Папярэдняя старонка: Каталіцкая парафія ў Начы

Гісторыя Нацкай парафіі ў дакументах 


Аўтар: Мікялевіч Наталля, Янкоўскі Антон,
Дадана: 03-05-2012,
Крыніца: НАША СЛОВА № 16 (1063) 18 красавіка 2012 г.; НАША СЛОВА № 17 (1064) 25 красавіка 2012 г.; НАША СЛОВА № 18 (1065) 2 траўня 2012 г.

Спампаваць




1. ГІСТОРЫЯ ПАРАФІІ НАЧА

Парафія і касцёл у Начы ўзніклі ў 1529 годзе. Заснавальніца парафіі - Марыя, удава па Янушу Касцевічу, з Падлескага ваяводства. Яна была абшарніцай на Вангрове, фундавала касцёл і клапацілася аб павелічэнні парафіі дзеля зручнасці нацкіх католікаў, якія мелі цяжкі доступ праз раку да бліжэйшага касцёла ў Дубічах. Новы касцёл быў пад назвай Успення Прасвятой Дзевы Марыі. Быў абсталяваны Марыяй Касцевіч шляхам перадачы зямлі Канклеўшчына, якая былы вызначана пад плябанію, сенажаці Ланкішак над Начай і Раклішак пры Аранскай дарозе, а таксама лесу пры Радуньскай дарозе. Фундатарка прызначыла да працы на той зямлі 7 падданых сялян, 2 беззямельных, 10 снапковых земляробаў з Начы, Якушак і Вярсокі.

У 1756 годзе на месцы старога касцёла быў пабудаваны новы касцёл, таксама драўляны, ксяндзом Юзафам Кучэўскім. У 1861г. пробашч - ксёндз Ежы Готаўт перабудаваў гэты касцёл і крыху павялічыў. Віленская Рымска-Каталіцкая Духоўная Кансісторыя 21 красавіка 1900 г. дазволіла пабудаваць новы касцёл з цэглы ў Начы. 15 жніўня 1900 г. быў пасвенчаны краевугольны камень, акт пасвянчэння ўчыніў ксёндз Кароль Любянец, прафесар Віленскай Духоўнай Семінарыі. І быў закладзены новы цагляны касцёл пад назвай Прасвятой Дзевы Марыі Святога зачацця і св. Юрыя Пакутніка. Быў пабудаваны ў 1909 г. дзякуючы намаганням і старанню нацкага прабошча- ксендза Адама Сакалоўскага і яго вікарыя - ксендза Роха Геляжунаса, а таксама дзякуючы ахвяраванням вернікаў-парафіян. Касцёл з дзвюма вежамі ў раманскім стылі ўвесь пабудаваны з чырвонай цэглы, падлога выканана з цэменту. Даўжыня касцёла складае 76 аршынаў (54,0512 м.), шырыня - 30 (21,336 м.). Дах касцёла і вежы пакрыты і ацынкаваны бляхай. Амбон (казальніца) драўляны, выкананы з дубу. Арган пабудаваны ў 1909 г. Вячаславам Бярнацкім.

Асвячэнне касцёла адбылося ў 1910 г. і было ўчынена Арцыбіскупам Мітрапалітам Віленскім Рамуальдам Ялбжыкоўскім.

У 1910 г. парафія налічвала 5142 вернікаў.

Плябанія была пабудавана ў 1891г. ксяндзом-пробашчам Сакалоўскім. Пабудавана яна з новага хваёвага дрэва. Даўжыня гэтай плябаніі складае 30 метраў, а шырыня - 14. Дах крыты гонтай. У гэтай плябаніі было 8 пакояў. Плябанія была ў добрым стане да 1950 г., да смерці ксяндза-пробашча Часлава Дабулевіча. Калі памёр ксёндз (а быў ён вельмі заможны), камуністы, калі даведаліся, канфіскавалі плябанію пад кантору, а ўсе матэрыяльныя даброты, якімі распараджаўся ксёндз Дабулевіч, забралі ў сваю ўласнасць. Плябанію аддалі пад дзіцячы садок. Цяпер будынак пустуе.

Усе надзелы зямлі, якія належалі нацкаму касцёлу (а было той зямлі 30 га), былі злучаны з сенажацямі і землямі, якія апрацоўваліся. 8 га той зямлі былі прададзены па распараджэнні ксендза Шылэйкі, а сродкі ўкладзены ў будову "Народнага дома" ("Дома людовага") для таго, каб моладзь мела месца, дзе праводзіць вольны час. Савецкія ўлады таксама забралі "Народны дом" і прызначылі пад клуб. Даўжыня дома - 27 метраў, шырыня - 17, вышыня - 4. Урад Радуньскай гміны (воласці) дазволіў будову "Народнага дома" 11 сакавіка 1932 г., а адпаведны дакумент быў выдадзены войтам гміны (воласці) Станіславам Шосткам.

З 1950 г., калі саветы забралі ў сваю ўласнасць "Народны дом", да цяперашняга часу ён служыць як клуб і бібліятэка. Калі мінуў час пераследаванняў, прадстаўнікі касцелнага камітэту дабіваліся, каб улады аддалі клуб, але ўлады нават не хацелі слухаць, што гэта калісьці была парафіяльная ўласнасць. Таксама дабіваліся, каб улады аддалі плябанію, у якой знаходзіўся дзіцячы сад. Старшыня сельсавета даў такі адказ: "Ксёндз багаты і можа пабудаваць сабе новую плябанію."

Да распаду СССР нацкая парафія была даволі вялікая. Яна налічвала 45 вёсак, з іх 18 вёсак на літоўскіх землях і 27- на беларускіх.

У 1935 г. парафія налічвала 6606 вернікаў. Аднак ужо ў той час заўважаўся рост міграцыі моладзі з Нацкай парафіі ў горад. Выклікана гэта было тым, што моладзь выязджала на працу і вучобу ў літоўскія, беларускія, а таксама польскія гарады. Закончыўшы вучобу, знаходзілі там працу, пасяляліся ў гарадах і не вярталіся ўжо ў сваю родную парафію. Горш было з тымі, хто пераходзіў польска-расійскую мяжу з надзеяй на больш поўную рэалізацыю сваіх планаў, што датычацца навукі і працы. Аднак гэтыя іх планы хутка знікалі, калі яны, схопленыя памежнікамі, траплялі ў савецкія турмы і лагеры. Некалькі такіх здарэнняў перажылі парафіяне з Начы, якія хацелі трапіць у Расію.

Восенню 1939 г., а дакладней 1 верасня 1939 г., пачалася Другая Сусветная вайна. Нямецкія войскі напалі на Польшчу. А 17 верасня таго ж года з другога боку ў Польшчу ўступіла савецкае войска і заняло Заходнюю Беларусь. На занятай савецкім войскам тэрыторыі знаходзілася Нацкая парафія. Прыйшла новая ўлада і адразу пачала ўсталёўваць новыя парадкі. Асаблівую ўвагу звярнулі новыя ўлады на ксендза. Прымушалі яго да сплачвання вялікіх падаткаў, а таксама да публічных "работ". Таксама пагражалі ксендзу, што калі ён не будзе плаціць падаткаў і не будзе працаваць, то трапіць у турму. Але парафіяне вельмі клапаціліся пра свайго ксяндза Вяжбоўскага і ксендза-вікарыя Цялкоўскага, які ў той час быў у парафіі. Яны дапамагалі плаціць падаткі, а таксама працавалі замест іх.

