Папярэдняя старонка: Рэлігійная гісторыя

Спісы на выбары ў дзяржаўную думу ІІІ Склікання 1907 года як крыніца па гісторыі рымска-каталіцкага касцёла на Лідчыне 


Аўтар: Сыцько Кірыл,
Дадана: 01-07-2015,
Крыніца: Сыцько Кірыл. Спісы на выбары ў дзяржаўную думу ІІІ Склікання 1907 года як крыніца па гісторыі рымска-каталіцкага касцёла на Лідчыне // Лідскі Летапісец № 1(69) - 2015. С. 39 - 42.



Тэма выбараў у Дзяржаўную думу ІІІ склікання ўзору 1907 года па Лідскім павеце на дадзены момант не асветленая дастатковым чынам.

Частка дакументаў па гэтых выбарах знаходзіцца ў фондзе 604 "Віленская Рымска-каталіцкая духоўная кансісторыя", справа № 6273 ад 08.07.1907 года "О выборахъ въ Государственную Думу". Адметнасцю гэтай справы з'яўляецца наяўнасць у ёй дакументаў па Лідскім і Гарадзенскім паветах (хаця гэтыя паветы прадстаўляюць розныя губерні - заўв. аўт). Дакументы гэтыя, збольшага, з'яўляюцца крыніцай не па гісторыі выбараў у Дзяржаўную Думу ІІІ склікання, але па гісторыі Рымска-каталіцкай царквы на Лідчыне.

Адной з самых цікавых крыніц у справе з'яўляецца спіс духавенства Лідскага павета, якое мае права прымаць удзел у выбарах. Пасутнасці - гэты спіс з'яўляецца неабходнай дапаможнай крыніцай для канструкцыі сістэмы суаднясення дэфініцыяў "рэлігія - нацыянальнасць" па Лідскім павеце і Віленскай губерні непасрэдна на пачатку ХХ ст.

Адкрывае справу прадпісанне дэканам (трэба думаць тыповае - заўв. аўт.) аб азнаямленні насельніцтва з Маніфестам Мікалая ІІ аб парадку правядзення выбараў.

Дакументам, які нас не можа не цікавіць з'яўляецца прадпісанне гарадскога Лідскага старасты. З яго вынікае, што з боку кліру ў выбарах маюць права ўдзельнічаць асобы мужчынскага полу, старэйшыя за 25 гадоў, якія пражываюць у межах Лідскага павета цягам тэрміну, большага за год за выключэннем ніжэйшых служак.

Такім чынам, атрымаліся 24 ксяндзы ва ўзросце ад 27 да 73 гадоў. Сярэдні ўзрост іх склаў 37,9 гадоў. Трэба адзначыць, што агульная колькасць святароў і цывільных чыноў па Віленскай епархіі на пададзены прамежак часу - 77.

Усяго па Віленскай губерні патрэбна было абраць 7 чалавек, у тым ліку - 1 ад горада Вільні, аб чым сведчыць памятка аб правядзенні выбараў у Дзяржаўную Думу Расійскай Імперыі.

Варта заўважыць, што агульная колькасць выбаршчыкаў у параўнанні з выбарамі 1905 года па Лідскім павеце ўзрасла да 14 асобаў. На папярэдніх выбарах гэтая колькасць была роўная 13, у тым ліку - ад з'езду ўпаўнаважаных ад павета - 7; ад з'езду землеўласнікаў - 5; ад з'езду гарадскіх выбаршчыкаў - 1. Для таго, каб атрымаць права ўдзелу ў з'ездзе землеўласнікаў, у Лідскім павеце трэба было валодаць 300 дзесяцінамі зямельных надзелаў (па розных паветах гэтая лічба вагаецца ад 100 да 300 дзесяцін - заўв. аўт.).

Ксяндзы, якія мелі зямельныя надзелы, падаваліся асобным спісам з указаннем колькасці земляў. Нажаль, спісы па Лідскім павеце ў справе адсутнічаюць. Аднак маюцца аналагічныя звесткі па Гародні. Прывядзём дадзеныя з іх для прыблізнага параўнання. Адразу адзначым, што ні ў кога не было неабходных 300 дзесяцінаў. Паводле правілаў прадстаўнікі кліру маглі аб'яднацца і ў выпадку, калі агульная колькасць зямлі склала больш за 300 дзесяцінаў, маглі вылучыць свайго кандыдата.

