзеля эканоміі сродкаў усталявалі старыя арганы з піярскага касцёла ў Віцебску.
Касцёл асвечаны 4 ліпеня 1825 года Літоўскім біскупам-правінцыялам Ізідорам Сяклюцкім [41].
У 1832 г. касцёл Піяраў таксама меў цяжбу з лідскім гараднічым. 14 чэрвеня 1832 г. Гарадзенскаму губернатару Мураўёву Віленская кансісторыя тлумачыцца, што піярскі кляштар не атрымлівае працэнтаў ад фундушовых сум, у тым ліку з ... маёнтка Жырмуны князёўны Радзівіл. Выплата грошай прызначана на наступны 1833 г., і таму манастыр не мае "... ні запасаў ні патрэбных матэрыялаў, якія мінулай зімой з-за нясталай і дрэннай дарогі нельга было нарыхтаваць" . Таму кляштар не мог выканаць патрабаванні лідскай гарадской паліцыі пра рамонт кляштара і касцёла, не зроблены "тынкоўка, агароджа пляца ... ад вуліцы" , аднак і зараз "... ў летні час, з-за немагчымасці адцягнення сялян ад гаспадаркі і іншых эканамічных работ, задаволіць патрабаванні не ў стане" . Так сама правінцыял ордэна Піяраў тлумачыў губернатару, што рамонт лідскага манастыра планавалася зрабіць за кошт працэнтаў ад сумы ў 15 000 злотых, якая была запісана за маёнткам Дзярэчын князя Сапегі, аднак, маёнтак пасля паўстання 1830-31 гг. секвестраваны, і планаваныя грошы ў памеры 3159 злотых пакуль атрымаць не магчыма, таму "правінцыял не знаходзіць спосабаў, каб зрабіць неабходны рамонт" [42] .
З дакладу чарговага рэктара Язафата Вайшвілы ад 1831 г. да біскупа бачна, што будаўнічыя працы зроблены няякасна, будынак мае патрэбу ў істотным рамонце гзымсаў, а дрэнна пабудаваны порцік (ганак) патрэбна разабраць і пабудаваць нанава. Таму новы рэктар у 1836-37 гг. правёў грунтоўны рамонт касцёла. У 1838 г. быў адрамантаваны кляштар: дах пакрыты новай гонтай, часткова памяняныя вокны, зроблены ўнутраны рамонт, усё пафарбавана алейнай фарбай.
Кляштар складаўся з касцёла, арыентаванага фасадам да вуліцы Віленскай і злучанага з усходняга боку з двухпавярховым кляштаром, які меў два крылы: фасадам на паўноч і фасадам на ўсход, усходняе крыло мела рызаліт [43], у якім на другім паверсе была трапезная а на першым зала капітулы. У 1831-32 гг. ад вуліцы і з паўднёвага боку пабудавана мураваная агароджа, якая складалася з квадратных слупоў, злучаных кратамі. Каля кляштара у 1837 г. была пабудавана драўляная званіца. На поўнач ад кляштара знаходзілася драўляная школа, а на ўсход - драўляная жылая афіцына (флігель), гаспадарчыя пабудовы, а далей, ажно да ракі Лідзейкі, ляжаў падзелены дзвюмя алеямі гарод і сад.
09.09.1834 г. Лідскі піярскі калегіюм (ці павятовая вучэльня) быў зачынены і ператвораны ў Павятовую дваранскую пяцікласная школу.
23.08.1842 г. хуткі пажар знішчыў дах і купал касцёла, значна пашкодзіў жылы будынак і знішчыў усе драўляныя пабудовы, непашкоджанымі засталіся толькі рэчы, якія знаходзіліся ў сакрыстыі. Згарэла ўсё абсталяванне касцёла: тры алтары, разьбяны амбон і табернакль [44] (перанесены з закрытага ў 1832 касцёла кармелітаў), арган, два канфесіяналы (спавядальні), 10 лаў, фігура Маці Божай Ласкавай і ўсе абразы, якія віселі на сценах. Згарэла ўсё, што было ў манастыры, у тым ліку вялікая бібліятэка, якая ў 1830 г. складалася з 1464 тамоў, а пасля пераносу ў 1841 г. сюды кніг з калегіюмаў Воранава і Вільні (які месціўся на Сніпішках) - 1787 тамоў.
Не гледзячы на намаганні рэктара Язафата Вайшвілы, губернскія ўлады, каб апраўдаць набыццё разбураных будынкаў, не дазволілі пачаць рэканструкцыю. У 1843 г. гарадзенскі губернатар загадаў перадаць касцёл праваслаўнай царкве, прылеглае крыло кляштара пад праваслаўную плябанію, а асноўную частку (ўсходняе крыло) пад павятовую школу і жытло настаўнікаў [45]. У Расейскім Дзяржаўным Гістарычным архіве захоўваецца дакумент "Аб пераводзе заштатнага ў г. Лідзе піярскага манастыра ў праваслаўную царкву" [46], у дадатках да артыкула прыводзіцца тэкст гэтага дакумента.
У тым жа годзе, па распараджэнні Віленскага біскупа застаўшаяся касцельная маёмасць падзелена паміж лідскім Фарным і навакольнымі піярскімі касцёламі.
Дарэчы Піярскі калегіюм юрыдычна быў ліквідаваны толькі 14.05.1845 г. [47]
Як бачна з тэксту візітацыі цэркваў Лідскага ўніяцкага дэканату ў 1792 г., на поўдзень ад кляштара піяраў знаходзілася ўніяцкая царква Св. Міхала (якая часта памылкова ў гістарычнай літаратуры называецца Св. Мікалая) са шпіталем, плябанню і могілкамі. Ужо пры канцы XVIII ст. царква была ў дрэнным стане і неўзабаве зачынілася. З 1765 г. паміж гарадскімі каталіцкімі могілкамі і млынам існавала іншая вялікая ўніяцкая царква Ўваскрасення Гасподняга. Пры царкве дзейнічаў невялікі шпіталь [48]. Аднак гэтую царкву у 30-х гадах XІХ ст. зруйнавала бура [49]. У 1832 г. уніятам быў перададзены скасаваны кармеліцкі кляштар [50], але ўсё роўна месца для правядзення набажэнстваў у 1830-я гады яны не мелі, бо грошай для ўладкавання па-кармеліцкага касцёла пры кляштары не было. Лідскія ўніяты маліліся ў Вольжаўскай капліцы, і таму ў момант скасавання ўніяцкай царквы маскоўская праваслаўная царква ў Лідзе засталася без будынка.
Шмат гадоў у былых піярскіх мурах працавала толькі павятовая школа.
Спробы перарабіць касцёл на царкву была адкладзеная на працяглы час, па меншай меры да 1855 г., у гэтым годзе быў складзены каштарыс пераробкі, як аказалася замалы, таму ў 1862 г. быў прадстаўлены новы каштарыс на 4313 рублёў. У выніку перабудовы было знесена ўсходняе, найвялікшае крыло будынка. Быў адноўлены купал, унутраны інтэр'ер атрымаў новае абсталяванне, але, верагодна, захаваў сваё першапачатковае архітэктурнае аблічча. Разам з аднаўленнем і адаптацыяй будынка, з поўначы пабудавана званіца з цэглы, магчыма, у тым жа месцы, дзе была папярэдняя з дрэва [51].
"Литовские епархиальные ведомости" у 1863 г. далі інфармацыю пра асвячэнне храма : "18 жніўня тут праходзіла ўрачыстае асвячэнне ... храма ў імя Св. Архістратыга Міхаіла. Новы храм пабудаваны з былога піярскага касцёла, які пасля пажару заставаўся доўгі час у поўным разбурэнні. З ... гэтага ... касцёла на працягу апошніх 3-х гадоў створана благалепная праваслаўная царква ў візантыйскім стылі. Без перабольшання можна сказаць, што новая праваслаўная царква - мураваная з вялікім зялёным купалам - першы па прыгажосці будынак у Лідзе і з'яўляецца лепшым ўпрыгожваннем горада. Асвячэнне храма здзейснена, па даручэнні Высокапраасвяшчэннейшага Мітрапаліта Літоўскага Іосіфа Ковенскім епіскапам Аляксандрам, вікарыем Літоўскай епархіі....
17 жніўня ў новым храме адбылося ўсяночнае чуванне пры ўдзеле Архірэя з саборам 10 святароў: мясцовых і якія прыбылі з навакольных прыходаў. Выдатныя спевы архірэйскага хору прыцягвалі не толькі рыма-каталікоў (праваслаўныя ўсе былі ў храме), але і нехрысціян.
18-га жніўня, пасля літургіі ў ранейшай дамавой царкве, у новым храме здзейснена асвячэнне вады. З прыбыццём у храм правялебнага ў пачатку 11-й гадзіны, пачалося асвячэнне самога храма .... Сход народа быў велізарны .... па асвячэнні храма быў хрэсны ход па Св. мошчы ў старую царкву. ...
Да самога дня асвячэння некаторымі дабрачыннымі асобамі дасланыя з Пецярбурга праз камергера П.Н. Бацюшкава 2 святарскія і адно дз'яканскае адзенне" [52]. А ў 1886 г. "Литовские епархиальные ведомости" пісалі: "Наш гарадок 26 снежня сціпла святкаваў 20-ці гадовы юбілей служэння ... святара, настаяцеля Лідскага Міхайлаўскага сабора а. протаіерэя Іосіфа Каяловіча. Да прыняцця ім гэтага месца прыход не меў нават царквы, і набажэнства здзяйснялася ў аднапавярховым драўляным доміку ў тры акны. Хатка і да сёння стаіць насупраць пышнага мураванага храма, пабудаванага а. Іосіфам са згарэлага касцёла. Сам жа прыход які лічыў тады вернікаў дзесяткамі, у цяперашні час налічвае іх больш за 1500". [53] Заўважым, што ў абодвух тэкстах адзначаецца, што праваслаўны Свята-Міхайлаўскі храм адбудаваны з былога піярскага кляштара.