Але неўзабаве прыйшоў 1941 год. 22 чэрвеня нямецкае войска перайшло мяжу СССР. Тэрыторыя Заходняй Беларусі ў хуткім часе была занятая нямецкімі войскамі. Прыйшла новая ўлада, якая адразу пачала ўводзіць новыя парадкі. Да касцёла ў Начы нямецкая ўлада адносілася даволі лаяльна. Аднак адразу пачалося пераследаванне людзей яўрэйскай нацыянальнасці. Для большасці схопленых немцамі гэта было раўназначна смерці. Яўрэі ўцякалі ў лес і жылі ў выкапаных у зямлянках. Некаторыя яўрэі з Начы, хаваючыся ад пераследаванняў з боку немцаў, рушылі пешшу ў Ізраіль.Аднак мала магчыма, што ўсе яны дасягнулі мэты свайго падарожжа. Недалёка ад касцёла перад пачаткам Вялікай Айчыннай вайны знаходзіўся савецкі аэрадром, які быў знішчаны нямецкай авіяцыяй у першы дзень вайны. Нямецкая ўлада пастанавіла адрамантаваць гэты аэрадром і выкарыстоўваць для нямецкіх самалётаў. З гэтай мэтай сюды былі прывезены ўзятыя ў няволю савецкія вайскоўцы, якія знаходзіліся ў Астрынскім канцлагеры. Да гэтых работ таксама прымушалі і парафіян з Начы. Самую цяжкую працу выконвалі палонныя салдаты. Немцы амаль што не кармілі іх, а працай даводзілі да фізічнага знясільвання. З гэтай прычыны салдаты паміралі, як мухі. Памерлых і паміраючых нямецкія салдаты кідалі ў трупярню, якая знаходзілася каля касцёла. Нямецкі камендант сказаў ксендзу, каб ён арганізаваў парафіян для пахавання ўсіх памерлых салдатаў. Ксёндз быў супраць гэтага і казаў, што нельга так адносіцца да зняволеных, даводзячы іх да смерці, а затым абавязак пахавання скідваць на парафіян. Аднак камендант прымусіў ксендза выканаць гэты загад.

У 1944 годзе Чырвоная Армія вызваліла тэрыторыю Беларусі ад нямецкіх агрэсараў. Адразу пасля вызвалення зноў актывізаваў сваю дзейнасць НКВД. Усе, хто хоць як-небудзь супрацоўнічаў з нямецкімі ўладамі, былі арыштаваныя. Арыштоўвалі людзей нават за тое, што яны знаходзіліся на тэрыторыі СССР з польскім грамадзянствам.

Хваля арыштаў прайшла таксама і па нацкай парафіі. Арыштоўвалі ўсіх, на каго падаў хоць найменшы цень падазрэння або тых, на каго данеслі. Не звярталі ўвагі на тое, якія даносы былі праўдзівыя, а якія не. Пасля правядзення кароткага следства ўсе былі вывезены ў лагеры ў Сібір. Сталінскія рэпрэсіі праводзіліся таксама і па рэлігійных матывах. Арыштоўвалі рэлігійных актывістаў і простых вернікаў. Пасляваенныя сталінскія рэпрэсіі існавалі з 1945 да 1953 года, амаль што 9 год. У гэтым годзе памёр Сталін і неўзабаве на яго месца прыйшоў М. Хрушчоў. З яго прыходам да ўлады пачалася "хрушчоўская адліга". Былі скончаны пераважна беспадстаўныя пераследаванні , распачатыя ад Леніна, крытыкаваўся культ асобы Сталіна. Аднак, нягледзячы на пазітыўныя бакі, атмасфера падазронасці засталася, а амністыя не ахапіла ўсіх пацярпелых. Арганізацыя, назва якой была зменена з НКВД на КДБ, працягвала сваю дзейнасць, хоць і не так яўна. Пасля Хрушчова яго месца заняў Л. Брэжнеў. Здавалася, што ён будзе працягваць рэформу, пачатую Хрушчовым. Але Брэжнеў задаволіўся тым, што засталося пасля Хрушчова. Далей ішла запланаваная атэізацыя. Вернікаў не дапускалі да важных пасад, прымушалі да ўступлення ў кампартыю. Настаўнікі атрымалі загад не дапускаць дзяцей і моладзь да касцёла. Тых дзяцей, якія хадзілі ў касцёл, высмейвалі перад усім класам і нават перад усёй школай. Такія выпадкі здараліся і ў Начы. Так Галіну Навіцкую выклікалі ў кабінет дырэктара, калі настаўнікі заўважылі, што яна ў нядзелю была ў касцёле. У кабінеце былі сабраны ўсе настаўнікі, якія прымушалі яе адгаварваць пацеры пры ўсіх. Але гэта стойкая дзяўчына, нягледзячы на тое, што настаўнікі яе абражалі, адказала ім: "Дзе мне трэба, там я і адгаворваю." Выклікалі таксама бацькоў і пагражалі ім, што калі яны будуць пускаць дзяцей у касцёл, то на гэта будуць ужыты адпаведныя санкцыі. Санкцыі былі розныя: ад пагрозы, што паставяць дрэнныя адзнакі ў атэстат сталасці, да пазбаўлення правоў мацярынства. Моладзь, якая вучылася ў школе, прымушалі да ўступлення ў адзіную дзяржаўную моладзевую арганізацыю "Камсамол". Камсамольская арганізацыя таксама была і ў Начы. Адным з асноўных правіл была прапаганда і практыкаванне атэізму. Уступленне ў камсамол было абавязковым для атрымання атэстату сталасці аб заканчэнні школы. Кожны, хто намерваўся пасля заканчэння сярэдняй школы ісці на далейшую вучобу, павінен быў уступаць у камсамол. Таксама і моладзь Начы вымушана была паступаць паводле гэтага правіла. Многія такія "камсамольцы" з каталіцкіх сямей Начы трактавалі ўступленне ў арганізацыю як выйсце да паступлення на вучобу ў ВНУ. Сакратар камсамолу кожную нядзелю пасылаў камсамольцаў, каб яны стаялі перад касцёлам і сачылі за тым, хто будзе ісці ў касцёл. Такімі спосабамі старалася савецкая ўлада адбіць у людзей, а асабліва ў дзяцей і моладзі, жаданне да наведвання касцёла і ўшанавання Бога. Як паказалі пазнейшыя гады, атэістычныя тэндэнцыі і страх страціць становішча, кар'еру вельмі распаўсюдзіліся сярод людзей, а асабліва ў моладзі. Калі на чале партыі стаў Гарбачоў, ён распачаў вядомую "перабудову". Самай важнай прыкметай гэтай перабудовы было абвяшчэнне свабоды веравызнання.

Змена ўлады прынесла вельмі пазітыўныя вынікі для нацкай парафіі. Гэтая парафія з 1968 г. не мела свайго ксендза. Парафіяне ездзілі ў ведамства па справах рэлігіі, якое знаходзіцца ў Гародні. Аднак усе петыцыі і візіты парафіян не прынеслі ніякіх вынікаў. Найчасцей пазбаўляліся ад іх запэўніваннямі ў тым, што прышлюць ксендза, і каб моцна аб гэтым не клапаціліся. З такой ўпэненасцю і надзеяй яны вярталіся дадому. Але міналі дні і месяцы, а гэтыя абяцанні не выконваліся. Яны зноў прыязджалі да начальніка па справах рэлігіі з просьбай пра ксендза. Нарэшце было дазволена, каб ксёндз з францысканскага касцёла прыязджаў раз у месяц адпраўляць святую імшу ў нацкім касцёле. Пазней гэты абавязак прыняў ксёндз Банкоўскі, які быў прызначаны ксендзам у Асаве. Ен таксама прыязджаў у касцёл раз у месяц, каб адправіць набажэнства. Аднак парафіяне Начы не затрымаліся на гэтым і, выслухаўшы парады ксендза Банкоўскага, паехалі ў Рыгу, што ў Латвіі, да ксендза-біскупа Нюкша з просьбай, каб прыслалі ім ксендза для іх парафіі. Ксёндз-біскуп Нюкша не мог поўнасцю выканаць гэтай просьбы. Даў прызначэнне для ксендза Яна Пецюна, маладога пасвенчанага каплана, які працаваў у парафіі Забалаць, каб адначасова прыязджаў у гэтую парафію. І так ён з 1986 г. прыязджаў з пастырскай паслугай да часоў цяперашніх. І калі ксёндз Ян Пецюн пачаў сістэматычна прыязджаць у парафію, стала яўнай атэістычная дзейнасць савецкіх улад. Нягледзячы на намаганні ксендза Яна, моладзь і сярэдняе пакаленне, а таксама дзеці (хоць і ў малой колькасці) прыходзілі ў касцёл і выконвалі рэлігійныя абрады. Ксёндз Ян звярнуў увагу на катэхэзы для дзяцей перад першай Святой Камуніяй. Дзяцей увесь год вучаць бацькі дома, а кожную нядзелю ксёндз правяраў, як яны рыхтуюцца да першай споведзі і паяднання з Хрыстусам у Святой Камуніі . У 1991 г. Літва, Латвія і Эстонія аддзяліліся ад СССР і атрымалі асабістую незалежнасць. Устанавіліся новыя граніцы. 18 вёсак нацкай парафіі аказаліся на тэрыторыі Літвы і былі далучаны да літоўскіх парафій. Цяпер парафія налічвае 28 вёсак і 1500 вернікаў.

29 чэрвеня 1992 г. у парафіі адбылася вельмі важная падзея. У гэты дзень у парафію прыбыў з пастырскім візітам ксёндз-біскуп Аляксандр Кашкевіч, ардынарый Гарадзенскі, а таксама ксёндз-прэлат Міхал Варанецкі, духоўны айцец ў семінарыі, пазнейшы генеральны вікарый Гарадзенскай дыяцэзіі. У час святой імшы ксёндз-біскуп Аляксандр Кашкевіч надзяліў вернікаў сакрамантам бежмавання.

2. КАСЦЕЛ СВЯТОГА ЗАЧАЦЦЯ Ў НАЧЫ

Парафіяльны касцёл меў сваю сядзібу ў вёсцы Нача. Пабудаваны з брусавага дрэва, звычайнай структуры з сенцамі. Касцёл быў закладзены ў снежні 1529 г. удавой Марыяй Касцевіч. Гэты касцёл служыў вернікам больш, чым 200 гадоў. Аднак быў зруйнаваны ў 1753 г.

У 1756 г. на месцы знішчанага касцёла быў пабудаваны новы ксендзам Юзафам Кучэўскім, нацкім прабошчам. Новы касцёл меў даўжыню тую ж, што і папярэдні - 33 метры, шырыню - 18 метраў. Невядома, калі ён быў пасвенчаны. Касцёл быў закладзены пад назвай Святога Зачацця Прасвятой Дзевы Марыі. Быў пакрыты і ашаляваны дошкай. Хор простай работы. Дзверы знаходзіліся на фасадзе касцёла, падвойныя, з жалезнай клямкай, на завесах. Другія - з бабінца да касцёла, таксама падвойныя, без замка, трэція - уваходныя з касцёла ў правую захрыстыю, з замком, сталярскай работы, з ўнутранай акоўкай. У гэтай захрыстыі знаходзілася шафа, прызначаная для захавання касцельнага абсталявання; чацвёртыя вядуць ад старой да новай захрыстыі, таксама сталярскай работы, з акоўкай, без замка, з клямкай. Пятыя вядуць з захрыстыі на могілкі; на завесах, з клямкай і жалезнай засаўкай. У гэтай захрыстыі знаходзіліся шафы з шасцю шуфлядамі, з якіх 4 меншыя прызначаны для захавання касцельнай бялізны і рызаў. Таксама знаходзілася там старая шафа, у якой захоўваліся касцельныя кнігі. Шостыя дзверы вялі з касцёла ў левую захрыстыю. Гэтыя дзверы таксама былі сталярскай работы на жалезных завесах і з жалезнай засаўкай. У апошнім нефе новай захрыстыі быў змешчаны алтар св. Вінцэнта Пауло. У гэтым нефе была змешчана новая камода з 5 шуфлядамі для складу літургічных пергаментаў. У захрыстыі стаяла таксама печ, выкананая з кафлі. У абоіх новых захрыстыях усе вокны былі забяспечаны аканіцамі на завесах з жалезнымі засаўкамі. Першая новая захрыстыя была дабудавана ў 1851г., другая - у 1856 г., калі прабошчам у Начы быў ксёндз Ежы Готаўт. Увесь гмах касцёла абапіраўся на вялікія камяні, пакладзеныя на спосаб бруку, на даху над хорамі была зроблена невялікая вежачка, над прэзбітэрыюмам была павешана сігнатурка, у якую званілі пад час Паднясення ў час св. імшы. Касцёл меў 3 алтары. Алтар вялікі, маляваны. У цэнтры гэтага алтара знаходзіўся абраз Прасвятой Дзевы Марыі Святога Зачацця, аздоблены срэбным убраннем. З аднаго боку знаходзіўся алтар св. Ганны, з другога боку алтар Пана Езуса Укрыжаванага. Усе алтары былі аздоблены ліхтарамі. У прэзбітэрыюме былі павешаны два абразы: з аднаго боку - абраз св. Сымона Апостала, з другога - абраз св. Барбары.

У 1872 г. у касцёле быў праведзены рамонт. Галоўны алтар быў перанесены з Дубіцкага філіяльнага касцёла, які быў закрыты ў 1869 г. Алтар быў сталярскай работы, пафарбаваны на белы колер, аздоблены пазалочанай разьбой, меў чатыры фігуры, пакрытыя срэбрам, двухпавярховы. На першым паверсе была змешчана цудоўная фігура Езуса з Назарэта, якая перад гэтым была ў Дубіцкім касцёле. На другім паверсе быў змешчаны абраз Святога зачацця. Гэты абраз быў у пазалочаных рамках у срэбнай абалонцы. Унутры касцёл быў пабелены, на ўзроўні 2 метраў сцены былі пафарбаваны ў бронзавы колер.

У касцёле кожную нядзелю і ў святы расклад набажэнстваў адбываўся ў такім парадку: першая св. імша была ў 7 гадзін раніцы, перад якой людзі спявалі "Гадзінкі" пад кіраўніцтвам арганіста. Пасля св. імшы вернікі маліліся на Ружанцы, спявалі рэлігійныя песні. У 10 г. ксёндз спраўляў св. імшу "ціхую". У 11 г. спраўлялася "сума". У канцы св. імшы была працэсія вакол касцёла ў кожную першую нядзелю месяца і на парафіяльныя святы. Пасля евангеліі ксёндз-пробашч аглашаў казанне для людзей на зразумелай мове, г. зн. на польскай і літоўскай. Пасля святой імшы спявалі суплікацыі, пасля якіх верныя маліліся за імператара і ўвесь яго дом, і гэтым заканчвалася набажэнства. Кожную нядзелю святая імша спраўлялася за жывых і памерлых парафіян, а таксама за фундатараў касцёла. Далей прыводзіцца апісанне касцёла, пабудаванага ў 1756 годзе ад 20 верасня 1892 года № 7992 паводле цыркулярнага прадпісання Віленскай Рымска-каталіцкай Духоўнай кансісторыі для Варшаўскай страхавой камісіі ад агню.