Колькасць земляў складала ад 1 да 94 дзесяцін, сярэдняя колькасць надзелаў ксяндзоў Гарадзенкага павета - 37,3 дзесяціны, што не давала ім асабістага права вылучацца на сходах землеўласнікаў. Для таго, каб мець уяўленне аб колькасці зямлі і правільна інтэрпрэтаваць сітуацыю, варта вылічыць колькасць у гектарах. Вядома, што 1 дзесяціна = 1,0925 гектара. Такім чынам, у сярэднім ксяндзы ў дадзенай мясцовасці воладалі 40,7 гектара зямлі.

Гэты спіс духавенства па Гарадзенскім павеце цікавы нам па прычынах падабенства ўладкавання органаў царкоўнага кіравання Паўночна-Заходняга краю напачатку ХХ ст. Такім чынам, робіцца прамая праекцыя на становішча ў Лідскім павеце.

Дадзеныя, якія месцяцца ў спісе, пра які ідзе размова, з аднаго боку, як тое можа падацца, не нясуць ніякай каштоўнасці. Аднак трэба памятаць, што рымска-каталіцкі касцёл перыяду Рэчы Паспалітай з'яўляўся буйным землеўласнікам. Лагічна, што ў святле гэтак званай "Эпохі прывілеяў", якая была ўласцівая акрэсленаму рэгіёну, клір мог назапашваць землі з цягам часу - такім чынам, калі ўлічыць аседласць, стацыянарнасць і статычнасць парафіяльных органаў кіравання, з часам духавенства станавілася больш заможным. У гэтым выпадку час - прамое адлюстраванне ўзросту.

У перыяд Расійскай Імперыі становішча каардынальна змяняецца. Для таго, каб тое адлюстраваць, мы прааналізавалі спіс з дапамогай каэфіцэнту карэляцыі, дзе за х быў узяты ўзрост духавенства, за у - колькасць дзесяцінаў зямлі, якой валодаў кожны прадстаўнік у замацаванай за ім парафіі. У ходзе падліку намі атрыманы адмоўны каэфіцэнт - 0,108, які абазначае памяншэнне колькасці дзесяцінаў зямлі з узростам святара.

Натуральна, дадзеныя ўмоўныя, і прыведзеныя яны толькі датычна Гарадзенскага павета.

Для атрымання дакладных дадзеных, адносна валодання зямлёю духавенствам абраных земляў, варта прааналізаваць інфармацыю па ўсёй губерні, а што яшчэ больш пажадана - па ўсёй епархіі. Гэтыя падлікі маглі б праясніць даследчыкам шмат якую інфармацыю ў святле секвестрацыі маёнткаў, канфіскацыі касцельных земляў, актаў адчужджэння, якія мелі месца быць у перыяд з 1864 па пачатак ХХ ст.

Аднак вернемся да справы 6273 LVIA. Апроч вышэй пералічанага, у той жа справе месціцца спіс святароў і цывільных чыноў Віленскай епархіі з пазначэннем іх нацыянальнасці. Па-сутнасці, толькі 5 з 77 святароў пазначылі сваю нацыянальнасць як "літовец" - Гіпаліт Баярунец, Аваровіч Міхаіл, Бразіс-Фрэй Тэадор, Жвілоўскі Антоні, Куята Восіп, Міронас Уладзіслаў, Малюкевіч Клементы, Янушэвіч Георгі. Астатнія - палякі, ніводнага беларуса. Калі вылічыць агульную долю літоўцаў сярод святароў на тэрыторыі Віленскай епархіі, то яна складае толькі 10,38%, у сваю чаргу 89,62% складалі палякі.

