У энцыклапедычным даведніку "Каталіцкія храмы на Беларусі" пра Крупаўскі касцёл няма ні слова, ні згадкі. Але касцёл жа ёсць.
Філіяльны Крупаўскі касцёл паводле Т. Нарбута быў заснаваны ў 1450 годзе. Гэта быў трэці ці чацвёрты касцёл на Лідчыне пасля Лідскага, Ваверскага і, магчыма, Дылеўскага. У 1580 годзе лідскі ксёндз Юшынскі праводзіў службы ў Крупаўскім касцёле і меў званне пробашча Лідскага і Крупаўскага. У 1762 г. у Крупе быў касцёл, паводле інвентара 1777 г. гэта быў стары драўляны маленькі гонтай крыты касцёльчык з дзвярыма на завесах, з жалезнай засаўкай, з алтаром Святой Троіцы і абразом Яна Непамуцэна. Праз 105 гадоў, у 1882 г. у Крупе - філіяльная старая драўляная капліца з вежай, абабітая дошкамі ў 1851 г. стараннямі ксендза Кавалеўскага. "У капліцы былі тры алтары: Святой Троіцы, Прасвятой Багародзіцы і Святога Пятра, 8 падсвечнікаў, 3 сутаны, сігнатурка і двухфунтовы званочак. Усё гэта належала ўладальніку крупаўскага маёнтка Тадэвушу Шукевічу". (Інвентарны вопіс Лідскага рымска-каталіцкага касцёла і бенефіцыі ад 29 траўня 1882 г.)
З успамінаў старажылаў вядома, што ў пачатку ХХ стагоддзя стары касцёл знаходзіўся на мясцовых могілках, але ў выніку пажару згарэў. Безумоўна, паўстала пытанне пра будаўніцтва новага касцёла, тым больш, што паводле Рыжскай дамовы (1921 года) Заходняя Беларусь адышла да Польшы, а палітыка пашырэння каталіцкай веры актыўна падтрымлівалася ўладамі Польшчы. Дазвол на будаўніцтва новага касцёла мог даць толькі біскуп, які павінен быў не толькі дазволіць, але і асвяціць месца пад новае будаўніцтва. Меркаванні наконт гэтага існавалі розныя, адны са старажылаў гавораць аб тым што зроблена гэта было ў 1918 годзе, другія лічаць, што значна пазней, так сама, як і не было адзінай думкі, калі ён пачаў будавацца і калі быў закончаны. І вось поспех! Сябрам гуртка "Спадчына", якім кіруе педагог - арганізатар Гяцэвіч Ірына Мар'янаўна, удалося адшукаць праект будаўніцтва сучаснага касцёла ў Крупаве, выкананы цывільным інжынерам Е. Кулешам 28.ХІІ. 1922 года.
Невядома, з колькіх аркушаў паперы складаўся праект, бо цэлымі засталіся толькі асобныя лісты. Але ўжо тое, што ёсць, з'яўляецца цікавым матэрыя-лам, асабліва "план сітуацыйны" і "план арыентацыйны". Апошні дае магчымасць зразумець, што ўяўляла сабой цэнтральная частка сучаснага Крупава ў 20 гадах ХХ стагоддзя. На плане сітуацыйным бачны касцельны пляц, статуя Марыі ў праекце, капліца пана Езуса, студня, мураваная агароджа. Цікавая асаблівасць заключаецца ў тым, што размяшчэнне касцёла на плане не супадае з яго сучаснай арыентацыяй адносна дарогі Ліда-Радунь. Хутчэй за ўсё будаўнікі ўнеслі свае змены,а магчыма, і ксёндз Сабалеўскі, пры якім ажыццяўлялася будаўніцтва касцёла. Паводле аповядаў старажылаў, на месцы, дзе сёння ўзвышаецца касцёл, існавала вялікая горка, якую патрэбна было зрэзаць. Зямлю грузілі на падводы і адвозілі за старыя могілкі. Пад час гэтых работ былі знойдзены парэшткі чалавечага пахавання, зброі, асабістых рэчаў.
Старажылы сцвярджаюць, што гэта было месца пахавання шведаў, якіх прывёў на нашу зямлю ваяўнічы кароль Карл ХІІ падчас Паўночнай вайны.
Уважліва паглядзеўшы на выявы № 4 і № 5, можна ўбачыць, што касцёл быў задуманы, а пазней і пабудаваны ў строгай адпаведнасці з патрабаваннямі для культавых устаноў. У аснове - лацінскі крыж. Выразна відаць тры асноўныя часткі хрысціянскага храма: бабінец, цэнтральная частка, прэсбіторый (алтарная частка). Пры прэсбіторыі - сакрысція, дзе зберагаліся прыналежнасці культу. Новы касцёл вырашана было будаваць з шайбакоўскай цэглы. Будматэрыялы спецыяльна заказвалі на цагляным заводзе ў Шайбаках. Цэглу перш клалі на тыдзень у ваду, прычым на будаўніцтва адбіралі толькі якасны матэрыял. Кладку рабілі майстры з Варшавы, а дапаможныя работы выконвалі мясцовыя жыхары. Грашовыя сродкі збіраліся ў з алежнасці ад зямельнага надзелу: была ўстаноўлена спецыяльная квота ад гектара.
У артыкуле газеты "Голас Віленскі" за № 48 ад 25-га лістапада 1928 года карэспандэнт Бернард Букатка піша: "Ксёндз Сабалеўскі за няпоўныя два гады сумеў закончыць будаўніцтва мураванага касцёла…"
Аб гэтым ідзе размова і ў паведамленні, змешчаным у раздзеле "Лісты з мястэчак" той жа самай газеты "Голас Віленскі" № 11 ад 11 сакавіка 1928 года: "Толькі дзякуючы энергіі ўмелага каплана, маем у такі кароткі час амаль закончаны ўжо і ў сярэдзіне, новы мураваны касцёл, да ўпарадкавання якога прыцягваліся не толькі мясцовыя парафіяне, але і суседнія парафіі, ахвяруючы на гэтае будаўніцтва грошы…"
З паўночна-заходняга боку касцёл мае званіцу з чатырма званамі, якія былі адліты ў Германіі. Вельмі цікавым у гэтым плане з'яўляецца артыкул парафіяніна Яна Бірука надрукаваны ў газеце "Голас Віленскі" за № 25 ад 17 чэрвеня 1928 года.
"У пятніцу 28 мая адбылася ў нас урачыстасць, прысвечаная асвячэнню і ахрышчэнню званоў. Асвяціў званы наш Архіпастар - мітрапаліт Віленскі Рамуальд Ялбжыкоўскі. Першы, самы вялікі звон, адліты на сродкі парафіян, атрымаў назву "Бернардэм", другі - меншы, зроблены на сродкі п. Фердынанда Эйсманта атрымаў імя "Францішак", трэці, зроблены на сродкі ксяндза Юзафа Сабалеўскага - "Юзаф", чацвёрты застаўся з старога касцёла - "Рыгор" і нарэшце пяты найменшы - "Павел"…
Такім чынам, план будаўніцтва Крупаўскага касцёла быў зроблены ў 1922 годзе, а грунтуючыся на звестках газеты "Голас Віленскі" можна сцвярджаць, што будаўніцтва пачалося каля 1926 года і завяршылася ў 1928 годзе.