Паводле дадзенага цыркуляра, складзенага 20 верасня 1892 года, Нацкі драўляны касцёл уяўляў сабой комплекс збудаванняў, куды ўваходзілі:

1. Нацкі прыходскі Рымска-каталіцкі касцёл, драўляны, трывалы, пабудаваны ў 1756 годзе з сасновага дрэва на каменным фундаменце, крыты гонтаю, у даўжыню 42 (29,8704 м), у шырыню 16 (11,3792 м) і ў вышыню 9,5 аршынаў (6,7564 м) з дзвюмя рызніцамі, крытымі таксама гонтаю, на каменным фундаменце ў даўжыню і шырыню па 9 аршынаў (6,4008 м) і вышыню 4 аршыны (2,8448 м). Ацэньваецца ў 5000 рублёў (кошт па цэнах 1892 года і далей).

2. Званіца з 1832 года, трывалая, трэць скаладаецца з каменю, а частка драўляная. У вышыню складае 12 аршынаў (8,5344 м), а ў шырыню і даўжыню па 6 аршынаў (4,2672 м). Ацэньваецца ў 200 рублёў.

3. Памяшканне №1 для касцельнай прыслугі ад 1876 года. Драўлянае, трывалае, на каменным фундаменце, крытае гонтаю, у даўжыню 27 аршынаў (19,2024 м), у шырыню 9,5 (6,7564 м.), вышыню 4 аршыны (2,8448 м), складаецца з двух жылых памяшканняў. Ацэньваецца ў 200 рублёў.

4. Памяшканне №2 для касцельнай прыслугі ад 1884 года. Драўлянае, трывалае, на каменным фундаменце, крытае дошкамі, складаецца таксама з двух жылых памяшканняў у даўжыню 23 аршыны (16,3576 м), у шырыню 8 аршынаў (5,6896 м) і ў вышыню 4 аршыны (2,8448 м). Ацэньваецца ў 200 рублёў.

5. Жылы плябанны дом ад 1891 года, новы драўляны, пабудаваны з сасновага дрэва на каменным фундаменце, крыты гонтаю. У даўжыню 30 аршынаў (21,336 м), шырынёй 14 аршынаў (9,9568 м), вышынёй у 4,5 аршыны (3,2004 м). Ацэньваецца ў 2000 рублёў.

6. Жылы дом для размяшчэння прыслугі з 1862 года, драўляны, трывалы, на каменным фундаменце, крыты гонтаю, з нежылымі памяшканнямі, у даўжыню 24 аршыны (17,0688 м), у шырыню 11 аршынаў (7,8232 м), і вышыню 4 аршыны (2,8448 м). Ацэньваецца ў 300 рублёў.

7. Хлебны свіран з 1865 года, драўляны, трывалы, на каменным фундаменце, крыты гонтаю, з нежылымі памяшканнямі, у даўжыню 21 аршын (14,9352 м.), у шырыню 11 аршынаў (7,8232 м), і вышыню 5,5 аршына (3,9116 м). Ацэньваецца ў 300 рублёў.

8. Хлебная адрына з 1850 года, драўляная, старая, крытая саломаю, на каменным фундаменце. У даўжыню 48 аршынаў (34,1376 м), у шырыню 21 аршын (14,9352 м), і вышыню 4 аршыны (2,8448 м). Ацэньваецца ў 200 рублёў.

9. Прыбудова, у якой знаходзяцца стайня, адрына для скаціны пад адным саламяным дахам. Прыбудова з 1866 года, драўляная, трывалая, пакрытая саломаю, на каменным фундаменце, у даўжыню 92 аршыны (65,4304 м), у шырыню 21 аршын (14,9352 м) і вышыню 4 аршыны (2,8448 м). Ацэньваецца ў 400 рублёў.

10. Будынак для размяшчэння розных гаспадарчых прыпасаў і (або) прылад са стайні. З 1864 года, драўляны, крыты саломаю, на каменным фундаменце, трывалы. У даўжыню 29 аршынаў (20,6248 м), у шырыню 9,5 аршына (6,7564 м),) і вышыню 3 аршыны (2,1336 м). Ацэньваецца ў 200 рублёў.

11. Лазня з 1877 года, драўляная, трывалая, на каменным фундаменце, пакрытая дошкамі. У даўжыню 18 аршынаў (12,8016 м), у шырыню 9 аршынаў (6,4008 м) і вышыню 3 аршыны (2,1336 м). Ацэньваецца ў 100 рублёў.

12. Паселішча Нача ў Віленскай губерніі Лідскага павету.

13. Бліжэйшая паштовая станцыя - Эйшышкі, таго ж павету.

14. Нацкі касцёл і астатнія прыбудовы пабудаваны на ўскраіне сяла і не стыкуюцца з паселішчам.

15. Гарадская хата з драўлянага будаўнічага матэрыялу, менавіта сасновага, у даўжыню 9 аршынаў (6,4008 м.) і ад 6-7 аршынаў у шырыню (4,26-4,9 м.), капа бярвёнаў ацэнена ў 120 рублёў.

16. Ручны план пабудоў, з адлегласцю адной пабудовы ад другой, якія будуць страхавацца.

17. Агульная ацэнка касцёла і прылеглых пабудоў ацэньваецца ў 9100 рублёў.

Затым гэты касцёл быў перавезены на Літву, калі ў Начы быў пабудаваны новы касцёл, той стары касцёл служыў як капліца для вернікаў літоўскай парафіі.

Новы касцёл быў пабудаваны каля старога ў 1909 г. Будаваўся на сродкі парафіян. Будавалі яго 10 год. Будоўляй кіраваў толькі адзін майстар, таксама некалькі парафіян было пры ім, каб падаваць патрэбны для працы матэрыял. Аднак імя гэтага майстра невядома. Да працы пры будаўніцтве касцёла былі вызначаны вёскі на кожны дзень. Цэгла для будоўлі выраблялася пры касцёле на спецыяльна арганізаваным для гэтай мэты малым прадпрыемстве. Майстар, які закладаў цэглу, паводле векавечнай легенды да раствору дадаваў яйкі, якія павялічвалі трываласць раствору. На зіму сцены касцёла прыкрываліся саломай, каб не патрэскаліся ад вады і марозу. Калі сцены павялічыліся на значную вышыню, цэглу даносілі па прыступках зробленай для гэтай мэты эстакады.

Як было сказана вышэй, будаўніцтва касцёла скончылася ў 1910 г. Гаворачы аб унутраным выглядзе касцёла, трэба зазначыць, што вялікі алтар быў размешчаны ва ўсходнім кірунку, сцены касцёла былі добра атынкаваныя і пафарбаваныя. Вяртаючыся да прэзбітэрыюма, трэба заўважыць, што на сценах над алтаром маляр, імя якога, на жаль, не захавалася, намаляваў постаці чатырох евангелістаў.

Цяпер разгледзім касцёл адносна яго архітэктуры, аналізуючы найважнейшыя архітэктурныя элементы. Адразу ва ўступе трэба зазначыць, што касцёл быў пабудаваны з чырвонай цэглы, у неагатычным стылі з дзвюмя вежамі. Касцёл быў пакрыты цынкаванай бляхай. Вежы ўзносяцца на вышыню 33 м., заканчваюцца сяміметровымі крыжамі, якія бачны на даволі вялікай адлегласці. Гэтыя крыжы вельмі выдзяляюцца ў прыгожыя сонечныя дні, заклікаючы людзей да касцёла. Кожная вежа мае па чатыры невялікія акенцы, павернутыя ва ўсе бакі свету.

