Папярэдняя старонка: Каталіцкая парафія ў Начы

Касцёл у Начы 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 05-04-2012,
Крыніца: НАША СЛОВА № 14 (1061) 4 красавіка 2012 г.

Спампаваць




Згодна з даследаваннямі заснавальніка краёвай археалогіі, жыхара Начы Вандаліна Шукевіча, людзі тут жылі ужо 4 - 4,5 тысячы гадоў таму. У ваколіцах Начы ім былі знойдзены шматлікія могільнікі, стаянкі і прылады старажытнасці.

Стары Драўляны касцёл у Начы пабудаваны ў ХVІІІ ст.

У пісьмовых крыніцах Нача упершыню згадваецца на пачатку XVI ст. У 1517 г. Нача -айчызная ўласнасць Венсела Станьковіча і Марціна Радзівілавіча, якую яны потым прадалі баярыну Радуньскага павету Шымку Міктавічу. З 1526 г. уласнасць Януша і Марыі Касцевіч.

Першы касцёл Бязгрэшнага зачацця ў Начы быў пабудаваны Марыяй, у той час ужо ўдавой Януша Касцевіча, дзедзічкай на Вагруве (у Падлескім ваяводстве) і асвечаны 29 снежня 1529 г. Касцёл быў пабудаваны для зручнасці жыхароў Начы, якія да гэтага былі прыпісаны да касцёла вёскі Дубічы. Фундатарка прыпісала да касцёла кавалак зямлі для плябаніі, сенажаці каля Начы і Раклішак пры дарозе на Араны, лес пры Радуньскай дарозе, 7 сялян з зямлёй, 2 сяляніны без зямлі. (Kurczewski J. Biskupstwo Wileńskie. Wilno, 1912. S. 212-213.)

Пасля 1559 г. Нача належала Кішкам і Радзівілам. Пасля 1631 г. тут пасяляюцца татары, нашчадкі якіх і па сённяшні дзень жывуць у суседняй вёсцы Некрашунцы. З 1690 г. маёнтак з'яўляецца ўласнасцю Людвіка Даўгірда.

Неагатычны касцёл і магіла Теадора Нарбута.

Наступны драўляны касцёл Ушэсця Найсвяцейшай Дзевы Марыі пабудаваў за свой кошт пробашч у Начы ксёндз Юзаф Курчэўскі ў 1750 г. Касцёл пабудаваны ў традыцыях народнага дойлідства з рысамі барока. Першапачаткова ён быў вельмі невялікім - 18 метраў у даўжыню і 10 метраў у шырыню, меў неф працягласцю 14 м. Касцёл быў збудаваны у форме крыжа, з паўкруглай апсідай і дзвюмя вежамі. Прэсбітэрый ад нефа аддзяляла бэлька з крыжам і анёламі па баках. У вялікім алтары, выразаным з дрэва ў стылі ракако, у срэбных шатах знаходзіўся абраз Панны Марыі з дзіцем (фігура стаіць на зямным шары ў атачэнні анёлаў). Гэты абраз трапіў у Начу ў XVII ст. Пасля скасавання касцёла ў Дубічах у 1869 г. і пераносу усёй касцельнай рухомасці ў Начу, абраз Панны Марыі быў змешчаны ў вялікім алтары над фігурай Ісуса.

Парафія мела філіі ў Дубічах і Марцінканцах, а так жа дапаможныя капліцы у Рудні і Чаплішках, дзе набажэнствы адпраўляліся па святах. Капліцу ў Рудні фундаваў лідскі падкаморы Францішак Александровіч у час, калі валодаў Каняўскім староствам, капліца мела сталага ксяндза, але ўжо ў 1804 г. набажэнствы ў гэтай капліцы не праводзіліся, бо новы гаспадар Рудні граф Людвік Тышкевіч не дбаў пра падтрымку капліцыі. Да таго часу прыйшла ў заняпад і капліца ў Чаплішках. (Szukiewicz Wandalin. Stary kosciolek w Naczy // Kuryer Litewski №152 - 1910.)

У куце бутавай агароджы ў 1832 г. пастаўлена 3-х ярусная 4-х гранная званіца. Першы ярус выкладзены з бутавага каменю, другі цагляны і атынкаваны з арачнымі прасветамі, трэці зрубны, накрыты шатровымі дахамі. (Кулагін А.М. Каталіцкія храмы. Мінск. 2008. С. 256.)

У 1860-х гадах пробашч ксёндз Ежы Готаўт і вікарый Дамінік Готаўт перабудавалі касцёл павялічыўшы неф касцёла да 28 метраў у даўжыню. Былі пабудаваны некалькі пабудоў каля касцёла. Менавіта на дзейнасць ксяндзоў Готаўтаў прыпалі гады паўстання 1863-1864 гг., калі іх парафіянін Людвік Нарбут кіраваў паўстаннем на Лідчыне.

Магіла удзельнікаў паўстання 1863-64 гг.

Прыкладна з 1872 г. пробашчам касцёла стаў Адам Сакалоўскі. Ен кіраваў парафіяй да 1909 г. У 1891 г. з сасновага дрэва на каменным фундаменце ён пабудаваў новую плябанію, крытую гонтай, будынак якой захаваўся да нашага часу.

Хутка новы павялічаны драўляны касцёл стаў замалым для парафіі, таму ў 1900-1910 г. ксёндз - пробашч Адам Сакалоўскі пабудаваў новы мураваны касцёл, які з'яўляецца помнікам неаготыкі і мадэрну. Калі ўлады далі дазвол на пабудову касцёла невядома, але Віленская рымска-каталіцкая кансісторыя дазволіла будаваць новы мураваны касцёл ўказам ад 21 красавіка 1900 года за № 3051. 15 жніўня 1900 г. быў закладзены і асвечаны ксяндзом Каралем Любянцом (прафесар Віленскай Духоўнай Семінарыі) закладны камень. Па успамінам парафіян будоўляй кіраваў адзін майстар і пры ім было некалькі парафіян, якія падавалі цэглу і рошчыну. Імя гэтага майстра не захавалася ў памяці. Цэгла для будоўлі выраблялася на спецыяльна арганізаванай для гэтай мэты цагельні пры касцёле. Прычым, паводле традыцыйнай для амаль усіх знакамітых будоўляў Беларусі легенды, для трываласці да рошчыны з якой рабілася цэгла дадаваліся яйкі. На зіму, каб не патрэскаліся ад марозу, недабудаваныя сцены касцёла прыкрываліся саломай а будоўля спынялася. Калі сцены павялічыліся на значную вышыню, цэглу і рошчыну прыносілі па спецыяльных прыступках. (Па матэрыялах Мікялевіч Н.)