Пра хатку, дзе праводзіліся набажэнствы пісаў у сваіх мемуарах расійскі афіцэр І.В. Любарскі, які перад паўстаннем 1863 г. служыў у Лідзе: "Праваслаўная царква ў Лідзе была ў несамавітай, драўлянай, бедна абстаўленай хаце з нізкай столлю. У царкве адначасова магло маліцца не болей за 50 багамольцаў, таму салдаты прыходзілі ў храм Божы па чарзе камандамі. Служыў святар без дыякана, а спявалі на клірасе салдаты, як ім Бог "положил на душу". … . Адсутнасць панікадзіла ў храме, бляшаныя пагнутыя падсвечнікі, чорныя абразы на сцяне, падраныя рызы на святары - усё гэта так не было падобнае на звыклыя ўражанні праваслаўнага чалавека, і мімаволі глыбокая нуда ахоплівала душу" [54].
Найверагодней, ролю праваслаўнай царквы да асвячэння Свята-Міхайлаўскага храма ў 1863 г. выконвалі ці былы ўніяцкі шпіталь, ці былая ўніяцкая плябань, ці былая пякарня ўніяцкай плябані. У візітацыі 1782 г. шпіталь, плябань і пякарня былой ўніяцкай царквы апісваліся так: "Шпіталь новы, коштам Двара (каралеўскага - Л.Л. ) пабудаваны, хата чорная, печ простая, вокнаў 3, дзвярэй на бегунках двое, крыты саломай ... . [...] Хата (святара - Л.Л. ) белая, уваход праз сені, дзверы на бегунках, унутры хаты дзверы на завесах жалезных з клямкамі і зашчапкамі.
Печ кафляная з комінам вонкавым, вокнаў вялікіх 2, трэцяе малое, шкла белага, столь з дошкі, стол сталярнай работы, лаў 2. Дзверы ў камору на завесах з зашчапкамі, адно вялікае акно белага шкла, у сенях шырма, двое дзвярэй на бегунках. У пякарні дзверы на бегунках, вокнаў 3, белага шкла, печ простая, камора прыбудаваная з адным акном, дзверы на бегунках, дом цалкам крыты дранкай, стары, патрабуе рэпарацыі. Клець (амбар) новая, дзверы на завесах з зашчапкай і прабоямі новымі яшчэ, накрытая цалкам саломай, у сярэдзіне зроблены яслі, коштам святара сучаснага адміністратара гэтая клець пабудавана, бо даўней толькі сцены былі. Гумно і хлеў … саломай крыты. Плябань часткова плотам, а часткова жэрдкамі агароджана, з брамай, стараннем Двара і святароў пабудаванай" [55] .
На старой паштоўцы з выявай Міхайлаўскага сабора бачны могілкі. Верагодна, гэта рэшткі вельмі старых гарадскіх уніяцкіх могілак вакол былой уніяцкай царквы: "Могілкі неагароджаныя, на якіх была старая званіца, нядаўна зруйнаваная" [56] . На трошкі больш позніх паштоўках гэтых могілак ужо няма.
Да 1919 г., храм функцыянаваў як праваслаўная царква Святога Арханёла Міхаіла. У выніку рэстытуцыі храм быў зноў перароблены ў касцёл і аддадзены піярам, якія вярнуліся ў Ліду. У 1919 г. яны аднавілі сваю педагагічную працу ў школе, якая месцілася ў старым драўляным будынку на поўдзень ад касцёла (зараз не існуе). У 1926 г. былы будынак калегіюма перададзены піярам, і ўжо ў наступным годзе тут пачынае працаваць школа і інтэрнат. У 1930 г. заснавана 4-класная мужчынская гандлёвая школа, якая ў 1936 г. пераўтворана ў 4-класную гандлёвую гімназію з сумесным навучання хлопцаў і дзяўчат. Гімназія знаходзілася ў будынку на поўнач ад касцёла.
У цесным супрацоўніцтве з Віленскі ваяводскім рэстаўрацыйным упраўленнем неўзабаве пачаліся неабходныя рамонтныя работы. Ужо ў 1928 г. па праекце віленскага архітэктара Іосіфа Здановіча была адрамантавана званіца і выкананы новы амбон. Гэты ж архітэктар зрабіў абмеры касцёла [57].
У 1929 г. Наваградская ваяводская адміністрацыя асігнавала Лідскаму праваслаўнаму прыходу 3 000 злотых як кампенсацыю за страту храма [58].
У 1932 г. па праекце лідскага інжынера Феліцыяна Хайнацкага быў перароблены ліхтар купала.
8 траўня 1938 г., на фасадзе была прымацавана бронзавая дошка з профілем Людовіка Нарбута і надпісам: "1832-1863 | Вучню былой школы | кс. Піяраў ў Лідзе | Людвіку | Нарбуту | камандзіру студзеньскага паўстання | да 75-ці годдзя гераічнай смерці | 1863-1938 | З павагай | Лідская Зямля" . Аўтарам праекту быў лідскі скульптар Юры Кацяшчэнка, адліўку выканаў Савул Пупко з Вільні, каменную гранітную пліту выканаў камнярэз з Міра Антон Грыневіч.
17 верасня 1939 г. ноччу, перад прыходам Чырвонай Арміі, мемарыяльную дошку замуравалі жыхары горада [59].
Пасля нямецкіх авіяналётаў на горад у першыя дні вайны 1941 г. згарэў практычна ўвесь цэнтр горада. Пачаў гарэць і касцёл піяраў. Будучы пробашч Фарнага касцёла, а ў той час ксёндз-піяр Станіслаў Роек пісаў у сваім дзённіку: "Агонь, які разносіўся ветрам, дабраўся да даху касцёла праз адчыненыя вокны над хорамі. Наш касцёл пачаў гарэць. Прыступілі да тушэння. Я і ксёндз-рэктар Чабаноўскі ўзяліся за ручную помпу. Брат Фелікс Урбаля, надзеўшы маску са шлангам, пачаў тушыць агонь. Працаваў нядоўга, бо ад дыму ўпаў, не падаючы прызнакаў жыцця. З'явіўся тады садоўнік Бадрых і выцягнуў яго з дыму. Потым разарваў некалькі лістоў бляхі, і тады дым, маючы выхад, не перашкаджаў у тушэнні. Брат Фелікс, ачуняўшы, пачаў тушыць пажар разам з садоўнікам. Калі пажар быў патушаны, то брат Фелікс, абследуючы месца пажару, праваліўся разам з часткай спаленай столі на хоры. Яму нічога не сталася. Загінуў пазней ад асколкаў снарада, падчас захопу Ліды нямецкай пяхотай" [60] . Іншых пашкоджанняў у гады Другой сусветнай вайны касцёл не меў.
Пасля арышту пробашча і рэктара лідскіх піяраў Клеменса Мар'яна Чабаноўскага ў 1945 г., касцёл быў закрыты. Пробашч і ксёндз-рэктар у 1926-37 гг. Фердынанд Казлоўскі ў 1956 г. вярнуўся з лагераў і да сваёй смерці ў 1972 г. быў пробашчам касцёла на Слабадзе [61].
У 1958 г. Лiдскi касцёл пiяраў быў перададзены краязнаўчаму музею. У 1964 г. у былым храме размясцiўся планетарый, адзiн з трох у той час у Беларусi i з 26 у СССР. У 1976-1978 гг. школьнiкам аўтар наведваў астранамiчны гурток пры планетарыі, якi вёў яго дырэктар Уладзiмір Дзмiтрыевiч Столмаў, высокаадукаваны i iнтэлiгентны чалавек. Другiм супрацоўнiкам была ягоная жонка. Уладзiмір Дзмiтрыевiч, былы вайсковец (падпалкоўнiк запасу, якi падчас службы меў справы з космасам), высока цанiўся сярод дырэктараў планетарыяў у былым СССР, сябраваў з тагачасным дырэктарам Маскоўскага планетарыя Б.А. Максiмачовым, меў вялiкiя планы на будучыню. Да 1978 г. ужо быў распрацаваны праект перабудовы званiцы ў абсерваторыю, i для гэтага атрыманы прафесiйны тэлескоп АВР-3 (рэфрактар з дыяметрам аб'ектыва 130 мм). Лiдскi планетарый i астранамiчны гурток хутка набiралi папулярнасць сярод аналагiчных установаў былога СССР. Наведваў гурток i аўтар гэтага артыкула. Але пасля трагiчнай гiбелi адзiнага сына сям'я Столмавых пакiнула Лiду, і астранамічны гурток распаўся [62].
Памятная дошка прысвечаная памяці Нарбута была зноў адкрыта ў 1989 г., а ў 1990 г. дапоўненыя перакладам на беларускую мову.
7 сакавіка 1996 г., касцёл па рашэнні гарадскіх улад, якое было ўзгоднена з касцельнымі ўладамі, быў перададзены праваслаўнай парафіі. 17 чэрвеня 1996 г. з муроў храма была сарвана мемарыяльная дошка памяці Людвіка Нарбута. Яна знайшла свой прытулак у гарадскім музеі, а ў 1997 г. з ведама тагачаснага дырэктара музея Рыгора Жалезнага дошка была вывезена і схаваная на тэрыторыі аднаго з касцёлаў. 21 красавіка 2013 г. ў лідскім мікрараёне Індустрыяльны была адкрыта і асвечана адноўленая мемарыяльная дошка памяці Людвіка Нарбута - вайсковага начальніка Лідскага павета падчас паўстання 1863 года, паўстанцкага палкоўніка, прызначанага за некалькі дзён да смерці галоўнакамандуючым войскаў ВКЛ. Каля новазбудаванага касцёла піяраў на імя Святога Юзафа Каласантага ў адмысловай капліцы і была ўстаноўлена мемарыяльная дошка з 1938 года.
Многія, з тых, хто змагаўся за вяртанне дошкі, не дажылі да гэтага дня, таму гэта дошка будзе помнікам не толькі Людвіку Нарбуту, але і ўсім лідзянам - патрыётам Бацькаўшчыны і горада [63].
У 1996, 2000 і 2010 гг. праводзіліся рамонты праваслаўнага храма.
Кармеліцкі касцёл
20.05.1672 г. кармеліты, каталіцкі манаскі ордэн, заснаваны ў XII ст. ў Палестыне на гары Кармель падчас крыжовых паходаў, атрымалі ад лідскага войскага Адама Нарбута і яго жонкі Кацярыны пляц для касцёла. Касцёл і кляштар фундаваў Мікалай Рыла [64]. Акрамя яго шмат хто з шляхты і гараджан надавалі кармелітам землі, пляцы ў горадзе і грошы [65]. З фундушоў вядома імя першага лідскага прыёра Эліяша Невяроўскага. У 1684 г. фундушы былі зацверджаны на канвакацыйным сойме каралём Янам III Сабескім.
Будоўля працягвалася вельмі доўга, і толькі 5 верасня 1714 г. касцёл быў асвечаны Віленскім біскупам Канстанцінам Казімірам Бжастоўскім пад вызваннем Найсвяцейшай Марыі Панны і Св. Альберта. Ёсць меркаванне, што Кармеліцкі касцёл моцна пацярпеў падчас Паўночнай вайны, і гэта зацягнула будаўніцтва.
Мураваныя кляштар і касцёл пры ім знаходзіліся ў цэнтры горада на адлегласці за 108 крокаў ад Фарнага касцёла, на супрацьлеглым баку вуліцы.
Цікавую інфармацыю пра яго мы даведваемся з візіты 1820 г. Кляштар - двухпавярховы будынак, які меў форму літары "L" з паўночным і ўсходнім крыламі, з аднапралётным размяшчэннем памяшканняў і калідорам са двара. Ён прылягаў да сакрыстыі касцёла з поўдня і быў тынкаваны толькі з боку вуліцы [66]. Кляштар крыты гонтай. На другім паверсе было 7 жылых памяшканняў і склады. Каля кляштара ў бок рэчкі знаходзіўся агарод і гаспадарчыя пабудовы, ніжэй - альховы гаёк і яшчэ ніжэй - луг. З маёмасці кляштар меў 4 абрусы, 8 сурвэт, адну вялікую і тры малыя фаянсавыя вазы, 29 фарфоравых талерак, адну алавяную вазу, 5 алавяных паўмісак і 3 такія ж міскі, 6 алавяных лыжак, 12 пар нажоў з відэльцамі, два вялікія сталы, 10 крэслаў, адну шафу для начыння, 1 канторку, 1 канапу, 1 насценны гадзіннік, 2 куфры, 2 медныя імбрыкі, 1 медную цукернічку, 1 медны збан, 12 шклянак, 3 келіхі, 2 шкляныя сальніцы, 2 філіжанкі.
Касцёл фасадам на ўсход, быў тынкаваны і выбелены як знутры, так і звонку, у плане меў форму крыжа даўжынёй 44,5 і шырынёй 17,5 локця, пакрыты дахоўкай, над вялікім алтаром меўся купал з сігнатуркай. Бязвежавы фасад падзелены прамымі пілястрамі, меў трохкутны шчыт. Бакавыя фасады таксама былі падзеленыя пілястрамі і мелі вялікія вокны. Разам касцёл меў 11 вокнаў з белага шкла і 6 алтароў.
Вялікі алтар сніцарскай работы быў пазалочаны, тут размяшчаўся абраз Маці Божай, маляваны на палатне, над ім - абраз Найсвяцейшай Тройцы, а яшчэ вышэй статуя Св. Іллі. З апісання касцёла вынікала, што паміж верхняй і ніжняй частай алтара знаходзілася месца для "хору манахаў, дзе былі лаўкі сталярнай работы на 20 асобаў і пазалочаны амбон" [67] .
Другі алтар Пана Езуса ўкрыжаванага, сніцарскай работы "на чорнай структуры", пазалочаны. Вышэй, на другім узроўні гэтага алтара меўся абраз Св. Сымона Стока [68].
Трэці алтар Маці Божай Шкаплернай (Шкапулярнай).
Чацвёрты алтар Св. Іллі сніцарскай работы, пакрыты лакам. Тут быў абраз Св. Іллі ў пазалочанай раме, маляваны на палатне, вышэй, на другім узроўні - абраз Св. Яна Непамуцена.
Пяты алтар Св. Іосіфа Абручніка (Sw. Jozefa Oblubienca). Абраз святога ў пазалочанай раме маляваны на палатне і, вышэй, на другім узроўні - абраз Св. Антонія Падуанскага.
Шосты алтар Св. Тарэзы. Абраз святой ў пазалочанай раме, маляваны на палатне, вышэй, на другім узроўні - абраз Св. Марыі Магдалены [69].
Алтары Маці Божай Шкаплернай і Св. Іосіфа знаходзіліся у асобных капліцах. Акрамя гэтых капліц касцёл меў сакрыстыю і скарбніцу. Потым у гэтай скарбніцы знаходзіліся земскі павятовы архіў. Пад касцёлам месціліся мураваныя крыпты для пахавання законнікаў, але ў акце візітацыі 1830 г. напісана, што касцельныя лёхі для гэтай мэты не ўжываюцца [70].
У касцёле стаялі чатыры канфесіяналы. У званіцы былі чатыры званы, самы вялікі важыў 30 пудоў, другі - 15, трэці - трохі болей за 1 фунт. У сігнатурцы меўся звон, які важыў 4 фунты. У самім касцёле 4 мшальныя званочкі [71].
Званіца стаяла на невялікіх могілках, якія межавалі з кляштарным дзядзінцам. У 1829 г. была пабудавана новая званіца, якая стаяла на чатырох дубовых слупах і мела тры званы. Здаецца, касцёл прастаяў без перабудоў ад асвячэння ў 1714 г. да закрыцця яго царскім указам ад 06.09.1835 г. Ужо на пачатку XIX ст. касцёл і кляштар патрабавалі рамонту: візітацыя 1818 г. сцвярджала, што "кляштар патрабуе поўнага рамонту, бо так зруйнаваны, што 20 лістапала 1818 г. два памяшканні разам з кухняй рухнулі" .
Праз два гады ўдалося адрамантаваць фасад, гзымсы і дахі. Але 20 траўня 1826 г. пажар знішчыў дах і пашкодзіў скляпенні. Пажар цалкам знішчыў шпіталь, які не меў собскага фундушу, і таму не было грошай, каб яго адбудаваць. Пасля пажару дах касцёла пакрылі саломай, якую часта зрывала ветрам. Касцёл стаяў занядбаны і брудны, абразы парваныя, літургічнае начынне патрабавала рэпарацыі.
Колькасць манахаў-кармелітаў ў розныя часы была рознай. Першапачаткова, у канцы XVII ст. іх колькасць была 6-7 чалавек. У першай палове XVIIІ ст. лічба кармелітаў дасягнула 10 чалавек, а ў 1774 г. іх было ужо 14, што выводзіла Ліду на трэцяе месца па колькасці манахаў-кармелітаў у літоўскай кармеліцкай правінцыі. У 1803 г. у Лідзе засталося 6 кармелітаў, у 1820 г. - 4 і ў 1825 г. - зноў 6 [72].
На працягу XIX ст. першы паверх кляштара часта выкарыстоўваўся для свецкіх мэтаў. Акрамя павятовага архіва, тут месціліся павятовая каса і нават суд з канцылярыяй [73]. Перад вайной 1812 г. трапезную кляштара забралі пад царкву рускага драгунскага палка, камандзірам якога быў немец, лютаранін генерал Корф. Гэты ж генерал забраў кляштарны дом, які да яго здаваўся і прыносіў кармелітам добры даход (каля 150 руб. у год), скаргі адпаведным уладам не дапамаглі [74].
Стан маёнткаў кармелітаў вядомы толькі з XIX ст. Напрыклад ў 1810 г. фальварак Зарэчча быў павінен штогод прыносіць 252 руб. прыбыткаў. Гэты фальварак складаўся з жылога дома, гаспадарчых пабудоў і гарода, фальварку належалі вёскі Навасёлкі (там жылі 3 мужчыны), Лайкоўшчына (7 жыхароў), Паддубна (17 жыхароў) і некалькі валок зямлі. У фальварку высявалася 9 бочак жыта, пшаніцы 2 асміны, аўса 3 бочкі і 7 асмін, гароху 3 асміны, грэчкі 5 асмін, канопляў 12 гарнцаў, на сенажацях скошвалася 60 вазоў сена. Фальварак меў 5 валоў, 2 бугаі, 10 дойных кароў, 1 ялавую карову, 10 цялят, 2 кані, 15 авечак, 1 барана, 4 казы і 1 казла, 10 свіней, 12 вяпрукоў, 10 парасят, 20 кур і 1 пеўня, 8 гусей і 3 качкі. Пасля скасавання ордэна, фальварак перададзены ў дзяржаўны скарб.
Фундушовыя грошы былі падзелены на чатыры часткі і размешчаны: 1-я частка 9 000 руб. (60 000 зл.) у маёнтку Крупава, 2-я частка 600 руб. (4 000 зл.) у Жырмунах, 3-я частка 900 руб. (6 000 зл.) у Востраве, 4-я частка 2 100 руб. (14 000 зл.) у Лідскім кагале. Усе разам гэтыя грошы павінны былі прыносіць 1 071 руб. прыбыткаў у якасці адсоткаў з капіталаў. Але за атрыманне гэтых працэнтаў кляштару прыходзіліся пастаянна судзіцца.
Згодна з актам візіты 1820 г. грашовыя сумы пазначаны ў памеры 12 500 руб. Даходы склалі: з працэнтаў 958 руб. 29 кап., з касцёла 30 руб., з сялян за аплату рэкрутчыны 14 руб., з арэнды пляцаў 17 руб., за кватараванне ў кляштары свецкіх асобаў 150 руб, разам - 1 169,29 руб. З гэтых сум выдаткавана: урадавыя падаткі 27,83 руб, рэкрутчына 34 руб., воск, алей, віно і іншае - 120 руб., утрыманне законнікаў 556 руб, утрыманне слуг і чэлядзі 130 руб., рэстаўрацыя касцёла і кляштара 300 руб., разам - 1 167,83 руб.
Фундушу на утрыманне школы кляштар не меў, але час ад часу, калі з'яўляліся грошы, вучыў навукам хлопчыкаў з бедных сямей.
Бібліятэка кляштара мела больш за сто тамоў, пераважна тэалагічнай літаратуры, некалькі дзесяткаў кніжак былі пашкоджаны. У архіве меліся: інвентар фальварка Зарэчча за 1697 г., кнігі кляштарных актаў за 1719 і 1757 гг., кнігі духоўных і цывільных запісаў за 1804 г., кнігі расходаў і даходаў за 1729 і 1764 гг., інвентар за 1800 г.
Шпіталь, як пісалася вышэй, не меў адмысловага фундушу і таму ўтрымліваўся на ўзносы розных дабрадзеяў.
Як і належыць у кармелітаў, пры клештары існавала братэрства Шкапулярыя, якое працавала за кошт складак яго сяброў [75].
У 1832 г. Лідскі гараднічы меў прэтэнзіі і да ўжо нядзейснага кармеліцкага кляштара. 24 жніўня 1832 г. ён дакладваў Гарадзенскаму грамадзянскаму губернатару пра тое, што зрабіў распараджэнне аб папраўцы плота скасаванага кармеліцкага кляштара [76].
У 1845 г. будынак кляштара быў перароблены на вайсковы шпіталь, касцёл быў кінуты і разбураўся.
Выкананыя ў 1840 г. абмеры сведчыць, што касцельныя скляпенні ўжо не існавалі. У 1851 г. кляштар апісваўся як кінуты і разбураны. У 1858 г. муры святыні "ледзь трымаліся".
У 1908 г. касцёл быў разабраны, хоць касцельныя муры усе яшчэ стаялі да узроўню даху. Цэгла выкарыстоўвалася для будаўніцтва кашараў Паўночнага вайсковага гарадка. У тым жа 1908 г. кляштар занялі вайскоўцы. Пад час нямецкай акупацыі ў будынку былога кляштара месціўся жаўнерскі клуб, а з 1927 г. тут стала размясцілася староства Лідскага павета.
Зараз там дзе стаяў кармеліцкі кляштар, знаходзіцца будынак музычнага каледжа [77].
Дадаткі
№182-1795 г. Красавіка, 1 [78].
Аб'ява генерал-губернатара Рэпніна аб тым, каб духоўныя ўлады строга назіралі за пропаведзямі духавенства.
Аб'ява
Літоўскага генерал-губернатара Князя Рэпніна, усім каму пра тое ведаць належыць.
У горадзе Лідзе 19 мінулага сакавіка месяца па новым стылі Піяр, названы Лаўрынец (Ваўжынец - Л.Л. ) Адамовіч, адважыўся ў пропаведзі, замест павучання закону Божаму, і супраць правілаў Евангельскіх і апостальскіх, і насуперак сваёй прысязе, непрыстойна ганьбіў паводзіны Гасудароў і ўмешваўся ў справы палітычныя, якія да духоўнага сану і закону Боскага не належалі; за такую дзёрзкасць той не варты свайго сану манах быў ўзяты пад варту і пазбаўлены свайго месца, ён будзе за гэта злачынства пакараны па ўсёй строгасці законаў. Але каб і ўсякага роду духавенства сцераглося і не адважвалася надалей ўпадаць у падобныя злачынствы супраць закона Хрысціянскага, які загадвае падпарадкавацца ўсталяванай ўладзе, а не наракаць супраць сваёй прысягі, пад засцярогай немінучага за тое строгага па законах пакарання; то праз гэта ўсім абвяшчаецца і пацвярджаецца: каб улады Духоўныя ўважліва за гэтым назіралі і падпарадкаванае ім духавенства трымалі ў правілах Хрыста Збаўцы нашага і ў вернасці прысягі нашай Аўгусцейшай Імператрыцы; да гэтага духоўныя ўлады ўсе намаганні свае і ўсю ўладу, ім законам дадзеную, павінны спажыць, для захавання падначаленага ім духавенства ад бядотных наступстваў, якія непазбежна прыцягнуць на сябе злачынцы.
З гэтым манахам як тамтэйшы начальнік быў узяты пад варту і рэктар Лідскага вучылішча Фларыян Крушэўскі; але пасля разгляду справы высветлілася, што ён бязвінны, бо не ведаў, што такую пропаведзь той манах казаць будзе: таму гэты Крушэўскі адпушчаны без усялякага спагнання, хоць ён і апынуўся не на сваім месцы з-за слабага ўтрымання падначаленых, ад чаго і адбылася такая дзёрзкасць, гэтак жа вінаваты і ў тым, што супраць сваёй прысягі адразу не прыняў залежных ад яго мер да спынення падобнага злачынства і не паведаміў пра яго, куды трэба.
Праз гэтую аб'яву пацвярджаю ўсім духоўным уладам пра неабходнасць строга назіраць.
Дадзена ў Гародні, 1/12 красавік 1795. Князь Мікалай Рэпнін.
РДГА. № фонду: 797, № вопісу: 12, год: 1842-1843. № справы: 30981
С. 1.
Спадару Обер-Пракурору
Свяцейшага Сінода
Віленскі Ваенны, Гарадзенскі, Менскі і Беластоцкі Генерал Губернатар прадстаўляе мне аб прапанове начальніка Гарадзенскай Губерні перавесці пашкоджаны пажарам у мінулым жніўні ў г. Лідзе касцёл Заштатнага піярскага манастыра ў Праваслаўную царкву, а манастырскія будынкі для памяшкання павятовага вучылішча.
Да якога-небудзь з майго боку распараджэння, пакорліва прашу Ваша Сіяцельства, па змесце ў гэтым спісе прапановы Генерал-губернатара Мірковіча, паведаміць мне Ваша меркаванне.
Міністр Унутраных спраў [подпіс].
Дырэктар [подпіс].
С. 2.
Спіс з прапановы Віленскага Ваеннага, Гарадзенскага, Менскага і Беластоцкага Генерал-губернатара да Міністра Унутраных спраў ад
30 Кастрычніка 1842 г. за № 8107.
Падчас былога пажару ў г. Лідзе Гарадзенскай губерні, 23 мінулага жніўня, пажар знішчыў амаль палову гэтага горада, абгарэў касцёл з мураваным будынкам каля яго, які належаў заштатнаму манастыру піяраў.
Па зместу звароту да Гарадзенскага грамадзянскага губернатара, Кіраўніка Віленскай рымска-каталіцкай епархіі, біскупа Цывінскага, згаданы манастыр не ў стане выправіць абгарэлых будынкаў. Між тым Касцёл гэты стаіць на галоўнай вуліцы, і пакіданне яго ў цяперашнім выглядзе знявечыла бы лепшую частку горада.
Гарадзенскі Грамадзянскі Губернатар падае мне розныя прапановы пра новае ўладкаванне г. Ліда і растлумачыў між іншым, што азначаны Касцёл па аднаўленні знішчаных агнём драўлянага купала і даха, а таксама ўнутранага аздаблення, мог бы з дасканалай прыстойнасцю быць ператвораным ў праваслаўную царкву, так як ён прыгожай архітэктуры, мае трывалыя сцены і непашкоджаную агнём каланаду.
Маючы на ўвазе, што прыманыя да гэтага часу меры па зборы ахвяраванняў для збудавання ў Лідзе хоць бы невялікай драўлянай царквы, засталіся беспаспяховымі з-за беднага стану мясцовых жыхароў, якія прыйшлі сёння яшчэ ў большае засмучэнне ад пажару, а між тым ёсць вялікая неабходнасць адкрыцця ў азначаным горадзе Праваслаўнай царквы, таму я лічу абавязкам прапанову Гарадзенскага Грамадзянскага губернатара перадаць для далейшага разгляду Вашага правасхадзіцельства на той прадмет, ці не прызнаеце Вы, Міласэрны Спадар, магчымым зрабіць залежнае ад Вас хадайніцтва аб пераводзе Лацінскага касцёла ў г. Лідзе, які належыць заштатнаму піярскаму манастыру, у Праваслаўную царкву за кошт сум духоўнага ведамства і аб наступным ушанаваць мяне сваім паведамленнем.