На франтальнай сцяне касцёла, якая злучае гэтыя дзве вежы, размешчаны акруглыя вокны, так званая "ружа". Гэтыя вокны маюць у сярэднім 2 з паловай метры, былі выкананы з каляровага шкла і ўтвараюць кветку. Увесь касцёл меў чырвоны дах з бляшанымі рынкамі. На месцы прэзбітэрыюма на даху пабудавалі сігнатурку, якая таксама была выканана ў гатычным стылі, як і вежы. Сама сігнатурка зроблена з цэглы і пакрыта цынкаванай бляхай. На сігнатурцы змешчаны звон, у які звоняць пад час паднясення. Касцёл звонку не атынкаваны. На фасадзе паміж дзвюмя вежамі была змешчана ў невялікай нішы, якая знаходзіцца на 3 м. над галоўным уваходам у касцёл, фігура Прасвятой Дзевы Марыі Бязгрэшнай натуральнай велічыні. Ганкі выкананы з цэменту, іх пяць. Найбольшы з іх знаходзіцца пры галоўным уваходзе, мае дзве прыступкі. Адзін з ганкаў знаходзіцца на паўднёвым баку касцёла недалёка ад галоўнага ўваходу. Два наступныя ганкі размешчаны ў цэнтры касцёла з паўднёвага і паўночнага бакоў. Кожны з іх мае, як і ганак пры галоўным уваходзе, дзве прыступкі. І апошні ганак, які вядзе ў захрыстыі, з паўночнага боку мае чатыры прыступкі, выкананы, як і папярэднія ганкі, з цэглы.

Акрамя ўжо ўпамянутага акна, якое знаходзіцца над галоўным уваходам, касцёл мае яшчэ 18 вокнаў. З кожнага боку па чатыры акны, кожная захрыстыя мае па тры акны на першым паверсе, і па тры на другім паверсе. Прэзбітэрыюм таксама мае два акны вялікія і адно круглае меншае ў цэнтры.

Калі гаварыць аб усіх дзвярах, якія вядуць унутр касцёла, то ўвайсці ў касцёл можна праз галоўны ўваход і праз захрыстыю. Уваходзячы ў касцёл, трэба звярнуць увагу на тое, што ўсе дзверы характарызуюцца многімі агульнымі элементамі. Пры тым усе дзверы, апрача галоўных, амаль ідэнтычныя адносна стылю і матэрыялу, з якога яны былі выкананы. А выкананы яны ўсе з дубу і маюць колер натуральнага дрэва і забяспечаны ўнутранымі замкамі. Уваходзячы праз галоўныя дзверы ў касцёл, трапляем у сенцы, тут знаходзіцца каменная кадзь са свянцонай вадой, а над ёй змешчаны Крыж з драўлянай фігурай Пана Езуса, крыху далей знаходзіцца дошка фэстаў, устаноўленая ў сцяне касцёла. З левага боку сенцаў ёсць уваход, які вядзе на хоры. Ідучы па прыступках, трапляем на хоры. На хорах прыцягваюць увагу арганы, яны былі выкананы з механічнай перадачай. У 1987 г. кс. Ян Пяцюн наладзіў з дапамогай электрыка электрычную перадачу. Уваходзячы з сенцаў унутр касцёла, адразу бачым, што касцёл мае тры нефы: галоўны і два бакавыя, раздзеленыя з кожнага боку чатырма філёрамі. У кожным бакавым нефе знаходзяцца па дзве спавядальніцы. У галоўным нефе змешчаны лаўкі. У правым нефе касцёла знаходзіцца грот Маці Божай з Лурдэс. У канцы бакавых нефаў знаходзяцца алтары. Алтары збудаваны ў раманскім стылі ў 1933 г. за кошт Элеоны Ізварцэвіч. У левым баку знаходзіцца алтар Прасвятой Дзевы Марыі, дзе змешчана фігура Маці Божай, якая была выканана амаль у натуральны рост. У верхняй частцы гэтага алтара змешчаны абраз св. Тарэсы. Алтар таксама мае табэрнакулюм. З аднаго і другога боку алтара пастаўлены невялікія фігуры св. Антонія і св. Юзафа. У правым баку касцёла алтар Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса, на гэтым алтары знаходзіцца абраз "Сэрца Пана Езуса". У верхняй частцы алтара ўсталяваны абраз св. Яна Хрысціцеля. Алтар таксама мае табэрнакулюм. На сценах бакавых нефаў размешчаны стацыі крыжовага шляху. Касцёл аддзелены ад прэзбітэрыюма балюстрадай. Падлога ў прэзбітэрыюме выкладзена паркетам у 1990 г. пры кс. Яну Пяцюну. У прэзбітэрыюме знаходзіцца алтар, на якім спраўляецца святая імша. Каля алтара ў левым баку знаходзіцца драўляная купель. На ўзвышэнні, якое мае дзве прыступкі, знаходзіцца галоўны алтар у гатычным стылі. За алтаром ёсць праход, дзе вернікі пад час свята моляцца, абыходзячы на каленах вакол алтара. У верхняй частцы галоўнага алтара ёсць абраз Прасвятой Дзевы Марыі Святога Зачацця, які застаўся са старога касцёла. Крыху ніжэй змешчана фігура Пана Езуса ў рост чалавека, у белым убранні. Гэтая фігура засланяецца абразам св. Юрыя Пакутніка. Гэтая фігура Пана Езуса была ўстаноўлена 29 чэрвеня 1915 г. пад час урачыстасці св. Апастолаў Пятра і Паўла. Па просьбе нацкіх парафіян і пробашча кс. Яна Кузьмінскага, рэктара Віленскай Духоўнай семінарыі, ксяндза К. Любянца была замоўлена гэта фігура ў горадзе Вільні і зроблена пад кіраўніцтвам архітэктара-мастака Антона Вівульскага, які вядомы сваім мастацкім выкананнем помніка "Грунвальд" у Кракаве.

Пад кіраўніцтвам таго ж кс. Караля фігура была пакладзена ў драўляную скрыню і прывезена па чыгуначнай каляі на станцыю Беняконі (далей везлі на конях). Прывёз яе ў Начу Пётр Тамулевіч з вёскі Кавалькі. І была яна ўнесена 28 чэрвеня раніцай у прысутнасці ксендза-пробашча Кузьмінскага і яго вікарыя Зінкевіча, а таксама ў прысутнасці нацкіх парафіян. 29 чэрвеня у прысутнасці высланага кіраўніком Віленскай Архідыяцэзіі пратэнатарыя Апостальскага ксендза Міхалкевіча, ксендза К. Любянца, а таксама пробашча Кузьмінскага, вікарыя ксендза А. Зянкевіча, радуньскага пробашча ксендза В. Каханскага і яго вікарыя ксендза П. Кручоўскага, дубіцкага пробашча ксендза Паўлоўскага, руднянскага ксендза-пробашча С. Місевіча, эйшышскага ксендза Малішэўскага, калясніцкага ксендза Мінцэвіча, а таксама ў прысутнасці нацкіх парафіян фігура была распячатана і вынята з драўлянай скрыні. Працэсійна і вельмі ўрачыста была занесена да вялікага алтара. Затым кс. Любянец прамовіў казанне для сабраўшыхся ў вялікай колькасці парафіян. Тым жа ксендзам гэта фігура была пасвенчана, затым працэсійна абышлі з гэтай фігурай навокал касцёла і затым устанавілі яе на вялікі алтар, дзе яна знаходзіцца па сённяшні дзень.