Цікавай асобай для нас з'яўляецца Гіпаліт Баярунец (у наступным - дэкан Лідскі - заўв. аўт.), які, варта зазначыць, негатыўна ставіўся да беларусаў. Святар гэты ў спісах кансісторыі пазначаны як "літовец". Працытуем яго мемуары: "...праца завіравала. Беларушчына знікла, а польская мова, так пераследваная бальшавікамі, нарэшце заняла сваё месца ў каталіцкіх дамах...". Пры гэтым літовец Баярунец ні разу не ўзгадвае ў сваіх дзённіках аб літоўскай нацыі і лічыць сябе палякам. Гэта дае нам падставы гаварыць аб важнасці моўнага і канфесійнага фактараў ідэнтычнасці напачатку ХХ стагоддзя. Пацверджаннем таму будзе найменне ў гэтых спісах Ваверскага ксяндза Іаана Сахаркі, які пазней будзе асуджаны за распальванне польскага этнанацыяналізму і падбухторванне да неўплаты пазыкаў і цкаванні праваслаўных святароў.

Аднак вернемся да спісаў. Пададзеныя ў іх звесткі ідуць у разрэз з дадзенымі за 1904 год, калі па Лідскім дэканаце налічвалася 13 ксяндзоў, з іх 11 - палякі, 2 - беларусы, літоўцаў - 0. Нават вядомыя імёны ксяндзоў, якія называлі сябе беларусамі - Міхал Зямчэнак, Антоні Свіль.

23 нумар у спісе Іосіф Шкоп, у адносінах да якога няма дадзеных, у гэты час праходзіў прызначэнне на пасаду Лідскага дэкана, быў у павеце, але фармальна яшчэ да Ліды не быў прыпісаны.

У спісе адсутнічае слынны Гіпаліт Баярунец, бо ў 1907 г. быў святаром у складзе Віленскай Кансісторыі і не меў дачынення да Лідскага павета, пасля чаго стаў настаяцелем Гарадзенскага францішканскага кляштара для выпраўлення недабранадзейных ксяндзоў (1910-1912), а пасля ў 1919 пераехаў у Ліду на пасаду дэкана (1919-1946).

Такім чынам, гэтыя спісы не столькі праясняюць нам парадак удзелу ў выбарах у Дзяржаўную Думу, колькі даюць ўяўленне аб нацыянальным і ўзроставым складзе каталіцкага кліру Лідскага павета. Падобныя кліравыя спісы павінны быць на ўзбраенні даследчыкаў-краязнаўцаў менавіта з гэтых прычынаў. Таксама з дапамогаю гэтых спісаў вымалёўваюцца межы Лідскага Рымска-каталіцкага дэканата па стане на 1907 год: Бутрымаўцы, Салечнікі, Няцеч, Эйшышкі, Жырмуны, Ельна, Ражанка, Забалаць, Осава, Радунь, Мала-Салечнікі, Новы Двор, Ішчална, Калеснікі, Белагруда, Жалудок, Тракелі, Васілішкі, Нача, Вавёрка, Ляцк, Воранава, Беняконі.

Дакументы

Дакумент 1. Ліст Лідскага гарадскога старасты № 4392 ад 20 ліпеня 1907 года ў Віленскую рымска-каталіцкую духоўную кансісторыю.

Мова арыгіналу - руская.

Рукапіс.

На палях маюцца пазнакі:

1. Пазнака нечытабельная, 2 словы;

2. Пазнака "Лидскому город старосте № 4644, 45 28 июня 1907". Гербавы бланк Лідскага гарадскога старастату.

Lietuvos Valstybinis Istorijos Archyvas, Ф. 604, Воп. 4, С. 6273, Л. 14.


У Віленскую рымска-каталіцкую Духоўную Кансісторыю

Маю гонар прасіць Кансісторыю ў магчыма хуткім часе паведаміць мне імянны спіс асобаў (за выключэннем ніжэйшых служак і рабочых), якія служаць у Кансісторыі, пражываюць у межах горада Ліда і павета не менш аднаго года і атрымоўваюць жалаванне альбо пенсію па службе Дзяржаўнай з абавязковым указаннем дакладнага адраса кожнага для ўнясення ў спісы асобаў, якія маюць права ўдзелу ў выбарах ў Дзяржаўную Думу. У абазначаныя спісы не ўносяцца асобы, маладзейшыя за 25 гадоў і асобы жаночага полу.

Гарадскі стараста.

Калежскі сакратар [подпіс].