Новы касцёл быў асвечаны у 1910 г. Гэты сучасны касцёл з'яўляецца трохнефавай, 2-х вежавай базілікай з 5-ці граннай апсідай і бакавымі сакрыстыямі, пакрыты цынкаванай бляхай. Вежы ўзносяцца на вышыню 33 м., заканчваюцца крыжамі. Касцёл мае 3 нефы - галоўны і 2 бакавыя. (Кулагін А.М. Каталіцкія храмы. Мінск. 2008. С. 256.) У кожным бакавым нефе знаходзяцца па 2 спавядальні. У правым нефе касцёла знаходзіцца грот Маці Божай Лурдскай. У канцы бакавых нефаў знаходзяцца алтары. Алтары ў раманскім стылі фундаваны ў 1933 г. Элеонай Ізварцэвіч. На ўзвышэнні з двух 2 прыступак знаходзіцца галоўны алтар у гатычным стылі. У верхняй частцы галоўнага алтара ёсць абраз Прасвятой Дзевы Марыі Святога Зачацця, які застаўся са старога касцёла. Крыху ніжэй змешчана скульптура Пана Езуса ў рост чалавека, у белым убранні, якая была прывезена і ўсталявана у 1915 г. у дзень Св. Апосталаў Пятра і Паўла. Скульптура зроблена ў віленскай майстэрні ў знакамітага скульптара і архітэктара Антона Вівульскага (1877-1919, Antoni Wiwulski, найбольш вядомыя працы мастака гэта капліца ў Шылуве, помнік "Тры крыжы" (1916 г.) у Вільні, пачаты ў 1913 г., але не завершаны касцёл Сэрца Езуса ў Вільні - першы ў Літве сакральны будынак з жалезабетону. Па яго праекту быў выраблены драўляны крыж, устаноўлены на Замкавай гары ў Вільні, непадалёк ад вежы Гедзіміна, на месцы, дзе ў 1916 г. былі выяўлены парэшткі пакараных па загадзе Мураўёва - вешальніка удзельнікаў паўстання 1863 г.). Скульптура выкананая Вівульскім засланяецца абразом св. Юрыя Пакутніка (па матэрыялах Мікялевіч Н.).

Другі раз касцёл быў асвечаны арцыбіскупам Рамуальдам Ялбжыкоўскім 26 красавіка 1927 г.

Вандалін Шукевіч апісвае ўмовы у якіх існаваў касцёл у Начы (Szukiewicz Wandalin. Stary kosciolek w Naczy // Kuryer Litewski № 152 - 1910.). У часы ксяндза Кручэўскага і адразу пасля яго парафія мела трохі больш за 4 000 парафіян. Потым лічба парафіян паменшылася да 2 700, так сказалася ваеннае ліхалецце якое спустошыла край у канцы XVIII - пачатку XIX ст. У апісаннях касцёла у той час, заўжды наракаецца на спусташэнне парафіі і нэндзны стан будынка. Рамонты рабіліся за асабістыя грошы пробашча а парафіяне рабілі вельмі малыя ўнёскі на утрыманне храма. З візітацый касцёла бачна, што і пробашчы не заўжды маглі выдаткоўваць грошы, хоць і валодалі добрым фальваркам (10 валок) з сялянамі.

На пачатку 20 ст., падчас пабудовы мураванага касцёла парафія складалася ўжо з 7 000 чалавек і новая дасканалая святыня ў асноўным была пабудавана за іх складкі (Шукевіч піша пра кошт новага касцёла ў некалькі дзесяткаў тысяч рублёў). Падчас будовы новага касцёла, частка нацкай парафіі была далучана да новаўтворанай Калесніцкай парафіі, дзе таксама будаваўся новы касцёл на грошы парафіян. І акрамя таго у той жа час было вырашана аднавіць святыню ў Дубічах, і гэта таксама рабілася самімі парафіянамі.

Жыхары некаторых вёсак, запісаных за Дубічамі, вырашылі, што ім далёка хадзіць да касцёла і пастанавілі прасіць дазвол на пабудову касцёла ў вёсцы Рудня. Пасля атрымання дазволу, за грошы парафіян тут быў пабудаваны чацвёрты касцёл. Дзеля гэтага ў Рудню за некалькі сотняў рублёў быў куплены стары драўляны касцёл з Начы. Сучаснікі заўважалі, што дрэва захавалася так добра, як быццам паслужыла ўсяго некалькі гадоў.

Такім чынам эканамічны пад'ём канца XIX - пачатку XX ст. дазволіў самім парафіянам амаль адначасова пабудаваць чатыры касцёлы.

У касцельнай агароджы знаходзяцца магілы гісторыка Теадора Нарбута, паўстанцаў 1863-64 гг., Ежы Готаўта і Паўла Дабулевіча - ксяндзоў якія служылі ў Начы.

У 2009 г. святкавалася стагоддзе касцёла і 480 год Нацкай парафіі.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX