25 лістапада ў касцёле святога Юзафа Каласанса ў Лідзе 25-гадовы юбілей адзначыла парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.
Як паведамляе Прэс-служба Гарадзенскай дыяцэзіі, у касцёле святога Юзафа Каласанса, заснавальніка манаскага Ордэна Пабожных школаў - піяраў, якія служаць у гэтай парафіі, на свята сабралася вялікая колькасць вернікаў.
Цэлебрацыю ўрачыстай святой Імшы ўзначаліў Мітрапаліт Менска-Магілёўскi арцыбіскуп Юзаф Станеўскi. У супольнай малітве ўзяў удзел і заснавальнік парафіі, біскуп Гарадзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Па запрашэнні піяраў на свята прыбылі таксама дапаможны біскуп Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі і госці з польскага горада Кракаў - настаяцель Польскай правінцыі ордэна піяраў айцец Матэвуш Піндэльскі SP са сваім асістэнтам айцом Яцэкам Волянам SP. Удзельнічалі ва ўрачыстасцях айцы піяры са Шчучына, іншыя духоўныя асобы, законныя сёстры.
Мерапрыемства распачалося з даклада Таццяны Заблоцкай "Шлях піяраў у Ліду".
Выступоўца падкрэсліла вялікую ролю піяраў, якія на працягу стагоддзяў рабілі вялікі ўнёсак у навучанне і фармацыю мясцовых жыхароў.
Потым адбылася ўрачыстая святая Імша падзякі за парафіяльную супольнасць, за дар уласнай святыні, за святароў, якія служылі тут раней і служаць сёння.
Пробашч айцец Аляксандр Махнач SP на пачатку Літургіі прывітаў прысутных і заахвоціў падзякаваць Богу за парафію, за дары, атрыманыя ад Яго на працягу мінулых гадоў, і папрасіць аб далейшым дабраслаўленні, каб усе парафіяне маглі працягваць узрастаць у веры.
Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ў гаміліі адзначыў, што ўжо 25 гадоў у святыні, пабудаванай ва ўжо новай гісторыі горада Ліды на хвалу Пана і на карысць людзей, "б'ецца любоўю сэрца Эўхарыстычнага Бога і сэрца скрушанага чалавека".
Іерарх пакрэсліў, што, калі вернікі ўсведамляюць, якую багатую спадчыну атрымалі з мінулага, "калені самі схіляюцца, а сэрца спявае словы гімна "Цябе, Бога, праслаўляем" за вялікія справы, здзейсненыя Панам праз чалавека ўчора і сёння на гэтай умілаванай лідскай зямлі".
Арцыбіскуп нагадаў, што сёлета Ліда адзначае 700-годдзе з часу свайго заснавання, і дадаў: "Сведкаў мінулых падзей ужо няма з намі, але мы адчуваем іх прысутнасць у таямніцы веры лучнасці святых".
Па словах Мітрапаліта Менска-Магілёўскага, гэтая малітоўная сустрэча - нагода дакрануцца да "чароўнай Божай і лідскай цішыні", акунуцца ў атмасферу супакою, якая спрыяе сустрэчы з Панам, магчымасці адкрыцця на Бога і чалавека.
Напрыканцы святой Імшы да прысутных звярнуўся настаяцель Польскай правінцыі ордэна піяраў айцец Матэвуш Піндэльскi SP, які падзякаваў парафіянам за трыванне ў веры, вялікую любоў да Маці Божай і пашану да святога Юзафа Каласанса.
Біскуп Аляксандр Кашкевіч, у сваю чаргу, падкрэсліў вялікі ўнёсак піяраў у адраджэнне Касцёла на Гарадзеншчыне, падзякаваў за іх вялікія старанні ў душпастырскай працы, асабліва за клопат аб дзецях і моладзі.
Пробашч айцец Аляксандр Махнач SP, падзякаваўшы ўсім за супольную малітву, коратка нагадаў пра самыя значныя падзеі з жыцця парафіі.
Свята завяршылася дабраслаўленнем мемарыяльнай шыльды, устаноўленай у касцёле з нагоды юбілею.
Мясцовыя вернікі і госці атрымалі памяткі пра юбілейныя ўрачыстасці з малітвай за парафію. Была магчымасць зрабіць у фотазоне перад касцёлам фотаздымак на памяць.
На працягу года ў парафіі будуць праходзіць розныя мерапрыемствы, звязаныя з юбілеем.
З гісторыі парафіі
Парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Лідзе была заснавана рашэннем біскупа Аляксандрa Кашкевічa 19 лістапада 1998 года.
1 лістапада 2000 года ў часовай капліцы парафіі адбылася першая святая Імша.
11 траўня 2002 года біскуп Гарадзенскі дабраславіў фундамент будучага парафіяльнага касцёла. У тым жа годзе ў Кракаве Папа Ян Павел ІІ дабраславіў вуглавы камень для касцёла.
Новапабудаваны касцёл святога Юзафа Каласанса, пастаўлены ў памяць пра касцёл піяраў, які раней знаходзіўся ў цэнтры Ліды, быў высвечаны 25 жніўня 2008 года.
У 2015 годдзе у парафіі адбыліся Святыя місіі, якія правялі айцы рэдэмптарысты і якія глыбока перажываліся вернікамі.
2 чэрвеня 2019 года біскуп Аляксандр Кашкевіч дабраславіў у лідскім касцёле новы арган.
25 жніўня 2017 года адбылося ўрачыстае прысвячэнне касцёла на вечнае карыстанне Бога.
15 жніўня 2018 года адбылося дабраслаўленне трох званоў на званіцы касцёла, якія цешаць парафію да сённяшняга дня і паводле якіх, можна сказаць, жыве раён.
Такім чынам, за 25 гадоў парафія пабудавала свой касцёл і ўзрастала ў веры. За гэты час у ёй было здзейснена 1363 хросты, 1069 дзяцей прыступілі да Першай Камуніі, 640 чалавек прынялі сакрамэнт канфірмацыі, было заключана 457 сужэнстваў, паўтары тысячы чалавек прынялі сакрамэнт намашчэння хворых і віятык. Адышло ў вечнасць за ўсе гэтыя гады 677 парафіянаў.
Прэс-служба Гарадзенскай дыяцэзіі.Grodnensis.by.