Крыху ніжэй гэтай фігуры змешчаны крыж над табэрнакулюмам, дзе захоўваецца Найсвяцейшае Цела Нашага Збаўцы. З аднаго і другога боку алтара, крыху ніжэй, чым фігура Пана Езуса, змешчаны фігуры святых Апосталаў Пятра і Паўла ў рост чалавека. У прэзбітэрыюме з аднаго і другога боку дзверы, якія вядуць у захрыстыі. Адразу ад алтара налева капланская захрыстыя, дзе захоўваюцца літургічныя ўбранні, касцельная бялізна, літургічны посуд. У процілеглай захрыстыі захоўваюцца рэчы, якія патрэбны для працэсіі. У гэтай захрыстыі ёсць выхад на двор. На касцельных могілках пахаваны ксёндз-пробашч Часлаў Дабулевіч, які памёр у лістападзе 1950 г. Касцельны пляц складае 1 га. Агароджаны ён каменным мурам, які зверху пакрыты цэментам. Могілкавая брама аркападобнай формы. Па правым баку ад брамы знаходзіцца магіла беларускага гісторыка, краязнаўцы і археолага Т. Нарбута. Пры касцёле на могілках знаходзіцца двухпавярховая званіца, у ёй два званы. Першы паверх змураваны з камення, а другі драўляны. Пры званіцы дабудавалі павець, якую выкарыстоўвалі як трупярню.

У парафіі чацвёра могілкаў, адны ў Начы і трое ў іншых вёсках парафіі.

Такі знешні і ўнутраны выгляд касцёла ў Начы.

Знойдзены таксама дакумент поўнай рэвізіі Нацкага касцёла ад 1925 года.

3. ДУХОЎНЫЯ ПАСТАРЫ І ІХ ДЗЕЙНАСЦЬ

У парафіі, як і ва ўсіх каталіцкіх касцёлах, пастары належна пасвілі сваіх авечак. Праўда, нямнога ёсць звесткаў аб духоўных пастарах і іх дзейнасці.

Існуе ўпамінанне пра ксендза, які пабудаваў касцёл у 1756 г. - ксёндз Юзаф Кунчэўскі . Аб астатніх жа ксяндзах, якія працавалі да 1901 г., ніякіх звесткаў не засталося. У часы працы Адама Сакалоўскага быў пабудаваны новы мураваны касцёл у 1909 г. Ксёндз А. Сакалоўскі працаваў у 1901-1909 гг. Нарадзіўся ў 1837 г., а ў 1861 г. атрымаў капланскае пасвячэнне. Яму ў дапамогу быў прысланы вікарый ксёндз Рох Геляжунас у 1902 г.

У 1909 г. абслугоўваў парафію ксёндз Ян Кандзевіч . Нарадзіўся ў 1877 г., атрымаў капланскае пасвячэнне ў 1903 г. Працаваў у Начы да 1912 г. Яму ў дапамогу быў прысланы 3 снежня 1909 года ксёндз Эдмунд Янкянец .

З 1912 г. апекуном парафіі стаў ксёндз Ян Кузьмінскі . Вікарыем быў Альфонс Зянкевіч . Гэты каплан меў вельмі вялікі маёнтак, больш як 50 га зямлі, многа сенажацяў, вялікі лес, сажалку недалёка ад плябаніі. Валодаў вялікай гаспадаркай. Дапамагалі яму ў гаспадарцы парабкі, а яго родны брат кіраваў гэтай гаспадаркай. Гаспадыняй была яго родная сястра. У парафіі быў такі выпадак: адзін мужчына служыў у літоўскай паліцыі, але быў сцяты шабляй польскага жаўнера, пакінуў дома двух сыноў-сіротаў, таму што маці іх памерла яшчэ раней. Ксёндз Кузьмінскі прыняў гэтых няшчасных дзяцей да сябе як дзяцей духоўных. Выхаваў з іх добрых людзей. Адзін стаў ксендзам, а другі адвакатам. Таксама выхоўваў дзвюх дзяўчынак, якія былі сіротамі.

Ксёндз Кузьмінскі вызначаўся вельмі жывой верай. Арганізаваў у парафіі "Гурток Ружанцовы". Да яго належалі жанчыны, мужчыны і моладзь. Заўсёды штомесяц кс. Кузьмінскі праводзіў з імі сходы і прамаўляў для іх канферэнцыі. Кожны месяц у вызначаны дзень наведваў хворых у парафіі, спавядаў іх, надзяляў іх Святым Сакрамантам. Ксёндз Кузьмінскі выконваў свае абавязкі належна і даваў добры прыклад людзям, як павінен паводзіць сябе кожны хрысціянін. Прысвячаў многа часу малітве ў касцёле. Заўсёды быў гатовы прыйсці на дапамогу кожнаму чалавеку. Апекаваўся над людзьмі беднымі і сіротамі. Стараўся, каб у парафіі не было бедных і не было злачынстваў. Ніхто аб ім ніколі не сказаў нічога дрэннага. Паважалі яго як асобу святую.

У 1928 г. яго адправілі ў парафію Даўгялішкі, што на Літве.

У 1928 г. у парафіі Нача працаваў духоўным пастарам ксёндз Казімір Шылэйка . Нарадзіўся ў 1886 г., атрымаў капланскае пасвячэнне ў 1909 г. Прыйшоўшы ў парафію, вельмі клапаціўся аб добрай арганізацыі парафіі. Асаблівымі клопатамі атачаў каплан моладзь. Для таго, каб моладзь парафіі мела месца для спатканняў, а таксама на танцы і інш, ксёндз прадаў 8 га зямлі і пабудаваў "Народны дом". Калі мясцовая ўлада запатрабавала, каб маладыя бралі шлюб толькі ў гмінах, кс. Шылэйка сказаў, што касцёл важней, чым дзяржава, таму шлюб таксама трэба браць у касцёле. Вельмі клапаціўся аб рэлігійным таварыстве ў парафіі. Не толькі апекаваўся над ужо існымі рэлігійнымі таварыствамі, але і ствараў новыя Ружанцовыя гурткі. Існавала таксама Таварыства св. Тарэсы ад Дзіцяткі Езуса, Трэці Закон Кармелітанскі. Клапаціўся таксама аб дзецях-сіротах, якія прыязджалі на канікулы. Дапамагаў таксама службоўцам касцёла: пабудаваў дом для арганіста і закрыстыяна. У 1935 г. быў адпраўлены ў парафію Свір.

На месца кс. Шылэйкі быў прысланы кс. Вяжбоўскі Стэфан Аляксандр. Нарадзіўся ён у 1879 г., атрымаў капланскае пасвячэнне ў 1903 г. У 1907 г. працаваў у парафіі Бутрымунцы Троцкага дэканату. У Нацкай парафіі яго дзейнасць прыпала на апошнія гады, у час якіх гэтая тэрыторыя знаходзілася ў складзе Польшы. Працягваў ён пастарскую апеку над рэлігійнымі таварыствамі, якія былі закладзены ў парафіі. Клапаціўся таксама аб ажыўленні рэлігійнага жыцця, працаваў з дзецьмі і моладдзю. Арганізоўваў прадстаўленні ў Народным доме на Божае Нараджэнне і на Вялікдзень.

У 1938 г. быў прысланы ў парафію кс. Эўзэбій Цёлкаўскі . Ен быў прызначаны вікарыем для нацкай парафіі. Нарадзіўся ў 1913 г., атрымаў капланскае пасвячэнне ў 1938 г. Прыбыўшы ў нацкую парафію, дапамагаў пробашчу ў дзейнасці пастарскай. Але прабыў у парафіі толькі год. 17 верасня савецкае войска ўступіла ў Польшу і пачало займаць тэрыторыю Заходняй Беларусі. У гэтай сітуацыі кс. Вяжбоўскі вырашыў уцякаць, т.ш. некалькі разоў публічна крытыкаваў савецкі лад і негатыўныя бакі краіны Саветаў. Ведаючы, што яго за гэта можа чакаць, уцёк у Польшу. Перад уцёкамі сказаў таксама вікарыю, што яго можа напаткаць, калі сюды прыйдуць саветы. Ксёндз вікарыя паслухаў, і яны разам выехалі з парафіі.

У 1940 г. быў прысланы ў парафію кс. Павел-Часлаў Дабулевіч . Нарадзіўся ў 1894, атрымаў капланскае пасвячэнне ў 1917 г. У 1934 г. працаваў у парафіі Сакаляны. У нацкай парафіі працаваў духоўным пастарам , калі ўжо амаль што год дзейнічала тут савецкая ўлада. Колькі прыкрасці зносіў ад мясцовых улад, якія стараліся ўскладніць яго дзейнасць пастарскую. Колькі разоў правяралі кнігі, якія ён меў, шукаючы антысавецкую літаратуру. Абцяжарвалі яго таксама празмернымі падаткамі, якія ён мог выплачваць толькі з дапамогай парафіян. Пагражалі таксама, што калі ён будзе аказваць супраціўленне або казаць што-небудзь на савецкую ўладу, то пойдзе "да белых мядзведзяў".Таксама ў часы ксендза Часлава пачынаецца нямецка-савецкая вайна. Калі нямецкае войска прыйшло на тэрыторыю нацкай парафіі, ксёндз пазбягаў залішніх кантактаў з нямецкімі ўладамі. Кіраваўся разважлівасцю пры кантактах з немцамі, як і з партызанамі. Некалькі разоў таксама звяртаўся да нямецкага каменданта і прасіў, каб немцы лагодна адносіліся да савецкіх палонных, якія працавалі на рамонце аэрадрома. Дзякуючы тым захадам у гэтай справе, аб якіх ведалі партызаны; пасля заканчэння вайны савецкія ўлады не абвінавачвалі ксяндза ў супрацоўніцтве з немцамі. Пасля вайны быў такі выпадак. Пад маркай хрышчэння пробашчу прынеслі немаўля і пакінулі яго. Калі пробашч звярнуўся ў сельсавет, яму сказалі: "Табе прынеслі - ты цяпер за яго і адказваеш". Ксёндз Часлаў знайшоў апякунку, каб выхаваць гэтае дзіця.

Увогуле ксёндз Дабулевіч быў руплівым духоўным пастарам, клапаціўся па магчымасці аб нармальным функцыянаванні парафіі. Памёр 9 лістапада 1950 г., пахаваны на могілках каля касцёла.

У 1956 г. у парафію прыехаў у якасці духоўнага пастара ксёндз Ян Вінажэндзіс . Нарадзіўся ў 1901 г., атрымаў капланскае пасвячэнне ў 1927 г. З 1937 г. працаваў пробашчам у парафіі Пеляса. У гэтай парафіі быў арыштаваны ў 1947 г. на падставе фальшывага даносу аб антысавецкай прапагандзе. За гэта быў асуджаны на 25 гадоў зняволення і быў сасланы ў Сібір. Пасля смерці Сталіна ў час амністыі вярнуўся ён у былую парафію Пеляса, але касцёл ужо быў знішчаны. З дазволу мясцовых уладаў прыехаў ў Начу ў якасці пробашча ў 1956 г. і працаваў у якасці духоўнага пастара. Аднак яго запал пастарскі зневажала мясцовая ўлада. Ксёндз стараўся рознымі спосабамі, па магчымасці пазбягаючы канфліктаў з мясцовымі ўладамі, несці пастарскую дапамогу. Быў кіраўніком для вернага люду. На кожны заклік да хворых спяшаўся з капланскай дапамогай, каб надзяліць Святым Сакрамантам. Улады забаранілі даваць шлюбы, хрысціць дзяцей і рыхтаваць дзяцей да Першай Камуніі Святой. Нягледзячы на гэту забарону, кс. Ян абмінаў гэтыя забароны, захоўваючы неабходныя таямніцы, надзяляў людзей гэтымі Сакрамантамі.

Пасля плённай працы аддаў Пану Богу жыццё сваё ў 1967 г. Быў пахаваны на парафіяльных могілках, таму што мясцовая ўлада не дазволіла хаваць на касцельных. У 1993 г. была здзейснена эксгумацыя яго парэшткаў па просьбе яго гаспадыні, парэшткі былі перавезены ў Вільню і там перазахаваны.

Пасля смерці кс. Вінажэндзіса доўгі час парафія была без ксендза. Пасля шматлікіх просьбаў савецкія ўлады дазволілі абслугоўваць парафію ксендзу Аркадзію Вальтасу . Нарадзіўся 21 чэрвеня 1916 г. Сярэднюю школу скончыў у Непакалянове. Пайшоў у кляштар у 1933 г. У Львове скончыў філасофскую вучобу. Экзамен урачыста здаў 1 лістапада 1937 г. Пасля заканчэння тэалагічнай вучобы ў Кракаве 16 ліпеня 1939 г. атрымаў капланскае пасвячэнне.

Яшчэ перад выбухам вайны па ўказанні начальнікаў падаецца ў Гародню, у парафію Маці Божай Анёльскай. Кляштар Айцоў Францішканаў, які знаходзіўся пры касцёле, быў забраны пад вайсковы шпіталь. Кс. Аркадзій павінен быў пакінуць кляштар і пасяліўся ў бедным доміку недалёка ад кляштара. Праца ў такіх умовах была нялёгкай. Праз пэўны час кс. Аркадзій не мог выконваць афіцыяльныя функцыі. Аднак ён не перастаў працаваць на карысць вернікаў. Пасля атрымання дазволу ад улад абслугоўвае не толькі вернікаў, якія належаць да яго парафіі, але і даволі часта падаецца з дапамогай пастарскай па-за Гародню.

А таксама пераадольваў вялікую адлегласць, амаль што 100 км, да Начы, каб прапаведваць верным Навуку Хрыстуса. Прыязджаў раз у месяц амаль што два гады ў 1974-1975 гг.

17 снежня 1975 г. Бог прызваў ксендза Аркадзія да сваёй вечнай хвалы.

Парафія Нача засталася без духоўнага пастара на 5 гадоў. У 1980 г. савецкія ўлады дазволілі прыязджаць ксендзу Антонію Банкоўскаму , які працаваў пробашчам парафіі Асава. Ксёндз Антоні ў 1936 г. атрымаў капланскае пасвячэнне. Працаваў пробашчам у Крамяніцы. У 1947 г. быў арыштаваны і асуджаны на 25 гадоў зняволення. Спачатку быў адасланы ў Варкуту, а пазней у Марыянск. У 1957 г. была абвешчана амністыя і пасля 10 гадоў зняволення ксёндз Антоні быў вызвалены. Калі вярнуўся ў парафію, дзе працаваў, улады не дазволілі яму выконваць капланскія функцыі. Яму было дазволена абслугоўваць парафію Асава. У 1980 г. ксендзу было дазволена абслугоўваць тры парафіі: Забалаць, Нача, Асава. Абслугоўваў парафію Нача да 1985 г. Пасля зняволення пагоршыўся стан яго здароўя. Але нягледзячы на гэта, доўга выконваў капланскія функцыі.

Ксёндз Антоні Банкоўскі памёр 24 верасня 1996 г. і быў пахаваны на касцельных могілках у Асаве.

У 1986 г. духоўным пастарам стаў ксёндз Ян Пяцюн . Нарадзіўся ў 1952 г. Ен быў выхаванцам ксендза Банкоўскага, прыслугоўваў пры алтары, іграў на арганах, працуючы разам шафёрам у райкаме ВЛКСМ. Маладым хлопцам адчуў прызванне да капланства. Ніхто не ведаў, што ён хоча стаць ксендзам, акрамя яго маці і ксендза. У семінарыю было цяжка паступіць. Ксёндз Ян чакаў 5 гадоў, каб улады дазволілі паступіць. Калі яго супрацоўнікі даведаліся, што ён паступае ў семінарыю, былі вельмі ўражаны, што ў іх арганізацыі знайшоўся такі, які хоча прапаведваць навуку Хрыстуса, якую яны "категорически запрещали". Рознымі спосабамі яго ад гэтага адгаворвалі. Але ксёндз Ян, не слухаючы сваіх начальнікаў і калегаў, у 1980 г. паступіў у семінарыю, атрымаў капланскае пасвячэнне ў 1985 г. ад ксендза Віскупа Нюкшы. Год працаваў у Латвіі ў парафіі Даўгапілс. Затым быў прызначаны на тры парафіі ў Беларусі: Новы Двор, Забалаць, Нача.

Прыязджаў у Начу кожную нядзелю і на ўрачыстасць. Святую імшу адпраўляў у 10 гадзін. Пачынаў працаваць, калі яшчэ доўжыліся пераследаванні. Не раз яго выклікалі ў сельсавет за тое, што ў касцёл ходзяць дзеці і моладзь. За гэта нават улады накладалі на яго штраф. Верачы ў магутнасць Бога і чакаючы лепшых часоў, ксёндз пробашч далей выконваў свае капланскія функцыі. Штогод пад час канікул у школе праводзіў для дзяцей катэхэзы перад першай камуніяй святой. Запрашаў сёстраў законных з Польшчы для таго, каб яны вучылі дзяцей. Прыняў на працу людзей для рамонту касцёла. Пад яго кіраўніцтвам быў адрамантаваны дах, выкладзены паркет, ачышчаны могілкі. Ксёндз Ян і далей выконваў капланскія функцыі ў парафіі Нача. Сярод людзей паважаны як чалавек пабожны. Заўсёды быў гатовы дапамагчы чалавеку, які мае ў гэтым патрэбу. З запалам прапаведаваў слова Божае і ўчыняў Найсвяцейшую Ахвяру.

Надалей пастарскія абавязкі спраўляў ксёндз Алег Дуль . Ен нарадзіўся 19.08.1973 года ў вёсцы Падгалішкі Шчучынскага раёна. Скончыў Забалацкую школу і ў 1991 годзе паступіў у Гарадзенскую духоўную семінарыю, якую скончыў у 1997 годзе. У 1999 годзе атрымаў капланскае пасвячэнне ад гарадзенскага біскупа Аляксандра Кашкевіча. 2 ліпеня 2000 года ксёндз Алег прыбыў у парафію Нача, дзе прабыў да чэрвеня 2007 года. Нацкая парафія нарэшце атрымала свайго асабістага ксендза. За гэты час было зроблена вельмі шмат: пабудавана новая плябанія, адрамантаваны дах касцёла і могілкі пры касцёле, пры дапамозе Вількеля Анатолія збудавана капліца ў вёсцы Салтанішкі, зроблены галоўны алтар у вёсцы Доцішкі і інш. Ксёндз Алег Дуль садзейнічаў духоўнаму развіццю моладзі. Пры ім былі наладжаны суботнія спатканні моладзі, выезды моладзі на "Дні моладзі", паходы ў пілігрымку, экскурсіі ў Гародню.

Сёння духоўным настаўнікаў нацкіх парафіян з'яўляецца ксёндз Аляксандар Адамовіч . Нарадзіўся 21.06.1980 у вёсцы Казляны, Забалацкай парафіі. Скончыў Забалацкую школу і ў 1997 годзе паступіў у духоўную семінарыю, якую скончыў у 2003 годзе. У 2004 годзе 13 лістапада атрымаў капланскае пасвячэнне ад гарадзенскага біскупа Александра Кашкевіча. У нацкую парафію прыбыў 06.06.2007 г., дзе і цяпер з'яўляецца ксендзам. Ксёндз Аляксандар хоча пажадаць нацкім парафіянам і ўвогуле ўсім верным людзям ўмацавання веры ў сэрцах людзей, шанавання сваёй святыні, свайго храма духоўнага, зычыць усім Божага дабраславенства, дабраславенства маці Божай і жадае веры, надзеі і любові ў іх сем'ях.

Заключэнне

Здавалася б, чым можа ўразіць адзін са шматлікіх касцёлаў на тэрыторыі краіны? Ну хіба што толькі архітэктурай. Архітэктура касцёла цікавая. Аднак Нацкі касцёл багаты на гісторыю.За 480-гадовае існаванне шмат таленавітых святароў было у Начы. Яны адыгрывалі галоўную ролю ў справе фармавання духоўнасці сярод парафіян Нацкага касцёла. Святары, як маглі, выконвалі гэтую ролю. Вельмі часта ксяндзы сустракаліся з перашкодамі настаўлення парафіян на шлях добрасумлення, ісціны, спагадлівасці, але не з боку саміх парафіян, а з боку ўлад. Так было ў царскай Расіі, у гады Вялікай Айчыннай вайны і асабліва ў гады існавання Савецкай улады. Але дзейнасць святароў Нацкага касцёла заўсёды была накіравана не толькі на паляпшэнне маральнага стану мясцовага насельніцтва, але і на арганізацыю іх вольнага часу (ксёндз Казімір Шылэйка, які пабудаваў "Народны дом"). Яны стваралі гурткі (ксёндз Кузьмінскі, які арганізаваў "Ружанцовы гурток "), выхаванне дзяцей-сірот (ксёндз Ян Кузьмінскі, кс. Павел-Часлаў Дабулевіч). Цяпер іх працу працягвалі і працягваюць ксяндзы Ян Пяцюн, Алег Дуль, Аляксандр Адамовіч.

Гісторыя Нацкага касцёла і парафіі была ў большай ступені трагічнай, як і гісторыя астатніх касцёлаў. У першую чаргу, гэта гісторыя трагічная з-за нямецка-фашысцкай акупацыі, калі на тэрыторыі касцёла фашысты арганізавалі трупярню з ваеннапалонных, не зважаючы на пратэсты кс. Паўла-Часлава Дабулевіча. Па-другое, гэта гісторыя існавання парафіі ў гады Савецкай улады, калі святары абкладаліся непамернымі падаткамі, не дазвалялі праводзіць абрады або наогул не дазвалялі мець святара. І доўгі час Нацкая парафія абыходзілася без духоўнага пастара.

29 чэрвеня 2009 года касцёл адсвяткаваў свае юбілеі. Па падрыхтоўцы святыні да такой значнай падзеі намаганнямі жыхароў і адміністрацыяй было зроблена шмат, каб прывесці святыню ў годны стан. На свята з'ехалася шмат народу не толькі з ваколіцы, але, наогул, з краіны, было шмат гасцей з-за мяжы. А гэта гаворыць аб тым, што пярліна Начы не застаецца без увагі, яе гісторыю ведаюць, помняць і шануюць.

Аўтары даследвання

Мікялевіч Наталля нарадзілася 14 студзеня 1994 года, наччанка. У 2011 годзе скончыла школу з залатым медалём. У старэйшых класах з'яўлялася экскурсаводам школьнага музея імя Т. Нарбута. Зараз студэнтка БДЭУ.

Янкоўскі Антон нарадзіўся 29 сакавіка 1986 года ў вёсцы Енчы Воранаўскага раёна Гарадзенскай вобласці ў сям'і настаўнікаў. У 2003 годзе скончыў Нацкую сярэднюю школу Воранаўскага р-на Гарадзенскай вобл. У 2008 г. - Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў па спецыяльнасці "Рэжысура народных абрадаў і свят". Зараз працуе выкладчыкам тэатральных дысцыплін у Гарадзенскім дзяржаўным каледжы мастацтваў. Піша вершы, прозу, публіцыстыку. Друкаваўся ў дзяржаўных і абласных выдавецтвах. Аўтар зборнікаў вершаў "Анёл з васільковымі вачыма" (2010 г.) і "Белыя рамонкі" (2012 г.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX