105 гадоў таму ў Лідзе ўжо ўсё было гатова да будаўніцтва касцёла на Выгане (тэрыторыя сучаснага парку), каля магілы расстралянага ў 1863 г. ксяндза Фалькоўскага. Можна не сумнявацца, што каб не Першая Сусветная вайны, дык касцёл быў бы пабудаваны. Прэса «патрыятычнага» рускага накірунку назвала гэты касцёл «Касцёлам на крыві». Для мяне гэта была цалкам новая інфармацыя, бо да гэтага было толькі вядома, што другі касцёл у Лідзе з 1910-х гг. планавалася пабудаваць на Слабадзе.
Газета «Северо-Западная жизнь» пісала: «У Лідзе даўно ўжо ладзіцца пабудова другога, непатрэбнага касцёла. Сродкі на яго збіраюцца ў выглядзе патаемных складак. Кажуць, што ксёндз-дэкан прывёз з Аўстрыі ад езуітаў вялікую суму грошай. Вядомы фанатык, банкір Янушкевіч і абшарнік Іваноўскі, які займае вельмі важнае месца ў Пецярбургскім чыноўным свеце, таксама зрабілі вельмі вялікія ўнёскі.
Лідская гарадская грамадская ўправа некалькі месяцаў таму пачала хадатайнічаць перад віленскім губернатарам аб надзяленні 3 дзесяцін грамадскай зямлі пад пабудову касцёла, які праектуецца. Пад касцёл адводзіцца занадта шмат зямлі, і да таго ж моцная ў Лідзе польская партыя выбрала сябе самы лепшы ўчастак для гэтай пабудовы: ... на гэтым пляцы, за Віленскай заставай, быў пакараны смерцю мяцежны ксёндз Фалькоўскі за супрацьурадавую прапаганду сярод народных мас супраць рускага войска» [1].
«Абшарнік Іваноўскі» - гэта ўладальнік маёнтка Лябёдка, бацька 4 сыноў і 1 дачкі Леанард Іваноўскі. Другі сын Леанарда - Вацлаў Іваноўскі, адзін з пачынальнікаў беларускага нацыянальнага руху, чалавек, які адным з першых пачаў думаць пра Беларусь і ў значанай ступені, заклаў падмуркі нацыянальнай культуры [2]. Дачка Леанарда Алена Скіндар Іваноўская, першая перакладчыца з беларускай на англійскую мову, у 1914-1924 гг. у чатырох нумарах лонданскага часопіса «Folk-Lore» яна надрукавала дзесяткі беларускіх народны песняў з перакладамі на англійскую мову. Кожнай публікацыі папярэднічаў вялікі ўводны артыкул, у якім Іваноўская расказвала пра гісторыю і культуру Беларусі. У 1916 г. яна стала, калі не першай, дык адной з першых беларускіх настаўніц на Лідчыне [3].
Пра «фанатыка, Янушкевіча», якому ў Лідзе належала банкаўская кантора, вядома менш. У 1918 г. у яго доме па адрасе: вуліца Палескай, дом № 19/15 (зараз гэта перакрыжаванне вуліц Радзюка і Камсамольскай) месцілася польская Самаабарона ў Лідзе.
Цікава, што руская «патрыятычная» прэса пацвярджае шматгадовае шанаванне лідзянамі месца расстрэлу ксяндза: «Старажылы Ліды памятаюць гэтую справу. Шмат гадоў на месцы пакарання ксяндза нечай нябачнай рукой выкладваўся з камянёў крыж. Толькі нядаўна, каб пазбегнуць падазрэння, гэты крыж знік - верагодна таму, што распачалося хадатайніцтва аб атрыманні зямлі пад касцёл. Паміж старымі жыве легенда, што тут па начах, патаемна маліліся ксяндзы і іншыя "патрыёты" - тутэйшыя і прыезджыя. Вось якое месца выбралі пад касцёл - ён будзе пабудаваны на костках і крыві пакутніка. З гэтым месцам звязаны яшчэ жывыя ўспаміны ... . Сюды пацягнуцца тысячы багамольцаў з багатымі дарамі. Мяркуецца пабудаваць велічны касцёл з усімі неабходнымі пабудовамі і сцяной вакол яго. Гэта будзе сапраўдная цвердзь. Для такой вялікай пабудовы патрабуецца 3 дзесяціны зямлі. Лідская гарадская ўправа ў складзе 12 упаўнаважаных мае 9 католікаў, 2 праваслаўных і 1 яўрэя» [4].
Прэса такога гатунку не можа не пераказваць чуткі: «Абшарнік Іваноўскі, які толькі збіраў даведкі ў Міністэрстве асветы па справе мужчынскай гімназіі, прадстаўлены лідскай гарадской управай у ганаровыя грамадзяне г. Ліды, а насамрэч атрымаў гэтую годнасць за новы касцёл. Стараста Вісмант, па настойлівым патрабаванні прадвадзіцеля дваранства графа Грабоўскага, за выдзяленне добрага ўчастка зямлі пад пабудову касцёла, зараз выбраны ў ганаровыя міравыя суддзі Лідскага павета. Сарока і іншыя будуць узнагароджаны, зразумела, таксама» [5].
Дадам, што Леанард Іваноўскі і насамрэч з'яўляецца ганаровым грамадзянінам нашага горада за дзейсную працу па адкрыцці вельмі неабходнай гораду Лідскай мужчынскай гімназіі. А газеты, якія я цытую ў гэтым артыкуле, раздзімалі полымя нацыянальнага супрацьстаяння ў нашым горадзе за некалькі тыдняў да пачатку Вялікай вайны, што цяжка назваць разумным падыходам.
[1] Северо-Западная жизнь. 1914. № 208.
[2] Гл: Туронак Ю. Вацлаў Іваноўскі і адраджэнне Беларусі. Мінск, 2006.
[3] Гл: Лаўрэш Леанід. Алена Іваноўская // Маладосць. 2019. № 8. С. 20-33.
[4] Вестник Виленского Св. Дух. Братства. 1914. № 13.
[5] Там жа.