Калі цяперашняя прапанова атрымае адабрэнне, то ў такім выпадку па зместу прадстаўлення да мяне сапраўднага стацкага дарадцы Допельмайра, заснаванага на зносінах яго з Дырэктарам вучылішчаў Гарадзенскай губерні, у абгарэлым мураваным манастырскім будынку, маглі б з выгадай і прыстойнасцю змяшчацца: Лідская павятовая вучэльня, наглядчык яе і некалькі настаўнікаў. Набыццё гэтага будынка ад Рымска-Каталіцкага духавенства ўяўляецца вельмі магчымым, бо манастыр, як вышэй сказана, не мае сродкаў для выпраўлення; выдаткі ж на аднаўленне гэтага будынка могуць прыкладна складаць не вышэй за 4 тысячы рублёў срэбрам.
Дакладна. Начальнік аддзялення [подпіс].
С. 4.
Правялебнаму Мінскаму (закрэслена)
Літоўскаму
Прывялеб. Уладыка
Міласцівы сп-р. і Арх.
Сп. Міністр Унутраных спраў перадаў паступіўшую [] ад Віленскага Ваеннага, Гарадзенскага, Менскага і Беластоцкага Генерал-губернатара прадстаўленне пра прапанову начальніка Гарадзенскай Губерні [] пашкоджаны пажарам быў у мінулым жніўні [] у г. Лідзе касцёл пазаштатнага піярскага манастыра ў праваслаўную царкву, а манастырскія будынкі для памяшканняў павятовага вучылішча.
Лічу абавязкам пераправіць пазначанае прадстаўленне ў [] на папярэдняе меркаванне Вашай правялебнасці і пакорна прашу аб паведамленні мне Вашага меркавання.
Са шчырай пашанай
[подпіс] пакорны слуга Граф Пратасаў.
Дакладна: Столаначальнік [подпіс].
С. 5.
Ваша Сіяцельства
Міласэрны Спадар!
Гарадзенскай Губерні ў павятовым горадзе Лідзе, ёсць сёння два Праваслаўныя прычты, адзін старажытна-праваслаўны, а другі ўз'яднаны, але Царквы Праваслаўнай тут няма, так што першы з тых прычтаў адпраўляе Набажэнства ў адведзеным паліцыяй абывацельскім пакоі, а другі ў старой могілкавая капліцы. Епархіяльныя начальства, Менскае і Літоўскае, хадайнічалі аб звароце ў Праваслаўную Царкву Касцёла скасаванага ў Лідзе Кармелітанскага манастыра, але Касцёл гэты разам з кляштаром, у мінулым годзе, паступіў ужо канчаткова ў ваеннае ведамства. Так як ў горадзе Лідзе Праваслаўная Царква неабходная, то, каб пазбегнуць пабудовы новай Царквы, я мяркую зусім зручным і карысным звярнуць на Праваслаўную Царкву абгарэлы цяпер у Лідзе Касцёл піярскага манастыра. Касцёл гэты даволі прыгожы, і знаходзіцца на бачным месцы, і хоць ад яго засталіся толькі мураваныя сцены, аднак ж аздабленне яго на Царкву па ўсёй верагоднасці менш будзе каштаваць, чым пабудова новай.
Паведамляючы пра гэта Ваша Сіяцельства, у наступства Вашага ліста ад … лістапада за № 7641, маю гонар быць з сапраўднай павагай і адданасцю
Вашага сіяцельства пакорны слуга Іосіф, Арцыбіскуп Літоўскі.
№ 1689
22 лістапада 1842 года,
С. Петербург,
яго сіяцельству
Сп. Обер-Пракурору Сінода
Графу Н.А. Пратасаву
С. 6.
Спадару Міністру Унут. спраў.
У выніку прапановы … ад 12 гэтага лістапада за № 2996 маю гонар паведаміць, што прапанова Віленскага Ваеннага, Гарад. Бел. і Менскім Генерал-губернатарам пераводу ў праваслаўную царкву касцёла пазаштатнага манастыра піяраў у г. Лідзе … Прывялебны Літоўскі лічыць зусім зручным і карысным для тамтэйшых праваслаўных … сустракаюць цяжкасці ў выкананні сваіх дух. абавязкаў з-за адсутнасці прыходскай царквы.
[подпіс] Обер-Пракурор Св. Сінода Генерал-Ад'ютант Граф Пратасаў.
Дакладна, Столаначальнік [подпіс].
С. 7.
Спадару Обер-Пракурору
Свяцейшага Сінода
Пры паведамленнай мне Вашым сіяцельствам ад 27 лістапада мінулага года за № 7834 прапанове перадаць у ведамства Праваслаўнага духавенства піярскі Рымска-Каталіцкі касцёл у г. Лідзе, з перадачай часткі будынкаў яго для Лідскага павятовага вучылішча, я прапаноўваў … Сенату, які, дазволіўшы перадачу згаданага касцёла і будынкаў яго на вышэйвыказанай падставе, дазволіў указам ад 3 сакавіка зрабіць мне належнае па гэтым распараджэнне.
Паведаміўшы пра гэта Генерал-губернатару Мірковічу, Міністру Народнай Асветы і прапанаваўшы Рымска-Каталіцкай духоўнай Калегіі для залежных ад іх распараджэнняў, лічу абавязкам паведаміць пра гэта Ваша Сіяцельства.
Міністр Унутраных Спраў [подпіс].
Дырэктар [попіс].
С. 9.
Ваша Сіяцельства
Міласэрны Спадар!
Атрымаўшы прапанову Вашага сіяцельства ад 16 гэтага сакавіка за № 1913., датычную перадачы ў ведамства праваслаўнага духавенства, згарэўшага ў горадзе Лідзе лацінскага мураванага касцёла: я прапанаваў цяпер жа Літоўскай Кансісторыі распарадзіцца аб прыёме таго касцёла ў веданне мясцовага праваслаўнага кліру, а з тым разам прадпісаць епархіяльнаму архітэктару, каб ён склаў належныя планы і каштарысы на папраўку і пераробку таго Касцёла, для хадатайніцтва пра выдачу патрэбных для гэтага сум.
Паведамляючы пра гэта Ваша Сіяцельства з сапраўднай павагай маю гонар быць.
Вашага сіяцельства Іосіф Архіепіскап Літоўскі.
№ 458
17 сакавіка 1843 года
Яго сіяцельства Сп. Обер
Пракурору Св. Сінода Графу
Н.А. Пратасаву.
С. 10.
Спадару Обер-Пракурору
Свяцейшага Сінода
Віленскі ваенны, Гарадзенскі, Менскі і Ковенскі Генерал-Губернатар паведамляе мяне, што касцёл былога піярскага манастыра ў г. Лідзе, здадзены ў веданне праваслаўнага духавенства, а частка будынкаў яго аддзелена для Лідскага павятовага вучылішча.
Маю гонар паведаміць пра гэта Вашаму сіяцельству ў дапаўненні да майго ліста за № 797.
Міністр Унутраных Спраў [подпіс].
Віца-Дырэктар [подпіс].
Дакументы з асабістага архіва мітрапаліта Іосіфа Сямашкі, надрукаваныя ў кнізе: "Записки Иосифа, митрополита литовского" (Т. 3, СПб., 1883)
Г. обер - прокурору Св. Синода графу Протасову, от 20 августа (1837 г.) за № 566, о неимении препятствия к передаче Лидской по-кармелитской церкви на Православную, с тем, что бы в ней устроен был боковой престол для Униатов [79].
В следствии отзыва вашего сиятельства, от 9 сего августа за № 218, честь имею довести до вашего сведения: что в Лидской каменной по-кармелитской церкви Греко-униатское богослужение действительно не совершается, из-за неустройства оной по правилам Восточной церкви, что устройство таковое не состоялось до сих пор, частью по известному уже от нескольких лет предположению обратить сию церковь в военную Православную, частью по неимению вовсе средств совершить таковое устройство, что для отправления Лидским Грекоуниатским прихожанам богослужения снабжена иконостасом и прилично устроена небольшая Ольжевская Грекоуниатская каплица, что, хотя число означенных прихожан обоего пола не превышает трехсот, и они по необходимости должны довольствоваться сказанною каплицей, из уважения однако ж, что каплица эта находится в пяти или шести верстах от города Лида, куда, кроме прихожан, стекается по делам и на торги много других униатов, и что здесь естественно иметь пребывание местному благочинному, весьма бы нужна была Униатская церковь в самом городе Лида. По сему я не нахожу никакого препятствия отдать ныне же в военное ведомство означенную выше по-кармелитскую каменную церковь, осмеливаюсь однако ж возобновить при сем случае давнишнюю мою мысль, чтобы вместо предполагаемой постройки новой в городе Лиде Униатской церкви, при предстоящей переделке помянутой по-кармелитской церкви в Православную, устроить в ней для Униатов боковой придел. Мысль эту сообщал я еще в 1834 г. губернатору Муравьеву, и он пустил о том представление, оставшееся или в министерстве внутренних дел или у бывшего обер-прокурора Св. Синода.
Преосвященному Антонию, епископу Бресткому, от 17 декабря (1837 г.) за № 831, об отмене сделанных им сношений о постройке в Лиде особой Грекоуниатской церкви… [80].
В Лиде, бывший кармелитский костел отстроиться на Православную Грекороссийскую церковь, в которой можно будет отправлять богослужение и Грекоуниатскому священнику, так, как ныне дозволено это Грекороссийским священникам в Грекоуниатских церквах. По сему и по бывшим у меня отношениям с г. обер-прокурором Свя-тейшего синода, оказывается излишним строить в городе Лида новую Грекоуниатскую церковь. За тем, вследствии отзыва вашего преосвященства, от 3 сего декабря за № 512, поручаю вас отменить сделанные вашим преосвященством распоряжения касательно постройки означенной церкви.
[1] Любарский И. В. В мятежном крае. (Из воспоминаний). // Исторический вестник. Март, 1895. С. 823.
[2] Narbutt T. Cokolwiek z historyi miasta Lidy // Narbutt T. Dzieje starozytne narodu litewskiego. T. 5. Wilno, 1839. Dodatek I. S. 1.
[3] Коўкель І. Ліда // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. Т. 4. Мінск, 1997. С. 362.
[4] Марозава С. В. Ліда на старонках летапісаў і хронік Вялікага княства Літоўскага // Ліда і Лідчына: да 685-годдзя з дня заснавання горада. Матэрыялы рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі. - Ліда, 2009. С. 8.
[5] Насевіч В. Лідскі павет // Вялікае княства Літоўскае: энцыклапедыя. Т. 2. Мінск, 2006. С. 198-199.
[6] Баравы Р. Ліда // Вялікае княства Літоўскае: энцыклапедыя. Т. 2. Мінск, 2006. С. 196.
[7] Шимелевич М. Город Лида и Лидский замок (Исторический очерк) // Виленский календарь. Вильно, 1906. С. 37-57.
[8] Zmicorodzki J. Nowogrodek i okolice. Nowogrodek, 1931. S. 59.
[9] Pyzel K. Kosciol parafialny p. w. Podwyzszenia krzyza sw. w Lidzie. // Koscioly i klasztory rzymskokatolickie dawnego wojewodztwa wilenskiego. Tom 2, czasc III. Krakow, 2008. S. 98.
[10] Тамсама. S. 93.
[11] Баравы Р. Ліда // Вялікае княства Літоўскае: энцыклапедыя. Т. 2. Мінск, 2006. С. 196.
[12] Насевіч В. Віленская рымска-каталіцкая епархія // Вялікае княства Літоўскае: энцыклапедыя. Т. 1. Мінск, 2007. С. 417.
[13] Kurczewskie Jan. Biskupstwo Wilenskie. Wilno, 1912. S. 208.
[14] Баравы Р. Ліда // Вялікае княства Літоўскае: энцыклапедыя. Т. 2. Мінск, 2006. С. 197; Гісторыя Беларусі: у 6 т. Т. 2: Беларусь у перыяд Вялікага княства Літоўскага. Мінск, 2008. С. 233; Narbutt T. Cokolwiek z historyi miasta Lidy // Narbutt T. Dzieje starozytne narodu litewskiego. T. 5. Wilno, 1839. Dodatek I. S. 1. (In nomine Dni Amen. Vladislaus dei gratie Rex polonie lituanieque Princeps supremus e. t. c. Heres mie e. t. c. Ad perpctuam rei memoriam. Quamquam ex suscepli cura Regiminis universorum nostrorum Regimini subditoruM utilitale tenemur ad ea tanien que diuini cultui administracionem decus ac gloriam ac statum felicem et quietem, ac virium firmitatem Ministrorum Omnipotentis conspiciunt, tanio dignius intendimus quantum pro ceteris mundi Princibibus nomen Regale solum magniricencie extollit et mirabilius universorum prouidencie creatoris con-sideranles sane Omnipotenlis inimensam clemenciam qua nos ovem pridem perditam ad Begales dignitates solium Clementissimi sublimauit, volentesque tanquam fidelis commissorum gubernator pro infinibis heneficiis aliquibus licet tamen exilio meritis obuiare. Ecclesiam vetere nostre fundacionis olim pp. cc. ord. s. Francisci Apostolis Lituanie cominendandam in opido nostro Lida nunc de nouo conslructam et ad honorem Omnipotentis Dei Gloriosissime Virginis Marie Omnium Sanctorum specialiler Sancti Crucis...... dicalum......dotauirnus bonis prouenlibus et utilitatibus ut in nostris literis ........clare nitilur confirmamus et incorporamus donamus et appropriamus Lidensem..........Dougirdi........ommos thelonis vulgariter. На абаротным баку стаяла дата даданая потым: A. Domini M. CCC. XIIII. Feria iijj. in hebd. Pentecost... У імя Бога, аман. Уладзіслаў Кароль Божай міласцю Польшчы, вялікі князь Літоўскі... і г.д..... На вечную памяць... Касцёл нашай старой фундацыі ордэна Святога Францішка, Апостала Літвы, заснаваны раней у нашым горадзе Ліда, зараз нанава збудаваны і названы ў гонар Усіх Святых, асабліва Святога Крыжа, мы надзяляем маёмасцю і прывілеямі...).
[15] Археографическая комиссия. Русская историческая библиотека Том 20. Литовская метрика. Т. 1. Петербург, 1903. С. 920-922.
[16] Kurczewskie Jan. Stan kosciolow parafialnych w djecezji wilenskiej po najaciu nieprzyjacielskiem 1655-1661 r. // Litwa i Rus. Luty, 1912. T.1. Zeszut II. S. 122.
[17] Kurczewski J. Biskupstwo Wilenskie. Wilno, 1912. S. 486.
[18] Kurczewski J. Biskupstwo Wilenskie. Wilno, 1912. S. 209.
[19] Кулагін А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі: энцыклапедычны даведнік. Мінск, 2000. С. 86; Rouba N. Przewodnik po Litwie i Bialej Rusi. Wilna, 1909. S.107-109.
[20] Агульны назва для манет бітых Андрэ Тынфам у 1663-1667 гг. Намінальны кошт: 1 зл. 30 грошаў, рэальны - каля 12-18 грошаў.
[21] Прэзбітэрый ці прэзбітэрыюм - ("месца для выбраных", ад старагрэчаскага "сход святароў") частка каталіцкага храма між асноўным аб'ёмам і алтарнай апсідай, прызначаная для царкоўнага кліра.
[22] Pyzel K. Kosciol parafialny p.w. Podwyzszenia krzyza Sw. w Lidzie // Koscioly i klasztory rzymskokatolickie dawnego wojewodztwa wilenskiego. Krakow, 2008. T. 2., cz. III. S. 102.
[23] Профільны пояс, карніз
[24] Pyzel K. Kosciol parafialny p.w. Podwyzszenia krzyza Sw. w Lidzie // Koscioly i klasztory rzymskokatolickie dawnego wojewodztwa wilenskiego. Krakow, 2008. T. 2., cz. III. S. 103.
[25] Пілястра - плоскі вертыкальны прамавугольны ў плане выступ на сцяне або слупе.
[26] Сігнатурка - невялікая вежачка (звычайна са звонам), якая звычайна ўзвышаецца над прэзбітэрыем.
[27] Litwa i Rus. 1912. Maj-czerwiec. T. II. Zeszut II/III. S. 150-152.
[28] Pyzel K. Kosciol parafialny p.w. Podwyzszenia krzyza Sw. w Lidzie // Koscioly i klasztory rzymskokatolickie dawnego wojewodztwa wilenskiego. Krakow, 2008. T. 2., cz. III. S. 104-105.
[29] Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў г. Гродна. Ф 1. воп. 9. сп. 110. "Об учреждении городской полиции в гор. Волковыске, Лида и Слониме".
[30] Будучы Віленскі генерал-губернатар Мураўёў-вешальнік.
[31] Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў г. Гродна. Ф 1. воп. 4. сп. 131. "Переписка с римско-католической духовной консистории духовной консистории Гродненской казённой палатой, Лидским городничим и неудовлетворительном состоянии католических церквей и монастырей в г. Лида." С. 1.
[32] Там жа. С. 2.
[33] Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў г. Гродна. Ф 1. воп. 4. сп. 131. "Переписка с римско-католической духовной консистории с Гродненской казённой палатой, Лидским городничим о неудовлетворительном состоянии католических церквей и монастырей в г. Лида." С. 3.
[34] Там жа. С. 8-8 аб.
[35] Pyzel K. Kosciol parafialny p.w. Podwyzszenia krzyza Sw. w Lidzie // Koscioly i klasztory rzymskokatolickie dawnego wojewodztwa wilenskiego. Krakow, 2008. T. 2., cz. III. S. 105-106.
[36] Самусік А. Лідскі піярскі калегіюм // Вялікае княства Літоўскае: энцыклапедыя. Т. 2. Мінск, 2006. С. 199; Rouba N. Przewodnik po Litwie i Bialej Rusi. Wilna, 1909. S.107-109.
[37] Іосіф (Хасе) Каласанц, Святы Юзаф дэ Каласанс (1557 - 25 жніўня 1648) - каталіцкі святар, заснавальнік Ордэна Піяраў.
[38] Kalamajska-Saeed Maria. Kosciol p.w. Sw. Jozefa Kalasantego i klasztor Pijarow w Lidzie // Koscioly i klasztory rzymskokatolickie dawnego wojewodztwa wilenskiego. Krakow, 2008. T. 2., cz. III. S. 141-142.
[39] Сборник документов, касающихся административного устройства Северо-Западного края при императрице Екатерине II (1792-1796) [С предисл. Ар. Турцевич]. Вильна, 1903. С. 270.
[40] У Расіі ў 1775-1864 гг. - назва некаторых судовых чыноўнікаў, напрыклад памочніка пракурора па крымінальных справах.
[41] Kalamajska-Saeed Maria. Kosciol p.w. Sw. Jozefa Kalasantego i klasztor Pijarow w Lidzie // Koscioly i klasztory rzymskokatolickie dawnego wojewjdztwa wilenskiego. Krakow, 2008. T. 2., cz. III. S. 142-143.
[42] Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў г. Гродна. Ф 1. воп. 4. сп. 131. "Переписка с римско-католической духовной консистории духовной консистории Гродненской казённой палатой, Лидским город-ничим о неудовлетворительном состоянии католических церквей и монастырей в г. Лида.". С. 5-5 аб., 16.
[43] Рызаліт - частка будынка, якая выступае за асноўную рысу фасада і ідзе па ўсёй вышыні будынка.
[44] Невялікі шафка са Святымі Дарамі,
[45] Kalamajska-Saeed Maria. Kosciol p.w. Sw. Jozefa Kalasantego i klasztor Pijarow w Lidzie // Koscioly i klasztory rzymskokatolickie dawnego wojewodztwa wilenskiego. Krakow, 2008. T. 2., cz. III. S. 143-144.
[46] Дакумент у 2010 г. адшукаў у архіве лідзянін Вадзім Нікалаеў. Цалкам змяшчаецца па адрасу: http://pawet.net/library/history/citydistrict/religion/svmichalauski o/Об обращении Заштатного в г. Лиде Пиарского монастыря в православную церковь.html
[47] Kalamajska-Saeed Maria. Kosciol p.w. Sw. Jozefa Kalasantego i klasztor Pijarow w Lidzie // Koscioly i klasztory rzymskokatolickie dawnego wojewodztwa wilenskiego. Krakjw, 2008. T. 2., cz. III. S. 145.
[48] Kuwalek R. Rzymskokatolicki cmentarz przy ul. Grazyny // Zemia Lidzka. 1996. № 18-19. S. 16.
[49] Шимелевич М. Город Лида и Лидский замок (Исторически очерк) // Виленский календарь. Вильно, 1906. С. 37-57.
[50] Палуцкая С. В. З гісторыі уніяцтва на Лідчыне // Наш Радавод. Кн. 6: З гісторыі Лідчыны. Ліда, 1994. С. 67.
[51] Kalamajska-Saeed Maria. Kosciol p.w. Sw. Jozefa Kalasantego i klasztor Pijarow w Lidzie // Koscioly i klasztory rzymskokatolickie dawnego wojewodztwa wilenskiego. Krakow, 2008. T. 2., cz. III. S. 145.
[52] Литовские епархиальные ведомости. 1863. № 17. С. 629-632.
[53] Литовские епархиальные ведомости. 1886. № 1-2. С. 5.
[54] Любарский И. В. В мятежном крае. (Из воспоминаний). // Исторический вестник. Март, 1895. С. 824.
[55] Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 41244. Візіты цэркваў Лідскага дэканата 1792 г. С. 35аб.
[56] Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 41244. Візіты цэркваў Лідскага дэканата 1792 г. С. 35-35аб.
[57] Kalamajska-Saeed Maria. Kosciol p.w. Sw. Jozefa Kalasantego i klasztor Pijarow w Lidzie // Koscioly i klasztory rzymskokatolickie dawnego wojewodztwa wilenskiego. Krakow, 2008. T. 2., cz. III. S. 146-147.
[58] Загідулін А.М. Беларускае пытанне ў польскай нацыянальнай і канфесійнай палітыцы ў Заходняй Беларусі (1921-1939 гг.). Гродна, 2010. С. 99.
[59] Kalamajska-Saeed Maria. Kosciol p.w. Sw. Jozefa Kalasantego i klasztor Pijarow w Lidzie // Koscioly i klasztory rzymskokatolickie dawnego wojewodztwa wilenskiego. Krakow, 2008. T. 2., cz. III. S. 146.
[60] Стасевіч-Ясюкова Ірэна. Ксёндз Станіслаў Роек. Варшава-Ліда 2007. С. 44-45.
[61] Kalamajska-Saeed Maria. Kosciol p.w. Sw. Jozefa Kalasantego i klasztor Pijarow w Lidzie // Koscioly i klasztory rzymskokatolickie dawnego wojewodztwa wilenskiego. Krakow, 2008. T. 2., cz. III. S. 146.
[62] Лаўрэш Леанiд. "I зорнае неба над галавой…": Нарысы з гiсторыi астраномii. Мінск, 2013. С. 264-265.
[63] Наша слова. № 17 (1116) 24 красавіка 2013 г.
[64] Pyzel Konrad. Kosciol p.w. Najsw. Marii Panny i Sw. Alberta oraz klasztor karmelitow trzewiczkowych w Lidzie // Koscioly i klasztory rzymskokatolickie dawnego wojewodztwa wilenskiego. Krakow, 2008. T. 2., cz. III. S. 171.
[65] 20 верасня 1674 г. Зоф'я Івашкевіч, лідская гараджанка, запісала палову пляца ў Лідзе па вуліцы Віленскай; у 1674 і 1682 гг. зноў Мікалай Рыла разам з Ежы Дамашэўскім запісаў 60 000 злотых забяспечаных вёскай Крупава (потым з гэтым было шмат цяганіны); 1 жніўня 1674 г. Канстанцін Калясінскі дараваў валоку зямлі ў Лідскім павеце; 8 ліпеня 1675 г. Станіслаў Караль Абрамовіч, стараста Булгакаўскі, дараваў палову валокі зямлі; 2 верасня 1675 г. пісар гродскі Лідскі Казімір Міхал Янет Палевіч запісаў кармелітам 5 пляцаў у Лідзе па вуліцы Замкавай; 4 студзеня 1676 г. гараджанін Ян Марцінавіч Перхур запісаў палову валокі зямлі; 22 верасня 1676 г. Адам Грынкевіч, Лідскі бургамістр, дараваў палову пляца ў Лідзе; 10 студзеня 1686 г. Палевіч, ужо пісар скарбовы ВКЛ, зноў дараваў кармелітам нешта (дакладна не вядома); у траўні 1690 г. гараджанін Андрэй Гарневіч падпісаў тастамант, па якім пасля яго смерці кармелітам адыходзіць пляц, які зваўся "Гечалоўскі", пляц месціўся ў Лідзе каля рынка; 25 красавіка 1697 г. Фрацішак-Юзаф Масевіч, Лідскі харунжы, запісаў 24 000 злотых, забяспечаных фальваркам Зарэчча, які здаваў у заставу, дарэчы, менавіта гэты фундуш даваў галоўныя сумы грошай кармелітам; у 1698 г. Казімір Шышка, Ежы Пашкевіч і Станіслаў Выдымонскі прызначылі кляштару 28 000 злотых; 14 ліпеня 1714 г. Станіслаў Карповіч, гараджанін, запісаў дом з пляцам у Лідзе; 15 верасня 1714 г. Ян Іваноўскі, Лідскі радца, запісаў палову пляца ў Лідзе. У той жа дзень Мацей і Аль-жбета Шырмы запісалі чвэрць пляца ў Лідзе; 21 чэрвеня 1716 г. вышэй згаданы Масевіч, ужо Лідскі маршалак, дараваў пляц ў Лідзе; 4 сакавіка 1718 г. сужонцамі Юрыем і Марыянай Шклярэўскімі запісаны пляц у Лідзе; 13 траўня 1744 г. Антоні Ваўжэцкі, Аляксандр Вінча і Юзаф Стыпалкоўскі зрабілі запіс на юрыдыку ў Лідзе з 2 яўрэямі на ёй; 3 ліпеня 1747 г. Францішак Тубялевіч дараваў 244 злотых забяспечаных пляцам ў Лідзе; у 1752 г. Зыгмунт Сакаловіч і Ян Драбігевіч запісалі 4 000 злотых; 3 лістапада 1755 г. Ашмянскі скарбнік Станіслаў Гурыновіч дараваў дом у Лідзе; у 1762 г. Ян Юдыцкі, кашталян Менскі, запісаў 6 000 злотых. Гл. Gizycki J. M.F. (Wolyniak). Z przeszlosci karmelitow na Litwie i na Rusi. Cz. 1-2.Krakow, 1918. S. 243-244.
[66] Pyzel Konrad. Kosciol p.w. Najsw. Marii Panny i Sw. Alberta oraz klasztor karmelitow trzewiczkowych w Lidzie // Koscioly i klasztory rzymskokatolickie dawnego wojewodztwa wilenskiego. Krakow, 2008. T. 2., cz. III. S. 172.
[67] Па іншай версіі хор законнікаў месціўся ў прэзбітэрыі касцёла за перагародкай.
[68] Сымон Сток (1165-1265) - святы, генеральны прыёр Ордэна Братоў Прасвятой Дзевы Марыі Гары Кармел. 16 ліпеня 1251 г. Сымон Сток меў бачанне Найсвяцейшай Панны Марыі, у якім Яна абяцала Сваё заступніцтва яго ордэну і падарыла яму і ўсім кармелітам Шкапулярый, нашэнне якога з выконваннем асаблівых правіл даравала шмат ласкаў душы хрысціяніна пасля скону, напрыклад, вызваляла ад пакут у чыстцы кожную суботу. Шкапулярый уяўляе сабой два прастакутныя кавалкі матэрыі ці іншага матэрыялу, на якія нанесены рэлігійныя выявы ці тэксты, змацаваныя паміж сабой шнурамі. Носіцца на целе пад адзеннем такім чынам, што адзін вобраз знаходзіцца на спіне, другі - на грудзях. Св. Сымон таксама з'яўляецца аўтарам малітвы "Flos Carmeli", прысвечанай Багародзіцы.
[69] Gizycki J. M.F. (Wolyniak). Z przeszlosci karmelitow na Litwie i na Rusi. Cz. 1-2.Krakow, 1918. S. 241-242.
[70] Pyzel Konrad. Kosciol p.w. Najsw. Marii Panny i Sw. Alberta oraz klasztor karmelitow trzewiczkowych w Lidzie // Koscioly i klasztory rzymskokatolickie dawnego wojewodztwa wilenskiego. Krakow, 2008. T. 2., cz. III. S. 172.
[71] Gizycki J. M.F. (Wolyniak). Z przeszlosci karmelitow na Litwie i na Rusi. Cz. 1-2.Krakow, 1918. S. 241-242.
[72] З дакументаў вядома, што з 1674 г. пракуратарам лідскіх кармелітаў быў Эліяш Невяроўскі, праз два гады акрамя Невяроўскага ў Лідзе фігуруюць яшчэ тры манахі: Бенедыкт Чаплінскі, Альберт Лазарскі і Эліяш Недзялкевіч. На капітуле правінцыі ў Кракаве 1677 г. удзельнічаў ужо новы лідскі пракуратар Леанард Жулінскі. А ў 1681 г. у кляштры разам з наступным пракуратарам Ігнатам Стэльмаховічам жылі айцы Альберт Лазарскі, Геранім Падгорскі і Фартунат Пекаровіч. У 1682 г. пракуратарам становіцца а. Фартунат Пекаровіч, але ўжо ў 1684 г. разам з наступным пракуратарам Дыдакам Тэрнаровічам у клештары жывуць манахі Апалінары Весалоўскі, Клеменс Кухновіч, Альбін Вадовіч, Іахім Ярачэўскі і два іншыя браты. На правінцыйным капітуле ў Вільні 1684 г., Дыдак перавыбраны, а ў Лідзе ўтвораны канвент (агульны сход членаў манаскага ордэна ў межах кляштара), у 1685 г. прыёрам канвенту з'яўляецца а. Яўхім Ярачэўскі, акрамя яго ў кляштары жывуць Апалінары Весялоўскі, Шыман Рагульскі, Алекса Ласіскі, Мар'ян Скальскі, Мікалай Гутоўскі, Караль Зяжынскі (субдыякан) і Ануфры Чарвінскі (канверс - манах без святарскага пасвячэння). 16 чэрвеня 1690 г. правінцыяльная капітула праходзіць у Лідзе, і Яўхім Ярачэўскі перавыбраны прыёрам. На кангрэгацыі 1692 г. яшчэ бачым прыёра Ярачэўскага, акрамя яго ў лідскім кляштары жылі Яўстах Кавальскі (субпрыёр), Ян Малковіч, Бенедыкт Чаплінскі, Якуб Муліновіч, Юзаф Саковіч і Габрыель Быкоўскі, два дыяканы: Марак Купрыяновіч і Вікторын Леснер і тры канверсы.
На правінцыйнай капітуле, якая пачала працу 19 чэрвеня 1694 г. ў Лідзе, прыёрам ёсць яшчэ Яўхім Ярачэўскі, акрамя яго, наступныя айцы: Андрэй Граіцкі, Генрык Смяшковіч, нейкі Тэафіл, Петроні Рудніцкі, Мар'ян Купрыяновіч (ужо святар) і яшчэ тры браты. На капітуле 1697 г. у Вільні ўдзельнічае лідскі прыёр Эліяш Масевіч, ён кіруе Брокардам Тварковічам (падпрыёр), Петроніем Рудніцкім, Анастазы Дусцыем (?), Паўлінам Капельніцкім, Дзмітрам Жалінскім і адным канверсам.
У 1701 г. лідскі прыёр а. Дыянізі Гілвіцкі, у Лідзе жывуць Тэафіл Масельніцкі, Казімір Шалдровіч, Антоні Тышкевіч (субдыякан) і два канверсы. У 1705, 1707 і 1709 гг. прыёрам застаецца Гілвіцкі.
У 1713 г. лідскі прыёр Амброзі Пранеўскі, але ў наступныя гады прыёрам зноў абіраюць Гілвіцкага.
У 1719 г. лідскім прыёрам становіцца а. Серапіён Стангоўскі, акрамя яго Зыгмунт Сікорскі (субпрыёр), Тэлесфор Мусялкоўскі, Норберт Янішэўскі, Роберт Дэнер (захрыстыян), Міхал Савінскі і два канверсы.
У 1723 г. персанал кляштара: Серапіён Стангоўскі (прыёр), Аляксандр Халхоўскі (субпрыёр), Кандыд Штыпер, Пётр Канскі, дыякан Амброзі Рымкевіч і адзін канверс.
У 1730 г. прыёр Палкевіч, манахі Альбін Смачынскі, Цыпрыян Суравецкі, Рэгіяш Вісьніцкі і два канверсы.
У 1731 г. правінцыйная капітула адбываецца ў Лідзе, прыёрам ёсць той жа Палкевіч, але эксправінцыял Серапіён Стангоўскі абраны агульным кіраўніком (zwierzchnikiem) у Лідзе.
У 1736 г. у Лідзе жылі наступныя манахі: Альбін Пурхлінскі (прыёр), Норберт Калужынскі (субпрыёр), Пётр Канскі, Лукаш Шчарбінскі, Леан Скачынскі, Пётр Дублінскі (дыякан) і два канверсы.
У 1740 г. на правінцыйнай кангрэгацыі ў Вільні лідскім прыёрам абраны а. Шыман Латовіч, у 1754 г. прыёрам становіцца а. Анёл Руткоўскі, у 1760 г. на капітуле Ліду прадстаўляе прыёр а. Брокард Мацкевіч, а ў 1764 г. - а. Станіслаў Завістоўскі.
Да 1806 г. прыёрам быў а. Міхал Гудоўскі, яго змяніў а. Павел Серакоўскі, а ўжо ў 1807 г. новым прыёрам абраны а. Каятан Кмяцінскі, які з-за хваробы не доўга займаў гэтую пасаду, хутка яго змяніў усё той жа а. Павел Серакоўскі.
На пачатку 1810 г. прыёрам становіцца а. Франіцішак Рушкевіч, субрыёрам а. Маўрыцы Таўтовіч, акрамя іх у кляштары жывуць Казімір Рходэ, Люцыян Забела, Яўхім Міхалоўскі (хутка памёр).
Пры канцы 1810 г. кляштарны персанал: Франіцішак Рушкевіч (прыёр, нарадзіўся 07.05.1775, святарскі стаж - 11 гадоў), Казімір Рходэ (скарбнік, нарадзіўся ў 1762 г., святарскі стаж - 24 гады), Люцыян Забела (субпрыёр, нарадзіўся ў 1777 г., святарскі стаж - 2 гады).
У 1820 г. прыёр кляштара Антоні Мацкевіч (узрост - 47 гадоў, вучыўся ў Марыямполі, потым ў Віленскім універсітэце, у ордэне з 1797 г.). Субпрыёр - Вацлаў Рудзевіч (узрост - 55 гадоў, нарадзіўся і вучыўся ў Марыямполі). Прамоўтар Шкапуляры Фларэнты Сліжэвіч (узрост - 43 гады, вучыўся ў Кражах), Паўлін Янушэўскі (узрост - 26 гадоў, вучыўся ў лідскіх піяраў).
На правінцыйнай капітуле 1825 г. лідскім прыёрам абраны Дыянізі Балсевіч - апошні лідскі прыёр кармелітаў. Гл. Gizycki J. M.F. (Wolyniak). Z przeszlosci karmelitow na Litwie i na Rusi. Cz. 1-2.Krakow, 1918. S. 247-256.
[73] Pyzel Konrad. Kosciol p.w. Najsw. Marii Panny i Sw. Alberta oraz klasztor karmelitow trzewiczkowych w Lidzie // Koscioly i klasztory rzymskokatolickie dawnego wojewodztwa wilenskiego. Krakow, 2008. T. 2., cz. III. S. 172-173.
[74] Gizycki J. M.F. (Wolyniak). Z przeszlosci karmelitow na Litwie i na Rusi. Cz. 1-2.Krakow, 1918. S. 254.
[75] Там жа. S. 245-247.
[76] Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў г. Гародня. Ф 1. воп. 4. сп. 131. "Переписка с римско-католической духовной консистори с Гродненской казённой палатой, Лидским городничим о неудовлетворительном состоянии католических церквей и монастырей в г. Лида.". С. 18-18 аб.
[77] Pyzel Konrad. Kosciol p.w. Najsw. Marii Panny i Sw. Alberta oraz klasztor karmelitow trzewiczkowych w Lidzie // Koscioly i klasztory rzymskokatolickie dawnego wojewodztwa wilenskiego. Krakow, 2008. T. 2., cz. III. S. 173.
[78] Сборник документов, касающихся административного устройства Северо-Западного края при императрице Екатерине II (1792-1796) [С предисл. Ар. Турцевич]. Вильна, 1903. С. 270-271.
[79] Записки Иосифа Митрополита Литовского. Санкт - Петербург, 1883. Т. 3. С. 330-331.
[80] Записки Иосифа Митрополита Литовского. Санкт - Петербург, 1883. Т. 3. С. 334.