Дакумент 2. Спіс духавенства Лідскага павета Віленскай губерні, якое падпарадкоўваецца непасрэдна кансісторыі і карыстаецца правам удзелу ў выбарах у Дзяржаўную Думу.

Без нумара, без даты.

Мова арыгіналу - руская, рукапіс.

Подпісы, пячаткі адсутнічаюць.

Lietuvos Valstybinis Istorijos Archyvas, Ф. 604, Воп. 4, С. 6273, Л. 15-16.


Скарачэнні:

Н. - настаяцель.

Д. - дэкан.

Ф. - філіяліст.

Н\п - не пазначана.

№ п\п

Прозвішча і імя

Гадоў

Званне

Пасада

Месца жыхарства

1

Абаровіч Нікадзім

29

ксёндз

Н. Бутрымаўскі

Бутрымаўцы

2

Бурак Казімір

30

ксёндз

Н. Салечніцкі

Салечнікі

3

Гінтаўт-Дзевятоўскі Вацлаў

27

ксёндз

Н. Нецецкі

Няцеч

4

Гінтаўт-Дзевятоўскі Ніказі-Іосіф

46

ксёндз

Д. Радуньскі

Эйшышкі

5

Жэро Іосіф

34

ксёндз

Н. Жырмунскі

Жырмуны

6

Зямчэнак Міхал

39

ксёндз

Н. Ельненскі

Ельна

7

Клям Уладыслаў

38

ксёндз

Н. Ражанскі

Ражанка

8

Кажарновіч Іаан

45

ксёндз

Н. Забалоцкі

Забалаць

9

Каханскі Віктар

34

ксёндз

Часовы вык. абавязкаў Д. Асавецкага

Асава

10

Лаеўскі Матэўш

35

ксёндз

Н. Радуньскі

Радунь

11

Любаўніцкі Фелікс

28

ксёндз

Ф. Мала-Салечніцкі

Мала-Салечнікі

12

Мачульскі Баляслаў

41

ксёндз

Н. Новадворскі

Новы Двор

13

Пакшціс Антоні

37

ксёндз

Н. Ішчалнскі

Ішчална

14

Рудзіс Міхал

36

ксёндз

Н. Калесніцкі

Калеснікі

15

Сталеўскі Казімір

44

ксёндз

Н. Белагрудскі

Белагруда

16

Сперскі Баляслаў

34

ксёндз

Н. Жалудоцкі

Жалудок

17

Сідароўскі Іосіф

73

ксёндз

Н. Тракельскі

Тракелі

18

Сакалоўскі Францыск

43

ксёндз

Н. Васілішскі

Васілішкі

19

Сакалоўскі Адам

70

ксёндз

Н. Нацкі

Нача

20

Сахарка Іосіф

47

ксёндз

Н. Ваверскі

Вавёрка

21

Тамкун Вікенці

27

ксёндз

Н. Ляцкі

Ляцк

22

Чэнкіс Пётр*

40

ксёндз

Н. Воранаўскі

Воранава

23

Шкоп Іосіф

н\п

н\п

н\п

н\п

24

Янкевіч Іаан

34

ксёндз

Н. Беняконскі

Беняконі

*Перад прозвішчам стаіць іншае, закрэсленнае прозвішча Янкевіч.

Спіс выкарыстаных крыніц і літаратуры:

1. Бендин А.Ю. Проблемы веротерпимости в Северо-Западном крае Российской империи (1863-1914 гг.) / А. Ю. Бендин. - Минск : БГУ, 2010. - 439 с.

2. Boyarunets Hippolyte Zapisy o Krzyzy i Kaplicy w Cwiermah / H. Boyarunets - Lida, рукапіс. копія, 50 с.

3. Moroz Malgorzata Krynica. Ideologia і przy-wodcy bialoruskiego katolicyzmu / M. Moroz. - Bialystok: Bialoruskie Towarzystwo Historyczne, 2001. - 284 s.

4. Lietuvos Valstybinis Istorijos Archyvas, Ф. 604, Воп. 4, С. 6273, Л. 2, 3, 9, 14, 15, 17-31

5. Положение о выборахъ в Государственную Думу, 6 августа 1905 // Полное собрание законов Российской империи. Собр. III. Т. XХV. Отд-ние II-е: Приложения. СПб., 1908.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX